Перайсці да зместу

Хлеб (1949)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хлеб
Драма
Аўтар: Ілья Гурскі
1949 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІЛЬЯ ГУРСКІ

ХЛЕБ


Дзяржаўнае Выдавецтва БССР

МІНСК 1949

ІЛЬЯ ГУРСКІ


ХЛЕБ

П’ЕСА Ў 3-х АКТАХ



ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БССР
Рэдакцыя мастацкай літаратуры
Мінск 1949

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

Бондар Кірыла Рыгоравіч, старшыня калгаса «Перамога», аграном па адукацыі.
Рыгорыха, маці Кірылы, калгасніца.
Анішчук Андрэй Пятровіч, намеснік старшыні калгаса.
Загароўская Аксеня Змітраўна, маладая дзяўчына, настаўніца.
Несцяровіч Раман Мікалаевіч, сакратар райкома партыі.
Ярашэвіч Віктар Сымонавіч, дырэктар МТС.
Вясніна Настася Піліпаўна, палявод.
Рымша Гальяш Макаравіч, млынар.
Гайдук Цярэнці Мітрафанавіч, конюх.
Касперскі Вінцэнт Казіміравіч, старшыня суседняга калгаса «Кастрычнік», стары селянін.
Лучыніна Вера Ігнатаўна, дзяўчына з суседняй вёскі, дачка апошняга аднаасобніка ў ваколіцы.
Дзянісава Глафіра Парфіраўна, калгасніца з Горкаўскай вобласці, маці забітага рускага салдата, пахаванага на зямлі калгаса «Перамога».

Калгаснікі, старыя і моладзь, музыкі.

Дзея адбываецца ў наш час.



Акт першы

[правіць]

АКТ ПЕРШЫ

Калгаснае ігрышча. Заліваецца гармонік, чуваць бубен, танцуе моладзь. Відаць панарама адбудаваных новых хат, парамі снуюць дзяўчаты і хлопцы, спяваюць. На адной з новых будынін бусел паспеў ужо звіць сабе гняздо. На скрыжаванні дарог, — у адзін бок ідзе стары Кацярынінскі шлях, абсаджаны бярэзінамі, яго перасякае гравійка, узвышаецца магіла-курган невядомаму салдату. Расце стромкая сасна. Пад сасною сядзіць Гайдук, ён пасе коней і ціха напявае «Распрагайце, хлопцы, коні». Да дарогі падышла Рыгорыха, высыпала прынесеную ў прыполе зямлю на магілу салдата.

Рыгорыха (углядаецца ў далечыню). Што там? Нібы трактары? Пэўна да нас? (Рада.) Ай, Ярашэвіч, от гэта чалавек! Паабяцаў прыслаць і прыслаў не гледзячы на тое, што сёння свята. (Падумала.) А калі вырабіць зямлю, дык будзе і хлеб. Дый коням будзе палёгка…

Гайдук (ён недачувае). Ага! І Будзённы клапоціцца пра каня. Бывала з ім… Любімай яго песняй была «Распрагайце, хлопцы, коні»… Дык чаму-ж мне ў свята не паспяваць.

Рыгорыха (голасна). Я кажу, трактары ідуць. Ярашэвіч прыслаў.

Гайдук (рады). Коням будзе палёгка. Ярашэвіч — сапраўдны чалавек. Сказаў — зрабіў. Так, зрабіў. Так, бывала, і Будзённы… У якіх толькі рэчках мы не паілі коней… (Падышоў Ярашэвіч, яго не заўважаюць.)

Рыгорыха. Ого, Ярашэвіч! Дбайны чалавек. Трактары ў яго заўсёды спраўныя.

Ярашэвіч (усміхнуўся). Хваліце, хваліце. Ад пахвальбы галава не баліць, а толькі кружыцца. (Прывітаўся.) А я старшыню калгаса не пахвалю: не бачу на полі торфу; заару лубін і ў дарогу. Так і перадайце, маці, Кірылу!

Рыгорыха (угаварвае). Што вы, Віктар Сымонавіч, такі-ж вы з ім у дружбе.

Гайдук. Ага, хіба коньмі паднімаеш гэты дзірван! А Бондар наважыў не толькі засеяць ўсю зямлю ў калгасе, але і дабіцца вышэйшага чым да вайны ўраджаю. Вось толькі Анішчук скоўвае яго путамі.

Ярашэвіч. Трэба быць гаспадаром свайго слова. Паглядзім, як Бондар выканае абяцанне, дадзенае таварышу Сталіну. (Пайшоў.)

Гайдук. Вось так некалі і Будзённы. Добра — пахваліць, а калі блага, дык не даецца нават гаварыць. Дружба-дружбай, а служба-службай. (Пайшоў.)

Рыгорыха (устрывожана). Што-ж цяпер рабіць? (Пад’язджае на веласіпедзе Бондар, угледзеўшы маці, ён хоча саскочыць, але не ўтрымлівае роўнавагі і ледзь не падае.) Сыночак, Кірыла, і на ліха табе гэта ламачына? Скалечышся!

Бондар. Нічога, маці. (Усміхнуўся.) Чалавек падае і зноў паднімаецца.

Рыгорыха (заклапочана). Такі-ж ты старшыня, запрог-бы каня і ездзіў, ніхто цябе за гэта не ўпікне.

Бондар. На веласіпедзе хутчэй. Дый клопату з ім менш. (Углядаецца.) Гудуць трактары. Добра, зямля плуга просіць.

Рыгорыха (паведамляе). Але Ярашэвіч сказаў, што чакаць, пакуль ты навозіш на поле торфу, — не будзе. А ты-ж яшчэ збіраўся іл з рэчкі даставаць.

Бондар. Так. Цяжка будзе. А ўсё-ж, управімся!

Рыгорыха. Калі ты паспееш? Заўсёды ты спяшаешся. Табе і дзень малы. Адпачыў-бы разам з іншымі, пагуляў, — цяпер твой час. Унь хлопцы з дзяўчатамі танцуюць.

Бондар. Пакуль ніяк не выпадае. (Пауза.) Супернікі ў нас моцныя. Англа-саксы хочуць завалодаць светам. А толькі мы смела глядзім у будучыню. Праўда на нашым баку. Нічога ў іх не выйдзе. (Задумённа.) Нам патрэбен хлеб, шмат хлеба, — сям’я у нас вялікая. (Падумаў.) Яшчэ пагуляю! Маё ўсё наперадзе.

Рыгорыха. Анішчук плёў, што ты зашмат жыта здаў дзяржаве.

Бондар. Што здаў, а частку прадаў ленінградцам. (Паглядзеў на маці.) І сабе будзе… Да таго ж грэчка… кукуруза… бульба…

Рыгорыха. Дык-жа ты і бульбу падкапаў… столькі кустоў патрывожыць…

Бондар. Нічога ў гэтым страшнага няма.

Рыгорыха. Зноў-жа грэчка? Калі яна вырасце? Не так даўно пасеялі.

Бондар. Да восені паспее. Гэта самая позняя культура. Сёлета ў два-тры разы павялічым ураджай грэчкі.

Рыгорыха (заклапочана). А ты і сапраўды лічыш, што табе налета ўдасца атрымаць па тысяча восемсот пудоў бульбы з гектара, па сто пяцьдзесят пудоў жыта і па дзвесце пудоў пшаніцы?

Бондар. Так.

Рыгорыха. І ты ў гэтым упэўнены?

Бондар. Абсалютна. Перад самай вайною, будучы на практыцы, я на вопытным полі зняў такі ўраджай. Налета, маці, мы займеем столькі хлеба, колькі трэба. (Марыць.) А нам неабходна мець хлеба як найболей, каб хутчэй вылезці з-пад саламяных стрэх.

Рыгорыха (свабадней уздыхнула). Што-ж ён тады вярзе?

Бондар. Хто? Рыгорыха. Твой намеснік, Анішчук, яму табе капае. (Паведамляе.) Казаў, што людзям сёлета на працадні грамы прыпадуць.

Бондар. Правільна.

Рыгорыха (напалохана). Як-жа гэта?

Бондар. А хіба ён не сказаў прычыны?

Рыгорыха. Нічога не гаварыў.

Бондар. Летась колькі ён недасеяў, — а дзяржаве трэба за ўсю зямлю здаць. Вось і давялося мне гэтай вясною ламаць галаву, даставаць і сеяць грэчку, кукурузу, а цяпер падкопваць бульбу.

Рыгорыха (сурова). Чаго-ж ён тады хоча?

Бондар. Ён хоча адпачыць. А тут ніяк не выпадае. Калі не паклапоцішся, дык і не будзеш мець. (Падумаў.) Яго погляд: «Цішэй едзеш, далей будзеш». Гэты погляд — стары. Мы цяпер не тыя людзі, што былі раней, мы навучыліся рабіць хутка і добра. (Паглядзеў на сялібу.) Каб гэта раней, дык патрэбна было-б дзесяткі год — вылезці з зямлянак, а мы ўжо колькі часу, як жывем пад стрэхамі. (Бліснуў вачыма.) Нам сорамна перад дзяржавай, унь бусел на новай будове ўжо звіў сабе гняздо, а мы ніяк не можам засеяць усю зямлю. Ніхто за нас гэтага не зробіць. (Рыгорыха хацела нешта сказаць, Бондар падняў руку.) Я ведаю, што гэта не лёгка, але гэта мажліва. (Падумаў.) А што да дзяўчат, дык на ўсё свой час. (Сталі біць у рэйку, спыніўся іграць гармонік, скончыліся танцы.)

Рыгорыха (напалохана). Што здарылася? У нядзелю звон? Пажар, ці што?

Бондар (паведамляе). Будзем вазіць угнаенне на поле.

Рыгорыха. Вой, а ў мяне ў сярэдзіне нібы што адарвалася. Няхай-бы моладзь пагуляла. Паспееш…

Бондар. Ярашэвіч можа павярнуць трактары назад. Ён, пэўна, ужо далажыў сакратару райкома, што ў нас няўпраўка. Калі датычыць справы, дык у яго няма ні свата, ні брата. Такі ён чалавек.

Рыгорыха. Так то яно так, але не трэба, сынок, насупраць народа ісці. Людзі не захацелі сёння ехаць на балота.

Бондар. Гэта Анішчук не захацеў, а не людзі.

Рыгорыха. Што гэта вы з Анішчуком так заеліся, а ў маленстве былі сябрамі.

Бондар. У маленстве — адно, а цяпер — другое. Ён любіць пускаць пыл у вочы. Да таго-ж гультуе…

Рыгорыха. Ён-жа, здаецца, стараецца. Вырасціць такое жыта!

Бондар. На трох гектарах можна вырасціць.

Рыгорыха. І на вайне ён, мусіць, усё-ж такі ваяваў, калі заслужыў столькі медаляў.

Бондар (шчыра). Нічога не скажу. Заслужыў. А толькі старой славаю не пражывеш. Але калі на тое пайшло, дык нашы людзі ад старога і да малога ваявалі, а як цяпер працуюць. (Падумаў.) Даўно вядома: «Калі чалавек не ідзе наперад, дык цягне назад». (Пауза.) Нам трэба Амерыку пакінуць ззаду…

Рыгорыха (прызналася). Калі слухаеш цябе, дык здаецца, што праўда на тваім баку, а калі пачне ён гаварыць, нібы яго праўда…

Бондар. Двух праўдаў не бывае.

Рыгорыха. У Амерыцы, кажа, тэхніка… багацце… куды нам да Амерыкі.

Бондар. Людзі — найдаражэйшы капітал. Сапраўдны чалавек — найвялікшае багацце. А ў нас мільёны сапраўдных людзей! (Сурова.) І мы Амерыку перагонім! (Задумённа.) Гэта не лёгка зрабіць, але гэта неабходна зрабіць, і мы гэта зробім!

Рыгорыха. Памірыцеся…

Бондар. Нічога, мусіць, не будзе. Далёка зайшлі спрэчкі. (Хутка падыходзіць Анішчук, чысты, паголены.) Анішчук. Ты што, Кірыла Рыгоравіч, надумаўся рабіць?

Бондар. Угнаенне на поле вазіць. Прышлі трактары, зааруць лубін, і пайшлі да суседзяў.

Анішчук. Трактары? Машыны не даюць табе супакою. Прывык на вайне тэхнікай варочаць. А коні будуць гуляць?

Бондар. Хопіць і коням работы. Пакуль навозім на такі палетак торфу, ілу… (Падумаў.) І аднаўляць гаспадарку мы будзем на новай, больш высокай аснове. Машыны будуць працаваць.

Анішчук. Будзе тое, што і з грэчкай.

Бондар. А што грэчка? — паглядзіш якая вырасце. (Падумаў.) А чаму ты не выканаў пастанову праўлення і навазіў угнаення толькі на пяць гектараў, калі трэба было навазіць на ўвесь палетак. Выходзіць, адмяніў пастанову?

Анішчук (хутка). Не, я не адмяняў.

Бондар. А сарваў.

Анішчук (хоча перавесці размову). Ты ўзяў трактары, а чым будзеш плаціць…

Бондар. Ты не выкручвайся. (Злосна.) На тры дні затрымаць!.. Ідзі зараз жа і збірай народ. Хутчэй!

Анішчук. Гэта-ж можа не твая эскадрылля — па трывозе паднімаць. Надакучыла мне каманда! Хочацца, каб мяне не падганялі…

Бондар. Не толькі падганяць будзем, а прымусім па-сапраўднаму працаваць. Іначай — на ўсе чатыры бакі…

Анішчук. Ого! Не кажы так страшна. Мяне не спалохаеш. Што, захацеў дастаць другую Залатую Звязду, за працу? Цераз сілу пнешся. Тут «таранам» не возьмеш!..

Бондар. Як? (Падаўся наперад.) Я ішоў на таран і зусім не думаў пра залатую Звязду. (Наступае.) А ты… толькі і клапоцішся пра сябе… пра сваю асабістую славу…

Рыгорыха (перагарадзіла дарогу). А, сыночак, не трэба…

Бондар (нібы апамятаваўся). А хіба, маці, ты яшчэ тут? Ідзі. Нам трэба з ім пагаварыць з вока на вока.

Рыгорыха (напалохана). Дай слова…

Бондар (усміхнуўся). Можаш быць спакойнай, біцца не будзем.

Рыгорыха (дабрадушна). Па адной дарозе ідуць і, як маладыя дзеці, адзін другому пад бок штурхеля.

Бондар. Каб хутчэй дайсці куды трэба. А толькі ты, маці, не крыўдзіся.

Рыгорыха. Разам ідзіце ў вялікую дарогу. Тады хутчэй дойдзеце. (Пайшла.)

Анішчук (вышаў наперад). Ну, дагаварвай.

Бондар. Чаго ты ездзіў у раён?

Анішчук. Выклікалі адносна твайго праекта пяцігадовага плана калгаса. Хацелі выслухаць мае меркаванні. Са мной, братка, лічацца. А яшчэ, артыкул трэба напісаць для газеты пра вопытнае поле. (Ідуць Несцяровіч з Загароўскай, селі на лаўцы, чуюць размову.)

Бондар. І што там гаварылі пра пяцігадовы план калгаса?

Анішчук. Розныя людзі і па-рознаму гаварылі. Адны казалі, што важна мець план, а другія, што пяцігодка калгаса пабудавана на пяску. (Адчуваецца іронія.) Жартачкі — муры паставіць! пад чарапіцай! Нашы бацькі і пад саламянымі стрэхамі елі хлеб.

Бондар (цвёрда). Не, гэта можна зрабіць. А як народ загарэўся, колькі каштоўных прапаноў! (Марыць.) Зусім другой стане вёска.

Анішчук. Ого! Ты ўмееш людзей падагрэць. (Усміхнуўся.) І, мусіць, такі не выстаіш, распачнеш у гэтым годзе будаўніцтва хаты-лабараторыі. Загароўская даб’ецца свайго, з характарам дзяўчына.

Бондар (многазначна паглядзеў на Анішчука). Нічога ў яе не выйдзе. Вопыты робяцца не ў хаце, а на полі.

Анішчук. А калі людзі настояць? Ты сам кажаш: з людзьмі трэба лічыцца.

Бондар. Але гэта не значыць плесціся ў хвасце. (Пауза.) Ну, а чаму ты маўчыш пра размову з сакратаром райкома?

Анішчук (прызнаўся). Не падабаецца мне гэта размова.

Бондар (усміхнуўся). Не па густу. Усё-ж, што ён сказаў?

Анішчук. Нешта мудруе. Збіраўся сюды прыехаць, каб разабрацца з планам калгаса.

Бондар. Гэта добра. (Пауза.) А артыкул напісаў?

Анішчук. Я даў матэрыял для настаўніцы, каб аформіла.

Бондар. Яна напіша, а ты падпішаш? Добры інтэрас!..

Анішчук. А што ў гэтым страшнага, у яе гэта гладчэй выходзіць.

Бондар. Самому трэба рабіць, адзін раз не вышла, другі раз паспрабуй. Я яшчэ не бачыў такога дзіцяці, якое-б адразу стала на ногі і пайшло.

Анішчук. То чаго ты ходзіш кругом і навокал, калі замахнуўся, дык сячы з пляча.

Бондар (падумаў). Скажу табе праўду. Ты толькі правільна мяне зразумей, усё гэта я раблю на тваю карысць. Ты з сваім вопытным полем зрабіў добрую справу. Але ты спыніўся на поўдарозе і не пайшоў далей. Ты не апраўдаў надзеі дзяржавы.

Анішчук. Як гэта?

Бондар. А так. Трэба было даўно перанесці твой вопыт на поле. Было ў цябе тры гектары, перайшоў на трыццаць, сто… А ты топчашся на месцы. За цябе пішуць артыкулы, выбіраюць ва ўсе прэзідыумы… ты і заспакоіўся… лічыш сябе перадавым чалавекам у калгасе…

Анішчук (задаволены). Такім мяне і ў раёне лічаць.

Бондар. Не ўсе. Некаторыя ўжо разабраліся. А на самай справе, ты адстаў, а ў чым прычына, трэба будзе разабрацца. Мала гэтага, што адстаў, ты становішся наўпоперак дарогі…

Анішчук (яму непрыемна слухаць). Уга! (Хітра.) А як табе падабаюцца Загароўскай вопыты? З дзецьмі вывесці такую пшаніцу?

Бондар. І яна, і ты, саматужнічаеце.

Анішчук. Зайздросціш!?

Бондар. Наадварот, жадаю вам дабра.

Анішчук. Ха-ха! Не бачу гэтага. (Падумаў.) А цяпер ты выслухай мяне. (Наступае.) Ты захацеў быць першым па раёну, аддаў амаль усё жыта, падкапаў столькі бульбы і прадаў Ленінграду. Фармальна ўсё ў парадку. А па сутнасці: людзей на грамы пасадзіў; сапсуў столькі бульбы. Добры гаспадар так не робіць.

Бондар. Што належыць дзяржаве — аддай ёй у першую чаргу. Дзяржава — гэта мы, народ. Калі я не паклапачуся, другі… Не забывай, што ў нас на полі грэчка, кукуруза, бульба.

Анішчук. Вельмі смела! Гэта ты мог сабою рызыкаваць, а другімі — не выйдзе!

Бондар. А чаму ты летась не засеяў усяго палетку, які быў прызначаны пад азімае? А нябось пра сябе паклапаціўся… адвёў сярод поля агародзік… Глядзі, з дарогі звернеш, у балота трапіш…

Анішчук. Колькі таго агародзіка, а столькі пра яго гамонкі… А што не засеяў палетку пад азімае, дык сам ведаеш — сілы бракавала.

Бондар. Калі правільна выкарыстаць тую сілу, якая ёсць, можна чорту рогі скруціць. (Пауза.) Вось поруч з намі калгас «Кастрычнік», я сёння аб’ехаў іх палеткі, гаварыў з старшынёю, ён сказаў, што не менш як па тры кілограмы возьмуць на працадзень.

Анішчук. Ты хацеў пагаварыць са мною з вока на вока, то я табе вось што скажу. Не хлеб цябе турбуе. Табе не падабаецца, што да мяне прымацавалі Аксеню Змітраўну Загароўскую, так? (Загароўская, якая ўвесь час размаўляла з Несцяровічам, насцеражылася.)

Бондар. А ты сам падумай, куды гэта годна, яна для цябе піша ўсе твае прамовы. Выходзіць, што ты, як папугай, паўтараеш чужыя думкі. А хіба ў цябе на карку няма свае галавы.

Анішчук (нервуецца). Не гэта цябе непакоіць.

Бондар. А што?

Анішчук. Ты да Аксені Змітраўны горнешся, а яна — бачком… (Загароўская, відаць, хвалюецца.)

Бондар. Усё ў цябе атрымоўваецца наадварот. (Загароўская аж падскочыла.)

Анішчук (насмешліва). А што, Аксеня Змітраўна на цябе заглядае, а ты ў другі бок адвярнуўся?..

Бондар. Ты сам да яе робіш залёты, а на другіх складаеш.

Анішчук (хітра). Выходзіць, што ты да яе роўнадушны?..

Бондар. Няма ў яе сталасці. Больш за ўсё хі-хі і ха-ха, ёй яшчэ ў лялькі гуляць.

Загароўская (не вытрымала). Ну і чысціць ён мяне… І, прызнацца, баліць…

Несцяровіч. А вы не прыслухоўвайцеся… Дык, значыць, план рэальны?

Анішчук. Лячыцца табе трэба.

Бондар. Дзякуй за клопаты.

Анішчук. Каб ты быў здаровым, дык не падкопваў-бы столькі бульбы, яна-ж не так даўно адцвіла.

Бондар. Ха-ха-ха! Вар’ятам мяне хочаш зрабіць?..

Анішчук. Шчыра табе кажу, друг, я такі сказаў у раёне, што ты хворы, і прасіў не перагружаць цябе працай.

Бондар. О-о-о! Далёкая прыстрэлка. Гэтага я нават ад цябе не чакаў. З гэтага ў цябе нічога не выйдзе. Як працаваў, так і буду я працаваць. На баку ляжаўшы, не паднімеш гаспадаркі…

Анішчук. А ці падумаў ты, колькі патрэбна людзей, часу і коней, каб навазіць на такі палетак торфу? Яшчэ і ілу з рэчкі? Я на праўленні не быў, сам ведаеш, выступаў на злёце перадавікоў сельскай гаспадаркі, а калі прыехаў і даведаўся пра пастанову, дык адразу пазваніў у раён, што сёлета нам гэтай справы не падняць. Я яшчэ прасіў дастаць табе пуцёўку на курорт.

Бондар. Дзякую за спагаду. А толькі будзем вазіць угнаенне на ўвесь палетак.

Анішчук. Гарачая пара — правалім уборачную.

Бондар. Нам суседзі дапамогуць. Я ўгаварыўся з старшынёю калгаса «Кастрычнік», яны хутка прыедуць.

Анішчук. І што ты ім абяцаў?

Бондар. Дапамагчы цагельню пабудаваць. (Задумённа.) Нам патрэбна будзе некалькі ўдакладніць наш план. Жыццё патрабуе гэтага. Трэба ў плане прадугледзець насаджэнне лесу… І адносна травасеяння неабходна падумаць… Акадэмік Вільямс праўду кажа. (Чытае.) «… Аднавіць пладародную структуру глебы немажліва ні апрацоўкай, ні ўнясеннем угнаенняў. Яе можна аднавіць толькі шляхам пасеву шматгадовых траў».

Анішчук. Растрасеш ты ўсю гаспадарку.

Бондар. Калі ты не растрос, дык за мяне не турбуйся. А табе, Анішчук, трэба ўзяцца за працу. Які да чорта з цябе перадавік сельскай гаспадаркі. Цябе радавыя калгаснікі перараслі. Я толькі дзіўлюся, як гэтага не бачаць у раёне і тыцкаюць цябе на ўсе нарады. Ствараецца ўражанне, што ты клапоцішся пра калгас, а на самай справе — тармозіш развіццё калгаса. Пры сустрэчы з сакратаром райкома, абавязкова раскажу яму пра гэта.

Анішчук. Ого! (Зласліва.) Ты высока лятаеш, але нізка сядзеш.

Бондар. Кажуць: «Народжаныя лятаць, поўзаць не могуць».

Анішчук. Пляснешся ў лужыну.

Бондар (усміхнуўся). Перадавік!.. Столькі поля пустуе…

Анішчук. Ты старшыня.

Бондар. Так. Але летась ты быў старшынёю і сёлета мне прыходзіцца расплачвацца, мякка кажучы, за тваё нядбальства.

Анішчук. Не вельмі ты вясною ірвануў.

Бондар. І я вінаваты. Уся справа ў арганізацыі працы.

Анішчук. Перадыхнем, набярэм разгон і скокнем…

Бондар. З табою не вельмі скокнеш, — цябе цягне ўбок. Сяліба ў яго расце і расце. Падобнай становіцца на хутар.

Анішчук (злосна). Што-о? Ну, ведаеш, гэта ўжо занадта!..

Бондар (прызнаўся). Хачу, каб ты адчуў, але ты… ты цвёрдаскуры… Трэба, мусіць, іншыя меры ўжываць…

Анішчук. Цікава, якія?

Бондар. Паставіць цябе на сваё месца. Трэба выгнаць з цябе дух уласніка…

Анішчук. Занадта ты рвешся наперад.

Бондар. А ты цягнешся ў абозе. (Загароўская з Несцяровічам усталі, ідуць.) Мяне толькі дзівіць, як гэтага не бачыць сакратар райкома.

Анішчук (ухапіўся за гэта). Што-ж, па-твойму і сакратар райкома ў хвасце? Дагаварвай!

Бондар. Сакратар райкома душа-чалавека, але ён жыве ад кампаніі да кампаніі, і не расце… Цякучка заядае…

Несцяровіч (пачухаў патыліцу, скрывіўся). Прызнацца, крытыкаваць лягчэй, чым выслухоўваць крытыку…

Загароўская (усміхнулася). А вы не прыслухоўвайцеся!..

Бондар. Я табе скажу: твае меркаванні, што аснова калгасніка — яго сяліба, а ўсё астатняе — дапаможнае, — антыдзяржаўныя. У цябе яшчэ жыве дух аднаасобніка.

Анішчук. Эт, пляце кашалі.

Бондар. Ты наровіш, каб узяць ад калгаса як найболей, а даць калгасу як найменш. (Падумаў.) Першае, што я зраблю, гэта пастаўлю на праўленні, каб з цябе знялі абавязак намесніка старшыні. Я памыліўся, калі прапанаваў цябе сваім памочнікам. З такім чалавекам мне не па дарозе. Маючы такі цяжар, чалавек не можа быць у кіраўніцтве калгасам. (Падыходзяць Загароўская і Несцяровіч.)

Загароўская. Кірыла Рыгоравіч! Анішчука з кіраўніцтва зняць? Ён-жа практыкуе. Ці не будзе гэта залішне жорстка?

Бондар. Можа, але правільна.

Несцяровіч (прывітаўся). І тое правільна, што я жыву ад кампаніі да кампаніі і не расту.

Бондар. На жаль, так.

Несцяровіч. А вы?

Анішчук. Даруйце, Раман Мікалаевіч, у яго няма ніякай далікатнасці… Што на розуме, тое і на языку… (Разглядае сшытак.)

Бондар. Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж, лянота думаць… аднаасобніцкія настроі…

Анішчук (перабіў). Ты ў нас гаспадар, столькі бульбы сапсуць.

Ярашэвіч (хутка падышоў, абурана). Таварыш Бондар! А як па-вашаму завуцца тыя людзі, якія даюць абяцанні і іх не выконваюць?

Бондар (відаць унутранае хваляванне). Балбатуны. А толькі я да іх, Віктар Сымонавіч, не належу. (Пакрыўджана.) І я не заслужыў таго, каб са мною на «вы» перайсці. (Падбягае ўсхваляваны Гайдук.)

Гайдук. Кірыла Рыгоравіч! Што-ж гэта робіцца? Зноў коней запрагаюць? Цэлае лета ў хамуце. Ушчэнт заганяем коней… Будзённы ніколі так не рабіў.

Бондар (голасна). Успомні, Цярэнці Мітрафанавіч, што было на Поўдні, калі гналі Дзенікіна цераз Данбас… Колькі дзён коні былі пад седламі?..

Гайдук (падкручвае вусы, важна). Тады была другая справа…

Бондар. А цяпер пасляваенная пяцігодка, трэба хутка аднавіць разбураную немцамі сельскую гаспадарку. Краіне патрэбен хлеб.

Гайдук (пераступае з нагі на нагу). Дый наш зямляк, генерал Вяршынін, піша (паказвае пісьмо) берагчы каня… (Важна.) А мы з Вяршыніным у дзяцінстве разам у гарадкі гулялі… Гэта генерал наш… (Падумаў.) Яшчэ конь спатрэбіцца!..

Бондар (прабег вачыма пісьмо, растлумачвае). А тое, што мы ўзялі трактары, хіба гэта не значыць, што мы клапоцімся пра каня?

Гайдук. А што будзем рабіць?

Бондар. Угнаенне на поле вазіць.

Гайдук (дабрадушна бубніць). Будных дзён яму мала… Хоць, будзем святкаваць тады, калі паставім гаспадарку на ногі…

Бондар. Правільна! Будзе і на нашай вуліцы свята…

Анішчук (да ўсіх). Бачылі, як ён дзейнічае! Нібы магнітам прыцягвае да сябе людзей… (Падумаў.) І людзям, і коням трэба перадыхнуць…

Гайдук (перамяніўся). Эх ты, дзеравеншчына!.. Дай каню добры харч і кладзі на воз як павезці… Конь воза не баіцца…

Анішчук (голасна). А людзі?

Гайдук. Людзі самі за сябе пастаяць. (Да Бондара.) Дакуль вы гэтага партуніста будзеце цярпець у праўленні? (Пайшоў.)

Несцяровіч. А як па-твойму, Кірыла Рыгоравіч, падкапаная бульба вырасце?

Бондар. Яшчэ якая! Гэта дарма, што яе патрывожылі, затое як акучылі…

Анішчук (скептычна). Наватары!? (3 гонарам.) Я ўжо колькі гадоў раблю вопыты з жытам, і ўсё не адважваюся вынесці на поле…

Бондар (махнуў рукой). І ты ніколі яго не вынесеш. Ва ўсякай справе патрэбна рызыка. А ў цябе ўсё: «Як-бы чаго не выйшла…».

Несцяровіч (да Бондара). А што будзе, калі ў цябе нічога не выйдзе?

Бондар. Галаву даю на адрэз.

Несцяровіч. Ну што-ж, паглядзім, жадаю табе поспеху.

Анішчук. А я неяк на нарадзе гаварыў з адным прафесарам, дык ён сказаў, што з гэтага, відаць, нічога не выйдзе… Дый клопатаў багата… (Асцярожна.) Ці варта рызыкаваць?

Несцяровіч (да Анішчука). А толькі вы можаце быць спакойнымі… вы папярэджвалі… (Да Бондара.) І артыкула няхай не пасылае ў газету, няма чым хваліцца.

Анішчук (збянтэжана). Раман Мікалаевіч! Гэта падрыў аўтарытэту.

Ярашэвіч. А вы самі яго падрываеце. Гаспадар у калгасе — паміж сходамі калгаснікаў — праўленне. А вы хацелі адзін заараць картоплю. Хіба-ж так можна!

Несцяровіч (да Ярашэвіча). І на абласную нараду, відаць, не варта яго пасылаць. Дарэмная трата часу і сродкаў.

Ярашэвіч. Правільна!

Несцяровіч (разважае). А калгас «Перамога» вялікі. Не шкодзіла-б, каб ад іх хто-небудзь паехаў, там шмат будзе карыснага. У нарадзе прымуць удзел акадэмікі, прафесары.

Бондар. Можна вылучыць палявода, Вясніну Настасю Піліпаўну. (Падумаў.) Вясніна, нават будучы ў партызанскім лагеры, праводзіла вопыты па вывядзенню розных сартоў бульбы. Людзі з аперацыі ідуць адпачываць, а яна на паляну, бульбу глядзець.

Несцяровіч. А хто ёй дапаможа прамову скласці?

Загароўская. Пэўна, Кірыла Рыгоравіч, ён Вясніну лепш за ўсіх ведае.

Бондар. Я магу. А толькі гэта не патрэбна, яна гаворыць, як рэпу сячэ.

Анішчук. Ого! Гамонка з яе вуснаў льецца, як з крыніцы вада. (Усміхнуўся.) Яна часам як разбушуецца, нібы вясновыя воды, тады ўсё ляціць, крышыцца, і ніяк не супыніш…

Бондар. А толькі Вясніна слоў на вецер не пускае.

Анішчук. Што праўда, то праўда; і ўпраўная каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць.

Ярашэвіч. Як высвятляецца, дык фактычна Вясніна з сваёю брыгадаю даглядала за вопытным полем, а Анішчук не сеяўшы жаў…

Бондар. Так.

Несцяровіч (да Бондара). А як будзе з жытам? Засееш поле? Галоўнае — хлеб. Сам пішаш у артыкуле: трэба вылезці з-пад саламяных стрэх; калі будзе ў дастатку хлеба, хутчэй гэта зробім. Хто мае хлеб, той гаспадар становішча.

Бондар. Слова, дадзенае таварышу Сталіну, выканаю.

Ярашэвіч. А ўгнаенне на поле навозіш? Я цярпець не магу тандэтнай работы.

Бондар. Усё будзе зроблена.

Ярашэвіч. Паглядзім! (Да Анішчука.) А твае мне штучкі не падабаюцца. Зломіш галаву! (Знікае.)

Бондар (да Анішчука). Ну? А што на гэта скажаш?

Анішчук. Дык-жа мы, здаецца, з табою ўдвух падлічвалі. (Зласліва.) Залішне хваціў недавучаны аграном… Хіба наша зямля, — гэта-ж пустэча, — можа даць такі ўраджай… Ніколі!..

Загароўская (да Несцяровіча). Тут і мне не верыцца. Не падумаўшы, Кірыла Рыгоравіч, назваў лічбу…

Анішчук (з выглядам знатака). І што было-б са мною згадзіцца… Я ўжо колькі год практыкую… (Важна.) Са мною раённыя аграномы раіліся… Дый кіраўніцтва раёна да гэтага часу не абыходзіла… А ён такую важную справу з Вясніною вырашае…

Загароўская (адчуваецца дакор). З Вясніною падружыў…

Бондар (да Несцяровіча). Раман Мікалаевіч! Перш чым даць слова таварышу Сталіну, я раіўся з людзьмі, і ў першую чаргу з Вясніною, — яна мяне падтрымала. У мяне ўсё дакладна распрацавана. Прачытайце тлумачальную запіску да пяцігадовага плана калгаса. Там ўсё прадугледжана: і апрацоўка поля, і ўгнаенне, і падкормка, і гатункі насення, і праполка… Шмат працы! І праца цяжкая… А толькі ў нас усё ёсць для таго, каб у будучым годзе атрымаць такі ўраджай. (Задуменна.) Засеяць не штука, але як засеяць…

Анішчук (ухапіўся, як тапелец за саломінку). Во, во!.. (Зласліва.) Чаму Вясніной не падтрымаць? Такі дзяцюк!..

Бондар (абурана). Я меркаваў, што ты толькі абленаваўся, адно-ж ты… (На момант запнуўся.) Ты, Анішчук, як наравісты конь, які ўсё верне убок і стрыжэ вушамі… Падумай добра, Андрэй Пятровіч…

Анішчук (загарэўся). Ого! Куды хваціў! Я можа не меншы патрыёт сваёй радзімы, чымся ты…

Бондар (спакойна). Патрыятызм праяўляецца не толькі ў тым, як ты гаворыш, а як ты робіш… Мала клясціся, што ты любіш радзіму, трэба гэта паказаць на справе… Вось Вясніна не крычыць аб патрыятызме, а больш за цябе робіць… (Паказвае на сшытак.) Аддай дзяўчыне яе працу і больш ніколі і нікога не прымушай, каб тое, што ты павінен сам рабіць, за цябе другія рабілі…

Анішчук (злосна). Чаго ты да мяне чэпішся? Што ты маеш?

Бондар. Хачу, каб ты стаў чалавекам, які дбае пра заўтрашняе.

Загароўская. Не вялікая асалода ляжачага біць.

Бондар. Не так лёгка яго паваліць. Старое — жывучае. Дрэва з дуплом скрыпіць, верхавіна сохне, а глядзіш — унізе пусціла зялёныя атожылкі.

Несцяровіч (падумаў). Вось што, Кірыла Рыгоравіч, усё-ж Загароўскай трэба дапамагчы… Я сёння бачыў яе пшаніцу… Аксеня Змітраўна з дзецьмі робіць вялікую справу… Неабходна будзе пабудаваць хату-лабараторыю… (Хітра.) Можа тады скончацца вашы спрэчкі…

Бондар. Хіба я адмовіў, але ўсё адразу не ухопіш. (Падыходзіць Вясніна.)

Вясніна. Добры дзень!

Несцяровіч (вітаючыся). А-а-а, таварыш Вясніна! Дзень добры! (Пауза.) То як па-вашаму, зніме Бондар запланаваны ў пяцігадовым плане калгаса ўраджай?

Вясніна (падумала, упэўнена). Зніме нават большы, калі працаваць з аганьком… (Да Анішчука.) А толькі ў нас ёсць людзі: ні рыба, ні мяса… А нябось лезуць з сваім носам: угнаенне адмяніў вазіць… хацеў бульбу заараць… (Да Бондара.) А ён апусціў рукі, я яго так-бы страсянула, ажно моташна было!.. (Да Несцяровіча.) Што вы на мяне так глядзіце?..

Несцяровіч. Любуюся вамі, падабаюцца мне людзі з такімі характарамі.

Загароўская. Яна ў нас упартая.

Вясніна (згадзілася). Упартая. (Да Бондара.) Мая брыгада ў зборы — пойдзем разбіваць торф. А толькі, колькі яго: няма разгарнення…

Несцяровіч. Вы нешта яшчэ хацелі сказаць?

Вясніна (узрушана). Хацела, але не ведаю, ці правільна мяне зразумееце.

Несцяровіч. Дык гаварыце.

Вясніна. Я жанчына простая і не ўмею крытыкаваць з выбачэннем.

Несцяровіч. Нічога.

Вясніна. Раман Мікалаевіч! У чым справа, чаму гэта ў нас так павялося, што з намі гавораць прадстаўнікі з раёна толькі тады, калі праводзіцца якая-небудзь кампанія. Так ад кампаніі да кампаніі і жывем, і рэдка бачым у сябе кіраўніцтва. Таму, мусіць, і раён наш на апошнім месцы. (Пауза.) А добра, Раман Мікалаевіч, што вы да нас заглянулі, калі не праводзіцца ніякай кампаніі, у гэтым бачу я, як кажа Бондар, пачатак канца нашага адставання… Няхай гэта будзе сказана ў добры час…

Анішчук (да Несцяровіча). А мне такія характары не падабаюцца. Я прайшоў усю Еўропу.

Вясніна (пачула). А ты, Анішчук, памаўчаў-бы, калі я гавару. Тое, што ты прайшоў амаль усю Еўропу — чэсць і слава табе, але калі ты носішся з Еўропай, як курыца з яйцом, то гэта мне зусім не да спадобы. Мы першыя пабудавалі соцыялізм і вызвалілі старую Еўропу ад гітлераўцаў… А ён — у Еўропе тое, у Еўропе гэта, а сам на бок: стаміўся, трэба адпачыць, зрабіць перадышку… Еўропа павінна браць з нас прыклад, а не мы з яе… Ці-ж я, якая толькі скончыла чатыры класы, павінна цябе вучыць… Добра, што пабыла амаль тры гады ў лесе, там прайшла другую школу… Камісар у нас быў… сапраўдны чалавек!.. Мы не толькі ваявалі, але і вучыліся. А за аднаго вучанага, дзесяць нявучаных даюць, дый то не бяруць.…

Загароўская. Села на свайго коніка, цяпер пойдзе смаліць.

Вясніна (да Загароўскай). З некаторага часу ты, паненка, раскісла… Калі пакахала каго, дык скажы пра гэта поўным голасам, — трэба жыць, а не гібець… Адным каханне — на карысць, а другія — вянуць… (3 дакорам.) Колькі таго лёну на вопытным участку, і той свірэпаю зарос… А дзеці сабак ганяюць… Зноў-жа з абсадкаю гравійкі дрэвамі, план правалены… З такою працаю не бачыць табе хаты-лабараторыі…

Загароўская (горача). Я сваю справу раблю і хопіць з мяне. Школа — на першым месцы ў раёне! (Пакрыўджана.) А што да вопытаў, дык я магу імі і не займацца, калі так цяжка калгаснікам для сваіх-жа дзяцей пабудаваць хату-лабараторыю… А адносна асабістага жыцця, дык гэта ўжо зусім не ваша справа! Ну і пакахала… (Адвярнулася.) А толькі…

Вясніна. Бачылі вы яе! Дык і я сваю справу раблю, мая брыгада не горшая за іншыя, але часам прыходзіцца і за другое брацца.

Анішчук. Вось дык характар! (Да Несцяровіча.) Не думаю, каб вам гэта спадабалася.

Несцяровіч. Яна праўду сказала. А праўда вочы коле. (Пауза.) Настася Піліпаўна! Я хацеў-бы вам прапанаваць паехаць на абласную нараду перадавікоў сельскай гаспадаркі. Як вы на гэта глядзіце?

Вясніна. Не паеду.

Несцяровіч. Чаму?

Вясніна. Як-жа гэта без мяне тут будуць? Столькі цяпер работы!

Бондар. Справімся.

Вясніна. Якая я перадавічка!? (Паказвае на Анішчука.) Трэба паслаць Андрэя Пятровіча, ён любіць ездзіць, хоць карысці ад яго ніякай. У адно вуха увайшло, а у другое вышла. (Усміхнулася.) Ён да таго прывык сядзець у прэзідыумах, што неяк на жаночым сходзе яго туды ніхто і не выбіраў, а ён падняўся на сцэну і сеў за чырвоным сталом. (Чуваць шамкі.) Што гэта? (Прыслухоўваецца.) Вяселле якое?..

Анішчук (зласліва). Ёй і ў сне сняцца вяселлі.

Вясніна. А што-ж, я не манашка, а звычайны чалавек. Люблю жыццё.

Анішчук. У Еўропе жанчыны не такія… Зойдзеш у кватэру: сарамлівыя кабеты — вочкі строяць… А ў нас прастата…

Вясніна (з гордасцю). Нашы жанчыны, калі трэба было, з вінтоўкай у руках абаранялі свабоду… А вочкі строіць — не такая вялікая навука… патрапім… абы было каму…

Анішчук (з дакорам). Не ведаў я, што ты такая шкодная…

Вясніна (усміхнулася). Кажаш, не выхаваная… Што-ж, мой бацька не меў хутара і не вёў культурнай гаспадаркі, якая ледзь-ледзь не дацягнула да кулацкай… Вось дзе сабака закапаны!.. (Пауза.) А я веру ў план Бондара, ён рэальны… (Да Бондара.) Так, здаецца, кажуць людзі навукі?

Бондар. Так.

Анішчук. Э-эх, Еўропа!.. Далікацтва якое ў абыходжанні… Выняў папяросу —— чыркаюць зажыгалку…

Вясніна. Затлуміла Еўропа табе галаву. Не ў далікацтве справа, а цябе вабяць хутары. Гэты самы капіталізм раз’ядае тваю душу…

Загароўская (падышла да Бондара). Кірыла! А ты ўсё злуеш? Хіба я для сябе клапачуся, — для дзяцей патрэбна хата-лабараторыя…

Бондар. Хату-лабараторыю пабудуем, а толькі не ў гэтым годзе… (Шамкі набліжаюцца.) Пакуль не выпадае… (Углядаецца, рады.) Едуць!

Вясніна. Хто-о?

Анішчук. Пэўна, радзіны якія. (Да Несцяровіча.) Ведаеце, што ён увёў. Распарадзіўся даваць на радзіны і вяселлі, а таксама для паездкі ў раён лепшых коней, і каб абавязкова чаплялі шамкі, і адзявалі выяздную збрую... з расквечанаю дугою... Трэба, кажа, каб калгас «Перамога» усюды грымеў… нялоўка, бачыце, пераможцам абы як ездзіць… А за ім цягнецца Касперскі, які не хоча ні ў чым адстаць… Так адзін другога і падганяюць… (Усміхнуўся.) Дзівацтва нейкае, дый годзе!..

Несцяровіч. Ніякага дзівацтва ў гэтым няма. У гэтым бачу я клопаты пра чалавека.

Бондар. Едуць суседзі на дапамогу. Унь барадач, Касперскі, на стаенніку. Дзе ён дастаў такія лейцы? Абганяюць нас… (Спяшаецца спаткаць.)

Касперскі (ідучы з Бондарам, працягвае гаварыць). …Як не дапамагчы суседу. Закінеш наперад, як знойдзеш. Сэрца маё старое радуецца, калі бачу людзей ў працы. (Да ўсіх.) Добры дзень!

Анішчук. Вінцэнт Казіміравіч пры медалю. (У Касперскага на грудзях партызанскі медаль.)

Касперскі. У поўнай баявой. Трэба падняць культуру гаспадаркі…

Анішчук. Вось у Еўропе культура…

Касперскі. Глупства, суседзе!

Анішчук (працягвае). І дамы пад чарапіцаю, і сады, і дарогі… ідзеш па асфальту…

Касперскі (перабіў). А чым благія нашы дарогі? Якія былі сады да вайны? Колькі з’явілася дамоў пад чарапіцаю! А цяпер мы пабудуем яшчэ прыгажэйшыя за іх муры, і завядзем лепшыя ў свеце сады, і дарогі абсадзім дрэвамі… (Пауза.) Ваяваць з германцам неабходна была культура, і рускія перамаглі, бо наша культура вышэйшая, і мы мацнейшыя духам… яшчэ і Еўропу давялося ратаваць ад фашысцкай заразы… (Падумаў.) У маладосці быў я за морам, ездзіў шчасця шукаць у хвалёную Амерыку, дык цяпер ведаю, па чым там фунт ліха… Пакуль працаваў, яшчэ туды-сюды было, перабіваўся з хлеба на квас, а як апынуўся на вуліцы, дык хоць ты кладзіся і памірай. (Да Бондара.) Як ты глядзіш? Ці правільна я сказаў?

Бондар. Правільна! Анішчуку асабліва падабаюцца загранічныя зажыгалкі.

Касперскі (задумённа). Доўга блукаў я па свеце і такі знайшоў шчасце — у калгасе. Цяпер я чалавек! Ніхто мною не панукае. Я не думаю пра чорны дзень. (Чуваць тупат коней, скрып колаў, недзе ляніва забрахаў сабака. Набліжаецца гамонка людзей, зайграў гармонік, заспявала моладзь.) То што, суседзе, давай работу…

Бондар (ажыўлена). Работы хопіць.

Несцяровіч (падумаў). Я папрашу цябе, Бондар, прыехаць на бюро райкома. Разгледзім пяцігадовы план калгаса, дый яшчэ ёсць пра што пагаварыць.

Бондар. Добра, прыеду. (Ідучы.) А пакуль, за працу. Нам патрэбен хлеб, больш хлеба. А будзе хлеб, будуць і камяніцы пад чарапіцаю. У паход за хлеб!

Заслона

Акт другі

[правіць]

АКТ ДРУГІ

Стары млын, на страсе якога парос зялёны мох. Цераз рэчку перакінуты мост. Па берагах рэчкі расце вярба, яе галіны нізка апускаюцца, і лісце ледзь не дастае вады. Завозна каля млына, стаяць калёсы з паднятымі ўверх аглоблямі, нагружаныя мяшкамі зерня. Рымша папраўляе кола млына, ён да таго захапіўся працай, што не звяртае ні на што ўвагі. Потым, кульгаючы, ідзе на мост і пускае ваду. Зашумела, загрукацела, пачаў працаваць млын. На гарызонце ўзвышаецца курган, які за гэты час павялічыўся, бо хто ні ідзе, ці хто ні едзе каля яго, сыпне жменю зямлі. Падыходзіць Касперскі, ён гаспадарлівым вокам аглядае млын. З-за рэчкі даносіцца дзявочы спеў.

Касперскі. Зусім стары млын.

Рымша. На чэсным слове трымаецца.

Касперскі. Кірыла Рыгоравіч сказаў, што ў пяцігадовым плане калгаса прадугледжана — пабудаваць новы млын. (3 захапленнем.) Дзіўны Бондар чалавек! Бондару ўжо ў калгасе цесна…

Рымша. Ого! Бондар — чалавек справы. Сапраўдны чалавек! Ён, як той дуб, глыбока пусціў карэнні ў зямлю, яму ніякая навальніца не страшна, ні перад кім не сагнецца, выстаіць. Моцны духам! Бачылі яго грэчку? А бульба якая парасла!

Касперскі. Галоўнае, Бондар прымушае думаць. З далёкіх вёсак прыязджаюць, каб паглядзець, што ў вас робіцца. (Падумаў.) Прызнацца, суседзе, можа гэта і не добра, але я Бондару зайздрошчу. А ў мяне з цагельняй не клеіцца. Не ўгнацца мне за ім, дзіва, такі разгон.

Рымша. Казаў, заўтра ўсім калгасам ідзе да вас на дапамогу. Трэба, гаворыць, мець пачуццё локця. Неабходна ўсім фронтам весці наступленне на стары свет!..

Касперскі. А хіба ён адсеяўся?

Рымша. Учора скончылі.

Касперскі. І ўсё засеяў?

Рымша. Ні лапіны не пакінуў. Трактарам узвярнуў увесь дзірван, што за вайну быльняком зарос. Дый на асушанае балота залез, засеяў тры гектары азімай пшаніцы, выведзенай Загароўскай з дзецьмі.

Касперскі. Значыць, будзе з хлебам. Цяпер ён пойдзе ірваць! Моцны чалавек!

Рымша. Напорысты! Ён мацней любога металу!.. Трэба ўмець: збіць сем самалётаў… (Задумённа.) А ў баю з восьмым… яго паласанулі… самалёт не дацягнуў да свайго аэрадрома, і ён апусціўся на партызанскай тэрыторыі… там яму вынялі два рабры… а на выгляд, — мяккі, дабрадушны… дзіцяці дарогу саступіць… Вось ён які тутэйшы чалавек!.. (Падыходзіць Лучыніна.)

Лучыніна (да Касперскага). Гэта вы, дзядзька, будзеце млынаром?

Касперскі (усміхнуўся). Чамусьці ўсе мяне прымаюць за млынара. (Паказвае на Рымшу.) Не, унь той кавалерчык!

Лучыніна (ціха). Ну і кавалерчык, з нагою, як качаргою.

Касперскі (злосна). Ты была-б шчаслівай, дзяўчына, каб займела такога мужа. Гэты чалавек дарма дня не згуляе! За такім мужам жонка будзе жыць, гора не ведаючы…

Лучыніна (скептычна). Не вялікае шчасце мець мужа калеку.

Касперскі (абурана). Горш за ўсё, калі душа ў каго скалечана. За цябе-ж чалавек змагаўся. (Зласліва.) А ў цябе, дзяўчо, «мушка» на твары адклеелася.

Лучыніна (лапнула рукою за шчаку). Ах! (Адвярнулася, прыціснула пальцам «мушку».)

Касперскі. Дый банцік ззаду развязаўся…

Лучыніна. Ай, дзядзька! Ну і вочы ў вас… (Хутка пайшла.)

Касперскі (усміхнуўся). Ну, чым не Еўропа!..

Лучыніна (да Рымшы). Тата пыталі, ці завозна ў млыне і калі можна будзе зрабіць панцаку?

Рымша (ён чуў размову Касперскага з дзяўчынай). Бачыш — завозна.

Лучыніна. Тата вельмі прасілі зрабіць крупы.

Рымша. А як жыве бацька, не думае ў калгас падавацца? Абгарадзіўся парканам вышэй чалавечага росту і мяркуе дажыць свой век.

Лучыніна. Не так дзьмуць ветры. За агародай крыху зацішней.

Рымша (да Лучынінай). Дзе ты, дзяўчына, так абцерлася?

Лучыніна. Я толькі прыехала з горада.

Рымша. І як там?

Лучыніна. Пыл, гарачыня. І ў вас тут пыл.

Рымша. Лёгкага хлеба шукаеш? Па бацьку пайшла, ён кажа: «Я чалавек несвядомы, люблю хутары».

Лучыніна (няёмка сябе адчувае). Дык калі тату сказаць, каб прыехалі?

Рымша. Паслязаўтра. Хоць лепей у чацвер. Ах, у вас крупы… дык у суботу, на тым тыдні.

Лучыніна. Жартуеце?

Рымша (ужо сур’ёзна). Няхай прыязджае ў пятніцу пад вечар.

Лучыніна. Дзякую! (Хацела ісці, падыходзіць Анішчук.)

Анішчук. А-а-а, Вера Ігнатаўна, куды так спяшаецеся?

Лучыніна (гулліва). Дахаты.

Анішчук (прывітаўся). Пагуляйце ў нас, увечары станцуем «Мазурку». (Ідуць на мост.)

Лучыніна. Ах, як мне падабаецца гэты танец, а толькі не магу застацца, увечары адна буду баяцца ісці дахаты.

Анішчук (паглядзеў, ці няма каго блізка). А я цябе правяду! (Знікаюць.)

Касперскі (да Рымшы). Хіцёр! Пры людзях Анішчук з ёю на «вы», а як адышоўся, дык адразу перайшоў на «ты».

Рымша. Ён, мусіць, толькі з ёю падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца…

Касперскі. А хіба ты яе ведаеш?

Рымша. А чаму не знаць?.. Гэтая самая «мушка» ў яе блудзіць, з шыі на твар, дзе Анішчук зажадае, там яна яе і пасадзіць… (Падыходзіць Вясніна.)

Вясніна (да Касперскага). Добры дзень! А ты, Гальяш, усё-ж пусціў млын. (3 замілаваннем глядзіць на яго.) А ці еў што?

Рымша (выцер спацелы лоб). Паверыш, забыўся, — не было калі пра гэта думаць.

Вясніна. Дык я табе прынесла перакусіць.

Рымша (перамяніўся, упіраецца). Што вы, Настася Піліпаўна, чым я вам аддзячу?

Вясніна. Вазьмі! Можа калі змелеш удаве без чаргі?..

Рымша (бярэ скрутак). Абы што было малоць. (Сілкуецца.)

Касперскі (з Вясніною адышліся, падміргнуў). Сардэчныя справы?

Вясніна (уздыхнула). Куды мне! Я, як маці, клапачуся. Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. У таго адна маці старая, а ў гэтага зусім нікога няма. У блакадзе загінулі. Абодва цалкам аддаюць сябе калгаснай справе.

Касперскі (усміхнуўся). Хітруха! Не так лёгка мяне, старога, правесці. Бачу, што да чаго. Сам некалі каля дзяўчат на кані гарцаваў. (Падумаў.) Гм… Нястача. А чаму не пазычыць у калгасе? Каб не было — іншая справа.

Вясніна. Што вы! Так яшчэ возьмуць, і то не ад кожнага. А з калгаса — нізашто!

Касперскі. Гэтакія людзі! А той які чалавек! (Падумаў.) Я неяк быў у Бондара, яны раіліся, каб купіць якое парасё, але, мусіць, грошай бракуе.

Вясніна. Адкуль у іх тыя грошы. Пакуль забудаваліся.

Касперскі. А што калі я падкіну ім свінчо. Возьмуць?

Вясніна. Не ведаю.

Касперскі. Ад суседа, што тут такога? Не дарма, разлічымся. Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было-б, каб хоць даць святло ў цагельню. Выгадна жыць каля рэчкі… а у нас гэтай гідры ніяк не паставіш каля той сажалкі…

Вясніна. Не толькі ў цагельню, а можа нават калгаснікам дадзім. Мы рабочым Кіраўскага завода ў Ленінград прадалі бульбы, то і яны ў даўгу не засталіся, — выслалі калгасную электрастанцыю.

Касперскі (падумаў). Будучы з рабочымі ў хаўрусе, селянін ніколі не прападзе. (Пауза.) Але, мусіць, электрастанцыя не такой ужо вялікай будзе?

Вясніна. Разлічана, хопіць і для нас, і для вас.

Касперскі. От гэта чалавек! Не дарэмна Бондар носіць партбілет у кішэні. А толькі аб сабе не клапоціцца… (У возе запішчэла.)

Вясніна. Што гэта?

Касперскі. Я прывёз ім парсючка. Свае гадоўлі. Ці прымуць?

Вясніна. Кірыла Рыгоравіч вас паважае, можа і згодзіцца ўзяць.

Касперскі. А што калі маці адвезці?

Вясніна. Што вы, без сына яна і да двара не падпусціць. Дзіўныя яны людзі! Усё лепшае ў чалавеку можна знайсці ў гэтай сям’і.

Касперскі. Дык парайце, як лепей зрабіць. (Нібы апраўдваецца.) Жонка прыстала — завязі…

Вясніна (падумала). А вы скажыце, што пазычаеце. (Пауза.) А добра вы тады нам дапамаглі, на ўсё поле навазілі ўгнаення.

Касперскі. А як? Не сапсулі бульбу?

Вясніна. Ого! Паглядзелі-б вы, якая парасла, увосені запросім на печаную бульбу. (Ухапілася за гэтую думку.) Раскладзем вялізны касцёр, напячэм сопкай бульбы і запросім з бліжэйшых калгасаў гасцей. Вось гэта будзе сапраўдная перадача вопыту! Хоць можна і сёння… Старшыня сельсовета званіў, што едзе камісія для праверкі… А што, каб пачаставаць цяпер той бульбай, якую Анішчук хацеў заараць… Бондар не будзе на мяне сварыцца, калі я для пробы выкапаю некалькі карчоў… (Ідуць пад ручку Анішчук з Лучынінай, калі ўгледзелі людзей, разышліся.)

Рымша (падыходзіць да Вясніной, аддае торбачку.) Дзякую, Настася Піліпаўна, падмацаваўся.

Анішчук (падыходзячы, да Вясніной, зласліва). Падкармліваеце? На два франты працуеце? Зайздросныя вочы! Здаецца, праглынула-б увесь свет…

Вясніна. Сам кідаецца ва ўсе бакі, — куды вецер, туды і ён…

Анішчук (пагардліва). А парсючка, Касперскі, можаш везці назад…

Касперскі. Чаму?

Анішчук (паведамляе). На райкоме, кажуць, Бондару добра наламалі бакі і знялі з старшыні.

Касперскі (здзіўлена). Не можа быць! Сакратар райкома разумны чалавек, няўжо не разабраўся.

Лучыніна. За што купіла, за тое і прадала… Прыехаў старшыня сельсовета з раёна, расказваў…

Вясніна (задумалася). А ён такі званіў з сельсовета, што павінна быць камісія…

Анішчук. Значыць, факт… (Да Касперскага.) І твой кабанчык не да рэчы…

Касперскі (заклапочана). Што-ж ён цяпер будзе рабіць?

Анішчук. Бондар не прападзе, паедзе ў горад, атрымае пасаду, ажэніцца і ціха будзе жыць… Спакой патрэбен чалавеку, адпачынак, перадышка… Ён доўга быў у горадзе, адарваўся ад вёскі, не ведае, чым народ жыве…

Вясніна. Ты ведаеш!?

Касперскі. Для такога чалавека, як Бондар, нічога не пашкадую, гатоў апошнім падзяліцца. Чалавек ён выключны!

Анішчук (зласліва). Выключны! Года не пабыў старшынёю, а ўжо возяць падарункі… А мяне дакараў, што я на полі агародчык зрабіў… (Пайшлі з Лучынінай.)

Касперскі (наўздагон). Шэльма! Ён усё гатоў збэсціць.

Вясніна. Гальяш Макаравіч! Родненькі! Ці ёсць у цябе дровы?

Рымша. А што?

Вясніна. Я выкапаю некалькі карчоў і спячэм бульбы… Для Кірылы Рыгоравіча будзе вялікая радасць… Хоць не прапала дарэмна праца.

Рымша. Для Бондара ўсё гатоў зрабіць. (Ідзе, сячэ корч, а Вясніна пайшла капаць бульбу.)

Касперскі (цяжка ўздыхнуў). Эх-ха-ха! (Сам сабе.) Не чакаў я такога павароту. Відаць, што людзі, падобныя Анішчуку, якія хочуць «спакойна жыць», шмат вылілі на галаву Бондара гразі.

Рымша. Дзіва! Колькі яму каштуе жыта.

Касперскі. А ў чым справа?

Рымша. Без дазволу райза абмяняў у соўгасе ў суседнім раёне на гатунковае і засеяў увесь палетак, а яно неяк не дружна ўзышло.

Касперскі. А цяпер выраўнялася. Куды лепшая рунь за нашу.

Рымша. Потым не далі ў раёне электрастанцыі, дык ён прадаў Ленінграду бульбы і выпісаў адтуль электрастанцыю.

Касперскі. І ў гэтым няма нічога благога.

Рымша. Але начальству не падабаецца, калі насупраць іх ідуць.

Касперскі. Гледзячы якое начальства. Несцяровіч-жа не такі.

Рымша. Дык-жа і самога Несцяровіча Бондар падчапіў. (Хутка падыходзіць Вясніна, яна нясе кош бульбы.)

Вясніна (рада, як малое дзіця). Бачылі? (Яна ніяк не можа аддыхацца.)

Касперскі (разглядае). От гэта бульба!

Рымша (любуецца). Уяўляю, як будзе рады Кірыла Рыгоравіч, колькі прынесла яму пакуты гэта бульба. Яна яму даражэй золата!

Касперскі. Пашанцавала Бондару, рад за яго. (Ідзе Рыгорыха, яна, прыклаўшы руку да ілба, углядаецца ў бок дарогі.)

Вясніна (гукае). Цётка, Рыгорыха! (Падняла кош над галавою.) Глядзіце!

Рыгорыха. Што, дзіцятка! Яблыкам хочаш пачаставаць? Зубы ў мяне благія, па кутках адны карэньчыкі тырчаць…

Вясніна. Бу-у-льба!

Рыгорыха (падышла). У сваім агародзе накапала?

Вясніна (паведамляе). Ды не, з поля, тая, якую падкопвалі.

Рыгорыха. Няўжо? (Цалуе Вясніну, выцірае рогам хусткі вочы.) А дачушка мая, а родненькая, такая радасць… (Падыходзіць Загароўская.)

Вясніна (лупае вачыма). За што?

Рыгорыха. Як за што, гэта-ж ты завадатар… Ты падала думку Кірылу, што можна падкапаць бульбу… простая справа, а такая карысць у гаспадарцы…

Касперскі (усміхнуўся). От каб такую нявестку займець… (Лёгка штурхнуў локцем Рыгорыху.) Як ты глядзіш? Не блага!

Рыгорыха. Гэта іх справа, але я лепшай нявесткі не жадаю… (Загароўская аж неяк страсянулася, прыкусіла губу.)

Рымша. Дык раскладаць агонь?

Вясніна. Ага!

Рыгорыха (напалохана). Тут? Каля будынку? Яшчэ іскру куды занясе? Не хапала напасці!

Вясніна (не чула, што Рыгорыха сказала.) Спячэм бульбу і паднясем камісіі на талерцы. (Хоча лажыць у пясок.)

Рымша (раскладае агонь). О, не! Дазволь мне гаспадарыць. Бульбу паложым у гарачы прысак.

Вясніна. Анішчуку я сама падам бульбіну.

Рымша. Гэта будзе для Анішчука і яго кампаніі нешта накшталт хвігі на талерцы. (Рогат.)

Рыгорыха (ёй, відаць, карціць хутчэй пабачыць сына, яна прыклала руку да ілба, а потым загаварыла). Штосьці Кірылы доўга няма? (Угледзела Загароўскую.) Гэта вы, мусіць, Аксеня Змітраўна, гулялі на полі?

Загароўская. Я.

Рыгорыха. А што гэта за дзяўчына была з вамі?

Загароўская. Вера Лучыніна. Яна прыехала з горада. Я яе распытвала пра Мінск. «Увесь горад, — кажа, — у рыштаваннях». Людзі гавораць, што неўзабаве Мінск будзе адзін з прыгажэйшых гарадоў свету. З руін і попелу паднімаецца краіна. Усюды кіпіць жыццё. (Падумала.) Вось што значыць жывем на скрыжаванні дарог, колькі разоў у гісторыі дашчэнту знішчалі горад, а народ застаўся жыць, ён будзе жыць. Наш народ бяссмертны.

Рыгорыха. Усё гэта праўда. (Падумала.) А як жыта? Добра ідзе?

Загароўская (паведамляе). Так нічога, а туды пад Ганчароўку, ці не ўзышло або вымакла. Зямля спрэс голая, як бубен.

Рыгорыха (усхвалявана). Пэўна вымакла. (Заклапочана.) І скажыце, дзе мог Кірыла забавіцца? (Углядаецца.) Я прайдуся… можа спаткаю… (Пайшла.)

Вясніна. Аксеня Змітраўна! Нешта вы зусім звялі.

Загароўская. Дзякую! Хто-ж гэта дзяўчыне так гаворыць!

Вясніна. Не, сапраўды, нідзе сабе месца не знойдзеце. Я дык на вашым месцы радавалася-б, так ідзе ваша пшаніца ўверх. Нашто Бондар скупы на слова, але і ён хваліць. Не дарма стараліся. Маладая дзяўчына, а заўсёды засмучоная.

Загароўская (уздыхнула). Не аб адной пшаніцы жыве чалавек. (Сама сабе.) А чалавека Бондар часам і не заўважае. Чалавек — гэта ўсё. Будзе чалавек, будзе і пшаніца, і жыта, і бульба, і хлеб, — будуць у вёсцы і камяніцы пад чарапіцаю. (Нібы жартам.) Затое вы ўпраўная, столькі мець паклоннікаў.

Вясніна. Ха-ха-ха! Ясна, што некага пакахала. А што такое каханне? — пакута. Спачуваю. А толькі я ў вас нікога не адбіваю.

Загароўская. Па ўсяму відно, што вам да спадобы чужыя пакуты. (Зласліва.) Што-ж тады было ў маладосці, не аднаму разбілі сэрца!

Вясніна. Дзякую! Хто-ж гэта кабеце ў гадах так адказвае? Ой, ягадка!

Загароўская (зласліва). Няхай сабе, а толькі што вам да гэтага!.. (Пайшла.)

Вясніна (усміхнулася). Дарэмна дзяўчына гарачышся. Ніхто ў цябе твайго не адбярэ. (Пайшла ў другі бок.)

Касперскі. Чаго яны? Суперніцы?

Рымша (кладзе бульбу ў прысак). А хто іх разбярэ, заўсёды спрачаюцца, і што далей, то больш злосна. Калі Загароўская скажа — так, дык Вясніна абавязкова — гэтак. Нейкая, мусіць, ёсць закавыка! (Падумаў.) Але калі возьмуцца што рабіць, ажно пыл курыць!

Касперскі (разважае). Кажаш, і Вясніна не папусціцца, і Загароўская не саступіць. (Падумаў.) А-а-а. Пэўна Бондар усяму прычына. Жыццё бярэ сваё! Цікава, што з гэтага будзе? (Пайшоў на мост.)

Рымша (сам сабе). І сапраўды, у чым справа? Няўжо Бондар стаў наўпоперак іх дарогі? А мяне, значыць, зусім не прымаюць у разлік. Қаму я патрэбны!.. (Падклаў агонь, сеў, закурыў, паціху напявае салдацкую песеньку «Махорачка».)

Анішчук (падышоў з Лучынінай да берага рэчкі, селі). Дык, значыць, бацька крыўдзіцца на нас? (Касперскі сядзіць каля дрэва.)

Лучыніна. Як не крыўдзіцца, калі Бондар адабраў назад усю прыараную з твайго дазволу зямлю, яшчэ і пастрашыў, што падасць на суд — за раскрадванне калгаснай маёмасці.

Анішчук. Бацька часам не прагаварыўся, што гэта зямля колісь з мае згоды аддадзена.

Лучыніна. Што ты! (Падумала.) Але і Бондар — усім вам дасць рады.

Анішчук. Ці дасць?

Лучыніна. А што вы яму зробіце? Не вырасла бульба — вопыт не ўдаўся. Не ўзышло жыта — вымакла.

Анішчук. Значыць, не выканаў свайго абяцання перад дзяржавай. Тады, на бок Бондар… спакайней жыць будзе…

Лучыніна. Нешта не верыцца, каб ты яго адолеў.

Анішчук (не слухае яе). Можна і раней яго абярнуць!.. Тады менш будзе калатні, цішэй і вальготней… (Таямніча.) Для гэтага варта… (Раптам.) Унь у тым возе ляжыць яго смерць. (Касперскі пачуў, насцеражыўся.)

Лучыніна. Не разумею.

Анішчук. Касперскі прывёз Бондару хабар.

Лучыніна. Жыта?

Анішчук. Не, падсвінака.

Касперскі (сам сабе). Сумленнем на абедзве нагі кульгае. Калі чалавек пасклізнецца, дык цяжка ўтрымацца, каб не ўпасці. І ўсё прагнасць, дух кулацкі…

Лучыніна. Не паверу.

Анішчук. Ідзі сама паглядзі.

Лучыніна. Навошта гэта Касперскаму рабіць?

Анішчук. Каб даў Бондар людзей, дапамагчы цагельню пабудаваць.

Лучыніна. Дык-жа Касперскі дапамагаў Бондару вазіць торф пад жыта.

Анішчук. А колькі ў Касперскага людзей, раз-два і аблічыўся, калгас невялікі, а ў нас гігант. Такая сілішча! Касперскі дзялок, задарма парасяці не павязе…

Лучыніна. А-а-а. Лоўка ты прыдумаў. Добры козыр!

Касперскі (разважае). От дзе хвіга, дык хвіга… (Паківаў галавою.) Ая-я-яй, што сталася з чалавекам… Як ты кулака не кармі, а ён усё ў лес глядзіць… Ілжэ і не чырванее… і вопытнае поле ў яго для маскіроўкі… (Адышоўся.) От ускочыў!.. Не меў Касперскі клопату, дык прывёз парася… (Чухае патыліцу.) Уцякаць адсюль!.. Тады і сапраўды падумаюць, што прывозіў хабар… Хацеў чалавеку зрабіць дабро, а выходзіць і яму і сабе нашкодзіў… (Падумаў, падняў галаву.) Не!.. Трэба гэтую лухту развеяць… (Пайшоў.)

Лучыніна (песціцца). А што ты да нас не прыходзіш?

Анішчук. Справы, закруцішся, Бондар дыхнуць не дае. (Загароўская, спацыруючы, угледзела пару, ідзе ў іх бок, на хаду ірве і кідае ў рэчку палявыя кветкі.)

Лучыніна. А ты мяне паранейшаму кахаеш?

Анішчук (хоча абняць). Яшчэ больш!

Лучыніна (скінула з пляча руку, насупілася). А мне казалі, што ты паглядаеш на настаўніцу.

Анішчук. Праўду сказаць, яна да мяне чэпіцца, але я не магу цябе забыць. (Загароўская, відаць, нервуецца, яна спынілася і наводшыб кінула пук кветак у рэчку.) Памятаеш Зялёныя Лужкі…

Лучыніна (уздыхнула). А як-жа! (Апусціла галаву.) А ты не забыўся?

Анішчук. Яшчэ што! (Абняў.) Я цябе так кахаю, мне без цябе свет не мілы.

Лучыніна (горнецца да яго). А я цябе і ў сне бачу. Паехала ў горад, меркавала застацца на трактарным працаваць, але дзе там — ты перад вачыма стаіш, карціць цябе пабачыць. Хочацца, каб ты заўсёды быў поруч са мною, і мы з табою да скону не разлучаліся. (Хацелі пацалавацца, Лучыніна раптам падалася назад.)

Анішчук. Чаго ты так спалохалася?

Лучыніна. Нехта сюды ідзе.

Анішчук. Табе здалося.

Лучыніна. Бачыш пук кветак у рэчцы. А вунь рамонка парваная плыве.

Загароўская (падыходзіць, усміхнулася). Не перашкодзіла?..

Анішчук (захваляваўся, ускочыў). Што вы, Аксеня Змітраўна, заўсёды рад вас бачыць. Дзе вы сёння былі?

Загароўская. Хадзіла на поле, глядзела ўсходы жыта, наведала Зялёныя Лужкі… Прыгожа там, праўда?..

Анішчук (збянтэжана). Даўно там быў.

Загароўская (да Лучынінай, жартам). Што-ж гэта вы ў нас, суседка, адбіваеце кавалераў?

Лучыніна (жартам адказвае). Невядома, хто ў каго адбівае, ён раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут…

Загароўская (весела). Але цяпер ён наш, і я ад яго не адчаплюся…

Лучыніна (у тон). А я вам вочы выдзеру… (Ускочыла і ўжо не жартам прадоўжыла.) Выдзеру!..

Загароўская (усміхнулася). Ого, забіяка! (Да Анішчука.) А-а-а, вось у чым справа, пабыў у Еўропе і ўспомніў дом, абнесены парканам, сабаку на ланцугу… пацягнула да хутаранкі…

Анішчук. Што вы гэтым хацелі сказаць?

Загароўская. Я хацела сказаць… '(Спахапілася.) Ага! Прыехалі з раёна… Хочуць вас пабачыць…

Анішчук. Камісія… па маёй заяве… (Хутка пайшоў.)

Лучыніна. А мне тут быць, ці ісці дахаты?

Анішчук (паглядзеў на Загароўскую, да Лучынінай). А куды вы спяшаецеся, увечары станцуем!

Лучыніна (шчыра, да Загароўскай). Не адбірайце вы яго ў мяне.

Загароўская. Ён зусім не ў маім гусце.

Лучыніна. А мне падабаецца.

Загароўская. Дык і люцкуйце з ім, — калі людзі кахаюцца, то яны не бачаць адзін у другога нічога благога. (Падумала.) Хоць вы ў бядзе… Вас трэба ратаваць… У вас усё жыццё наперадзе… Але вы мяне не зразумееце… (Пайшла.)

Лучыніна. Ой, яна! Бяду нейкую прыдумала. (Скептычна.) Не ў яе гусце, а сама за ім бегае. (Успамінае.) А як ён ускочыў?.. «Заўсёды рад вас бачыць»… Трэба за імі панаглядаць… (Пайшла.)

Загароўская (падыходзіць да агню, Рымша яе не заўважае, паціху спявае). Дзівосная песня!

Рымша (нібы апамятаваўся). Салдацкая.

Загароўская. Успамінаеце былыя паходы?

Рымша. Іх ніколі не забыць.

Загароўская. Вы шмат дзе былі, багата бачылі, чаму вы ніколі не раскажаце?

Рымша. Не ўмею гаварыць. Дый што ты раскажаш пра пяхоту. Заўсёды ў пыле — цяжкая служба.

Загароўская. А кажуць: «Пяхота — царыца палёў».

Рымша (з гонарам). Яшчэ-б! Вы толькі ўявіце, Аксеня Змітраўна, ад Сталінграда і да Берліна прайсці, і кожную пядзю зямлі з бою браць. Не аднаго свайго сябра у дарозе пакінуў — такая ўжо доля салдацкая. Сваімі рукамі засыпаў іх жвірам. (Панура.) А ў Берліне так і не давялося пабыць, на подступах падкасіла. Крыўдна.

Загароўская (спачувальна). Што-ж зробіш, другія дайшлі.

Рымша. Але салдату гэта балюча. (Палкаю выводзіць літары, калупае зямлю каля сцяны млына.)

Загароўская (цягне за язык). Зайздрошчу я вам, вы пабачылі свет. Ведаеце, дзе як людзі жывуць, можаце параўнаць з нашай краінай. Кажуць у Еўропе прыгожа?

Рымша (ажывіўся). Параўнаць? Ні ў якое параўнанне Еўропа з нашай краінай не ідзе. Тут шырыня, прастор, адчуваеш, што ты чалавек. Паверце мне, Аксеня Змітраўна, што нідзе на свеце няма прыгажэйшай за нашу краіны, тут так вольна дыхаецца. Вось я ляжаў у акопе і ўспамінаў пра гэты стары млын, які парос зялёным мохам, — тады я не ведаў, што буду млынаром, — мне здаваўся наш край казкай. Я тады падумаў, можа гэта таму, што я на чужыне. Адно-ж прыехаў дамоў, і пачуццё не змянілася. (Марыць.) Вось толькі хочацца замест старога млына пабудаваць новы. (Таямніча.) Давайце ўмовімся, што вы падтрымаеце мяне ў гэтай справе, — а я ў даўгу не застануся. (Горача.) Даю вам слова — дапамагчы схіліць Бондара пабудаваць хату- лабараторыю, насадзіць сад. Абвесцім «Тыдзень саду» і пасадзім столькі, што вам нават не снілася. Вам падабаецца, як цвітуць вішні?

Загароўская (заморгала вачыма, рада). Вельмі.

Рымша. І мне таксама. (Зноў пра сваё.) Падумайце самі: вады тут хапае, нашы дзяды вымушаны былі зрабіць адвод, яны таго нават не падазравалі, што можна скарыстаць ваду для таго, каб даць людзям святло. (Углядаецца.) Што гэта? (Падняў, разглядае.) Салдацкі медальён? (Асцярожна раскруціў, выняў паперку, чытае.) «Дзянісаў Іван Паўлавіч, Горкаўскай вобласці…» (Паклаў у кішэню.) Мусіць, нехта згубіў.

Загароўская. Не! (Усхвалёвана.) Гэта, пэўна, дакумент таго салдата, які пахаваны на скрыжаванні дарог. (Успамінае.) Так. У яго тады ў кішэні быў знойдзены кавалачак канверта са зваротным адрасам: «Горкаўская вобласць…». (Пауза.) А ў яго рэчавым мяшку былі тры пакуначкі, у якіх аказалася гатунковае насенне: пшаніца, шматгадовае жыта і лён-даўгунец; мне спатрэбілася чатыры гады, каб вывесці яго пшаніцу. Але зерне дарма не прапала!

Рымша. Дык вось адкуль у вас такая пшаніца! (Падумаў.) А да гэтага вы займаліся вопытамі?

Загароўская (прызналася). Ніколі нават у галаву не прыходзіла гэтая думка.

Рымша. Вось яно, жыццё чалавечае!.. (Падумаў.) А бацькі салдата, ці жонка з дзецьмі, або сёстры атрымалі паведамленне: «Загінуў без вестак», і ніхто з іх не ведае, дзе ён склаў галаву. (Разважае.) Калі пад Сталінградам совецкі салдат абліваўся крывёю, стоячы на смерць, дык амерыканцы нажываліся на свіной тушонцы, а англічане збіраліся ваяваць да апошняга рускага салдата. А цяпер яны пагражаюць нам новаю вайною. Што-ж, як Бондар кажа: «У першую сусветную вайну Расія выпала з капіталістычнай вупражы, у другую, палова Еўропы…». (Разглядае медальён.) Наш святы абавязак зрабіць салдату помнік. А калі пабудуем млын і пусцім электрастанцыю, якая дасць святло нам і бліжэйшым калгасам, назавем яе імем Івана Дзянісава.

Загароўская (з захапленнем). Правільна! І хату-лабараторыю таксама… Чалавек ваяваў, а марыў аб мірнай працы… Ён хацеў жыць, каб быць карысным людзям, а жыць не давялося…

Рымша. А скажыце, Аксеня Змітраўна, як вам прышла думка насыпаць курган. (Папраўляецца.) Курган… Івана Дзянісава. Усе кажуць, што гэта вы пачалі.

Загароўская. Па праўдзе сказаць, я і сама не ведаю, як гэта вышла. Пачалося з малога, а вырасла ў вялікае. Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прышла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Калі я вярнулася, дык дзеці ўжо насыпалі цэлую «гару», і я стала падсыпаць. Так курган совецкаму воіну стаў расці і расці.

Рымша (выграб з прыску бульбу, яна гарачая, падкідае ў руцэ). Гатова! А іх усё няма? Паспытайце, Аксеня Змітраўна, тут і вашай працы шмат.

Загароўская. Але больш за ўсё Вясніной, калі не лічыць Бондара.

Рымша. Не будзем спрачацца, пакаштуйце.

Загароўская. Добра. (Прыглядаецца.) А вунь і яны ідуць. Першую бульбіну камісіі.

Вясніна (хутка падышла, да Рымшы). Гатова?

Рымша. Даўно.

Вясніна (паведамляе). Сакратар райкома будзе сход праводзіць. (Трымае ў руках аб‘яву.) Прачытае даклад на тэму: «Вучэнне Леніна Сталіна аб пабудове комунізма ў адной краіне».

Рымша. О, гэта цікава! Тады Несцяровіч сапраўды разумны чалавек, калі падзейнічала крытыка, а то ў нас некаторыя да крытыкі глухія. Крытыкуй і сам прыслухоўвайся да крытыкі. Моцныя людзі не баяцца, калі іх крытыкуюць, — гэта ім толькі дапамагае расці і ісці наперадзе другіх. (Падышлі: Несцяровіч, Ярашэвіч, а неўзабаве Бондар, Анішчук, Лучыніна, Касперскі і Рыгорыха.)

Вясніна (да Несцяровіча). Раман Мікалаевіч! Дазвольце вас пачаставаць бульбай, якую хацелі заараць.

Несцяровіч (разглядае). Адну такую знайшла? (Абскрабае ножыкам.)

Вясніна. Усю камісію накормім. (Рымша дастае печаную бульбу.)

Несцяровіч (да Бондара). Вітаю! (Цісне яму руку.)

Рыгорыха (рада больш за ўсіх). Сыночак, Кірыла, падзякуй Настасю Піліпаўну за клопаты.

Бондар (да Вясніной). Мне хочацца не толькі ёй падзякаваць… (Наблізіўся.)

Загароўская (крыкнула). О-ой! (З яе рук выпала бульбіна.) Як пячэцца!..

Рымша. У агні была. (Да Бондара.) А-ай! Наступіў на мазоль!..

Бондар (да Рымшы). Прабач! (Усе ядуць бульбу.)

Несцяровіч. Шкада, што не затрымаў экскурсію.

Рымша. Камісію. Я для яе пёк.

Несцяровіч. Не камісію, а экскурсію. Прыехалі, каб паглядзець рунь. (Усе здзіўлена глядзяць, яны не чакалі такога павароту.)

Анішчук (да Лучынінай). Што-ж ты пляла?.. Бачыла, якая вышла закрутка!..

Лучыніна (паціснула плячмі). Казалі…

Рымша (да Бондара). Дык, кажаш, знялі?

Несцяровіч (здзіўлена). Каго знялі? Хто?

Рымша. Бондара. На бюро райкома.

Несцяровіч. Ніхто Бондара не знімаў.

Рымша. А хіба не стаяла пытанне?

Бондар. Стаяла.

Рымша. І што?

Бондар. Надавалі па карку і сказалі будзь здароў.

Несцяровіч (усміхнуўся). Здаецца і ты ў даўгу не застаўся, добра сыпануу… Васцёр!.. За словам у кішэню не лазіш…

Рымша. А што з пяцігадовым планам калгаса?

Бондар. Зацвердзілі.

Касперскі (да Рыгорыхі). А ты гаварыла.

Рыгорыха (з замілаваннем глядзіць на сына). Але як ён за гэты час асунуўся, зблажэў і вочы ўваліліся.

Бондар (да Несцяровіча). І ўсё-ж, Раман Мікалаевіч, хоць вопыт Вясніной і ўдаўся, але паўтараць — не будзем… (Упэўнена.) Цяпер для мяне сакрэт ясны… гатунак бульбы… угнаенне… апрацоўка поля… А вось з жытам яшчэ трэба ламаць галаву…

Анішчук (да Бондара). Столькі затрачана сіл і энергіі, і ўсё ўпустую… Зломіш ты сабе галаву з сваімі «эксперыментамі»…

Ярашэвіч (да Анішчука). Бондар ідзе ў правільным кірунку і ён даб‘ецца свайго… Тут многае значыць вера ў сваю справу… А ў Бондара яна падмацавана навуковымі дадзенымі…

Анішчук. Няма ў навуцы такіх дадзеных, што на нашай зямлі можна зняць такі ўраджай, які ён запланаваў…

Ярашэвіч. Тым горш для навукі…

Анішчук. Галаву кладу на калодку, што такога ўраджаю не ўзяць…

Бондар (усміхнуўся). Варта такую галаву адцяць… каб не замінала…

Анішчук. Падвядзеш ты і сябе, і бюро райкома…

Ярашэвіч. А я Бондару веру.

Бондар. Дзякую, Віктар Сымонавіч! (Моцна цісне руку.) Шчыра дзякую!

Несцяровіч (падумаў). Рашэнне бюро райкома застаецца ў сіле. Трэба смялей дзейнічаць!

Вясніна (горача). А я ўсё-ж буду рабіць вопыты. Наша праца ў гэтым годзе цалкам апраўдалася. Бульба ў гаспадарцы вялікая справа.

Бондар. Так. Але галоўнае — хлеб…

Анішчук (да Лучынінай). Прыдзецца ісці па банку!.. Справа тут зусім не ў бульбе і не ў жыце…

Несцяровіч (да Загароўскай). А вы нешта засумавалі, няма ранейшай весялосці.

Вясніна. Прышла сталасць і прынесла свае клопаты.

Загароўская. Я ўспомніла пра Івана Дзянісава.

Несцяровіч. Якога Івана Дзянісава?

Загароўская. Таго, што пад курганам ляжыць. Яму і другім такім мы абавязаны нашым жыццём. Мы жывем на зямлі, якая паліта крывёю рускага салдата.

Бондар. Адкуль вам вядома яго імя?

Рымша. Знойдзен салдацкі медальён. (Паказвае.) Быў падковаю ўціснуты ў зямлю…

Бондар (паглядзеў). Дзе вы знайшлі? (Перадае Несцяровічу.)

Рымша. Тут, каля млына. Вось у гэтым месцы. Выпадкам адкапаў…

Ярашэвіч. (успамінае). А як па-бацьку?

Загароўская. Паўлавіч.

Ярашэвіч. 3 сяла Дабрыніна, Слабадскога раёна, Горкаўскай вобласці?

Рымша. Так.

Ярашэвіч (панура). Я з ім разам вучыўся ў Ціміразеўцы. З першага курса пайшлі на фронт. (Уздыхнуў.) Куды яго лёс закінуў! Ён марыў ператварыць сваё сяло у квітнеючы сад… любімым яго дрэвам была вішня… «Сваімі рукамі, — казаў, — насаджу ў сяле Дабрыніна вішнёвы сад…».

Бондар (падумаў). Ну што-ж, Рымша, як не цяжка нам, але ў гонар салдата, які загінуў, адваёўваючы нашу зямлю, сёлета пачнем будаванне млына і пры ім электрастанцыі.

Рымша (рады). І назавем электрастанцыю імем Івана Дзянісава. Так?

Бондар. І я пра гэта хацеў сказаць. Нашы думкі сходзяцца. Людзі ў гэтым нас падтрымаюць.

Несцяровіч. Гэта будзе ўшанаваннем памяці салдата.

Касперскі (нясмела). Можа-б і нас прынялі ў кампанію.

Бондар. Можна. Сёння-ж, пасля схода, на праўленні абмяркуем.

Рымша (паглядзеў на Загароўскую, да Бондара). А гатунковае насенне пшаніцы, якой мы сёлета засеялі тры гектары, аказваецца Іван Дзянісаў насіў у паходным мяшку. Варта, у гонар салдата, пабудаваць хату-лабараторыю.

Бондар (усміхнуўся). У хадатаі да Загароўскай падаўся. У яе іх і без цябе хапае. Пабудуем і хату-лабараторыю, але ў другую чаргу.

Несцяровіч (смяецца). Паспрабуй не пабудаваць, калі даў абяцанне дэлегацыі дзяцей. А вы, Аксеня Змітраўна, і ў далейшым так дзейнічайце! (Да Анішчука.) Ну, дык як грэчка? А рунь якая, добрыя ўсходы. І кукуруза паспела. Што вы скажаце ў сваё апраўданне? Поўны правал! (Усе напружана слухаюць.)

Анішчук. Ніякага правала! Паглядзім, які з гэтай руні будзе хлеб. (Важна.) Рана арла хаваць!..

Бондар. Ха-ха-ха! Арол з падрэзанымі крыллямі!.. А хутчэй, варона…

Несцяровіч (усміхнуўся). Нешта падобнае ёсць. (Чуцен звон бомаў.)

Ярашэвіч. Хто гэта з такім форсам пад‘ехаў?

Бондар (углядаецца). Будзёнавец, Гайдук, ён любіць ездзіць з ветрыкам… Сколькі я яму пра гэта гаварыў…

Гайдук (падышоў, паведамляе). Кірыла Рыгоравіч! Закантрактаваў у соўгасе «Прысады» тысячу штук маладых яблынь і груш. Яшчэ ёсць вішні, сам Будзённы пазайздросціў-бы, але без твайго дазволу…

Бондар. Цярэнці Мітрафанавіч! А калі ты кінеш на конях ездзіць з ветрам навыперадкі… Тут ты не пытаеш дазволу?..

Гайдук (мнецца). Гэта мая слабасць: люблю — накарміць і праехаць… (Вінавата.) На гэты раз даруй… (Раптам.) Разгулялася жаробка «Аліса»… (Усе зарагаталі.) Дык як быць з вішнямі?..

Бондар (ледзь стрымаў усмешку). Возьмем і вішні… (Марыць.) Насадзім вішнёвы сад… абсадзім вішнямі дарогу… Прыгожа, калі зацвітуць вішні…

Анішчук. А чым ты будзеш расплачвацца?.. Адной МТС колькі трэба будзе аддаць хлеба!..

Ярашэвіч. Табе МТС спакою не дае… Прапашчы ты чалавек!..

Гайдук (да Анішчука). Эх, ты, дзеравеншчына!.. Каб не трактар, дык хіба мы сёлета апрацавалі-б столькі зямлі… несвядомасць!..

Бондар (упэўнена). На лета хопіць хлеба і дзяржаве, і МТС, і сабе.

Несцяровіч. Ну што-ж, мне патрэбна яшчэ прагледзець свае тэзісы. (Усміхнуўся.) Тут народ такі, што палец у рот не кладзі… (Пайшоў, а за ім Ярашэвіч і Гайдук.)

Анішчук (успомніў). Дык, значыць, я варона?.. (Да Бондара.) А ты хабарам займаешся… (Чуваць, як Гайдук ад‘ехаў.)

Бондар. Чым?

Анішчук. Узяткамі. (Усе насцеражыліся.) Унь у возе падрыхтаваны парсючок ляжыць. (Усе хвалююцца.)

Бондар. Мала што дзе ляжыць.

Анішчук. Касперскі прывёз «падарунак».

Бондар (да Касперскага). Праўда?

Касперскі. Так.

Бондар (абурана). Хабарам я ніколі не займаўся і не буду займацца.

Касперскі. Падарунак — не хабар.

Вясніна (да Анішчука). А для чаго Касперскаму даваць Бондару хабар? Не падумаўшы, Анішчук, плявузгаеш!

Анішчук. Каб заўтра атрымаць людзей.

Вясніна. Дык-жа Касперскі Бондару дапамагаў.

Анішчук. Хіба ў Касперскага столькі людзей, колькі ў Бондара, — розніца!

Вясніна (не вытрымала). Ну і круцель! І што далей, то болей лезе ў балота… Захлынешся!..

Рыгорыха. Але-ж! (Уздыхнула.) От напасць! (Да Вясніной.) Адно да другога: і кот збанок з малаком пабіў, і курчаняты тварог здзяўблі, і Анішчук новы паклёп прыдумаў… От гад, у яго, мусіць, і ў роце чорна… А яшчэ гаворыць шмат чаго бачыў…

Бондар (усміхнуўся). Як высвятляецца, толькі хваліцца, што быў за мяжой… бачыў Еўропу… а па сутнасці яе не ведае.

Анішчук (да Бондара). Ты яе ведаеш, бачыў Еўропу з птушынага палёту, на сваім самалёце…

Бондар. А зверху-такі відней…

Рымша (да Анішчука). Я прамерыў сваімі нагамі вялікую частку Еўропы, бачыў, як жывуць рабочыя і фабрыканты, батракі і памешчыкі, бачыў галодных дзяцей, жабракоў… Вось толькі я сказаць добра не ўмею…

Бондар. Гавары, Рымша, абы правільна…

Рымша (успамінае). Толькі гэта мы перайшлі граніцу Германіі, зайшоў я ў Німерзацы ў адзін дом, бачу сям’я ў рыззі і лахманах… дзеці жадны кавалку хлеба… Жанчына паказала мне, склаўшы пальцы, што муж яе быў у астрозе і там загінуў… І яна залілася слязьмі… Кабета назвала імёны: Ленін, Сталін, Тэльман… Не ведаючы мовы, мы зразумелі адзін аднаго… (Падумаў.) А то неяк у маёнтку я спаткаў старога чалавека, ён не пасароміўся і скінуў кашулю — на ўсім целе былі сінія рубцы… Гэта быў батрак, яго спаласаваў памешчык… Ён доўга мне тлумачыў, што для яго прышло сонца з усходу… (Пауза.) Я таксама бачыў гандляроў, яны ветліва нам кланяліся, частавалі сігарэтамі (падкрэслена, у бок Анішчука), чыркалі зажыгалкі, лісліва ўсміхаліся і гнуліся ў тры пагібелі… Яны гатовы былі нават зрабіць любую паслугу… Але хіба гэта людзі!.. Мне агідна стала ад іх «культуры»… (Падняў галаву.) А вось у нас другая справа: калі прышлі немцы, дык усе людзі падаліся ў лес… Не дарма немцы казалі, што ў Беларусі пад кожным дрэвам быў партызан… Я ўжо не кажу пра горад, у Мінску жанчыны самога Кубе аходалі… Увесь наш народ падняўся супроць навалы… Вось гэта культура…

Анішчук. Гм… Дык што-ж, выходзіць, што мы і за Еўропу і за Амерыку вышэй стаім…

Касперскі (горача). А як-жа ты думаў! (Да Бондара.) Калі што не так скажу, дык адразу папраўляй… нас людзі слухаюць… (Успамінае.) Я калісь працаваў у Чыкага на фабрыцы… І вось апынуўся на вуліцы… Ужо тады я любіў чытаць… Заходжу ў бібліятэку і бяру першую кніжку (цяпер нават яе назвы не помню), і чытаю… Не кніжку чытаю, а надпіс на кніжцы… «Ужо месяц як не маю працы, жыву з сям‘ёю на скверы… Дапамажыце хто добрае сэрца мае!.. Яська з-пад Гродні». У мяне тады яшчэ былі грошы. Як, мяркую, не дапамагчы земляку на чужыне. Іду, доўга шукаю, але ўсё-ж знаходжу яго. Бачу старога, згорбленага чалавека, з спрацаванымі рукамі і патухшымі вачыма. Кажу пра яго надпіс на кніжцы. А ён уздыхнуў і адказвае, — гэта было даўно, дваццаць год таму назад. Тады ён толькі месяц быў беспрацоўным, а цяпер вось ужо шосты, і надзеі цяпер на атрыманне работы няма ніякай, бо ёсць за яго маладзейшыя рукі, якія не маюць працы. Дык, вось яна, якая Амерыка!.. Хоць Амерыка і за акіянам, але мы яе наскрозь і нават болей бачым, а яны нас не, калі лезуць на ражон… Совецкага чалавека не паставіш на калені. Ён за сябе пастаіць!

Бондар (задаволена). І Рымша і Касперскі добра сказалі. (3 гонарам.) І наша культура вышэйшая… і мы мацнейшыя духам…

Касперскі (зноў успомніў сваё). Ага! Уласна кажучы гэта не падарунак, а пазычка для Бондара і Рымшы, людзі з вайны, пакуль стануць на ногі… потым аддадуць…

Анішчук. Перш падарунак, а потым пазычка… не ўдасца выкруціцца…

Касперскі (да Бондара). Я на свае вушы чуў, як Анішчук з Лучынінай змаўляліся… Яшчэ Лучыніна сказала: «Добры казыр!». (Шчыра.) Я хацеў было ўжо ўцякаць, але падумаў, што зраблю горш…

Лучыніна. Тата казалі, што ў вашай вёсцы здаўна хітрыкамі жывуць…

Бондар (падумаў). Лоўкі ход… (Сам сабе.) Паспрабуй давесці, што гэта не так…

Анішчук (наступае). Зноў-жа з млынам, хатай- лабараторыяй, абсадкай дарогі вішнямі, — можна і пачакаць, а ў яго адно за другім…

Бондар. Хваля хвалю даганяе.

Анішчук. Трэба гумно якое скідаць, а то жыта няма дзе складаць… (Хітра.) Ты ўсё робіш на паказ.

Бондар. Я раблю так, каб сабе люба было паглядзець, і другому было што паказаць… (Падумаў.) І гумно пабудуем… Трэба рабіць добра і хутка…

Рымша (падышоў да Анішчука, і сурова загаварыў). Ты мне млына не чапай… (Падняў палку, круціць у руках.) А то я не Бондар, цацкацца з табою не стану… Такіх, як ты, якія страцілі сумленне, не пераконваць трэба, а прымушаць… Не прасіць, а загадваць… (Да Бондара.) Камандзір эскадрыллі… не бачу ўзлёту…

Бондар (спакойна). Не гарачыся, Рымша, разбярэмся…

Касперскі (перажывае). Гэта-ж, каб я ведаў… Браточкі!..

Рымша (да Анішчука, гнеўна). Да чаго давесці старога чалавека… (Кінуў злосны погляд на Бондара.) Дзіўлюся твайму супакою…

Бондар (ледзь не просіць). Гальяш Макаравіч! Пагарачышся — нашкодзіш. Тут крыкам не возьмеш. Трэба будзе Несцяровічу расказаць.

Анішчук. Раскажам.

Бондар. Разбярэцца. У Несцяровіча цвярозая галава. Пабольш-бы нам такіх людзей! (Паглядзеў.) Народ у зборы, пойдзем на сход. (Збіраюцца ісці.)

Касперскі (сам сабе). Чалавек разлічвае так, а выходзіць гэтак… Меркавалася, каб як найлепей было, а вышла зусім блага… (Чухае патыліцу.)

Рыгорыха (балюча). Не гаруй, стары, усё будзе добра… Перажылі горшае…

Касперскі. Такая ганьба на старасці год! Хабар даваў…

Рымша. Нічога: перамелецца, мука будзе… а з Анішчука, калі ён такім застанецца, парашок…

Касперскі (панура). Выходзіць, электрастанцыю будаваць у кампанію не прымуць… Зноў-жа цагельня… аднаму яно нібы і не пад сілу.

Бондар (да Касперскага). Вінцэнт Казіміравіч! Што-ж гэта вы апусцілі галаву? Патрэбна вытрымка; цярпенне. Калі сумленне ваша чыстае, дык і душа павінна быць спакойнай.

Касперскі (пакрыўджана). Кірыла Рыгоравіч! Няўжо вы сумняваецеся? Чыстая, як дзіцячая сляза. Прысягнуць магу! Баба ў мяне чалавек добрага сэрца… «З суседам, — кажа, — апошнім падзяліся…».

Рыгорыха. Хто Вінцэнціхі не ведае.

Касперскі. Ото-ж!

Анішчук (зласліва). Кракадзілавы слёзы…

Рымша (замахнуўся палкаю). Маўчы!.. (Анішчук адскочыў.) Закавыка!

Касперскі (панура). Меркавалася хутчэй даць людзям святло… А ўдвух яно лягчэй… Дый мне хочацца насадзіць сад… вішань… хочацца бачыць усю нашу краіну ў вішнёвым цвеце…

Бондар (да Касперскага). Вінцэнт Казіміравіч! Няўжо-ж вы думаеце, што нашу дружбу парушыць якісьці парсючок (у бок Анішчука), ці хоць бы найвялікшая свіння?.. Не. Наша ўмоўленасць застаецца ў сіле. (Ідучы.) Не зважаючы ні на што, мы пойдзем разам. (Абняў.) Будзе ў нас хлеб, і да хлеба, будзе і святло, будуць і муры пад чарапіцаю! Як усё жывое цягнецца да сонца, так нашы людзі да працы. Будзе ў нас і сад, і наша краіна ў вішнях закрасуе. Яшчэ нам пазайздросцяць!

Заслона

Акт трэці

[правіць]

АКТ ТРЭЦІ

У калгасным садзе. Поруч з старымі пладовымі дрэвамі, усыпанымі антонаўкамі, слуцкімі бэрамі, сапежанкамі, растуць маладыя дрэўцы яблынь і груш, вішань. З аднаго боку ўзвышаецца помнік рускаму салдату Івану Дзянісаву. З другога боку бачны млын, зроблены з цэглы і накрыты чарапіцаю, там-жа электрастанцыя, ад якой ва ўсе бакі разыходзяцца правады, чутно, як працуе лесапілка. У цэнтры — школа, а каля яе хата-лабараторыя. Поруч з садам праходзіць гравійка, яна абсаджана вішнямі. У далечыні відаць скірды саломы, гудзе на полі электрычная малацілка. Здалёку даносіцца песня. З школы вышла задумённая Загароўская, яна села на лаўцы, трымае ў руках кніжку.

Загароўская (засмучоная). Вось і прышла сталасць, а толькі не прынесла яна палёгкі для сэрца. (Падумала.) І няўжо ён не бачыць, што я яго кахаю? Эх, Кірыла, Кірыла… Каб я магла, дык выняла-б сваё сэрца… на, любуйся, яно належыць табе!.. А можа ён робіць толькі выгляд, што не заўважае майго кахання… Хоць у апошні час ён стаў звяртаць больш увагі… (Схамянулася.) Ці можа гэта таму, што я… А мне толькі хочацца вырваць Лучыніну ад Анішчука… Шкода гэтай авечкі, якая можа трапіць у яго лапы… Дый для яго, Кірушы недагадлівага, стараюся… Паглядзім: хто каго? (Падумала.) І навошта я яго так пакахала? А цяпер пакутуй! (Падыходзіць Рыгорыха.)

Рыгорыха (села поруч з Загароўскай, штопае шкарпэтку, а потым паўз акуляр, якія ледзь ліпяць на кончыку носа, паглядзела на яе і хітра загаварыла, паказваючы на маладыя вішні). Прыемна паглядзець на працу рук сваіх? Але скажы ты, мусіць, у цябе лёгкая рука, усе вішанькі прыняліся і ўзяліся дружна расці. (Уздыхнула.) А Кірыла мой пасадзіў перад вокнамі дзве вішанькі, дык нешта яны кволыя.

Загароўская (хітра). Мусіць, глеба благая, ці спазніўся з пасадкай, пакуль убяруцца ў сілу.

Рыгорыха. Як мне здаецца, дык ты бачыла, калі ён іх садзіў, хоць можа табе гэта не ў галаве было і ты, не заўважыўшы, прайшла міма.

Загароўская (нібы ўспомніла). Дык гэта-ж, здаецца, было, калі мы праводзілі «Тыдзень саду», Анішчук тады абсадзіў усю сядзібу клёнікамі…

Рыгорыха (спынілася штопаць). А не ведаеш, усе прыняліся?..

Загароўская. Як быццам адзін клёнік засох…

Рыгорыха. Вочы ў мяне благія, але нібы поруч з клёнікам і бярэзінка звяла… (Зноў штопае.)

Загароўская. Можа. (Паглядзела на Рыгорыху, хітра.) А ў Вясніной як вішні ўзяліся… проста буяюць…

Рыгорыха (хутка гаворыць). Рукі дбайныя ў кабеты… Руплівая… Вёдрамі ваду носіць, кожны дзень палівае дрэўцы… Яе вішні, як дзяўчаты, пястунні… А зойдзеш у яе агарод, люба сэрцу… Кірыла ўсё яе хваліць…

Загароўская (нібы між іншым). Яна шмат каму з мужчын падабаецца… І Рымша на яе паглядае…

Рыгорыха. Прыгожае кожнаму да спадобы. (Паведамляе, і паўз акуляры глядзіць, якое зрабіла ўражанне.) А Кіруша мой сёння сказаў: «Вось што, мама, сёлета мы з хлебам, трэба паклапаціцца і пра сябе…».

Загароўская. Што з ім здарылася? (Усміхнулася.) Няўжо пакахаў каго? (Іранічна.) Гэта-ж можа пашкодзіць выкананню пяцігодкі калгаса…

Рыгорыха (не заўважыла іроніі). Пакахаў, але не кажа каго, нават ад мяне трымае ў сакрэце. (Зусім сур‘ёзна.) «У нас тады, — кажа, — яшчэ лепш пойдуць справы калгасныя…».

Загароўская (хоча даведацца)'. Каго-ж ён гэтак моцна пакахаў?

Рыгорыха (дапытваецца). Няўжо-ж ты не ведаеш? (Падышоў Анішчук і перабіў гаворку, Рыгорыха злосна паглядзела на яго.)

Анішчук (сеў, паведамляе). Так што, Аксеня Змітраўна, ляснула ваша пшаніца. Вы з дзецьмі за ёю даглядалі, а Бондар прадае калгасам па дзяржаўнай цане. Ну і гаспадар!

Рыгорыха. Яблыні, грушы і вішні ў соўгасе ён купляў па дзяржаўнай цане. А чаму ён павінен прадаваць пшаніцу па базарнай?..

Анішчук. Лепей было тады яе самім з‘есці.

Загароўская. О, не! З‘есці кожны дурань здолее. Трэба, каб гэта пшаніца закрасавала на нашых палетках.

Анішчук. Кажуць, бацькі Івана Дзянісава да нас прыязджаюць?

Рыгорыха. Бацька вясною памёр. Прыязджае маці, Глафіра Парфіраўна, адведаць магілу сына, паглядзець наша жыццё.

Анішчук. І нібы жыць тут збіраецца?

Рыгорыха. А што, калі-б і так?

Анішчук. Не хапала нахлебнікаў.

Рыгорыха (абурана). Як табе не сорамна! (Растлумачвае.) У яе там сыны і дочкі, яны жывуць у дастатку і твой ім хлеб не патрэбны. (Відаць, што Рыгорыха нервуецца, яна не можа вязаць.) Дый не вельмі ты нарабіў хлеба!.. Не перадасі!..

Анішчук (злосна, да Рыгорыхі). А калгасная вечарынка таксама ў гонар Глафіры Парфіраўны?

Рыгорыха. Адно да другога. Першы раз пасля вайны збярэмся за адным сталом. Прыедуць студэнты, якія дапамагалі садзіць вішні. І запрасілі ў госці Дзянісаву, маці салдата. (Паглядзела на Анішчука.) Кірыла распарадзіўся — кабана пад лапатку… Нядобра, калі стол будзе не прыбраны…

Анішчук. Добра распараджацца калгасным дабром.

Рыгорыха (хітра). А ты хіба не распараджаўся. Ты-ж таксама праўленец.

Анішчук (панура). Вывелі. (Горка ўсміхнуўся.) З трэскам!.. (Паказвае газету.) Нават у газеце надрукавалі… Абняславілі на ўвесь раён… прыдумалі нейкае нізкапаклонства…

Рыгорыха. А-а-а. Без радзімы чалавек — жабрак. Хто не шануе свае радзімы, той не шануе і сябе. Радзіма чалавеку — другая маці. Трэба ісці з народам плячо ў плячо.

Анішчук. Ведаеш што, старая, твая справа — кухня. Якога там кабана закалолі?

Рыгорыха (усміхнулася). Таго, што летась Касперскі падараваў, — Кірыла з Рымшам параіліся і рашылі пусціць у агульны гаршчок, каб спыніць усялякія размовы.

Анішчук (не можа ўсядзець, зласліва). Сляды замятаюць… Сорамна стала хабарам займацца…

Рыгорыха (насмешліва). Гляджу я на цябе і дзіўлюся, трэба страціць чалавечае сумленне, каб дарэмна чарніць людзей. (Паглядзела на Загароўскую.) Я, каб была дзяўчынай, дык нават-бы поруч не села з табою, не тое што пайсці за цябе замуж…

Анішчук (ускочыў). Або вы змоўкніце, ці…

Рыгорыха (спакойна). Маўчаць я не буду, але пайду, бо забавілася. Там, мусіць, ужо кабана разабралі. Будзем рыхтаваць вечарынку ў калгасе… Пакуль наварым і насмажым… Прыходзь!.. (Пайшла.)

Анішчук (у дагонку). Старая ведзьма!

Загароўская (усміхнулася). Дапякла! (Хітра.) Усе мяне вамі дакараюць, а толькі… Я нават не зважаю, што вас патурылі з праўлення… Яшчэ ёсць мажлівасць паказаць сябе, абы было жаданне… (Мятнулася Лучыніна і схавалася за будынінай, Загароўская яе заўважыла, але не падала віду.)

Анішчук (падсунуўся бліжэй да Загароўскай). Вы мяне кахаеце?

Загароўская. А вы мяне?

Анішчук. Кахаю.

Загароўская (усміхнулася). Двух, адразу? Як-жа гэта можа быць?

Анішчук (горача). Аксеня Змітраўна! Вас адну кахаю. Вы мне завязалі вочы, без вас я, як рыба без вады, задыхнуся. (Ішоў Бондар, але ўгледзеўшы пару, павярнуўся ўбок і знік.) Мне асабліва цяпер патрэбна моцнае апірышча. Калі ў вас ёсць сэрца, дык не адкідайце мяне.

Загароўская. А Лучыніну хіба вы не кахаеце?

Анішчук. Не. І я яе ніколі не кахаў. Больш таго, я яе зненавідзеў!

Лучыніна (не вытрымала). Як? (3 кулакамі кінулася да Анішчука.) А што ты тады гаварыў, калі ў Зялёных Лужках лез цалавацца. (Б‘е.) Думаеш, калі я дачка… дык з мяне можна насміхацца… Не на тую нарваўся!.. Я таксама чалавек!.. (3 слязамі на вачах.) Я… я даўно хацела да цябе дабрацца!.. (Угледзела Несцяровіча.) Добра! Я цябе правучу! Выведу на чыстую ваду… выкрыю ўсю тваю паганую натуру… (Пабегла да Несцяровіча, відаць, як Лучыніна ўсхвалёвана пра нешта расказвае. Несцяровіч уважліва яе слухае. Да іх падыходзіць Ярашэвіч.)

Анішчук (пачухаў патыліцу). Дык як-жа будзе?

Загароўская (прызналася). Я другога кахаю.

Анішчук. Дык навошта вы мяне валаводзілі?

Загароўская. Мне гэта трэба было, каб вырваць ад вас Лучыніну, якая па вушы была закахана ў вас, дый скончыць з плёткай… аб парсючку… (Задаволена.) Усё-ж я перамагла…

Анішчук (аж прастагнаў). Пашкадуйце!

Загароўская (устала, сурова). Той не мужчына, які просіць, каб яго шкадавалі.

Анішчук. А хто-ж?

Загароўская. Хочаце, каб я вам сказала?

Анішчук. Прашу!

Загароўская. Блазан! Вы нарабілі людзям столькі прыкрасці, што ніякай літасці вам не можа быць.

Анішчук (толькі цяпер апамятаваўся). А-а-а. Лоўка вы сыгралі на струнах мае душы. А я лічыў вас наіўнай дзяўчынкай. Адно-ж гэта гадзюка, якая падпаўзла і раніла мяне проста ў сэрца.

Загароўская. Выходзіць, памыліліся.

Анішчук (зласліва). Адно-ж у яе кіпцюры арліцы. А толькі не ўсё яшчэ скончана…

Загароўская (усміхнулася). Усё-такі гругану крыллі падрэзаны…

Анішчук (бездапаможна махае рукамі). Яшчэ палячу… (Хістаецца, як п‘яны.) А толькі і вам не бачыць шчасця… Бондар з Вясніною пасябравалі…

Загароўская. Калі толькі пасябравалі, дык гэта поўбяды…

Анішчук (панура). Канцы мне прышлі!.. (Голасна.) Вера!.. Вера Ігнатаўна!.. (Знікае.)

Загароўская (задумённа, ледзь не шэптам). Кірыла! Як я яго кахаю… Няўжо ён гэтага не бачыць… (Праходзяць Бондар з Вясніною.)

Бондар (спыніўся, да Загароўскай). Ну, як справы, усё сумуеце? Па Анішчуку? Кажуць, залёты робіць?

Загароўская (каля губ акрэсліліся горкія складкі). Сватаецца.

Бондар (пакутліва). Што-ж, жадаю вам шчасця!.. (Пайшлі.)

Загароўская (адна, заплакала). Столькі пакуты!.. Ён, мусіць, не хоча бачыць, што я яго кахаю… Ці, хутчэй, мяне не кахае… (Сказала і сама спалохалася.) Так, так. Яму больш да спадобы Вясніна… (У адчаі.) Тады я тут і аднаго дня не застануся… Яго Вясніна абваражыла… Ну што-ж, калі ласка… Сілком не прымусіш кахаць… (Піша і голасна чытае.)… Прашу перавесці мяне ў другую школу… (Падумала.) Дык я і там здолею весці вопыты!.. Вырашана!.. (Хутка падышоў Рымша.)

Рымша (задыхаўся). Аксеня Змітраўна! Вясніной тут не бачылі?

Загароўская. 3 Бондарам пайшла, варкуючы. Так і ліпне да яго, проста на шыю вешаецца…

Рымша. Друг то друг, але навошта такое свінства.

Загароўская (здагадалася ў чым справа). А што такое?

Рымша. Нічога.

Загароўская (бачыць яго навылёт). Што з вамі? Вы хворы? У вас твар спалатнелы…

Рымша (выціраецца рукавом). Каля мукі ходзіш…

Загароўская. Рукі дрыжаць… пасінелі губы…

Рымша. Аксеня Змітраўна! У вас кавалачка паперы не будзе?

Загароўская. А навошта яна вам?

Рышма. Заяву напісаць.

Загароўская (загадкава паглядзела на Рымшу, хавае сваю заяву). Тут няма.

Рымша (заглянуў у кніжку, з якой відаць спісаная папера). А вы таксама пішаце заяву?

Загароўская (разгублена). У мяне вышла мука… Дык я напісала…

Рымша. Гэтую бяду хутка можна паправіць. (Хацеў узяць паперку.) Давайце сюды заяву. Пасля ў Бондара аформіце. Сёлета хлеба хапае.

Загароўская (не дае паперкі). Так нельга. (Хацела ісці). Я зараз прынясу вам паперы.

Рымша. Навошта турбавацца. Вось адарвіце мне невялікі кавалачак…

Загароўская (згадзілася). Можна. (Адарвала.)

Рымша (просіць). Аксеня Змітраўна! Чыркніце пару слоў. (Дыктуе.) У райком партыі. Заява. З прычыны таго, што я цяжка занядужаў, прашу перавесці мяне на другую працу. (Падпісваецца.) Гальяш Рымша.

Загароўская (хітра). А што ў вас за хвароба?

Рымша. Клімат тут дрэнны, каля балота жывеш, малярыйныя камары.

Загароўская (паглядзела на Рымшу, ледзь захоўвае ўсмешку). Каб дбайны быў у нас гаспадар, дык даўно-б асушыў гэта балота. Такая пшаніца на ім расце! кок-сагыз! Тэта-ж у нас была-б другая Украіна!

Рымша (абурана). Няпраўда. Бондар добры гаспадар, — асушка балота прадугледжана ў трэцім годзе пяцігодкі калгаса, — а толькі вялікі свінтус. У гэтым закавыка! (Падумаў.) Атрымаць на нашай зямлі такі ўраджай жыта і бульбы, трэба мець добрую галаву на плячах. Зноў-жа зняць такую пшаніцу! А які лён, каноплі, кок-сагыз, кукуруза, якой раней у нас не сеялі. (Складае заяву.) Гэта трэба зразумець! Пайду!

Загароўская (усміхнулася). А на што вы скардзіцеся?.. Дзе больш у вас баліць?..

Рымша. Усё разам сабралася… і паясніца… і рэўматызма… і ў баку коле… але больш за ўсё баліць сэрца… неяк ные… і млосна на душы…

Загароўская. Хіба-ж сэрца райком лечыць?

Рымша. Усе нашы сэрцы цягнуцца да партыі. (Дастаў з кішэні памятую паперку.) Глядзіце яшчэ пад Сталінградам напісаў. (Чытае.) «Калі заб‘юць, прашу лічыць мяне комуністам». (Пайшоў.)

Загароўская. Горш за ўсё, калі сэрца баліць. (Заканвертавала заяву.) Так будзе лепей. (Рашуча.) Сёння-ж паеду адсюль, — мне тут стала душна. Я і аднаго дня тут заставацца не буду. А потым вярнуся, здам школу і хату-лабараторыю. (Ідзе ў свой пакой, адкрывае акно, знімае фіранкі.)

Анішчук (ідзе, спатыкае Лучыніну). Вера!..

Лучыніна (паведамляе). Я пра ўсё расказала. (Яна пераапранута, выглядае простай сялянскай дзяўчынай, і гэта больш ёй да твару.)

Анішчук (апусціў галаву). Загароўская закругліла. Зблытала ўсе карты… «Званковы валет» паў ніцма… (Загароўская чуе, усміхнулася.)

Лучыніна (з дакорам). Не ведала я цябе…

Анішчук (просіць). Даруй, Вера…

Лучыніна (цвёрда). Не!.. Усё скончана… (Афіцыйна.) Я да вас, Андрэй Пятровіч, нічога не маю… Вы вольны чалавек… (Хацела ісці.)

Анішчук (упаў перад ёю, загарадзіў дарогу). Вера!.. Або забі, ці даруй…

Лучыніна. Ні тое, ні другое. (Пераступіла цераз яго.) Такіх людзей трэба баяцца… у іх нічога няма святога… Ад такіх людзей трэба быць далей…

Анішчук (умаляе). Вера Ігнатаўна! (Падняўся на рукі.) Дык хоць можна мець надзею?..

Лучыніна. Выкіньце мяне з галавы… Я для вас не існую… Бывайце!.. (Пайшла.)

Анішчук (ірве на галаве валасы). Што я нарабіў… Усе мяне адцураліся… Для ўсіх я чужы… Нікому я не патрэбны… Застаецца з моста і ў рэчку… (Страсянуліся плечы, ён трохі ніцма паляжаў, а потым падняўся і пасунуўся, нічога перад сабою не бачачы.)

Лучыніна (праходзіць каля акна, да Загароўскай). Аксеня Змітраўна! Не падумайце толькі, што я на вас пакрыўджана, ніколькі. Скончыліся мае пакуты. Ён гуляў са мною, як кот з мышшу… Я рада, што вырвалася з яго кіпцюроў… (Пауза.) А вы што, да свята рыхтуецеся?

Загароўская (збянтэжана). Ага!

Лучыніна. Шчаслівая! Прызнацца па праўдзе, я вам зайздрошчу, Кірыла Рыгоравіч такі чалавек, ён будзе шанаваць сваю жонку. А чаму вы кнігі пакуеце?

Загароўская (разгублена). Гэта-ж я іх выціраю… і стаўлю ў шафе… запыліліся ў карзіне…

Лучыніна. Вы ў апошні час такая сумная. Я дык на вашым месцы спявала-б ад шчасця… У Кірылы Рыгоравіча добрае сэрца… Ён такі чуллівы да людзей… Праўда?..

Загароўская (няёмка сябе адчувае). Так… але не для ўсіх… да іншых проста бяздушны…

Лучыніна. Да ўсіх добрым нельга быць. (Пауза). Нашто мой бацька маўчальнік, але і ён загаварыў, што Бондар і клапатлівы гаспадар, і добры чалавек… а галоўнае — справядлівы… Ён на справе давёў, што перад калгасам — вялікая будучыня… Гэта-ж я нясу ад бацькі заяву аб прыёме яго ў калгас… Яшчэ я напісала пра Анішчука, усё, што ведала… Можа прачытаеце?..

Загароўская (хутка прабегла вачыма, ёй свае ў галаве). Добра. Вы несяцё гэтую заяву Несцяровічу?

Лучыніна. Так.

Загароўская. Будзьце ласкавы, перадайце яму вось гэтае пісьмо.

Лучыніна. Магу, не цяжка. (Пайшла.)

Загароўская (горка ўсміхнулася). «Я шчаслівая!.. Мне зайздросцяць!.. Э-эх, Лучыніна, каб ты заглянула ў маю душу, дык гэтага-б не сказала… Перад табою Анішчук поўзаў на каленях, а ты пераступіла яго і пайшла… А я лічу за шчасце, калі Кірыла са мною загаворыць… Не быць мне шчаслівай, не-е… (Хутка складае сукенкі ў чамадан, падыходзіць Касперскі з пугаю ў руках, заглянуў у акно.)

Касперскі (падміргнуў). Перабіраецеся?

Загароўская (страсянулася). Ой, напалохалі.

Касперскі (усміхнуўся). Вам гэта не зашкодзіць. (Прывітаўся за руку.) А можа?.. Кірыла Рыгоравіч любіць дзяцей, ён як прыдзе да нас, дык мой меншы хлопчык з рук у яго не злазіць… (Махнуў рукою.) Эт, молада-зелена!.. Вось у мяне як сядуць за стол, дык у шаснаццаць лыжак малоцяць…

Загароўская (не ўтрымалася, смяецца). Ой, дзядзька!.. Заўсёды пакеплівае…

Касперскі (другім тонам). Дык што-ж, гаспадыня, я сёе-тое прывёз, прымай…

Загароўская (хутка). Я не гаспадыня…

Касперскі. Дык будзеш ёю!..

Загароўская. Яшчэ невядома…

Касперскі. Бондар мне даўно казаў… (Успамінае.) Неяк было зімою, калі дапамагаў мне скласці пяцігадовы план нашага калгаса…

Загароўская (з вялікай зацікаўленасцю). Што ён казаў?..

Касперскі. Хітранькая!.. (Усміхнуўся.) Хоць табе па сакрэту магу сказаць… (Падміргнуў.) Толькі ты яму ні слова…

Загароўская (з відам змоўшчыцы). Што вы! Hі-ні!..

Касперскі (хітра). У яго там недзе нейкая ёсць зазноба…

Загароўская. Вось гэта можа быць…

Касперскі. А што-ж, ён мажэ!.. Такі дзяцюк!.. А гаспадар які!.. Мне старому ніяк яго не дагнаць… Вось вы насадзілі вішань, а я толькі на будучы год планую…

Загароўская. Вы прабачце мяне, дзядзька, але я спяшаюся…

Касперскі (сур‘ёзна). Вечарынка тут будзе, у школе?

Загароўская. Так.

Касперскі (цвёрда). Тады прымай. Няма чаго саромецца. Прывыкай!

Загароўская (жартаўліва). Зноў парсючка прывезлі?..

Касперскі. На гэты раз бычка, на катлеты… (Чатыры чалавекі ледзь нясуць гавяджую тушу, Загароўская адчыняе дзверы.) А бочку, хлопцы, укоціце ў склеп… Тут нельга пакідаць, маладая любіць піва… (Знікаюць.)

Загароўская (у сваім пакоі). Хутчэй адсюль… (Спяшаючыся складае рэчы.) Хоць на край свету… Як не буду яго бачыць, дык сэрца будзе спакайнейшым…

Касперскі (ідзе па садзе, сустрэў Бондара з маці, якія паміж сабою гаварылі). Віншую!

Бондар. З чым?

Касперскі. Маладая збірае рэчы… перабіраеш да сябе… правільна!.. Досыць хадзіць у легцы, трэба ўпрагацца і цягнуць сямейны воз…

Бондар. Якая маладая?

Касперскі. А ў цябе іх шмат? Загароўская.

Бондар (лупае вачыма, да маці). Значыць, праўда, яна да яго пераходзіць.

Рыгорыха. Пэўна.

Касперскі. Я толькі скіну піва і з возам пад‘еду, перакінуць рэчы…

Бондар. Нічога, не хворая сама перанесці, колькі тых рэчаў…

Касперскі. Як хочаш! (Гукае.) Стой, хлопцы, скідай! (Пайшоў.)

Бондар (да маці). Якая лёгкадумнасць! Зусім гэтага ад яе не чакаў. Дзяўчыне абы выскачыць замуж…

Рыгорыха. Розныя ёсць дзяўчаты… (Разам з сынам, а можа нават больш за яго, пакутуе.) Выходзіць, што ты яе не ведаў… (Падумала.) Што-ж, хіба толькі свету, што ў акне… (Цяжка.) Значыць, не судзіў лёс…

Бондар (уздыхнуў). А ты, маці, заўсёды казала, — будзе на стале хлеб, будзе ў хаце і шчасце. А выходзіць яно так і не так.

Рыгорыха. Я і цяпер так думаю — калі ёсць хлеб, дык будзе і шчасце. Будзе! А пакуль: людское шчасце, тваё шчасце. (Марыць.) А як будзе прыгожа, калі зацвітуць вішні… пра вішнёвы сад я яшчэ ў дзявоцтве марыла… але твайму бацьку не да саду было, бо елі хлеб з мякінаю і лебядою… Цяпер я шчаслівая!..

Бондар (шчыра). Меркавалася іначай жыць… А толькі, як ты кажаш, не судзіў мне лёс… (Падумаў.) Хоць я ў лёс не веру… Лёс чалавека ў яго ўласных руках… Чалавек — каваль свайго шчасця…

Рыгорыха (апусціла галаву, відаць, што яна пакутуе, глуха). І яно будзе… прыдзе шчасце… можа нават тады, калі ты яго зусім не будзеш чакаць…

Бондар. Ну што-ж, я на яе не крыўдую, і яна хоча сабе шчасця… А толькі, ці будзе з ім шчаслівай?.. Хоць гэта яе справа… (Падумаў.) А толькі я…

Рыгорыха (напалохана). Што, сынок, не ўздумай толькі…

Бондар (з горкай усмешкай). Не бойся!.. Тапіцца я не пайду… Але і тут заставацца не магу… Зараз і без мяне абыйдуцца… Я даўно пра гэта меркаваў… Цяпер зручны момант… Ты разумееш мяне?..

Рыгорыха (панура). Зноў пакінуць хочаш?..

Бондар. Інстытута я не скончыў… І сапраўды атрымоўваецца, недавучаны аграном… Згода, мама?..

Рыгорыха (украдкам, рогам хусткі выцерла вочы). Што-ж зробіш, згода…

Бондар (закружыў Рыгорыху). Якая ты добрая, маці, ты ў мяне лепшая за ўсіх! (Дастае блок-нот, прымайстраваўся на пні, піша.) У райком партыі. Заява. Прашу камандыраваць мяне ў Горкі для заканчэння сельскагаспадарчага інстытута… Старшынёю калгаса прапаную вылучыць таварыш Вясніну… (Устаў.) Як праснецца, перадай Несцяровічу, а толькі не будзі яго, ён дзве ночы не спаў… Я ледзь угаварыў Несцяровіча з Ярашэвічам прыехаць да нас на свята…

Рыгорыха. Але табе, мусіць, Несцяровіч сёння трохі ўсыпаў…

Бондар. Не трохі, а добра даў… «Ты займаешся, — кажа, — гаспадаркай, а пра партыйную арганізацыю забыў…». А гэта-ж так… Я слаба дапамагаў у працы сакратару… Тлумачыцца гэта тым, што партарганізацыя пры сельсовеце… На самай справе, і Рымшу, і Вясніну, і Касперскага, і Загароў… (асекся, паправіўся), і шмат каго яшчэ можна і трэба было даўно прыняць у партыю… Тады-б у нас можна было арганізаваць партгрупу…

Рыгорыха. А што, ці я табе гэтага не казала?..

Бондар (усміхнуўся). Дык ты-ж беспартыйная…

Рыгорыха. Гэта наша партыя і мы павінны даць, каб пасылаць у партыю лепшых людзей…

Бондар. У партыю людзей не пасылаюць, а партыя прымае тых, якія гэтага вартыя.

Рыгорыха. Не чапляйся да слова… але правільна?..

Бондар (смяецца). Правільна! (Падумаў.) А ты ў мяне, мама, заўзятым палітыкам стала!.. (Збіраецца ісці.)

Рыгорыха. Ты куды?

Бондар (паглядзеў на гадзіннік). Хутка павінна прыехаць госця, Глафіра Парфіраўна Дзянісава, Несцяровіч паслаў за ёю машыну… (Разыходзяцца.)

Анішчук (схіліўшыся, сядзіць пад дубам, працягвае пісаць). І я, як тая свіння пад дубам, рыў яму… Усё таптаў пад ногі, што не мною зроблена… (Падумаў, піша.) І вопыты я рабіў не для агульнай карысці, а для свае асабістае славы… (Спыніўся, падумаў, зноў піша.) Мяне сапраўды пацягнула на хутары… Я іх часта ўспамінаў… Ва мне праявілася натура кулака… (Успамінае.) І на вайну я пайшоў апошнім, калі Совецкая Армія нас вызваліла, а з вайны прышоў першым… (Пауза.) Я апынуўся над абрывам, — яшчэ адзін крок і я ў прорве… (Некаторы час моўчкі піша.)… Прашу паверыць, калі дасце мне мажлівасць, дык сваёю працаю давяду, што я здольны стаць карысным чалавекам… Прасіцель Андрэй Анішчук. (Выцер рукавом на ілбе пот, прабег вачыма заяву, нешта паправіў, а потым падняўся і пайшоў.)

Рыгорыха (вяртаецца, з паперкамі ў руках, радасная, гукае). Кірыла! Го-о!

Бондар (сядзеў задумаўшыся). Я тут!

Рыгорыха (падышла, вяртае заяву). А Несцяровіч і зусім не лажыўся… То адзін у яго, то другі…

Бондар Адмовіць? Дык я ў абком паеду. Я тут не застануся!..

Рыгорыха (усміхнулася). А ты прачытай добра, разбярыся.

Бондар (пакруціў у руках паперку, чытае). Таварыш Загароўскай. На заключэнне. Прашу вырашыць пытанне. Р. Несцяровіч.

Рыгорыха (паказвае). А гэта яна піша.

Бондар (чытае). Адмовіць. Аксеня Загароўская. (Ашаломлены такою навіною, лупае вачыма.)

Рыгорыха (падсунула яму паперку). А вось яе заява, просіць перавесціся ў другую школу. Усе рэчы ўжо сабраны, сядзіць дзяўчына на чамаданах і румзае.

Бондар. А якая думка Несцяровіча?

Рыгорыха. Чытай.

Бондар (голасна чытае). Таварышу Бондару. Прашу стварыць такія ўмовы, каб працаўнікі не разбягаліся. Аб выкананні далажыць. Р. Несцяровіч.

Рыгорыха. Каб ты паглядзеў, што ў яе робіцца.

Бондар. І Несцяровіч там быў?

Рыгорыха. І Несцяровіч, і Ярашэвіч, і Касперскі, — яны і цяпер там. (Таямніча.) А каб ты ведаў, як яна цябе кахае. (Дабрадушна.) Эх вы, мужчыны!.. Пішы. (Падказвае.) Чамаданы не распакоўваць…

Бондар. Скажы ёй, мама, што і я яе кахаю. (Піша і голасна чытае.) Чамаданы не распакоўваць… Як-небудзь уладзім. Р. Бондар.

Рыгорыха. А гэта мы і без цябе зробім. Яна толькі чакае твайго слова.

Бондар (рады). Я сам туды пайду. (Чуцен гудок машыны.)

Рыгорыха. Не, ты будзь тут. Мы хутка ўправімся, Касперскі з падводаю чакае. Пасля сюды прыдзем. (Хутка пайшла.)

Бондар (задаволены, напявае). Добра маці сказала, што шчасце можа тады прыйсці, калі ты яго зусім не чакаеш. (3 рэвам праходзіць па дарозе, не спыняючыся, машына.)

Несцяровіч (падышоў з Ярашэвічам да Бондара, у руках паперы). Дзякуй, Кірыла Рыгоравіч! Гэта ён запрасіў нас так у госці, — не адпачылі мы ў цябе, а толькі больш стаміліся. Непарадкі на кожным кроку. Бачыў, колькі насыпалі заяў. (Перадае, падміргнуў Ярашэвічу.) Вось і будзеш жыць ад кампаніі да кампаніі… На, разбірайся!.. Пачалася новая «кампанія»… (Ідуць Вясніна і Рымша, шчаслівыя.)

Бондар (угледзеў іх, да Несцяровіча і Ярашэвіча). Ад Рымшы. (Нібы чытае.) …Прашу перавесці мяне… (Усміхнуўся.) Што-ж, Гальяш мой друг, трэба просьбу задаволіць. (Ідуць людзі на спатканне Дзянісавай.)

Вясніна (замахала рукамі). Не, не! Я пратэстую… Я дайду да райкома… Самому Несцяровічу паскарджуся…

Несцяровіч (усміхнуўся). А ты ўжо, Настася Піліпаўна, мяне і не заўважаеш…

Вясніна. Прабачце, Раман Мікалаевіч, за гэтым Рымшам я цяпер света белага не бачу… Засланіў ён мне вочы…

Рымша. Я назад бяру заяву…

Вясніна (цягнецца). І я… (Бяруць заявы.)

Бондар. А табе, Настася Піліпаўна, такі варта было-б паехаць на курсы…

Рымша (абурана). А яшчэ завецца друг…

Вясніна (усміхнулася). Можа хіба зімою… (Паглядзела на сябе.) А ну цябе, Рымша, усю выбеліў…

Рымша. З кім павядзешся…

Бондар (здзіўлена). Ігнат Лучынін просіць, каб яго прынялі ў калгас. (Падумаў.) Абмяркуем на праўленні. (Палажыў заяву ў кішэню.) Што-о? Ад Анішчука?.. Дараваць яму?.. (Загаманілі людзі.) Яшчэ што!.. (Падыходзіць Загароўская, Рыгорыха і Касперскі.)

Несцяровіч (асцярожна). Абмяркуйце, можа варта адносна амністыі падумаць… (Нібы падказвае.) Няхай работай давядзе, што ён не канчаткова прапашчы чалавек… (Да Ярашэвіча. А ты як глядзіш?..

Ярашэвіч. Таксама як і ты…

Рыгорыха. Не ўпірайся, сынок, а можа чалавек асвойтаецца…

Бондар (ён думае пра другое). Перабралася?

Рыгорыха. Няўжо-ж! (Ціха.) Ды падыйдзі ты да яе, пагавары, дзяўчына па ім сохне…

Бондар (падышоў да Загароўскай). Даруй, Аксеня, неяк недарэчна вышла…

Загароўская. І ты мне, Кірыла, даруй… Мы не разумелі адзін аднаго…

Касперскі. Ну, цяпер мне, старому, цяжка будзе спаборнічаць з імі…

Несцяровіч (да Бондара). Дык па-твойму Вясніна справіцца з кіраўніцтвам калгаса «Перамога»? (Усе напружана слухаюць.) Ты сур’ёзна пра гэта пісаў?

Бондар (у недаўменні). Зусім сур’ёзна.

Несцяровіч. Дык мы мяркуем задаволіць тваю просьбу ў той частцы, дзе ты просіш вызваліць цябе ад старшыні калгаса, але зробім цябе старшынёю райвыканкома. (Да Ярашэвіча.) Віктар Сымонавіч! Як ты лічыш?

Ярашэвіч. Падтрымліваю.

Вясніна (збянтэжана). Не спраўлюся… Не, не!..

Ярашэвіч. Бондар дапамагаць будзе…

Вясніна. Хіба…

Касперскі. Хоць з Вясніной яшчэ паспрачаемся, хто будзе першым… (Марыць.) І такі Амерыку абгонім!.. (Загула машына.) Прыехалі! (Усе хлынулі да дарогі. Адтуль ідзе Дзянісава.)

Дзянісава (да усіх). Добры дзень! (3 Рыгорыхай пацалавалася.)

Галасы. Добры дзень! З прыездам! (Дзянісава ідзе да магілы-кургана, відаць, што ў яе ў гэтую хвіліну нічога не існуе, акрамя сына. Яна развязала хустачку і сыпнула жменю зямлі.)

Рыгорыха. Нічога няма даражэй жмені роднай зямлі.

Дзянісава (упала на калені, зарыдала). А сыночак мой, Ванюша, гэта я, твая маці, ці чуеш ты мяне?.. Адгукніся!..

Бондар (хацеў падняць Дзянісаву). Глафіра Парфіраўна! Не трэба так убівацца…

Рыгорыха (адхіліла рукою Бондара). Не чапай, дай маці выплакацца па сыну. Лягчэй стане на сэрцы…

Дзянісава (яна нічога не чуе і нікога не бачыць). Не думала я, сокал мой ясны, што табе так рана ворагі падрэжуць крыллі. Ты маўчыш…

Рыгорыха (асцярожна). Спакойна спіць салдат, ён выканаў свой абавязак да канца… (Да ўсіх.) Схіліце галовы, мацеркі… Ратуючы вашых дзяцей, салдат аддаў сваё жыццё…

Дзянісава. Ты памёр… А на каго ты сваю старую маці пакінуў… Хто мне вочы закрые…

Рыгорыха (ледзь стрымалася, каб не заплакаць, паднімае Дзянісаву). Ён жыве ў нашых сэрцах, у нашых справах… Дзе ён быў забіты, узвышаецца электрастанцыя імя Івана Дзянісава… яна дае святло людзям, дзеці па вечарах, водзячы пальцамі па буквару, чытаюць: «Мы — не рабы. Рабы — не мы». Яго імем названа хата-лабараторыя. Кожны дзень Івана Паўлавіча Дзянісава людзі ўспамінаюць…

Дзянісава (устала, пакланілася ўсім). Дзякую, дарагія мае, што шануеце памяць майго сына… Мы з вамі на-векі парадніліся… (Да Рыгорыхі.) А як гэта месца завецца, дзе ён пахаваны?..

Рыгорыха. Дзянісаў курган… Кажуць, што з гэтага месца далёка відаць…

Дзянісава (зноў плача). А сыночак мой, а даражэнькі, а я-ж цябе гадавала, сэрца радавалася, калі ты стаў на ногі… (Пауза.) Ты выканаў наказ маці… Вораг не топча нашай зямлі…

Рыгорыха (бярэ пад руку). Глафіра Парфіраўна! Вы здарожыліся… Маці па дзецях ніколі слёз не выплакаць… (Пайшлі, збіраюцца калгаснікі, далёка зайгралі музыкі, чутна песня, яна набліжаецца.)

Дзянісава. Што гэта ў вас, свята якое?

Рыгорыха. Свята ўраджаю.

Дзянісава (зноў пра сваё). А як Ванюшу забілі?

Рыгорыха. Пра ўсё раскажу. (Сумысля гаворыць пра другое.) Праўду кажучы, мы ў гонар вашага прыезду зрабілі свята. Нашы-б можа не дадумаліся да гэтага, але райком падказаў, — партыя наперад глядзіць. (Падышлі да школы. Над дзвярыма новай будыніны прыбіваюць шыльду: «Хата-лабараторыя імя Івана Дзянісава». Падыходзіць моладзь.)

Дзянісава (паглядзела ў той бок, заморгала вачыма. Яна толькі цяпер прышла ў сябе). Вас я адразу пазнала. А каторы ваш сын?

Рыгорыха. Вось ён, Кірыла, знаёмцеся. (Кірыла прывітаўся.) А гэта сакратар райкома.

Дзянісава (вітаючыся з Несцяровічам). Прабачце мяне… (Выцірае слёзы.) Не ўтрымалася…

Несцяровіч. Маці сваіх слёз няма чаго саромецца…

Рыгорыха (паказвае). А гэта дырэктар МТС, ён дапамог нам стаць на ногі.

Ярашэвіч (вітаючыся з Дзянісавай). Яны і без мяне цвёрда стаялі на грунце. (Да школы на поўным ходзе пад’ехаў Гайдук, ён прывёз са станцыі студэнтаў.)

Гайдук (хутка падышоў да Бондара). Дазвольце далажыць, таварыш старшыня калгаса…

Несцяровіч (голасна). Старшыня райвыканкома.

Гайдук (яшчэ больш падцягнуўся) …Таварыш старшыня райвыканкома. З ветрыкам даставіў студэнтаў. (Ідзе група моладзі, па-гарадскому адзетыя, вітаюцца.) А толькі прыехалі тыя, якія садзілі сад… Астатнія чамусьці затрымаліся…

Бондар. Глафіра Парфіраўна! Раман Мікалаевіч! Віктар Сымонавіч! Вінцэнт Казіміравіч! (Да ўсіх.) Прашу на свята ўраджаю. (Усе ідуць да сталоў, якія стаяць у садзе, запальваецца электрычнасць. У цэнтры партрэт Сталіна. На вітрыне прыбіта: пшаніца, жыта, грэчка, кукуруза, лён, каноплі, кок-сагыз; ляжыць бульба, капуста, бручка. На сталах закуска, віно.)

Дзянісава (здзіўлена). От гэта пшаніца!

Рыгорыха (растлумачвае). Гэта-ж на асушаным балоце такая вырасла. А насенне Загароўская вывела, яна знайшла невялічкі пакуначак з пшаніцаю ў паходным мяшку Ванюшы, і пасеяла на вопытным полі.

Дзянісава (задаволена). А-а-а. Ванюша ўвесь час практыкаваў.

Ярашэвіч (да Несцяровіча). Прызнаюся, мяне дзівіць, адкуль тут гэтулькі талентаў?

Дзянісава (разглядае пшаніцу, пачула). Зямля, відаць, тут такая. (Зайграў аркестр, усе садзяцца за стол. Нехта з моладзі неасцярожна павярнуўся, упала луста хлеба.)

Рыгорыха (падняла хлеб, абцерла, пацалавала, да моладзі). Нельга, дзеткі, раскідацца хлебам. (На яе паглядзела Дзянісава, Рыгорыха прадоўжыла.) Звычай у нас такі, што не можна таптаць хлеб нагамі…

Дзянісава. Добры звычай. Хто ведае, як цяжка здабываецца хлеб, той гэтага не будзе рабіць… (Аглядае сталы.) Ой, што у вас тут робіцца…

Бондар. Што-ж, добра папрацавалі, слова, дадзенае таварышу Сталіну, выканалі, а цяпер можна і павесяліцца. (Падняў руку.) Напоўнім чаркі! (Зазвінеў посуд.) І вып’ем першую чарку за лепшага друга калгаснікаў, за таварыша Сталіна! (Раздаецца магутнае «Ура-а!». Загароўская заспявала «Лянок», усе падхапілі. Іграе аркестр.)

Заслона

1948 г. Мінск—Ялта.

На белорусском языке
Илья Гурский
ХЛЕБ
Государственное Издательство БССР
Минск 1949 г.



Рэдактар В. Няфёд
Тэхрэдактар Л. Прагін
Карэктар А. Даніловіч


АТ 01837

Падпісана да друку 11/VI-49 г.

Тыраж 5 000 экз.

Папера 70×108/32.

Вуч. выд. арк. 3,3. Друк. арк. 5.

Зак. № 204.


Друкарня ім. Сталіна, Мінск, Пушкіна, 55.

Цана 2 руб.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.