Перайсці да зместу

Хвоя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хвоя
Аўтар: Уладзімір Рагуцкі
1938

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цябе любіць ранак золкі,
Любіць ясная зара,
Пасля дожджыка вясёлка
Абнімае, як сястра.
І, як вечарам паволі
Ахіне прастор імжа,
На тваім шырокім голлі
Зоры спелыя дрыжаць.
І стаіш ты, ані дбаеш,
Над глыбокаю ракой,
У люстэрка пазіраеш,
Умываешся расой.
Рэюць песні над табою,
Спеюць ягады вакол,
Але заўтра, раніцою,
Ты павалішся на дол.
А як скоцішся з абрыву,
Я скажу:
— Шчаслівы пуць!
За табою над вадою
Мае мары паплывуць.
Па імклівых водах нашых
Будзе шлях твой да пары:
Мае мары разгадаўшы,
Спыняць дзесь цябе сябры.
Змераць поглядам любоўным...
І тады — у іх руках —
Станеш скрыпкаю цудоўнай,
Небывалай у вяках.
Для прыгожай гордай мэты
Зберагуць цябе як след, —
І на конкурсе сусветным
Здзівіш музыкаю свет.
Будзе дзень вялікі гушкаць
Тваю песню на руках.
Запяюць чароўна птушкі
Пад узмахамі смычка.
Нават пушчы загамоняць,
Зашумяць на ўсе лады.
Гучна ў яблыкі зазвоніць
Сад багаты, малады.
Будзе сэрца калыхацца
На высокіх хвалях струн.
Акрыляе гром авацый
Славы нашае зару.