Перайсці да зместу

Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1926

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старадаўняе беларускае пісьменства у сваім разьвіцьці ўтварае рэзкую крывую лінію.

У XIV і XV сталецьцях мы бачым зараджэньне беларускага пісьменства, першыя ўсходы яго; у XVI сталецьці гэтае пісьменства дасягае ў сваім разьвіцьці кульмінацыйнага пункту і, урэшце, у XVII і XVIII ста­лецьцях назіраецца паступовы спад літаратурнае хвалі.

На самым высокім грэбні гэтае паступова ўзра­стаўшае і спадаўшае літаратурнае хвалі ў XVI ста­лецьці ўздымаецца магутная постаць Францішка Скарыны, які мае найвялікшае значэньне як культурна-нацыянальны і літаратурны дзе­ яч старажытнае Беларусі.

Але, ня гледзячы на гэткую цэнтральную ролю Скарыны ў бела­рускай культуры, яго жыцьцё, асоба і нават самая літаратурная дзей­насьць высьветлены далёка ня грунтоўна. Яшчэ ў 1879 годзе адзін дробны дасьледчык выказаў думку, што асоба Скарыны засталася загадковаю і няяснаю[1]. З таго часу прайшло блізка што поўсталецьця, але, ня гледзячы на цэлы рад прац, прысьвечаных Скарыне, цемень, які агарнае сабой яго асобу, расьсеяўся не цалком: і зараз, вывучаючы жыцьцё і творчасьць славутнага беларускага дзеяча, дасьледчык на кожным кроку спатыкаецца з пытаньнямі спрэчнымі і загадковым; і зараз вывучэньне Скарыны стаўляе больш проблем і запытаньняў, чымся дае сталых і пэўных дасягненьняў. Ужо самая дата нараджэньня Францішка Скарыны не ўстаноўлена з дакладнасьцю. З некаторай блізкасьцю да праўды можна аднесьці яе да апошняй чвэрці XV сталецьця (каля 1490). Калі прыпусьціць, што ў 1504 годзе Скарына па­ступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт, то, паводле правіл унівэрсытэту, ён павінен быў у гэты час мець ня меней, як 14 год; у 1517 годзе, калі ён выдаў сваю першую кніжку ў Празе, яму, значыцца, было ня менш, як 27 год; у такім прыблізна веку Скарына і нарысаваны на портрэце 1517 году. Да гэтых меркаваньняў, якія прыводзіць Уладзімераў ў сваёй дысэртацыі[2], мы, з свайго боку, можам дадаць некаторыя весткі з найноўшых крыніц, якія былі невядомы профэсару Уладзімераву. У матар‘ялах, што апублікаваў профэсар Шляпкін, якія нале­ жаць да 1512 году, беларускі пісьменьнік названы юнаком (est quidam doctissimus iuvenis artium doctor pauper[3]). Наадварот, у матар'ялах пазь­нейшых, 1530 году, што апублікаваў Мілавідаў, усюды да Скарыны да­ пасоўваецца назоў—vir (сталы чалавек, муж.[4]). Juvenis у 1512 годзе, vir у 1530 годзе — гэтыя назовы робяць яшчэ больш пэўнымі і бясспрэчнымі меркаваньні Уладзімерава адносна прыблізнай даты нара­джэньня Францішка Скарыны.

Калі гэтую дату даводзіцца ўзгрунтоўваць толькі на ўкосных вестках і рознага рода здогадках, то затое з пэўнасьцю і вычарпанай даклад­насьцю можна зазначыць месца нараджэньня Скарыны і яго нацыяналь­нае пахаджэньне. Зазначаючы сваё імя і вучоную годнасьць, Францішак Скарына звычайна дадае: „Съ Полоцка, из славного града Полоцка", называючы „рускі язык" сваёй роднай мовай. Напрыклад, у прадмове да Псалтыру 1517 году мы чытаем: „ІА Францишек Скорининъ сынъ с Полоцька, В лекарскых Науках Докторъ повѣлелъ есмы Псалтырю тиснути рускыми словами, а словенскым іазыкомъ... Наболей с тое причины иже на(с) б(о)гъ с того іазыка на свет пустил"[5]. У прадмове да кнігі Данілы прарока, кажучы аб розных перакладчыках гэтае кнігі, Скарына зазначае: „Аз теже не достойный последовникъ и нароженый в руском іазыку“.[6] У іншых прадмовах досыць часта Францішак Скарына называе рускі язык сваім прыраджоным.

Гэтыя і да іх падобныя зазначэньні самога Францішка Скарыны разбурваюць тэндэнцыю некаторых польскіх вучоных, якія імкнуцца паказаць беларускага дзеяча паляком. Гэткую тэндэнцыю перш за ўсё мы сустракаем у Ліндэ, які кажа аб асобе Скарыны, як аб асобе slawnego wspolziomka naszego[7], а ў іншым месцы проста называе паляком. (Spodziewam sie, ze mi wybacza wspolziomkowie, iz o slowianskich pracach Polaka, Franciszka Skoryny z Polocka, z takiem wyszczegolnieniem donioslem[8])

Больш об'ектыўным зьяўляецца Вішнеўскі; ён называе пераклады Францішка Скарыны najznakomitszem dzielem w literaturze bialoruskiej[9]. Але і гэты польскі дасьледчык не зьяўляецца цалком бесстароньнім; прызнаючы мову Скарыны беларускай, Вішнеўскі адначасна выяўляе тэндэнцыю збліжаць гэтую мову з польскай; ён кажа пра Скарыну, што той „zamiast cerkownego jezyka, wszystkim Rusinom nieco do zrozumienia trudniejszego, uzyl jezyka bialoruskiego", але, пры гэтым Вішнеўскі дадае, што беларуская мова, ze wszystkich najbardziej zbliza sie do polszczyzny[10]. У найноўшыя часы тэндэнцыю Ліндэ ў найбольш чыс­тым выглядзе зноў уваскрашае Віндакевіч, які ў сваіх „Materyalach do historyi polakow w Padwie“ дае сьпіс асоб польскае нацыянальнасьці, што атрымалі дыплём у Падуанскім Унівэрсытэце, і ў сьпісе зьмяшчае і Францішка Скарыну, адносячы, відаць, беларускага дзеяча да палякоў[11]. Памылка тым больш тэндэнцыйная, што з усіх асоб, якія пералічаюцца ў „Матар‘ялах“, адзін толькі Скарына ня мае ў вытрымках з актаў Падуанскага Унівэрсытэту зазначэньня Polonus, а наадварот, выразна паказана яго ня польскае параджэньне. (Gratiae in med. amore Dei D. Francisci quondam Lucae, Scorina de Poloczko, Rutheni[12]).

Разьвязваючы пытаньне аб соцыяльным стане Францішка Скарыны, мы зноў усходзім на няпэўную глебу розных здогадак і домыслаў. Мы нічога пэўнага ня ведаем аб бацькох Францішка Скарыны. Можна толькі ўстанавіць, што бацьку яго звалі Лукой[13]. Акты XVI ста­лецьця ўспамінаюць толькі брата беларускага дзеяча—Івана Скарыніча, які меў нярухомую маёмасьць у Полацку; ён празываецца ў актах мешчанінам віленскім; вядома, што Скарыны мелі гандлёвыя справы з немцамі і з Вільняй. Профэсар Янчук, зазначаючы, што Скарыны мелі свой уласны гэрб, па падставе гэтага факту робіць асьцярожнае прыпушчэньне аб магчымасьці шляхоцкага пахаджэньня Скарыны[14]. Але рэч у тым, што самае пытаньне аб гэрбе Скарыны зьяўляецца надзвычайна спрэчным. Падобны малюнак (сонца і месяц, толькі разлучана) мы знаходзім ў Нюрэнбэрскай хроніцы Шэдэля[15]. Ска­рына запазычвае гэты малюнак і толькі ўносіць тую зьмену, што злучае сонца і месяц. Магчыма, як думае Ўладзімераў, што гэтае злучэньне ўяўляе сабой астролёгічны знак[16]. Можна згадзіцца, што Фран­цішак Скарына належаў да багатай купецкай сям‘і ў Полацку[17]. Але да гэтай думкі Ўладзімерава трэба ўнесьці тую папраўку, што багацьце гэтае было ня вельмі значнае, сярэдняе. Рэч у тым, што ў актах Падуанскага Унівэрсытэту, апублікаваных Шляпкіным, Францішак Скарына названы "бедным юнаком", які прасіў дарэмна дапусьціць яго да экзаменаў на навуковую ступень доктара. Страты на экзаменацыйныя цэрэмоніі, якія адбываліся з асаблівай урачыстасьцю, былі вельмі вялікія. Страты на гэтую ўрачыстасьць усходзілі да значнае сумы, бо ўвесь апарат царквы, дзе адбывалася цэрэмонія, пышнасьць яе ўдзельнікаў, багатыя падарункі, якія павінны былі давацца галоўным прысутным саноўнікам, а гэтак сама, страты на банкет і забаўкі, якімі адзначаўся дзень (экзамена)—усё гэта ўсім цяжарам клалася на ляўрэата. Гэтыя страты хутка павялічыліся да такой ступені, што прыму­шаны быў умяшацца ў справу папа—выдаць загад, на моцы якога кандыдат павінен быў плаціць ня больш як 500 лір на страты промоцыі"[18].

Далей Coppi яшчэ больш падрабязна зазначае, што, апроч звы­чайных страт, у некаторых італьлянскіх унівэрсытэтах асьпірант павінен быў яшчэ падносіць вопраткі ўсім, хто абавязан быў быць прысутным на цэрэмоніі, а гэтак сама—персьцень і рукавіцы біскупу і дактаром. У калегіі дактароў Падуанскага Унівэрсытэту ў 1343 годзе абгаварвалася нават пытаньне аб тым, што ляўрэаты падносяць персьцяні вельмі танныя, не залатыя, як наказваў статут унівэрсытэту; пасьля вялікіх спрэчак, ухвалілі, што кожны ляўрэат павінен даваць залатыя персьцяні біскупу, вікарыю, старшыні і ўсім дактаром калегіі[19]. У XVI сталецьці, калі Францішак Скарына атрымаў годнасьць доктара лекарскіх навук у Падуі, страты, зьвязачныя з гэтым атрыманьнем, былі гэтак сама вельмі значны. Соррі сьведчыць: „у 1590 годзе калегіі Падуанскага Унівэрсытэту, жадаючы зьменшыць страты ў часе атрыманьня доктарскага дыплёму, ухвалілі, што кожны кандыдат, які жадаў атрымаць годнасьць з публічнай урачыстасьцю, павінен быў траціць ня больш патройнай колькасьці таго, што трацілі тыя, хто атрымліваў годнасьць прыватным шляхам[20]".

Значнасьць страт, якія былі зьвязаны з атрыманьнем ступені доктара, выклікала дапушчэньне дарэмных экзаменаў, пры чым вымагалася, каб кандыдат меў ня менш, як двох сьведак аб сваёй бед­насьці. Напрыклад, статут Фэрарскага Унівэрсытэту наказваў у 1467 годзе дапускаць да экзаменаў (promovere)—gratis et amore Dei двох асоб— аднаго фэрарца, а другога—чужаземца[21]. Гэтая ільгота існавала, відаць, і ў Падуі; з яе скарыстаў беларускі дзеяч.

Калі мы зараз параўнаем сьвядоцтвы полацкіх актаў аб замож­насьці роду Скарын, на якія пасылаецца Ўладзімераў, і весткі з актаў Падуанскага Унівэрсытэту аб беднасьці Францішка Скарыны, а гэтак сама і дадзеныя намі спраўкі з гісторыі італьлянскіх унівэрсытэтаў аб значнасьці страт, зьвязаных з атрыманьнем доктарскае годнасьці, бяс­спрэчным зьяўляецца, на нашую думку, адзін вывад—Францішак Скарына, відаць, належаў да стану сярэдняе гандлёвае буржуазіі,—вывад вельмі паважны, які асьветліць і характар літаратурнае дзейнасьці славутнага беларускага дзеяча.

Шмат спрэчак выклікала пытаньне аб тым, да якой веры належаў Францішак Скарына. Гэтаму пытаньню дасьледчыкі адводзілі многа ўвагі, і зразумела, чаму: уся дзейнасьць Скарыны, як перакладчыка Бібліі, насіла выключна царкоўна-навучальны характар і ад прыналежнасьці да тэй ці іншай веры вынікаў пэўны кірунак гэтае дзей­насьці. Рознастайныя думкі, якія выказваліся ў зьвязку з закранутым пытаньнем, можна падзяліць на 4 групы—паводле гэтых думак Францішак Скарына мог быць: а) альбо каталік, б) альбо протэстант, в) альбо вуніт, г) альбо праваслаўны.

Думку аб прыналежнасьці Скарыны да рымска-каталіцкае веры папершае выказаў Даброўскі ў надзвычайна асьцярожнай форме.

Даброўскі кажа: „Scorina, wahrscheinlich ein Romisch Katholischer oder doch wenigstens von der unirten Parthey"[22]. Такую самую асьцярож­насьць у разьвязаньні гэтага пытаньня выяўляе і Вішнеўскі, які зазначае:

Byc bardzo moze, ze Skoryna chociaz wyznania greckiego, ale wymowny i wychowany w Krakowie byl dosc przychylnym rzymsko-katolickiemu kosciolowi[23]. Вялікую катэгарычнасьць у разьвязаньні памянёнага пытаньня выяўляюць: мітрапаліт Макар, Аганоўскі і невядомы аўтар Ю. Б., які зьмясьціў у Львоўскім часопісе „Правда” за 1879 гад рэцэнзію на працу профэсара Вахняніна аб Францішку Скарыне. Першы з памянёных дасьледчыкаў кажа, што ў 1525 годзе ў Вільні кніжкі друкаваліся „Франциском Скориною, родом из Полоцка, а верою—римско-католіком"[24]. Аганоўскі сьведчыць: „Можна догадыватися, що Скорина придержувався веры католицкой” ref> История литературы русской, Львов, 1887 г. </ref>. Нарэшце, зазначаны рэцэнзэнт Ю. Б. катэгарычна абвяшчае: „Моею гадкою він (Скарына) бесперечна був каталіком “ [25].

Довады, на якіх пералічаныя дасьледчыкі імкнуліся ўзгрунтаваць свае думкі аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да каталіцкай веры, розныя: а) зазначаецца, што беларускі дзеяч свае пераклады рабіў з лацінскае бібліі Вульгаты (Dobrowsky, Wiszniewski, мітрапаліт Макар); б) што ён насіў не праваслаўнае імя Францішка; в) у Кракаўскую Акадэмію, у якой беларускі дзеяч атрымаў сваю адукацыю, дапушчаліся, як сьведчыць Brandowski[26], толькі каталікі (Вішнеўскі, Аганоўскі, Ю. Б.).

Урэшце, Аганоўскі пераказвае яшчэ адзін довад профэсара Вахняніна, зазначаючы: „в Руси литовской були католики, котры ад часов Ягайло корыстувались там окремешными привилегиями, и про те вероятною есть догадка проф. Вахнянина, що Скорина мог для тых привилегиев статись католиком, по-за-як був человеком богатым" [27].

Думку аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да протэстантызму асабліва імкнуўся давесьці Галавацкі, які кажа: „Предшественником проповедания реформации можна почитати Фр. Скорину нз Полоцка… Современник Мартина Лютера и Меланхтона, он, без сомнения, хорошо был знаком с их сочинениями… Видев, - с якою ревностию протестанты старалися в Германии, в Чехах, и др. землях росширати чтение библии на народном языце, полагая священное писание единственным источником и основанием веры, без всякого сомнения, и Фр. Скорына хотел прыслужытись своим землякам библиею на русском языце и при пособии одномышленников постарался о издание ея „людям посполитым к доброму научению" [28]. Думкі Галавацкага аб мотывах перакладу Францішкам Скарынай Библіі амаль літаральна пераказвае Чыстовіч [29]. Яшчэ раней Коріtаr перадаў з біографіі Лютэра апавяданьне аб тым, што ў 1525 годзе нейкі Францыск паляк, доктар, быў у Вітэнбэргу, у Мэлянхтона і абедаў у яго разам з Лютэрам: Invitatus ad coenam tertius ipse Lutherus nec ipse minus fratre Melanchtone captus petegrini doctoris dotibus adeo, ut eum ad prozimum sentaculum invitaret.

(На полудзень быў закліканы трэці сам Лютэр, і ня менш брата Мэлянхтона, ён быў захоплены вартасьцямі доктара чужаземца да такой ступені, што заклікаў яго на бліжэйшае сьнеданьне). Далей апавядаецца аб тым, што Лютэр, прышоўшы да хаты, успомніў перасьцярогу сваіх прыяцеляў аб тым, што яму трэба ўнікаць нейкага доктара, Францішка-паляка. Баючыся подступаў д'ябла, Лютэр, у досьвіткі, уцёк у Тарговію, загадаўшы свайму прыслужніку ня прымаць Францішка-паляка. Даведаўшыся ў Тарговіі аб тым, што прыслужнік ня выканаў гэтага загаду, Лютэр жорстка пакараў яго (acerrime increpuisse servum), а сам зьвярнуўся да Вітэнбэрскага магістрату з просьбай аддаць Францішка-паляка суду. Але той шчасьліва зьбег кары: магістрат параіў яму толькі пакінуць хутчэй Вітэнбэрг.

Перадаўшы гэтае апавяданьне, Коріtаr робіць здогадку, што, быць можа невядомы Францішак-паляк і ёсьць наш дзеяч, Францішак Скарына [30].

Аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да вунітаў нязвычайна асьцярожнае прыпушчэньне, паколькі нам вядома, выказаў толькі адзін Dobrowsky ў прыведзеных вышэй словах. (Scorina, wahrscheinlich, ein Romisch-Katolischer oder doch wenigstens von der unirten Parthey).

Урэшце, думку аб прыналежнасьці беларускага дзеяча да праваслаўнае царквы, папершае, узгрунтоўвае Віктараў. Гэты дасьледчык зазначае, што выданьні Скарыны, асабліва віленскія, дапасаваны якраз да набажэнства ў праваслаўнай, а не ў каталіцкай царкве. „Гэтак, — кажа Віктараў, — „Апостал" Скарыны зусім дапасаваны да набажэнства не каталіцкае, а якраз праваслаўнае царквы, і мае той самы выгляд і склад, які бачым у звычайных славяна-рускіх рукапісных і друкаваных „апосталах", а паіменна: апроч падзелу на разьдзелы, паводле звычаю праваслаўнае царквы, ён падзелены на царкоўныя пачаткі і ў канцы мае саборнік, альбо каляндар, у якім чытаюцца імёны рускіх і славянскіх сьвятых (Савы Сэрбскага, вялікага князя Ўладзімера, Барыса і Глеба і іншых) і паказаньні на дзённыя і сьвяточныя эвангельлі, апосталы, антыфоны і іншыя царкоўныя песьні... Таксама зусім праваслаўны характар мае „Псалтыр", з парадкам царкоўнага набажэнства, які выдаў Скарына... У гэтым „Псалтыру" чытаюцца літаральна тыя самыя парадкі царкоўнага набажэнства і малітвы, якія чытаюцца ў царкве і цяпер, ці якія дасюль сустракаюцца ў славянскіх рукапісных і, часткай, у друкаваных псалтырах, часасловах, каноніках і да г. п. У склад памянёнага „Псалтыру" ўваходзіць таксама і кароткі каляндар з паказаньнем некаторых рускіх і славянскіх сьвятых" [31].

Прывёўшы гэтыя меркаваньні, Віктараў робіць вывад, што Францішак Скарына быў веры праваслаўнай. „Наўспрэч пагляду, які існуе аб асобе Скарыны, і ня гледзячы на лацінскае імя яго Францішак,— кажа Віктараў,—мы, спадзяемся, маем права зрабіць вывад, што гэты выдатны дзеяч у галіне старарускае літаратуры належаў да праваслаўнае царквы, прынамсі—у сваёй выдавецкай дзейнасьці дбаў не аб пашырэньні сярод сваіх землякоў каталіцтва ці лютэранства, але аб умацаваньні ў іх праваслаўя. З гэтае прычыны нам здаецца, што натуральна бачыць у васобе Скарыны папярэдніка не апаведнікаў у Расіі каталіцтва ці рэформацыі, а хутчэй—папярэдніка князёў Астроскіх, братоў Мамонічаў, князя Курбскага і іншых дзеячоў, якія змагаліся ў XVI сталецьці ў Заходняй Расіі за праваслаўе супроць высілкаў рэформацыі і рымскае пропаганды" [32]. Гэтую думку аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да праваслаўнае царквы падзяляюць і ўсе пазьнейшыя выдатныя дасьледчыкі пытаньня: Уладзімераў [33], Карскі [34], Янчук [35], Архангельскі [36], і іншыя. Думаецца і нам, што гэтае палажэньне, якое давёў Віктараў, зьяўляецца найбольш правільным. Запраўды, склад кніжок, выдадзеных Францішкам Скарынай, ня мае ў сабе нічога каталіцкага альбо протэстанцкага. Наадварот, мы знайшлі тут беспасрэднае зазначэньне прыналежнасьці да праваслаўнай царквы. Напрыклад, у Малой Падарожнай Кніжыцы адна з частак мае такі загаловак: „Шестодневець кратъкіи на всу неделю почеиши о(т) суботы, по обычаю всех восточныхъ церквий" [37].

Гэткім чынам, довады аб прыналежнасьці Скарыны да праваслаўнай веры грунтуюцца на самых выданьнях, у той час як усе іншыя довады ёсьць укосныя здогадкі і домыслы, якія ня маюць пад сабой цьвёрдае падставы.

Гэтыя здогадкі ня вытрымліваюць крытыкі. Так, што да імя Скарыны, Францішак, то вядомы досыць пашыраны ў беларусаў у старадаўнія часы звычай—мець падвойныя імёны,—і беларускі дзеяч, апроч імя Францішак, меў яшчэ і другое, чыста праваслаўнае імя, Юры. Адносна прыняцьця ім імя Францішак выказваліся розныя прыпушчэньні. Гэтае імя разглядалася, як спосаб прыкрыцьця ад чараў [38]. Выказвалася яшчэ думка, што прыняцьце гэтага імя Скарынай быў дыплёматычны крок з яго боку з мэтай адчыніць сабе дзьверы Кракаўскага Унівэрсытэту. „У Кракаўскім Унівэрсытэце, які знаходзіўся пад апекай рымскае курыі,—кажа Пятрушэвіч,—не дапушчаліся да наведваньня унівэрсытэцкіх навук асобы чужое веры, асабліва-ж схізматыкі якіх стаўлялі нароўне з паганцамі. З гэтае прычыны рускаму, і пры гэтым схізматыку, які хацеў быць кандыдатам унівэрсытэцкага курсу ў Кракаве, нічога не заставалася рабіць, як толькі, хаваючы сваё прозьвішча, узяць сабе у заходніх каталікоў імя Францішка. Такім чынам, была магчымасьць для Скарыны, хаваючыся пад маскай, праслухаць курс у Кракаўскім Унівэрсытэце” [39]. Урэшце вышэйпамянёны Віктараў асьцярожна выказваецца так: ”Гэтае імя Францішак дае, між іншым, магчымасьць прыпусьціць, што Скарыну запраўды маглі ахрысьціць паводле лацінскага абраду, але потым ён мог перайсьці ў праваслаўе” [40].

Прыведзеныя меркаваньні разбурваюць два галоўныя довады аб прыналежнасьці Францішка Скарыны да каталіцкае веры. Думка Галавацкага аб прыналежнасьці Скарыны да протэстантызму можа быць адхілена ўжо адным тым, што выданьні Скарыны відавочна сьведчаць аб ушанаваньні сьвятых, што супярэчыць протэстанцкай догматыцы. Няма ў гэтых выданьнях ніякіх сьлядоў і вуніцтва: наадварот, сымболь веры прыводзіцца ў часаслоўцы Скарыны без filioque.

Беларус па нацыянальнасьці, досыць заможны чалавек, што да соцыяльнага свайго стану, і праваслаўны па веры, наш дзеяч атрымаў надзвычайна шырокую на той час адукацыю. Гісторыя гэтае адукацыі ўяўляе сабой самыя бліскучыя старонкі ў біографіі Францішка Скарыны: яна адчыняе нам надзвычайную прагавітасьць розуму Скарыны да навукі, бязупыннае імкненьне яго да сьвятла веды.

Першую элемэнтарную асьвету Францішак Скарына, мабыць, атрымаў у сябе на радзіме.

Гандлёвая кляса гарадзкіх жыхароў, да якой належаў Скарына, была для свайго часу досыць асьвечанай. Інтарэсы гандлю і самае кіраўніцтва, паводле Майдэборскага права, вымагалі ня толькі звычайнае пісьменнасьці, але больш-менш сыстэматычнае асьветы. У нас засноўваюцца царкоўныя прыходзкія школы. Характар навучаньня ў гэтых школах быў пераважна царкоўны. Харламповіч, адносна програм нашых школ у XVI сталецьці, прыводзіць пасьведчаньне Одэрборна, які гавора, што ў царкоўных школах вучаць славянскаму пісьму, малітвам да прачыстае і да сьвятога Міколы, некалькі зьмененаму апостальскаму сымболю (Нікэо-Цараградзкаму) і псальмам Давіда" [41]. У васнову навучаньня у прыходзкіх школах, такім чынам, была пакладзена царкоўнаславянская пісьменнасьць. Той факт, што Францішак Скарына ў сваіх выданьнях карыстае з царкоўна-славянскіх тэкстаў і прызначае свой псалтыр для школьных мэт „детем малым", як „початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовити учить", дазваляе нам думаць, што пачаткі асьветы наш дзеяч атрымаў у сябе— у Полацку.

Другая ступень гэтае асьветы—гэта Кракаўскі Унівэрсытэт. Некаторыя дасьледчыкі (Галавацкі [42], Чыстовіч [43], аўтар артыкулу ў „Крестном календаре" [44], і інш.) памылкова ўказваюць, што нібы Францішак Скарына вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце. Першы Вішнеўскі зазначыў Кракаў як месца, дзе беларускі дзеяч атрымаў сваю асьвету: „Nauki odbywal w Akademii Krakowskiej“ [45] —але, на вялікі жаль, Вішнеўскі ня прыводзіць аніякіх докумэнтальных вестак, каб пацьвердзіць сваю думку. Такія весткі зьмяшчае Muczkowski ў кнізе „Statuta nec non liber promotionum Philosophorum ordinis in universitate studiorum Jagellonica” (Cracoviae, 1849), дзе на старонцы 44 мы чытаем: Anno eodem (1506) sub. decanatu... Mg-ri Leonardi etc., ad Quattuor tempora sancta Lucie, ad gradum baccalariatus promote hunc ordinem locorum sortiti sunt: Franc. de Poloczko, Litphanus (У тым-жа (1506) годзе ў часы дэканства магістра Леонарда і інш., а чацьвёртай гадзіне ў дзень сьв. Люцыі, узьведзены ў стан бакаляўраў і атрымалі гэтую годнасьць: Франц(ішак) з Полацку, Літвін...).

Першы гэтую вестку выкарыстаў Пятрушэвіч. „На маё разуменьне, кажа ён, Францішак з Полацку, літвін, ёсьць ніхто іншы, як толькі наш Скарына, які затаіў сваё прозьвішча і імя, што атрымаў у часе хрэсту" [46]. На гэтыя-ж весткі пасылаецца і профэсар Уладзімераў з дадаткам на падставе вестак, атрыманых з рукапісаў Кракаўскага Унівэрсытэту, што тая-ж самая асоба, пад імем Franciscus Luce de Poloczko значыцца, як студэнт, які паступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт у 1504 годзе[47]. Уладзімераў, прывёўшы гэтыя весткі, дадае ад сябе: «Вестка гэтая яшчэ лепш можа спраўдзіцца, калі ў актах Заходняе Расіі знойдуць імя бацькі Францішка Скарыны, якое, паводле паказанае весткі, павінна быць Лука».

Калі ня ў актах “Заходняе Расіі”, то затое ў актах Падуанскага Унівэрсытэту, якія прыведзены Шляпкіным і былі яшчэ невядомы Ўладзімераву, выразна зазначана імя бацькі беларускага дзеяча. (Dominus Franciscus quondam D. Lucae Scorina de Poloczko Ruthenus).

Гэткім чынам, асьцярожнасьць Уладзімерава адпадае сама сабой: мы можам больш катэгорычна зазначыць, што беларускі дзеяч у 1504 г. паступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт, як студэнт, і праз два гады, у 1506 годзе, атрымаў там ступень бакаляўры.

У Кракаўскім Унівэрсытэце панаваў у той час тэолёгічны кірунак, бо ўся ўстанова знаходзілася ў руках каталіцкіх духоўнікаў. Сярэднявечная схолястыка панавала тут на ўсіх факультэтах, не выключаючы, нават, і мэдычнага. Мэдык у першую чаргу павінен быў выконваць рэлігійныя запатрабаваньні: у унівэрсытэце ён мусіў вызначацца пабожнасьцю, а ў сваёй доктарскай практыцы, пасьля выхаду з унівэрсытэту, — клапаціцца больш аб паратунку душы, чымся цела хворага. Падобны пагляд на дактароў мы знаходзім і ў Францішка Скарыны, які ў прадмове да кніжкі “Судей” кажа: „внегда каемся греховъ своихъ, то посылаетъ нам гдь бог Пастыреи и Докторовъ" [48]. На філёзофскім факультэце ў аснову вывучэньня пакладзены былі сярэднявечныя septem artes liberales — сем вольных навук, якія Скарына раіць у сваёй прадмове да “Бібліі” і беларускім сваім чытачом.

Выходзячы з таго факту, што мэдычны факультэт у Кракаве ў пачатку XVI сталецьця знаходзіўся ў заняпадзе, і што толькі у 1526 г. там адзін мэдык атрымаў ступень доктара, Уладзімераў робіць прыпушчэньне, што Францішак Скарына ступень “доктара в лекарстве” павінен быў атрымаць заграніцай. [49] Гэтае прыпушчэньне бліскуча і пацьвердзілася. Windakiewicz, надрукаваўшы ў 1892 годзе вышэйпамянёныя “Materyaly do history polakow w Padwie” першы даў кароткі выпіс з актаў Падуанскага Унівэрсытэту аб тым, што ў 1512 г. Францішак Скарына атрымаў у Падуі ступень доктара лекарскіх навук. Ідучы па гарачых сьлядох Віндакевіча, у тым-жа 1892 годзе профэсар Шляпкін апублікаваў самыя акты Падуанскага Унівэрсытэту, якія маюць адносіны да беларускага дзеяча. Акты гэтыя ўяўляюць для нас надзвычайную каштоўнасьць. Яны сьведчаць аб наступным.

Пятага лістапада 1512 году ў Падуі ў царкве сьв. Урбана сабраліся прадстаўнікі мэдычнае калегіі унівэрсытэту: віцэ-прыор Мусаці зьвярнуўся да іх з прамовай, у якой вытлумачыў прычыну сходу: Excelentissimi domini doctores! Causa convocationis excellentiarum vestrarum est ista: est quidam doctissimis juvenis atrium doctor pauper, qui a longinquissimis partibus forsan per quattuor milia miliaria et ultra ab hac praeclara civitate pro augmentando famam et honorem illius hujusque florentissimi gymnasia et sacri collegoo nostril ad illam se contulit et vellet sibi concede de dono et de gratia speciali ac amore Dei per hoc sacrum collegiums in medinis. (Шаноўныя панове дактары! Прычына скаліканьня Вашага Шаноўства наступная: ёсьць нейкі вучонейшы юнак, доктар навук, бядняк які з надзвычайна далёкіх краін, быць можа, за тысячы з лішнім вёрст ад гэтага славутага места дзеля павялічэньня славы і чэсьці яго, а таксама гэтай слаўнай гімназіі і сьвятой калегіі нашай прыбыў сюды і жадаў-бы ад гэтай сьвятой калегіі атрымаць ступень доктара мэдыцыны дарма, па спэцыяльнай міласьці і з ласкі божай).

Далей гэты юнак у прамове празываецца: „dominus Franciscus quondam D. Lucae Scorina de Poloczko Ruthenus".

Пасьля прамовы віцэ-прыора ўвайшоў сам Скарына і асабіста прасіў сяброў калегіі, каб яму дазволілі дарма трымаць экзамен на ступень доктара мэдыцыны: Quibis sic peractis fuit introductus dictus magister Franciscus et petivit humiliter ac reverenter sibi concede gratis in medicinis amore Dei. (Пасьля гэтага быў уведзены памянёны магістар Францішак і пакорна, з пашанай прасіў дапушчэньня да экзамену дарма з ласкі божай).

Пытаньне было абгаворана і потым зроблена было галасаваньне: дадатныя галасы падаваліся ў чырвоную вазу, а адмоўныя—у зялёную. Справа была разьвязана на карысьць Скарыны: ён быў дапушчаны да экзамену. Папярэднія выпыты адбыліся на другі дзень, у суботу, а 5-й гадзіне ў вечары, а другі спэцыяльны экзамен меў месца ў аўторак 9-га лістапада ў палацы біскупа, на ўрачыстым пасяджэньні мэдычнай калегіі ў прысутнасьці біскупа вікарыя Зарабелы. Скарына вытрымаў экзамен бліскуча. (Franciscus quondam domini Lucae Scorina de Poloczko Ruthenus fuit examinatus privatum et rigorose super punctis hoc mane assignatis Qui ita Laudafoiliter, et ellegantissime .se habuit in hoc suo rigoroso Examine, in Recitando, dicta eius puncta et argumentis contra se tactis optime respondendo, quod ab omnibus doctoribus ibi existentibus nemine penitus dissentiente fuit approbatus ac sufficientiens (sic) in medicinis iudicatus et per suprascriptum reverendissimum dominum vicarium doctor in medicinis pronuntiatus in forma solita. [50]).

Акты Падуанскага Унівэрсытэту, гэткім чынам, падкрэсьліваюць, што экзамен быў надзвычайна строгі: Скарыне прышлося публічна бараніць свае палажэньні і адказваць на ўсе абвяржэньні. Славутны палачанін з вялікім посьпехам вытрымаў гэтыя выпыты і аднагалосна быў прызнаны вартым ступені доктара. Доктар Барталямэй Барызон урачыста ўсклаў на яго надворныя знакі доктарскага стану.

Што ўяўляў сабой у гэныя часы Падуанскі Унівэрсытэт? Гэтае пытаньне здаецца нам асабліва паважным; разьвязаньне яго можа да некаторае ступені выявіць нам і ўнутраную постаць выдатнага беларускага дзеяча.

Падуанскі Унівэрсытэт належыць да старэйшых унівэрсытэтаў у Італіі. Заснаваны ён быў у канцы ХІІІ cт. [51] Асаблівай бліскучасьці і славы унівэрсытэт дасягнуў у XV сталецьці, дзякуючы падтрыманьню з боку Вэнэцыйскай рэспублікі [52].

Характэрнай адзнакай Падуанскага Унівэрсытэту зьяўлялася шырыня навуковага дыяпазону. У той час як, напрыклад, у Салерно пераважна разьвіналася мэдыцына, а ў Болёньні права, у Падуі высака стаялі ўсе галоўныя навукі таго часу: мэдыцына, права, тэолёгія, філязофія, але пры агульным разьвіцьці ўсіх навук асабліва бліскучае ступені дасяглі навукі рэальныя. З гэтае прычыны Fiorentino кажа: „Вывучэньне прыроды і вывучэньне духу на зары нашага рэнэсансу было зьвязана неразрыўнымі вузамі, як і павінна быць заўжды для лепшых і карысьнейшых посьпехаў навукі”.[53] Навукі гуманітарныя былі такім чынам блізка зьвязаны з навукамі прыродазнаўчымі. „Натуральная філязофія была ў гэты час у тым вялікшым гонары і тым болей вывучалася, што яна зьвязвалася з вывучэньнем мэдыцыны, з прычыны чаго цяжка было знайсьці доктара вольных навук, які ня быў-бы таксама доктарам мэдыцыны“ [54].

Зусім зразумела, што ў Падую імкнуліся такія выдатныя людзі як Копэрнік, які знаходзіўся там у унівэрсытэце з 1501 па 1506 год, крыху раней за беларускага дзеяча [55]. Надзвычайна характэрна, што Францішак Скарына з усіх унівэрсытэтаў Італіі абірае Падуанскі, які найбольш вызначаўся сваім рэльна-навуковым кірункам. Відаць, мёртвая схолястыка, якая панавала ў Кракаўскім Унівэрсытэце, ня зусім здаволіла яго; славутны палачанін імкнуўся да запраўднага сьвятла навукі.

Але давялося прыехаць яму ў Падую ў надзвычайна бурны час, мала спагадны для навуковых заняткаў у унівэрсытэце. Гострая барацьба з суседнімі рэспублікамі патрабавала ад Вэнэцыйскай дзяржавы, у склад якой уваходзіла Падуя, вялікага напружаньня вайсковых, а значыцца, і фінансавых сіл. Гэтым тлумачыцца дэкрэт ад 27 чэрвеня 1506 году, паводле якога колькасьць катэдраў у Падуі была зьменшана на 10 проц. Мала таго: далейшы ход барацьбы прывёў да таго што заняткі ў унівэрсытэце зусім былі спынены на досыць доўгі час. Favaro сьведчыць: у 1509 годзе, калі выбухнула вайна, як вынік саюзу, задуманаа супроць Рэспублікі ў Камбрэ, былі спынены заняткі, і ад гэтага ўсе катэдры замоўклі аж да 1517 году [56]. Да гэтага ў сваёй увазе пад радкамі Favaro дадае яшчэ: „аб гэтым спыненьні заняткаў цьвердзяць усе гісторыкі, але здаецца, што некаторыя профэсары і далей вялі паасобку сваё выкладаньне і што калегія зьбіралася запраўды ў кожны з гадоў, якія ўваходзяць у пэрыод спыненьня заняткаў, прычым адбываліся ўзьвядзеньні ў доктарскую ступень [57].

Францішак Скарына атрымаў ступень доктара ў Падуі, як мы бачылі, у 1512 годзе, значыцца, якраз у той час, калі заняткі ў Падуанскім Унівэрсытэце былі спынены. Вось чаму, думаецца нам, няма імя беларускага дзеяча ў сьпісах студэнтаў Падуанскага Унівэрсытэту, а толькі знаходзім мы яго ў сьпісах ляўрэатаў унівэрсытэту. Ня выключана магчымасьць, што беларускі дзеяч прыехаў у Падую нават з мэтай ня толькі атрымаць там навуковую ступень, але і з мэтай удасканаліцца ў навуках; магчыма, што нават ён і слухаў лекцыі ў некаторых профэсароў, але ня мог лічыцца ў сьпісах унівэрсытэту, паколькі офіцыяльныя заняткі ў ім не адбываліся на працягу часу з 1509 да 1517 году.

Падкрэсьліваем, што гэта толькі нашы прыпушчэньні, але прыпушчэньні, якія маюць некаторую верагоднасьць на падставе вышэйпамянёных вестак з гісторыі Падуанскага Унівэрсытэту. Бясспрэчным застаецца толькі адзін факт—факт атрыманьня славутным беларусам навуковае ступені доктара мэдыцыны ў Падуанскім Унівэрсытэце.

Ступень доктара была вышэйшая ад усіх акадэмічных ступеняй. Папярэднімі былі ступені бакаляўры і ліцэнцыятага. Нельга з пэўнасьцю зазначыць эпоху, калі вынікнуў гэты звычай доктарату. Вучоныя, па словах Cоррі, зрабілі многа досьледаў у гэтым кірунку, але ня здолелі давесьці пахаджэньне гэтае ступені і час яе першага дапасаваньня [58].

Дактары падзяляліся на розныя спэцыяльнасьці. Мікола Боэры, ідучы сьледам за агульным паглядам, на першым месцы ставіць тэолёгаў, на другім праўнікаў, на трэцім—мэдыкаў і на чацьвёртым— філёзофаў і профэсароў мастацтва [59].

Кандыдат на доктарскую ступень павінен быў здавальняць пэўным патрабаваньням. Ён павінен быў мець век ня менш 17-ці год, быць лепшым па сваёй абычайнасьці, вытрымаць экзамен і атрымаць надворныя знакі ступені (le insegne del grado), мець шэсьць дактароў на экзамене, якія пасьведчылі-б законнае пахаджэньне і тоесамасьць асобы.

Кандыдат, які хацеў трымаць экзамен на навуковую ступень, павінен быў давесьці, што ён быў слухачом унівэрсытэту ў працягу ліку гадоў, які азначаўся ў мясцовых статутах. У Падуі, напрыклад, кандыдат, каб атрымаць доктарскую ступень цывілістак, павінен быў займацца вывучэньнем рымскага права ў працягу шасьці год. Тры альбо чатыры гады заняткаў правам канонічным лічыліся за два альбо тры гады заняткаў правам рымскім.

Цэрэмонія ўзьвядзеньня ў ступень доктара была вельмі ўрачыстая. У прызначаны дзень кандыдат накіроўваўся ў вялікшую царкву гораду, куды прыносіліся ўсе выбарчыя знакі, і дзе чакалі яго біскуп, рэктар, дактары і прадстаўнікі гарадзкога самакіраўніцтва. Выпыты адбываліся публічна ў урачыстай абстаноўцы. Доктарская ступень давала шмат пераваг. Дактары насілі асобную тогу, аздобленую золатам, мелі права быць прысутнымі на сходах ураду і прымаць удзел у кіраваньні. Апроч таго, яны не маглі быць пасаджаны ў астрог за грамадзянскія даўгі, падлягалі асобнаму суду і г. д.

Доктарская ступень, такім чынам, дасталася Скарыце з значным напружаньнем сіл і давала яму вялікія перавагі. Гэтым, можа, тлумачыцца той факт, што беларускі дзеяч, кажучы аб сабе, амаль што кожны раз дадае і сваю навуковую годнасьць: „Францишекъ Скорина в лекарскихъ наукахъ докторъ"—так звычайна азначае сваю асобу наш дзеяч. У гэтым азначэньні ім як-бы выяўляецца запраўднае ўсьведамленьне свае вартасьці.

Пэрыод з 1512 па 1517 год зьяўляецца надзвычайна цёмным у жыцьці Францішка Скарыны. Мы ня ведаем, дзе ён жыў і што рабіў у гэты час.

У 1517 годзе Францішак Скарына пачынае сваю друкарскую дзейнасьць ў Празе Чэскай. Некаторыя дасьледчыкі (Штрытэр, Шлецэр, Грэч. мітр. Аўген) выказвалі думку, што пад Прагай тут трэба разумець Прагу Варшаўскую. Даброўскі першы выступіў з абвяржэньнем гэтае думкі: ён справядліва адзначыў, што Скарына ня мог празываць. Прагу Варшаўскую, невялічкае ў XVI сталецьці мястэчка, „слаўным, вялікім і старым местам". Гэтыя эпітэты ў той час маглі быць дапасаваны толькі да Прагі Чэскай. Чыннасьць беларускага дзеяча ў памянёным горадзе цягнулася прыблізна два гады: мы маем кніжкі, якія надрукаваны ў Празе і датаваны 1517 і 1519 гадамі. У 1525 годзе мы знаходзім Скарыну ў Вільні, дзе ён выдаў у гэты час „Апостал".

Пасьля 1525 году пачынаецца асабліва цёмны і заблытаны пэрыод у жыцьці Скарыны. Дакладных вестак аб гэтым пэрыодзе ў нас няма. Ведама толькі, што брат Скарыны меў судовую справу з-за доўгу ў 22 капы грошай; Скарына меў з сваім братам непадзельную маёмасьць; з гэтае прычыны заблытаныя справы Івана Скарыны адбіліся і на палажэньні нашага дзеяча. Апроч таго, і сам Францішак Скарына ўцягнуўся ў судовыя спрэчкі з раднёй жонкі з-за маёмасьці ў Вільні. Судзьдзі, відаць, ня мала няпрыемнасьцяй зрабілі славутнаму дзеячу. Ён зварачаецца з скаргай на ўціск судзьдзяў да самога караля. Асобнай граматай, выдадзенай у 1532 годзе, кароль звольніў Скарыну ад судовае цяганіны. У гэтай грамаце, паміж іншым, успамінаецца аб тым, што ўся маёмасьць Скарыны была сконфіскавана за даўгі, што ён прыцягваўся да выкананьня розных абавязкаў і пацярпеў шмат няпрыемнасьцяй ад уціску судзьдзяў і судовае цяганіны [60].

30-я гады XVI сталецьця, можна сказаць, самы цёмны пэрыод у жыцьці Францішка Скарыны. Некаторае сьвятло ў гэтую цемру праліваюць докумэнты Кёнігсбэрскага архіву, апублікаваныя Мілавідавым [61]. Гэтыя докумэнты ў лацінскай мове належаць першаму каралю прускаму Альбрэхту і маюць блізкае дачыненьне да нашага дзеяча.

Першы докумэнт, датаваны 16 мая 1530 году, уяўляе сабой пасланьне караля да віленскага ваяводы Гаштольда; у ім Альбрэхт паведамляе, што Скарына перасяліўся ў Кёнігсбэрг (commigrativ nostrae ditioni), але-ж розныя прыватныя справы, жонка і дзеці, пакінутыя ў Вільні, прымушаюць яго зноў вярнуцца сюды. З гэтае прычыны кароль просіць ваяводу дапамагчы Скарыне ў яго справах [62].

Другі докумэнт, які мае тую-ж дату (16 мая 1530 году) ёсьць прапускны ліст, альбо пашпарт для бесьперашкоднага праезду Скарыны: Atque in hac sua oeregrinatione tuto secure, libere et sine omni impedimento per terras, ditiones, districtus ac dominia vestra peragrare atque iter facere concedatis. (Каб было дазволена яму час падарожы яго зусім без апаскі, свабодна і бесьперашкодна праяжджаць і рабіць свой шлях праз землі, акругі, паветы і гаспадарствы вашы).

Трэці докумэнт — ліст караля Альбрэхта ад 18 мая 1530 году да Віленскага Сэнату. Кароль, адпускаючы Скарыну назад у Вільню па сямейных абставінах, просіць Сэнат быць справядлівым у вадносінах да яго і зьвярнуць яму сконфіскаваную ў яго маёмасьць: Et si quid ipso absente illi bonorum injuria aliquia ademptum benigne restituatur atque ipsum ejusque uxorem, liberos et cim corporis, tam caetera bona tueri, jure ac ab omni injuria vindicare. (І калі што-небудзь у яго адсутнасьць, па якой-небудзь несправядлівасьці было аднята ў яго, хай будзе яму зьвернута, і каб ён сам, жонка, дзеці, маёмасьць яго былі дагледжаны і па праву абаронены ад усялякай несправядлівасьці). У чацьвёртым докумэнце ад 26 мая таго-ж году кароль Альбрэхт ужо выступае ня ў ролі абаронцы Скарыны, а ў ролі яго абвінавайцы; у гэтым докумэнце, адрасаваным да ваяводы Гаштольда, зьмяшчаецца скарга на Скарыну за тое, што ён таемна ўвёў з сабой з Кёнігсбэргу аднаго яўрэя, які быў пры двары доктарам і адначасна друкаром, і што гэтым Скарына зрабіў вялікую шкоду каралю. Надзвычайна цікава, што ў гэтым докумэнце значна зьмяняюцца адносіны Альбрэхта да беларускага дзеяча. У першых трох докумэнтах да Скарыны дапасоўваюцца самыя пахвальныя эпітэты; ён адзначаецца, як выдатны, вельмі вучоны доктар прыгожых мастацтваў і мэдыцыны: „ Nos egregium et multijugiae eruditionis virum, Franciscum Scorinam de Polotzko, Arcium bonarum atque medicinae Doctorem in subditorum et servitorum nostro• rum fidelium numerurn adscivisse et suscepisse”. (Выдатнага і многавучонага мужа, Францішка Скарыну з Полацка, доктара прыгожых мастацтваў і мэдыцыны, мы прынялі ў лік нашых падданых і верных нашых слуг [63]). Наадварот, у чацьвёртым докумэнце, які зьмяшчае ў сабе скаргу на беларускага дзеяча, ён празываецца проста: „doctor aliquis Franciscus Scorina"—тут ужо замест ўсхваленьня заўважваецца водцень пагарды і зьнявагі; Скарына пераварачаецца з выдатнага вучонага Скарыны ў „нейкага" доктара.

Прыведзеныя Мілавідавым докумэнты надзвычайна характэрны. Яны праліваюць сьвятло на самы цёмны пэрыод у жыцьці Скарыны, сьведчаць аб яго зносінах з Заходняй Эўропай, аб протэктарстве яму з боку прускага караля і інш. Асабліва цікавым зьяўляецца факт патаемнага ўводу Скарынай друкара з Кёнігсбэргу; вынікае пытаньне, чаму нашаму дзеячу патрэбны быў гэты друкар. Можна прыпусьціць, што Скарына прадоўжваў альбо меў замер прадоўжыць сваю выдавецкую чыннасьць і пасьля 1525 году, г. ё. пасьля выданьня ім у Вільні „Апостала".

Год выхаду ў сьвет „Малое Падарожнае Кніжыцы" дакладна не ўстаноўлены. У вядомых нам паасобніках гэтага выданьня не хапае апошняе часткі пасхаліі, у канцы якой, бясспрэчна, азначаны быў час выданьня. Уладзімераў прыпушчае, што ўсё-ж ткі „Апостал" 1525 году зьявіўся раней за „Падарожную Кніжыцу", пастолькі ён уяўляў сабой працяг папярэдняе працы Скарыны па перакладзе бібліі, а „Падарожная Кніжыца" цалком была новай працай [64].

Прымаючы пад увагу, што ў 1530 годзе як сьведчаць докумэнты, апублікаваныя Мілавідавым, Скарыне быў патрэбен друкар, можна дапусьціць асьцярожную дагадку, што гэтая патрэба выклікалася, магчыма, патрэбай надрукаваць „Малую Падарожную Кніжыцу". Такім чынам, можна больш пэўна ўстанавіць дату выхаду ў сьвет гэтага выданьня.

Докумэнты, апублікаваныя Мілавідавым, зьяўляюцца адзінай крыніцай нашых скудных вестак аб жыцьці Францішка Скарыны ў другой чвэрці XVI сталецьця. Больш грунтоўных і паважных біографічных фактаў з гэтае пары ў нас няма. Нельга нават з дакладнасьцю ўстанавіць дату сьмерці беларускага дзеяча. Можна толькі да пэўнай ступені правільна сказаць, што ў 1535 годзе ён быў яшчэ жывы і знаходзіўся ў Вільні: прынамсі ў сувязі з справамі яго брата, якія разьбіраліся ў Полацку, успамінаецца і доктар Францішак Скарына, але мы ня маем ніякіх вестак аб сьмерці яго ў гэты час.

Прыступаючы зараз да агляду літаратурнае дзейнасьці Францішка Скарыны, трэба, папершае, заўважыць, што адносна гэтага з часу выхаду працы Уладзімерава не зьявілася аніякіх новых матар'ялаў і досьледаў; у гэтых адносінах нават біографія пісьменьніка знаходзіцца ў лепшым становішчы: пры ўсёй беднасьці крыніц мы ўсе-ж ткі маем у гэтай галіне некаторыя новыя матар'ялы, апублікаваныя Шляпкіным, Мілавідавым і інш. Адносна-ж літаратурнае дзейнасьці Скарыны, з прычыны адсутнасьці новых крыніц, застаюцца ў сіле тыя палажэньні, якія выставіў Уладзімераў.

Ня маючы магчымасьці зрабіць самастойныя адшуканьні новага фактычнага матар‘ялу адносна літаратурнае дзейнасьці Скарыны [65], і ня лічачы патрэбным падрабязна пераказваць досьледы Уладзімерава, мы абмяжуемся тым толькі, што спачатку каротка прыпомнім галоўныя вывады, да якіх прышоў у гэтым пытаньні Уладзімераў, і потым спрабуем пад гэтыя вывады падвесьці цьвёрды соцыолёгічны і гісторыка-культурны базіс, якога няма ў зазначанага дасьледчыка.

Сваю літаратурную дзейнасьць Францішак Скарына распачаў у Празе Чэскай. Гэта было найбольш падыходнае месца для яго дзейнасьці. У родным Полацку зусім ня было тады спагадных для друкарскай працы ўмоў; у Кракаве друкаваньне царкоўна-славянскіх кніжок, з рэлігійных прычын, спынілася ў 1491 годзе, не пасьпеўшы там закрасаваць і даць значныя вынікі. Прага Чэская давала тым больш спагадныя ўмовы для друкарскай дзейнасьці, што тут моцна адчувалася сувязь з друкарамі нямецкіх гарадоў, асабліва Нюрэнбэргу і Аугсбургу і з друкарамі Італіі, асабліва Вэнэцыі.

У Празе Чэскай Скарына разьвінуў энэргічную і напружаную дзейнасьць. Гэтая дзейнасьць ахапляе сабой пэрыод часу каля двох гадоў.

У 1517 годзе Скарына выдае кніжкі: Псалтыр, Іова, Прыповесьці, Сіраха; у 1518 годзе – Эклезіяст, Песьня песень, Прамудрасьць Саламона, Кнігі Царстваў, Ісуса Навіна; у 1519 —Юдыта, Судзьдзяў, пяць кніжок Майсея, Руфь, Эстэр, Плач Ераміі, Прарока Данілы.

Гэткім чынам, у 1517 годзе выдадзена чатыры кніжкі ў 222 аркушы; у 1518 годзе – восем кніжок у 348 аркушоў; у 1519—дзесяць кніжок у 524 аркушы. Гэта значыць у першы год выдавалася ім каля 40 аркушоў у месяц, у другі год каля 30 і ў трэці—каля 43 [66].

Удзел самога Скарыны ў выдавецкай справе зазначаецца ім розна. Мы знаходзім у вадных мясцох выразы: кніга выдадзена „повелѣніемъ Скарыны", а ў другіх—„працею и выкладомъ" Скарыны. Адносна кніжкі Эстэр наш дзеяч кажа ў яе пасьляслоўі „выложена працею и вытеснена повелѣніемъ Скорины”; у пасьляслоўях да сваіх першых трох выданьняў, гэта ёсьць, — да псалтыру, да кніжкі Іова і прыповесьцяй Саламона, Скарына кажа: „Казалъ есми тиснути”. Гэтыя выразы, пэўна, сьведчаць аб тым, што сам Скарына ня быў друкаром [67]; ён толькі даваў загады, кіраваў друкарскай працай. Відаць, у Празе ён пераважна аддаваўся літаратурнай дзейнасьці: займаўся перакладамі, укладаньнем прадмоў і інш.; відаць, ён цалком падрыхтоўваў рукапісны тэкст, з якога друкавалі; прынамсі ў друкаваных прадмовах заўжды захоўваюцца выразы яго рукапіснага тэксту (написаны, написал); магчыма прыпусьціць, што корэкту рабіў сам выдавец.

Надзвычайна важным зьяўляецца пытаньне аб крыніцах, якія пакладзены былі Скарынай у васнову яго выданьняў.

„Псалтыр" 1517 году, першая кніжка, якая была выдадзена ў Празе, складаецца з трох частак: „предъсловія въ псалтирь", тэкста псальмоў, якіх зьмешчана тут 151 (150 асноўных і адзін дадатковы) і 10 абраных песень. У васнову прадмовы да псалтыру пакладзена пакарочаная „бесѣда Василия Великаго на первую часть перваго псалма", але гэтая „бесѣда" значна пераапрацавана: з яе ўзяты агульныя думкі і некаторыя выразы, але запазычаны матар'ял дададзены і самастойным. У гэтых уласных дадатках мы, папершае, знаходзім паказаньні на тое, якое назначэньне даваў Скарына псалтыру; „детемъ малымъ початок всякое доброе науки"—гэтак выдаўца азначае карысьць псалтыру. Апроч таго, Скарына знаёміць нас і з спосабам свайго выданьня. Ён заўважвае: „положилъ есми на боцехъ некаторыи слова для людей простых руским языком што которое слово знаменуеть".

Разглядаючы псалтыр, як падручнік славянскае граматы і друкуючы яго ў славянскай мове, адначасна наш дзеяч, гэткім чынам, не забываецца на мэты перакладчыка: ён хоча наблізіць псалтыр, як і наагул усю біблію, да разуменьня простага люду. Побач з тлумачэньнямі незразумелых слявянскіх слоў „на боцехъ" Скарына ўнёс у свой „Псалтыр" і некаторы навукова-тлумачальны апарат. Паводле ўзору лацінскіх зборнікаў, гэтак званых Concordantiae Sacrorum scriptorum, ён дае ў сваім „Псалтыру" паказаньні на роўналежныя месцы ў іншых кніжках бібліі, зазначаючы „на стороницахъ всей псалътыры главъ з розных книгъ. А то для того абы знакомито было иже все иные светые писма згожаються съ псалтырею и одно на другое светчить". Да гэтых указаньняў на роўналежныя месцы Скарына дадае яшчэ і падзел псальмоў на „стихи", які вызначаецца вялікімі пунктамі і адступленьнямі ад заключных слоў кожнага папярэдняга „стиха".

Ня цяжка заўважыць, што для свайго выданьня псалтыру Францішак Скарына карыстаў з славянскіх і чужаземных крыніц. Царкоўна-славянскія крыніцы пакладзены ім у васнову самага тэксту, гэта— так званыя рускія сьпісы XV і XVI сталецьцяў. Іншыя крыніцы псалтыру „выныхъ языцехъ" скарыстаны часткай у вадносінах тэксту, часткай у вадносінах дадаткаў да яго. Так, хаця-ж пануе царкоўна­ славянская стыхія, на тэксьце праскага „Псалтыру" 1517 году ў некаторых мясцох адбіваюцца асаблівасьці чэскага тэксту; падзел псальмоў на „стихи", падобны таму, які зрабіў Скарына, мы сустракаем у Цэтыньскім выданьні „Псалтыру" 1495 году, у вэнэцыйскіх выданьнях Божыдара Вуковіча і ў некаторых іншых.

Большую самастойнасьць у вадносінах да перакладу ўяўляе сабой „Бівлиіа руска выложена докторомъ Францискомъ Скориною изславнаго града Полоцька богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению". У той час, як у „Псалтыру" 1517 году царкоўна-славянскі тэкст захаваны без парушэньня і толькі на палёх дадзены тлумачэньні мала зразумелых слоў, іншыя кнігі старога закону Скарына „вылажыл на рускі язык", інакш кажучы—пераклаў на тагочасную беларускую мову [68]. Для свайго выданьня ў адносінах самага біблійнага тэксту Францішак Скарына скарыстаў дзьве галоўныя крыніцы: чэскую „Біблію" 1506 году і царкоўна-славянскія тэксты некаторых кніжок старога закону. Аб беспасрэдных адносінах усяго перакладу Скарыны да чэскае „Бібліі" 1506 году сьведчыць, папершае, падабенства некаторых вонкавых асаблівасьцяй (contynnaczij, concordancii) і асобныя надпісы, якія падзяляюць кніжкі „Песьня песень", і „Плач Ераміі'. Але галоўным довадам, на падставе якога Ўладзімераў збліжае пераклад Скарыны з чэскай „Бібліяй" 1506, году ёсьць асаблівасьці мовы: з чэскага тэксту Скарына запазычае ня толькі паасобныя словы, асабліва сходныя ў корані і значэньні з беларускімі, але і цэлыя звароты мовы.

Што датычыць другое крыніцы, з якое скарыстаў Скарына, — царкоўнаславянскіх тэкстаў — то Ўладзімераў устанаўляе, што ў перакладчыка знаходзіліся ўсе царкоўна-славянскія кніжкі сьвятога пісьма, апроч чатырох: „Прамудрасьць Саламона”, „Юдыта", „Эстэр" і „Песьня песень”. Царкоўна-славянскія тэксты некаторых кніжок старога закону і Парэміі, напрыклад—у выданьнях Фіоля, Скарына выкарыстоўваў, папершае, як слоўнікавы матар'ял; з гэтых тэкстаў наш дзеяч асабліва браў спэцыяльныя тэрміны, як, напрыклад, звароты ў малітвах і розныя царкоўна-славянскія назовы. Але часам Скарына выпісваў з царкоўнаславянскіх тэкстаў і цэлыя разьдзелы, уносячы ў іх толькі паасобныя беларускія словы, як напрыклад: першыя 10 разьдзелаў кніжкі „Бытія”, XXII разьдзел другое кнігі „Царстваў" (песьня Давыда) і інш.

З прычыны скарыстаньня дзьвюх галоўных крыніц (чэскае і царкоўна- славянскае) пераклад Скарыны носіць досыць стракаты характар: у ім няма адзінства і зграбнасьці сыстэмы. Апроч таго, другім недахватам яго зьяўляецца брак крытычнага падыходу да крыніц.

Але Францішак Скарына ня толькі перакладчык: ён уносіць у “Біблію руску” і больш самастойную частку свае працы, якая выявілася асабліва ў яго „прадмовах".

Гэтыя прадмовы маюць досыць рознастайны характар. У іх указваецца значэньне тэй ці іншай кніжкі, прычым часам у гэтых адносінах тэкст апостала альбо эвангельля і далейшая развага ёсць раскрыцьцё сэнсу гэтага тэксту; такі пераважна моральна-навучальны характар маюць прадмовы да першых трох выданьняў Скарыны (Псалтыр, кніга іова, Прыповесьці Салямонавы).

У іншых мясцох даецца экзэгетычны матар'ял: падрабязна зазначаецца „духоўны" сэнс кніжкі (прадмова да „Песьні песень” і да кнігі Ісуса Навіна); побач з гэтым асноўным моральна-навучальным і тлумачальным зьместам у „прадмовах” Скарыны часам даюцца спраўкі гістарычныя, географічныя і інш. Напрыклад, у прадмове да кніжкі Ісуса сына Сірахава гаворыцца аб цару Птолёмэі і закліканых ім тлумачох, у прадмове да „Юдыты” апавядаецца аб царствах Асірскім, Мецкім і Пэрскім і г.д. гаворачы аб тым, як Навін „оучинилъ изъ земли Ханаани землю Іюдею”. Скарына дае кароткае географічнае апісаньне зямлі абяцанай; у прадмове да кніжкі „Второзаконие” зьмяшчаюцца разважаньні Скарыны аб розных формах праў і законаў.

Галоўнымі падсобнікамі для ўкладаньня гэтых прадмоў служылі Скарыне тлумачэньні Гароніма і комэнтарыі Міколы Лірана, але побач з запазычанымі элемэнтамі мы знаходзім тут і самастойныя: "прадмовы" Скарыны носяць на сябе яскравы адбітак іх аўтара, яны найбольш поўна, як мы ўбачым ніжэй, адбіваюць моральную постаць славутага дзеяча. Апроч прадмоў, у выданьнях Скарыны ёсьць яшчэ іншыя дадаткі, цікавыя ня столькі сваім зьместам, колькі формай. У некаторых з іх мы маем спробы сылябічных вершаў, якія з боку формы нагадваюць сабой псальмы і канты, асабліва пашыраныя на Беларусі і на Украіне ў XVII сталецьці.

Так, напрыклад, Скарына дае вершаваны пераклад дзесяці наказаў Майсея:

Веруй в Бога единаго,
А не бери надармо имени Его
Помни дни светые святити,
Отца и матку чтити
Не забивай ни едина,
И не делай греху блудна
Не вкради, что дружнего,
А не давай сведецства лживаго
Не пожелай жены ближнего,
Ни имени или речи его.

У кнізе Эстэр агульная моральна-навучальная думка, якая вынікае з гісторыі Эстэры і Мардахея з Аманам, выяўлена ў форме вершу.

Не копай под другом своим ямы
Сам въвалишся в ню.
Не став Амане Мардохею шибинице
Сам повиснеш на ней.

Далей у кнізе Іова мы маем гэткі дадатак:

Богу въ Троици единому ко чти и ко славе,
Матери Его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым Его к веселию,
Людям посполитым к добраму научению.

З невядомых нам прычын у 1519 годзе дзейнасьць Скарыны ў Празе Чэскай спынілася, і мы нічога ня ведаем аб працягу яе да 1525 году, калі знаходзім яго ў Вільні, дзе ён выдае „Апостал”. Выданьне віленскага „Апостала" ўяўляе сабой працяг папярэдняе дзейнасьці Скарыны ў Празе.

У сваёй агульнай прадмове да „Бібліі" Францішак Скарына вызначае такі парадак кніжок „Апостала": Пасланьні Паўлы, Дзеяньні Апосталаў, Саборныя пасланьні, і ўрэшце Апокаліпсіс. Гэткі парадак, відаць, быў назначаны пад уплывам Гароніма (ex epistola ad Paulinum). У сваім выданьні Скарына, прыняўшы за ўзор царкоўна-славянскія тэксты, зьмяшчае кніжкі ў іншым парадку: на першым месцы ён друкуе Дзеяньні, потым Саборныя пасланьні і ўрэшце ўжо Пасланьні апостала Паўлы.

„Апостал" Скарыны 1525 году—першае друкаванае выданьне царкоўна-славянскага апосталу. Другое месца займае маскоўскае выданьне 1564 году, якое потым амаль без усялякіх зьмен перавыдадзена ў Львове ў 1574 годзе, і ў Вільні каля 1576 году.

Васкрасенскі ў сваёй працы „Древний славянский перевод апостала" (1879) устанаўляе чатыры асноўныя рэдакцыі славянскага апостала: першая—Талковы апостал 1220 году, другая—Талстоўскі апостал XIV сталецьця, трэцяя— Чудаўскі (сьв. Аляксея) і, урэшце, чацьвёртая—Поўны сьпіс „Бібліі" 1499 году.

Тэкст Скарыны ня мае нічога супольнага з другой рэдакцыяй; найбольш блізкі ён да тэксту 1499 году, хаця-ж побач сустракаем мы і ўплывы іншых рэдакцый. З боку характару сваіх крыніц „Апостал" 1525 году вельмі падобны да праскага „Псалтыру" 1517 году—у васнову абодвых выданьняў пакладзены царкоўнаславянскія тэксты, паводле сьпісаў XV і XVI сталецьцяў.

Як і ў папярэдніх сваіх выданьнях, Скарына і паасобным часткам „Апостала" прадпасылае свае прадмовы, якія ён празывае „сказаниями". Гэтыя прадмовы, мабыць, укладзены на грунце царкоўнаславянскага тэксту і потым дапоўнены паводле розных лацінскіх комэнтарыяў.

Сам Скарына сваё выданьне празывае „выкладам"; ён, такім чынам, блізка далучае „Апостал" 1525 году да „книгъ бібліі — выложеныхъ”. Пераклад гэты вызначаецца тымі-ж мэтодамі, што і папярэднія выданьні: заўважваецца адсутнасьць сыстэмы і крытыкі тэксту; выразна выяўлена імкненьне даць незразумелыя словы пабеларуску. У той час як царкоўнаславянскія тэксты апосталу, пачынаючы з самых старадаўніх і канчаючы пазьнейшымі, захоўваюць шмат грэцкіх слоў, у выданьні Скарыны ўсе яны перакладзены, прычым замены, якія зрабіў Скарына, вельмі часта супадаюць з чэскай „Бібліяй" 1506 году без усялякіх адносін да Вульгаты.

У Вільні ў час, блізкі да часу выданьня „Апостала", Францішак Скарына выдаў яшчэ „Малую Падарожную Кніжыцу", якая складаецца з пяці частак: „Псалтыр зуполная, Часословець, Акафісты и Каноны Шестодневець краткий, Светьци праткие и Поскалия на многа лѣта“.

Выданьне Скарыны належыць да тыпу так званых псалтыраў з пасьледаваньнем; падобныя псалтыры былі надзвычайна пашыраны ў XV і XVI сталецьцях і вельмі часта ўяўлялі сабой збор самых рознастайных матар’ялаў, пачынаючы ад царкоўнага набажэнства і канчаючы рознымі забабонамі, гаспадарчымі і мэдычнымі нататкамі.

Да Скарыны псалтыр з пасьледаваньнем выдаваўся тры разы; першае выданьне было зроблена ў Кракаве (1491), другое у Цэтыньі (1495) трэцяе вэнэцыйскае – Божыдара Вуковіча (1520).

Псалтыр, які ўваходзіць у склад „Малое Падарожнае Кніжыцы" надзвычайна блізкі да праскага выданьня 1517 году; тут няма тлумачэньняў слоў на палёх (”Главы на боцех"), але затое некаторыя тлумачэньні ёсьць у самым тэксьце і, апроч таго, дадзены новыя замены слоў. З праскага выданьня, за выключэньнем адзначанай розьніцы, захаваны прадмова, дзесяць абраных песень і тэкст з падзелам на кафізмы і славы без указаньня зьместу псальмоў.

Іншыя часткі „Малое Падарожнае Кніжыцы" маюць самыя блізкія адносіны да адпаведных царкоўна-славянскіх тэкстаў у псалтырох з пасьледаваньнем.

Гэткім чынам, дзейнасьць Скарыны, якая падзяляецца на два пэрыоды – праскі і віленскі, з боку свайго агульнага характару адзначаецца органічным адзінствам: у васнове яе ляжаць аднолькавыя задачы і мэтоды. Калі ахапіць дзейнасьць Францішка Скарыны ў цэлым, дык трэба сказаць, што яна мае вялізарнае культурна-нацыянальнае значэньне. Яна служыць паказальнікам высокага культурнага ўзроўню, на якім стаяла Беларусь у XVI сталецьці: хронолёгічна „Біблія” Фр. Скарыны займае трэцяе месца (першая нямецкая друкаваная “Біблія” зьявілася у 1445 годзе, чэская—у 1488, наша беларуская—у 1517-1519 годзе [69]).

Ня толькі самая дзейнасьць Скарыны ўяўляе сабой вялікую цікавасьць – вялізарны інтарэс выклікае сьветапагляд славутага дзеяча, якім асьветлена яго праца. Крыніцу гэтага сьветапагляду трэба шукаць, зразумела, у політычна-соцыяльных умовах яго часу. У XVI сталецьці на Беларусі перакрыжоўваліся дзьве гаспадарчыя сыстэмы — з аднаго боку, яшчэ была моцнай натуральная гаспадарка, з другога боку, нараджаліся ўжо навочныя формы гандлёвага капіталу. Панаваньне гэтых дзьвёх формаў азначыла сабой некаторую падвойнасьць сьветапагляду беларускага дзеяча.

На падставе натуральнае гаспадаркі з яе бездапаможнасьцю перад стыхійнымі сіламі і зьявамі прыроды, як ведама, вынікла сярэднявечная рэлігійнасьць з яе схолястыкай, аскетызмам, готыкай і іншымі зьявамі такога самага парадку.

Францішак Скарына—сын свайго часу. Уся яго дзейнасьць мае пэўную рэлігійную падставу. У сваіх прадмовах ён выяўляе схолястычныя пагляды сярэднявечча. Біблія—для яго крыніца ўсялякае мудрасьці, крыніца ўсіх навук. Усе схолястычныя „septem artes liberales“, на думку Скарыны, маюць свой пачатак у бібліі. Першая з гэтых навук „граматика или по руску говорячи грамота"; псалтыр найлепшы сродак дзеля вывучэньня гэтае навукі. Другая навука „лоіка", „она же учить з доводомъ разознати правду отъ кривды". Дзеля навучаньня гэтай навуцы, раіць Скарына, „чти книгу Иова или послания Апостола Павла". Асабліва зьяўляецца карысным дзеля гэтага кніга Іова і яе „всякому человеку потребно чести, понеже есть зерцало жития нашего, лекарство душевное, потѣха всѣмъ смутнымъ наболѣй тымъ, они же суть въ бѣдах и вь немоцех положены. Протожь я, Францишекь Скорининъ сынъ з Полоцка, вь лекарскихъ наукахъ докторъ, знаючи сее, иже есть найвышшая мудрость, размышление смерти, и познание самого себе, и въспоминание на пріидущіе речи, казалъ есмы тиснути книгу сию". — „Аще же ли помыслиши умети риторику, еже есть красномовность, чти,—прадоўжвае Скарына,—книги Соломоновы. А то суть три науки словесные" (г. зн. граматыка, лёгіка, рыторыка). Усе іншыя схолястычныя навукі—музыка, арытмэтыка, геомэтрыя і астрономія,— гэтак сама, на думку Скарынкі, маюць сваю падставу ў бібліі. Дзеля навучаньня „музыки, то есть певницы", карысна ўся біблія: „премножство стиховь і пѣсней святых по всѣй книзѣ сей знайдеши", але асабліва дзеля гэтае мэты падыходзіць псалтыр і песьня песень. Надзвычайна курынымі, з нашага пункту гледжаньня, зьяўляюцца далей разважаньні Скарыны аб біблійных падставах дзеля арытмэтыкі, геомэтрыі і астрономіі: „Любо ли ти есть умѣти арытметику, еже во кратцѣ а неомыльне личить вучить, четвертые книги Моисеевы часто чти“. (У гэтых кнігах зьмешчаны лік кален ізраільскіх). „Пакъ ли же имаши предъ очима науку геометрию, еже по руски сказуется землемѣрение, чти книги Ісуса Навина". (Там гаворыцца аб падзеле абяцанай зямлі паміж ізраільскімі каленамі). — „Есть ли астрономии или звѣздочети, — найдешь на початку книги сее (бібліі) о сотворении солнца и месяца и звѣзд; найдеш во Ісусе Наувіне, яко стояло солнце на едином мѣстѣ за цѣлый день. Знайдешь во книгах царств, иже солнце поступило колико ступнев. Знайдеш во святом Евангелии о новосотвореной звѣздѣ часу нарожения Нашего Спасителя Ісуса Христа".

Дадзеныя вытрымкі з „прадмовы" Скарыны, прыведзеныя поўнасьцю проф. Янчуком у яго курсе[70], яскрава выяўляюць тыпова схолястычныя асновы сьветапагляду беларускага дзеяча. Але на гэтых сярэднявечных падвалінах былі і некаторыя новыя наслаеньні.

Францішак Скарына і яго дзейнасьць уяўляюць сабой органічны продукт гарадзкое культуры, якая разьвінулася ў нас на аснове гандлёвага капіталу. З гэтым экономічным фактарам Скарына моцна зьвязаны. Паходзіць ён, як мы бачылі вышэй, з гандлярскага стану; Скарыны вялі нават замежны гандаль з Рыгай і іншымі гарадамі. Самая літаратурная дзейнасьць нашага дзеяча шчыльна злучана з гандлёвым капіталам. У „Псалтыру" 1517 году мы знаходзім прыпіску „а то ся стало накладомъ Богдана Онькова сына, радцы мѣста Виленского". У канцы „Апостала" зазначаецца, што Скарына завёў у Вільні друкарню „въ дому почтивого мужа Якуба Бабича, найстаршего бурмістра славного и великого мѣста Виленского". І Богдан Онькаў, і Якуб Бабіч, гэтыя прадстаўнікі віленскага гарадзкога самакіраўніцтва, былі бясспрэчна цэнзавымі элемэнтамі[71].

Выдаючы свае кніжкі на сродкі гэтых прадстаўнікоў гандлёвае буржуазіі, Скарына і самы характар сваіх выданьняў прыстасоўвае да патрэб капіталу. Біблію ён выдае паасобнымі маленькімі кніжкамі ў добрых вокладках; портатыўнасьць выданьняў адпавядала вандроўнай форме жыцьця гандляроў; зграбнасьць і значны кошт іх паказвае, што яны, відаць, былі разьлічаны на збыт сярод заможных прадстаўнікоў гарадзкога жыхарства. Клясава-соцыяльная падстава літаратурнае дзейнасьці Францішка Скарыны асабліва выяўляецца у выданьні ім „Малое Падарожнае Кніжыцы"; гэтая „кніжыца", якая зьмяшчае ў сабе царкоўныя набажэнствы і ўяўляе найбольш портатыўнае выданьне з усіх выданьняў Скарыны, бязумоўна, мела на ўвазе інтарэсы гандяроў: купец, які ў часе вандраваньня дзеля гандлярскіх спраў ня заўжды меў магчымасьць хадзіць у царкву, мог памаліцца, паводле гэтае „кніжыцы”, ва ўсялякіх абставінах.

Зьвязаны так моцна з гандлёвым капіталам, уяўляючы сабой органічны продукт гарадзкое культуры, Скарына ў сваёй асобе і сьветапаглядзе выяўляе некаторыя рысы таго ідэйнага кірунку, які вынікнуў на падставе адзначанага соцыяльна-экономічнага фактару, - рысы гуманістага.

Гэты “новы культурны рух, —сьведчыць проф. Пічэта,—пачаўся перш за ўсё ў літоўска-беларускіх гарадох, куды пачалі пранікаць новыя рэформацыйныя ідэі, якія, аднак, ня пусьцілі глыбокіх карэньняў у васяродзьдзі гарадзкога грамадзянства. Барацьба паміж гарадзкім станам і земляўласьнікамі за экономічныя перавагі хутка паставіла мяшчанства у варожыя адносіны да шляхты і да каталіцызму і протэстантызму, паколькі апошнія станавіліся рэлігіяй варожага да мяшчан стану. Барацьба з шляхтай і нападкі каталікоў на праваслаўных прыдалі гарадзкому гуманістычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, што атрымала сваё выяўленьне ў зьвязку з царкоўнай вуніяй 1596 году... Гарадзкі гуманітарны рух меў замкнуты характар. Вёска заставалася па-за сфэрай гарадзкой культуры". [72]

Характаразуючы далей дзейнасьць Скарыны, профэсар Пічэта празывае яго гуманістым, але, на вялікі жаль, ня прыведзена ніводнага доваду ў пацьверджаньне гэтага палажэньня. Мы спрабуем у гэтую сьціслую схэму падручніка: “Скарына – гуманісты” ўкласьці больш конкрэтны зьмест.

Нам здаецца, што галоўнымі адзнакамі рэнэсансу, які нарадзіў сабой гуманізм, зьяўляюцца: індывідуалізм, натуралізм і нацыяналізм.

Буркгардт у сваёй вядомай працы „Культура адраджэньня Італіі" правільна кажа, што рэнэсанс гэта ёсьць адкрыцьцё чалавека. Аб чалавеку спынілі ўжо судзіць толькі на падставе яго адносін да царквы альбо да тэй ці іншай корпорацыі; асоба чалавека сама-па-сабе робіцца прадметам напружанае ўвагі і цікавасьці. Адсюль вынікае той факт, што ўсе дзеячы рэнэсансу, пачынаючы з Пэтраркі і канчаючы Торквато Тассо, любяць надзвычайна аналізаваць перажываньні душы чалавека і ў першую чаргу сваёй уласнай душы.

Індывідуалізм Францішка Скарыны, зразумела, ня мог так яскрава і моцна выявіцца, як ён выявіўся, напрыклад, у Пэтраркі, Боккачыо і інш.: для гэтага ня было ў нас на Беларусі належных соцыяльных і культурна-гістарычных умоў, галоўнае, у нас ня было тут традыцый антычнасьці, якая паслужыла ў Італіі моцным штурхачом выяўленьня асобы чалавека. Але і ў беларускага дзеяча мы знаходзім і некаторыя праявы індывідуалізму: Скарына поўны сьвядомасьці вартасьці свае асобы, ён далёкі ўжо ад хрысьціянскага ідэалу пакоры; на кожным кроку падкрэсьліваюцца ім асабістыя заслугі і каштоўнасьць; разам з тым усе яго прадмовы носяць, як мы бачылі, яскравы адбітак яго сьвядомасьці—тут выяўляецца сьветапагляд, выяўляюцца самыя захаваныя думкі і настроі пісьменьніка. Нават біблію Скарына часам расцэньвае з індывідуалістычнага пункту гледжаньня. У прадмове да кнігі Іова ён, напрыклад, кажа, што гэтая кніга „лекарство душевное, потѣха всѣмъ смутнымъ", што тут даецца сродак к пазнаньню сваёй асобы, а па думцы Скарыны, найвышэйшая мудрасьць і ёсьць пазнаньне самога сябе. Псалтыр Скарына таксама высока ставіць ня толькі як „малым детям початок всякой доброй науки", але і як псыхолёгічны помнік, дзе асоба чалавека можа знайсьці водгук сваім асабовым настроям, дзе заключана складаная гама перажываньняў, і пачынаючы ад высокага стану экстазу, захапленьня, і канчаючы прыгнятаючымі эмоцыямі роспачы і смутку.

Будучы індывідуалістымі, прадстаўнікі рэнэсансу не замыкаліся ў вузкія рамкі толькі сваіх асабовых перажываньняў; у іх была напружаная ўвага да жыцьця прыроды, жыцьця ўсяго космосу. Пачынаючы ад няясных яшчэ і зьбіўчывых шуканьняў Парацэльса і канчаючы грандыёзнымі адкрыцьцямі Копэрніка, Кеплера і Галілея, адпраўляючыся ад філёзофскіх разваг Міколы Кубанскага і прыходзячы да шырокае сыстэмы Джордано Бруно, мы ўва ўсёй навуцы і філязофіі рэнэсансу сустракаемся з выразнымі праявамі натуралізму, імкненьня і пазнаць прыроду. Гэтае імкненьне падзяляе і наш дзеяч. Яго не здавальняе схолястычная навука ў Кракаве, ён вывучае мэдыцыну; імкнучыся да запраўднага сьвятла навукі, едзе на далёкі захад, у Італію — самы асяродак гуманізму; у сваіх прадмовах Скарына выяўляе вялікую цікавасьць да сьвецкае навукі. Тут мы знаходзім „размовление о прирожении древ и былин, зверей, птиц, гадов и рыб".

Урэшце, трэцяя адзнака рэнэсансу—нацыяналізм... У сярэдніх вякох панавала адзіная космополітычная лацінская культура; гуманістыя выяўляюць вялікую цікавасьць да нацыянальных адзнак. Ужо Дантэ, які стаіць на рубяжы сярэднявечча і рэнэсансу ў сваім трактаце „De volgari eloquio" даводзіць, што жывая італьянская мова вышэй за мёртвую лацінскую. Па яго сьлядох ідуць Пэтрарка, Боккачыо і іншыя; не пакідаючы мовы лацінскай, яны шырака карыстаюцца жывой роднай гутаркай. Падобна ім, і Францішак Скарына ў сваім перакладзе сынтэзуе элемэнты мёртвае царкоўнаславянскае мовы і жывое беларускае гутаркі. У нашага дзеяча мы знаходзім яскравыя выразы нацыянальнае сьвядомасьці. У сваёй прадмове ён кажа: „Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни знають ямы своя, птяцы летающие по воздуху ведають гнезда своя, рыбы плавающие по морю и во реках чують виры своя, пчелы итым подобные боронять ульлев своих тако ж и люди и дзе зродилися и ускормлены суть по бозе—к тому месту великую ласку имають".

Гэтак на асобе Францішка Скарыны ляжаць густыя цені сярэднявечча, але адначасна мрок гэтых ценяй праразаюць сьветлыя блікі жыцьцярадаснага рэнэсансу.


  1. Правда. Місячнік для словесности, науки и політыки. Рочнік XII. Львоў, 1870.
  2. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. 1888.
  3. Журнал Министерства Народного Просвещения. Апрель 1892. стар. 383.
  4. Известия Отд. Русского Языка и Словесности Академии Наук. 1917. Т. ХХIII, кн. 2, стар. 223- 226.
  5. Паасобнік Псалтыру 1517 году у Расійскай Публічнай Бібліотэцы. VIII. 2, № 62. ліст Г на адвароце.
  6. Паасобнік памянёнае бібліотэкі.
  7. Pamietnik Warszawski. O Literaturze Rossyjskiej. 1815 г. Лістапад. Стар. 277.
  8. Ор. сіt., стар. 297.
  9. Historya literatury polskiej, t. VIII, Krakow, 1851, стар. 466.
  10. Ор. cit., стар. 478.
  11. Archivum do dziejow literatury i oswiaty w Polsce. W Krakowie 1892, стар. 158.
  12. Ibidem
  13. Гл. вышэй.
  14. Нарысы па гісторыі старажытнага беларускага пісьменства. Менск, 1922, стар. 8.
  15. Паасобнік Расійскае Публічнае Бібліотэкі. Folia 156-157.
  16. Ор. сіt., стар. 56.
  17. ІЬіd., 45.
  18. Coppi. Le universita italiene nel medio evo. Firenze, 1886, pag. 201-202

    Прыводзім італьлянскі тэкст:

    "Le spese di questa solennità, ascendevano a somme cospicue perchè tutto l'apparato della chiesa dove si faceva la cerimonia, lo sfarzo della comitiva, i ricchi doni che dovevano essere presentati ai principali dignitari che vi assistevano, nonchè il dispendio dei conviti e dei sollazzi coi quali si festeggiava la giornata, era tutto a carico del laureando. Queste spese in breve aumentarono a tal punto, che nel 1311 dovè intervenire il papa ordinando che il candidato non dovesse impiegare più di 500 lire per il lusso della promozione"

  19. Ibid., 204.
  20. Ibid. Італьянскі тэкст: «Nel 1590 i collegi dell'università di Padova volendo scemare le spese di laurea, stabilirono che ogni candidato, il quale volesse prendere le insegne solenni e con pubblico fasto, non potesse spendere più del triplo di quei che si laureavano privatamente."
  21. Ibid., 209
  22. Neuere Abhandlungen der K. Bohmischen Gesellschaft der Wissenschaften II Band. Prag. 1795, стар. 185
  23. Op. cit., стар. 478
  24. История Русской Церкви, т. ІХ, СПБ, 1879, стар. 303.
  25. Правда. Місячнік для словесности, науки и політики. У Львові, 1879 г., стар. 643
  26. Zalozenie Uniwersitetu Krakowskiego. Krakow, 1872, стар. 76
  27. Op. cit., стар. 155. Гл. яшчэ артыкул пад псэўданімам “Белорусс” – Судьбы русского языка в костелах Северо-Западнаго Края (Русский Вестник, 1868 г., т. 57), дзе выказваецца думка што ўсе працы Скарыны былі зроблены для каталікоў паводле жаданьня Жыгімонта Першага.
  28. Науковый сборник, издаваемый литературным обществом Галицко-Русской Матицы. Вып. І. Львов, 1865 г., стар. 230
  29. Очерк Истории Западно-Русской церкви. Часть І. СПБ, 1882 г., стар. 217.
  30. Hesychii Glossographi discipulus. Vindobonae, 1840, стар. 33-34. De Facultatis Pragenae Medleinae Doctore Francisco Skorina Lithuano, Doctoris Martini Lutheri insidiatore, question historica
  31. Беседы в Обществе Любителей Российской Словесности. Москвл, 1867, Вып. 1, стр. 19-20
  32. Ibidem
  33. Ор. сіt., 172.
  34. Белоруссы, т. ІІ, вып. 2 стар. 25
  35. Ор. сіt.
  36. Образование и литература в Московском государстве конца XV и XVI столетий. Казань, 1898, стар. 343.
  37. Паасобнік Публічнай Бібліотэкі – І, 5. 8а/2
  38. Календарь Крестный 1873 г., стар. 47, дзе чытаем: “а прозван был он (Скарына) неправославным именем Франциск, вероятно, восприемниками и родителями для прикрытия истинного крестного имени от всяких чародейских наговоров”
  39. ”Слово”, 1875 г., частка 130. Аўторак, 25 лістапада. Стар. 2
  40. Ор. сіt., стар. 20.
  41. Западно-русские православные школы XVI и начала XVII в. Казань. 1898, стар. 203
  42. Ор.сіt., стар.230.
  43. Ор. сіt., стар.217.
  44. Ор. сіt., стар. 47.
  45. Ор. сіt., стар. 456
  46. „Слово" 1875 г. Частка 130. Аўторак. 25 лістапада, стар І
  47. Ор. сіt., стар. 51, 52.
  48. Владимиров. ор. сіt., стар. 55.
  49. Ibidem, стар. 56.
  50. Op. cit., стар. 382-383.
  51. Papadapoli. Historya gymnasia Patavini. Venetis, 1726. стар. 2.
  52. Ibid., стар. 5-7; разьдз.: De splendore et felicitate gymnasia sub immortali Republica Veneta
  53. Pietro Pomponazzi. Studi storici su la scuola bolognese e padovana del secolo XVI, стар. 10. Італьлянскі тэкст: Lo studio della natura e dello spirito su f alba della nostra rinascenza, era legato con nodi irresolubili, come dovrebbe esser sempre, per riuscire più. dilettevole e più proficuo
  54. Favaro. Lo studio Padova al tempo di Niccolo Copernico. Ven., 1880, стар. 45. Італьлянскі тэкст: La filosofia naturale era a que tempi piu in credito e piu studiata perche si congiungeva con gli studii di medicina tanto che difficilmente si trovava un dottore in arti che non losse eziando dottore in medicina
  55. Ibid., 45
  56. Ibid., стар. 44-45. Італьлянскі тэкст: Nel 1509 scoppiata la guerra, consequenza della lega ordita contro la Republica a Cambrai, tu chiuso lo studio e ne tacquero le catedro tino all auno 1517
  57. Questo (la chiusura dello studio) asseriscono per verita tutti gli storici dello studio; pare tuttavia que alcuni professori abblano proseguito isolatamenta nei loro insegnamenti e che I Collegi radunassero ugualmente: infatti in ognuno degli apni compresi nei periodo di chiusura si hanno isuree
  58. Op. cit., 188
  59. Ibid., 197
  60. Владимиров. op. cit., стар. 66 і 67
  61. Известия Отд. Р. Яз. н. Слов. Р..Ак. Н. 1917, кн. 2. 221-226.
  62. Да рэчы сказаць, Мілавідаў, зазначаючы, што ў першым докумэнце кароль просіць аб водпуску Скарыны, няправільна перадае сэнс лісту: відаць, ён мала ўчытаўся ў докумэнт
  63. Ibidem., стар. 224
  64. Op. cit., 173
  65. Акад. Карскі ў вуснай гутарцы з намі ўказваў нам, што ў Варшаве ў Бібліотэцы Красінскіх знаходзіцца новы матар’ял – пераклад кнігі Товіт, які, з значнай ступеньню верагоднасьці, можна прыпісваць Скарыне, але мы з об’ектыўных умоў не маглі скарыстаць гэты цікавы матар’ял.
  66. Владимиров, op. cit., стар. 66
  67. Акад. Карскі, будучы ўлетку 1924 году ў Празе, паведаміў нас, што ў архівах Праскага магістрату акадэмік Францаў наводзіў старанныя спраўкі аб друкарні Скарыны і ніякіх сльядоў яе і рэгістрацыі Скарынавых выданьняў там ня знойдзена. Факт вельмі загадачны. Відаць, дрыкарня Скарыны і яго выданьні не рэгістраваліся офіцыяльна. Магчыма пабудаваць асьцярожныя прыпушчаньні, што выданьні Скарыны, як праваслаўныя, друкаваліся ў Празе, тагочасным цэнтры каталіцтва, нелегальна, патаемным шляхам. За прыведзеную вельмі цікавую спраўку прыношу акадэміку Карскаму сваю шчырую падзяку.
  68. Янчук. Ор. сіt., стар. 10.
  69. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. Вільня. 1921 г., стар. 64.
  70. Ор. сіt., стар. 11.
  71. Разам з наданьнем беларускім гарадом Майдэборскага права, - сьведчыць проф. Пічэта, - уся ўлада апынулася ў руках буржуазіі, значэньне якой павялічылася пад уплывам росту грашовае гаспадаркі. (Гісторыя Беларусі. Масква – 1924 г., стар. 106)
  72. Ibid., стар. 126

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.