Францішак Багушэвіч (Клімковіч, 1962)
Францішак Багушэвіч Артыкул Аўтар: Міхась Клімковіч 1962 Крыніца: Літаратурна-крытычныя артыкулы / М. Клімковіч ; склаў Я. Герцовіч. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1962. – С. 3–15. |
Францішак Багушэвіч
Францішак Казіміравіч Багушэвіч ― буйны беларускі пісьменнік мінулага стагоддзя ― нарадзіўся ў 1840 годзе ў сям'і небагатага шляхціца-беларуса на Віленшчыне. Бацькі яго належалі да той часткі шляхты, якая была блізка па мове і быту да акаляючага вясковага сялянства, але не хацела апускацца да яго эканамічнага ўзроўню, дзелячы свае невялікія фальваркі паміж наяўнымі членамі сям'і ― мужчынамі. Таму звычайна на гаспадарцы пакідаўся адзін з найменш здольных да вучобы сыноў, а рэшце намагаліся даць асвету і прыстасаваць на якую-небудзь пасаду ў горадзе. Францішка аддалі спачатку ў сярэднюю школу ў Вільні, а калі ён скончыў яе, паслалі ў Пецярбург. Там ён паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. За ўдзел у забастоўцы студэнтаў Багушэвіч быў зволен з універсітэта і вярнуўся на радзіму. Тут ён некаторы час працаваў настаўнікам у Дацішскім народным вучылішчы. Мы маем усе падставы меркаваць, што ўжо ў той час Багушэвіч быў знаёмы з рускім рэвалюцыйным тагачасным рухам, марыў аб вызваленчай барацьбе свайго народа, спачувальна адносіўся да простага народа. І калі ў 1863 годзе на Беларусі ўзнялося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, Францішак Багушэвіч адразу прымкнуў да яго. У бойцы з карным атрадам ён быў паранены і, ратуючыся пасля разгрому паўстання ад рэпрэсій царскай улады, выехаў у Нежын. Тут яму ўдалося замесці сляды свайго ўдзелу ў паўстанні і паступіць у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які ён і скончыў у 1868 годзе. Ехаць зразу на радзіму, пакуль былі свежы падзеі 1863 года, ён не рашаўся і некаторы час працаваў у якасці судовага следчага ў Канатопскім павеце. Відавочна тут, у Нежыне і Канатопе, ён блізка пазнаёміўся з украінскай літаратурай, і асабліва з творчасцю вялікага ўкраінскага паэта-дэмакрата Шаўчэнкі, якая стасавалася да яго палітычных настрояў і думак. Пазнейшыя творы Багушэвіча паказваюць, што ён захапляўся не толькі Шаўчэнкам, але і рускай дэмакратычнай літаратурай - Крыловым, Някрасавым, Лермантавым. У іх ён шукаў водгуку сваім антыцарысцкім настроям, знаходзіў у іх тую самую любоў да народа, да Радзімы, якой быў поўны сам. Зусім ясна, што гэтыя настроі склаліся ў яго значна раней, чым ён апублікаваў свае першыя вершы, яны складаліся, відавочна, яшчэ ў студэнцкія гады. Удзел у паўстанні 1863 года і шчаслівае ўнікненне рэпрэсій паказваюць, што Багушэвічу была добра знаёма канспірацыя. Гэта пацвярджаецца і тым, што ён выдаў свой першы зборнік вершаў «Дудка беларуская» (у 1891 годзе) у Кракаве пад псеўданімам «Мацей Бурачок», а другі зборнік «Смык беларускі» (у 1894 годзе) у Пазнані пад псеўданімам «Сымон Рэўка з-пад Барысава», добра замаскаваўшы і псеўданімам і прадмовай сваё дачыненне да першага зборніка. У часе выхаду гэтых кніжак Францішак Багушэвіч стала жыў ужо ў Вільні, дзе займаўся адвакацтвам. Усё гэта наводзіць на думку, што ў Багушэвіча захаваліся старыя сувязі з сябрамі па паўстанню 1863 года, якія мелі дачыненне да непадцэнзурнага друку гэтага часу. Яны, відавочна, дапамагалі яму наладзіць выданне яго твораў за межамі тагачаснай Расіі. Праўда, маюцца звесткі, што ў 1899 годзе Багушэвіч спрабаваў выдаць трэці зборнік сваіх твораў «Беларускія расказы» ўжо ў Вільні, але не змог пралезці праз царскую цэнзуру. Віленскі цэнзар 16 сакавіка 1899 года забараніў друкаванне гэтага зборніка з прычыны пытання, ці не крыецца ў такога роду творах тэндэнцыя, апрача «маларускай», стварыць яшчэ і «беларускую» літаратуру». Загінуў недзе і трэці зборнік вершаў Багушэвіча «Беларуская скрыпачка», які таксама быў падрыхтаван да друку. Такім чынам, мы бачым, што за 9 год, у якія друкаваўся Францішак Багушэвіч, ім былі падрыхтаваны да друку 4 кнігі, калі не лічыць выйшаўшае ў 1892 годзе без паказання аўтара, апавяданне «Тралялёначка». Пасмяротна (памёр Багушэвіч 28 красавіка 1900 г.) у 1907 годзе газета «Наша Ніва» надрукавала тры яго апавяданні: «Сведка», «Палясоўшчык» і «Дзядзіна». З гэтага відаць, што мы маем магчымасць пазнаёміцца толькі з часткай твораў пісьменніка, і нашым гісторыкам літаратуры патрэбна яшчэ адшукаць другую палову яго твораў, прычым, магчыма, самых спелых твораў апошняга перыяду яго жыцця. Але і тое, што вядома нам, дае права паставіць Францішка Багушэвіча ў рад буйнейшых пісьменнікаў свайго часу, лічыць яго першым, які перанёс слаўныя традыцыі паэзіі Шаўчэнкі і Някрасава на беларускую глебу, значна пасунуў наперад пасля Дуніна-Марцінкевіча развіццё беларускай літаратуры.
Што рухала пісьменніка на гэты подзвіг?
Перш-наперш гарачая любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа. У вершы «Ахвяра» паэт просіць бабульку маліць бога, каб ён ніколі панам не быў і, апроч таго:
Каб за край быў умерці гатоў, |
У гэтых словах адчуваецца асуджэнне паэтам тых, хто «прагнуў айчызны чужых» — правай, магнацкай вярхушкі паўстання 1863 года, якая імкнулася зноў звесці Беларусь да становішча ўсходніх крэсаў Польшчы, — і асуджэнне той часткі шляхты, якая адмовілася ад народа, прамяняла барацьбу за яго вызваленне на «грошы», на магчымасць спакойнага сытага жыцця. Паэт добра бачыў панскую ласку нават ліберальствуючых паноў, якая ў канчатковым выніку — калі зняць з яе слоўныя шалупіны — азначала толькі тое, што і лібералы хочуць прымусіць мужыка «рабіць хлеб» для пана, хаця лямантуюць, што яны хочуць даць хлеб селяніну. Молячы бога, каб ніколі не быць панам, Францішак Багушэвіч падкрэслівае свае дэмакратычныя перакананні, перакананні рэвалюцыянера, які «за край свой умерці гатоў». У гэтым мы адчуваем безумоўны ўплыў рэвалюцыйных гурткоў Герцэна і Чарнышэўскага, які быў моцным сярод перадавой часткі рускай інтэлігенцыі таго часу. Цікава адзначыць, што замілаванне да простага народа было не толькі паэтычным і палітычным крэда пісьменніка, але і яго жыццёвай практыкай. Расказваюць, што аднойчы Фр. Багушэвічу давялося абараняць у судзе селяніна, які лічыў сябе абсалютна невінаватым у тым злачынстве, якое яму прыпісвалі. Селянін быў стары і лічыў абразай для сябе сесці на лаўку падсудных. Суд прапанаваў пасадзіць яго насільна. Тады яго абаронца―Фр. Багушэвіч ― сеў поруч з ім на лаўку падсудных і сядзеў увесь час, пакуль разбіралася справа, паказваючы нават у гэтай дробязі, як неаддзялім паэт-грамадзянін ад свайго простага народа.
Верш «Мая хата» з'яўляецца натхнёным гімнам сваёй простай, гаротнай і ў той жа час любай Радзіме.
Кепска ж мая хатка, падваліна згніла, |
Гэтай жа любоўю да Радзімы, да беларускага народа гучаць абедзве прадмовы да выдатных кніг Багушэвіча: «Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша «мужыцкая» мова і толькі таго. Але, паздароў божа добрых людцаў, як навучылі мяне чытаць, пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў, і пераканаўся, што мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, або нямецкая, або і іншая якая».
Багушэвіч ясна бачыў сацыяльную няроўнасць і расслаенне ў сваім народзе і актыўна станавіўся на бок пакрыўджаных і прыгнечаных. Досыць успомніць верш «Бог не роўна дзеле» або тое, як у сваёй прадмове да кнігі «Смык беларускі» ён рэзка выступіў супраць Дуніна-Марцінкевіча, лічачы, што той не разумее патрэб простага народа і дае яму не тую літаратуру, якая патрэбна селяніну. У радзе сваіх вершаў ён з гранічнай рэзкасцю праводзіць водараздзел паміж багатымі і беднымі, паміж іх інтарэсамі, прычым за адну скобку ворагаў народа свайго выносіць і адшчапенца («Калыханка»―«Можа будзеш калі панам, ці вялікім капітанам, людцаў можа будзеш біці... будуць клясці, як ліхога, прасіць смертанькі ад бога»), і пана («Панская ласка», дзе пан, якога «дабpo ўсё здабыта толькі крыўдай братняй», зусім двухсэнсава параўнаны з бандытам), і царскую ўладу (вершы «У астрозе», «Быў у чысцы» і безліч другіх), і нават бога, рэлігію, якая асвячае «начал, кнут і слуп». Гэта размежаванне па сацыяльнаму прызнаку ён праводзіць са страснасцю сапраўднага рэвалюцыянера-дэмакрата. Яго не задавальняе рэформа Аляксандра ІІ―вызваленне сялян ад прыгону:
...Ой, штосьці кепска выходзе, |
Мімаволі ўспамінаецца някрасаўскае вызначэнне вынікаў вызвалення сялян ад прыгону для саміх сялян:
...на место цепей крепостных |
У вершы «Панская ласка» у напалову баечнай, алегарычнай форме дадзена яшчэ больш рэзкая ацэнка «панскай ласкі» вызваленых сялян:
Ой, не першы то бандыта |
З асаблівай ярасцю нападае Францішак Багушэвіч на апарат царскага самадзяржаўя, бачачы ў ім дзейсную сілу «найяснейшай кароны» («У астрозе»).
А што ж то ураднік за велькі індык? |
Зусім відавочна, што сацыяльныя матывы з'яўляюцца лейтматывам творчасці Багушэвіча і сама барацьба за нацыянальную самасвядомасць, за мову, за школу, за навуку пранізана імі, выцякае з жадання паэта змяніць грамадскі лад, пры якім так цяжка жывецца яго народу.
Якімі шляхамі мысліў сабе Францішак Багушэвіч дасягнуць справядлівага грамадскага ладу? На гэта адказ дае яго паэзія. Яна ў аснове сваёй ― страсная, палітычная лірыка. Свой погляд на паэзію, як на беззаветнае служэнне народу, ён выказаў і ў прадмовах да сваіх зборнікаў і ў праграмных вершах «Мая дудка» і «Смык». У іх вар’іруецца і развіваецца думка Някрасава, што паэт «гражданином быть обязан». Паэзія, па думцы Багушэвіча, павінна даць народу «жывую ваду» волі:
Ды такой вадзіцы, |
Інакшымі словамі - паэт бачыў сваю задачу ў тым, каб абуджаць грамадскую думку ў народзе, выкрываць тых, хто перашкаджае яго імкненням вольнага і шчаслівага жыцця. Такіх ворагаў народа паэт бачыў у асобе пана і царскай улады. Сваімі вершамі ён імкнуўся падарваць аўтарытэт дзяржаўных інстытуцый царызму, дэмаскаваць сацыяльную несправядлівасць існуючага грамадскага ладу. Ён жорстка кпіў з царскага суда, з бяздушша царскіх чыноўнікаў «у чортавых фраках», з грабежніцтва ўраднікаў, а крывадушша «скаціннай апекі», з ашуканства царквы і закону. Ён заклікаў «не прагнуць айчызны дужых», прызнаваць роўнасць і брацтва людзей розных нацый, прапагандаваць роўнасць моў і практычна ўзнімаў беларускую мову на ўзровень моў яе славянскіх пабрацімаў, якія да яго часу мелі вялікую літаратуру. У гэтым выяўляліся яго палітычныя ідэалы.
Ствараючы вобразы паноў і людзей з народа, Францішак Багушэвіч смела і адкрыта становіцца на бок народа. Ён з асаблівай сілай і задаволенасцю малюе расправу над панамі за крыўды, якія яны чынілі мужыку (расправа мужыкоў над ураднікам «У судзе», над панамі розных рангаў у «Быў у чысцы»). Даючы малюнак пекла, Багушэвіч кажа:
З мужыкоў тут не надта каб шмат, |
У радзе вершаў паэт дае паралельна два вобразы: пана і мужыка. Пан жыве з чужой працы, ходзіць у золаце, у савеце, смачна есць, доўга спіць; мужык галадае, мерзне, працуе, не пакладаючы рук, на пана. Паэта абурае такі парадак. «Дурны мужык, як варона», калі ён церпіць такі лад. Паэт спрабуе ўзняць свядомасць мужыка, упэўніць яго ва ўласнай сіле.
Ён з замілаваннем малюе вобраз народа-волата:
Глядзі, касцёл аж да неба, |
І недарэчнасцю выглядае, што сам ён жыве ў мокрай яме, без палена дроў, без корму для сваёй жывёлы. Як пераклікаюцца гэтыя радкі з някрасаўскімі.
Ты и убогая, ты и обильная, |
Прымірыць гэтыя дзве сацыяльныя процілегласці немагчыма, і той, хто спрабуе гэта зрабіць, — воўк у авечай скуры (байка «Воўк і авечка»).
Багушэвіч меў свой погляд на літаратуру. Ён лічыў сваім абавязкам, як пісьменнік, максімальна наблізіць сваю паэзію да народа, да роднай паэтычнай творчасці. Таму найчасцей у яго сустракающца вершы ў форме песень, у тым ліку іранічных, якія высмейваюць п'яніцу, нядбайліцу, гультая; саркастычных, пабудаваных у форме дыялогу, дзе закранаюцца галоўным чынам грамадскія пытанні: балад і вершаапавяданняў, маючых на мэце маральнае ўздзейнічанне на чалавека. З гэтай жа прычыны большасць апавяданняў і вершаў падаецца ў форме расказа ад першай асобы, звычайна ад пажылога селяніна: па думцы Багушэвіча, такая форма выкліча найбольшую веру ў чытача-селяніна, глыбей на яго ўздзейнічае, тым больш, што яна дае магчымасць паэту мову верша максімальна наблізіць да мовы самога селяніна, скарыстаць народныя выразы, пагаворкі, параўнанні, падтрымаць аўтарскую думку народнай мудрасцю прымавак, якія склаліся і адшліфаваліся вякамі. Усё гэта робіць паэзію Францішка Багушэвіча сапраўды народнай паэзіяй, і ў гэтым сэнсе ён па праву можа лічыцца папярэднікам народных паэтаў рэспублікі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праўда, Багушэвіч ніколі не застаецца на ўзроўні фальклорнага прымітыву і ніколі не скарыстоўвае ўзятую цытату з народнай творчасці: ён абавязкова творча яе перапрацоўвае, падроўнівае пад лепшыя ўзоры народнай песні, сказа, дзе сапраўды паэтычная, адшліфаваная вякамі форма спалучаецца з глыбокім пачуццем і філасофскай думкай. Для прыкладу можна ўзяць такія вершы, як «Ахвяра», «Воўк і авечка», «Песня», «Чаго бяжыш, мужычок?» і другія. У вершы «Ахвяра» ў пералік зразумелых селяніну добрых якасцей чэснага чалавека ― «не жадаць чужога», любіць і шанаваць сям'ю, не быць п'яніцай ― Багушэвіч украплівае рад палітычных грамадскіх абавязкаў чалавека ― уменне «сваё дзела як трэба рабіць», «не драць нос перад меншым» і «не гнуць спіну перад большым», не жадаць «айчызны чужых», «не драць падвойнай платы за зямлю», прычым робіць гэта ў стылі ўсёй народнай антыпанскай паэзіі, нацэліўшы на гэта верш першымі двума радкамі:
Маліся ж, бабулька, да бога, |
Гэтым самым усе адмоўныя якасці, ад якіх адмаўляецца паэт, складаюць негатыўны вобраз пана — сквапнага на чужую працу, ліслівага перад начальствам і напышліва-ганарлівага перад мужыком, распусніка, здрадніка свайму краю, грабежніка чужых зямель, бессаромна прысвойваючага зямлю і працу селяніна. Аналіз гэтага твора паказвае, што мы маем справу з высока таленавітым паэтам, які ўмее стварыць паэтычны вобраз сапраўды паэтычнымі сродкамі, авеяць яго глыбокім пачуццём, у дадзеным выпадку нянавісцю да пана і глыбокай пашанай да простага працоўнага чалавека, ствараючы ўсё гэта не ў лоб, а праз паэтычнае апасрэдстваванне, праз паказ цэлай гамы чалавечых пачуццяў і разнастайнасць глыбокіх думак. Верш «Воўк і авечка» пранізаны гумарам народных казак у такой же меры, як байкі Крылова, насычаны народнымі выразамі («плачуць, як бабры, абое», «злітаваўся, як які аконам», «будуць косці, будзе мяса», «між ваўкоў трэба выць ваўкамі») ― у той жа час з'яўляецца самастойнай арыгінальнай трактоўкай адвечнай тэмы «ваўкі і авечкі», зробленай з вялікім густам, літаратурна высокімі сродкамі. Напомнім хаця б такі адказ авечкі:
Дзякуй, дзякуй, ягамосці, |
У ім і навелістычная нечаканасць, і афарыстычнасць народнага сказа, і народная форма звароту, і трапнасць удару, якія па плячу мастаку-філосафу.
Прыкладам самастойнай распрацоўкі ўзятых з народнага тэм можна прывесці песню «Гора», якая з'яўляецца агульнай для рускага і беларускага фальклору («Я от горя во темны леса»). Прывядзём восем радкоў, якія асабліва яскрава сведчаць аб творчай арыгінальнасці Багушэвіча:
Склаў я гора ды у дошкі, |
Нельга бліжэй падысці да народнага адлюстравання барацьбы селяніна са сваім горам, чым гэта зрабіў Багушэвіч, застаючыся ў той час самастойным творцам паэтычнага вобраза. Ён захаваў адценні пачуццяў, якія ўкладзены народам у фальклорную песню: адчуванне неадвязнасці гора, непазбыўнасці яго і ў той жа час жыццесцвярджаючую ўпартасць барацьбы з ім і прадчуванне перамогі, якая падказваецца лёгкім і светлым гумарам усяго твора. Адначасова кароткімі, скупымі, але да гранічнасці выразнымі сродкамі ён даў цэльны партрэт селяніна, характэрныя рысы яго быту і выгляду, што зноў-такі па плячу толькі паэту вялікага таленту.
Глыбокі падтэкст, пры скупасці на словы, — адна з характэрных асаблівасцей паэзіі Багушэвіча. Вось некалькі прыкладаў з «Песні»:
― Чаго ляжыш, мужычок? |
Тут з гранічнай выразнасцю праз глыбокі падтэкст даносіцца і бяспраўнасць, і розум, і псіхіка, і паводзіны селяніна, і адносіны да грамадскіх з'яў самога пісьменніка. Скарыстанне выразаў, за якімі крыецца сацыяльны падтэкст, тропы ўмоўчвання, якія часамі гавораць больш, чым простае апавяданне, пасля Багушэвіча стала традыцыяй дакастрычніцкай беларускай паэзіі там, дзе яна вымушана была гэтым ратавацца ад царскай цэнзуры.
Багушэвіч, адштурхоўваючыся ад народнай песні і сказа, узбагачае беларускую літаратуру новымі формамі верша ў параўнанні з Дуніным-Марцінкевічам і безымяннымі вершамі-гутаркамі, якія хадзілі ў народзе. Кароткі лірычны верш, пранізаны асабістым пачуццём шчасця і гора, вершы, пранізаныя грамадскай лірыкай, сатырычная байка, разгорнутая сацыяльная паралель, балада, песня, паэма з народнага жыцця ўсе гэтыя формы не існавалі ў беларускай літаратуры да Багушэвіча. Ён першы стварыў іх у нашай літаратуры, пашырыўшы гэтым яе рамкі і практычна давёўшы, што беларуская мова дастаткова развіта і багата, каб стаць літаратурнай мовай. Багушэвіч увёў у беларускі верш большую ў параўнанні з Дунінам-Марцінкевічам разнастайнасць рытмікі, вызваліў рыфмы ад сляпой залежнасці ад прымітыўнага рыфмавання народных араторый, гэтым самым уздымаючы беларускую паэзію свайго часу на новую, больш высокую ступень. У той жа час Багушэвіч, як ніхто другі, адчуваў высокую паэтычнасць лепшых узораў народнай творчасці і ўмеў уключаць іх у арбіту сваёй паэзіі, зноў-такі не праз простае цытаванне, як Дунін-Марцінкевіч, а праз творчае асваенне, гэтым самым падкрэсліваючы, дзе, па яго думцы, ляжыць шлях далейшага развіцця і ўдасканалення беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Гэтай думцы былі падначалены і яго наследаванні Някрасаву і Шаўчэнку: творчая вучоба ў пісьменнікаў братніх, больш моцных і спелых літаратур - адна з умоў хуткага росту беларускай літаратуры. Усё гэта неад'емныя і незабыўныя заслугі Францішка Багушэвіча перад беларускай літаратурай. Аднак асноўная заслуга Багушэвіча заключаецца ў яго палкім служэнні справе сацыяльнай барацьбы народных нізоў сваім паэтычным словам. Гэтым самым Багушэвіч выводзіў беларускую літаратуру і беларускіх пісьменнікаў на той самы шлях, па якім ішла руская літаратура з часу Фанвізіна і Грыбаедава, з часу Пушкіна і Някрасава, з часу Чарнышэўскага і Бялінскага. Быць выразніцай перадавых ідэй грамадства, вострым бічом для ўсяго таго, што перашкаджала прагрэсіўнаму руху наперад, быць зброяй народа ў барацьбе з царызмам і рэшткамі прыгонніцтва, абараняць інтарэсы народа - у гэтым бачыў Францішак Багушэвіч прызванне літаратуры, і гэта стала яго запаветам маладой беларускай літаратуры. Гэты запавет стаў фундаментам, на якім пабудавалася сучасная беларуская літаратура, і плённы ўплыў паэзіі Багушэвіча мы адчуваем і ў творчасці Янкі Купалы, і Якуба Коласа, і ў творчасці нашых маладых паэтаў.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.