Перайсці да зместу

Францішак Аляхновіч у гасьцях у Саюзе Беларускае Моладзі ў Менску

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францішак Аляхновіч у гасьцях у Саюзе Беларускае Моладзі ў Менску
Артыкул
Аўтар: Міхась Ганько
1943 год
Крыніца: Жыве Беларусь! (Менск), 1943, № 4-5, кастрычнік-лістапад, б. 23

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішак Аляхновіч у гасьцях у Саюзе Беларускае Моладзі ў Менску

На запросіны старшае праваднічкі д-р Н. Абрамавай Кіраўнічы Штаб СБМ і менскую моладзь наведаў ведамы беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Аднэй з мэтаў гэтае візыты было зьбіраньне матар’ялу і уражаньняў для напісаньня п’есы з жыцьця сучаснае моладзі, якую паважаны, сяньня ужо 60-гадовы пісьменьнік дакляраваў напісаць для СБМ.

Пісьменьнік спыніўся у Менску ад 26 да 30 кастрычніка, быў у Кіраўнічым Штабе, дзе глядзеў кіпучую працу у даволі прымітыўных умовах, а вечарам 27 кастрычніка у ягоны гонар быў курсанткамі наладжаны вечар песьні і танцаў, на якім апрача пісьменьніка былі прысутныя старшыня гораду Менску праф. В. Іваноўскі, рэдактар «Беларускае Газэты» У. Казлоўскі, старшыня Беларускае культурнае Рады сп. А. Калубовіч і паэтка Н. Арсеньнева. Вечар удаўся вельмі добра і усе асталіся шчыра задаволеныя.

Для удзельніцаў курсу у нашым лагеры і для супрацоўнікаў Кіраўнічага Штабу пісьменьнік зрабіў надзвычайна цікавы даклад аб сваіх перажываньнях у часе пабыту на Салоўках. Як ведама, Францішак Аляхновіч зьяўляецца аўтарам цікавых успамінаў «У кіпцюрох ГПУ», публікаваных у «Менскай», а пазьней «Беларускай Газэце» і перакладзеных на некалькі моваў.

Візыта нашага найстарэйшага пісьменьніка у СБМ — вялікі гонар для беларускае моладзі. Тым больш прыемна, што дарагі госьць ад’ехаў з добрымі уражаньнямі. Хочацца, каб прыязьнь паміж нашымі сэньёрамі і намі, моладзьдзю, мацнела і давала вялікую карысьць для беларускае справы. Францішак Аляхновіч даў прыклад зразуменьня парываў моладзі. За ягоную візыту, якая каштавала яго шмат клопатаў і нявыгодаў, з якімі ён, аднак, не палічыўся, мы шчыра, шчыра удзячныя.

Б. Аг.