Перайсці да зместу

Францышак Багушэвіч, як ідэолёг беларускага адраджэньня і як мастак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францышак Багушэвіч як ідэолёг беларускага адраджэньня і як мастак[1]
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1925
Іншыя публікацыі гэтага твора: Францішак Багушэвіч.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францышак Багушэвіч у гісторыі беларускае літаратуры займае асабліва выдатнае і пачэснае месца. Творчасьць поэты становіць сабой зваротны момант у разьвіцьці беларускай грамадзянскай думкі і, апроч таго, уяўляе сабой значныя, чыста мастацкія дасягненьні. Ідэёвы бок літаратурнай спадчыны Багушэвіча асабліва зварачае на сябе ўвагу ў наш час, калі пад сьцягам пролетарскай рэволюцыі закладаюцца моцныя падваліны культурна-нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня Беларусі. У думках Багушэвіча, песьняра гэтага адраджэньня, можна выявіць першапачатковае зараджэньне, так сказаць, эмбрыон тых ідэалаў, якія зьяўляюцца баявым лёзунгам сёнешняга дню. Так пытаньне а Багушэвічу набывае для нас ня толькі гістарычнае, але і сьцісла актуальнае значэньне.

На правялікую жаль, ня гледзячы на ўсю вялізарнасьць гэтага значэньня, мы стаім перад фактам амаль-што поўнай адсутнасьці біографічных і ўсялякіх іншых матар‘ялаў, патрэбных для об'ектыўнага высьвятленьня асобы поэты і яго творчасьці. У дадзеным пытаньні, як і, наогул, у вобласьці беларускага пісьменства, дасьледчым плугам прыходзіцца пахаць амаль-што зусім ня гораную глебу, узьнімаць сьвежую цаліну. Зразумела, што пры гэткіх варунках адчыняецца шырокая мажлівасьць гіпотэтычных пабудоў. Магчыма, што і наша першая спроба больш-менш навукова падыйсьці да пытаньня а Багушэвічу ня будзе пазбаўлена элемэнта гіпотэтычнасьці ў некаторых выпадках. Але падтрымліваньнем нам служыць думка, што гіпотэзамі пасоўваецца наперад усякая навука; тым болей ня зьбегнуць іх маладой навуцы гісторыі беларускае літаратуры.

З пачатку некалькі слоў а жыцьці поэты.

Дробны шляхціц па пахаджэньню, нарадзіўшыся ў 1840 г. у Ашмяншчыне, на Віленшчыне, Францышак Багушэвіч праходзіць навуку спачатку ў Вільні, а потым у Ленінградзе, на фізычна-матэматычным факультэце унівэрсытэта. Польскае паўстаньне 1863 г. застае яго народным настаўнікам у роднай Ашмяншчыне. Багушэвіч прымае актыўны ўдзел у паўстаньні, сур'ёзная рана ў нагу пагражае яму сьмерцю, але адзін селянін выратоўвае яго. Відаць, з мэтай замесьці свае сьляды паўстанца, Багушэвіч кідаецца на Ўкраіну, і там, у Нежынскім Юрыдычным ліцэю атрымлівае закончаную вышэйшую асьвету. Цягнуцца потым доўгія годы службовай працы з пачатку ў Канатопе, у якасьці сьледчага, а потым у Вільні, у якасьці адваката. У 1900 г. ён у роднай Ашмяншчыне знаходзіць сабе апошні і адвечны прытулак.

Вось кароткія асадкі жыцьця Багушэвіча, якія можна ўстанавіць па маючыхся надрукаваных матар'ялах.[2]

Гэтыя матар‘ялы ўяўляюць сабой хутчэй паслужбовы сьпіс поэты, а не біографію яго ва ўласным сэнсе. Шмат вельмі цікавых пытаньняў, зьвязаных з асобай поэты, застаецца для нас адчыненым. Ядынай крыніцай для характарыстыкі ідэолёгіі аўтара і яго моральнага вобліка ў цэлым застаецца ў нас у дадзеным выпадку літаратурная спадчына беларускага песьняра.

Некаторыя творы Багушэвіча да гэтай пары яшчэ захоўваюцца ў рукапісах, напр. ״Беларуская скрыпачка“ (знаходзіцца ў Б. І. Эпімах- Шыпілы, у Ленінградзе). З надрукаваных твораў бясспрэчна самымі выдатнымі і галоўнымі зьяўляюцца два зборнікі вершаў: ״Дудка Беларуская״ (Кракаў, 1891; было 5 выданьняў) і ״Смык Беларускі״ (Познань, 1894, было 4 выданьні). Апроч таго, у ״Нашай Ніве“ за 1907 г. надрукована некалькі прозаічных апавяданьняў Багушэвіча: ״Сьведка“ (№ 9), ״Палясоўшчык“ (№ 10), ״Дзядзіна“ (№ 25). З больш дробных твораў можна яшчэ зазначыць надрукаваны ў ״Варце“, 1918 г., №1, стар. 15-16 і паўтораны ў выданьні ״Часопісь“, 1920 г., № 2 верш ״Ясьне Вяльможнай Пані Арэшчысе“ (для альбома Оржэшкавай). З імем Багушэвіча злучаюць яшчэ два маленькіх творы: невялічкае апавяданьне ў прозе ״Tralalonaczka“ (Krakow, 1892) і напісанае ў форме проклямацыі апавяданьне а зачыненьні касьцела ў Крожах у 1893 г., але пэўных вестак а прыналежнасьці гэтых твораў Багушэвічу ня маецца[3].

Мы спынімся, галоўным чынам, на разглядзе твораў, зьмешчаных у зборніках ״Дудка беларуская“ і ״Смык беларускі“, бо гэтыя творы вызначаюцца вялікімі вартасьцямі і з боку ідэёвага, і з боку мастацкага; імі выключна азначаецца творчая постаць поэты; іншыя творы яго—гэта драбніцы, літаратурныя бязьдзелкі.

Характар сваей музы сам поэта вельмі трапна зазначае ў вершы ״Мая дудка“, якім адчыняецца першы зборнік яго твораў. Гэты уступны верш—прэлюдыя, у якой ужо моцна гучаць агульныя акорды сымфоніі; бадзёрае allegro тут сумна абрываецца душу шчэмячым adagio... у сваёй прэлюдыі з пачатку поэта выказвае замер наладзіць сваю ліру на вясёлы мажорны тон; зварачаючыся да сваёй дудкі ён гавора:

״Заграй так вясёла,
Каб ўсе ў кола,
Узяўшыся ў бокі
Ды пайшлі ў скокі,
Як віхор ў полі,״

[4]

Але дудка ня слухае песьняра: з яе вылятаюць мінорныя гукі енку; поэта праконваецца, што яму трэба ўзяць другі лад:

״Енчыш бяз умолку.
Не, ня будзе толку.
Кіну-ж дудку тую,
А зраблю другую.
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га. Зраблю־ж другую
Жалейку смутную,—
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб сьлязьмі прабрала,
Каб аж было жутка,
От-то мая дудка.

Ну, дык грай-жа, грай־жа,
Усё успамінай־жа...
Што дзень і што ночь!
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй
І плач, што раз боляй.
Плач так да астатку,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,—
Дзень, другі і трэці
І грай сьлёзным тонам
Над народа сконам...
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам—
Не сьлязой—заплачаш,
Як усё ўбачыш.

У гэтым уступным вершы мы маем каштоўны помнік творчай самасьвядомасьці поэты; Багушэвіч зазначае, што ён далёкі ад задач і мэт чыстага мастацтва; пэўна акрэсьлена ўстаноўка яго творчасьці на ідэёвасьць, на раскрыцьце грамадзянскіх тэм аб сконе роднага народу і аб яго долі—адсюль вынікае пераважнае панаваньне ў творчасьці беларускага песьняра мотываў нацыянальных і соцыяльных.

Нацыянальную проблему вызваленьня беларускага народу Францышак Багушэвіч асабліва шырока ставіць у сваей прозаічнай прадмове да ״Дудкі Беларускай“. У грунт нацыянальнай справы ён кладзе адраджэньне беларускай мовы. Гэта апошняя, па яго поглядах, галоўная адзнака нацыі. Народ, як цэльны і самастойны організм, жыве, пакуль існуе яго мова. ״Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім памёрлі“[5]. Выходзячы з гэтага прынцыпу, Багушэвіч энэргічна бароніць правы беларускай мовы. У час поўнай русыфікацыі ён адважна зазначае: ״Мова наша ёсьць—такая-ж людзкая і панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая״[6]. Гэта думка, зрабіўшаяся труюзмам у наш час, для часу Багушэвіча была досыць орыгінальнай і сьмелай, калі прыняць пад увагу, што тады, як зазначае і сам поэта, беларуская мова зьніжана была на ступень толькі народнага дыялекту і лічылась ״мужыцкаю“ моваю. З добрароднай шчырасьцю беларускі пясьняр прызнаецца, што ён і сам калісь-та стаяў на гэтай позыцыі тагочасных інтэлігэнтаў: ״Я сам калісь думаў, зазначае ён, што мова наша—мужыцкая мова і толькі таго״[7]. Цяпер, пераконаны ў высокіх вартасьцях беларускай мовы і ў вагромністым значэньні яе для беларусаў, поэта дае завет: ״Не пакідайце־ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі. Пазнаюць людзі ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носіць, о то-ж гаворка, язык і ёсьць адзежа дуты“.[8] Выказаўшы гэткія погляды на беларускую мову, Багушэвіч прыводзіць яшчэ два довады аб неабходнасьці адраджэньня яе. Поэта ўказвае на бясспрэчны факт існаваньня ў мінулым беларускай мовы, як мовы літаратурнай: ״Чытаў я ці мала старых папераў па дзьвесьці, па трыста гадоў таму пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як бы вот цяпер пісалась״[9]. І потым гэты гістарычны довад ён узмацняе яшчэ довадам этнографічным—указаньнем на існаваньне нацыянальнай культуры ў народаў меншых па колькасьці за беларусаў. З вялікім засмучэньнем душы наш поэта зазначае: ״Якаясь маленькая Баўгарыя— са жменю таго народа—якіясь-ці харваты, чэхі, маларосы і другія пабратымцы нашыя і розныя чужыя жыды маюць па свойму пісаныя і друкаваныя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлязныя, і гісторыйкі, і баечкі, і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як־бы захацеў цыдулку ці да бацькі—лісток напісаць па свойму, дык можа־б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што піша па мужыцку і, як дурня, абсьмяялі-б“.[10]

Прадмова Багушэвіча па сутнасьці сваёй—твор публіцыстычны: яна пасьвечана абароне ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня і выяўленьню ўласнага credo аўтара па гэтаму пытаньню. Але ўжо і ў гэтай публіцыстыцы выяўляецца супраўдны поэта, які мысьліць вобразамі. У Багушэвіча часта ў гэтай прадмове можна канстатаваць імкненьне ня столькі лёгічна да конца разьвіць тое ці іншае паняцьце, колькі даць нам трапны і маляўнічы вобраз: поэта, як мы бачылі, прыводзіць, напрыклад, аналёгію паміж нацыянальным заняпадам народа, які губіць сваю мову, і сконам паасобнага індывідуума, якому мову займе перад сьмерцю; другі вобраз: ״у сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гаросе, была наша зямліца Беларусь“. Асабліва гэты нахіл да маляўнічасьці выяўляецца ў тым тлумачэньні, якое Багушэвіч дае слову "Беларусь"; ён ня робіць тут філёлёгічных досьледаў адносна пахаджэньня і супраўднага значэньня тэрміна, для яго больш паважным зьяўляецца і тут даць нам трапны вобраз: ״Спрадвеку, як наша зямелька, піша Багушэвіч, з Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе ״Беларусіяй“ звалі і не дарма-жа гэта. Не вялікая, не малая, ня чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася“.[11]

Гэткім чынам мы бачым, што ў ״Прадмове“ Багушэвіча побач з элемэнтамі чыстай публіцыстыкі, ёсьць і некаторыя элемэнты мастацкасьці: поэта малюе тут вобразы, якія ў цэлым выяўляюць сваеасаблівую романтыку мінулага.

Погляды на нацыянальную беларускую справу, выказаныя ў "Прадмове“, Багушэвіч далей разьвівае і паглыбляе ў сваіх вершах. Па-першае ён узмацняе тут сваю позыцыю довадам псыхолёгічным. У вершы ״Мая хата“ поэта разьвівае думку а глыбокай органічнай сувязі, якая ўтвараецца паміж чалавекам і айчынай.

Хата, якую малюе беларускі пясьняр, гэта сымболь усей тагочаснай Беларусі з яе беднасьцю і разбурэньнем.

Бедная-ж мая хатка расьселася з краю,—
Між пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу,
Кепска-ж мая хатка: падваліна згніла,
І дымна, і зімна, а мне яна міла.

І далей поэта сьведчыць, што ён ня зьменіць гэтай хаты, гэтай роднай айчыны на іншую, хоць־бы і багацейшую.

Сваталі-ж мне ў прымы ў новую хату.
На зямлю ўраджайную і дзеўку багату,
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжце,
Не пайду да вас я, хіба ў арэшце.
А хоць сілай, нават адарвалі-б з дому,
Калісьці вярнуўся-б, як мядзьведзь да лому,
Заваліцца хата, зарастуць пакосы, —
Усё-б я вярнуўся, хоць голы ды босы.

[12]

Ня цяжка ў гэтым вершы заўважыць аўтабіографічную аснову: поэта сам бадзяўся на чужыне, доўгі час жыў на багатай Украіне, але відаць заўжды яго цягнула з зямлі ўраждайнай на сваю бяднейшую, але за то родную і любую сэрцу зямельку — Беларусь, і апошні прытулак ён знайшоў у роднай Ашмяншчыне.

Сам гэтак моцна адчуваючы сувязь з роднай зямелькай, Багушэвіч абураецца супроць рэнэгатаў, адшчапенцаў ад роднай глебы. Помнік гэтага абурэньня—верш ״Калыханка“. Тут малюецца вобраз сялянкі, якая над калыскай сына марыць аб яго долі. Перад ёй разгарнаюцца розныя малюнкі мажлівай будучыны дзіцёнка, паўстае думка, што можа ён зробіцца калі панам; спачатку гэта пэрспэктыва зачароўвае маці, але потым яна з ненавісьцю адхіляе гэткую мажлівасьць, пры мысьлі, што панства зьвязана з прыгнечаньнем другіх і рэнэгацтвам, адмовай ад роднага. Маці ў сваей калыханцы сьпявае:

Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам:
Людцаў божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў сьвеце жыці;
Будуць клясьці, як ліхога,
Прасіць сьмертухны ад бога…
Тады матка прыдзе ў госьці,—
Сын выкіне стары косьці;
Жабруючы пойдзе ў вёску,
Будзе прасіць матку боску,
Каб забыцца ёй аб сыне,
Каб ня ведаць, дзе ён згіне“.[13]

Беларускі народ, згубіўшы пачуцьце нацыянальнай сьвядомасьці, сымболічна прадстаўлены ў вершы: ״Хмаркі“. Хмаркі ня ведаюць, дзе яны радзіліся, дзе ״тутэйшымі“ называліся, гэтак і беларускі народ ня ведае сваей айчыны. У апошніх дзьвюх строфах верша мы знаходзім асабліва маляўнічы па форме і багаты па зьместу зварот поэты да хмарак:

Зямлі родненькай, знаць, няма у вас,
Ні углачка, ні прытулачку…
Лятучы сьлязой зямлю росіце,
А шумяць лісткі, зелянее лес;
Ўміраючы жыцьцё носіце;
Ўсяму жыцьцё, сабе толькі крэс.[14]

У вобразна-алегорычнай форме тут выражана глыбокая па сутнасьці думка: як хмаркі, праліваючыся дажджом і самі зьнікаючы, даюць жыцьцё зямле, гэтак і беларускі народ ў процэсе сваёй дэнацыяналізацыі ўзмацняе іншыя організмы: досыць успомніць тут Адама Міцкевіча, Сыракомлю, Дастаеўскага, і інш.—Гэтыя выдатныя гэніі, беларусы па пахаджэньню, аддалі свае сілы іншым культурам.

Гэткім чынам у творах Багушэвіча, прасякнутых нацыянальным пафасам, можна ўскрыць наступныя элемэнты—разумовыя і эмоцыянальныя:

а) ідэю нацыянальнага адраджэньня Беларусі, грунтуючуюся на гістарычным, этнографічным і псыхолёгічным довадах;

б) замілаваньне да роднага краю;

в) засмучэньне над нацыянальным сконам беларусаў;

г) абурэньне супроць рэнэгацтва;

д) романтыку мінулага.

Ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальнаму пытаньню становіць сабой паважны момант ў разьвіцьці беларускай грамадзянскай думкі. Гэта ідэолёгія акрэсьлівае сабой галоўныя мотывы творчасьці новага беларускага пісьменства. Наступныя беларускія песьняры будуць пашыраць і паглыбляць тэмы, дадзеныя ўжо ў творчасьці Багушэвіча.

Вынікае пытаньне, дзе־ж крыніцы думак гэтага піонэра беларускага нацыянальнага руху, як сьпелі і пад якімі ўплывамі разьвіваліся ідэалы нашага поэты.

Грунтоўная падстава ідэолёгіі Багушэвіча гэта, бязумоўна, соцыяльныя варункі яго эпохі. 2 ־ая палова мінулага стагодзьдзя, на якую прыпадае чыннасьць Багушэвіча, гэта пара ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі і разьвіцьця ў нас прамысловага капіталізма. З гэтым эканамічным факторам зьвязаны нацыянальны рух на Беларусі, як і наогул усякі нацыянальны pyx. ״Ва ўсім сьвеці, кажа Ленін, эпоха канчальнай перамогі капіталізма над фэодалізмам была зьвязана з нацыянальнымі рухамі. Эканамічную аснову гэтых рухаў становіць тое, што для поўнай перамогі таварнага вырабу неабходна заваёва ўнутранога рынку буржуазіяй, неабходна дзяржаўнае згуртаваньне тэрыторый з жыхарствам, якое гаворыць на аднэй мове, пры скасаваньні ўсялякіх перашкод разьвіцьцго гэтай мовы і замацаваньню яе ў літаратуры. Мова ёсьць найважнейшы сродак чалавечых зносін, еднасьць мовы і бесперашкоднае разьвіцьце яе ёсьць адна з найважнейшых умоў сапраўды свабоднага і шырокага, адпавядаючага сучаснаму капіталізму, гандалёвага зварота, свабоднага і шырокага групаваньня жыхарства па паасобных клясах,—нарэшці умова цеснай сувязі рынка з ўсякім і кожным гаспадаром і гаспадарчыкам, прадаўцом і купцом“.[15] Аналёгічную думку а залежнасьці нацыянальнага руху ад эканомікі выказвае і Сталін: ״нацыя, говора ён, зьяўляецца ня проста гістарычнай катэгорыяй, а гістарычнай катэгорыяй пэўнай эпохі, эпохі падымаючагася капіталізма. Процэс ліквідацыі фэодалізма і разьвіцьця капіталізма зьяўляецца ў той-жа час процэсам складваньня людзей ў нацыі“.[16]

Пад уплывам зазначаных соцыяльных умоў нацыянальнае пытаньне ў час Багушэвіча робіцца актуальным ня толькі на Беларусі: разьвіваецца нацыянальны рух у іншых старонках. На Украіне, напр., у гэты час разьвіваюць сваю чыннасьць: Куліш, Кастамараў, Шэўчэнка і інш. Яны, падобна Багушэвічу, бароняць правы роднай мовы, шырока ставяць проблему адраджэньня роднага народу. Нават сярод расійцаў, вялікадзяржаўнага тагочаснага пляменьня, зьяўляюцца людзі, якія падымаюць свой голас ў абарону прыгнечаных нацый. Гэрцэн, напр., бароніць правы палякоў, ён разьвязвае нацыянальнае пытаньне ў напрамку фэдэралізма. Па яго поглядах: "фэдэралізм адыная аснова, на якой славянства павінна аб'яднацца і на якой яно будзе моцным і незалежным״.[17] Гэрцэн выступае ў якасьці праконанага ворага тагочаснай расійскай цэнтралізацыі. Ён піша: ״Цэнтралізацыя, якая прыносіць у афяру самабытнасьць частак, якая імкнецца да поліцэйскага аднастайнага фронта і забівае ўсё індывідуальнае, характарнае-мясцовае— заўжды будзе хістацца паміж Міколай і Банапартам.[18] Яшчэ далей ў гэтых адносінах ідзе М. Бакунін; ён у нацыянальным пытаньні стаіць на пункту погляду поўнага сэпэратызма: ״Я думаю, піша Бакунін, што ўся Украіна й таксама і Беларусь, будуць самаістымі сябрамі агульнаславянскай сувязі. Я вымагаю толькі аднаго, каб кожнаму народу, кожнаму маламу і вялікаму племю былі дадзены магчымасьці і правы паступаць згодна ўласнай волі; жадае ён зьліцца з Расіяй ці з Польшчай—няхай зьліваецца. Хоча быць самаістым—няхай будзе гэткім. Урэшці, хоча ён зусім ад ўсіх аддзяліцца і жыць на варунках зусім асобнае дзяржавы—бог з ім, няхай аддзяляецца“.[19]

Як украінскі нацыянальны рух, гэтак і ідэі Герцэна й Бакуніна, мажліва прадпалажыць, да некаторага стопня маглі зрабіць свой уплыў на Францышка Багушэвіча. Сам поэта, зазначаючы зьмену сваіх поглядаў на беларускую мову, тлумачыць гэтую зьмену жыцьцёвым вопытам і ўплывам кніжок; ён гавора: ״шмат дзе я быў, шмат чаго відзеў, і чытаў і праканаўся, што мова наша ёсьць такая־ж людзкая й панская, як і француская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая“.[20]

З жыцьцярысу Багушэвіча вядома, што ён доўгі час, як мы бачылі, жыў на Украіне; ёсьць весткі, што, жывучы там, беларускі пясьняр ״навучыўся надта добра гаварыць па ўкраінску і дасканальна пазнаёмыўся з народным ўкраінскім жыцьцём“.[21] Гэткія факты сьведчаць, што ў асобе Багушэвіча Украіна мела далёка ня звычайнага казённага ўрадоўца, а мела чалавека, які ўважліва прыглядаўся да акружаўшых яго формаў жыцьця. Мажліва, што пры гэткіх варунках і ідэолёгі ўкраінскага нацыянальнага руху, маглі зрабіць свой уплыў на нашага поэту. Што датыча да ўплыва на яго ідэй Гэрцэна й Бакуніна, то мажлівасьць гэтага ўплыва вынікае з таго факта, што Багушэвіч у пачатку 60 гадоў быў студэнтам Ленінградзкага Унівэрсітэту. А гэта, як вядома быў час, калі моцна гучэў ״Колокол“ Гэрцэна, калі студэнцтва, па словах проф. М. П. Пакроўскага, уяўляла сабой ״ніжэйшы слой Расійскага Рэволюцыйнага руху“.[22]

Вынікшая ў сувязі з пэўнымі соцыяльнымі ўплывамі жыцьця, канчальна сфармаваўшаяся, можна думаць, пад рознымі пабочнымі ўплывамі, ідэолёгія Багушэвіча па нацыянальнаму пытаньню носіць на сябе выразныя сьляды клясавай псыхолёгіі поэты. Шляхціц па пахаджэньню, бязлітасным ходам гісторыі выкінуты ў стракаты натоўп разначынцаў, Багушэвіч крыўна ўсё-ж такі зьвязаны з зваей клясай: сваім духоўным тварам ён зьвернуты да даўно мінулага, калі яго кляса была гаспадаром жыцьця. Шукаючы ў гэтым мінулым падставаў для сучаснага, поэта шырокім пэнзалям, з вялікім захапленьнем, малюе нам вялікадзяржаўнасьць Літвы. ״Ужо больш, як пяцьсот гадоў таму, піша ён ў сваёй ״Прадмове“, да панаваньня князя Вітэніса на Літве, Беларусь разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьцяў, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаваньне князёў Літоўскіх, а пасьля Вітэніса, Літоўскі князь Гэдымін злучыў зусім Беларусь з Літвой ў адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседзяў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ўжо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменца-места аж да Вязьмы,—у сярэдзіне Вялікаросіі, ад Дынабургу і за Крамянчык, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэсе, была наша зямліца—Беларусь“.

Як зачарованы рыцар, праспаўшы целыя стагодзьдзі, Багушэвіч і пад сьвіст фабрычных гудкоў ўсё яшчэ марыць а сваёй пекнай даме сэрца — Беларусі даўно мінулага, забываючы, што кола гісторыі ня можна зьвярнуць назад.

Але побач з бязгрунтоўнай романтыкай мінулага ў ідэолёгіі Багушэвіча па нацыянальнаму пытаньню ёсьць безумоўна й здаровыя элемэнты. Поэта не замыкаецца ў вузкае кола толькі нацыянальнаных ідэй. Ён пад нацыянальнае пытаньне падводзіць шырокі соцыяльны базіс, добра разумеючы, што ў умовах эксплёатацыі, соцыяльнага ўціску ўсякае нацыянальнае адраджэньне—гэта фікцыя.

Адсюль у творчасьці Багушэвіча мотывы нацыянальныя цесна злучаюцца з матывамі соцыяльнымі. Падобнае злучэньне мы бачым ужо ў вершы ״Калыханка״; тут панства разглядаецца ня толькі ў асьпэкце нацыянальным, як рэнэгацтва, але й ў асьпэкце соцыяльным, як зьява, грунтуючаяся на эксплёатацыі. Адналькова разглядаецца панства і ў вершы ״Ахвяра“:

Маліся-ж, бабулька, да бога
Каб я панам ніколі ня быў:
Ня жадаў бы чужога,
Сваё дзела, як трэба, рабіў...
Каб за край быў ўмерці гатоў,
Каб ня прагнуў айчызны чужых,
Каб я бога свайго не акпіў,
Каб ня зрадзіў за грошы свой люд,
Каб свайго я добра не прапіў,
І ні за што ня меў чужы труд.

[23]

Апроч твораў, у якіх злучаюцца мотывы нацыянальныя і соцыяльныя, у Багушэвіча ёсьць шмат твораў, прасякнутых выключна соцыяльным пафасам.

У вершах з соцыяльным зьместам, Багушэвіч малюе два станы: паноў, эксплёататараў і прыгнетальнікаў, і сялян, пакутаючых у ўмовах прыгнечаньня.—У адным стане—багацьце, задаваленьне, у другім —беднасьць і цемра.

Аддзін ходзе у саеце,
Ў золаце з плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай—велькі труд;
Увесь, як рэшата, сьвіціцца,
Адны латы, адзін бруд.
Адзін мае хатаў многа,
А вялікіх—касьцёл моў;
Увясьці־б туды хоць бога,
І той бы з іх не пайшоў,
У другога ў сьцяне дзюры,
Вецер ходзе, дым і сьнег;
Тут карова, сьвіньні, куры...
Тут пакута, тут і грэх...
Гэты хлеба і ня знае,
Толькі мяса ды пірог.
І, сабакам выкідае
Ўсё тое, што ня змог.
А той хлеб жуе з мякінай,
Хлебча квас ды лебяду,
Разам жывець і есьць з сьвінкай,
З канём разам п'ець ваду.

[24]

Часам у гумарыстычным асьвятленьні малюе пясьняр гаротную долю селяніна, але гэта горкі сьмех скрозь сьлёзы—чыста гогалеўскі, душу шчэмячы сьмех:

Ці-ж ня дурань мужык гэта:
Гарэ, сее ўсё лета,
А як прыдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,

А даждаўшы на каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце-ж, біце ў звоны:
Дурны мужык, як варона.
Глядзі, касьцёл аж да неба,
Воласьць бляхамі пакрыта...
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта;
А сам жыве ў мокрай яме,
Дзьверы заткнуў анучамі.
Дык крычыце־ж, біце ў звоны:
Дурны мужык, як варона.

[25]

Мягкім і пяшчотным гумарам, поўным засмучэньня і ціхай развагі, павевае ад вершаў Багушэвіча, якія малююць побыт селяніна. Наадварот, ў вершах, рысуючых працілеглы соцыяльны стан, адчуваецца жоўчнасьць, заўважваецца сатарычныя малюнкі, поўныя злосьці і абурэньня.

Агідлы й брыдкі самы надворны выгляд пана, як малюе яго поэта:

Рукі ў яго як падушкі,

Як кісель жывот дрыжыць.[26]

Агідлае па надворнасьці панства ня лепш і з боку ўнутранога: яно зьвязана з моральнай распустай, ашуканствам і паразітарным жыцьцём (״Ахвяра״ ״Быў ў чыстцы“). Пан нават ў сваіх гуманных імкненьнях аказваецца прыгнетальнікам селяніна. У вершы ״Скаціная апека״ пан выступае ў якасьці абаронцы жывёлы, але гэтая гуманнасьць дорага каштавала селяніну: ён быў пабіты, абабраны, кабыла яго здохла. Сумна разважае наш небарака:

Вот дык дажыўся. Узналі־б іх злыдні,
Што і над кабылай такая апека,
Што з голаду здохла, прастаяўшы тры дні,
Але біць ня можна. Мяне־ж чалавека,
Зьбілі, як хацелі, і дабро мне гіне,
I німа апекі нада мной ніякай.

[27]

Нават у час апошняга разьвітаньня з жыцьцём пан выяўляе сваю прагавітасьць, і яго сьмерць зусім не падобна да сьмерці селяніна. З эпічным супакоем і прастатой памірае гаротны працаўнік: Ён дык лёгка умёр, Клікаў сьмерць, бо хлеба ня стала: Уміраў, як заснуў, ані пікнуў.[28] Наадварот, цяжка разьвітацца з жыцьцём пану:

Умарылася сьмерць, пан раве,
Уміраць ані мысьле сабе;
Аж кашулю парваў, коўдру рве,
і ўсё грошы пад бруха грабе

.[29]

Гэтак Багушэвіч яскравым прожэктарам сваей сатыры імкнецца асьвятліцць адмоўныя бакі панства. Але галоўным гэроем яго твораў ўсё-ж такі застаецца ня пан, а селянін і вёска з яе беднасьцю і цемрай. Багушэвіч—засмучэньнік народнага гора; гэтаму гору пасьвечаны лепшыя яго песьні; панства большаю часткаю рысуецца беларускім поэтаю не само па сабе, а ў яго адносінах да селяніна.

Гэта напружаная ўвага да сялянства цесна зьвязвае нашага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў. Селяніна ў зазначаны пэрыод высоўваюць на сцэну об‘ектыўныя ўмовы жыцьця. Сялянскія паўстаньні, з года ў год павялічваўшыяся перад рэформай 19 лютага, ня спыніліся, як вядома, і пасьля гэтай рэформы. Народнае бушаваньне, як сьведчыць Пакроўскі, было цяпер па сваіх разьмерах нават больш сурьёзным, чым абурэньні дзён Крымскай кампаніі;[30] толькі у працягу двох гадоў (1861-1863) было 1100 ўзбурэньняў.[31] Селянін, гэткім чынам, сам заяўляе а сваіх правох на жыцьцё. У тон дзейснасьці і літаратура выяўляе в агромністую цікавасьць да ״мужыка“. Беларускі поэта падзяляе гэтую цікавасьць: ён ў сваей творчасьці селяніну адводзіць пераважнае мейсца.

Але ня толькі гэтая ўвага да сялянскіх мас цесна зьвязвае беларускага поэту з эпохай 60 і 70 гадоў: яшчэ больш органічная сувязь выяўляецца ў дадзенных адносінах з таго, як Багушэвіч ставіць і разьвязвае соцыяльнае пытаньне.

Для ідэолёгаў эпохі 60 гадоў характэрным зьяўляецца асаблівая ўвага да эканомікі. Гэрцэн, напр., эканамічную праблему кладзе ў грунт свайго соцыяльнага сьветапагляда. У адносінах да політычных пытаньняў ён выяўляе вялікі скептыцызм і індэфэрэнтызм. Яго не захоплівае нават лёзунг політычнай свабоды, парлямэнтарызма. Па яго поглядах супраўдная свабода не мажліва без соцыяльнай і эканамічнай роўнасьці. За палітычнай свабодай Гэрцэн прызнае толькі гістарычнае значэньне. ״Палітычная свабода, піша ён, пры сваім нараджэньні дала сьвету гэрояў-волатаў, а потым вялікая аснаўная думка рэволюцыі хутка перагнула ў поліцыю, інквызыцыю, тэрор, прышла ў тупік. Зьмяніліся толькі дзяржаўныя формы, а формы жыцьця засталіся прэжнія... Усё няшчасьце мінулых зваротаў становіць ўласьне апушчэньне эконономічнай стараны, которая тады яшчэ ня была настолькі сьпела, каб заняць сваё мейсца. Тут адна з прычын, чаму вялікія словы і ідэі засталіся словамі і ідэямі і—што горш таго, надакучылі“.[32] Гэтак сама і Чэрнышэўскі пераважнае значэньне прыдаваў эканоміцы. Пытаньні палітычнага ладу ён адсоўваў на самы задні плян і нават знаходзіў, што Сібір куды вышэй Ангельшчыны.[33] Буржуазны лібералізм падвяргаецца ў Чэрнышэўскага, як і ў Гэрцэна, суровай крытыцы: ״Лібэралізм разумее свабоду вельмі вузкім, чыста формальным чынам. Яна для яго заключаецца ў адцягненым праве, у дазволе на паперы, ў адсутнасьці юрыдычнай забароны. Ён ня хоча зразумець, што юрыдычны дазвол мае цану толькі тады, калі ў чалавека ёсьць матар‘яльныя сродкі карыстацца з гэтага дазвола. Шасьцідзесятнік Міхайлаў у сваёй адозве да ״Маладога пакаленьня“, праводзідь думку, што трэба абаперціся не на тых, хто палітычна не здаволены, але, па сутнасьці сыты і знаходзяцца ў дабрабыце, а на тых, хто эканамічна прыгнечаны.[34]

Багушэвіч, загартаваны ў атмосфэры 60־х гадоў. гэтак сама у аснову сваёй ідэолёгіі кладзе эканамічную проблему.

Без эканамічнага вызваленьня, і па яго поглядах, ня можа быць супраўднага шчасьця народа. Адсюль вынікаюць скэптычна-іронічныя адносіны беларускага поэты да буржуазна—лібэральных рэформаў Аляксандра II. У сваім творы ״У судзе“ Багушэвіч высьмейвае новы парэформены суд з удзелам прысяжных і спрэчкамі старон. Бяздушны формалізм суда і адміністрацыі, далёкасьць іх ад народных патрэбаў і разуменьня становіць сабой тэму твора ״У вастрозе“, дзе перад намі разгарнаецца цэлая драма селяніна, які па сваей несьвядомасьці спаліў мяжавы знак. У творы ״Кепска будзе“ поэта малюе нам гаротную одысэю вясковага хлопца, які, будучы не запісаны ў мэтрыках, прыцягнуты быў да адказнасьці і пасаджаны ў турму за ўхіленьне ад агульнай вайсковай павіннасьці. Нават да рэформы 19 лютага беларускі поэта адносіцца вельмі скэптычна; помнік гэтага скэптыцызму ўступ да твору "Быў ў чыстцы", дзе мы знаходзім гэткія разважаньні:

Іду й мяркую: ці то цяпер шчасьце,
Як паноў ня стала, ці то была доля.
І лічу па пальцах: паншчызны дванасьце,
І гадоў ды трыццаць, як настала воля...
Там быў аканом, камісар і цівун,
Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права ўзяць за бізун,
І кожны меў права да нашай сьпіны...
А цяпер?.. Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці ня болей настала паноў...
Ня надта свабодна ў гэтай свабодзе.
І давай я лічыць паноў новых зноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ўраднік, асэсар і суд,
Зьезд міравы, прысуцтвы і сход...
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў ня стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі־ж трэба карміць гэты люд.

Творчасьць Багушэвіча, такім чынам, гэта як־бы моцны рэфлектар, які выясняе заганы рэформаў Аляксандра II; у творчасьці беларускага песьняра, як у крывой люстры, гэтыя рэформы праламляюцца з свайго адмоўнага боку. Малюючы розныя стораны сялянскага жыцьця, Багушэвіч намечае грунтоўны вузел—эканамічную эксплёатацыю; з гэтага вузла вынікаюць усе злыдні, тут заблытваюцца ўсе супярэчнасьці сялянскага жыцьця.

Соцыяльны пафос прасякае сабой ўсю творчасць Багушэвіча. Душа поэты як-бы ўпітала ў сябе ўсю злосьць і ненавісьць беларускага народа супроць нацыянальнага і соцыяльнага ўціску й засталася з гэтай прычыны глуха да іншых пяшчотных і мягкіх эмоцый: дзьве галоўныя крыніцы поэтычнага натхненьня—прырода і жаночае каханьне —амаль зусім адсутнічаюць у творчасьці беларускага песьняра. Прырода ледзь закранута ў творах поэты. У вершы ״Мая хата“ даецца некалькі мазкоў пэнзэля з мэтай адцяніць вялікую беднасьць беларускага селяніна. Больш выразны дотык да прыроды мы маем ў вершы "Думка“. Тут даецца такі малюнек:

Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі,
Косы папусьціла... плача, кажуць людзі,
Мусіць такі праўда—гэта яе зьлёзка,
Што кажуць другія—капля расяная...
Ня тужы, бярозка, сьвет з намі ня згіне,
Вецер, як павее, шышачкі раскіне,
Хоць-бы ты засохла—вырасьце вас болей...
Перастанем плакаць мы над сваёй доляй.

[35]

Маленькія абразкі прыроды і тут ўплецены ў верш; прасякнуты соцыяльнымі настроямі. Закранутая надта мала, прырода, гэткім чынам, ня займае самастойнага мейсца ў творах поэты; неколькі выхапленых з яе дробных абразкоў граюць ролю толькі ілюстрацый да яго соцыяльных мотываў.

Другая крыніца натхненьня—жанчына і каханьне—ў творчасьці вялізарнай масы мастакоў грае ролю пераважнага фактара. На гэтай падставе навет вынікла тэорыя эстэтычнага эроса, выказаная ўжо даўно— яшчэ нямецкімі романтыкамі—Цікам і Новалісам і ў наш час разьвітая ў працах цэлага шэрагу псыхолёгаў, псыхіатраў, фызыолёгаў і гісторыкаў мастацтва.[36] Дантэ і Беатрычэ, Петрарка і Лаўра, Бальзак і Ганская, Тургенеў, і Віардо і інш.—яны як־бы цьвердзяць думку а цеснай сувязі мастацтва і эмоцыі каханьня. Творчасьць беларускага поэты ўяўляе сабой адмоўную інстанцыю да тэорыі эстэтычнага эроса. Das ewig we bliche, адвечна жаночае, адсутнічае ў гэтай творчасьці. Багушэвіч—гэта беларускі Стрынберг ў мініатуры. Жанчына для яго гэта не прадмет усхваленьня, а об‘ект досыць жоўчнай сатыры; напр., у творы: ״Быў ў чыстцы“, малюючы сваё вандраваньне па затруннаму сьвету, поэта робіць гэткі сатырычны выпад супроць жанчыны:

А што баб і дзявок—сказаць так—
Ў трое больш, як мужчын, ёсьць на лік,
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі—даўжыны так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой і нажамі скрабуць,
І ніяк да бяла пріпаліць не магуць.
Надта шмат маладых, што дурылі мужоў
Чараўніцаў і зводняў старых...

[37]

Далей надзвычайна характэрным зьяўляецца той факт, што з ўсяго вялікага багацьця беларускіх казак Багушэвіч для ўласнай мастацкай апрацоўкі выбраў толькі адну—״Чорт і баба“,—гэтую дзікую адрыжку сярэднявяковых легэнд а благіх жанчынах,—дзе праводзіцца думка, што баба хітрэйшая за чорта: ей удаецца пасварыць чалавека с жонкай, што не ўдавалася самому д'ябалу.

На ліры беларускага поэты моцна гучэлі такім чынам толькі струны грамадзянскага абурэньня, для іншых больш пяшчотных мэлёдый гэта ліра была глуха. Ня ў постаці пекнай і прыгожай дзяўчыны з вянком на галаве, з пахучымі кветкамі ў руках прадстае прад намі муза поэты, а ў постаці нейкай схымніцы, дабраахвотна ўспрыняўшай на сябе вялікі ўчынак апяяньня народнага гора. Ад творчасьці Багушэвіча павевае нейкім духам мастацкага аскэтызма. У гэтых адносінах беларускі пясьняр вельмі падобны да расійскага народніка Глеба Усьпенскага, схэма якога гэтак сама была свайго рода схымай. У нас, праўда, няма фактаў, якія-б сьведчылі а бесьпасярэднім ўплыве аднаго пісьменьніка на другога, але і бяз гэтых фактаў падабенства іх суровай музы лёгка зразумець: Глеб Усьпенскі й Багушэвіч жылі ў аднальковых соцыяльных умовах, абодва яны былі дзеці эпохі, калі ўся увага была зьвернута на ядыны об‘ект, якім быў народ і яго доля; абодва яны былі па сваей клясавай прыналежнасьці разначынцы, бязьлітасным ходам гісторыі адкінутыя ад банкетнага стала жыцьця і прымушаныя змагацца за кавалак хлеба, а не прадавацца панскаму эстэтызму.

На падставе аднальковай клясавай псыхолёгіі Багушэвіча з народніцкім рухам зьвязвае яшчэ адна рыса— ״Тэорыя крытычна-мысьлячай асобы“. Падобна Лаўрову, Багушэвіч высока ставіць інтэлігэнцыю, як фактор прогрэса і цывілізацыі. У сваім вершы ״Ня цурайся" поэта ў вусны селяніна ўкладае просьбу да паніча прыйсьці яму на дапамогу:

Ня цурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі.
Мазоль працавітых значок,
Не заразіць цябе ён ніколі,
То медаль за труды і за мукі,
Не хвароба якая з заразы.
Ня стыдайся падаць ты мне руку,
Бо на гэтай руцэ німа сказу.

У далейшым селянін скардзіцца на сваю няпісьменнасьць і гавора, што калі־б ён ״умеў кіраваць пяром,“ то апісаў־бы сваё гора і пакуты, і гэта апісаньне можа зрабіла־б свой уплыў на паніча:

Можа-б ты прачытаў той грызмол
І да працы набраў־бы ахвоты;
Шанаваў-бы мужыцкі мазоль,
Ня цураўся-б мужыцкай бядоты
І падаў־бы руку мне сьляпому
І давёу־бы мяне да дарогі.

[38]

Тут інтэлігэнцыі выразна надаецца роля правадыра, бяз якога народ асуджаны "блудзіць сярод лому і калючак“.

У вершы "Ня цурайся“ Багушэвіч, разначынец, але родам з шляхты, выразна гэтак сама выяўляе сваю псыхолёгію ״каючагася двараніна",—сузнаньне вялікага доўга перад народам і патрэбы заплаціць гэты доўг. Поэта яскрава праводзіць думку, што сваім матар'яльным дабрабытам і культурнай перавагай панства абавязана выключна народу, яго працы; ад асобы селяніна, зварачаячыся да паніча, поэта кажа:

Ня ўцякай ад маёй ты сярмягі,
Мне ня стыдна ў ёй ані чуць:
Вот твой храк я ня меў-бы адвагі,
Чортаў храк на сябе апрануць;
На кашулю глядзішь кривым вокам,
Што ў хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам,
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая־ж? Як той сьнег, як пацер:
А пацеў хто і ткаў і бяліў,
І хто мыў і хто праў... А цяпер
Ты той пот на сябе ўзваліў.
Ў кашулі тэй мне-б была стыдна,
Што ня сам на яе гараваў,
Хоць бялейша яна—не завідна,
Не вазьму, каб ты мне дараваў...
Ня дзівіся, панок, як жыву,
Мне ніхто не памог будаваць...
Хоць лянівым ў сьвеце слыву,
А магу сьвет карміць-гадаваць.
Ты־ж пазнаў, што ў ксёнжках стаіць,
А там разуму шмат ад вякоў
І ўсё можаш па ксёнжках рабіць:
А дзе־ж ксёнжка для нас, мужыкоў?

Узятая ў цэлым, ідэолёгія Багушэвіча, агорнутая романтыкай мінулага ў пастаноўцы нацыянальнага пытаньня і прасякутая верай у моц інтэлігэнцыі у разьвязваньні пытаньня соцыяльнага, зьяўляецца тыповай дробна буржуазнай ідэолёгіяй. І гэта зусім зразумела. "Рэволюцыйны рух 60 і 70 гадоў, правідлова кажа М. Н. Пакроўскі, ёсьць рух дробна-буржуазнай інтэлігэнцыі. Уласьне інтэлігэнтнасьць і рабіла яго рэволюцыйным. Дробная буржуазія, якая па меры разьвіцьця капіталізму разбурваецца, пераварачваецца ў пролетарыят (рэформа 19 лютага разбурыла, паміж іншым, якраз дробных земляўласьнікаў, валадаўшых дзесяткамі душ, каторым выкупная сума не дала капіталу на ўтварэньне новай гаспадаркі, і толькі іх) звычайна не здаволена, абурана, мармоча, бурчыць але яе абурэньне, не заўжды накіроўваецца па належнаму шляху“.[39]

Абурэньне Багушэвіча гэтак сама не заўжды зьўляецца пакіраваным мэтазгодна: ён часам кідае свой погляд не наперад, а назад, у глыб даўно мінулага, у яго няма супраўднай рэволюцыйнасьці з яе верай ў моц не вярхоў, а працоўных нізоў грамадзянства, якія самі зьяўляюцца кавалямі свайго шчасьця.

Але, ня гледзячы на сваю дробна-буржуазную прыроду, ідэолёгія Багушэвіча бязумоўна мае вялізнае значэньне ў гісторыі беларускай грамадзянскай думкі, становячы сабой першы этап сьвядомага беларускага адраджэньня, даючы імпульсы творчасьці наступных беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў.

Значэньне ідэолёгіі Багушэвіча яшчэ больш павялічваецца ад таго што яна выражана ня ў форме сухой публіцыстыкі, а ў высока мастацкай, поэтычнай форме. Наш поэта займае ў беларускім пісьменстве выдатнае мейсца ня толькі як выразьнік пэўных грамадзянскіх ідэалаў але і як поэта, зрабіўшы значныя чыста эстэтычныя дасягненьні.

Формальныя прыёмы творчасьці ў Багушэвіча досыць разнастайны. Вышэй мы ўжо заўважылі, што нават ў ״Прадмове“, празаічнай ня толькі па форме, але і па сутнасьці, публіцыстычныя заданьні Багушэвіч падчыняе заданьням мастацкім, малюючы нам колёрытныя вобразы. У вершах поэты вобразнасьць узрастае, пры чым вельмі часта вобразу ім надаецца шырока сымболічнае значэньне. Адпраўляючыся ад простага і рэальнага факта, поэта пашырае асадкі гэтага факта, надаючы яму характар сымбаля. На гэткім прыёме пабудаваны творы ״Мая хатка״, ״Хмаркі“, ״Калыханка“ і інш. Хата, якую рысуе Багушэвіч, гэта вобраз ўсёй Беларусі—беднай, разбуранай, але любай сэрцу поэты; хмаркі—гэта сымболь усяго беларускага народу, згубіўшага пачуцьце нацыянальнай сьвядомасьці; сялянка ў ״Калыханцы"—гэта маці-Беларусь, якая аплаківае сваю гаротную долю маткі бяз сыноў. З трапнай вобразнасьцю поэта злучае значную згушчонасьць думкі і, апроч таго, уменьне некалькімі штрыхамі, часта вельмі дробнымі, даць конкрэтнае ўяўленьне. Напр., у творы "Кепска будзе״, у малюнку выпытаў, рысуючы ״судзебніка маладзельнага“, поэта падкрэсьлівае адну дэталь пра яго:

Ўсё пытаецца ды піша.
І, нагой ўсё калыша.

У другі раз далей гэтая драбніца паўтараецца:

Усё піша, піша, піша,
І нагой ўсё калыша.

[40]

Гэта маленькая дэталь яскрава рысуе нам увесь бяздушны формалізм казённага урадоўца, яго роўнадушнасьць да лёса вясковага хлопчука. Другі прыклад: у тым-жа творы даецца малюнак турмы:

Дзьверы, дзьверы, ў дзьверах дзюрка,
І ў каждай-жа хвігурка,
Як־бы тая־ж выглядзе.
Дзе ня глянеш, усё־ж тая:
Блішчаць вочы, твар, як гліна,
І абросшы, як скаціна.

Зноў трапным падборам драбніц поэта дасягае тут колёрытнай маляўнічасьці.

Апроч зазначаных мастацкіх прыёмаў, у поэтыцы беларускага песьняра можна зазначыць цэлы шэраг мастацкіх асаблівасьцяй, якія цесна, органічна зьвязаны з яго ідэолёгіяй...

Народнік па пераважнасьці, Багушэвіч відаць цікавіўся ня толькі народным побытам, соцыяльнымі варункамі сялянскага жыцьця, яго вабіла да сябе народная душа.

Апісваючы тыя ці іншыя жыцьцёвыя зьявы, поэта імкнецца паглядзець на гэтыя зьявы вачмі селяніна, ён становіцца на сялянскі пункт погляду, падрабляецца пад неродны тон. Адсюль вынікаюць прыёмы сказа і адзіўленьня (остранения) ў творчасьці Багушэвіча.

Поэта вельмі часта вядзе апавяданьне не ад сябе, а ад асобы свайго выдуманага гэроя; ён як-бы імкнецца старанна захаваць сваё інтэлігэнцкее ״я“ і выявіць "я“ народнае... На гэтай манеры сказа пабудаваны творы: ״Хрэзьбіны Мацюка״ (апавяданьне а гвалтоўных наварачаваньнях вуніятаў ў праваслаўную веру) ״Кепска будзе“, ״У вастрозе", "Быў ў чыстцы״ і інш.

Апавядаючы тую ці іншую падзею ад асобы селяніна, гледзячы на яе народнымі вачыма, поэта часам малюе гэтую падзею, як нешта вельмі дзіўнае, мала зразумелае. На гэтым прыёме адзіўленьня пабудованы творы ״У судзе“, ״Панскае ігрышча“ і інш.

Поэта гэткім чынам як-бы імкнецца зьліцца з народнай душой, растварыць сваё "я“ у народнай стыхіі.

Асабліва прынаднай была, відаць, для поэты, беларуская народная творчасьць—гэты найбольш яскравы выраз народнай душы. Поэтыка Багушэвіча ў некаторых адносінах носіць на сябе сьляды народнай поэтыкі. Напр., яго ״Песьні“ вытрыманы ў стылю і духу народнай песьні. Так ״Калыханка“, зьмешчаная у гэтым цыклю, па сваёй композыцыі і агульнаму характару напамінае народныя калыскавыя песьні. Вобраз удавы, яе задумленьне над лёсам дзяцей, увасабленьне адцягненых паняцьцяў, паралелізмы, ужываньне ласкальных і памяншальных іменьняў—усе гэтыя малюнкі і прыёмы, якія знаходзяцца ў песьнях Багушэвіча, добра знаёмы нам з народнай творчасьці. Нават самы гумар поэты напамінае сабой мягкія і дабрадушныя кпіны беларускага селяніна. Часам заўважаецца тут і падабенства ў адносінах тэматыкі: сьмех над узаснай беднасьцю і многасямейнасьцю, вывядзеньне ў ролі комічных пэрсанажаў жывёл, птушак і казявак,—ўсё гэтыя вядомыя мотывы беларускай народней гумарыстыкі сустракаюцца і ў ״песьнях“ Багушэвіча.

Захоплівае поэту і сьвет народнай фантастыкі, забабонаў. У доўгім творы ״Хцівец і скарб на сьвятога Яна“ перад намі выступаюць усе дзівы купальскай ночы, з яе кветкай папараці, шуканьнямі скарбу, чартоўшчынай і іншымі нязьменнымі прыналежнасьцямі народнага вымыслу.

Часам поэта даець нам апрацоўку агульна людзкіх сужэтаў. На гэткіх сужэтах пабудованы яго ״Баляда“ і ״Быў ў чыстцы“. ״Баляда“ Багушэвіча рагарнаецца на падставе легендарнага сужэту а прадажы душы д‘ябалу. Жыцьцё Васілія Кесарыйскага, жыцьцё Фэафіла, сярэднявяковыя легенды аб Фаусьце і інш.,—вось далёкія літаратурныя продкі нашай ״Баляды". У доўгую гісторыю мастацкага апрацаваньня яе легендарнага сужэту побач з іменьнмі Марло, Лесінга, Гётэ, Ленаў, і інш. ўпісаў свае скромнае імя і беларускі поэта. Але ў самай трактоўцы гэтага сужэта Багушэвіч застаецца пэўным сабе: ён пераносіць яго ў сялянскую абстаноўку і дае яму соцыяльную афарбоўку. У беларускага поэты матывам запрадажы душы д‘ябалу служыць ня слава,

не каханьне і ня веда—а жаданьне вызваліцца ад соцыяльных злыдняў; гаротны селянін разважае у ״Балядзе“:

Хіба што чорту прадам сваю душу,
Каб грошы ён на падаткі мне даў.
Я тут ўжо згіну і там згінуць мушу.

[41]

Ў творы ״Быў ў чыстцы“, Багушэвіч скарыстаў легендарныя апаведаньні а затрунным сьвеце. Доўгая літэратура ״відзеній“ ўжо даўно распрацавала гэты сужэт. ״Відзеньні“ Паўла, Брандана, Альбэрыка, Чысьцец Патрыка і на рэшці сусьветны твор Дантэ пабудаваны на тэй־жа легендарнай падставе, што і твор Багушэвіча. Але і тут мы бачым падчыненьне сужэта народніцкай тэматыцы. Дантэ у ״Бажэственай Комэдыі“ робіць затрунную помсту над сваімі ворагамі; ён нават напаў зьмяшчае ў пекле. Беларускі поэта ў сваім творы робіць помству над соцыяльнымі ворагамі беларусскага народу, зьмяшчаючы ў чысьцецы паноў, духоўнікаў, прадстаўнікоў вясковай адміністрацыі. Там перад фанфантастычным падарожнікам расчыняецца гэткі малюнак:

З мужыкоў тут ня надта каб шмат.
А ўсё больш дык багатых паноў...
Там паны і муруюць і гаруць,
Вымятаюць і сьвіньні пасуць,
А смалу дык, як мед, там жаруць.
А каменьні, як горы, нясуць,
Ўсё ў пекла, каб дно як зрабіць...
Я ж то думаў, што ксядзоў тут няма,
Калі зірк—аж і ксендз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў ў грашох тых, і ксендз так гарыць,
Станавы, старшына і тый тут.
Тым дык чорт ўсё грошы зьбярэ,
Скруце цьверды круцель або жмут
Ды у горло запрэ, і даўбежкай пярэ.
Каласірам ці чым то паліў
І жмут той ў горле агнем запаліў.

[42]

Гэтак, нават ў апрацоўцы агульных легендарных сужэтаў выяўляецца творчая постаць беларускага поэты—соцыяльны пафос яго музы. Багушэвіч не сузярцальнік, які аддаецца мягкім лірычным эмоцыям; ён змаганьнік за народны дабрабыт, але змаганьнік, надзеляны мастацкім талентам. І свой талент беларускі пясьняр не зарыў ў зямлю: ён афяраваў яго роднаму народу, барацьбе за лепшы гістарычны лес Беларусі, далёкі ад прынцыпа ״мастацтва дзеля мастацтва". Багушэвіч вынес свой падарунак музы на шырокую гістарычнаю арэну барацьбы. Але стыхія барацьбы не пашкодзіла эстэтызму: творчасьць беларускага поэты робіць ўражэньне монолітнасьці, гармоніі паміж зьместам і формай; яна няўмірушчы помнік здаровага сынтэза грамадзянскасьці -мастацкасьці.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. Даклад, зроблены 30 кастрычніка 1924 г. ў Доме Культур, на ўрачыстым акце, пасьвечаным 3 гадавіне існаваньня Б. Д. У.
  2. Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Карский. Белоруссы. Т. ІІІ вып. 3. Петроград, 1922 г.
  3. Карский. Белоруссы. Т. III, вып. 3, стар. 194-195.
  4. Дудка белар. Менск, 1922, стар. 9-10.
  5. Ibid., стар 8;
  6. Ibid., стар. 7;
  7. Ibid , стар. 7;
  8. Ibid., стар 8;
  9. Ibid, стар. 7;
  10. Ibid.
  11. Ibid., стар. 8.
  12. Ibid., стар. 20.
  13. Ibid., стар. 70.
  14. Ibid., стар. 72.
  15. Н. Ленин (В. Ульянов). Собрание сочинений, т. XIX, стр. 98.
  16. Сталин. Сборник статей. Изд. 1921 г., стр. 3.
  17. Кирил Левин. А. И. Герцен. Личность-идеология стр. 79;
  18. ibid
  19. Іван Трызна. Кастусь Каліноўскі (гістарычны нарыс) Беларускі Сьцяг, 1922 г. № 4, стар. 13.
  20. Дудка беларуская, стар. 7.
  21. Кароткі жыцьцярыс Багушэвіча у зборніку ״Дудка беларуская“, ст. 3.
  22. Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. IV, стар. 156.
  23. Дудка беларуская, 73 стар.
  24. Дудка беларуская, 73 стар.
  25. Ibid , стар. 12 i 13.
  26. Ibid., стар. 22.
  27. Ibid., стар. 75.
  28. Ibid, стар. 80.
  29. Ibid
  30. Русская история с древнейших времен. 1920 г., т. ІІ, стар. 139.
  31. Пичета В. И. История крестьянских волнений в России. Минск. 1923 года, стар. 112.
  32. Левин op. cit, стр. 71.
  33. Плеханов Н. Г. Чернышевский. СПБ, 1910 г., стар. 319.
  34. Покровский М. Н. op. cit., стр. 158.
  35. Дудка белар. стар. 25.
  36. Грузенберг. Психология творчества. Минск, 1923 г., стр. 112.
  37. Op. cit. стар. 55.
  38. Дудка беларуская, стар. 81-82.
  39. Русская история в самом сжатом очерке Изд. 1921 г , стр 186
  40. Дудка беларуская, 48 стар
  41. Дудка беларуская. стар. 76.
  42. ibid., 53 і 54 стар.