Францыск Скарына і беларускае адраджэньне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францыск Скарына і беларускае адраджэньне
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
Малады араты - 1925 - №14

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У сакавіку месяцы гэтага году споўнілася роўна 400 год існаваньня друку на абшарах Беларусі; роўна 400 год таму назад (у 1525 г.) ў Вільні выпіла першая друкаваная кніжка — „Апостал" — Францыска Скарыны.

Францыск Скарына нарадзіўся ў Полацку каля 1490 г.; паходзіў з гандлярскага стану. Першапачатковую асьвету атрымаў ён у сябе ў Полацку, але, відаць, гэта асьвета не задаволіла яго: беларускі дзеяч імкнецца на захад, каб там удасканаліць сваю адукацыю. Спачатку ён вучыцца ў Кракаве (1504-1506 г.) і сканчае Кракаўскі унівэрытэт з званьнем бакалаўра[1]; потым славуты палачанін падаецца яшчэ далей на захад, у Італію, і ў 1512 г. атрымоўвае ступень доктара лекарскіх навук у Падуі.

Наш беларускі дзеяч, гэткім чынам, стаяў на роўні заходня-эўропэйскай культуры свайго часу; яго ўнутраное жыцьцё характарызуецца бязупынным імкненьнем да сьвятла веды і навукі; смага веды перамагае ў яго ўсе надворныя перашкоды, з далёкага кутка Беларусі яна кідае яго нават у Італію, у гэтую калыску эўропэйскай культуры і цывілізацыі.

Але самае галоўнае, Фр. Скарына імкнуўся зьвязаць навуку з жыцьцём; свае агромністыя веды ён не хавае пры сабе дзеля асабістай услады, а нясе іх роднаму народу.

Францыск Скарына ўвесь аддаецца культурна-асьветнай справе айчыны ў духу і напрамку свайго часу. У 1517 г. ён распачынае друкарскую працу ў Празе Чэскай; ім на беларускай мове выдаюцца ў працягу двох з лішнім гадоў „Псалтыр", „Біблія" (кніжкі старога закону). У 1525 г. друкарская праца пераносіцца нашым дзеячом на тэрыторыю Беларусі, і ў Вільні ў гэтым годзе вылаецца „Апостал" і крыху пазьней „Малая падарожная кніжыца", якая заключала ў сабе розныя царкоўныя службы. Невядома дакладна, па якіх прычынах Фр. Скарына хутка спыняе сваю чыннасьць у Вільні, і апошнія гады яго жыцьця хаваюцца для нас у цемры невядомасьці.

Фр. Скарына ў сваёй дзейнасьці быў . чалавекам свайго часу. Стоячы на рубяжы дзьвёх эпох — сярэднявякоў‘я і новага часу — Францыск Скарына і ў сваім сьветапоглядзе адбівае адзнакі гэтых абедзьвюх эпох. У сярэднія вякі, калі панавала натуральная гаспадарка, тэхніка была вельмі слабая, чалавек залежаў ад стыхійных сіл прыроды; на падставе гэтай залежнасьці разьвіваецца рэлігійны настрой, чалавек адчувае сябе цацкаю ў руках нейкай таемнай сілы. Наш беларускі дзеяч падзяляе гэту рэлігійнасьць свайго часу і лічыць, што крыніца ўсіх навук ёсьць біблія; вось чаму ён, задаўшыся мэтамі дапамагчы культурна-асьветнай справе роднага народу, перакладае на беларускую мову і друкуе не якую-небудзь іншую кніжку, а ўласьне біблію. У дадзеных адносінах ён тыповы прадстаўнік сярэднявяковай навукі — схолястыкі.

Фр. Скарына, паколькі ён і па самым сваім пахаджэньні і па напрамку сваёй чыннасьці зьвязаны з гандлёвым капіталам, выяўляе характэрныя адзнакі гуманістага, ён цікавіцца ведамі ў прыродзе, вывучае мэдыцыну, робіцца доктарам лекарскіх навук.

Нягледзячы на тое, што Ф. Скарына зьяўляецца прадуктам гандлёвага капіталу, ці інш. кажучы, прадуктам буйнай і дробнай буржуазіі, усё-ж такі мы сёньня сьвяткуем юбілей выдадзеных ім кніжок,як паказчыкаў тагочаснай культуры, якая зьявілася ў нашыя дні грунтам для разьвіцьця беларускай рабоча-сялянскай культуры.

Чыннасьць Фр. Скарыны мае для нас агромністае значэньне. Друк заўжды служыць паказаньнем культурнага разьвіцьця старонкі. Хронолёгічна біблія Фр. Скарыны займае трэцяе месца (першае належыць нямецкай бібліі 1455 г., другое — чэскай 1488 г.). Гэта сьведчыць аб досыць высокім культурным разьвіцьці Беларусі ў старажытныя часы: наша старонка мала чым адставала ад Заходняе Эўропы і на некалькі дзесяцілецьцяў выпярэдзіла Маскоўшчыну (там першая друкаваная кніжка зьявілася ў 1573 г.).

Выданьні Фр. Скарыны, апроч таго, вызначаюцца вялікімі мастацкімі вартасьцямі: у іх зьмешчаны шматлікія гравюры, рознымі малюнкамі аздоблены загалоўныя літары. У бібліі нашага дзеяча гэтак сама дадзеныя першыя спробы сылябічнага вершаваньня. А самае галоўнае, што ўся дзейнасьць Фр. Скарыны прасякнута была сьвядомай ідэяй служэньня „люду простаму посполітаму”.

Беларуская культура, закрасаваўшы часы Фр. Скарыны, дзякуючы цэламу шэрагу вядомых прычын соцыяльнага і політычнага характару прышла ў заняпад. Але ў нашы часы, пад сьцягам Вялікай Кастрычкікавай Рэволюцыі, адбываецца адраджэньне гэтай культуры – культуры працоўных мас па сутнасьці. Дзейнасьць Фр. Скарыны ў мінулым служыць магутнай гісторычна-культурнай падставай справы беларускага адраджэньня ў сучасным. Адраджаць можна толькі тое, што калісьці існавала; працы Фр. Скарыны, гэткім чынам, магутны заклад таго, што беларуская культура, нацыянальная па форме і пролетарская па зьместу, зноў закрасуе і ўнясе свой багаты ўклад у агульналюдзкую скарбніцу.

  1. Званьне сярэднявяковага вучонага