Перайсці да зместу

Фрагмэнт з жыцьця В. Дуніна-Марцінкевіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Фрагмэнт з жыцьця В. Дуніна-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1933
Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Біяграфія Вінцука Дунін-Марцінкевіча наагул распрацавана вельмі бедна, і аб ягоных маладых гадох — да аселасьці ў Менску — ведама мала. Дык цікаўна тая рэвэляцыя, якую робіць заметка Е. Р. Раманава, напісаная нашым ведамым этнографам алавіком на рукапісе «Тараса на Парнасе», знойдзеным у архіве Раманава — ці лепш: у частцы ягонага архіву, перахаванай у архіве Беларускага Музэю ў Вільні.

У заметцы чытаем:

«Хто напісав ету байку, так тыки и нема ведома. Одны кажуть Марцынкевич, тэй што у Сянском уезде (— гэтыя два словы напісаны над зачыркненымі: недалёко от Витебска) служив у пана у Щаврах за аканома, тэй самый што написав и Гапона, и Дожинки — мусить вы чули — и много ще розных цикавыхъ штук. Другие ж кажуть, што ее написавъ один витебский человечек Даревский, што добро латышов списавав колись».

Мы падчыркнулі тыя словы ў заметцы, якія рашуча сьцьвярджаюць, што справа йдзе аб бытнасьці ў Шчаўрах іменна нашага паэты Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, а ня некага іншага. І трэба думаць, што Раманаў меў аб гэтым няведамым нам факце зусім пэўную інфармацыю, калі так катэгарычна гаворыць аб Д.-М., як аб чалавеку, каторага віцебляне могуць памятаць.

Што ж такое гэныя Шчаўры, дзе яны, якія адносіны іх да Віцебшчыны?

У выданьні «Список населенных мест Могилевской губ.» Г. Пожарова (Могилев, 1910 г.) знаходзім гэткія інфармацыі аб Шчаўрах. Гэта — двор насьледнікаў Лось-Рашкоўскага, мае 1054 дзесяціны (у тым 900 дзес. лесу). Ляжыць у Бобрскай воласьці Сеньненскага (Сяньскога) павету, у 107 вярстох ад Магілёва, 25 ад Бабра, у 11 ад пошты ў Халопенічах (Халопенічы — ужо на тэрыторыі Меншчыны). Ад Шчаўраў роўна далёка да Магілёва, як і да Віцебску, куды, відаць, Д.-М. езьдзіў, калі судзіць паводле зачыркненых слоў Раманава аб Шчаўрах, што двор гэты — «недалёка ад Віцебска».

Факт, паданы ў заметцы Раманава, выясьняе нам, чаму ў сваей паэмцы «Шчароўскія дажынкі» Д.-М. успамінае аб Халопенічах. У самым канцы паэмкі ёсьць гэткія радкі:

Пасьля гульнуў зь ёю Навум Прыгаворка,

Панок весяленькі, разумны, крый Божа!

Яго ў розуме і пісар ня зможа.

А пісар наш, браткі, — нечага казаць!

У Халопенічах вучыўся чытаць!

Відаць, глухі быў той кут, у якім доля прымусіла нашага паэту служыць за аканома, і крэпка яму дадзеў сваей цемнатой, калі ён з такой едкай іроніяй называе Халопенічы як крыніцу «адукаванасьці» пісара!..

З заметкі Раманава, пацьверджанай, як бачым, пасярэдне цытаванымі радкамі з «Шчароўскіх дажынак», нельга зрабіць ніякага вываду аб часе, калі Д.-М. жыў і працаваў у Шчаўрах. Трэба думаць, аднак, што гэта мусіла быць у маладыя гады паэты — да таго, як ён асеў у Менску, скуль пасьля перабраўся ў Люцынку, бо апошні пэрыяд даволі добра вывучаны і выключае магчымасьць працы Д.-М. у Шчаўрах у пазьнейшым часе.

Пацьвярджае нашае дапушчэньне пасярэдне яшчэ і наступнае.

Роля аканома — асабліва ў прыгонныя часы — не магла быць лішне прыемнай для нашага паэты. І ў адным зь ягоных твораў у польскай мове «Kіopoty lіterackіe» (зборн. «Dudarz Biaіoruski», Miсsk 1857) знаходзім прызнаньне, што ў свае маладыя гады Д.-М. не любіў вёскі. Тлумачучы гэта, паэта дае апісаньне дворнае гаспадаркі з усімі яе клапотамі і цяжарамі — у вельмі цёмных калёрах, а ў гэтым апісаньні зварачаюць на сябе ўвагу гэткія радкі:

A chlopі poddanі

Kin№ ciebie z pod nosa,

Patrz№c siк z ukosa,

Їe prac№ ich їyjesz,

Їe trudem ich tyjesz...

Затое пазьней, пажыўшы доўгія гады ў горадзе, паэта зусім іншымі вачыма (у «Kіopotach») углядаецца на тую самую вёску, каторая цяпер здаецца ўжо яму і мілай, і чароўнай, а ўспамін аб пагарджанай перш вясковай дзяўчыне — Алесі — будзіць гарачае пачуцьцё ў сэрцы састарэўшага ўжо гадамі, але ўсьцяж маладога сэрцам паэты. І даўнейшая непрыхільнасьць да колішняга жыцьця на прыгоньніцкай дворнай гаспадарцы тым лягчэй можа быць вытлумачана тым становішчам, якое ў моладасьці займаў Д.-М. у Шчаўрах як аканом. — Гэтак вестка Раманава знаходзіць пэўнае аб’ектыўнае ўгрунтаваньне і ў паданых прызнаньнях самога паэты аб жыцьці на вёсцы ў маладыя гады — да менскага пэрыяду.