Фабрыка сьмерці (1929)/Фабрыка сьмерці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Фабрыка сьмерці
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1929 год
Беларуская марсэльеза
Іншыя публікацыі гэтага твора: Фабрыка сьмерці (Александровіч, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ФАБРЫКА СЬМЕРЦІ.

Краіна родная! Дарогі крыжавыя!
Скажэце гоманам нахмураных прысад:
— Глумілі нас фэльдфэбалі Расіі,
як быццам поле ў буру буйны град.

Дарыла торбы нам, жабрачыя дарыла
„культура“ чорная разьюшаных баяр.
На струны з нас зьдзіралі нашы жылы,
смакталі кроў памешчык і жандар.

Сьвету яснага ня бачыў край вякамі,
грудзі кволыя сьціскаў халодны мур.
Слова роднае закоўвалася ў камень,
народ наш знаў: турму і сьмертны шнур.

Прайшлі гады… Народ з няволі выйшаў.
Жыцьцё інакшае спаткала Беларусь.
Але мы помнім, помнім — на Лукішках
быў павешаны адважны наш Кастусь.

І сёньня… там… у загранічных ботах,
жандары-найміты крываваю разьнёй
нашых змучаных братоў за польскі „злоты“
зьвярына катуюць, накінуўшысь грунём.

Зарасьлі былі сьляды баяр праклятых,
загінуў бляск фэльдфэбальскіх пагон.
А сёньня… там… будуюць казематы!
А сёньня… там… няведамы прыгон!

Па сьпінах мужыкоў ангельскі сьвішча шомпал,
гуляе паншчына — нікчэмны чорнацьвет.
Чаго-ж маўчыць культурная Эўропа?
Крык зьняволеных даносіцца ў сусьвет.

Зноў Лукіскіх камер не хапае,
зноў шляхі афарбавала кроў…
Што-ж паноў разьюшаных стрымае?
Правіць турмамі Пілсудзкі-Мураўёў!

Але шляхі адважнага змаганьня
ня змые паншчына кіпучаю крывёй.
Надыйдзе новае, агністае сьвітаньне
Сярпа і Молата над Злучанай Зямлёй.

…Краіна родная! Дарогі крыжавыя!
Гудзеце гоманам нахмураных прысад:
— Польшча сёньня, як царская Расія —
краіна сьмерці… Краіна цёмных крат!