Перайсці да зместу

Фабрыка сьмерці (1929)/Таварышы з намі вясна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Надыйдзе яшчэ завіруха Таварышы з намі вясна
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1929 год
Паўстанцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Таварышы, з намі вясна!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАВАРЫШЫ, З НАМІ ВЯСНА.

Стройся колёнай, жалезная сіла,
чуеш фабрычны гудок?
— З намі вясна! Уздымам шматкрылым
сэрца гаручае запаланіла
як-бы электрычны ток.
З намі вясна! Таварышы, з намі!
Рукі прасьцерла праменьнем жыцьця;
сонцам шматструнным
прадвесьняй Комуны.
зьвіла пераможны Чырвоны сьцяг.
Колькі запалу, адвагі і веры
крыецца ў сіле рабочых колён.
Валамі шторму
рушацца ўперад,
на бой заклікае
змаганьня закон.
Бяз страху —
жыцьцё аддавалі на плаху.
Бяз страху, бяз жалю
змаганьне вялі.
Ворагаў білі размахам
напорным,
шляхам прасторным
наперад, ішлі.
Славу здабытую дзён пераможных
стальлю гартуе фабрычны варстат.
А думкі крыляцца, імкнуцца трывожна
ў краіну, дзе голад, дзе тысячы крат.
У краіну разьюшанай банды магнатаў,
дзе прагнуць, каб зьнішчыць, бясьсьледна, на звод
прадажныя людзі: жандар, провокатар —
на суд вядучы беларускі народ.
Таварышы, гэй!
Народ беларускі!
Хай разгараецца прозалаць зор.
Гнеў чалавека, напружыўшы мускул,
судзьдзям напіша агнём прыгавор.
Магнаты, баяры, усе —
бязумоўна
гнуцца ў паклон залатому рублю.
Рвуць скарыстаць, каб суцішыць працоўных,
аэро, гідро —
ваду і зямлю.
І вырваць мову!
І вырваць рукі. —
Хто,
якой сілай
краіну сагне?
— Дый не!
Ніколі!
Адны пагудкі.
Ня вырвуць мову!
Ніколі! Не!
Таварышы, гэй! Заўсёды адважна,
каб толькі…
Бяз панікі, ўперад, угрунь!
На полі, на бруку
загінем, паляжам,
адно ўсё-ж запалім
ў відалях
зару.
Думкі, як іскры, ружовым сьвітаньнем,
думкі, як іскры, асьвечваюць шлях.
— З намі вясна!
— Таварышы, з намі!
— Не выпушчайце чырвоны сьцяг!