Перайсці да зместу

У 400-я ўгодкі беларускага друку у Вільні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У 400-я ўгодкі беларускага друку у Вільні
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1925
Крыніца: Беларуская доля, 1925. 25 сак.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сёньня, 25 сакавіка, беларускае грамадзянства сьвяткуе вялікі культурны юбілей.

400 гадоў назад найвыдатнейшы беларускі дзеяч старога Рэнэсансу, доктар Францішк Скарына з слаўнага места Полацку, выпусьціў у сьвет з сваей друкарні ў Вільні першую кнігу, друкаваную на Беларускай Зямлі — па-беларуску.

Ня будзем тут гаварыць аб значэньні друкарства наагул: гэта ж кожнаму і так ясна. Кніга друкаваная, кніга, размножаная ў неабмяжованым ліку і затым танная і для кожнага даступная — гэта-ж магутная сіла, якая здольная разьнесьці ў народныя масы сьвятло навукі, знаньня, здольна разбудзіць і прасьвятліць мысьль народу.

І кніга Скарына, незалежна нават свайго зьместу, выпаўніла гэтую ролю ў поўнай меры. Яна далучыла Беларускі народ да таго вялікага руху мысьлі чалавечай, які ў XV і XVІ сталецьці магутнай хваляй разьліўся па ўсей Заходняй Еўропе. Вялікія ідэі заходнеэўрапейскіх гуманістаў, разьбіваньне панурага панаваньня царквы з часоў сярэднявечча — усё гэта звонкім эхам адбілася ў Беларусі, і ў выніку гэтага на нашай зямлі распачынаецца слаўны пэрыяд нашага старога Адраджэньня — Рэнэсансу.

Скарыне слушна належыцца чэсьць ад патомных пакаленьняў, якія цяпер — пасьля сталетняга цяжкога сну ў чужацкай няволі — збудзіліся дзеля новага жыцьця і распачалі сваей працай новы Рэнэсанс — новае ўсенароднае Адраджэньне. Скарына — гэта ўасобленьне неўміраючага генія жывога народу. І мы, аддаючы належную Скарыне чэсьць, выпаўняем гэтым акт народнае самапашаны, перакідаючы адначасна праз прорву вякоў залаты мост ад нашага старога да новага, сучаснага Адраджэньня.

І не здарма нашае грамадзянства ў Заходняй Беларусі выбрала дзеля сьвяткаваньня Скарынінскага юбілею дзень 25 сакавіка: у гэты дзень прыпадаюць сёмыя ўгодкі другога гістарычнага здарэньня ў жыцьці нашага народу — акту абвяшчэньня ў Менску незалежнасьці Беларусі.

Ня будзем ацэньваць гэтага акту з пункту гледжаньня таго ці іншага палітычнага ці сацыяльнага сьветапагляду. Абвяшчэньне незалежнасьці краю, які ў той мамэнт таптаў бот нямецкага акупанта, зьяўляецца бясспрэчна самым яркім выяўленьнем прабуджэньня нацыянальнае сьвядомасьці Беларускага народу, зьяўляецца вялікім «дерзанием» — адважнай спробай стацца поўным, не абмяжованым чужой воляй гаспадаром сваей зямлі. Сьвядомасьць беларускіх масаў хутка выявілася і на дзеле: збуджаныя грымотамі Рэвалюцыі беларускі селянін і работнік жывой творчай працай — пры будаваньні сваей дзяржавы ў пастаці Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі — найлепш пацьвярдзілі, што гэнае «дерзание» было і ёсьць усенародным, што беларускія масы дарасьлі да таго, каб сваімі ўласнымі рукамі каваць сваю долю і волю і шчасьце.

Вітаючы сёньня Беларускі Народ зь вялікім сьвятам, мы жадаем усім беларусам пранікнуцца глыбокай і нязломнай верай у сьветлую будучыну, бо той Геній Нацыі, які дае гэткія яркія свае выяўленьні, запраўды несьмяротны і жыць будзе вечна.