У чым іх сіла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
У чым іх сіла
Апавяданне
Аўтар: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I

Можа, гэта быў і не той верабейчык, што прасіў былінку, каб яго пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былінцы ён калыхаўся. Каб я ведаў вераб’іныя імёны, то даў бы яму самае прыгожае з іх. Але пра вераб’іныя імёны нічога не чуваць, і ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго проста: Верабейка-Калыханчык.

Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былі такія будынкі: хаты з чырвонымі комінамі, клуні, хлевушкі, свіронкі і прыгрэбнікі з нізенькімі, да самае зямлі, стрэхамі. Двары былі прасторныя і вясёлыя. Каля хат раслі кучаравыя вішанькі; былі тут ігрушы і яблыні. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзіў часамі з лесу воўк і выглядаў, ці не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталі таксама і каршуны, каб забраць бедную курыцу ці якую-небудзь птушку. А птаства тут было многа: былі тут вераб’і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя.

Верабейка-Калыханчык знайшоў сабе жонку, таксама з славутай вераб’інай фаміліі. І сталі яны ўдваіх будаваць сабе хатку. Аблюбавалі яны вельмі добрае месца, і не дзе-небудзь, а пад страхою гаспадарскага дома. Тут было і зацішна і цёпла. Адным словам, такая прыўдалая шчыліна, што рэдка якому вераб’ю здаралася такая ўдача. Калыханчык насіў саломку, сухія карэньчыкі пырніку і наогул матэрыял болей цяжкі, бо ён жа быў мужчына. Яго жонка рабіла работу болей лёгкую і болей далікатную: яна падбірала пер’е.

Яе нават быў напалохаў раз певень, моцна напалохаў. Вераб’іха націкавала сабе белую курыную пярыну і ўзяла яе ў дзюбку. А гарлан певень крыкнуў грозна:

— Куды? Куды?

Вераб’іха ад страху выраніла пярынку і адляцела досыць далёка. Певень апамятаўся, відаць, пашкадаваў вераб’іху і ўжо ласкава прагаварыў да яе:

— Бяры! Бяры!

Некаторы час на двары не відаць было вераб’іхі. Думалі, што яна, можа, з пярэпалаху захварэла. Калыханчык быў надта заклапочаны ў гэты час. Але аказалася, што вераб’іха сядзела проста на гняздзе пад страхою, а потым прайшла чутка, што ў Калыханчыка ёсць дзеці, цэлых пяць штук.

Ну і рад жа быў Калыханчык! Карміў сваіх дзетак, пазіраў на іх, цешыўся імі. Калі дзеці трохі падраслі і пачалі шчабятаць, бацькі селі на страсе каля свае хаты. Яны адчувалі сябе шчаслівымі: дзеці іх раслі, гадаваліся, дужэлі і былі разумныя. Сярод іх былі тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Называліся хлопчыкі так: Чы-Лін, Чын і Чук, а дзяўчаткі — Чуча і Жычка.

II

У Калыханчыка і яго жонкі былі не толькі радасці, — быў у іх і клопат, і трывога. Іх дзеці сталі падрастаць і ўваходзіць у сілу. Ім ужо было цесна ў бацькавай хаце, ім хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася і сілу сваіх крылляў папрабаваць. Асабліва неспакойным, жывым і праворным быў Чы-Лін. Але на гэтым прасторы было многа небяспекі. Нядаўна сюды залятаў ястраб. Ён чуць-чуць не злавіў ластавачкі і не задраў курачкі. І толькі храбрасць пеўня Ціпа выратавала няшчасных, бо Ціп у час крыкнуў так моцна, што на яго крык выбегла гаспадыня і прагнала драпежніка.

Параіўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда і сказаў:

— Дзеці, дзеці! Ціха сядзіце! З хаты не вылазіць, калі нас няма, а то пахапае вас ястраб.

— Няхай толькі папрабуе! — адказаў бацьку Чы-Лін.

Калыханчык засмяяўся ад радасці, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку і маланкаю памчаўся ў каноплі. Застаўшыся дома, Чы-Лін нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.

— Хачу ляцець! Хачу ляцець! — крыкнуў ён і высунуўся яшчэ больш.

Певень Ціп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:

— Куды? Куды?

Чын і Чуча схапілі неспакойнага брата дзюбкамі за лапкі і не пускалі, а ён крычаў:

— Пусці! Пусці!

Вызваліў лапкі і паляцеў... Але не ўгору, а ўніз, няспрытна перабіраючы крыльцамі.

Чын, Чук, Чуча і Жычка паднялі гвалт. Прыляцелі бацькі. Справілі крык.

Праўда, Чы-Лін досыць шчасліва апынуўся на зямлі каля прызбы. Ён сам страшна перапалохаўся і цяжка дыхаў.

— Сынок! Сынок! — крычала маці. — Ці жывенькі ты?

Чы-Лін шырока разявіў жоўты рот.

— Жыў! Жыў! — адказаў матцы.

Певень, праходзячы каля прызбы, спыніўся, падкурчыў адну нагу і строга зірнуў на беднага Чы-Ліна.

Гэты выпадак з Чы-Лінам меў багатыя вынікі. У той час, калі птушкі думалі пра здарэнне з Чы-Лінам, пры лесе, на сухой дубовай галінцы, сядзеў каршун і пільна сачыў за тым, што робіцца навокала. Каршун быў стары, вялікі, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгімі і вострымі кіпцюрамі. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў ён у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес.

Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога!

Мацней за ўсіх крычаў певень:

— Куды панёс? Куды панёс?

Закружыліся галубы, падняліся высока-высока ў неба. З усіх канцоў пазляталіся ластавачкі.

— Цуп-цуф! Цуп-цуф! — крычалі яны.

Дрозд, седзячы ў гэты час за клуняю на вярбе, жаласліва высвістаў:

— Ухваціў! Ухваціў! А-а-а!

Чы-Лін пазіраў на гэтую сумятню, дзівіўся і, відаць, нешта думаў. Потым ён задраў угору галаву.

— Чук! Чук! — пачаў клікаць брата.

Але тут да яго падляцеў Калыханчык, схапіў сына за крыльцы і пабег з ім у вішнячок, у крапіву, каб схаваць яго ад бяды.

III

Тут ён прасядзеў цэлых тры дні. Бацькі прыносілі яму яду, так што галадаць не прыходзілася. Спачатку трохі было маркотна аднаму, але потым прывык. Седзячы адзін у крапіве, Чы-Лін пачаў разважаць, думаць, наглядаць, што робіцца навокала. Ён бачыў, што сярод птаства на двары няма згоды, што ўсе жывуць разбродам, думаюць толькі аб сваіх патрэбах, а гэтым карыстаюцца драпежнікі і вудзяць іх патроху сабе на спажытак.

Чы-Лін пачаў развіваць сваю думку далей. На трэці дзень у яго галаве злажыўся пэўны план, але аб ім пакуль што ён нікому не гаварыў. Пад канец трэцяга дня ён узляцеў на паркан, з паркана на грушу, з ігрушы на клуню і з гэтага часу пачаў вельмі спрытна лятаць.

На чацвёрты дзень павыляталі Чук, Чын, Жычка, Чуча. Дзён два яны жылі пад строгім доглядам бацькоў, а потым патроху пачалі жыць незалежна.

Вось цяпер Чы-Лін узяўся за работу. Ён закідаў новыя мыслі ў птушыныя галовы, мыслі аб тым, каб завесці новы лад сярод птаства, каб не давацца больш у крыўду драпежнікам. Усюды ён знаходзіў спачуванне, і ўсё птаства з ахвотаю згадзілася з Чы-Лінам, што трэба сабраць агульны сход.

Сход адбыўся на прыгуменні. Тут было прасторна. На прыгуменні стаяў і азярод, дзе вельмі добра было рассесціся птушкам. Некаторы час быў шум, і трудна было пачуць, хто што гаворыць.

— Ціха! — крыкнуў Чы-Лін.

Усе сціхлі.

— Грамадзяне! Прашу захоўваць парадак, бо так мы патрацім час і наш сход не зможа нічога зрабіць. Выберам раней старшыню, каб ён правёў сход. Са свайго боку, я прасіў бы выбраць за старшыню Ціпа.

— Ціп! Ціп! Ціп! — зашумелі птушкі.

Певень прыняў яшчэ больш важную паставу. Стоячы на шуле, ён моцна замахаў крыллямі і падзякаваў за гонар моцным «ку-ка-рэ-ку». Затым ён сказаў:

— Абвяшчаю наш сход адкрытым. Слова мае Чы-Лін.

— Просім! Просім! — загаманілі птушкі.

Чы-Лін выступіў.

— Грамадзяне! Усім вам вядома, пад якім страхам жывём мы. Залятаюць з лесу ястрабы і каршуны: цягаюць нашага брата. Чаму? А таму, што мы жывём кожны па сабе, не думаем аб другіх, не дапамагаем адзін другому. Давайце ж будзем жыць у згодзе, давайце арганізуем калектыў і завядзём такі парадак, каб у нас былі вартаўнікі. Вартаўнікі пададуць знак, калі дзе пакажацца драпежнік, і мы ўсе будзем ведаць пра бяду і не дапусцім яе на двор. Апрача гэтага, нам трэба мець войска — адбіваць драпежнікаў.

— Ура! Ура! — закрычала варона.

— Так-так-так! — азвалася качка.

— Брава! Брава! — крыкнуў шпак.

— Жыві, Чы-Лін! Жыві, Чы-Лін! — з усіх канцоў шчабяталі вераб’і.

— Кока! Ко-о-о-ка! — пахвалілі Чы-Ліна куры.

Так і зрабілі. Паставілі варту, сабралі войска. Ластавачкі павінны быць на варце і падаваць умоўны знак, калі будзе якая небяспека.

— Рэпетыцыю! Рэпетыцыю! — закрычала ластавачка.

Папрабавалі зрабіць рэпетыцыю. Калі сход скончыўся і ўсе разышліся па сваіх справах, вартаўнік-ластавачка крыкнула з-пад лесу:

— Цу-пу-цуф! Цу-пу-цуф!

У адзін момант другія ластавачкі перадалі гэты крык па ўсім двары, а птушкі зараз жа падрыхтаваліся да абароны.

— Шыкарна! Шыкарна! — казала сарока.

І вось калі назаўтра сапраўды вылецеў з лесу ястраб, то не паспеў ён праляцець і паўдарогі да двара, як яго спаткала моцнае птушынае войска. Адна варона так дзюбанула нягодніка, што аж пер’е пасыпалася, і ён больш ніколі не паказваў сюды носа.

І стала спакойна, вольна жыць цяпер птушкам. А дрозд спяваў:

— Сіла ў калектыве! Сіла ў калектыве!