Дурната, махлярствы, плыткасьць, хвальшы і завісьць злая —
Вось падводныя каменьні, аб што чайка[1] б‘ецца,
Як праз мутну і сьмярдзючу гразь жыцьця плывае,
А на небе толькі хмары, зор нямаш, здаецца…
Чую, што шмат гразі гэтай не пераплыву я —
І, адкладваючы вёслы, заплюшчваю вочы:
Хай сама сабе, як хоча, чайка так кіруе —
Ужо ня дбаю, на дно лёгшы, дзе плысьці захоча!?
Так плыву я, радзіўшыся для чыстага мора,
Да тых сьветлых сонца ўсходаў, залатых заходаў,
І да ясных зорак неба, дзе ня маюць гора,
І да той зямлі высьнёнай вольных[2] там народаў!…
Так плыву я, радзіўшыся, каб маланак хвалі
Рулям рэзаць, бурны віры далонямі змогшы,
Каб ўжо чаяк ў гэтым сьвеце больш не затаплялі!
Так плыву я, як умёрлы, на дно чайкі лёгшы…
|