У справе звароту беларускае культурнае маемасьці
У справе звароту беларускае культурнае маемасьці Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1923 Крыніца: Змаганьне. 1923. 11 лістап. |
У Менску — сэрцы Ўсходняе Беларусі — стварыўся магутны цэнтар творчае беларускае культурнае працы.
Пачатковыя і сярэднія беларускія школы (школы першае і другое ступені), унівэрсытэт, у якім, апрача прадметаў беларусазнаўства, па-беларуску пачынаюць ужо выкладаць і такія прадметы, як агульная тэорыя права і др., цэлы рад беларускіх культурных установаў зь Інстытутам беларускае культуры на чале — вось тыя кузьні, у якіў выковываецца Новая Беларусь.
Сярод гэтых установаў зварачае на сябе ўвагу, паміж іншым, Беларускі нацыянальны музэй.
Зь вялікім напружаньнем, зь вялікай затратай энэргіі і працы зьбіраюць тамака беларускія культурныя працаўнікі ўсё тое, што дае прадстаўленьне аб творчай сіле і духовай індывідуальнасьці Беларускага народу. І нядзіва: гэта ж трэба прыпомніць, што расейскі царскі ўрад у працягу сотні гадоў стараўся зьнішчыць у Беларусі ўсе сьляды яе даўнае самабытнасьці, што гэты ўрад павывозіў зь Вільні і другіх местаў нашае Бацькаўшчыны найбольш цэнныя культурныя памяткі, што гэты вываз у часе сусьветнае вайны зрабіўся масавым, а шмат з таго, што не пасьпелі вывезьці расейцы, згінула ў часе ваенных падзеяў, якія разыгрываліся на беларускай тэрыторыі ў працягу сямёх гадоў.
Вось чаму зьбіраньне менскага музэю сустракаецца зь вялікімі труднасьцямі, калі справа йдзе аб згуртаваньні тамака памятак нашае дзяржаўнае мінуўшчыны і старадаўнае культуры. Сучасныя вырабы нашага народу, як паказалі экспанаты беларускага аддзелу на сельскагаспадарскай выстаўцы ў Маскве, яшчэ можна знайсьці ў нашай вёсцы. Але гістарычныя памяткі трэба шукаць далёка па-за межамі Беларусі: у вялікіх музэях Пецярбурга і Масквы, а таксама і на Захадзе — у Варшаве і Кракаве, куды іх ад нас вывозіла польская інтэлігенцыя, манючыся гэтак ня даць забраць іх у расейскія сабраньні.
Неяк у рукі пішучага гэтыя радкі папаў нумар выдаванае ў Менску беларускае газэты, у якім успамінаецца аб ахвяры Беларускаму Музэю адным з расейскіх музэяў нейкіх фігураў ці чагось падобнага. Ведама, кожная ахвяра — рэч добрая. Толькі ж менскім беларусам няма патрэбы аглядацца на ахвяры: яны маюць поўнае права — і з гэтага права павінны скарыстаць! — на паварот у Беларусь усіх тых беларускіх гістарычных і культурных памятак, што апынуліся ў расейскіх музэях.
Бяз сумліву, памятак гэтых — незвычайна многа. І хаця шмат чаго вывезена ўжо ў Польшчу пад відам польскіх рэчы (быццам затым, што ўсё гэта адносіцца да часоў прыналежнасьці Беларусі да Польшчы!), аднак, пашукаўшы добра ў Пецярбурзе і Маскве, можна было бы напоўніць Беларускі Музэй у Менску прост бясцэннымі для беларусаў прадметамі.
Права беларусаў на тое, што імі створана, — бясспрэчнае. Трэба бы толькі, каб гэтым занялася адна з паважнейшых беларускіх навуковых установаў, каб была створана адумысная камісія з спэцыялістаў, якая б і занялася вышуківаньнем і рэвіндыкацыяй беларускіх гістарычных і культурных цэннасьцяў.
Цікава толькі, ці Беларуская Сацыялістычная Радавая Рэспубліка акажацца настолькі «важкай» установай, каб да голасу яе прыслухаліся «старэйшыя браты», што запраўды кіруюць усенькім «Саюзам Сацыялістычных Радавых Рэспублік»?