У прасторы (1926)/Прузына-Ленінка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Легенда Прузына-Ленінка
Абразок
Аўтар: Ілары Барашка
1926 год
„Лайдачка“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРУЗЫНА—ЛЕНІНКА

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

— Ну колькі-б на выгляд можна было даць ёй гадоў?

— Дваццаць два, ня менш!

— Хоць не на многа, але памыліліся. Ёй усяго толькі дваццаць, нядаўна дзяўчынкай была, ведаю я яе ўжо год з дзевяць. У адзінаццаць год працаваць пачала. На маіх вачох вырасла, вунь якой стала! — здаволена ўхмыляўся стары рабочы, адказваючы ў гутарцы новаму дырэктару той фабрыкі, на якой працавала Прузына — работніца, дый прытым паказальная.

У гэты час Прузына стаяла паводдаль, ля станка, падхватвала з рук катальшчыка шпулечкі абояў — бандэравала іх.

Прузына — бы машына!

Уся постаць на адным месцы, толькі рукі — шлык, шак, шлык, шак… — схваціць шпульку абояў аднэй рукой, другой схваціцца за кавалачак. паперкі, прывычна макане паперку ў клей, падставіць шпулечку абояў, абкруціць паперкай, прыцісьне, і спрытна кідае ў кіпу…

Так цэлы дзень, так кожын месяц, так амаль што дзевяць год…

„Што варты той, хто не працуе!“ — вечна на вуснах Прузыны.

Гэта яе выраз!

— Раз працуеш, дык і ясі, бо маеш поўнае права на гэта, — адказвае яна заўжды рабочым.

Здавальняюцца!

Кахаюць Прузыну ўсе рабочыя і работніцы.

А іх шмат. Больш за сотку…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Часам песьня вясёлая прарэзвае паветра, аздабляе прыгожасьцю сваіх пераходаў верхні паверх фабрыкі.

Гэта пяе Прузына, у тахт, пад гул машын выводзіць:

Крокам разьмераным,
Цьвёрдым, увераным
Бліжэй і бліжэй
Да Комуны!..

І калі песьню гэтую пяе яна, дык першыя тры радкі пяюць, працуючы побач з ёй; усе яе таварышкі, а „Да Комуны!..“ прыпадае на яе долю пяяць.

І чысты, чысты, нібы трэль салаўя, поўны гармоніі, льлецца голас Прузыны.

Словы „Да Комуны!..“ пяе Прузына з нейкім унутраным падняцьцем усяго самага, дарагога, якое толькі ёсьць у яе, пачуцьця…

Пачынае з нізкіх нот, сэкундальна ўзвышае, цягне высокую ноту на мёсцы — …му… абрывае, нібы струны на гусьлях, свой мілагучны, мэлёдычны голас, і крыху ніжэйшай нотай канчае працяжна…ны… і раптам, нібы зьнянацку для сябе самой, абрывае…

„Да Комуны!“ — гэта лёзунг Прузыны, гэта яе ідэал, гэта пункт, да якога яна імкнецца!

Бо:

Прузына — Ленінка,

Прузына — комсамолка.

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .
.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .