У прасторы (1926)/Гіерогліфы Яэля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гіерогліфы Яэля
Апавяданьне
Аўтар: Ілары Барашка
1926 год
Пяты год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гіерогліфы Яэля.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГІЕРОГЛІФЫ ЯЭЛЯ


∗     ∗

Народ стварае песьняроў сваіх, поэтаў, з-пад струн музыкі леры-арфы, што, бы лёгкі подых ветравіньня, акорды гукаў льлюць, а часам, рвучы струны, акорды завіяюць у віхор…

Тады народу кажуць: бач, буяніць…

Так дзе-ж адгадку адшукаць таму?

Прычыну дзе знайсьці? Прычыну тую, што запаляе пачуцьцё поэты кідаць акорды ў народ, з якога вышаў ён, акорды гучныя — бы гул пяруна, акорды палкія — бы сонца Карфагена жар, аккорды „я“ свайго — цямней за вір, сьвятлей за лятуценьні, гульлівыя акорды — лягчэй за лёгкі подых ветравіньня, страйней за стан дзяўчынін…


∗     ∗

Зусім нядаўна ў Эгіпце былі праведзены раскопкі. Раскопана была адна з аколіц. І гіерогліфы старыя на плітках цагляных там знойдзены былі. У даўнія часы, калі ўвесь сьвет ня-мог літарамі жыцьцё адбіць, ён маляваў усё тое, вакол сябе што бачыў, адчуваў… Былі і ў час той даўні песьняры, поэты. Яны тварылі тым завостраным кіёчкам, што мог выскрэбваць скрэбіны на гліне сьвежай.

Уводзіны ўсё гэта. Кажу пра гэта я таму, што выкласьці на роднай мове мне і вам жадаю адну з тых плітак цагляных, напісана была што адным з рабоў — поэтам рытмаў і жыцьця, дзе сонца ў голаў проста паліць — у Эгіпце. Поэта той быў такі, што ў скрэбіны на гліне ўклаў і рытм, і зьмест — жыцьцё, і вобраз — лятуцені…

Чытайце:


∗     ∗

Я раб Яэль. Нявольнік я, засуджан я на сьмерці кару. І заўтра мне не сузіраць тых дзён, што ўчора бачыў, — калі сталёваю стамескай я надпіс высякаў на фараонавай грабніцы. Не сузіраць мне тысячаў маіх братоў, што глыбы камёня на калясьніцах возяць і піраміды стромкія, палацы фараонаў будуюць што… Не сузіраць мне той дзяўчыны Аллы, што тут, дзе я жыву, жыве. Хаця-ж і вінен я, але судзьдзя-ж ня я і не народ мой рабскі, якому я ня здрадзіў. Хай ня вініць мяне народ, яму я апраўданьне гэта пакідаю, бо чысты я, бы ліст лотоса…


∗     ∗

Было вось гэта так: У царстве фараона жывем мы ўсе. І ўсе працуем — наша доля. І дзень дзевяты быў на ўсходзе поўналуньня. І загадалі нам старэйшыны закончыць тэй палац, што сыну ён свайму аддаць быў мусіў — у дзень павышэньня сына на стан вярхоўнага жраца. І ў дзень дзевяты той ня скончана будыніна была, бо фрэскі расьпісаць пры ўходзе ня здолелі закончыць мы…

Загад атрыман быў: нявольнікаў па выбару старэйшын у Ніла хвалі ўкінуць найхутчэй.

А нас, нявольнікаў, народу цёмнага, было ўсіх цьма… І мы, пачуўшы аб загадзе, паўсталі ў абурэньні за лёс братоў сваіх.

Народ кахаў мяне за песьні волі, прароцтва лепшых дзён, народ! ты і цяпер мяне кахаеш?! Ня здрадзіў я! Бясьсільны рэзчык я, Яэль, абраны быў правадыром паўстаньня. І разбурылі мы адзін з прытвораў багамольні, што скрашвала пагост грабніцы фараона. Народ напаў на варту фараона, і хвалі Нілу праглынулі іх, замест прызначаных ахвяр… А я, Яэль нікчэмны, з сваймі змаганцамі на ўзвышшы сярод гор пяяў аб нашай першай перамозе, да новых заклікаў народ. А фараон, дазнаўшы ўсё, начальнікам дружыны другі аддаў загад: — на ўсходзе сонца, на сьвітаньні накіраваць свае дружыны, узяць жывым правадыра Яэля. Утомлены, замораны народ наш — раб у момант гэты, нарадай парашыўшы, ішоў у горад фараона — разбурыць, мэтаю было.

Праз рэчкі брод праходзіў сьмела наш нявольніцкі народ, стрымаўшы плынь яе заставай. Дружына фараона разбурыла заставу, і нільскае вады струмень хлынуў паверх галоў атрадаў рабскіх нашых. І ўзброены каменьнямі дый кіркамі народ патоплен быў…

А я… пасьпеў з народу жменяй ля сьцен палацу апынуцца, расьсекшы горду строму Ніла сваёю песьняй і надзеяй…

Абкружаны былі мы ўсе. Між імі й намі бойка… І палон. Крывёю пунсавелі мясьціны каменя, было дзе наша палкае змаганьне. А я…


∗     ∗

— Цябе як зваць?

— Яэль!

— Пашто ты здрадзіў фараону і ўзьняў народ супроць яго?

— За крыўду тую, што церпім век мы ўсе!

— За крыўду?

— Так, за яе, бо праўды фараона не ўглядаем мы, — адказваў я суду, узьняўшы голаў к верху.

Прысуд абвешчан быў судом старэйшын:

— Пад гул літаўр, нявольніка Яэля, на плошчы Ліка, перад народам ўсім, бо з мэтаю паказы, аддаць ў пажыву крокодзілу, што з найсьвяцейшых першым у Эгіпце. Сьвяты наш кракадзіл-оракул пацьвердзіў гэты прысуд справядлівы, і адмяніць яго ня можа нават наш усемагутны фараон, зямлі эгіпэцкай ўладар.


∗     ∗

І заўтра мне не сузіраць тых дзён… Не сузіраць маіх браточкаў… Не сузіраць дзяўчыны Аллы той… Народ! табе ня здрадзіў я…

Яэль.


∗     ∗

Народ стварае песьняроў сваіх, поэтаў, з-пад струн свае музыкі леры-арфы што, бы лёгкі подых ветравіньня, акорды гукаў льлюць, а часам струны, рвучы аккорды у віхор завіяюць…

Тады народу кажуць: бач, буяніць…