Перайсці да зместу

У прасторы (1926)/Вёска ў горадзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Лайдачка» Вёска ў горадзе
Апавяданьне
Аўтар: Ілары Барашка
1926 год
Сельсаветчыца Параска

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЁСКА Ў ГОРАДЗЕ

I

Райкомаўскі цыркуляр аб камандыраваньні на курсы комсамольскага актыву ячэйкай быў атрыманы.

На другі дзень прыпаў якраз і сход ячэйкі.

Вось і сход.

Цішыня. Сядзяць хлопцы густа на скамейках у клясе мясцовай школы.

Пытаньне 3: „аб камандыраваньні 2 сяброў на курсы комсамольскага актыву“.

А вось і пастанова:

Ячэйка, лічачы, што актыўнасьць сваю ў комсамольскай працы выявілі Міхась і Мікола, — пастанаўляе камандыраваць іх на памянёныя ў гэтым пункце парадка дня курсы“.

Комсамольцы згадзіліся.

II

— Ну, Міхась, зьбірайся, едзем!- сказаў Мікола, цярэбячы патыліцу.

З ванзэлачкамі за плячамі ўвашлі хлапцы ў станцыйны будынак.

Няпрыветліва сустрэў іх няўзрачны будынак станцыі.

Самавар, што стаяў у буфэце, абдаў іх сваім алавяным бляскам. Кінуліся ў вочы кольцы кілбас ды поўбаханак пытлёванага хлеба…

Як памятка ад буфэту гэтае станцыі ў Міхасёвай кішэні апынулася пачка „Шуры-Муры“ — затое грыўня ў буфэтчыка засталася…

— Дайце, калі ласка, білеты ў Віцебск, — адважна адчыкрыжыў наш Мікола.

Білеты ў руках. Ну, вось цяпер і ў вагон пара, і абцасы хлопцавых ботаў бойка забрынчэлі па асфальтавай пляцформе.

Але тут здарылася:

Хлопцы ў вагон, а кондуктар за полы Міхасёвага кажуха.

— Вы куды, таварыш?

— Як куды? У вагон, у Віцебск, вучыцца едзем, — зьдзіўлена высалапіўшы вочы, адказваюць хлопцы, ня бачачы за сабою віны.

— Вы мужчыны?

— Мужчыны, хлапцы, ці-ж ня бачыце?!?

— Дык злазьце ўраз-жа, тут жаночы вагон, падымаючы свой уласьцівы голас, прабурчэў ахоўца законаў чыгункі.

І бяда ўся ў гэтым, што разумны касір даў ім білет у вагон № 5, а вагон № 5 — для жанчын.

Селі хлопцы ў другі вагон, доўга з іхніх вуснаў усьмешка вырывалася, а часам і рогат.

— Ты, Мікола, мужчына?

— Мужчына! А касір за бабу палічыў; мабыць, з галавы яго бабы ня зыходзяць. Што ні чалавек, то за бабу прымае, ха-ха-а-а! і — хлопцы качаліся са сьмеху.

Новы горад — новыя падзеі — мітусілася ў вочах кожнага з хлапцоў.

Ехалі по-начы. У вагоне поўна.

— Бы селядцы ў бочцы, — вырвалася міжвольна ў Міхася.

А калёсы цягніка аднатонна ляскаталі: ві-в-ві-іві-вісь-ві-ві-ві-ві-віць…

А віскі Міхася і Міколы пад тахт калёсам выстуквалі. Віцебск, Віцебск, Віцеб-ск-ск-к…

III

Цягнік прывёз новую струмень людзей у Віцебск зраньня. Каб хто адважыўся паглядзець на гэтае плывучае з аднастайных вагонаў у мікроскоп з гары, дык прыкмеціў-бы ён і Міхася з Міколам… Праз хвіліну хлопцы апынуліся ў будыніне (ня тое, што іхняя станцыя) — у Віцебскім вакзале. Насільшчыкі з вялізнымі нумарамі на грудзёх так і снуюць, цягаючы важкія ванзэлкі і кошыкі пасажыраў.

Тут-жа каля хлапцоў чалавек стаіць, гандляр, відаць, бо ў золатам апраўленых акулярах, ды „бруха“ на пуды са тры — як разважыў Міхась. Ён, дык хоць і ў савецкіх абставінах жыве, хоць і мае пры сабе малеyькі ванзэлак, але не нясе яго — на тое насільшчыкі, яны выцягнуць… а я (разважае гандляр з брухам) прайдуся так, улегцы, я-ж грошы заплачу…

Насільшчык хоць і нёс яго ванзэлак, але таму, што меў права разважаць так: буржуй, нэпман ты, сволач…

Хлопцы вышлі з вакзалу. Трамвай-бы чакаў іх, але яны ня селі ў яго, разважаючы:

— Пяшочкам, пяшочкам лепей! Дый капейка лішняя ў кішэні застанецца!

І пашлі хлопцы пяшочкам па вуліцы, а вуліца, што ад вакзалу ў горад вядзе, так і завецца — Вакзальная.

Глядзяць хлопцы, дый веры сваім вачом не даюць — народу, дык — ай-яй колькі; магазынаў, крам, крамак — дык не пералічыш!

— Ірысы, сьлівачныя ірысы! пара на капейку, каму нада сьлівачныя ірысы! — прагудзела пад вушамі Міколы.

— Сапагі, бацінкі чышчу, галёшы чыню, шыку на рубль, бляску на два даю! — каму сапагі, бацінкі, карманы вычысьціць-пачысьціць, — седзячы ў браме, расьпінаўся малады армянін.

— Яблыкі, ігрушы, сахарны шакалад, мядовы мармалад — дзёшава, танна! — выкрыквала іржавым голасам старая бабуля з зашмальцованымі рукавамі…

Хлопцы апынуліся ў новым, незразумелым, для іх, пасьля вёскі, сьвеце, сьвеце незразумелым…

IV

У Віцебску на Канатнай вуліцы маецца шыльда:

Мэтпром

Вісіць яна на браме, а як увойдзеш на двор, дык угледзіш соткі плугоў, малатарань, веялак, ды ай-яй чаго ты толькі ня ўгледзіш!

Гэта-ж самае ўгледзілі і нашыя Міхась ды Мікола, будучы на экскурсіі, у ліку ўжо слухачоў курсаў, якая наладжана была ня так то і даўно (калі яна наладжана была, гэта й ня цікава, усё роўна калі).

Паслухаем пра гэтую экскурсію на завод „Мэтпром“, які вырабляе мэталёвыя сельска-гаспадарчыя прылады з вуснаў сакратара комсамольскай заводзкай ячэйкі:

— Завод наш адзін са значных на Беларусі. Працуе ў ім звыш тысячы рабочых, кожны заняты сваёй працай. Ну, возьмем хаця-б вінцік для плугу. Паглядзіш на яго — эт, глупства… а на справе — колькі ў ім самай разнастайнай працы! — Вінцік робіцца з жалеза, а жалеза выплаўляецца з руды, а значыць, у вінціку захоўваецца кавалак працы рудакопу, які дастаў руду з глыбіні зямлі; працаўніка, які перавёз яt на плавільны завод; майстра, які плавіць руду; рабочых, якія прывезьлі жалеза на наш завод. Але гэта, зразумела, ня ўсё. Рудакоп дастае руду ня голымі рукамі, у яго маюцца арудзьдзі; у шахту (а, хлопцы, ведаеце, што гэта за шахта, не? дык раскажу: жалезная руда знаходзіцца глыбока пад зямлёю і перш, чымся яе дастаць, капаюць прабоіну глыбока ў зямлю, часам да соткі-другой сажняў, і там рудакопы кіркамі выламляюць руду, робячы лёхі пад зямлёю. Гэта прабоіна і завецца шахтай) рудакопа спушчаюць пры помачы машыны, яе робяць новыя соткі рабочых. Акрамя гэтага, тыя працаўнікі, якія заняты дабываньнем руды і жалеза, самі хлеба не пякуць, ботаў ня шыюць, палатна на адзежу ня ткуць — для іх гэта робяць новыя соткі рабочых!

— Во дзе політычную экономію разводзіць! — прабурчэў Міхась (недарма ён політшколу другой ступені скончыў, прыгадзілася!).

А той самы сакратар:

— Затым, калі жалеза прывязуць да нас у завод, яго складаюць вось тут у складзе; у мінулым годзе з запасаў зьбіліся — ледзь ня прыходзілася работу спыняць, затое сёньня пра гэта клапаціцца ня прыходзіцца адны са складу жалеза выдаюць майстром: робяць вінцікі, другія — гайкі, трэція — чыгун плавяць вось у гэтай печцы, чацьвертыя — формы для адліўкі з чыгуну асобных часьцін плугу, альбо сячкарні ці малатарні строяць, пятыя — адліваюць, шостыя — вось у кузьні электрычным молатам з сілаю да тысячы пудоў нарогі куюць, сёмыя — машыны ці плугі з паасобных часьцін складаюць у вадно цэлае, восьмыя — фарбуюць, дзевятыя — пакуюць, дзесятыя — на чыгунку адвозяць.

І ўжо з нашай крамы альбо ў коопэратыве сяляне купляюць сельска-гаспадарчыя машыны гатовенькімі, чысьценькімі, бліскучымі.

— Вось бачыце, таварышы, — скончыў сваё тлумачэньне сакратар, — якое шырокае супрацоўніцтва існуе ў гарадзкіх рабочых, каб даць селяніну і ў тэрмін, і добрую машыну для апрацоўкі яго поля, чысьценькай, гатовай, на якой маецца штэмпэль нашага „Мэтпрому“.............

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Мікола і Міхась, ідучы да хаты бойка гутарылі. Аб чым-жа?

— А ведаеш, Міхась! да чаго я дадумаўся, — казаў. Мікола, што, каб у вёсцы такое супрацоўніцтва было, — мы-б гораду і ў тэрмін, і добрага хлеба, быдла, сьвіней маглі-б даць. Вядомая справа, кожны-б сваю вёў-бы, адказваў перад другімі за яе…

— І што значыць, ты брат, політвучобай ня цікавіўся! Пачытаў-бы ну ты, „Політшколу комсамольца“!

— А, папраўдзе, і ня думаў я над гэтым ніколі, покуль у горад не папаў, покуль ня ўбачыў, не раскусіў гэтага жыцьця гарадзкога рабочага.

— А ці ўгледзіў ты, як цяжка дастаецца хлеб гарадзкому рабочаму? Вось, прыкладам, таму, што электрычным молатам нарогі для плугоў куе; казаў-жа — паветра гарачынёй у сорак градусаў бывае, іскаркі проста ў вочы з-пад молату бліскавіцаю лятуць, — бывае, што і выпальваюць вочы…

— Так, праўду, кажаш, Міхась, — сумленна адказаў Мікола. А ў вёсцы-ж гарадзкіх рабочых часта гультаямі клічуць.

Тымчасам хлапцы падышлі да курсаў і зьніклі за дзьвярыма…

V

Станцыя Унеча.
Сакратару ячэйкі КСМ — Норту.

Ліст з такім адрасам быў атрыманы тав. Нортам ужо зусім нядаўна.

А ведаць трэба, што сакратар — па профэсіі шавец, таму, кальнуўшы шылам у ражок конвэрту, ён акуратненька ўскрыў яго.

Шэрая паперка ляжала ў ім,

І ўслух пачаў ён чытаць яе за варстатам, трымаючы на каленях недаклеены абцас. І пісалася ў паперцы той:

Здароў братка!

Абяцанае, як бачыш, споўніў, пішу табе ліст з Віцебску. Я і Міхась вучымся. Ты прасіў апісаць табе горад Віцебск, дык я і пішу. У Віцебску больш за ўсё кінуліся ў вочы ўзгор‘і ды рэчка Заходняя Дзьвіна з параходамі на ёй, якіх ты з роду ня бачыў, дый я ўпяршыню. Міхась дык веры ня мог даць, як гэта вакзал на вадзе плавае, вакзал гэты прыстаньню завецца, а параходы, бы цягнікі, пад званкі то прыходзяць, то адыходзяць. Берагі рэчкі высокія і крутыя: Жывем у абшчажыцьці Дому Селяніна. Бываюць дні, што працуем — раўняем поле пад аэродром, вучымся і працуем. Ходзім на экскурсіі — аглядаем заводы і фабрыкі; вось нядаўна былі на фабрыцы, дзе панчохі робяць. Я і ня сьніў, і ня бачыў ніколі, каб пяцьсот кабет сядзелі адна каля аднае дый хто ніці на шпулькі наматвае, хто панчохі тчэ на машынках, падрад стаячых на вялічэзных сталох, хто фарбуе ў розныя колеры пры помачы катлоў-барабанаў, хто цэлымі днямі стрыжэ і стрыжэ, хто пакуе тысячы панчох. І куды ня сунешся, усюды пяюць — песьні вясёлыя, работніцкія. У часе экскурсіі нашай, дырэктар фабрыкі казаў нам, што гады са тры таму назад фабрыку за адсутнасьцю збыту меліся зачыніць, што работніцы, чакаючы лепшых дзён, працавалі цэлымі месяцамі дарма, што прадавалі апошнія хатнія рэчы, каб адна магла падтрымаць другую, і дачакаліся. Сёньня гэтая фабрыка не пасьпявае выконваць усе заказы; працуе на ёй звыш пяцёхсот работніц — усе жанчыны, ёсьць і прыгожыя дзяўчаты, асабліва калі за працай і песьняй. Ну вось і ўсё. Пішы, як працуе нашая ячэйка.

Бывай здароў і працуй. Твой Мікола.

Норт прачытаў. Беражліва ўклаў назад у конвэрт.

— Хлопцам з ячэйкі пакажу, — заёрзалася ў галаве.

І ўзяўся за свой недароблены абцас…