Перайсці да зместу

У мурох Трывежу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У мурох Трывежу
Проза
Аўтар: Язэп Драздовіч
8 лютага 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перада мною распрасьцёрлася ў начной цемнаце глыбокая і прасторная надазёрная даліна вялікага загадкавага луннага гораду Трывежу.

Горад спаў. Не відалася на ім аніякага блеску агнянога сьвятла. Толькі на выпнутым у возера тупым накале невысокага гладка абмурованага берагу сьвяцілася нейкае невыразнае серабрыстага колеру сьвятло, асьвятляючы сіваватае надузьберажжа чарнаводнага возера.

2

А зблізіўшыся да гэтага сьвятла, — аказалася, што на беразе возера над самаю вадой стаяў круглы ценкі і ня надта высокі стоўп, а на гэтым стаўпе ўгарэ, зь лейкавастым расшыраным да нізу рэфлектарам, — зьвісаў і сьвяціў электрычнага тыпу ліхтар.

3

А па-за гэтым ліхтаром, непадалёку, стаялі тры невялічкага росту шэранькія чалавечыя фігуркі жывых людзей, якія былі апрануты ў нейкую караткавую сівую вопратку. На галовах іхных відаліся касматааколушыстыя, з пэрамідальнымі верхамі, круглыя шапкі. А на нагах нешта ў родзе касматых панчох. З адобы ж, наколькі відзілася, былі цьмянатварымі і круглалікімі.

4

Навотдалі ад берагу на чорным фоне паверхні возера відалася нейкая сіваватая плямка, а над ёю, праменямі ўгору — фасфарычнае сьвятло.

5

А за возерам дзесь далёка-далёка ў цемнаце нешта бліснула ясна чырванаватым залацістым сьвятлом раз па разу тры разы, як быццам ад патройнага выстралу зальпам.

6

А прыгледзеўшыся да асьветленай зь берагу ліхтаром нягладкай чорнай паверхні азярной вады, я заўважыў, што вада гэтага глыбокадаліннага возера хоць у запраўнасьці і як быццам не фалявалася, аднак жа мела ўздоўж берагу з напрамкам з захаду на ўсход нейкія віруючыя рухі, ад якіх па возеру паўзьлі, віруючы, акругляставерхія фалі, быццам чорныя сьпіны ныркуючых у вадзе бэгемотаў (гіпатамаў).

7

Задаўшыся думкаю цікавасьці, што прадстаўлялі і што сабою завершавалі тыя высачэзныя вастраверхія тры вежы, якія я бачыў раней над нейкай не разгледжанай мною добра будоўляй, — і я зараз жа апынуўся ў нейкіх старадаўнейшых сьмяных катакомбах, дзе каля сьцен на нейкіх прымурках ляжалі ў парадку разложанымі парудзелыя напаўстлелыя чарапы галоў чалавечых, а пад імі і ля іх рэшта іншых недатлелых касьцей галёнак, плечавіц, кульшавіц і г. д.

8

Ня будучы задаволеным ад віджанага, бо спадзяваўся на нешта іншае, на аглядзіны нутра велічава ўзьведзенага харому, і я ўзнова направіўся пад гэтыя вежы і замейсц велічавай прыгожай нутрыхорамнай архітэктуры з аркамі ды кальлёнадамі, — я ўба[чы]ў узнова блізка, што такія самыя катакомбы, як і ў папярэдні раз, і толькі зь не са старымі напаўстлелымі касьцямі людзей, а з цэлымі, зь неразрушанымі шкілетамі.

Шкілеты гэтыя не ляжалі, а стаялі каля сьцен у нейкіх шыракаватых папеляхага колеру скрынках. І добра заўважыў іхні невялічкага росту склад, нічым ня розьнючы па свайму выгляду ад складу касьцязбораў зямнога чалавека, хіба толькі па грубаце, бо ў прапорцыі да велічыні росту косьці гэтых нябожчыкаў паказаліся мне занадта далікатнымі, цянклявымі. А чарапы — кароткагаловымі і з досыць высокімі выпуклястымі ілбамі. Пры гэтым заўважыў, што галовы гэтых нябожчыкаў, бадай што, ува ўсіх, былі пахілены на правае плячо, робячы ўражаньне, вызываючае пачуцьцё не адпіхаючага страху, а нейкага жалю.

9

У трэцьці раз пасьля віджанага ў мяне не знайшлося жаданьня на далейшае адшукаваньне таго, што хацеў знайсьці і ўбачыць пад гэтымі велічава ўзносістымі трыма вежамі. І са словамі: «Вечны ім пакой і сьветлая памяць між жывымі», — я адляцеў ад гэтага хораму разьвітаных з жыцьцём — у бок новага гораду, з пэўным жаданьнем [убачыць] найпрыгажэйшы з будынкаў гэтага гораду, а перадусім хоць са два абразкі з жыцьця жывых людзей гэтага пакрытага цемраю вялікага чужасьветнага гораду.

10

І я апынуўся ў нейкім беласьценным, досыць прасторным, але безваконным памяшканьні.

У адным з кутоў гэтага памяшканьня стаяў нізкаваты, вышынёй як у аршын, прастакуцісты стол. На стале гэтым сьвяцілася бела-сярэбрыстым сьвятлом круглаклёшавая, на цянклявай высакаватай ножцы тыпова электрычная лямпа. А перад лямпаю ў канцы столу на нізкаватым сяджэньні сядзела буйнаватагаловая схілёная, абернутая ка мне профілем фігура чалавека.

Па выгляду з твару ён быў чарнявым, цьмянаскурым, бязвусым, безбародым, паўнашчокім і як быццам крыху азызлаватым. З чала выпуклясталобым. З носа акругчатаносым. З губы паўнавусным і з моцна разьвітымі караткавымі, але касьцістымі падбародкам і сківіцамі.

На вачах ягоных круглавацелі досыць буйныя выпуклястыя акуляры, празь якія наўскось блішчэлі нейкім асаблівым чырвоным блескам ягоныя досыць буйныя акруглястыя цёмна-карыя вочы.

Відочна, што гэта быў нейкі майстра, рамесьнік, які зь цярплівым супакоем і любоўю да свайго рамясла сядзеў і парадкаваў нейкія дробныя рознавыглядныя разложаныя на стале мэталёвыя струмэнты.

11

Абярнуўшыся ўлева, я ўбачыў, як у белай таўшчэзнай мураванай сьцяне адчыніліся вузкаватыя дзьверы, а ў дзьвярах зьявілася невысокая, апранутая ў белую палотняную тогу, фігура цьмянатварага круглалікага чалавека, які тут жа прызастанавіўся і глянуў у мой бок, а ягоныя ня то ў акулярах, ня то безакулярныя вялікія круглыя вочы засьвяціліся нейкім таямнічым фасфарычным сьвятлом.

12

А праз пару сэкунд пасьля бачанага я ўжо быў на пазасьценьню ў побачлежным слаба асьветленым памяшканьні, якое прадстаўляла сабою відочна ня што іншае, як сталовую і кухню.

На нейкім цёмначыгунавастым стале ці то пліце стаяла нейкая цёмнамэталічная глыбокая лейкавастабокая пасудзіна, як нешта ў родзе рондля або глыбокай з расшыранымі высокімі берагамі патэльні, якую можна дастасоўваць да любой велічыні кухоннаплітавых адтулін, гледзячы паводле колькасьці стравы і патрэбнай на яе гарачыні, праз апусканьне то глыбей, то мяльчэй у гарон плітавога вогнішча. Але самае цікавае тое, што ў гэтай смажаўні я ўбачыў тое, чым кормяцца, чым харчуюцца тутэйшыя луніды-трывяжане. І аказалася, што яны тут такія ж самыя мясаедныя, як і наагул усе нашыя зямляне.

Са дна гэтай лейкавастабокай смажаўні вытаркаваліся тры нейкія ўсмажаныя пячонкі. Дзьве з гэтых пячонак былі невялічкімі, велічынёю з кулак. А адна зь іх — велічынёю з добрую абскубленую, выпатрушаную і засмажаную курыцу. Ды і выглядам сваім пячонка гэтая прадстаўляла сабой ня што іншае, як тулава запечанай усмажанай птушкі.

Толькі празь некалькі хвілін пасьля бачанага я пераканаўся, што запечаная на пячонку птушка не была птушкай, а нейкім бесскрыдлатым скакуном, галаскурым земнаводнікам.

13

Вандруючы далей, ужо не па лёхах і падстольлях таўстасьценных муроў гэтага загадкавага старадаўнейшага чужасьвецкага гораду, а па ўзьбярэжнаму надазернаму шырокаму і гладкаму бяздрэўнаму бульвару і як быццам праходзючы міма каля тунэлястай шырокаскляпеністай брамы нейкага цёмнага дому, я заўважыў, як раптам унутры гэтага тунэлю засьвяцілася нейкае жаўклявае сьвятло нейкай лямпы. На дне гэтага тунэлю відалася пацяглаватай формы зь пясочнымі берагамі лужа вады. А на берагу гэтай лужы сядзела, абярнуўшыся перадам да таго агню і лужы, нейкая прынізістая пясочнага колеру галаскурая, дзівачнага выгляду жывёліна, велічынёй з двухкілёвую абяспушаную курыцу. А па выгляду з галавы прыпамінала вадзяную жабу, а з тулава, асабліва ж з хрыбта і хваставой часьці, — маладую аскубленую курыцу. З ног жа была падобна на нашага лугавога траскунчыка-скакуна, казельку.

Убачыўшы гэтага дзівачнага земнаводнага скакуна, мне адразу прыпомнілася Краіна задымленага неба, што на поўнач ад цёмнай плямы так званым у астраноміі Морам Няпэўнасьці, і тая палявая дарожка непадалёку гор Чорнага Валу, на якой мне давялося аглядаць такога ж самага выгляду, толькі як быццам крыху рыжэйшага і нашмат меншага, скакуна, які тут на Месяцы замяняець сабою і птушак, і рыбу, ды, магчыма, што і штучна разводзіцца тутэйшымі жыхарамі-лунідамі, так як у нас кролікі, — на мяса.

14

Вандруючы далей па ўзьберажжу возера, на захад, і перабраўшыся перак нейкага вылогавістага пусткуючага мейсца, якое знаць што дзяліла сабою горад Трывеж на два месты, на старое і новае места, і хоць уночы, пры ня надта ясным, цьмянаватым тут земнасьвеце, труднавата было штось-колечы разгледзець, але, прыгледзеўшыся добра, я замеціў, што будынкі новага места былі нашмат буйнейшымі, прасторнейшымі ды, магчыма, што і прыгажэйшымі за будынкі старога места.

І на жаданьне маё пабачыць самую найбольшую і найпрыгажэйшую будоўліну з будоўлі гораду Трывежу я ўбачыў даўгі раўнасьценны нейкі дом зь велічэзнаю чырвонаю готыцкага выгляду брамаю ў сьцяне. А асобныя сьцены гэтага дому былі ашалёваны ў лажмавым парадку бліскучымі бледна-жоўтымі і зь зеленаватымі штрыхамі паліванымі, глязураванымі кафлямі — з выглядам аднолькавамернай дробнакалібэрнай цэглы.

На гэтым і закончылася мая пазапрасторная вандроўка на чужасьветны таямніча-загадкавы лунны горад Трывеж.