Перайсці да зместу

У лясным гушчары (1932)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У лясным гушчары
П’еса
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1932 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: У лясным гушчары.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішак Аляхновіч


У лясным гушчары


Казка ў 1 акце

для дзяцей малодшага веку


РЫГА, 1932

Выданьне Беларускага Выдавецтва ў Латвіі

Францішак Аляхновіч.


У лясным гушчары


Казка ў I акце

для дзяцей малодшага веку


РЫГА, 1932

Выданьне Беларускага Выдавецтва ў Латвіі

Асобы:

Дзіця.
Баба-Яга.
Бай.
1-е Ліха.
2-е Ліха.
Зьвяры.
Ведзьмы.
Рознае страхоцьце.


Друкарня Г. Іге, Рыга, Гертрудзінская вул. 80.


Лес. Сонца схавалася за небасхіл. На сцэну ўваходзіць Дзіця з кошыкам ягад.

Зьява 1. Дзіця (адно).

Дзіця (кліча). Го-го-го! (Гавоpа). Ах, што-ж мне рабіць? Вось блутаюся ды блутаюся па лесе, а дарогі да хаты ніяк не магу знайсьці!.. Ужо сонейка зайшло, усе ў хаце вячэраюць, а я тутака спатыкаю ноч, — у гэтым гушчары. І есьці хочацца і страх бярэ! (Узіраецца у кошык, цягнецца рукою па ягады, потым аддзергівае руку). Не! — Гэтыя ягадкі я абяцалася назьбіраць для мамы; ня буду іх чапаць, няхай будзе поўны кошычак… Нідзе ня відаць дарогі!.. Нейкае знаёмае мейсца!.. Трэба яшчэ паклікаць, мо нехта адклікнецца… (Кліча). Го-го-го! (За сцэнай чуваць адказ: Го-го-го!)

Дзіця. Вось, здаецца, нехта адклікнуўся! Пакажуць мне дарогу да хаты… (Ізноў кліча). Го-го-го!.. (Углядаецца і гавора). Ось, бачу, ідзе сюды якаясь бабулька з кійком у руцэ… Ну, цяпер ужо няма чаго баяцца: яна пакажа мне дарогу або пераначаваць дазволіць у сябе.

Зьява 2. Дзіця і Баба-Яга (уваходзе).

Баба-Яга. Ты чаго тут крычыш — гукаеш дый палохаеш маіх зьвяроў і птушак? Лес ужо сьпіць!.. Чуеш? — ужо ціш! Кожная птушка, траўка, матылёк, кожнае дзераўца хоча сапачыць…

Дзіця. Бабулька! Пайшла я ў лес па ягадкі дый заблудзілася. Даўно ўжо дарэмна шукаю дарогі да хаты. Нідзе няма жывой душы, каб вывесьці мяне куды трэба… Бабулька! мо‘ ты скажаш мне кудой ісьці?

Баба-Яга. А, заблудзілася!.. (Хітра). А ягадкі свае ты мне дасі? Я сягоньня нічагусенькі яшчэ ня ела…

Дзіця. Я гэтыя ягадкі зьбірала для сваей хворай мамы, але калі ты галодная, дык маеш — бя- ры. Я заўтра зноў для мамы назьбіраю.

Баба-Яга. Ну, добра… Калі так, дык я дам табе магчымасьць вярнуцца дамоў… (Дае клубок). Вось, маеш клубок, — кінь яго на зямлю і скажы: „Клубочак! каціся- каці, — мяне да хаты давядзі“!.. Ен пакоціцца, а ты ідзі за ім, і ён цябе давядзе аж да самай хаты, і тады скрозь зямлю праваліцца… Ды толькі памятай: ідзі наперад, усё наперад за клубочкам, нікуды не аглядайся, нічога не палохайся ды ня спускай вачэй з клубочка, — бо, калі не паслухаеш мяне, клубочак ад цябе уцячэ, а ты ізноў заблудзісься. А калі ў другі раз прыдзеш у мой лясны гушчар, тады ўжо дабра табе ня будзе! Я — Баба-Яга, ўсіх ведзьмаў гаспадыня! Цяпер я зьлітавалася над табой, бо ты дала мне выкуп — ягадкі свае, а ў другі раз я цябе зьем. (Выходзе).

Зьява 3. Дзіця (адно).

Дзіця. А, матулька-ж ты мая! Дык гэта-ж ведзьма! Ах, як добра, што яна зьлітавалася і дала мне гэты заварожаны клубочак — ён мяне завядзе да хаты, да маей мамы. Мамка-ж нецярпліва мяне чакае і плача цяпер, пэўна, бедненькая… Ну, трэба-ж худчэй уцякаць адсюль і зрабіць, як казала Баба-Яга. (Кідае клубок на зямлю). Клубочак! каціся-каці — мяне да хаты давядзі! Клубочак! каціся-каці — мяне да хаты давядзі!.. (Клубок коціцца. Дзіця ідзе за ім).

Зьява 4. Два Ліхі (ўбегаюць з розных бакоў).

1 Ліха. Чуу?

2 Ліха. Але!

1 Ліха. Трэба клубок адабраць!

2 Ліха. Трэ‘ напалохаць дзіця!

1 Ліха. Дарогу памыліць!

2 Ліха. Дзіця бяжыць…

1 Ліха. Клубок перад ім…

2 Ліха. Яно за ім…

1 Ліха. Бяжыць, бяжыць…

2 Ліха. Трэ‘ даганяць!

1 Ліха. Клубочак узяць!

1 і 2 Ліха. Хутчэй, хутчэй!

2 Ліха. Я вагністай куляй дарогу перабягу.

1 Ліха. Я вялізарнай жабай гляну з паміж кустоў.

1 і 2 Ліха (разам). Хутчэй, хутчэй! (Выбегаюць у той бок, куды пайшло дзіця).

Зьява 5.

На сцэну ўходзяць Зьвяры і рознае Страхоцьце. Скачуць нейкі фантастычны танец. Пасьля першы Страх гавора.

1 Страх. Ціха! там нехта ідзе!

Усе. Дзе?

1 Страх (паказвае рукой). Вось там!.. Нейкае дзіця!..

Усе (углядаюцца). Дзіця…

1 Страх. Хавайцеся!

Усе. Хавайцеся! (Разьбегаюцца у розныя бакі).

Зьява 6. Дзіця (уваходзе).

Дзіця. Ізноў я зьбілася з дарогі! Клубочак каціўся ды каціўся, я ішла за ім… Раптам пачаліся страхі: з гушчары выкацілася якаясь аграмадная куля… Пасьля раптам паміж кустоў нешта страшэнна запішчэла. Глянула я, ажно там агромністая жаба, вялікая, як хата, а вочы так і блішчаць, быццам лямпы якіясь… Я страшэнна спалохалася, заплюшчыла вочы, пасьля гляджу — ажно майго клубочка ўжо няма! Недзе прапаў, як камень у ваду… Што мне рабіць? Зусім я замарылася! Трэба будзе хіба тутака пераначаваць, ці што, а заўтра, як толькі сонейка ўзойдзе, трэ‘ будзе ізноў шукаць дарогу… Там мамачка мая заплачацца, мусіць бяз мяне! Ах, Божа мой, вось дык няшчасьце! У другі раз так далёка па ягадкі не пайду… Ну, тут пад гэтым кусьцікам засну, трэ‘ яшчэ толькі памаліцца… (Укленчыушы гавора): О, Божа мой, мей літасьць нада мной заблуджанай! Нікога тут німа, хто-б пашкадаваў мяне, адна ў лесе начаваць тут буду я… О, Божанька Ты мой! Дай маме супакой, а мне сон ціхі дай! (Кладзецца пад кусьцікам і засыпае).

Зьява 7. Дзіця і лясныя духі (памалу ўваходзяць).

1 Страх. Бач! Яно сьпіць!

2 Страх. Што нам рабіць? Гульню нам папсавала. Цяпер спаткаць яе павінна кара: няхай сьніць — сон страшны! (У скоках пачынаюць кружыцца навокал Дзіцяці).

Зьява 8. Тыя-ж і Баба-Яга (уваходзе).

Баба-Яга. Вы тут чаго? Пара вам спаць! Ня чулі, што певень ужо пяяў? А кыш! Пара вам спаць, а ня гульні спраўляць! А кыш! а кыш! а кыш! (Страхоцьце разьбегаецца у розныя бакі).

Зьява 9. Баба-Яга і Дзіця, пасьля Ведзьмы.

Баба-Яга (падыходзе да Дзіцяці). А — ты ізноў тутака! Не паслухала маей перасьцярогі, ну, цяпер ужо блага табе будзе! (Кліча): Гэй, ведзьмы! (Ведзьмы убягаюць). Распалеце агонь у маей хатцы на курынай лапцы, — будзем вячэру сабе гатаваць! (Ведзьмы выбегаюць). Ну, дзетачка, уставай! У першы раз я зьлітавалася над табой; дала табе клубок і перасьцярогу, цяпер — у другі раз — ты згінеш-прападзеш! Вось зара мы цябе зьямо!

Дзіця (абудзіушыся). Ай, ведзьмачка, цётачка, бабулечка! Пусьці! ня еш мяне!

Баба-Яга. Хадзі! (Цягне дзіця за руку). Пакуль мае слугі распаляць у печы вагонь, я зачыню цябе ў складзіку. Хадзі!

Дзіця. Ай, ведзьмачка, Ягінечка, бабулечка, пусьці мяне! Ня еш мяне… цётачка!.. (Выходзяць).

Зьява 10. Два Ліхі (убегаюць).

1 Ліха. Чуў?

2 Ліха. Але.

1 Ліха. У складзік ведзьма зачыніла.

2 Ліха. Там яму будзе сьмерць-магіла.

1 Ліха. Трэба на злосьць ведзьме зрабіць!

2 Ліха. Трэба дзіця выпусьціць!

1 і 2. Хутчэй! хутчэй! (Выбегаюць у той бок, кудой пайшла Баба-Яга).

Зьява 11. Бай (уваходзе).

Бай. Я — Бай завуся. Так мяне клічуць, калі на дзетак сон не прыходзе. „Баенькі-баю“ маці сьпявае і ў калысцы дзіця качае. Я — Бай завуся, усе так клічуць і добрым словам мяне вітаюць, бо я ніколі людзям ня шкоджу, — сон на душу ім навеваю… Я — Бай! Людзі кажуць ня раз: „Ішоў Бай па сьцяне ў чырвоным жупане, ці баіць, ці не?“ — Я кажу не, — не па сьцяне, я тут у лес, у гушчар залез; думка ў мяне ў галаве, каб ратаваць дзіця. Ведзьма ўжо хоча яго ў кацёл кідаць ды гатаваць на агні. Каб уцякло адтуль яно, памогуць мне Ліхі, а як далей яго ратаваць, я ведаць-знаць ужо бу- ду сам.

Зьява 12. Бай і Дзіця (убегае).

Дзіця. Бай! Бай! Ратуй мяне! Ведзьма хацела мяне зьесьці! У складзік зачыніла ды вось Ліхі выпусьцілі мяне. Бай! Бай! ратуй мяне! Баба-Яга, як пабачыць, што мяне там няма, будзе гнацца за мной, дагоне, спаймае і зьесьці мяне! Бай-Баіньку, ратуй! (Плача).

Бай. Ня плач, дзетанька, я цябе выратую. Вось маеш попелу з-пад вагню купальскага. (Дае Дзіцяці мяшочак з попелам). Баба-Яга з іншымі ведзьмамі будзе гнацца за табой. Як будуць ужо блізка, вазьмі жменю гэтага попелу і кінь на одлек: тады ты засыпеш ведзьмам вочы попелам, і яны ад яго асьлепнуць і разьляцяцца па лесі, як васеньнія лісьця, калі іх сівер закружыць па полю… А ты тады ўцякай! (Выходзіць).

Дзіця. О, дзякую табе, мой добры Бай!

Зьява 13. Дзіця, Баба-Яга і іншыя ведзьмы (убегаюць).

Баба-Яга. Трымайце! хапайце! Вось яно!

Дзіця (сыпле на адлек попел).

Ведзьмы (з піскам разьбягаюцца і, асьлепнуушы, хапаюць адна адну).

Дзіця. Вось вам, паганыя ведзьмы, за тое, што хацелі мяне зьесьці! Круціцеся тут, як сухія лісьця, калі сівер загудзе, — а я ўцякаю да мамы!.. (Выбегае).

Заслона.Канец.

Ф. Аляхновіч.



Беларускае выдавецтва ў Латвіі

Rigā, Elija ielā, 20, dz. 25, тэлефон 29922

выпусьціла гэткія кніжкі:

1.
Ф. Аляхновіч — „У лясным гушчары“. Казка ў 1 акце для дзяцей малодшага веку.
2.
К. Езавітаў — „Беларуская Школа“. Першая чытанка пасьля лемантара.
3.
К. Езавітаў — „Беларусы у мінулым і сучасным“. Кароткі канспэкт для лекцый з чароўным ліхтаром.
4.
К. Езавітаў — „Беларусы ў Літве“. Нарыс прысьвечаны беларускай меншасьці ў Літве.
5.
Mat. Jezovitova — „Vecā baltkrievu kultura un literatura“.
6.
Mat. Jezovitova — „Iss jaunas baltkrievu literaturas pārskats“.
7.
Язэп Лёсік — „Наша Крыніца“. Чытаньне для вучняў III і IV кл. ас. шк.
8.
А. Луцкевіч — „Як вучыць у новай школе“. Методычны нарыс.
9.
К. Пажытнаў — „Папулярныя нарысы тэорыі каапэрацыі“
10.
Пятро Сакол — „На сьвітаньні“. Зборнік вершаў.
11.
Статут „Т-ва беларускіх вучыцялёў у Латвіі“. З прадмовай К. Езавітава.
12.
Паштоўка — „Працэнт беларускае нацыянальнае меншасьці ў Латгалії і Ілукштаншчыне, згодна 1-га уселатвійскага перапісу 14 чэрвеня 1920 г.

Кошт 40 сант.

У Беларускім выдавецтве ў Латвіі

Rigā, Elija ielā, 20, dz. 25, тэлефон 29922

выпусьціла гэткія кніжкі:

13.
К. Езавітаў — „Беларусы у Латвіі“. Статыстычна-гістарычны нарыс з жыцьця беларускае меншасьці ў Латвii.
14.
К. Езавітаў — „Беларускае культурна-асьветнае Т-ва „Бацькаўшчына“ ў Латгаліі“.
15.
С. Казэка — Люцынская беларуская аснаўная 6-ціклясовая школа за 10 год працы. 1922—1932.
16.
Паштоўкі з партрэтамі: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кастуся Каліноўскага, Яўхіма Карскага ды іншых беларускіх паэтаў, вучоных і грамадзкіх дзеячоў.
17.
Статут „Беларускага Навукова-Краязнаўчага Т-ва ў Латвіі“.



Друкарня Г. іге, Рыга.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.