Перайсці да зместу

У куце больш ня маю бажніц!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У куце больш ня маю бажніц!
Верш
Аўтар: Кастусь Езавітаў
сьнежань 1925

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У куце больш ня маю бажніц —
Мапа там. А на ёй — Беларусь.
Ёй адной я цяперка малюсь,
Перад ёй штодня падаю ніц.

Прад вачыма маімі абшар
Скатаванай, згвалчонай зямлі…
Незасохшыя лужы крыві…
Панаваньня чужынцаў цяжар…

З паўначы на паўдзень, як злы гад,
Працягнулась падзелу мяжа…
Дрот калючы… Слупы дзеляжа…
Штыхі… Ўціск… І чужацкі салдат…

Сьлёзы й кроў. І малітвы, і стогн!
Катаваньне! Турма! Кайданы!
Зьнішчыць нас захацелі паны!
Горы трупаў насыпаў патрон!

Ды — дарма! —
Ўжо ніхто не заб’е беларускай душы!
Ў цяжкіх муках яна акавалась бранёй!
Не зрачомся мы сьветлае Волі сваёй —
На сьвет вольны мы выйдзем з глушы!

(Сьнежань 1925 г. Рыга)