Перайсці да зместу

У крывава-чорных хмарах Захаду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
*** У крывава чорных хмарах Захаду…
Аўтар: Рабіндранат Тагор
Пераклад: Іван Цвікевіч
Крыніца: Беларускі сьцяг = Gudų vėliava: штомесячнік / рэд.-выд. К. Дуж-Душэўскі. — Коўна, 1922. — № 4. — С. 19.
Апублікаваны пад загалоўкам З Рабіндраната Тагоры. Верш The Sunset of the Century з кнігі «Nationalism» (1917).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





У крывава-чырвоных хмарах Захаду, ў завірусе ненавісьці — гасьне апошняе сонца сталецьця.
Ахопленае бязмежнай прагавітасьцю, безсаромнае сябелюбства Нацый.
Скача свой бязглузды, пьяны танец пад гудзьбу бразгаючых мечаў, пад завываючую песьню помсты.


Разпаленае шалёнай злосьцю, прагавітае цела Нацыі трэсьне ад нястрыманага лютажэрства,
Бо сьвет цэлы імкнецца зьмяніць ў сваю страву.
І аблізваючы, жвучы, сквапна глытаючы вялізарныя кавалкі,
Яна ўсё больш і больш набракае,
Пакуль няўспадзеў паўшы прамень нябеснага агня
Не абарве ганебнага йгрышча, пранізаўшы яе жорсткае сэрца.


Барвісты водсьвет на небасхіле, гэта ня золак твайго супакою, о, мая Бацькаўшчына!
Гэта полымя кіпежы, на якой гарыць і ператвараецца ў попел
Вялічэзны труп сябелюбства Нацыі, загінўшай ад ўласнай памаўзьлівасьці.


О, братэ мае! Не стыдайцеся стануць перад гордымі й сільнымі ў белых вопратках вашай прастаты. Ніхай вянком вашым будзе пакута, а свабодаю — свабода душы вашай.
На аголеных палёх жабрацтва штодзенна будуйце трон Бога Вашага.
І ведайце: аграмаднае яшчэ ня знача — добрае і цэннае, а пыха — недоўгавечна.

Пер. І. Ц.