У калядны ціхі вечар
У калядны ціхі вечар публіцыстыка Аўтар: Пётра Просты 1913 |
Друкуецца паводле газ. „Biełarus“, 1913, 19 снеж., пад псеўданімам Piotra Prosty, адкуль перадрукоўваецца ўпершыню. |
Замігацела на ясным небе гвездачка, — за ёй паказалася другая, трэцяя… і вот цэлы іх карагод развярнуўся над роднай зямелькай…
Настаў вечар, ціхі і святы…
А ў гэты вечар усе стварэнні прыціхлі і занямелі; з высокага неба сышоў на зямлю пакой небывалы і маестатычная[1] павага; сэрца людское забілася мацней, і з паняверанай душы выйшаў радасці крык і гімнаў хвалебных адгалосак…
Ідзе куцця…
З кожнага сэрца, з кожнага дому, з кожнага краю — з усёй зямлі ідзе ўвысь да неба вялікае, нестрыманае «Асанна!», як бы дым ахвярны, як бы кадзідла з алтароў…
Ідзе куцця…
Памятка ідзе вялікая, каторай ніхто з сэрца людскога выдраць не можа, каторая з году ў год аджывае ў душах з новай сілай…
Вечар святы і ціхі!
* * *
Ідзе куцця!..
А пры ёй сышліся сем’і цэлыя ламаць аплатак… Замоўклі сваркі, улягліся нязгоды, і скаргі і енкі ўціхлі… Забыты трывогі і слёзы; забыта нядолі горкая дакука. Бо і чым жа ж наша бедната і паніжэнне перад той беднатой і паніжэннем, якой памятку сённіка святкуем?!.
…У стайні батлеемскай, на сене і саломе, у марозную зімовую ноч прыйшоў на свет убогі свету Пан…
І пастухі першыя пакланіліся Яму.
І паклон гэты быў Божаму Дзіцяці наймілейшы, бо ён прыйшоў на свет, каб бедных узбагаціць, пакорных і нізкіх падвышшыць, хворых лячыць, а ўсіх збавіць…
* * *
Гэй вы, бяздольныя, гэй вы, гаротныя! — то ваша свята настала! У свеце вам горка, галодна-халодна, і слёзы цяжкія вам льюцца… Душа ваша плача, душа ваша енчыць, і сэрца вам б’ецца боязна!..
Адвагі! Устаньце, ідзіце, куды вас завуць анёлаў скрыдлатых напевы! Сэрцам ахвочым, простым і шчырым падхваціце нябесныя тоны: «Хвала ў вышыне Богу!» Эхам далёкім, шырокім, як свет, неба вам радасна адкажа:
«А на зямлі пакой людзям добрай волі!..»
Добрай волі будзьце, браты! Бо добрая воля і нядолю вашу асалодзіць, і неба вам адчыніць!
* * *
Вечар ціхі і святы — вечар літасці і міласэрдзя…
Чым быў бы чалавек, каб не міласэрдзе Бога, што ў вечар святы на зямлю зышоў, каб усю людскасць ратаваць з пагібелі вечнай?!. Чым быў бы свет, каб не міласэрдзе Бога, што праз новы закон зямлю адрадзіў, — праз закон міласці і справядлівасці?!.
Сам Бог даў нам прыклад і словам сваім, і жыццём, — а мы, што сынамі Божымі завёмся, за прыкладам гэтым ісці мусім верна.
Бог меў міласэрдзе і літасць для нас усіх, што ў няволі граху енчылі, — майма ж і мы міласэрдзе для братоў нашых, што маюць меней ад нас. Справядлівасць для ўсіх, міласэрдзе і літасць для слабых і бяздольных, для ўпаўшых і пакрыўджаных, — вот наша павіннасць, каторай надусё[2] трэба нам вучыцца ў вечар ціхі і святы… Як у пратэстанцкай Англіі не найдзеш кабеты, каторая б не надзяліла ў гэты вечар — «хрыстмас» там званы — убогага ці цёплай стравай, ці адзежынай якой, — так і ў нашай каталіцкай Беларусі ў святы калядны вечар ніхто не мае права забыцца аб апушчаных і бяздольных. Паспяшыць у помач, абагрэць і накарміць — гэта наш святы, вялікі абавязак. Мы не многа маем, але і тым, што маем, дзяліцца мусім, — тым большая, тым пякнейшая будзе заслуга нашая.
* * *
Вечар ціхі і святы — вечар сямейнага шчасця, лучнасці і давольства…
У гэты вечар успомніць нам трэба і аб тых, хто далёка ад роднай сямейкі, пад чужой страхой, за чужым сталом з куццёй разам слёзы невясёлай палыкаюць разлукі…
І аб тых, што ад роднай зямліцы адарваны, так як лісцінкі ад жывога пня, у чужых краях, пад небам чужым, сярод чужых, незнаёмых людзей святы вечар спатыкаюць і праводзяць адзінока; што слоўца роднага, ні песні ад дзяцінства знаёмай ніадкуль не пачуюць, не ўловяць; што да чужых, незразумелых звычаёў мусяць прывыкаць, хоць ім родная хатка і сямейка, і гутарка і песня свая простая, чутая калісьці, даўно-даўно так жыва на памяць прыходзяць, што аж сэрца стогне ў грудзях, — о, і аб тых ўздыхні, мой браток, у гэты вечар ціхі і святы…
І за ўсіх, усіх чыста памаліся ты шчыра да Бога, бо для ўсіх Бог зышоў на зямлю, бо сягодня — свята ўсіх-усіх, хто «добрай волі» ёсць!..
1913 г.
Рым