У гадаўшчыну рэвалюцыі (28/II 1917 — 28/II 1918)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У гадаўшчыну рэвалюцыі (28/II 1917 — 28/II 1918)
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918
Крыніца: Вольная Беларусь. - 1918 - №10 - с 7

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Грыміць марсэльеза. І моро галоў
І моро бліскучых вачэй.
Штандары ад фарбаў багатых мігцяць,
Красуюць ярчэй і ярчэй.
Дэвізы на іх серабром адліваюць
І золатам пышным мелькаюць.
На мовах на розных аб Волі сьвятой,
Аб дзіўным аб заўтрашнім дне
Гаворуць-гамонюць. Ні веруць сабе.
І людзі, як быццам, у сьне.
Гэй, Воля пануе на белым на сьвеце,
Аб Волі пяюць нават дзеці.
І чуюцца рытмы у гулкіх шагох;
Бы хвалі плывуць упярод
Старыя-малыя, бо свято усім,
Народы – ў вялікі народ.
Грамадай куюць агеньцветную долю.
Усім адзін Бог – гэта Воля!
Ідуць і лікуюць. Бы рынуўся бор.
Рвануўся. Ідзець у прастор…
Шыбае пад сонцам па грудзях зямлі,
Шыбае пад небо да зор.
Усе ўваскросьлі, падняліся з нетраў,
Ім гімны зьвіняць у паветры.
Іх шэствіе пышно. Усе сэрцы – адно:
Цярпелі усе пад ярмом.
І полымем душы палаюць, гараць,
Іх сіла вяліка, як гром.
“Ой, шмат чаго зробяць людзкія грамады,
Народныя вечы і рады!”
І вось да трыбуны чырвонай прышлі,
Зрабілась вялікая ціш.
Юнак на трыбуне. Глядзіць увакруг.
“Чаго ты, прароча, маўчыш?
Скажы ты, як збыцца нам цяжкаго гора?
Народаў чакае тут моро…”


Прамоўца гавора. І голас, як сталь,
І словы – агнёвы каскад.
Ён сэрцо палоніць, чаруе душу,
І слухае кожны і рад.
Упартая думка, – дамаскавы мечы, –
Тыранаў паганых калеча.
Сын гора-нядолі, сын бедных бацькоў,
Сын гідкіх, цяжкіх кандалоў
Адважна гавора крылатае слово
Аб муках народа – Іова.
І помста, атрута балючай душы
Глыбока у душы ляціць:
“За рабство, за зьдзекі мінулых вякоў
Павінны цяпер заплаціць!..”
І страшныя словы, бы цёмныя хмары,
Туманюць шматтысячны твары…
Ўсе вочы маланкай палаюць, гараць –
Ні можна чапаць гэтых масс!
Бо “воко за воко”, - мінулы закон, -
Зноў зробіцца панам у нас…
І проціў свабоды мы зноў заваюем,
Мы самі сябе не шкадуем.
Лепей асьцярога і міласьць усім,
Ні будзем Хрыста расьпінаць,
Бо мэта прарокаў – ні шкодзіць, ні мсьціць,
Ўсім Воля – жаданая маць.
Дык кінце вы помсту, ні робце руінаў, -
Пад біч зноў паставіце сьпіны!
__________
Здзічэлыя твары. Ні людзі – звярье.
Сваволя пануе ўвакруг.
Грабуюць і палюць і нішчуць краі.
Народ сабе друг. ці нідруг?
О, Воля, ты толькі, як промень, зірнула,
О, Воля, ты нас абманула…