Перайсці да зместу

У вялікую часіну

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У вялікую часіну
Публіцыстыка
Аўтар: Францішак Аляхновіч
1920 год
Крыніца: Беларускае Жыцьцё. — 16 лютага 1920. — №4 (26); бач. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У вялікую часіну.

Мы ў шмат горшых варунках, чымсі іншые народы, вызваліўшыеся с пад Расіі. Для нас гэтая вызваліўшая малые народы да самастойнага жыцьця вайна — можна сказаць — з аднаго боку пачалася запозна, з другога — зарана. Запозна дзеля таго, што дэнацыяналізацыя нашага народу ўжо шмат пасьпела зрабіць сваей шкоднай работы, полёнізуючы заходнюю Беларусь і русыфікуючы ўсходнюю. Зарана — дзеля таго, што пачаўшаеся у 90-ых гадох нацыянальнае адраджэньне яшчэ не пасьпело паправіць тую шкоду, якую прычынілі нам вякі ненормальнага політычнага жыцьця. Нас вайна захапіла зусім непадгатаваных, няведаючых, што вось рашаецца лёс наш і нашых братоў-суседзяў. Мы апынуліся з голымі рукамі на вялікім сусьветным пажарышчы.

Ужо адзін гэты факт, што мы дзелімся на дзьве, хаця аднальковые па нацыянальнасьці, але розные па рэлігіі часткі — заходнюю каталіцкую і ўсходнюю праваслаўную, аблягчаў нашым ворагам іхнюю работу, разьбіваючы нашае адзінство. Стуль у сполёнізаваных жыхароў заходніх нашых „крэсаў“ вытварылося цягаценьне да Польшчы, а ў зрусыфікаваных жыхароў усходніх нашых „крэсаў“ — да Расіі. Другі факт, што вайна ад першага году вялася на нашай зямлі, што разварушыла нашы нівы і сёлы, што выгнала з родных хат мільёны „бежанцаў“, шмат нам зрабіў перашкод у нашым організаваньні. Цяжкіе адна за аднэй окупацыі высмактавалі апошніе сілы з абяздоленага ўжо і без таго народу.

Цяпер гадзіньнік гісторыі б‘е вялікую для нас часіну. Прышоў чарод па ўсходняе пытаньне. Бальшавікі запрапанавалі Польшчы мір. Польскіе войскі стаяць на нашай тэрыторыі, і дзеля гэтага Польшча мае першы голас у справе, што зрабіць з Беларусью: ці даць ей магчымасьць жыць і разьвівацца ў яе этнографічных граніцах, ці, рашыўшыся на разьдзел Беларусі, таргавацца з бальшавікамі аб тое, каб толькі захапіць для сябе як найбольш беларускіх абшараў.

Ня хочацца верыць, каб моро пралітай крыві, каб бяздольле мільёнаў семьяў — каб усё гэта зрабілося дарма. Ня хочацца верыць, каб пасьля гэтакіх ахвяр, якіе людзі злажылі праз поўдзесятка гадоў вайны, запанаваў на сьвеце ізноў зьдзек, паняверка народаў, уціск слабага сільным.

Наша адраджэньне ў 90-гадох пачалося пад клічам „загляне сонцо і ў наша ваконцо“. Мы верым, што ўжо хутка разьвеюцца на небе хмары і ў ваконцо нашай многапакутнай Бацькаўшчыны загляне сонцо волі. Мы верым, што тые, хто дужыйшые за нас, уцямяць нашые парываньні да незалежнага жыцьця і — зразумеюць свой уласны інтэрас. Бо калі будзе інакш, дык гэты мір, неабапёрты га справядлівасьці, а на сіле, будзе мірам толькі да часу. Бо раней ці пазьней, а народ будзе дапамінацца сваіх правоў. Бо калі беларускі народ будзе адпіхнуты ад стала, ўвакруг якога сядуць „вольные з вольнымі, роўные з роўнымі“ і будзе прымушаны здаволівацца абгрызкамі, кінутымі яму, галоднаму свабоды, — дык ні адзін сьвядомы беларус не забудзецца гэтай новай крыўды. Інтэлігэнцыя пойдзе ў народ, засыпле народ друкаваным словам, — няхай навет ня будзе ніякай літэратуры, дык жывым словам пачне будзіць уладара з яго доўгага сну, пакуль той не устрахнецца і скажа сваё магутнае: „жыў!“…

Бо мы верым у гістарычную справядлівасьць, і ня думаем аб тым, каб „апошніе былі першымі“, але даб‘емся ў канцы таго, што і апошніе будуць роўнымі дый вольнымі.

Ф. А.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.