Затукала сэрца красою.
Пагляд мой cклізнуў за вакном,
Дзе месяц сьцюдзёнай стругою
Па небу разьліў малако.
Іскрыцца скляпеньне агнямі,
Мільгне, праляціць мэтэор.
Люблю аглядаць я начамі
Таемны, глыбокі прастор.
У чорнае неба праз краты
Расчулены кідаю зірк,
Туды, дзе раскінулісь хаты,
Дзе сонечны плёскае вір.
Спакойнага месяца зьзяньне
У грудзі ўлівае спакой.
Расьце і краса, і каханьне,
І думкі бягуць чарадой.
І жудасна ціха навокал
Маўчыць, як магіла, турма.
А хвілі паўзуць так павольна,
Як з багны вячэрняя ймгла.
З сусьветам зьліваюцца думкі,
І рытм я сусьвету лаўлю.
І цёмнае ночы лятункі
Падслухаць з-за кратаў магу.
Я чую, як зоркі гавораць
Аб дзецях нікчэмных зямлі.
Я чую сарказмы прастору
Над зацьвільлю цёмнай турмы.
Сьмяюцца курчавыя хмары
Брыжамі, начным хараством,
За кратай сьмяюцца абшары
Над чорным турэмным вакном.
Ціша… Магільная піша
Над домам няволі лягла.
Застыглі панурыя нішы,
Іх ночы імгла спавіла.
Мроі мае на прасторы,
Пагляд мой жыве за вакном,
Дзе вечныя ткуцца вузоры,
Дзе месяц разьліў малако.
Лукішкі. 1927 г.
|