У Ўсходняй і Заходняй Беларусі
У Ўсходняй і Заходняй Беларусі Публіцыстыка Аўтар: Фелікс Кон 1928 Крыніца: Газэта «Савецкая Беларусь», № 158 (2346), 11 ліпеня 1928 г., б. 1 |
У ЎСХОДНЯЙ І ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ.
(Артыкул ФЭЛІКСА КОНА, перададзены для «Савецкай Беларусі» па тэлефону ў Масквы).
Восем гадоў з моманту вызваленьня Менску.
З гэтага моманту расьце і ўмацоўваецца Ўсходняя Беларусь, бяз сутычак, без вайны, а выключна на аснове свабодна выяўленае волі рабочых і сялянскіх мас, пашыраючы свае межы на ўсход… І „доўга спаўшы“ беларускі народ, стаўшы вольным, будуе сваю сацыялістычную гаспадарку, разьвівае сваю культуру, уносіць у агульначалавечую культурную скарбніцу сваю долю…
А там, па той бок мяжы, тыя беларускія рабочыя і сяляне, якія яшчэ і да гэтага часу застаюцца пад ярмом польскіх паноў, раўнаючы свой горкі лёс з лёсам сваіх братоў па крыві па гэты бок мяжы, ня могуць не спрабаваць скінуць з сябе гэта ярмо.
У Савецкай Беларусі рабочыя і сялане—гаспадары краіны, у Заходняй Беларусі—яны нявольнікі. Уся Заходняя Беларусь—гэта вастрог, у якім ваяводы, старасты і ўвесь панскі апарат грае ролю вастрожнае варты і пільна сочыць за стогнучым у няволі народам.
Тут—уся ўлада ў руках рабочых і сялян. Там—у руках паноў. Тут зямля належыць сялянам, там—абшарнікам. Тут—воля, там—няволя. Тут—росквіт беларускае культуры, там—наглуха забіты беларускія школы, няшчадна прасьледуецца друкаванае беларускае слова.
Такі-ж лёс пагражаў і Менску і ўсёй Усходняй Беларусі. Але агульнымі магутнымі сіламі рабочыхісялян і самое Беларусі і—панскае войска адкінута і Ўсходняя Беларусь зрабілася вольнай.
11-га ліпеня 1920 г.—дзень заняцьця Чырвонай арміяй Менску—вялікая гістарычная дата для ўсяе Беларусі: для Ўсходняе—як момант яе вызваленьня, для Заходняе—як яскравы сьветач, асьвятляючы яе праменямі надзеі, што і для яе надыйдзе вялікі дзень 11-га ліпеня!