Перайсці да зместу

У «палоне» паэзіі Якуба Коласа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У «палоне» паэзіі Якуба Коласа (з нагоды 30­-летняга юбілею яго літаратурнага творства)
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 5 (9)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Па-за асабістым жыццём чалавека бываюць на свеце факты, жыццёвыя праявы, якія на некаторых людзей маюць асаблівы і рашучы ўплыў, якія трымаюць яго як бы ў палоне і якія як бы заварожваюць псіхіку чалавека праз усё яго жыццё.

Бываюць такжа і ў асабістым жыцці чалавека здарэнні, аб якіх ён ніколі не забываецца, якія жывы і вечны след пакідаюць на яго душы. Мінаюць гады, мінае і змяняецца з імі жыццё чалавека, a гэтыя здарэнні, як жывая пячаць, астаюцца нязменнымі і непарушнымі. Больш таго — гэтыя здарэнні асаблівую яшчэ праяўляюць дзейнасць у душы чалавека — успаміны аб іх твораць у нас усцяж нешта новае, лучаць мінуўшчыну з сучаснасцю, узбагачаюць псіхічнае жыццё наша.

У маім жыцці, калі яго разглядаць з пункту беларускай адраджэнска-вызвольнай ідэі, асаблівым, аб’ектыўным і суб’ектыўным фактам, ад пачатку аж да сяння, ёсць вылучнае і рашучае дзеянне літаратурна-мастацкага творства Якуба Коласа на маю псіхіку і маё з ім асабістае спатканне.

У 1910 годзе я ўступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Агулам кажучы, быў я ўжо сведамым беларусам. Сведамасць, аднак, гэта была яшчэ дужа сырая, неглыбокая, нявыканчаная. Праўда, проціўставіцца польскай нацыянальнасці, нягледзячы на атмасферу польскага каталіцтва, у якім я гадаваўся, надзіва і для мяне самога, удалося мне лёгка. Жыццё, аднак, праз увесь час майго юнацтва ўсцяж стаўляла прада мною спакусы, што накіроўвалі мяне ў бок польскасці. Але нямнога трэба было мне змагання з імі, каб астацца верным беларускай стыхіі. Крыху інакш справа выглядала з расейшчынай. Прабыўшы ад 1905 да 1909 года ў расейскай гарадской школе ў Ашмяне, я пачынаў звыкацца з казённай навукай, што рускі народ дзеліцца на тры пададдзелы: на велікарусаў, маларусаў і беларусаў, і што я дзеля гэтага сапраўды беларус, але што мая гэта нацыя не самастойная, a ёсць толькі часткай агульнарускай нацыі. «Беларуская Дудка» Багушэвіча, асабліва яго прадмова да яе, упорыстыя, часта аж да забыцця аб усім іншым, студыі і з гэтага боку дапамаглі мне мінуць небяспеку і абедзвюма нагамі цвёрда стаць на беларускі шлях. Гэтак нацыянальна скрысталізаваўся я ў першых двух гадах маёй навукі ў семінарыі ў 1910–11 гадах. Далейшае шліфаванне і развіванне маёй беларускай сведамасці і ідэалогіі адбывалася асаблівым спосабам пад уплывам паэзіі Коласа.

Ад восені 1906 года ў Вільні выходзіла «Наша ніва». Тайком ад улады семінарысты даставалі яе і чыталі. Найбольшае на мяне ў гэтым часопісе рабілі ўражанне вершы Коласа. Высока мастацкія і адначасна фатаграфічна праўдзівыя малюнкі беларускай прыроды і беларускага быту, глыбока-спакойныя і поўныя безгранічнай любові да ўсяго гэтага настроі паэзіі Коласа, змушалі біцца ў такт з ёй маё сэрца, выклікалі ў мяне нейкую дагэтуль няведамую любоў да Беларусі і беларускага народа і парывалі ў краіну лепшага, ідэальнага беларускага свету. І іншыя семінарысты беларусы дазнавалі падобнага ўражання ад паэзіі Коласа. Больш таго — нават рашучыя нашы праціўнікі, слухаючы ці чытаючы Коласа паэзію, задумваліся, псіхічна разаружваліся і мякчэлі ў сваім упорстве і нянавісці да справы беларускага адраджэння.

Але не толькі праз яго паэзію ў «Нашай ніве» пазнаў я Коласа, які ўзяў у «палон» душу маю. Час ад часу ўдавалася бываць у рэдакцыі «Нашай нівы». Адзін раз, здаецца, у 1911 г., падчас такіх адведзінаў гэтай рэдакцыі, якая мясцілася ці на Віленскай 20, ці на Завальнай, 7 у Вільні, я спаткаў Івана Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. З імі знаўся я ўжо добра. Але апрача іх быў там чалавек, якога я спаткаў першы раз. Сядзеў ён у кутку пад акном маўкліва і задуменна, уважна прыглядаючыся да мяне. Якое ж маё было здзіўленне і радасць, калі Іван Луцкевіч падвёў мяне да гэтага незнаёмага і сказаў: «Будзьце знаёмы, гэта беларускі паэт Якуб Колас». Радасці маёй не было канца. Я глыбока быў узварушаны. Хацеў нешта Коласу сказаць прыемнае, але нічога не выйшла. Колас не быў словаахвотлівым, уважна і пытальна глядзеў на мяне і маўчаў. Відзячы наш клопат, Іван Луцкевіч бліжэй тлумачыў, хто я такі, і адначасна паказваў нам старадаўнія беларускія забыткі, сабраныя ім для беларускага музея. Прамовіў і Колас. Цешыўся, што я стаў на беларускі шлях і жадаў вытрываласці. Мне ж толькі гэтага і трэба было. Чытаючы паэзію Коласа, мне часамі прыходзілі сумнівы, што гэта, можа, паэзія і толькі, што, можа, і сам Колас у сапраўднасці інакш глядзіць на свет. Асабістае спатканне, як змору, развеяла ўсякія сумнівы, усякія чорныя думкі.

Гэта было маё адзінае спатканне з Коласам, якое ў памяці, аднак, маёй асталося назаўсёды. Здаецца мне, што Колас тады, гледзячы на мяне, як бы пытаўся: няўжо ж ты вытрываеш у беларускай стыхіі, няўжо ж ты выпутаешся з чужых цянётаў і сапраўды пойдзеш па беларускім шляху? тым часам для мяне ўжо тады не было ніякіх у гэтай справе сумніваў. Колас і яго паэзія даканалі ў гэтай справе ў душы маёй рэшты. Было гэта 25 гадоў таму, a помніцца як сёння.

Асабістае спатканне маё з Якубам Коласам яшчэ больш узмацавала дзейнасць ягонай на мяне паэзіі, якая назаўсёды асталася «дамай» майго сэрца. Калі выйшаў у свет друкам зборнік яго вершаў «Песні жальбы», я з імі ўжо не расставаўся ніколі. Пасля семінарыі, апынуўшыся на студыях у Духоўнай акадэміі ў цяперашнім Ленінградзе, a тады яшчэ Пецярбургу, a пасля Петраградзе, я далей знаходзіўся пад рашучым уплывам чараў паэзіі Коласа, далей не расстаючыся з «Песнямі жальбы» і прагавіта прачытваючы па некалькі разоў такжа вершы Коласа, што друкаваліся ў тагачасных беларускіх часопісах, асабліва паэму «Новая зямля», фрагменты якой друкаваліся на пачатку рэвалюцыі ў беларускіх газетах, што выходзілі тады ў Менску.

Лацінская пагаворка кажа: «Bonum dіffusіvum est» — гэта знача, што яно з натуры сваёй імкнецца да таго, каб удзяліцца каму. У акадэміі існаваў гурток беларускіх студэнтаў. Такі ж у тым жа Петраградзе існаваў гурток беларусаў у семінарыі. Адзін гурток з другім былі ў кантакце. Удавалася нават часамі прабірацца з семінарыі ў акадэмію на ўзаемныя нарады і нават часам наладжваць рэфераты. З такім рэфератам быў я ў семінарыстаў 31.ІІІ.1918 г.,за пару месяцаў да аканчальнага майго выезду з Петраграду. І дзіўная рэч. Тэма майго рэферата была гэткая: «Якуб Колас і яго паэзія». Сёння знаходжу ў сваім архіве гэты рэферат і вось што між іншым у ім чытаю. «Прыемна быць разам, жыць супольна людзям, у каторых адны думкі, адны жаданні, сэрца каторых б’ецца ў адзін тон і адна іх ажыўляе душа... Я, можа, думаеце, што гэта няпраўда, што я з фантазіі такую думку выснаваў? Не. Вось чатыры гады мінае, як я тут у Петраградзе, і праз усе гэтыя гады ў вашых асобах і ўва ўсіх тых, што мяне апярэдзілі, я знаходжу пацвярджэнне сваіх думак. Бо як жа! Падчас сумнага настрою душы, падчас цяжкога духовага перажывання, падчас завірухі ў сэрцы, — мы адны другіх найлепш разумелі, мы, у каторых супольная ідэя. Дык вось сёння, у час майго з вамі развітання, хацелася б з вамі, браточкі, яшчэ раз, раз апошні, пагаварыць шчыра, ад сэрца. Але хто ж раскалыша гэта сэрца, хто яго струны паруша, каб яшчэ жывей і больш суладна яны зайгралі? Я калі жаданні нашы споўняцца, дык хто ж утрымае тон гэтай музыкі на адной вышыні, на адной роўнай, не фальшывай ноце? Загаловак тэмы вам адкажа. Зробіць гэта той, хто як вецер у асеннюю цёмную ноч жаласна плача ў пушчы-Беларусі, галосячы над народа сконам, хто як родная маці над калыскай дзіцяці свайго бяссонна ночку каратае, пяець аб долі-нядолі свайго роднага народа, яго будучыню гадае, хто сам жывой ёсць Беларусяй, люстрам пакутнага жыцця яе, той, хто будучы вучыцелем-народнікам шмат і вельмі шмат супольнага мае з намі... Зробіць гэта паэтычная думка аб пакутнай Беларусі, аб долі-нядолі дзетак яе... паэтычная думка таго, каму імя Якуб Колас...»

І далей, аж да сёння, паэзія Коласа мела і мае на мяне асаблівую, вылучную дзейнасць. У 1918 і 1919 гг. прыйшлося мне за беларускую справу пабываць за рубяжамі этнаграфічнай Беларусі аж у Драгічыне над Бугам, куды мяне саслала мая духоўная ўлада. І тут нішто так мяне не цешыла, не падтрымлівала на духу, як паэзія Коласа, вершы якога заўсёды меў я пры сабе і чытаў іх па некалькі разоў, разводзячы тугу па Бацькаўшчыне і забываючыся аб дазнанай крыўдзе. І цяпер, у хвіліну сумніваў і духовай прастрацыі, у хвіліны духовай знямогі, паэзія Коласа прыводзіць мяне да раўнавагі, супакойвае, улівае новыя сілы і варочае веру ў здзяйсненне вялікага нашага ідэалу — адраджэння і вызвалення беларускага народа.

«Ой вы, дарожанькі людскія, пуцінкі вузкія, крывыя!.. Прасторны шлях! калі ж, калі ты закрасуеш на зямлі і злучыш нашы ўсе дарогі?» — пытае Колас, канчаючы сваю паэму «Новая зямля».

Прасторны беларускі шлях ужо красуе, ужо злучаюцца нашыя дарогі ў тваіх песнях, у тваёй паэзіі, Вялікі Пясняр наш, і, пакрысе, у рэальнасці.

Вышэйсказанае няхай будзе маім скромным лаўровым лістком у вянок на галаву Вялікага Беларускага Народнага Песняра з нагоды 30-годдзя мастацка-літаратурнага Яго творства.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.