Уяўленне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Уяўленьне
паэма
Аўтар: Уладзімер Жылка
1922
Крыніца: Уяўленьне — Вільня, выд. «Новага жыцьця», 1923



* * *


Пасьвячаецца Л. РОДЗЕВІЧУ.

I

Радасьць мая вялікодная
Сына, пазнаўшага Маць.
Песьняй прадвесьня лагоднаю
Ўсіх я пачну абдараць.

Знаю — крыніцы гаючыя
Ёсць на радзімай зямлі.
Дальлю захоплен бліскучаю,
Выслаў ёй дум караблі.

Брацьці, зраблю вас багатымі,
Зорамі высаджу край.
Сонцам зазьзяе над хатамі
Словаў маіх каравай.

Сэрцы пратну зараніцаю
Новых надходзячых дзён;
Выпішу сказ бліскавіцаю,
Выяўлю дзедаўскі сон.

Гэй, гаруны, і бядулі, і сумныя,
Ваш гэта чуецца плач?
Годзе! бяседа ў нас шумная,
Ў хаце сялянскай багач!

Змрок заняпаду кудзеляю,
Выпрадзе ўвесь яго сьвіт.
Будзьма вясёлымі: бель Яе
Неба аздобіць блакіт!

II
Запраўды,
Радасьць — рацыя:—
Бацькаўшчына Беларусь
Ёсьць
Наймалодшая Нацыя.
З будняў блядых
Чорная косьць
Разьдзьмухала Рух
Стараны
Вёсак і сёлаў.
Пяруны завірух
Ў захапленьні
Грымяць аб адным:—
Паўнагучна Адраджэньне!
Бачу за ім
Бязьмерныя далі
І
Вялікія вартасьці.
Божа! ў сьведкі:
Мужычы голаў
Знаны ўпартасьцю
Разбух.
Абрадзініцца ён
Новых дзён
Папараць-кветкай.

III
А было пагана як: —
Ветры дзьмулі лютыя,
Спалі паслухмяныя
Вёскі, сьцюжай скутыя.

Горш былі за ворагаў
Ёй сыночкі родныя —
Ждалі скону скорага
І сьлязы ні воднае.

Але што да гэтага
Мне ад руху п’янаму?
Чую сьпеў няпетага,
Музыку нязнанаму.

Вінныя, віну ўшчыню.
Я ні ў чым ня каюся, —
Нябыцьця мінуўшчыны
Тройчы раз зракаюся!

IV
Між пушчаў,
У гушчах
Лясоў,
Ў балотах
Ад слоты
Бяз слоў,
Бяз рыс
Выразных твару,
Бяз жару
У сэрцах-горнах,
Пакорна,
Як хмыз
Ці гной
Чужога поля,
Гібеў, як стой,
Ў бязвольлі,
Ў няволі,
Ў нядолі
Мой люд.
І кожны тут,
Сусед наш ласы,
Нагадваў з часам
Меці дзель.
Але наш Дух,
Даючы рух,
Жыцьцё,
Праз крыўду, зьдзекі
І забыцьцё,
З прадвеку,
З гадоў старых,
Быў захаваны.
І вось — нязнаны —
Сягнуў тварыць.
І з першых дзён
Змог сну палон
І ночы глуш.
Мужычых душ
Зьявіў красу
І бель.

V
Мячы маланак пелі
І навальніцы йшлі,
І гром вясьняны хмелем
Паіў абшар зямлі.

А вечарамі ў неба
Хтосьць пеўня выпускаў
І аб штодзённым хлебе
Там праўды ён шукаў.

І да глухой паўночы
Вылізваў цемнату.
Сачылі з верай вочы
Пажараў яснату.

Ды «Пяты» коўдрай чорнай
Прыкрыла ноч сама,
Каб зноў былі пакорны,
Каб зноў… Але дарма!

Дзірван узрылі буры
Шматкамі жорсткіх слоў: —
Чакаюць вёскі — Юры
З вясной затрубіць зноў.

VI
Нашая ніва.
Сейбіт зары
Сее маўкліва
Сум аб дабры.

Жменяю семя,
Дужы узмах.
Ў золаку дрэме
Сонечны шлях.

Дзевы-дзянніцы
Кленчаць на ўсход
Ў кроплях расіцы
Буйны ўмалот.

Ўсюды прароцтвы…
Хто ж іх пайме?
Розум-убожства
Верыць зіме.

Вецер сьлязліва
Ўторыць яму;
Лозы жахліва
Вяжуць думу.

Толькі ж бяз меры
Сьлёзы чаму?
Хто у зьняверы
Плача на цьму?—

Мудрасьцю сівы
Сейбіт зары
Сее на нівы
Сум аб дабры.

Ўзыдуць зярняты
Ліху канец.
Весткі крылатай
Жду — пасланец.

VII
Песьняў, песьняў, скочных чынаў:
Выцьві ночы аксаміт!
Перад скрыняй будучыны
Я — юнак Давыд.

Сэрцам верным
Сею лерна
Вешчы вершаў мак.
Над табой, Сыоне родны,
Перад сьвітам зоры згодна
Сталі ў тайны знак.

І сьвятлей за крыж
Ён азначыў выш.

Каб жа Бог
Дапамог!..

VIII
Сьняжок на прадвесьні
Вуркоча, бяжыць
Зацьвіўшае плесьняй
Ня здолее жыць.

Дарма свае сілы
Зьбірае зіма, —
У друзгах няміла
«Народаў турма».

Пракляцьце «Расея»
Прапала на век.
Ня страшыць завея
Бліскучых павек.

К трывогам зьнявага,
Разьдзёрта імгла
І творчасьці смага
Агнём праняла.

Шырокаю тропай
Ў час гэты з пакус
На мапу Эўропы
Ўзыйшоў Беларус.

У лапцях лазовых
Па сьвітцы ручнік
І сьветам Хрыстовым
Зіяе аблік.

IX
Нябескіх трамаў
Зьвісае край: —
Віхура браму
Зламаў у рай.

О, Божа, позьні
Твой голас слаб:
На райскай пожні
Ў сярмязе раб.

Зьбірае зораў
Гарох ў палу,
Каб імі гора
Гаціць імглу.

Ў крывіцкіх вёсках
Узьняўся гуд.
І ў адгалосках
Зрастае цуд:

Гаўядзе нашай
Сыцець чарод:
Буяе паша
Маіх балот.

X
Ой, ня белыя галубы
Раніцою раненька
У блакіт шыбалі.
— Чаго рады быў?
Ці запраўды далі
Вабілі ясьненька?

Не драпежныя крумкачы,
Не чарнюськая хмара,
Нам нанесла гора —
Вамі, Крывічы,
Завалодаў вораг,
Насьмяяўся з мараў!..

XI
Ноччу, ах, ноччу
Хтосьці шапоча!
Голас прарочы…
« — Ганьба, о, ганьба над намі,
Сорам сябруе з сынамі.
Ныюць так раны.
Сьлёзным туманам
Засьцяцца вочы.
Ні праўды святое
Ні волі тое.
Чужынцы, напасьці,
Пакута падзелам.
Па беламу целу
Знаком ад нажа
Крывавіць мяжа.
І кажуць прапасьці…
Толькі — не,
Не пазбыць…
Ня міне
Чаму быць!..

Мой дух не парух,
Не пагас праз вякі,
Паходняю сьвеціць
Пад хмараў павецьцю,
Гарыць і іскрыцца
Агнём бліскавіцай.
На родных узлоньнях
Натхненная сіла
Мазольных далоняў
Разьбіла, зьнішчыла
Ярма ланцугі;
Спаліла, скрышыла
Урокі благіх.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Выходзяць дзяўчаты
Выгукваць вясну…
Я славу вам, хаты,
На дзідзе вярну!»

Голас яе…
Бурай пяе…
Я ж вачэй ня ўзьніму багавіца,
Толькі ўзрушаны думкі чамусь…
О, як соладка сэрцу маліцца:—
Беларусь, Беларусь, Беларусь!

XII
Народы! прадбачу:
Шпаркасьць коняў
Пагоні
Суліць удачу.
Вам на пасадзе
Пакутніцу
Нявехнай бачыць.
З доляй-закутніцай
Ў ладзе,
З ясным абліччам,
З глуму, з нягодаў,
Слову заручана,
Кліча
Да брацтва, згоды.
Раны змучанай,
Дым пажараў —
Ахвяра
За вашу злачыннасьць
Народы.
Ды ведайце толькі:
Ёй
Над «сёньня» золкім
Будучына
Квяцістай пуціной
Сьцеле вясёлкі.

1922 г.