Перайсці да зместу

Уцёкі Сярэбранага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бітва на Уле Уцёкі Сярэбранага
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Крыніца: Родны край, 1921, б. 103-105

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уцёкі Сярэбранага.

Лёгка дасталася перамога гэтману Радзівілу на рацэ Уле. Яго людзе́й было забіта 22 і ранена 700, а ўсяе́ варожае арміі як бы ня было ўжо на сьве́це. Самаго раненага Шуйскага, як потым даведаліся, нагнаў беларускі хлоп з недалёчкае вёскі, абрабаваны маскоўцамі, і засе́к яго сякерай да сьме́рці з страшэннай лютасьцю. Це́ла яго павязьлі потым у Вільню і пахавалі ў царкве́ Прачыстай, а на кані яго ўе́хаў у Вільню гэтман Радзівіл. Шмат было пабіта і другіх маскоўскіх, большых і меншых, ваявод, а ня столькі пабіта на сьме́рць, колькі абязьве́чана сяке́рамі лютых хлопаў з усіх спаленых вёсак ад Чашнікаў да Полацка і пабрата у гане́бную няволю. Тры тысячы хурманак з багатым дабром, аружжам і знарадамі дасталіся ў рукі знамянітай Ходкевічавай коньніцы. І вялікі гэтман Радзівіл захмяле́ў ад вайсковае ўдачы, — забыўся, як сам, так нядаўна яшчэ, быў моцна біты пад Полацкам. З грубай хвасьцю свайго ве́ку ён сказаў сярод ваявод і ротмайстраў (яшчэ ня ве́даушы аб сьме́рці Шуйскага):

— Мабыць, Шуйскі будзе сьвяткаваць масьлянку ня ў Воршы з сваймі гордамі, але ў Полацку з сабакамі!

Маскоўцы лічылі сабак нячыстымі, ніхто з іх не дакранаўся да сабакі голаю рукою, і гэтман хаце́ў наймацне́й зьняважыць сваімі словамі гонар ворага.

Але скромны Ходкевіч сказаў яму:

— Яшчэ Сярэбраны з сваім прыяцелем-мурзаю маець за сабак нашых людзей пад Воршаю…

Усе́ ўце́мілі боль і горкасьць слоў польнага гэтмана, і пастанова аб вайсковым паходзе пад Воршу была ўсімі горача прынята.

Што-ж тымчасам рабіў Сярэбраны і Казанскі царэвіч? Агаліўшы ўвесь край ад Вязьмы да самае́ Воршы, спаліўшы будынкі і дабро, пазабіваўшы тысячы нявінаватых мірных жыхароў, пазаганяўшы ўцале́лых у самыя лясныя не́тры на гібель ад каляднага марозу і нямінучага голаду, Сярэбраны з трывогаю чакаў ве́дамасьці ад Шуйскага. Ён мала спадзяваўся на стойкасьць свайго разбэшчанага войска. А ме́ў даволі, апрыч таго, клопату з нястачаю корму для коняй, бо ўсё было яго-ж людзьмі у безгалоўі папалена. Ве́дамасьцяй, тымчасам, ад Шуйскага як няма, так няма…

У пачатку лютага на злом карку уначы прыскакалі ў яго стаўку два чалаве́кі старожы з крэпка зьвязаным ганцом- беларусінам.

— Бяда, княжа!—валіць з-пад Чашнікаў літвы відзіма-нявідзіма, сказалі яны;—ганца злавілі з лістом пад самаю Воршаю…

Дрыжачымі рукамі схапіў Сярэбраны паданы ліст.

Гэта была ве́дамасьць аб паражцы і сьме́рці Шуйскага, пасланая ваяводзе Аршанскаму Філону Кміце-Чарнабыльскаму польным гэтманам Грыгорам Ходкевічам наўмысьля так, каб яна трапіла ў рукі Сярэбранаму…

Хітрасьць удалася. Золак новага дня не засьпе́ў ужо спакойна стаячага маскоўскага табору; заме́ст яго быў вір і куламе́са ашале́лых людзе́й, замане́жаных коняй, паламаных хурманак, пакіданага дабра.—„Шуйскі разьбіты! Шуйскі разьбіты!“ — і тут два магічных словы сарвалі з ме́сца 50.000 загартованых у многіх страшных баёх коньнікаў і кінулі іх у жудасны віхор панічных, неразумных уцёкаў. А думкі аб коньніцы Ходкевіча, насядаючай, адзаду, надавалі бягучым крыльле.

Сярэбраны ірваў на сабе́ валасы, расьсе́к колькі ахопленых панікаю галоў, але тое, што зрабіў, ня мог паправіць. Прачытаны ліст трэба-б было зьнішчыць, нічога нікому не сказаўшы. Ён сказаў бліжэйшым ваяводам: „Шуйскі забіты, Радзівіл ідзе́ць на нас“ — і ўсё прапала. Калі-ж новая старожа прыбе́гла з ве́дамасьцю, што людзі зяле́знага Ходкевіча ужо пасе́клі перадавую маскоўскую старожу і зараз заскочуць за Крапіўну, каб перацяць дарогу адступле́ньня на Смале́нск,—тады ніякая сіла ў сьве́це не магла зьдзе́ржыць армію, страціўшую ве́ру у свае́ сілы.

Усё пабе́гла… толькі не Смале́нскаю дарогаю, а на паўдзён.

Грыгоры Ходкевіч не хаце́ў пачакаць польскія аддзе́лы з-пад Барысава і разам з імі ўдарыць на Сярэбранага-князя. Дык-жа дорага аплаціўся яго нацыянальны беларускі гонар коштам беларускага селяніна. Армія маскоўцаў пабе́гла, але ня была разьбіта да канца. Цяпе́р ад Воршы і да Крычава лягла такая-ж „пасярэбраная“ пустыня, якая ляжала ад Вязьмы. Нікога,—ні старых, ні матак, ні дзяце́й не шчадзілі татары. Да астатняга зе́рнятка выграбала й вымятала з сьвірнаў і з зямляных ямаў адступаўшая масква, бо ўве́сь абоз свой страціла пад Воршаю. Хто-ж з беларускіх хлопаў не хаце́ў паміраць галоднай сьме́рцьцю і не паказываў маскве́ сваёй хле́бнай ямы, таго каралі найгоршай сьме́рцью.

Цэлыя воласьці надоўга апусьце́лі.

М. Гарэцкі.