Утопленка (Шаўчэнка/Колас)
Утопленка Балада Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Якуб Колас |
Вецер ў гаю не гуляе —
Ноччу спачывае,
Прахопіцца — ціхусенька
Асаку пытае:
«Хто ж то, хто на гэтым боку
Расчэсвае косу?
А хто рве на другім боку
На сабе валоссе?..
Хто ж то, хто ж то?» — ціхусенька
Спытае, павее
Дый задрэмле, покі неба
Край зачырванее.
«Хто ж то, хто ж то?» — спытаеце
Можа й вы, дзяўчаткі:
А то дочка па адзін бок,
А па другі матка.
Даўно калісь было гэта
У нас на Ўкраіне.
Жыла ў сяле адна ўдава
У новай хаціне.
Белатвара, каравока
І станам высока.
У жупане, кругом пані —
Спераду і збоку.
Маладая, каб не зрочыць,
А за маладою,
І тым болей за ўдавою,
Казакі ардою
Так і ходзяць. І за ёю
Казакі хадзілі,
Покі ўдоўка бессаромна
Дочку парадзіла.
Парадзіла, й нібы таго:
Людзям гадаваці
Пакінула ў чужым сяле —
Вось такая маці!
Ды слухайце — не ўсё гэта!
Гадавалі людзі
Дзіця тое, а ўдавіца
І ў свята і ў будзень
З жанатымі і з хлопцамі
Піла ды гуляла,
Покі ліха не спаткала,
Покі не той стала;
Не згледзела, як мінула
Пара маладая.
Гора, ліха! Маці вяне,
Дочка расцвітае.
Падрастае. Дый вырасла
Краляй каравокай,
Як таполя сярод поля,
Гнуткай ды высокай.
«Я Ганусі не баюся!» —
Спявае матуся;
А казакі, нібы хмель той,
Ўюцца ля Ганусі.
А найболей рыбачэнька,
Жвавы, кучаравы,
Млее, вяне, як сустрэне
Ганусю чарняву.
Пабачыла стара маці —
Пачарнела люта.
«Бач, расхрыстаная погань,
Байструк неабуты!
Ты ўжо вырасла, дзявуеш,
З хлопцамі гуляеш!..
Пачакай жа, вось я табе!..
Мяне зневажаеш?!
Не, галубка!..»
І ад злосці
Зубамі скрыгоча.
Вось такая была маці —
Дзе ж сэрца жаноча?
Сэрца маткі?.. Вось напасці,
Вось дзе ліха ў свеце!
Мець стан гнуткі ды высокі,
А сэрца не меці!
Бо ж высокі стан сагнецца,
Бровы паліняюць,
Не заўважыце… А людзі
З смехам прыгадаюць
Вашы леты маладыя
Ды скажуць: «П у с т о е».
Цяжка плакала Гануся
Праз нікчэмства тое.
І не знала, за што маці
Лае, праклінае,
Без сораму дзіця сваё
Байстрам называе.
Байстрам… Каго, люты кату,
Каго ты катуеш?!
За што, за што дзіця сваё
Роднае мардуеш?
Катавала, мардавала,
Ды не памагала:
Як макаўка ў агародзе —
Ганна красавала;
Як каліна пры даліне
Ранкам пад расою,
Так Гануся ружавела,
Мылася слязою.
«Зачарована!.. Пастой жа,—
Шэпча ў злосці маці: —
Трэба зелля раздабыці,
Трэба пашукаці
Старой ведзьмы…»
Знайшла ведзьму,
Зелля раздабыла
І на ўсходзе сонца зеллем
Дочку напаіла.
Не памагло… Кляне маці
Той час і гадзіну,
Калі на свет нялюбую
Прывяла дзяціну.
«Ой, мне душна! Хадзем, дочка,
Да стаўка купацца!»
«Пойдзем!»
Ганна на беразе
Стала раздзявацца.
Раздзелася. На сарочцы
Легла на відоку.
Рыбачэнька кучаравы
Млее на тым боку.
І я калісь… Ды чур яму!
Сорам,— не згадаю…
Па-дзіцячы калінаю
Сябе забаўляе,
Гне стан гнуткі, разгінае,
На сонейку грэе…
Глядзіць маці на дзяўчыну,
Ад злосці нямее —
То жаўцее, то сінее;
Расхрыстана, боса,
З роту пена; як вар’ятка,
Рве на сабе косы.
Кінулася да Ганусі
І ў косы ўпілася…
«Мама! мама! што ты робіш?!.»
Хваля разышлася,
Закіпела, застагнала,
Абедзвюх пакрыла…
Рыбачэнька кучаравы
Бух у воду з сілай.
Кінуўся на дапамогу,
Хвалю разбівае;
Плыве… плыве… Вось-вось даплыў…
Нырнуў… вынырае…
Ён утопленку Ганусю
На бераг выносіць
Ды з рук матчыных заклятых
Вырывае косы.
«Сэрца маё! доля мая!
Расплюшч свае вочы.
Зірні, сэрца, усміхніся!
Не хочаш!.. Не хочаш!..»
Плача, падае над ёю,
Туліць і цалуе
Вочы мёртвыя. «Зірні ж ты!..
Не чуе!.. не чуе!..»
Ляжыць сабе на пясочку;
Белыя ручэнькі
Раскідала. Ў лютай маці
Расчынены зрэнкі.
З ілба вочы ёй вывела
Ад страшнае мукі;
Укапала ў пясок жоўты
Ссінелыя рукі.
Доўга плакаў рыбачэнька:
«Няма ў мяне роду,
Няма долі мне на свеце —
Хадзем жыць у воду!..»
Падняў яе, абняў шчыра…
Хваля застагнала…
Разышлася і сышлася —
І следу не стала…
З таго часу ставок чысты
Зарос асакою;
Не купаюцца дзяўчаты,
Абходзяць гарою.
Ставок згледзяць, дык хрысцяцца
І завуць заклятым.
Сумна, сумна вакол яго…
А ўночы, дзяўчаты,
Выплывае з вады маці,
Сядзе на тым боку,
Ссінелая ды страшная,
У сарочцы мокрай.
Глядзіць моўчкі на другі бок,
Рве на сабе косы…
А тым часам з вады хваля
Ганусю выносіць:
Галюсенька, страпянецца,
Сядзе на пясочку…
І рыбак той выплывае,
Нясе на сарочку
Багавіння зялёнага;
Пацалуе ў вочы —
Дый у воду. Стыдаецца
На гнуткі дзявочы
На стан голы падзівіцца…
І ніхто не знае
Таго дзіва, што тварыцца
Сярод ночы ў гаю.
Шэпча вецер з асакою:
«Хто ж то безгалосы
Сядзіць сумна над вадою,
Расчэсвае косы?»
(С.-Пецярбург, снежня 8 1841 года) — (1860)
]