Перайсці да зместу

Усім патроху… (1930)/Ці ня пекна гэта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дурная краіна Ці ня пекна гэта
Байка
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІ НЯ ПЕКНА ГЭТА?

Ў вёсцы Навасады
Школа, як стадола:
Ад дажджу ні рады, —
Лужы навакола.

Каб сказаць бяз сьмеху,
Дык у гэтай школе,
Так цякло праз стрэху,
Як у чыстым полі…

Кніжкі замакалі,
Дзеці дубянелі,
А бацькі — чакалі,
А бацькі — глядзелі!

Але неяк разам,
Тутака, ў суботу
І ня тым прыказам,
А ў сваю ахвоту

Праца закіпела:
Латы палажылі
І драніцай белай
Школу перакрылі!

Хто? А людзі самі!
Для сваіх-жа дзетак
Ўласнымі рукамі…
Ці ж ня пекна гэта?

Дзеці не гаруюць —
Вільгаці ні знаку!
І да бацькі чуюць
Шчырую падзяку…

Вось другое поле:
Вёска Недамоўні —
Тутака у школе
Холад, як ў лядоўні!

Карчанеюць рукі,
Духу анізваньня…
Дзе тут да навукі,
Да таго пісаньня?

Хай яе з навукай!
З гэтакаю ласкай:
Бязупынку хукай
І зубамі ляскай,

Трапячы нагамі
Як хвастом авечка…
Папрабуйце самі,
Як ня грэе печка!

Сьлёзы замярзалі,
Дзеці дубянелі,
А бацькі — чакалі,
А бацькі — глядзелі…

Але неяк разам,
Тутака, ў суботу,
І ня тым прыказам,
А ў сваю ахвоту

Вёска ўся па дровы
Цугам паляцела
І — няма размовы!
Школа ацяплела…

Дзеці не гаруюць,
Холаду ні знаку!
І да бацькі чуюць
Шчырую падзяку…

Хто памог? Ды самі,
Для сваіх жа дзетак,
Ўласнымі рукамі…
Ці-ж ня пекна гэта?

Вось такім-бы чынам
Памагаць навуцы!
Мо‘б за нашым тынам
Не сьмяяўся „куцы“

Ў постаці буржуя
Ці якога „пане“?
Ці ня так кажу я,
Родныя сяляне?

Дзед і бацька з сынам —
Хай усякі дбае
І усякім чынам
Школе памагае…

І тады, браточкі,
Ў нашае ваконца,
Замест цёмнай ночкі,
Завітае сонца!