Перайсці да зместу

Усім патроху… (1930)/Амаль не поэма

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Канавал Амаль не поэма
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Пакараны злодзей

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АМАЛЬ НЕ ПОЭМА

Сяляне Апанас і Ігнат атрымалі 100 руб. пазычкі з с.-г. т-ва і ўсё прапілі…З газэты

Апанасу і Ігнату
Трэ‘ было падправіць хату,
Прызапасіць крыху дроў
І пракорму для кароў,
Бо саломы — ні куля!
У кішэні-ж — ні рубля,
І, хоць ляж перад народам, —
Не дастаць ніякім родам!

Але раду даў сусед.
„Вы ідзеце ў сельсавет,
З сельсавету — у сельгас —
Там з бяды пазбавяць вас!“
Ён парадзіў добрым часам,
Бо Ігнась наш з Апанасам
Толькі-толечкі прышлі, —
Як за лаваю знайшлі:
У крэдыт на дзесяць рат
Ім далі па пяцьдзесят!
Зазьвінела у кішэні —
У аднэй ня зьмесьціш жмені!

А што здарылась далей,
Не згадаем — ей-жа-ей!
Бо усякі пэвен з нас:
Ў цёплай хаце Апанас,
Малачко для дзетак ёсьць
І на сьвята ў крупнік косьць!
У Ігната-ж у хляве
Мо‘ карова не раве
Па калені у балоце,
Як мурашка ў тым асоце!

Гэтак думаецца ўсім,
Але гэта ня зусім:
Ня туды загналі клін
І ня ў той папалі млын.
А што вышла — паглядзеце
І належна рассудзеце!

Як прыехаў Апанас
І Ігнат з сельгасу,
Дык насмажылі каўбас
І прыдбалі „квасу“!

Дый ня квасу — першаку!
Ў шэсьцьдзесят тралесаў…
(Глумяць бульбу і муку
На пацеху бесу!).

А як высах самакат,
Накуплялі горкай,
Раскашэліўся Ігнат
Зразу на вядзёрка!

Усю ноч пілі да дня —
І на тым ня стала:
Цэлы тыдзень йшла гульня,
Покуль не зарвала!

Правілі увесь крэдыт —
Сто рублёў, як вока!
І блявалі, як той кіт,
Што глынуў прарока!

І на гэтым не канец!
Распачалі сварку…
А Ігнат, як лепшы спэц,
Не падставіў карку, —

Прыпусьціў сухі кулак,
Як мага з заплечку,
Апанаса сьцёр ў камяк
І скачаў, як грэчку!

Нос зрабіўся, як гарбуз,
Вушы — пазьвісалі,
І на лобе вырас гуз
На чатыры цалі!

Вось што робіцца ў сяле
Часам з гары-дуры…
Упрост ня верыцца, але
Я пішу з натуры!