Усё, што поўніла мне сэрца…
Выгляд
Усё, што поўніла мне сэрца… Верш Аўтар: Якуб Колас |
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy |
Усё, што поўніла мне сэрца,
Усё, што думаў і чым жыў,
Табе запісваў на паперцы,
Як самы шчыры свой парыў.
І голас мой, сумоты поўны,
Пачула ты ў астатні час,
І, можа быць, цішком, бязмоўна
Сама ўздыхнула ты не раз.
І тыя думы, тыя песні,
Што ты радзіла для мяне,
З пачуццем юнага прадвесня
Сама складала ўпатайне.
І мне яны цяпер так мілы,
І для мяне ў іх шмат красы,
Бо нейкі подых легкакрылы
Злучыў тут нашы галасы.
(1945)