Перайсці да зместу

Уступамі да Акцябра

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступамі да Акцябра
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1923
Крыніца: Полымя, 1923. - №5-6,7-8
Ад кастрычніка 1917 г. да лютага 1918 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І.

(Да гісторыі Савецкае Беларусі).

Фэўральская рэволюцыя ў Расіі застала беларускі рух у досыць нявыразным партыйным расслаеньні. Асобныя гурткі беларускіх дзеячоў з рабочых, пісьменьнікаў, студэнтаў, служачых і рэдкіх асоб з лібэральнай шля­хоцкай інтэлігэнцыі ў Петраградзе, Менску, Маскве і інш. гуртаваліся, пасьля заняцьця немцамі Вільні й разбурэньня ў ёй беларускага культурна-нацыянальнага асяродку, вакол адзінай думкі-праграмы — нацыянальнага вызваленьня Беларусі і пабудаваньня яе незалежнай. Праграма гэта ў сваю чаргу была цьмянай, неапрацаванай і грунтавалася фактычна на адных прагных жаданьнях гарачых галоў.[1] Акольваючая сытуацыя, у зьвязку з заняцьцем немцамі заходняй Беларусі і праз гэта з зацягам вайны на нявыясьнены тэрмін, уносіла розныя сумненьні й няпэўнасьць на больш-менш блізкае ажыцьцяўленьне хоць мінімальных мажлівасьцяў пашырэньня бела­рускага руху. Перамога над немцамі саюзьнікаў сузнавалася кожным бела­рускім адраджэнцам; яна хавала ў сабе пагрозу разгулаў агіднага расійска-самаўладнага нацыянал-шовінізму з усімі яго прыгожасьцямі. Вось кожная вестка аб няўдачах расійскага войска на фронтах прачышчала паветра й падагравала ружовыя надзеі на лепшае. У кожнага беларуса-культурніка[2]— усе роўна ці то быў рабочы, ці інтэлігэнт ці, нават, і ксёндз—пяшчотліва хавалася і яскрава сьвяцілася думка перамогі царскай арміі. Дзякуючы гэт­каму настрою, уся ўвага зьбіралася па подзеях вайны і ад павароту ваен­нага шчасьця тэй ці іншай стараны фармаваліся погляды сярод беларускіх адраджэнцаў. У кожным разе размах і сілы іх былі яшчэ настолькі слабы, што зусім не патрабавалася конкрэтызаваць сталай праграмы бліжэйшых патрабаваньняў. Праўда, мелася ўсе-ж старая праграма Беларускай Сацыялі­стычнай Грамады, але яна зусім не падыходзіла ні к часу, ні к месцу, ні к людзям, якія ў політычных і соцыяльных поглядах былі да цікавага разна­колерны. Пры гэтым, страшэннае зацішша ў рабочым і політычным руху казала ўпэўнена за безнадзейнасьць організацыі тых сілаў, якія-б маглі прыняць гэту праграму. Аставалася, на часе, толькі нацыянальная ідэя, якая будзіла варожасьць да пануючага ладу і гуртавала па падставе гэтай варо­жасьці ўсе беларускія адраджэнскія элемэнты.

У гэткіх умовах захапіла беларускіх культурнікаў неспадзявана выбух­нуўшая фэўральская рэволюцыя. Усе карты адразу перамяшаліся. Для ўсіх пакрыўджаных старым ладам, а ў тым ліку й для беларускіх дзеячоў, адчыніліся шырокія небасхілы. Усё ўчарашняе адляцела, паказалася занадта мізэрным, малым, пустым. Зразу вырасьлі пастойныя патрэбы організацыйнай чыннасьці. Размах рэволюцыі йшоў далёка ў бок дэмократычнасьці. Петра­градзкі Савет Рабочых дэпутатаў і яго вялікі аўторытэт, нават, перашагаўшы ў гэтых адносінах аўторытэт часовага ўраду, паказваў на тое, што рэволюцыя ня спыніцца на сваёй першай буржуазнай квадры, а ў сваім разь­віцьці сягне далёка ўлева. У кожным разе, у беларусаў узрасла надзея на атрыманьне, калі ня поўнай незалежнасьці, то ва ўсякім разе аўтономіі. А калі так, то трэба было расшавельвацца, зьбіраць сілы, гуртаваць іх і ад­начасова намячаць тыя асновы, на якіх можна было-бы ўзводзіць будынак сталай грунтоўнай працы. Дзеля гэтага, аднак, патрабавалася праграма, ды такая, якая магла бы зьяднаць найбольшы лік людзей на найбольшым ліку пунктаў. Аднаго нацыянальнага элемэнту стала зусім мала. Гэта паказала першая пашыраная нарада беларускіх дзеячоў зразу-ж пасьля рэволюцыі, у першых днёх марта 1917 г., якая адбылася ў будынку беларускага бежан­скага камітэту (Знаменская вуд., 36). На гэтай нарадзе, палічваўшай да 30 чалавек старых працаўнікоў, зразу выніклі гарачыя спрэчкі па пытаньні аб далейшай працы. Знайшлося некалькі зусім розных, нават, варожых адзін другому поглядаў. Большасьць праводзіла думку Беларускай Сацыялістычнай Грамады з марксіцкімі адценьнямі (Б. Тарашкевіч, К. Душэўскі, Э. Будзька, Х. Чарнушэвіч і інш.), клічучы ўсіх згуртавацца навакол яе, як самай ста­лай і апраўданай жыцьцём у мінулым. Але асноўныя моманты патрабавань­няў Б. С. Г. выклікалі рашучую опозыцыю з двух бакоў—з боку яе соцыялістычных элемэнтаў (інтэлігенцыя, служачыя) і з боку абаронцаў тут-жа ўпяршыню выяўленай вобласьнічаскай аглядкі. Выказаныя прыхільнікамі гэтай думкі асновы й довады павароту беларускага руху на шлях вобласьнічаства[3] урэшце былі адкінуты. Большасьць сабрала Б. С. Гр. Гэта нарада пака­зала, што нельга гуртаваць людзей на адным нацыянальна-культур­ным руху, што мацнейшым фактарам ёсьць фактар клясавы. Дзякуючы гэтаму кіраўніком і організатарам беларускіх нацыянальна-соцыялістычных элемэнтаў зрабілася Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яна стала цэн­трам, куды пацякла паводка стыхійна ўзьнятага беларускага руху ў Пе­цярбурзе. Другое організацыі ня было пакуль, а таму на маяк Грамады пацягнуліся ўсе тыя, хто адчуваў сябе беларусам і меўся прыняць удзел у вызваленьні свайго краю. Дзесяткамі прыходзілі запісвацца ў Грамаду ся­бры розных соцыялістычных партыяў і непартыйныя.

Асабіста загастрылася цікавасьць да беларускага руху сярод беларусаў у Пецярбурзе пасьля мітынгу, які быў зроблены Белар. Сац. Грамадою ў сакавіку месяцы ў цырку «Модэрн» па Каменнаастроўскім проспэкце. Мітынг быў надзвычайна многалюдны: сабралася да двух тысячаў народу, галоўным чынам рабочых і салдат. Увесь вагромністы будынак цырку быў бітком набіты. Прамовы сяброў грамады, датыкаючыя пытаньня аб вызваленьні Беларусі і пабудаваньні яе асобнай рэспублікай, выклікалі агульную спа­гаду мітынгу. Целы шэраг прамоўцаў перабываў на эстрадзе. Мітынг прай­шоў цалкам пад лёзунгам Бел. С. Грамады.

Пасьля мітынгу тут-жа запісалася ў Сацыялістычную Грамаду да пяцідзесятых чалавек, выключна рабочых з Выбарскае стараны. Кожны з запісаных настайваў хутчэй склікаць організацыйны сход Грамады і апрацаваць плян далейшай працы.

Але гэта на нейкі час адцягнулася. Якраз па 25 сакавіка ў Менску, па пачыну менскіх беларусаў, быў назначаны зьезд «беларускіх грамадзян­скіх дзеячоў». Зьезд мусіў падлічыць беларускія сілы, наладзіць грамадзян­скую думку і ад яе заявіць патрабаваньні Часоваму ўраду наконт правоў беларускага народу. Прадстаўнікамі ад пецярбурскіх беларусаў паехалі на зьезд выключна сябры Б. С. Г. Зьезд быў на часе, бо трэ' было разам «рабіць і нараду Б. С. Г. Дзеля гэтай мэты маскоўская організацыя Гра­мады ад сябе запрасіла пецярбурскую выслаць людзей на зьезд абавязко­ва. На вьезд сабралося да дзесяці сяброў з Грамады, якія мелі вялікі ўплыў па зьезьдзе.

Пасьля канчатку працы зьезду, які выбраў «Беларускі нацыянальны комітэт», сябры грамады зрабілі сваю партыйную нараду. Нарада падрабязгова абгаварыла пытаньні тактыкі й організацыі грамады, пастанавіўшы вясьці працу самастойна ад другіх беларускіх організацыяў. Пастановы нарады Б. С. Г. ўхвалена было апублікаваць у расійскай прэсе ў сталіцах. Гэтая нарада падлажыла аснову для далейшай організацыйнай працы, якая на другі-ж дзень пасьля парады пасьпешна распачалася кожнай організацыяй.

Як ня дзіўна, Пецярбургу суджана было стаць цэнтрам гэтае працы. Цэлы шэраг прычын дапамог гэтаму. Аднэй з гэтых прычын быў вялікі ўплыў беларускага руху на тыя шырокія гушчы беларускіх рабочых, якія запаўнялі пецярбурскія фабрыкі і заводы, і сталічныя ўмовы, больш цярп­лівыя да беларускага руху. Той жупел і страх, што маляваўся русыфіка­тарскай эсэраўшчыне з усіх бакоў, вынікаў і ад разьвіцьця беларускага руху, вырастаючы ў страшылішча ў провінцыяльным Менску[4], ня мелі месца ў Пецярбурзе. Як і наогул, беларускі рух у Петраградзе мог захапіць толькі працоўныя элемэнты. Малы лік інтэлігенцыі зрусыфікаванай пасу­нуўся ў агульную партыю эсэраў, спаланізаваная крыха інтэлігенцыі, да рэволюцыі нібы радыкальная й ваяўнічая, запужалася здані соцыялізму і распылілася. На Знаменскую 36, дзе заснавалася бюро Беларускай Сацы­ялістычнай Грамады, пацягнуліся беларускія рабочыя з-за Нараўскай і Неўскай застаў, з Выбарскае стараны, з Васілеўскага востраву ды салдаты.

Організацыйны сход Грамады, назначаны на 12 красавіка, сабраў звыш двухсот чалавек. Пераважна прышлі рабочыя з Пуцілаўскага заводу, салдаты і зусім лічаныя адзінкі інтэлігенцыі. Выбраная гэтым сходам управа, у ліку 11 чалавек, складалася, ва вылучэньнем трох сяброў, з рабочых і салдат. Далейшыя сходы, якія йшлі адзін за другім праз кожныя чатыры дні, напаўнялі лік сяброў Грамады, галоўным чынам рабочымі. Само сабою вядома, што тактыка ўправы пецярбурскай організацыі Б.С.Г. мусіла паступова ўхіляцца ўлева. Усе дэлегаваньні ў тыя ці іншыя рэволюцыйныя ўстановы падалі на сяброў грамады—рабочых. Гэтак прадстаўнікамі ў раённыя думы Петраграду былі пасланы ад Б. С. Г. выключна рабочыя: у Васілевавостраўскую—М. Здановіч з Балтыцкага заводу, у Выбарскую - П. Дзежка з Гэсьлераўскага, у Неўскую—О. Нядзьведзь з Нэўскага, у Гаванскую—В. Дышан і г. д. Пераважнасьць рабочых у Пецярбурскай організацыі Сацыялістычнай Грамады прыдавала ёй выгляд чыста пролетарскай беларускай організацыі. Гэта, зразумела, не здавальняла ні тых элемэнтаў, якія марылі аб адзіным беларускім нацыянальным фронце, ні тых, якія думалі павярнуць беларускі рух у бок эсэраўскага вобласьнічаства ці кадэцка-чорнасоценнага аўтономізму. Трэба пераказаць удвойчы, што ў разьвіцьці беларускага руху ў Пецярбурзе пасьля фэўральскай рэволюцыі літаральна вызначаліся ўсе асабістасьці процэсу разьвіцьця рэволюцыі па ўсёй Расіі. Ды ня дзіва таму: агульныя законы ў ходзе здарэньняў не маглі выдзяляць з-пад свайго ўплыву асобныя грамадкі людзей.

Якраз у красавіку месяцы ў Пецябурзе адбыўся першы крызіс часо­вага ўраду. Нота Мілюкова, міністра загранічных спраў, да саюзных дзяр­жаў аб згодзе Расіі вясьці вайну «да пабеднага канца» і супроцьрэволюцыйная портыка міністра вайсковага Гучкова, выклікалі страшэннае абу­рэньне сярод рабочых і войска. З патрабаваньнем адстаўкі гэтых міністраў вышлі па вуліцу грамады рабочых і цэлыя палкі войска. У свой чарод, не драмала й буржуазія. Падняўшы голаў пасьля першых аглушаючых громаў рэволюцыі, яна хутка організавала свае сілы навокал розных контр-рэволюцыйных організацыяў і партыяў, як камітэт Дзяржаўнай Думы, партыя кадэтаў, штаб Пецярбурскае вакругі, афіцэрскі савет і інш., і таксама 21 красавіка выйшла на вуліцу. Праз цэлы дзень у горадзе йшлі маніфэ­стацыі й мітынгі двух варожых сілаў. У многіх мясцох буржуйныя маніфэ­станты нападалі на рабочых і вырывалі з іх рук чырвоныя сьцягі. Былі стычкі і некалькі выстралаў. Гэта было першае сур'ёзнае спаткненьне ра­бочых з буржуазіяй, якое прачыніла на далей дзьверы да зацяжнай, крывавай грамадзянскай бойкі. Па Знаменскай, 36, у штабе беларускім гэтыя здарэньні таксама знайшлі сабе водгук. Вечарам, калі сабралася ўправа Соцыялістычнай Грамады, каб абгаварыць пытаньне аб перажываных політычных здарэньнях і выявіць да іх свае адносіны, сабралося каля дзесятку беларусаў вайсковых і інтэлігентаў і, на чым сьвет стаіць, дэмонстрацыйна прыняліся лаяць і бэсьціць «чэрнь», падняўшых руку на гэткіх «паважаных людзей і чыстых дэмократаў, як П. М. Мілюкоў». Громы й пяруны пасылалі яны на «разбавыраных мяцежнікаў, рабочых і войска» і на іх натхніцеляў, безадказных бальшавікоў. Гэта была першая акцыя беларускай белагвар­дзейшчыны, якая адзначыла сабою яго далейшае клясавае расслаеньне. Управа організацыі Соцыялістычнай Грамады ясна выявіла сабе пагрозу з гэтага боку і, пільна праверыўшы сьпіскі сваіх сяброў, надбліжала шчыль­ней да сябе рабочую частку організацыі, як адзіную рэальную базу для свае рэволюцыйнае працы. Тымчасам з узростам рэакцыі наогул, адмеціўся яе наступ і на беларускім соцыялістычным руху. Штодзень сталі ўзрастаць новыя беларускія організацыі з яўна чорнасотніцка-русыфікатарскім адцень­нем. Выплылі напаверх розныя дзеячы, раней працаваўшыя пад эгідаю гу­бэрнатараў паўночна-заходняга краю, а цяпер перафарбаваныя ў кадэты, эсэры, вобласьнікі ды інш. Узрост беларускага нацыянальна-соцыялістычнага руху і яго ўплыў на масы ў зьвязку з ростам нацыянальна-рэволюцыйнага руху сярод усіх нацыянальнасьцяў быўшай царскай Расіі, узмацоўваў здань сьмерці буржуазна рэакцыйнаму яднаньню. Трэба было спыніць яго загадзя. І рэакцыя хутчэй-жа пастаралася гэта зрабіць. У яе хапала сілаў на ўсіх фронтах—пусьціла яна іх і супроціў беларускіх рэволюцыянэраў. Зразу знайшліся організатары вайсковых беларусаў, беларусаў аутономістаў, беларусаў вобласьнікаў. Мэта гэтых організацыяў і іх канаводаў была ў тым, каб супыніць пашырэньне беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху, які захапіла Грамада усякімі магчымымі спосабамі. Сярод гэтых спо­сабаў ужываўся і спосаб «узрыву знутры», пасьля да сэрца прыняты ворагамі Савецкай Улады. Прыкладам можа служыць выступленьне «узрыўнікаў» на сходзе беларусаў, скліканым Б. С. Г. 23 красавіка на Кіеўскай вуліцы. На сход, ня гледзячы на слабае апавяшчэньне, сабралася да пяці­ сот чалавек. І вось, толькі пачаў адзін з прамоўцаў казаць мову пабеларуску, як з гушчы некалькі чалавек выгукнулі протэст супроціў збрыджанай мовы. Праўда, гэтыя выкрыкі не атрымалі спагады й засталіся бяз уплыву. Але не надоўга: пасьля першага прамоўцы выскачыў на трыбуну адзін з узрыўнікаў і спляча заляментаваў на ўвесь будынак лаянку й бэшчашьне беларускае мовы і тых, хто яе ўжывае. Пры гэтым паляцелі байкі й брахня наконт модных тады памешчычых інтрыгаў і, пэўна, грошаў, за якія, нібы, працуе Беларуская Соцыялістычная Грамада. Узрывацель, вядома, дастаў сабе падтрыманьне ад дзесяткаў двух сваіх, улітых у сход з мэтаю «выка­заць волю...» Сход прыняў бурны характар: разгарэўся настрой і пачуцьцё, завязаліся гарачыя спрэчкі. «Узрывацелі» ўжо паціралі рукі ад здавольства, што інтрыгі Грамады разьбіты, і звалі людзей кінуць сход. Але адзін за другім прамоўцы Грамады і спачуваючых ёй разьяснілі сабраным усе хітрыкі «узрывацеля» і пераканалі сход у праўдзівасьці й чыстаце беларускіх соцыялістых э Грамады і пастаўленых імі перад сабою ідэяў. Сход астаўся цалкам на баку тых, хто яго наладзіў... За гэтым выпадкам ішлі й другія. Поруч з Петраградам узьнялася хваля супроціў соцыялістычнага руху бе­ларусаў у Маскве і ў провінцыі. У Маскве з боку організацыі, многа слабшай ад Пецярбурскай Бел. Соц. Грамады, з‘організавалася досыць моцная Беларуская Народная Грамада. Пад свой полаг гэта апошняя зьбірала бе­ларусаў розных політычных напрамкаў і розных станаў, ад паноў да пролетарыяў бежанцаў. Беларуская Народная Грамада вяла больш шырокую ра­боту, чым Маскоўская організацыя Сацыялістычнай Грамады, адцягваючы ад апошняй сваёю падозранаю «народнасьцю» шырокія бежанскія колы.

Але ўсё-ж-ткі Маскоўскай Народнай Грамадзе, хоць і нявыразнай, блядой політычна, далёка было да «Беларускага Саюзу» у Вітабску і да беларускага аб’яднаньня ў Гомлі і др. мясцох. «Беларускі Саюз» у Вітаб­ску ўзнаўляўся вядомымі чорнасотнікамі Палонскім і Грыгаровічам[5] і злу­чаў сабою ўсё, што было ў краі ісьцінна-расійскага. Гомельскае аб'яднаньне кіравалася таксама ня менш знатным чорнасотнікам Каранкевічам, які зьбіраў да сябе ўсё контр-рэволюцыйнае, жыўшае, на сродкі, якія даваліся царскаю ўладаю за працу па абрусеньню і аправаслаўленьню «Северо-Западного края».

Агульным сьпетым хорам трубілі ўсе гэтыя контр-рэволюцыйныя процібеларускія організацыі аб непатрэбнасьці беларускай культуры і беларуска­га руху, аб шкодзе для «адзінае Расіі раздрабленьня цэлае дзяржавы». Як і сьлед, да часу, свае даказы яны падмацнялі «павіннасьцю абараніць рэволюцыю і давясьці краіну да Ўстаноўчага Сойму». Гэтыя «рашучыя словы» падносіліся меншавіком і эсэрам, як задатак за лояльнасьць, як штрыхоўка ад нібы пакінутага імі чорнасотніцтва.. І эсэра-меншавіцка-кадэцкая ўлада здавальнялася... Яшчэ-б ня быць здаволенай! Гэтая служка буржуазіі, фак­тычна, сама вяла (ды цяпер вядэе!) у нацыянальным пытаньні політыку Каранкевічаў ды Палонскіх.

Беларускі нацыянальна-соцыялістычны рух, шыбаючы ўперад стомільнымі крокамі, прыцягаў да сябе нядрэмнае вока эсэраў. Яны пільна сачылі за яго разьвіцьцём і, патвараючы псэўда-беларускім чорнасотніцкім організацыям, вышуквалі магчымасьці змагацца й беспасрэдна. Гэтае апошняе за­даньне напаўнялі эсэраўскія губэрскія й павятовыя камісары, старшыны сялянскіх зьездаў і пасьля вядомыя паўэсэры, паўкадэты магілёўскія вобласьнікі. У Магілёве, Менску, Бабруйску і інш. гар. ішлі нясупынныя выступленьні й офіцыяльная компромітацыя беларускага соцыялістычна-нацыянальнага руху ў яе кіраўніку, Беларускай Сацыяліст. Грамадзе. У Магілёве нёс гэта на сабе нейкі Гольман, у Бабруйску—-Караткевіч, у Менску— Несьцераў, пасьля ў 1918 г. кіраўнік чэхаславацкіх мяцежнікаў на Волзе. Для контрагітацыі беларускаму нацыянальна -соцыялістычнаму руху, апроч сілы ўласьці, імі ўжываліся й нячэсныя спосабы хлусьні ды маны. Квінтэсэнцыяй для розных плётак служыў злопалучны Р. Скірмунт, якога надало ліха зьезду беларускіх грамадзянскіх дзеячоў 25 сакавіка 1917 г. выбраць у нацыянальны комітэт. Ня гледзячы на тое, што Соцыялістычная Грамада мела гістарычную заслугу, як рэволюцыйная партыя Беларусі, і стаяла пась­ля Фэўральскай рэволюцыі лявей эсэраў і меншавікоў, апошнія называлі яе памешчыцай партыяй, абы апаганіць перад працоўнымі беларускімі масамі патрэбу іх нацыянальнага вызваленьня...

Агульны ўзрост і ўзмацаваньне контр-рэволюцыйнага руху, чым далей ад фэўраля да чэрвеня, зрабіў уплыў і на паправеньні новапрынятых сяб­роў у петраградзкую організацыю Беларускай Сацыяліст. Грамады. Побач з наплывам рабочых, які ня сьціхаў, а захопліваў завод за заводам, у Пецярбурскую організацыю Б. С. Г. паціху прасочваліся й нявыразныя соцыялісты. Левыя лёзунгі і рашуча-рэволюцыйная тактыка іх палохала, і яны пакладалі ўсе стараньні, каб адцягаць організацыю ўправа. У ліку гэткіх быў Я. Варонка, які выпадкова папаў у Грамаду, зьявіўшыся на яе сход па прапазыцыі Э. Будзькі і выказаўшы свае паслугі выдаваць «на ўласныя сродкі» беларускую газэту.

Збавеньнем ад ухілу ўправа Пецярбурскай організацыі Б. С. Г., зра­зумела, былі яе сябры з рабочых. Колькасьць іх і перавага да таго былі значны, што нельга было баяцца нічога. Тым болей забясьпечыла гэта заснаваньне райённых організацыяў Б. С. Г. Несупынны наплыў рабочых з ваколіц гораду рабіў працу Пецярбурскай організацыі сумбурнай і нека­рыснай. Каб яе палегчыць і накіраваць у належны бок, у пачатку траўня была адчынена Нараўская райённая арганізацыя Б. С. Г. За ёю заснавала­ся Выбарская, Васілевастроўская і Нэўская. Кожная з іх сумела павясьці шырокую працу сярод беларусаў рабочых заводаў сваіх райёнаў. Але самая моцная работа расхілілася ў Нараўнай районнай організацыі. Рабочыя-беларусы, якіх працавала вельмі многа на Пуцілаўскім заводзе, шчырэй дру­гіх адгукнуліся на агітацыю Б. С. Г. і масамі пачалі запісвацца. За кароткі час па адчыненьні Нараўскай районнай організацыі Б С Г. у яе запіса­лася да 200 чалавек выключна рабочых Пуцілаўскага заводу. Організацыя расла не па днёх, а па часох, гуртуючы навакол сябе першыя кадры для Савецкай Беларусі і робячыся надзейным ахоўнікам шчыра-пролетарскіх ідэяў у беларускім соцыялістычным руху.

Цэнтральнай Пецярбурскай оргапізацыі Б. С. Г., пасьля заснаваньня районных, стала шмат лягчэй праводзіць левы напрамак і наогул выступаць ад беларускіх соцыялістычных масаў. Таксама лягчэй зрабілася адкі­даць ліхамысныя закіды ў Грамаду з боку эсэраў. Як-ні-як, а рабочая падстава беларускага руху ў Пецярбурзе была нясумненнай. Можна было пазакідваць і меншавікам эсэрам. Вось за гэтым перш управа Пецярбурскай організацыі Б. С. Г., а пасьля 4— чэрвеня і Цэнтральны Комітэт, часова застаўлены ў Петраградзе, зварочвалі галоўную ўвагу на падтры­маньне Нараўскай і другіх райённых організацый. Адзін за другім склікаліся бюром Нараўскай організацыі рабочыя мітынгі, на якія сыходзілася шмат людзей, у якіх прамоўцы Грамады карысталіся агульнай прыхільнасьцю, а праграма яе сустракала спагаду й падтрыманьне. Монолітная маса некалькіх сотняў беларускага пролетарыяту надзейна брала пад свой ахоў беларускі рэволюцыйна-культурны рух. Гэта заўжды адмячалася ў выступленьнях, пастановах і рэзолюцыях беларускіх рабочых у Пецярбурзе. На мітынгу Б. С. Г., які адбыўся 1 чэрвеня 1917 г. ў будынку Пуцілаўскага заводу, і на якім было звыш 300 рабочых, была ўхвалена вось якая рэзолюцыя: «Вітаючы лёзунг «вольнае самаўсьведамленьне» мы, беларусы-рабочыя Нараўскага райёну, бяром яго пад сваю ахову і лічым яго адным з важнейшых пунктаў нашае праграмы. Побач з другімі і беларускаму працоўнаму народу павінна быць дадзена права на культурна-нацыянальнае самаўсьведамленьне... Толькі вольным злучэньнем паасобных нацыяў складаецца сіла й моц цэлай дзяржавы і толькі праз нацыянальнае ўсьведамленьне ёсьць пэўны шлях да Інтэрнацыяналу. Адабраньне гэтага права ад нацыяў і перашкоды на гэтым грунце на руку прыхільнікам гвалту ў самых жорсткіх яго праявах, а тактыка ўціску над нацыянальна-вызваленчым рухам толькі карысна рэакцыянэрам усіх толкаў і афарбовак.

Небясьпека для нацыянальнага самаўсьведамленьня беларускага працоўнага народу вельмі вялікая і пагражае яму з двух бакоў: з боку мясцовых польскіх землеўласьнікаў, буржуазіі і ксяндзоў, маючых на мэце прылучэньне Беларусі да Польшчы, і з боку чорнасотнікаў-расійцаў і мясцовых беларускіх перакінчыкаў, каторыя, захістаўшы сябе дэмократычнымі лёзунгамі, лемянтуюць аб гэрманскіх інтрыгах, пагражаючых адзінасьці Расіі.

Мы, беларусы-рабочыя Нараўскага райёну, як дзеці і сыны працоўнага дэмократычнага 10 ці мільённага беларускага народу, павінны ўзяць долю Беларусі ў свае рукі і абараніць яе ад гвалту, як польскага, гэтак і расійскага, вольна вядучы справу яе культурна-нацыянальнага адраджэньня.

Азнаёміўшыся з праграмаю Беларускае Соцыялістычнае Грамады, як партыі, маючай сваім грунтам інтэрнацыянальны рэволюцыйны соцыялізм, прызнаём яе сапраўднай паказчыцай волі працоўнага беларускага народу і становімся пад яе штандар змаганьня за соцыялізм, за інтэрнацыянал, праз самаўсьведамленьне ўсіх народаў наогул і беларускага ўасобку».[6]

Гэта і другія падобныя рэзалюцыі былі адказам тай завірусе контррэволюцыйнай і кадэцка-эсэраўскай брахні на беларускі нацыянальна-соцыялістычны рух, якая ўсё вышэй і вышэй разьлівалася ў незабранай Бела­русі і ў сталіцах. Збоку сьвядомых пролетарскіх беларускіх колаў, якія бачылі ў беларускім руху выяўленьне рознастойнай свабоды, а пасьля, у каст­рычніку, падмацаванай «Дэклярацыяй правоў прыгнечаных», мусілі атрымаць належны адпор і паны-памешчыкі з ксяндзамі, падпаўшымі пад беларускі колер, і эсэры-кулакі, прабягаючыя на зьездах расійскую шовіністычна-мураўёўскую думку.

Беларусы-рабочыя ў Петраградзе добра разумелі, чым пахне цкаваньне нацыянальнага руху наогул. Яны разумелі, што хавалася ў нападах і гвалтах буржуйна-коаліцыйнага ўраду пад Фінлядыяй і подвігі розных Оберучавых[7] і Несьцеравых у Менску. Клясавы інстынкт падказваў рабочым, што ў загоне нацыянальнага руху наогул хаваецца ня што іншае, як за ядлая контр-рэволюцыя, хутка гатаваўшая карнілаўшчыну. І сьледам за пасыўным адпорам гэтаму наступу ў выглядзе рэзолюцыяў, яны паступова пераходзілі да актыўнага адбою ў выглядзе выступаў на зьездах, на сходах і спрэчак у сярэдзіне Б. С. Г.

Адно з цікавых выступленьняў гэткага роду адбылося ў канцы траўня 1917 г. на сходзе беларускіх прадстаўнікоў першага сялянскага зьезду ў вялікім тэатры народнага дому ў Пецярбурзе. На гэтым зьезьдзе, адчыненым у траўні, дэлегаты ад беларускіх губэрняў аб'ядналіся ў адно зямлячаства, ад якога й вялі выступленьні на сялянскім зьезьдзе. Аб’яднаньне мела вялі­кую сілу, налічваючы за пяцьдзесят чалавек, і выступала ад беларускага працоўнага народу ў кірунку эсэраўскай праграмы. Амаль ня ўсе аб’яднаныя былі з’агітаваны эсэрамі і ў сэнсе нацыянальнага пытаньня трымаліся абаронцамі поўнага ігнараваньня беларускага руху, ці ў крайнім разе, вобласьнічаскага погляду. Гэта давала козыр у рукі эсэрам і меншавіком, якія, бачачы «благонадежность» у нацыянальным пытаньні «прадстаўнікоў» беларускага сялянства, пасьмейваліся над патрабаваньнямі Бел. Сац. Гр. Запраўды сярод беларускіх дэлегатаў зьезду сялян было няпрыметна; увесь склад быў з афіцэраў, чыноўнікаў, настаўнікаў і іншых дробна-інтэлігэнцкіх элемэнтаў. Усё-ж, каб паперашкодзіць іх антыбеларускім выступленьням, на нарадзе ўправы цэнтральнай організацыі Бел. С. Гр. з прадстаўнікамі раённых організацыяў, ухвалена было пайсьці да «беларускіх» дэлегатаў сялянскага зьезду й перагаварыць з імі аб наладжаньні сумеснай працы на падставах праграмы Бел. С. Г. Найбольш налягалі на гэтым пуцілаўцы, якія выдзелілі ад сябе чатырох чалавек у дэлегацыю для перагавораў. Ад цэнтральнае організацыі далучылася трое, і ўсе семера грамадзістаў пайшлі ў народны дом. Там, якраз, засталі агульнае сабраньне прадстаўнікоў ад Бе­ларусі на сялянскім зьезьдзе. Дастаўшы дазваленьне зайсьці, пасланцы Гра­мады папрасілі слова і расказалі, зачым прыйшлі; разам з гэтым выказалі свае погляды на беларускае пытаньне ў шэрагу прамоў. Пры гэтым сябры Грамады ад рабочых нараўскае організацыі горача баранілі патрэбнасьць самавызначэньня беларускага працоўнага народу. Прамовы і запраўдныя рабочыя-грамадзістыя зусім нечакана для кіраўнікоў аб’яднанцаў-дзлегатаў сялянскага зьезду, раскалолі іх надвое. Меней з’агітаваная эсэрамі частка цалкам была на баку грамадзістаў і пляскала ў далоні іх прамовам. За­тое сьвядома-эсэраўская частка ўвайшла ў абурэньне і пачала ганіць і паганіць і беларускую мову, і беларускі рух, і беларускіх соцыллістых. «У мяне самога мякіна на языку, я сам селянін», расьпінаўся чыноўнік Пашкоўскі з Магілёўшчыны: «а нічога ніякага беларускага не прызнаю». Усьлед за ім пайшлі лаянкі і кпіны над прышоўшымі да іх ад Б. С. Г. Упарта, са шчырасьцю й гарачнасьцю ды ўмела аддавалі адбой эсэрам і эсэрствуючым сябры Грамады, рабочым. Спрэчкі зацягнуліся надоўга і мелі тое значэньне, што ў многіх ворагаў выклікалі спагаду да справы беларускага нацыянальна-культурнага руху ў яго належным вырашэньні.

Бяэумоўна, радыкалізм беларусаў-рабочых у справе нацыянальнай выходзіў з крыніцы іх радыкальнага погляду на ўсе пытаньні бягучага часу. Эсэраўства, якога так ня любілі пролетарскія элемэнты за яго згодніцтва з буржуазіяй, падпадала пад іх падозранасьць на кожным кроку. Ваюючы з русыфікатарскай політыкай эсэраў у нацыянальным пытаньні, сябры Б. С. Г. рабочыя-беларусы з няверай глядзелі на некаторых сяброў управы Пецярбурскае органіэацыі і Цэнтральнага Камітэту. Пасьля зьезду Б. С. Г. ў Пецярбурзе 4 чэрвеня, у Цэнтральны Камітэт папаў Я. Варонка і яшчэ дзьве правыя асобы, хоць яны мелі меншасьць і не маглі ўплываць на Ц. К., усе-ж у вачох райёных організацыяў Грамады яны былі стромка­му якія трэ’ было выняць з цела досыць левае Пецярбурскае гарадзкое організацыі Б. С. Г. З-за многіх прычын, па таму часу незалежных ад самае організацыі, ачысьціць яе ад правых соцыялістаў было немагчыма. Трэ’ было, мабыць, паступова даходзіць да політычнае дыфэрэнцыяцыі, каб завяршыць поўную фазу разьвіцьця беларускага сацыялістычнага руху. Але ў гэтым поступе ў значнай меры працавала рука беларускага пролетарыя. Райённыя органівацыі Б. С. Г. нясупынна накіроўвалі пуціну пахілаў яе ўлева. Даклады на агульных сходах райённых організацыяў, якія (даклады) рабіліся сябрамі Цэнт. Камітэту, абгаварваліся да дробязі і сьвядома, з погляду інтэрнацыяналізму, заядла крытыкаваліся. Калі пападалі з дакла­дамі правыя сябры Грамады, іх нараўцы няшчадна разьбівалі і бралі пад сумненьне. Дзякуючы гэтаму, Пецярбурская організацыя і Ц. К., пакідаю­чы ўмеранасьць Маскоўскай, Вітабскай, Пскоўскай і інш. організацыяў, крок ва крокам адхіляўся ўлева, раўнуючыся па Пецярбурскім райённым організацыям.

Гэта тактыка Пецярбурскай організацыі ў хуткім часе намеціла выразны раскол у Сацыялістычнай Грамадзе, які хутка прывёў яе да сьмерці. Нарысы расколу засталі яе больш-менш 15 кастрычніка, калі адбы­валіся адначасна трэці зьезд Грамады і другая сэсыя Цэнтральнай Рады Беларускіх організацыяў.

То было перад дзьвярыма Вялікай Рэволюцыі Кастрычніка.

ж. х. з.

ІІ.

Пецярбурскія гарадзкая і райённыя організацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, як клясова, так і настраёва, выказвалі сабою моцна з'організованае і крэпка зьлітнае ядро ва ўсёй Грамадзе. За гэтым у справе ўнут­ранай, беларускай, за пецярбурскімі організацыямі Грамады аставалася рашучая сіла.

Само сабою зразумела, што гэткае становішча накладала на пецярбур­скія організацыі адпаведна цяжкія павіннасьці перад рэволюцыяй і перад інтарэсамі беларускага працоўнага люду. Увесь цяжар утрыманьня далейшага разьвіцьця беларускага руху ў рамках найбольшай рэволюцыйнасьці мусіў апасьці на іх плечы.

Гэта яскрава выяўлялася ня толькі цэнтральным комітэтам Грамады, а і амаль ня кожным сябрам пецярбурскіх гарадзкой і райённых організацый. Аднак гэтаму многа перашкодзілі ўмовы адарванасьці гэтых організацый ад краю.

Дзякуючы апошнім умовам, рэальнае значэньне працы пецярбурскага цэнтру многа губіла ў сваім уплыве на агульны беларускі рух. Калі ў са­мым Пецярбурзе левыя элемэнты чуць ня цалкам захапілі ў свае рукі організацыі Грамады і выбілі грунт з-пад ног усіх іншых беларускіх політычвых і нацыянальных інфармаваньняў, то зрабіць тое ў Менску было немаж­ліва.

Вядома, гэта падлічалася беларускімі буржуйна-шовіністычнымі элемэнтамі, якія пакрысе зьбіраліся ў Менску і гуртаваліся навакол заснаванага ў канцы сакавіка 1917 г. Нацыянальнага Комітэту. Фактычная перавага ў комітэце сяброў з Сацыялістычнай Грамады аставалася на паперы з тае прычыны, што яны не знаходзіліся ў Менску, і ўсімі справамі яго варочалі старшыня комітэту памешчык Р. Скірмунт і памошнік старшыні, будучы бандыт П. Аляксюк. Застаўлены ў Менску адзін сябар комітэту з Соцыялістычнай Грамады — С. ня мог удзяліць належнай увагі комітэцкай працы, нясучы на сабе ўсе партыйныя абавязкі, і ўрэшце, фактычна, нацыянальны комітэт аставаўся ў руках варожых беларускаму рэволюцыйнаму руху, варожых самой рэволюцыі беларускіх шовіністых.

Гэткае становішча стварала, сапраўды, няправільныя ўмовы для пашырэньня беларускага рэволюцыйнага руху. Болей таго, яно давала багатую страву ўсякім ворагам яго, якія, з пенаю ў роце, хапаліся за кожную рэч, каб толькі найбольш скомпромітаваць сапраўды справу беларускага працоўнага люду. Хаўрусуючыся з кадэтамі, царскімі гэнэраламі й памешчыкамі, з усякаю брыдотаю й чарнотаю, эсэры й меньшавікі падводзілі ўвесь беларускі рух пад выпадкова захопленых у яго Р. Скірмунта і некалькіх яго блізкіх.

Хібы гэтага становішча не маглі не адчуваць ў пецярбурскіх організацыях Бел. С. Грамады. Наадварот, некаторую фальш яго, якую вытыркаў удзел Грамады ў Нацыянальным Комітэце, кожны сябар пецярбурскай організацыі адмячаў сабе досі ясна. Найбольш дацінала гэта райённыя організацыі, у якіх з кожным днём насьпявала пытаньне пераконструіроўкі цэн­тральнага прадстаўнічага органу. Зусім не гадзілася з вакольнымі абставі­намі сумеснае жыцьцё выразна лявеючага рэволюцыйнага беларускага ру­ху з фактычна шляхецка-буржуйнай агульна-нацыянальнай установай яго.

Рэволюцыя, якраз, к гэтаму часу зрабіла круты ўхіл улева, падыйшоўшы да гістарычных ліпнеўскіх днеў[8], і беларускім рэволюцыянэрам нельга было стаяць на месцы.

Гэткім чынам было падойдзена да скліканьня зьезду прадстаўнікоў пар­тыяў і організацыяў. Зьезд быў назначан у Менску на 8 ліпеня, калі й ад­чыніўся. У адлічча ад зьезду грамадзянскіх дзеячоў, дзе зусім мала адмячаліся міжпартыйныя, і міжклясовыя супярэчкі, зьезд партыяў і організа­цыяў выявіў у сабе яскравыя адзнакі надыйшоўшага расслаеньня беларус­кага руху на два варожых станы. Уся праца зьезду прайшла ў гострым змаганьні між Соцыялістычнаю Грамадаю і Беларускай Партыяй Народных Соцыялістых, якая на чале з Аляксюком згрупавала ў сабе ўсе права-шовіністычныя элемэнты з управы комітэту і з прыехаўшых на зьезд. Сам Скір­мунт, які пачуў сябе непадхадзячым к бягучаму часу, зьняў сваю кандыда­туру на ўсякія выбары, усё-ж такі парызыкаваў падыйсьці да Партыі Народ­ных Соцыялістых і ў ролі яе сябра паабяцаць дарэмна аддаць зямлю сяля­нам. Але гэта была дань часу, як тэю-ж даньню была і ўся(!) Беларуская Партыя Народных Соцыялістых, цалкам ўваходзіўшая ў склад фракцыі зьезду. У той час, пакуль нельга было выступаць без ярлыку соцыялістага, гэты ярлык падабраў сабе П. Аляксюк, у выглядзе Партыі Народных Соцыялістых. Унутраны зьмест гэтай партыі выявіўся найпаўней у працягу зьездаўскіх спрэчак. Спрэчкі гэтыя ўзьняла фракцыя Бел. Соцыял. Грамады, якая была ўпаўнамочана Гра­мадою дабіцца заснаваньня як найлявейшага прадстаўнічага органу. Трэба было, у інтарэсах выяўленьня сапраўднай сутнасьці беларускага рэволюцыйнага ру­ху, адрэзаць усякую сантымэнтальную „агульнанацыянальнасьць" побач са Скірмунтам і ксяндзамі; трэба было стаць перад тварам рэволюцыі ў сапраўдных узаемаадносінах клясавых сіл у беларускім руху, і на гэта Грамада пакіравала. Істнаваўшы з пачатку рэволюцыі Нацыянальны Комітэт, за­хоўваў гэтыя ўзаемаадносіны і тым самым перашкаджаў нармальному разь­віцьцю беларускіх рэволюцыйных сіл. Ясна— што ў далейшым нельга было заставіць у новым органе з сяброў Камітэту ніводнага чалавека, каб гэ­тым сьцерці ўсякую праемнасьць з ім.

Аднак гэта заданьне для фракцыі Бел. С. Грамады на зь'езде было цяжкавата выканаць з-за розных прычын, між якімі галоўнейшыя—гэта: меншасьць яе ў параўнаньні з фракцыямі Беларускай Партыі Народных Сацыялістаў і фракцыяй непартыйных разам і недасканаласьці з‘організаванасьці між самімі сябрамі Грамады. Таксама далучылася к гэтаму й не пасьпеўшая рашучасьць разьбіць на часткі яшчэ неакрэпшы якраз рух, што бязмоўна многа пашкодзіла-б і самай рэволюцыі.

Усё гэта разам, як дань часу, дыктавала фракцыі Грамады на зьезьдзе вясьці тонкую і асьцярожную політыку ў справе выбараў у Выканаўчы Комітэт Рады Беларускіх організацыяў і партыяў, якую зьезд рашыў абраць на зьмену Нацыянальнага Комітэту. Для відавочнага ядынства руху ў выстаў­лены сьпіс кандыдатаў фракцыя Бел. С. Грамады ўставіла некалькі больш прыемных для яе асоб з іншых кірункаў. Усё ж гэта было рэзкім вызавам супраціўнай старане, і яна прыняла яго, выставіўшы ў піку грамадаўцам спісак з самымі непажаданымі дэеля апошніх асобамі. Урэшце, пасьля падліку галасоў, выявілася, што ў сябры рады аказаўся выбраным і быўшы таварыш старшыні Нацыянальнага Комітзту—той-жа П. Аляксюк.

З гэткай сытуацыяй ніяк не хацелі згадзіцца грамадзісты, бо то было бы роўназначна аддачы беларускага рэволюцыйнага руху на далейшую яго компромітывацыю,—болей таго, то сьведчыла-бы аб слабасьці яго рэволюцыйных традыцый. Разумеючы гэта, фракцыя Бел. С. Грамады зьезду рашыла ўжыць рэволюцыйны мэтод, каб зьмяніць непажаданую комбінацыю сіл, і назаўтра-ж надала прапазыцыю назначыць новыя выбары. Сваю прапазы­цыю грамадаўцы матывавалі пасьпешнасьцю выбараў, дзякуючы чаму ў сябры Рады папалі шкодныя для беларускага роволюцыйна-нацыянальнага руху асобы. Гэта было сернікам, кінутым у газу: падняліся крыкі, протэсты. Фракцыя зьезду Беларускай Партыі Народных Соцыялістых, чуючы, куды на­кіраваны стрэлы, патрабавала конкрэтна паказаць, хто ёсьць тым шкодні­кам, і тут-жа дастала адказ старшыні зьезду: „Гэта— Аляксюк". Таварышы апошняга па фракцыі, а таксама некаторыя непартыйныя, блізкія па політычнай афарбоўцы да Аляксюка, прынялі абразу апошняга за абразу ўсёй Беларускай Партыі Народных Соцыялістых і рэзка запротэставалі.

Але на іх протэст ня было зьвернута жаднай увагі, і выбары адбыліся нанова.

У скутку гэтых выбараў у Выканаўчы Комітэт Рады беларускіх організацый і партый папалі выключна кандыдаты Грамады.

Гэтым была разьбіта другая чародная акцыя будучай беларускай белагвардзейшчыны. Пасьля выбараў, фракцыя Беларускай Партыі Народных Соцыялістых аднатавала ў заяве да зьезду Белар. С. Грамаду гэткімі словамі: „Бел. С. Грамада на зьезьдзе 8-10 ліпня 1917 году, зьяўляючыся боль­шасьцю, уносіла дэзарганізацыю ў працу зьезду й гвалтавала меншасьць яго", і далей—„дарога, па якой Бел. С., Грамада хоча вясьці нашу агульную працу, можа быць перашкоднай да шырокага культурна-нацыянальнага адраджэньня Беларусі". Праз гэта „Беларуская Партыя Народных Соцыя­лістых, ня маючы магчымасьці браць часьціну адказу перад беларускай на­цыяй за кірунак працы зьезду ў момант агульнага бязладзьдзя (Курсіў наш Ж. Х. З.), адзывае сваіх прадстаўнікоў са зьезду і пастанаўляе давясьці аб гэтым да ведама беларускага народу.[9]

Гэта мажлівасьць была дадзена Беларускай Партыі Народных Соцыялістых. Але выпаўніць яе ня прышлося. Беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух фактычна грунтаваўся на працоўных элемэнтах беларускага народу. У моц гэтага, ён ня мог заставацца ў нярухомым становішчы, што значыла тады—адыходзіць ад рэволюцыі: наадварот—праз большасьць Бел. С. Грамады ён сягаў побач з самымі левымі кірункамі агульна-расійскага руху. Усё зда­ровае, правідкае гуртавалася навокал левага крыла Соцыялістычнай Гра­мады, галоўным чынам яе Пецярбурскіх—і пасьля—Бабруйскай організа­цыяў. Так што, даводзіць да ведама сваю крыўду Беларуская Партыя Народных Соцыялістых магла толькі некаторым, нязначным адзінкам з свайго лагеру, або зусім таіць яе ў сваім нутры. Фактычна—асталося апошняе.

З затаенай крыўдай адыйшлі на гэты раз ад чыннага ўдзелу ў белару­скім руху яго злыя геніі— Р. Скірмунт, П. Аляксюк і блізкія ім.

Аднак і гэткія скуткі зьезду прадстаўнікоў беларускіх організацыяў і партыяў не здаволілі большасьць Бел. С. Грамады. Рэволюцыя нясупыпна паглыблялася, раскройваючы ўсе рашучай ды рашучай людзкія гушчы на два варожыя станы. Перамогшы паўстаньне бальшавікаў 4-5 ліпня, схаўрусованыя эсэры-меншавікі й буржуазія пайшлі ў адкрыты наступ на працоўныя гушчы. Была ўведзена сьмяротная кара на фронце, павялося бяспутнае на­ступленьне на Паўднёва-Заходнім фронце, акончанае дужа дрэнна для Ра­сіі. Сярод вайсковай белагвардзейшчыны пачалі віцца сеткі загавораў, спля­таючы выступ Карпілава (26 жніўня). Усе адзнакі сьведчылі аб тым, што рэволюцыі грозіць яўная небясьпека. Тут ужо вытыркала перад кожным пы­таньне: куды йсьці і з кім быць? Стала гэта пытаньне й перад беларускімі партыямі. Карнілаў, контр-рзволюцыя—то гібель усякаму нацыянальнаму ру­ху. Тым болей—яшчэ неакрэпшаму—беларускаму. Значыць, супроціў гэтай пагрозы! Але тут у многіх згоднікаў вытыркала новае дражлівае пытаньне: ці не захопяць уладу бальшавікі, калі ўрад рашуча выступіць супроць бе­лых гэнэралаў?

У Петраградзкіх організацыях Соцыяліетычнай Грамады ня было дзьвюх думак наконт гэтага: мусіць улада перайсьці да працоўнага народу, бо толькі тады можа ў поўнай меры ажыцьцявіцца ідэал беларускага рэволюцыйнага руху—поўнае вызваленьне беларускіх працоўнікаў ад нацыянальна­га прыгону. Буржуазія—хоць і свая, хоць і натхнёная адраджэнцам духам— усё-ж буржуазія. Значыць—яна вораг... Ды ня толькі буржуазія, а і соцыял-згоднікі: яны таксама шкодны ў рашучыя хвіліны схваткі дзьвюх сіл. Уся­кія намёкі на прымірэньне з імі павінны быць адкінуты. А ў Выканаўчым Комітэце Рады організацыяў якраз і засталіся гэтыя ненадзейныя элемэнты. Грамада павінна пільна сачыць за імі і старацца, каб перарабіць Раду на свой, выразна рэволюцыйны лад. Праўда, многія адзнакі паказвалі на наблі­жэньне гэткіх умоў; галоўнае—трэба было падцягнуць да Петраградзкіх орга­нізацыяў некаторыя адстаўшыя організацыі Бел. С. Грамады. Гэта давалася ня так лёгка.

На першай сэсыі Рады організацыяў і партыяў 5-6 жніўня дэлегаты Пецярбурскай Натаўскай райённай організацыі Бел. С. Грамады рашуча пачалі асуджаць трусьлівую політыку Рады, яе ўсё яшчэ нескасаваную тэндэн­цыю прадстаўляць агульна-нацыянальны рух і інш. Напады былі досыць значныя і мелі важкі ўплыў на сэсыю. Пэўна, яны не далі таго, што магло збыцца некалькі часу пазьней, але ўсё-ж былі паказчыкам няўхільнага па­вароту беларускага рэволюцыйнага руху ў пераважнай яго большасьці.

Праўда, у Петраградзе таксама нельга было абыйсьціся без таго, каб пасылаць на розныя зьезды й нарады выключна інтэрнацыяналістычна-настроеных сяброў, усё-ж, за вылучэньнем Я. Варонкі, больш ніхто яго ўмеранасьці не пасылаўся нікуды. На дэмократычную нараду, у савет нацыянальна-соцыялістычных партыяў, у пецярбурскі савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і інш. пасылаліся выразна левага кірунку людзі.

Трэба адзначыць да выпадку, што, пры пачатку аднаўленьня ў сакаві­ку 1917 году легальнай чыннасьці Бел. С. Грамады, у яе ўплыло шмат на­родніцкіх элемэнтаў. Старая програма Грамады мела ў сабе досыць выраз­ныя моманты народніцкіх ухілаў. Апроч гэтага, самы характар экономічнага становішча Беларусі, як краіны земляробскай, дапамагаў ужытку народніцтва, даючы рэволюцыйнаму руху найбольш сялянскі адбітак. Але супроціў загрузнасьці Бел. С. Грамады з боку народнікаў усталі беларускія рабочыя з фабрык і заводаў, якія ў многа разоў пераважвалі апошніх. З часам-жа, калі нацыянальная політыка эсэраў-меншавікоў усе больш і больш выказва­ла свае адмоўныя бакі, выклікаючы гострыя напады, наплыў народніцкіх элемэнтаў у Грамаду зьменшаўся. Да гэтага, створаная новая програма яе была цалкам прыстасована да марксісткай, і Бел. С. Грамада выраўнялася на партыі марксісцкай. Уперадзе йшлі Пецярбурскія райённыя і гарадзкая організацыя, за імі Бабруйская, Менская і г. д. І водлуг таго, як перадавыя арганізацыі Бел. С. Грамады адыходзілі ўлева, менш рашучыя, з неаджытым духам згодніцтва, у той-жа меры правелі, мяжуючы з рознымі наслой­камі і фармаваньнямі правых кірункаў, і адпадалі. Апошнія, як-бы ў сілу закону політычна-клясавай дыфэрэнцыяцыі беларускага руху, зьбіраліся ў адно і цягнулі да Менску, дзе абмацвалі глебу да грунтоўнага абсталя­ваньня.

Чым бліжай да акцябра, тым выразьней і адметней выдавалася расслаеньне беларускага нацыянальнага руху і ў яго цэласьці і папартыйна. Ужо ў верасьні месяцы 1917 г. выясьнілася, што ў Бел. С. Грамадзе фактычна істнуюць два напрамкі, левы й правы. Сымптомы іх зьявіліся бадай ня з першых дзён пасьля рэволюцыі. А ў канцы мая месяца, перад зьездам Грамады, гэтыя сымптомы выліліся ў адкрытыя непаразуменьні паміж яе Пе­цярбурскімі і Маскоўскай організацыямі на-конт месца і часу зьезду. Але першы пэрыяд, да жніўня месяца прыблізна, гэтыя шурпатасьці згладжваліся шырокай організацыйнай працай. Далей, вядома, нішто не магло скрыць вымаганьня закону разьвіцьця рэволюцыі, які вытыркаў напаверх усякія супярэчнасьці. У нутры Бел. С. Грамады яны, таксама, не маглі за­хоўвацца на далей, і што раз—то ўсё рабіліся прыметней. Аставалася тра­піцца выпадку, каб з гэтых супярэчнасьцяў вырасла высокая сьцяна, праз якую немажліва ўжо перакінуць тыя ці іншыя лыгаючыя ніткі. Гэты выпа­дак не заставіў сябе доўга чакаць.

15 акцябра 1917 году ў час скліканьня другое сэсыі Рады беларускіх організацыяў і партыяў адбыўся фактычны раскол Бел. С. Грамады надвое. Прычынай было здарэньне, якое разыгралася навакол пытаньня аб пасылцы дэлегатаў у Раду Народаў, абраную зьездам прыгнечанных народаў Расіі ў Кіеве. Пабываўшы на гэтым зьезьдзе, сябра Рады беларускіх організацыяў Л., калі дайшло пытаньне да выбараў дэлегатаў у Раду народаў, выказаўся так (прыблізна): „У Раду Народаў мы мусім паслаць ад сябе моцных вучоных лю­дзей. На зьезьдзе іншыя нарады былі прадстаўлены дужа моцнымі людзьмі. Мы не павінны ганяцца за партыйнасьцю, а мусім глядзець з погляду карысьці агульнанацыянальнай справе". Гэтыя словы былі ўводам да прапазыцыі дэле­гаваць у Раду Народаў... Р. Скірмунту. Ня гледзячы на тое, што Р. Скір­мунт быў адпіхнуты ўбок ліпнёўскім зьездам беларускіх організацыяў і пар­тыяў і да другой сэсыі Рады амаль ня ўмешваўся ў ніякія справы—да чаго было ўжо прывыкнуць— створаная атмосфэра сэсыі ня выказала ніякага протэсту супроць гэтага „дзеяча". Наадварот, досыць значная правая палова сяброў сэсыі, падмацаваная расплыўчатай тактыкай правых грамадаўцаў, ахвотна падхапіла імя Р. Скірмунта. У тумане абвостранай агульнасьці нацыянальных заданьняў забываліся імі іхнія-ж прамовы і пастановы на зьезьдзе Бел. Соц. Грамады, які адбываўся поруч з сэсыяй Рады (14-20 кастрычніка) і на якім ужо шмат трацілася сілы на ўрэгуляваньне супярэчак між правым і левым крыламі яе. Справа ўжо дайшла да абраньня. Але перад тым, як падаваць галасы, прадстаўнікі левага напрамку Бел. С. Грамады запрапанавалі зрабіць нараду, каб на выбары пайсьці зьяднала і не дапусьціць абраць ні Р. Скірмунта, ні каго іншага з непажаданых ёй людзей. Аднак зрабіць нарады не ўдалося. У некаторых сяброў Грамады правага ўхілу адпала ўся рэволюцыйнасьць— агульнасьць справы затуманіла іх ушчэнт. Тронутыя „да глыбіні душы" пачуцьцем сэнтымэнтальнага патрыётызму, яны заліліся сьлёзамі „уміленьня" (Бадунова) і патапілі сваю клясавую абасобнасьць у частых і гучных овацыях розным дзеячом. Сваім-жа левым сябрам, каторыя дапомнілі аб заданьнях сацыялістых, намякнулі праз „шкодную абмылковасьць" падаграваць непатрэбную к часу супярэчнасьць інтарэсаў... Болей таго, былі зроблены нават і лічныя выпады супроціў адна­го з прадстаўнікоў Пецярбурскай організацыі Бел. С. Грамады.

Гэткая сытуацыя на сэсыі Рады сьведчыла аб тым, што далей нельга захоўваць штучнага адзінства ня толькі ва ўсім беларускім руху, а і ў Бел. С. Грамадзе ў асобку.

На вуліцы, за сьценамі будынку, дзе разыгрываўся гэты інцыдэнт, увачавідкі накіпаў вялікі акцябарскі выбух. Рэволюцыйныя сілы зьбіралі свае палкі для апошняга рашучага ўдару па разбазыранаму ворагу. Гіроніяй вы­палі ўсякія словы аб агульнасьці нацыянальных інтарэсаў. Ужо было ясна, куды вядзе дарога праз гэту агульнасьць. Не спасала ад гэтага і паказная рэволюцыйнасьць „чыстай сялянскасьці" беларускага руху, пад што хаваліся розныя выпадковыя падарожнікі яго разам з сэнтымэнтальнымі грамадзістамі.

Гэта разумелі прадстаўнікі левага кірунку Бел. С. Грамады і водлуг свайго разуменьня зрабілі адпаведны вывад: яны дэмонстрацыйна выйшлі з пасяджэньня сэсыі Рады і на сваёй парадзе рашылі фактычна замацаваць насьпеўшы накол Бел. С. Грамады на двое: на левую, незалежную, часьціну і на часьціну правую, згодніцкую. За першаю засталіся Пецярбурскія гарадз­кая і райёныя організацыі і Бабруйская, за другою—усе астатнія.

Пры гэткіх умовах захапіў беларускі нацыянальна-рэволюцыйны рух чырвоны Кастрычнік, пасьля якога пачалася новая часьціна гісторыі яго разьвіцьця.

Ж. Х. З.

Зноскі

[правіць]
  1. Некаторыя прыхільнікі праграмы Бел. Сац. Гр. паддаваліся агульнаму настрою.
  2. У гэтым артыкуле я, галоўным чынам, буду датыкацца тых беларускіх адраджэн­цаў, якія гуртаваліся ў Пецярбурзе, лічачы, што цэнтрам руху з пачатку чайны да 1918 году быў Пецярбург.
  3. Тут прыводзіліся досыць знаёмыя, ужываныя с.-р. мотывы адзінства ў імя рэволюцыі, невыразнасьць беларускага пытаньня, як нацыянальнага, і інш.
  4. Эсэры і родныя ім вобласьнікі толку Солоневіча ды Каранкевіча адпужалі рабо­чых і сялян ад беларускага руху Скірмунтам, які ў той час выпадкова прыліп да яго для самааховы.
  5. Абодва растрэлены Савецкаю ўладаю ў 1918 г.
  6. «Вольная Беларусь», 24 чэрвеня 1917 г.
  7. Губэрскі камісар у Кіеве ў 1917 г ., расійскі эсэр.
  8. 4-5 ліпеня адбылося паўстаньне бальшавікоў у Пецярбурзе.
  9. «Вольная Беларусь» № 13,1917 г.— Зьезд дэлегатаў...