Перайсці да зместу

Успамін аб Мацею Бурачку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Успамін аб Мацею Бурачку
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Сын Беларуса. 1924. 27 ліп.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мусіць, мала хто з нашых пісьменьнікаў пакінуў сярод нашых сялян, зь якімі жыў поплеч, такую сьветлую памяць, як аўтар «Дудкі» і «Смыка» Францішк Багушэвіч. З шчырымі сьлязамі на вачох апавядаюць аб ім тыя, хто яго памятае.

Вось просты ўспамін некалі «любіміцы» Мацея Бурачка Гэлі Каспаравічанкі (па мужу Горыт) з Наздрачунаў Сольскае гміны (Ашмяншчына) — суседкі Кушлянскага двара.

«Цяпер мне ўжо сорак гадоў, а помню, як бы ўчора, тыя часы, калі была йшчэ малой дзяўчынкай, і Ён часта заглядаў у нашу хату. Бывала, прыйдзе, сядзе на зэдлі і гутарыць аб усіх нашых бедах. Шмат каму і ў бядзе памагаў, дый за вушы ў людзі павыцягіваў. Часта чытаў нам вершы беларускія, а раз прынёс і падараваў мне кніжачку зь вершамі, «Дудку Беларускую». Пыталіся мы: хто ж гэта ўсё так хораша напісаў? — «Гэта, —казаў, — пісаў акурат такі самы чалавек, як і вы ўсе. Вось, вучыся добра, Гэля, дык мо і ты некалі пісаць будзеш!» Але ніколі не сказаў, што гэта ж ён сам піша. Меў ён грубы сшытак з рознымі беларускімі вершамі — апрача друкаваных у «Дудцы» і «Смыку»: памятаю, што між імі былі вершы «Шаршуны ўлетку, шаршуны ўзімку», «Вясковая баба» і шмат іншых.

З народам жыў як самы блізкі да нас чалавек, як свой. Бывала, на імяніны прыходзілі мы да яго, дык вядзе у хату і з усімі знаёміць. Сям’я яго яму не спагадала і гэтага вельмі не любіла... Весела гулялі ў яго на дажынкі; сам з нашымі дзяўчатамі скакаў, ды песьні нашыя любіў пяяць. Асабліва ж любіў сьпяваць сваю уласную песеньку «Ой, калючы ялавец, ягадкі салодкія».

Любіў ён часта хадзіць на гару, што называецца Лысая Гара. Нейкія там паперы закапываў, хаваючы іх. Быў тамака вялікі камень, які сяньня ляжыць на сваім месцы, толькі надпіс на ім высечаны — у памяць аб ім. Сюды мы часта ходзім успамінаць і паплакаць па ім.

Да самае ягонае сьмерці мы так ня ведалі, чые гэта вершыкі ён нам усё чытаў. І толькі на пахаронах з надпісаў на ўстужках пры вянкох даведаліся мы, каго хавалі.

Крэпка дзержыцца памяць аб ім сярод нашых сялян.

Давялося мне цяперака прыехаць у Вільню, дык хачу купіць усе яго кніжачкі, якія друкаваліся: гасьцінца дзецям завязу!»

Трывалы памятнік пабудаваў сабе Мацей Бурачок —у сэрцах нашага народу!