Усе дарогі вядуць у Беларусь
Усе дарогі вядуць у Беларусь Газэта «Незалежная Беларусь» Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч 1919 |
Як некалі казалі — усe дарогі вядуць у Рым, дык і цяпер трэба сказаць што ўсе палітычныя дарогі вядуць ў Беларусь. Ясна, што апошняе і самое рэальнае разьвязаньне змаганьняў усіх новых дзяржаў, якія ўтварыліся з "узьмежкаў" быўшае расейскае імпэрыі залежыць ад таго, на колькі праўдзіва і верна будзе разьвязана беларуская справа, будзе вырашан лёс нашае незалежнасьці, на колькі ня будуць абрэзаны і скромсаны межы нашае гаротнае Бацькаўшчыны. Народ, каторы праз колькі сот гадоў самага цяжкога гістарычнага жыцьця, ня гледзячы на войструю нацыянальную барацьбу і на ўціск урадам найдужэйшага на сьвеце гаспадарства не ўтраціў свае нацыянальнае самабытнасьці, народ меўшы праз некалькі сталецьцяў сваю гаспадарственную незалежнасьць, народ, каторы мае вытвараную векамі культуру, літэратуру, свае яркія этнаграфічныя асобнасьці, сваю мову, — такі народ мае ўсе правы на гаспадарственную незалежнасьць.
I вось калі падымаецца пытаньне аб варунках і формах нашае незалежнасьці, калі падымаецца пытаньне для некаторых, ці поўная незалежнасьць, ці фэдэрацыя з суседаімі народам, дык мы можам галосна заявіць: мы жадаем поўнае незалежнасьці ад другіх, не адкідаючы ў той самы час прынцыпа саюзу з другімі суседнімі народамі ў справах эканаміцкіх, стратэгічных і г.д.
Разьвязаньне гэтага пытаньня цалком залежыць ад курса сусьветнае палітыкі. Мы маем моцную надзею, што ня сёньня, дык заўтра нашая Бацькаўшчына падымецца незалежнаю дзяржаваю ў сваіх прыродных межах, бо ў другім прыпадку, калі справа нашага адраджэньня загібне, дык разам з гэтым шчэзнуць з твару гісторыі і ўсе новыя ўтвараючыяся маладыя дзяржавы, як Літва, Эстонія, Латвія, Украіна, таксама вялікая небясьпека чакае і Польшчу, бо палажэньне такое, што "ўсе дарогі вядуць у Беларусь"'.
Нашая зямля знаходзіцца ў "цэтры фокуса", Беларусь зьяўляецца злучаючым колам і адкідаючым буфэрам, ад каторага залежыць эканаміцкае і палітычнае жыцьцё ўсіх суседных нацый, усіх новых дзяржаў, што акружаюць яе. I толькі, калі мы будзем незалежнымі і можам уваходзіць у саюз балтыцкіх дзяржаў, апошнія ня будуць адрэзаны ад поўднёвых краёў і гэткім парадкам змогуць адхіліцца ад падвойнага націску: з аднаго боку — Нямеччыны, з другога — Расеі.
Пры здарэньню-ж утварэньня фэдэрацыі ўсіх узноў утвораных дзяржаў, пры варунках, калі Беларусь увойдзе ў гэтую фэдэрацыю і будзе мець саюз з Украінаю, дык для Польшчы, з катораю ў нас могуць быць добрыя, суседзкія адносіны, разьвязваецца вялікшае заданьне, пры гэтых варунках Польшча можа разсекці „гордзіеў вузёл“, бо здарыцца такая сытуацыя, дзякуючы каторай легка разьвязваецца пытаньне і дальнавіднай польскай палітыкі.
Пры варунках гэткага саюзу, істнаваньне каторага будзе цалком залежыць ад лёса і волі Беларусі, Чорнае і Балтыцкае моры зьвязваюцца неразрыванымі гандлёва-прамысловымі вузламі. Дык нашае шчасьце, наш дабрабыт гарантуе дабрабыт усіх новых створаных дзяржаў, і, наадварот, у супраціўным выпадку,па небе апошніх пойдуць чорныя хмары і можа загрымець гром.
Наагул, усе новыя „ўзьмежныя“ дзяржавы ствараюцца Антантаю дзеля таго, каб ізаляваць Нямеччыну ад Расеі, што-б перашкодзіць іх хаўрусу.
Пры цяперашніх варунках, калі мы знаходзімся пры агоніі бальшавізму, калі-б і Антанта ўзялася проці нашых агульных жаданьняў за адбудову „едінае і неделімае“ Расеі, то зразумела, што над галавамі ўсіх маладых дзяржаў пройдзе нязвычайная навальніца.
Мы прымушаны старацца паддзяржаць другі кірунак францускае палітыкі, каторы хацеў-бы, каб Расея ня была такая вялікая і дужая дзяржава, як калісь, каторы кажа, што аддаваць нельга, а трэба, каб яны між сабою зрабілі саюз, які мурам адгарадзіў-бы Расею ад Нямеччыны, які мурам адгарадзіў бы іх незалежнасьць ад маскоўскае ці нямецкае няволі.
Гэтак, праўдзівым станавішчам зьяўляецца той факт, што ўсе дарогі мірнага разьвязаньня нашае агульнае справы вядуць у нашую Бацькаўшчыну, вядуць у Беларусь.