Ідзеш ты ім, глядзіш наўкруг —
Сьляпіць багацьце твае вочы.
У час спачынку, ў час рабочы —
Людзей лядачых гулкі рух.
Ядвабы, золата і пух,
Мяхі, моноклі, дыямэнты…
Пакроі вопратак к момэнту,
Кафэ, салонныя акцэнты —
Давольства збытачнага дух…
І помеж тут, з дню ў дзень, аднак,
Ў благой паношанай адзежы
Пакорна моляць даць на ежу,
Хоць колькі-небудзь, хоць мядзяк.
Ня так даўно былі яны,
Як мае быць, пры цяжкай працы,
Пасьля за панскае багацьце
Сабралі ўсіх іх для вайны,
Дзе пяць гадоў другім ў карысьць
Братоў зарубежных зьнішчалі.
І самі дзе папакідалі
Здароўе й сілу, каб рабіць,
Каб працай ўласнаю ізноў
З сям‘ёю ўпрогаладзь карміцца…
І мусяць вось цяпер ў сталіцы
Прасіць падмогі Ў багачоў.
А там, ў бакох, па вулках ўсьцяж,
На трохкалёсных лісапэдах
Ад ранку возяць без абеду
Хлапцы чужы тавар — багаж. Між вокан крам, дзе роскаш скрозь
Завабай вас абманнай дарыць,
А там — рабочы бедны, худатвары;
Ён ў злосьці ўвесь, як ліст, дрыжыць,
Бо ўсё жыцьцё — за цяжкай працай,
А сам з сям‘ёй — ў парваным плацьці
Каб ў новым мог багач хадзіць.
Ды што каму бяда другіх,
Багатым — бедных недастача?
Хай сам працоўнік шлях адзнача,
З уціскаў выбрацца тугіх.
Багатых сьвята — поўны рай;
Іх час цяпер пакуль ўрачысты…
І горад, волат буяністы,
Чакае-жджэ, што скажа край…
Што скажа рух тае душы,
Якую ў змучанай Гэрманьні
Уздым наябрскага паўстаньня
Яшчэ належна ня рушыў.
Бэрлін, 1922 г.
|