Я жыць хачу, як піць ад смагі:
Я жыць хачу, як сонца ў холад!
Я жыць хачу і повен прагі
Жыцьця, бо ‘шчэ здароў і молад.
Бягучы час, дзянькі, хвіліны
На пальцы пільна я лічу,
І шкода кожнай мне часіны,
Што ўжо прашла, бо жыць хачу.
Я ў даль глухую пазіраю,
За зданьнем выдумным лячу,
Аб днёх шчасьлівейшых гадаю
І жду іх, жду, бо жыць хачу!
Хачу квятоў, хачу вясельля,
Хачу прыгожых абразоў,
Любошчаў палкіх, хмелю-зельля,
Забыўнай ласкі — кайданоў.
Ўсю зелень поля, сьветласьць сонца,
Весь пах квятоў, весь рэчак цёк
вабраць ў сябе і ў іх бясконца
Купацца дні — ў сьвятло і ў змрок.
Каб знаць, што я жыву, як трэба,
Ня доўг, ня службу валачу, —
Я зораў бляск, прастораў неба,
Свабоды буйнае хачу.
Як вецер вольны, рэзвы, моцны —
Па галу вольнаму лятаць,
Хто жыць ня хоча — таго злосна,
Таго бяссэрдна праклінаць.
Ўвесь страх, ўвесь сум аб часе сьмерці
Прад думкай сьветлай распыліць,
Душой шчасьлівы, палкі сэрцам
Хачу я жыць, кіпуча жыць!
Пецярбург, З0/IV-14 г.
|