Перайсці да зместу

Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Шырэй крокі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З цыклю „Горад“ Шырэй крокі
Публіцыстыка
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шырэй крокі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЫРЭЙ КРОКІ

(Замест мовы над магілай А. Бурбіса)

Калі сядзіш тут, У Бэрліне, у вагромністым месцы найкультурнейшай краіны, адгароджаны ад роднага краю тысячамі вёрст і высокімі сьценамі-граніцамі; калі сядзіш тут, у чужыне, і марудна, нэрвуючыся, але ўпарта, хоць пакрысе, падкладаеш каменьчыкі й цаглінкі на падмурак Беларускай Культуры, то часта, як ні цьвёрды ты ў веры, як ні прамяністы ты ў спадзевах, усё-ж грызе цябе чарвяк сумненьня: калі тое будзе, што мой край хоць на сотні верст падбліжыцца культурна да Нямеччыны? Якую сілу патугі трэба разьліць па глухой, прыціснутай, паўсьпячай роднай зямлі, каб паставіць яе на сьцежынку, ужо зарасьціўшую сьляды калісь паступаўшых па ёй культурных народаў. Ці хопіць жывакосту ў паўстаючай маладой культуры, каб разагнаць, разарваць полаг загартаванай пануючай культуры вялікіх старых народаў?

Росквіт друкарскае справы, горы штодзенна выходзячых з-пад машыны кніг, тысячы газэт, крафты, падземныя чыгункі, семсотразовыя абыходы цягнікоў па чыгунках места, сотні тэатраў і… няслабнучая праца над паглыбленьнем далейшай культуры, над яе росквітам: і буяньнем агромністай зданьню глядзіць на цябе і ліхамысна ўсьміхаецца: „Куды вам, раздушаным, прытоптаным, заціснутым, куды вам узьнімаць ваш рух? Бярэце гатовае, стаўшы на каленкі і абявязуючыся плаціць рабствам, самагубствам аж да таго часу, пакуль не сатрэцца воблік вашага твару, асаблівасьць вашай душы і… скура на сьпіне, руках і нагах“.

Але з няведамага захову, з патаемных утулак высоўваюцца пупышкі жыцьця трывалых расткоў народу нашага, — кратаюцца творчыя калёсікі бунтуючай душы і… цамэнтам скрапляюць яе веру, закідваюць зярняты надзеі, гарту, адвагі, — і ты кладзеш марудна, паціху, няўпрымет цаглінку за цаглінкай на падмурак Беларускай Культуры. Што-ж дзіўнага, вы культурныя папярэднікі, вольна й нявольна адпіхаўшыя Белую Рутэнію ў цёмную адсталь, у бакі, у пазадворкі, каб не мазоліла яна вачэй вашых, каб не перабівала вам посьпеху, — што-ж за дзіва, што цяпер географічная карта, як-ні-як, не абыходзіцца без яе? Праўда, без належных ёй меж, з кускамі, адрэзанымі, каму ня гультайна было, але вось, вось яна — Савецкая Беларусь.

І ў тым месцы, праз якое мімахоць праходзіць гонарнае вока, сапраўды ёсьць штось жывое, ужо рухаючае, ужо стаўшае на ногі, гукнуўшае ад сябе, і не ў адным варожым вуху зашчэмленае на манер косткі ў горле:

„Савецкая Беларусь!“ Ні абшар, ні граніцы ні заскарузласьць старой культуры не маглі быць непраходнымі прашкодамі пры яе адраджэньні. Маладая побезь праткнула цьвярдзейшыя і ўпарцейшыя сковы і нават прашла ў сэрца Нямеччыны…

Вось так і марыцца, што гэта асабістасьць у форме літары Ў так і закалупвае цаліну варожасьці, як матыкаю драсён, як кіркаю глыбы каменнага вугалю.

Спрактыкаваны лейпцыгскі друкар, меўшы ўсе закавырачкі літар, ад Японіі ла Арабіі, ад Іудэі да Гішпаніі — ня меў у сваіх касах ажно дагэтуль гэтае мудрае, ліха ведае адкуль узятае закавыркі Ў. І ён яшчэ з недавер‘ем якімсь не адлівае яе ўцалку, а мудра з асцярогаю надстаўляе ◌̆ над простым У… пэўна з думкаю, што Беларусь — то-ж Заходні край у вуснах Мураўёва ці Каяловіча, а разам і не аднаго фон-Карла, да якога часова надстаўлена кароткае ◌̆.

А тымчасам гэтае Ў — гэта сымболь ідучай усё дальш і дальш уперад, ужо цьвёрда ўстаўшай на ногі Беларускай Культуры.

Ці-ж трэба казаць, як натужна яе станавілі? Ці-ж павераць з дзеравянымі заскарузлымі сэрцамі недаверкі, што яна стала сталёвай поступ‘ю, абапершыся на магутныя плечы беларускіх працаўнікоў? Не павераць, пакуль ня ўложаць рук… пад яе поступ…

Шырэй крок! Натужней мускулы душы і сэрца! Вышэй меч!

Ужо гал раздаўся шырэй, ужо падмурак падняты вышэй, ужо паветра больш і сьвятло яскравей…

А калі ўдарыла першым ударам змаганьня сэрца Бурбіса, калі ступіў яго крок з гнойнае сучаснасьці ў пруткае будучае, сьцены былі на цаль адна ад другой, гушчарняк пад першым ступам, цем, хоць пальцам у вока, і глуш, хоць бунтуй да няпрытомнасьці…

Пад намі, у зямлі, часта няпрыкметна для нас, зусім пад паверхам бурліць крыніца крышталёвае вады; яна мые цьвёрды грунт запору, точыць камяністую пароду…

Год, другі, або меней або болей, і неўзначай раптоўна пырскае і віруе гэта вада на паверсе зямлі, абаграваемая сонцам, непадатная марозам…

Глыбей у зямлі заложаны пякельны жар. Ён бурліць і плавіць каменьні, жалеза, найцьвярдзейшыя рэчы. І часта, няўрымсьціўшыся ў цяжкай аправе халодных астыўшых слаёў, прарывае іх і выходзіць напаверх — агняпышачымі горамі-вульканамі. Непадазронна, нечакана, вякі маўчаўшыя, квітучыя зазялёненыя паўзгор‘і захопліваюцца выбухаючай раптам вогненнай хваляй і… губяцца ў думках, шаломяцца ў пярэпалаху…

У сьпячага народу, маўклівага, нярухомага, здавалася-б зусім згладжанага са старонак гісторыі, раптам пачынаецца перш ціхі, а далей усё большы і большы неспакой, рух, гоман, завіруха. Адкуль гэта? Ды проста і ясна: у глушы, у нетрах яго жывое душы віруе няўміручы процэс духоўных перабудоў. Цяга да сонца, к прастору, к адвечнаму палепшаньню, то — адметак душы разумнага стварэньня, ніколі няспынены, незасыпаючы, а толькі аглушаны, загонены ў глыб навалай варожых сіл…

Беларускі працоўны народ сваю нутраную цеплату, агонь свайго вулькану стрымліваў неастываючым вякі… Ахоўваў, як ахвярны агонь жрэцы, мо‘ хочучы, мо‘ ня хочучы. А ў падыходны момант, калі пазыў сьветавога розуму паварухнуў сваё кола і зачапіў яго — трэснулі напласты і сковы, заціскаўшыя духовае хваляваньне беларускіх грамад…

Перад тым, як завіраваць, выбіўшыся напаверх з цясьнін зямлі, вада толькі сочыцца; перад тым, як выкідаць кіпенную лаву, сопка выкідае рэдкія іскры ў гарачым попеле.

Перад тым, як скалыхнуцца цалком, паварушыць доўга нярухомую цаліну, беларускі народ пусьціў іскры распаляючага агню свайго ўваскрашэньня, свайго аднаўленьня. У цемры, пры ветры — хто-ж ня ведае — іскры хутчэй згараюць. Але сьвятлей бліскаюць, пякней міргаюць, на зоры спадобна.

Алесь Бурбіс быў аднэй з першых іскарак цяпер ужо палымняючага, кіпучага агню беларускага адраджэньня. Ён гарэў у празе ахапіць будучыну, выявіць у шырызьне сваіх ахопаў дванаццацімільённую прасьцёртасьць — гмах, магучы ўскалыхнуць зямлю мацней зямлятрасеньня.

Ня дзьмуў, а сьвістаў на яго шалёны вецер варожае стыхіі; згушчаўся цемнеж, сьціскаўся прастор. Колькі — ж трэба матэрыялу, каб у вагні пылаць і агнём асьвечваць займаючыся золак? І іскра, радзіўшая многа спадобных сабе, выпархнуўшая з падземнаго агню і запаліўшая полымя, завіхраваўшая ляву агняпышачай гары Беларускай Культур — перагарэла, пакінуўшы бляск, цяпло і зыркасьць…


Калі сядзіш тут, у горадзе цуд культуры тэхнікі, ў сталіцы краю, які выдае да 5000 пазваў газэт, які нячуванаю стараннасьцю свайго народу перамагае страшэнны скутак крывавейшае вайны, знаходзячы вымусовы спакой у самапалепшаньні, калі побач з бегатнёю старэнна наладжанай машыны культурна-навуковай творчасьці, ты толькі кладзеш каменьчыкі на падмурак яшчэ толькі афундамантаванага будынку, — то так і калоцішся, так і дрыжыш, каб ня выйсьці з рамак асьцярогі, каб ня выраніць каменьчыка і зьбіць рыхту… Бо каменьчык паложыш ты, каменьчык паложыць ён, каменьчык паложыць трэці, і — глядзі! — падмурак на корх вышэй… і лічым муляроў: адзін, два, тры, пяць, дзесяць…

І раптам… не каменьчык упаў, не цаглінка разьбілася, а муляр кінуў працу! Кінуў працу тады, калі яна ня церпіць адкладу, ня можа быць спынена і на каліва! Толькі ўдумацца ў сэнс гэтае трагэдыі, дакрануцца да яе чуцьцём, а не спаверху абкінуць узрокам, — і найцьвярдзейшая душа ня можа не здрыгануцца!!!


Але машына абсолютнага ня спыняецца… Дынаміка не перарываецца, бо гэта перакорыла-б сэнсу жыцьця. Мора ня можа засохнуць, агонь ня можа марозіць. Чалавецтва ня можа застыць ў нярухомасьці. Беларускі працоўны народ ня можа ня быць адным складаным роўнаскладаных яго… Таму дарукаю камяніста-цьвёрдая вера, якая жыве ў ім і якую ў расткох сваіх ён вывеў на сьвет, на ведама…

Над магілаю Бурбіса зьнімем шапкі, адкрыем грудзі, каб перахапіць у сябе выпушчаную ім энэргію агню, і шырокім крокам пакіруем туды, дзе золак вянчае чырванеючым вогнішчам устаўшае з-за лесу агромністае крывяністае сонца над будынінаю Беларускай Працоўнай Культуры, на якую многа-многа цаглін — літарамі Ў — паложана рукамі бясьсьмертнага нябожчыка Алеся Бурбіса!

Бэрлін, 14/IV 22 г.