Ў маёй душы — любові мора
Да вас, зялёныя гаі,
Да вас, міргаючыя зоры,
Да вас, захмарныя краі!
Вялікай сілай сьветавою
Мая істота ўся гарыць,
І прагне сэрца маладое
З прасторам вечным крэпка зьвіць.
Бо тыя дзівы, тыя чары,
Якімі поўна неба сінь, —
Па ўсім разгорнутым абшары,
Куды паглядам ты ня кінь, —
Трывожаць душу, родзяць зовы,
Ляцець-ляцець, зьнябыўшы жаль,
Шукаць красы, ва-векі новай,
Здымаць заслону з цёмных даль.
І гай зялёны й луг шырокі
Хадой няўпыннай абмяраць,
Ад нізу ўгору, ў гал высокі
Крылатай птушкай узьлятаць.
І ў моры променнага сонца,
Ў мірганьні срэбраным сузор
Лятаць, насіцца там бясконца,
Вакол зьмяраючы прастор;
Лятаць і сэрцам гартавацца
І душу ўзмоцніваць ў агні,
Каб сілу мець ва-век змагацца
За волю й шчасьце на зямлі.
Ў маёй душы — любові мора
Да шыры поля, да гаёў,
Да ўсіх нязьмераных прастораў,
Да ўсіх захованых краёў!
|