Перайсці да зместу

Уражаньні з экскурсіі па Наваградчыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З вандроўкі па Наваградчыне
Публіцыстыка
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1936 год
Крыніца: Часопіс «Беларускі фронт», № 5, 5 верасня 1936 г., б. 4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уражаньні з экскурсіі па Наваградчыне.

Выбіраючыся з беларускім студэнцкім выбегам у Наваградчыну, я быў папярэджаны, што спаткаюся там з скамунізаваным насельніцтвам, якога рупліва даглядае паліцыя, каторая адвосіцца да прыбылых у яе тэрэн турыстаў ня надта нетліва і ўпрыкрае падарож частым легітымаваньнем.

Як асабіста вынес уражаньне, дык справа скамунізаваньня насельніцтва аказалася перавялічанаю. Наваградчына агулам ня ёсьць скамунізаваная. Яна ёсьць нацыянальна сьведамая і мае радыкальныя пагляды, на што некаторыя дзейнікі глядзяць як на камунізм.

Датычна паліцыі, дык папярэджаньне аказалася слушным. Ужо пры першай астаноўцы ў Валяўцы ўіх нас вылегітымавалі і „прасілі“ не навязываць кантакту з сялянствам. Гэткае заяўлевьне паліцыі шмат што гавора і выясьняе прычыну магчымага скамунізаваньня сялянства. Ставячы перашкоды беларускай інтэлігенцкай патрыятычнай моладзі ў навязызаньні кантакту з іхнімі братамі сялянамі, адбіраецца гэтым магчымасьць накіраваць нацыянальную сьведамасьць сялянства на адпаведны і карысны шлях. Дзеля гэтага шмаллікія заканспіраваныя камуністычныя агітатары робяць сваё. А селянін не прасьвеціцца і ня знойдзе адкаду на розныя ягоныя сумнівы і беды, як толькі ў кайтакце з паліцыяй і сэквэстратарамі. Вось дзе прычыны духовага бездарожжа вялікай часткі сялянства!

Дзякуючы розным ад‘ёмным дзейнікам адміністрацыйнага і эканамічнага характару, нацыянальна сьведамае праваслаўнае жыхарства Наваградчыны настроена варожа да цяперашняга палажэньня. Гэта надта спрытна выкарыстоўваюць камуністычныя агітатары, якія робяць тое, што селянін пачынае сымпатызаваць Саветам, не сымпатызуючы аднак камуне і калектывам. Гэтая сымпатыя мае больш характар, сказаў-бы, палітычна-нацыянальны. Проста селянін адчувае кроўную сувязь з братамі Меншчыны, а модна нездаволены з свайго палажэньня, чакае нейкай перамены… Праўду кажучы, гэтае чаканьне абнядужвае людзей і адбірае ім ініцыятыву і ахвоту да працы.

Усе думкі і імкненьні сялянства магла-бы ськіраваць на адпаведную дарогу ягоная патрыятычная інтэлігенцыя. Але ёй перашкаджаецца рабіць з вёскай кантакт.

Пэсымістычныя настроі сялянства павялічваюцца яшчэ адносінамі да яго мясцовай адміністрацыі і паліцыі. Такі напрыклад паліцыянт па вёсцы лічыць сябе за нейкага непарушнага і недаступунага валадара, якому грамадзянін ня можа зьвярнуць ніякай увагі. Калі, напрыклад, у Цырыне я запытаўся ў расхрэстанага паліцыянта, які нас легітымаваў, чаму ён, выконваючы службу, мае ня службовы выгляд, дык ён крыклівым голасам выказываў абурэньне на падобнае запытаньне. Калі ёв так няветліва захоўваўся перад грамадой турыстаў, дык можна сабе прадставіць, як ён захоўваецца перад сялянамі!

Шмат дакучаюць насельніцтву г. з. шарваркі, якіх некаторыя раўнуюць з даўнай паншчынай. Гэтыя шарваркі запраўды забіраюць людзям шмат часу. Напрыклад адзін з жыхароў м. Сьвержня, маючы 5 га зямлі і дом, які аддае ў арэнду — мусіць адрабляць 150 дзён у год шарварку! „Кожны другі дзень трэба працаваць на пана шарварка”--казаў ён іранічна.

Абсьмеіваюць і дзівяцца сяляне з падзелу працы па шарварках. Гэтак, напрыклад, у Стоўпцах расказывалі, што ў іхнім раёне на кожным кроку можца спаткаць такі абразок: тры худзенькія кабеты капаюць зямлю, а іх даглядае, машыруючы з заложанымі ззаду рукамі, здаровы мужчына.

Калі дадаць яшчэ прымус бяленьня звонку драўляных хатаў (праўду кажучы, было-б куды лепш змушаць бяліць хаты ўнутры), дык будзе больш-менш абразок таго, што робіць селяніна нездаволеным ці нават камунізуючым. Паміма ўсяго селянін Наваградчыны ёсьць далёкі ад камуністычнай ідэолёгіі, нават у выпадках спачуваньня Саветам. Ён, можна сказаць, бліжэйшы да нацыяналізму: варожа адносіцца да ўсяго польскага, хаця крыецца з гэтым, нікому не давяраючы, і нават часам з пэўнай мэтай можа запісацца „православным полякем“ і гэтым уводзіць у блуд некаторыя польскія дзейнікі, якія бачаць у гэтам прыемную для іх асыміляцыйную праяву.

Тымчасам у сапраўднасьці гэтая праява ёсьць звычайным ашукваньнем сябе і іншых. Кажуць, што гэткім спосабам пры апошнім сьпісе ў Стоўпцах 50 праваслаўных беларусаў запісалася палякамі. Прыкрая гэта справа як для беларушчыны, так і для польшчыны.

Даецца заўважыць у селяніна і свой спэцыфічны антысэмітызм. Кожнага жыда ён лічыць за махляра, што аднак не перашкаджае яму рабіць з жыдом інтарэсы. Можна спаткаць жыхара пасвоему спачуваючага Саветам і адначасна выказываючага выразныя антысэміцкія пагляды. Наглядаецца гэта пераважна ў тых вёсках, дзе існуе коопэратыў.

За школьную акцыю сяляне ўзяліся энергічна. Аднак напатыкаюць у гэтым на вялікія перашкоды з боку мясцовых адміністрацыйных дзейнікаў, якія лічаць школьную акцыю зь камуністычную інтрыгу.

Разважыўшы ўсё, атрымоўваецца пераконаньне, што і дадатнія і ад‘ёмння вясковыя дзейнікі вядуць да ўсьведамленьня і нацыянальнай кансалідацыі беларускага народу, які памалу, але пэўна ідзе наперад у барацьбе за свае правы.

Ул. К.

Глядзіце таксама

[правіць]