Узвышша (часопіс)/1927/2/Вершы беларускага складу/Лявоніха

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бяседная Лявоніха
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Крыніца: Узвышша. — 1927. — №2, б. 3-4
⁂ (На Лявонавай кашулі вышыты галубкі…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лявоніха (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лявоніха

Ах, Лявоніха, Лявоніха мая!
Спамяну цябе ласкавым словам я, —
чорны пух тваіх загнутых брывянят,
вочы яркія, вясёлы іх пагляд;
спамяну тваю рухавую пастаць,
спамяну, як ты умела цалаваць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Ты пяяла галасьней ад салаўя,
ты была заўсёды першай у танку —
і ў „Мяцеліцы“, і ў „Юрцы“, і ў „Бычку“;
а калі ты жаці станеш свой загон,
аж дзівуецца нядбайліца Лявон.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
У цябе палова вёскі — кумаўя.
Знала ты, як запрасіць, пачаставаць,
і дарэчы слова добрае сказаць,
і разважыць, і у смутку зьвесяліць,
а часамі — і да сэрца прытуліць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Дай-жа бог табе даўжэйшага жыцьця,
Дай на сьвеце сумным радасна пражыць,
ўсіх вакол, як весяліла, весяліць.
Хай ніколі не забуду цябе я.
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!