Узвышша (часопіс)/Максім Багдановіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч (крытычна-біяграфічны нарыс)
Аўтар: Іван Замоцін
1927 год
Крыніца: Узвышша, 1927, №2,3,5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Проф. І. Замоцін

М. А. Багдановіч

Крытычна-біографічны нарыс

I

Увязка біографіі Максіма Багдановіча з генэзісам яго творчасьці; галоўныя моманты ў гэтай увязцы. Спадчыннасьць соцыяльная і псыха-фізыолёгічная і яе роля ў фармаваньні творчасьці поэты. Продкі поэты па лініі бацькі і маткі; выпадкі надаронасьці сярод іх; беларуская традыцыя ў іх асяродзьдзі. Матка поэты, падабенства яго з ёю характарам. Склад жыцьця і дзейнасьць бацькі; яго значэньне для інтэлектуальнага разьвіцьця поэты. Рысы спадчыннасьці ў здароў'і поэты.

____________

Калі разглядаць біографію пісьменьніка ня толькі як хронолёгічную канву, але і як матар'ял для асьвятленьня пытаньня аб генэзісе дадзенай творчасьці, то на першы плян прыходзіцца вылучыць тыя менавіта біографічныя моманты, з якіх фактычна складаецца ўвязка жыцьця і дзейнасьці пісьменьніка з яго літаратурнай прадукцыяй.

Гэтыя моманты наступныя: 1) соцыяльная спадчыннасьць; 2) псыха-фізыолёгічная спадчыннасьць па двух лініях―па лініі псыхічнага складу (напр., надаронасьць продкаў пісьменьніка) і па лініі фізычнага складу (напр., спадчынныя хваробы); 3) абстаноўка раньняга дзяцінства, паколькі яна рабіла ўплыў на фармаваньне псыха-фізыолёгічнай організацыі будучага пісьменьніка; 4) гады вучэньня і розныя ўплывы ў гэты час (кнігі, сябры, уражаньні наўкольнага жыцьця і прыроды і г. д.); 5) наўкольнае грамадзкае асяродзьдзе і грамадзкія сувязі як у гады юнацтва, так і ў гады сталасьці; 6) характар разумовых інтарэсаў пісьменьніка, яго дзелавой працы па спэцыяльнасьці (калі такая у яго была) і працы грамадзкай; 7) літаратурныя сувязі і літаратурныя ўплывы; 8) кола інтымных перажываньняў (склад асабовага жыцьця, выдатныя ў ім падзеі, сяброўскія сувязі, каханьне).

Для біографіі, больш складанай па матар'ялу і хронолёгічна больш працяглай, пералік гэтых момантаў, вядома, можа быць працягнуты; але ў дапасаваньні да М. А. Багдановіча, які памёр вельмі рана і пражыў сваё нядоўгае жыцьцё ў параўнальна простай абстаноўцы, гэтыя моманты амаль што вычэрпваюць увязку яго творчасьці з яго жыцьцём.

Па пытаньню аб соцыяльнай спадчыннасьці, як аб адным з момантаў у біографіі М. Багдановіча, шэраг цікавых і багатых зьместам доведак дае бацька поэты ў сваіх "Матар'ялах да біографіі Максіма Адам. Багдановіча" (рук.). Бацькі поэты ― Адам Юравіч Багдановіч і Марыля Апанасаўна, ураджоная Мякота. Адам Юравіч па пахаджэньню селянін. Яго бацька Юры Лук'янавіч, дзед поэты па бацьку, быў прыгонны дваровы памешчыка пана Лаппо, повар па професіі; ён належаў да Касарыцкага сельскага вобчаства, Ляскавіцкай воласьці, Бабруйскага павету, але яшчэ за малада быў перавезены сваім панам у куплены маёнтак пры мястэчку Халопенічах Барысаўскага павету, тут ажаніўся і асталяваўся. Дзед Адама Юравіча, прадзед поэты, Лук'ян Сьцяпанавіч, быў таксама дваровы, па профэсіі садоўнік; яго бацька Сьцяпан, прадзед Адама Юравіча, першы стаў насіць прозьвішча Багдановіч. Сам Адам Юравіч, які радзіўся ў Халопенічах 25-га сакавіка 1862 г., не застаў ужо прыгону, але усё-ж такі, як сын селяніна, нядаўнага панскага дваровага, перацярпеў усе прыкрасьці, якія выпалі на долю сялянскага хлопчыка і падростка ад соцыяльнага складу жыцьця таго часу. На шостым годзе жыцьця ён пачаў вучыцца чытаць і пісаць пад кіраўніцтвам "дамарослага бакаляра з сялянскіх хлапчукоў" і пад агульным наглядам мясцовага дыякана. У сем гадоў ён садзіў бульбу; з дзевяці гадоў стаў падзёньнікам у панскім двары, вучачыся разам з гэтым зімою ў школе, у якой выкладалі настаўнікі з сэмінарыстых. У трынаццаць год ён з посьпехам скончыў вясковую школу і разам з тым вышаў з сям'і на самастойную дарогу. Гэта дарога пашла ўжо не па вясковай, а па гарадзкой лініі; спачатку ён прабыў сем месяцаў вучнем у чыгуначнай майстэрні пры паравозным дэпо ў г. Менску; потым быў закантрактаваны на пяць гадоў вучнем да прыватнага майстра, сьлесара Мінкевіча, таксама ў Менску; прабыўшы тут каля году ва ўмовах, як ён сам кажа, "Чэхаўскага Ванькі“, ён быў аддадзены на вывучку аднаму з менскіх цукернікаў, дзе прабыў каля трох гадоў. Ахвота да кнігі і разумовай працы, набытая з маленства, не дала яму стала ўжыцца ні з адным рамяством і ў 1879 годзе, калі яму было 17 гадоў, ён паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, якую скончыў у 1882 годзе. Пасьля гэтага ён праслужыў дзесяць гадоў настаўнікам―спачатку у вёсцы, потым у Менску; з 1892 году з прычыны нездароўя, ён пакінуў службу ў школе і стаў служыць у Сялянскім банку, займаючыся разам з гэтым і разумоваю працаю іншых відаў.

Матка поэты, Марыля Апанасаўна, была дачкою дробнага чыноўніка, які служыў наглядальнікам Ігуменскай павятовай больніцы, але па мацеры сваёй і продках бацькі паходзіла з духоўнага званьня; урэшце аб духоўным яе пахаджэньні ў "Матар'ялах" гаворыцца толькі дапушчальна. Хвароба і беднасьць прымусілі яе бацьку адправіць усіх дзяцей (чатырох дачок і сына) для выхаваньня ў Менск у дзіцячы прытулак, дзе дзецям прышлося жыць у цяжкіх умовах бедна абсталяванай зачыненай навучальнай установы. Урэшце, Марылю Апанасаўну, як найбольш жвавую і надораную ад прыроды, параўнальна з яе сёстрамі (брат у скорым часе памёр), папячыцельніца прытулку, асоба, якая мела ўплыў у горадзе, узяла да сябе ў дом, пасылала вучыцца ў жаночае Аляксандраўскае вучылішча, а потым адправіла ў Пецярбург у "жаночую настаўніцкую школу" (больш дакладнага яе абазначэньня ў "Матар'ялах" няма). Тут яна і скончыла сваю адукацыю. У дзевятнаццаць год, у 1889 годзе, яна вышла замуж за Адама Юравіча Багдановіча, а ў 1896 годзе памерла.

Такім чынам, па лініі соцыяльнай спадчыннасьці поэта цесна зьвязаны, у асобе свайго бацькі і яго продкаў, з сялянскай масай; у асобе мацеры ён бліжэй суседзіцца з дробным чыноўнічым асяродзьдзем і часткова, больш далёка, з духавенствам. Гэтыя соцыяльныя ўмовы яго пахаджэньня трэба лічыць адным з сур'ёзных фактараў у разьвіцьці яго асобы і яго творчасьці; праводзячы свае дзіцячыя і вучнёўскія гады ў інтэлігентным асяродзьдзі бацькі, які жыў разумоваю працаю, і мацеры, якая атрымала скончаную, хоць і невялікую, адукацыю, і іх блізкіх сяброў і знаёмых, таксама людзей інтэлігентных,―ён у той самы час ня мог набыць ад бацькоў ніякіх вузка-саслоўных ці вузка-пабытовых традыцый і, наадварот, атрымаў, як спадак, у іх асобе моцную сувязь з працоўным народным жыцьцём і жыцьцём працоўнай інтэлігенцыі.

Ня менш значнымі былі ўплывы на будучага поэту і па лініі псыхічнай, асабліва інтэлектуальнай спадчыннасьці. Тут, перш за ўсё, карыстаючыся сьведчаньнем А. Ю. Багдановіча, прыходзіцца адзначыць выпадкі прыроднай надоранасьці сярод продкаў поэты з боку бацькі. Яго бабка па бацькаўскай лініі (Анеля Тамашова Асьмак) "мела надзвычайныя матэматычныя здольнасьці: ня гледзячы на тое, што была няпісьменнай, яна па чуцьцю разьвязвала нялёгкія альгебраічныя задачы".... "Некаторыя з яе ўнукаў, як відаць, пераняўшы спадчынай ад яе гэтую здольнасьць, разьвілі яе настолькі, што зьдзіўлялі знаўцаў выключнаю сілаю свае матэматычнае здольнасьці. Прынамсі, адзін з іх, родны брат Максіма, ня ведаў цяжкасьці ў гэтай галіне. Апрача таго, яна была здольнаю апавядальніцаю народных казак—здольнасьць, бязумоўна, поэтычная—насьледваўшы гэтую здольнасьць часткова ад свае маткі Рузалі Казіміраўны Асьмак, якая ў гэтым дачыненьні была вельмі здольнаю". У гэтым сьведчаньні А. Ю. Багдановіча аб надоранасьці яго мацеры (бабкі поэты) біографа павінна цікавіць менавіта другая адзнака гэтай надоранасьці, г. зн. не матэматычныя здольнасьці Анелі Тамашовай, а яе нахіл да мастацкага фольклёрызму,—рыса, уласьцівая як самому М. Багдановічу, так і шмат каму з яго старэйшых сучасьнікаў па літаратурнай эпосе.

Галоўным прычыньнікам гэтага ўхілу ў бок мастацкага фольклëрызму як непасрэдна для А. Ю. Багдановіча, так праз яго пасрэдніцтва і для яго сына—была ня столькі бабка поэты, колькі яго прабабка, Рузаля Казіміраўна. Перадача казачнага сюжэту для яе—так характарызуе яе поэтычную здольнасьць А. Ю.—была творчым актам; кожны раз яна ўносіла ў апрацоўку сюжэтаў новыя рысы; гаварыла моцна і нарасьпеў, надаючы гаворцы прыкметную рытмічнасьць. Яна ведала напамяць шмат беларускіх песень, і наогул была нашэльніцаю і хавальніцаю народнай старасьветчыны: абрадаў, звычаяў, варажбы, паданьняў, пасловіц, прыказак, загадак, народных лекаў і інш. Яе вядомасьць і ўплыў, як варажбіткі, знахаркі і захавальніцы народнага абраду ў выдатныя моманты народнага жыцьця (радзіны, хрэзьбіны, вясельлі, хаўтуры, засеўкі, зажынкі, дажынкі, талокі, улазіны і інш.), шырока была пашырана ў Халопеніцкай акрузе; да яе прыходзілі за парадамі і кіраўніцтвам, і ва ўсіх урачыстых выпадках запрашалі распарадніцаю—"парадак даваць"... "У сваіх этнографічных працах—робіць, паміж іншым, А. Ю. каштоўнае паказаньне—шмат што я скарыстаў з вялізарнага запасу яе ведаў, якія, паводле яе слоў, былі спадчыннымі ў раду Лісоўскіх і Парэцкіх (па яе бацьку і матцы)". Перадача спадчыннасьці ў сэнсе уплыву на генэзіс творчасьці М. Багдановіча ў дадзеным выпадку устанаўляецца фактычна: Багдановіч-бацька рабіў запісы фольклёрнага матар'ялу на падставе таго, што ён чуў ад свае бабкі, здольнай сказальніцы, а Багдановіч-сын скарыстаў запісы бацькі для сваіх мастацка-фольклёрыстычных вобразаў і малюнкаў. Па гэтых казках—кажа А. Ю., разумеючы казкі бабкі Рузалі—Максім азнаёміўся ўпяршыню з беларускаю моваю". У другім месцы сваіх "Матар'ялаў" ён ужо больш конкрэтна паказвае сувязь поэзіі свайго сына з фольклёрнаю спадчынаю, якая перашла да поэты ад яго прабабкі праз бацьку: "Сëе-тое запазычанае мною з гэтай крыніцы, праз мае пісаньні, адбілася на творчасьці яе (г. зн. Рузалі Казіміраўны) праўнука Максіма, пасвойму ім ператворанае, асабліва ў цыкле "У зачарованым царстве (гл. т. І, аддз. ІІ, "Вянок", №№ 91 і наступн.), дзе, напрыклад, - "Зьмяіны цар" зьяўляецца поэтычнаю перапрацоўкаю народнага павер'я, зьмешчанага ў маіх "Пережитках" са слоў мае шаноўнай бабулі". Зборнік А. Ю. Багдановіча пад гэтым загалоўкам („Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов", Гродно, 1895) трэба наогул лічыць аднэю з важных крыніц творчасьці яго сына; але больш дакладнае абсьледваньне гэтага пытаньня адносіцца ўжо не да біографічнага, а да крытычнага нарысу.

Прыродная надоранасьць продкаў поэты па мацярынскай лініі адзначаецца "Матар'яламі" ў асобе бабкі поэты і асабліва ў асобе яго маткі, Марылі Апанасаўны, якая перадала яму свой характар―у сэнсе агульнай псыхічнай організацыі і, у прыватнасьці, у сэнсе нахілу да творчага выабражэньня. А. Ю. характарызуе сваю нябожчыцу жонку, матку поэты, наступнымі рысамі: "Яна шмат чытала. Яе лісты зьдзіўлялі трапнасьцю назіраньняў, жывасьцю і маляўнічасьцю мовы. Адзінае апавяданьне, якое напісана ёю[1] і знаходзіцца сярод матар'ялаў (А. Ю. разумее рукапісныя матар'ялы для біографіі М. А. і для выданьня яго твораў), паказвае, што яна мела здольнасьць выяўленчасьці, а пры гэтай умове з яе магла-б выпрацавацца добрая пісьменьніца... Неабходна адзначыць яшчэ адну рысу: надзвычайную, часамі балючую жывасьць выабражэньня. Ня толькі Дастаеўскі яе мучыў хваравітаю яскравасьцю перажываньняў пры чытаньні (асабліва сон Сьвідрыгайлава), але нават чытаючы соцыялёгію Спэнсэра, дзе праводзіцца аналёгія паміж фізыолёгічным організмам і грамадзкім, яна так жыва выабражала ў чалавекавобразных формах некае цудзішча, галаву якога складаюць літаратары і вучоныя, у грудзëх шавеляцца поэты, у нагах ходзяць возьнікі, машыністыя і іншыя, машыны, паязды, тэлеграф,―што даходзіла жаху ад гэтага кашмарнага стварэньня свае фантазіі, і я толькі жартам мог прагнаць гэты змрок. Нязвычайная жывасьць успрыманьня, пачуцьця і рухаў―была асноўнаю выдатнаю рысаю яе натуры"... А. Ю. адзначае, апрача таго, у характары нябожчыцы свае жонкі, пры вонкавай рухавасьці, вясёласьці і грацыі, наяўнасьць "і таго непераможнага чароўнага хараства, якое прынята называць жаноцкасьцю". Пры гэтым жывы характар Марылі Апанасаўны не пазбаўлен быў і некаторай няўроўнаважанасьці, якая, аднак, ня йшла далей лёгкіх успышак, што хутка гасьлі ў пачуцьці справядлівасьці, якое яе ніколі не пакідала. Павышаная чуласьць у штодзенным жыцьці з яе дробязнымі падзеямі―кажа А. Ю.―часамі выяўлялася ўспыльчывасьцю, з момэнтальнаю адходчывасьцю, але яе прыроджанае пачуцьцё праўды і любасьць да справядлівасьці рабілі бяскрыўдны гэты маленькі недахоп характару (які мне, урэшце, прыносіў толькі задаваленьне): яна тут-жа, сама сабою, усьведамляла сваю віну або несправядлівасьць і шчыра каялася або прасіла прабачэньне". Зарысоўваючы псыхічнае аблічча свае нябожчыцы жонкі, А. Ю. ставіць яе па падабенству ў цесную сувязь з характарам свайго сына Максіма. Па складу свайго характару, мяккага і жаноцкага, па вясёласьці свае натуры, жвавасьці, чуласьці і ўражлівасьці, па паўнаце і мяккасьці нагляданьняў, па сіле ўвображаньня, плястычнасьці і разам маляўнічасьці прадуктаў яго творчасьці, ён больш за ўсё нагадваў сваю матку, асабліва ў маленстве". Разам з тым гэта падабенства псыхічнага аблічча поэты з яго маткай А. Ю. узводзіць да аднае агульнай крыніцы спадчыннасьці, іменна да бабкі поэты з боку маткі, на якую і маці Максіма і ён сам аднакава падобны былі характарам. Дзеля гэтага А. Ю. любіў, жартуючы, называць сына „Малевіч", г. зн. дзявоцкім прозьвішчам яго бабкі (Тацяны Язэпаўны Малевіч, замужам Мякота), сымболізуючы гэтым словам той душэўны склад, які быў агульным і для Марылі Апанасаўны і для яе сына Максіма. Лічачы асноўнай рысаю псыхічнага тыпу "Малевіч" павышаную жывасьць выабражэньня, А. Ю. знаходзіць магчымым пытаньне аб генэзысе поэтычнай здольнасьці свайго сына формуляваць так: "...яго поэтычны талент ёсьць дар яго маткі, які ў ёй самой драмаў у няразьвітым стане"; урэшце, ён дапускае, што гэты талент мог быць таксама і "асколкам поэтычнай здольнасьці яго прабабкі Рузалі, казкам якой і песьням (у запісах А. Ю.) ён абавязаны абуджэньнем свайго таленту. Устанавіць больш дакладна ўплыў мацеры на асобныя бакі творчасьці поэты―пытаньне спэцыяльнага аналізу яго літаратурных твораў. Пакуль што можна, аднак, сказаць, што гэты ўплыў бязумоўна быў. І вось адзін конкрэтны прыклад: у памянёнай вышэй характарыстыцы Марылі Апанасауны ёсьць паказаньне А. Ю. на адзін з прадуктаў яе павышанай адчувальнасьці― створаны ёю, пад уплывам чытаньня Спэнсэра, вобраз чалавекавобразнага цудзішча, якое ўвасабляе жыцьцё грамадзкага організму. Гэты вобраз у некаторай варыяцыі адноўлен у вершаваных накıдах поэты, напісаных, напэўна, таксама пад уплывам Спэнсэра (гл. разьдзел ІV, № 261). Праўда, тут чалавекавобразнае цудзішча заменена цудзішчам спрутам, або сіфонофорай, (як відаць, не бяз уплыву аднаго з артыкулаў Н. Д. Ножына―гл. артыкул М. А. Багдановіча аб Ножыне у "Ежем. Журн.", 1916, № 6), але сам мотыў увасабленьня вельмі нагадвае вышэйпамянёны выпадак з асабовых перажываньняў Марылі Апанасаўны.

Калі з боку маткі поэта атрымаў у спадчыну жывасьць увображаньня, то з боку бацькі яму дадзены былі бязумоўныя задаткі да інтэлектуальнага разьвіцьця. Яго бацька, Адам Юравіч, які прабіваў спачатку, у дзяцінстве і ў раньнім юнацтве, сабе дарогу цяжкаю фізычнаю працаю, урэшце дабіўся адукацыі і стаў жыць разумоваю працаю, спачатку працуючы ў школе на вёсцы і ў Менску (агулам у працягу дзесяцёх гадоў, 1882-1892), потым служачы на розных пасадах у Сялянскім банку ў Гародне, Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі (1892-1920). Разам з тым ён загадваў у працягу шэрагу гадоў спачатку гародзенскаю публічнаю бібліотэкаю, потым аднэю з Ніжагародзкіх бібліотэк. Цяпер, прапрацаваўшы ў галіне разумовай працы звыш 40 гадоў, ён лічыцца загадчыкам Навуковай бібліотекі пры Гістарычным музэі у гор. Яраслаўлі. Роўналежна з службаю А. Ю. з маладых гадоў аддаваў свае сілы і перадавой політычнай дзейнасьці: з 1882 па 1892 г. ён лічыўся членам партыі "Народнай Волі", праводзіў організацыйную працу партыі ў вёсцы і ў Менску, кіраваў падпольнымі гурткамі самаадукацыі. Самую службу ў Сялянскім Пазямельным Банку ён выбраў сьвядома, як такую, якая найбольш адпавядала яго народніцкім пераконаньням, і на працягу амаль 28 гадоў, у якасьці ацэншчыка і зямляўпарадчыка, спрыяў пераходу у рукі працоўнага народу звыш 400.000 дзесяцін зямлі (па яго прыблізнаму падліку) у розных губэрнях―Гародзенскай, Ніжагародзкай, Уладзімерскай, Яраслаўскай, Валагодзкай і Таўрычаскай. Ня гледзячы на тое, што служба брала шмат часу і энергіі, А. Ю. не парываў сувязі з літаратурнаю навуковай працай; апрача цэлага шэрагу навуковых і літаратурных артыкулаў, якія А. Ю. зьмяшчаў з 1885 году ў пэрыодычных провінцыяльных выданьнях, яго пяру належыць некалькі каштоўных прац па этнографіі Беларусі. Сюды,―апрача ўжо цытаванае вышэй працы "Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов", у свой час адзначанай навуковаю крытыкаю,―адносяцца яго артыкулы ў "Материалах для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края" П. В. Шейна („Сборники отделения русского языка и словесности Ак. Н.", т. т. 41, 51 і 57), "Нечистая сила по воззрениям белоруссов“ („Научное Обозрение" 1894 г.), "Про панщину. Очерки крепостного быта в Белоруссии (Гродна, 1895 г.) і інш; шэраг артыкулаў і нарысаў А. Ю-ча прысьвечаны зямельным пытаньням, зьвязаным з дзейнасьцю Сялянскага Пазямельнага Банку.

Неабходна ўзяць пад увагу пастаянны ўдзел А. Ю-ча ў розных таварыствах і выступленьні яго там з дакладам па навуковых і літаратурных пытаньнях, а таксама яго цесную сувязь з мясцоваю інтэлігенцыяй ува ўсіх гарадох, дзе яму прыходзілася служыць. Такім чынам, атмосфэра бесьперарыўна разумовай працы і сур'ёзных разумовых інтарэсаў з пэўным ухілам у бок перадавой грамадзкасьці пастаянна абкружала будучага поэту, з самых раньніх гадоў яго маленства. Уплыў А. Ю-ча на выхаваньне і разумовае разьвіцьцё сына больш конкрэтна, вядома, адбіўся ў гады хатняга першапачатковага навучаньня, якім, як мы ўбачым ніжэй, ён кіраваў сам; але і незалежна ад гэтага ўся абстаноўка жыцьця ў сям'і, дзе на першым месцы стаялі інтэлектуальныя і грамадзкія інтарэсы, павінна была зрабіць адпаведны ўплыў на фармаваньне сьветапогляду маленькага Максіма.

Са спадчыннасьцю па лініі фізычнага складу справа стаіць далёка ня так добра, як са спадчыннасьцю па лініі псыхікі. Продкі А. Ю. з боку бацькі вызначаліся доўгавечнасьцю, але з боку маткі здароўе яго продкаў ужо зьяўляецца неаднастайным: ёсьць выпадкі даволі раньняй сьмерці (ува ўзросьце каля 36-37 гадоў), сьмерці ад сухот, запаленьня лёгкіх. Адзначаючы гэтыя факты, А. Ю. робіць вывад, што спадчыннае здароўе ў яго раду было ўва ўсякім разе ня ніжэй сярэдняга. Значна горш гэта спадчыннасьць была з боку маткі, Марылі Апанасавай. Яе бацька памёр параўнаўча рана, калі дзеці яго былі яшчэ малалетнімі, ад некай "цяжкай хваробы", якая больш дакладна ў "Матар'ялах" не азначана. Сама Марыля Апанасаўна пасьля нараджэньня чацьвертага свайго дзіцяці захварэла скорацечнымі сухотамі і памерла ў Гародні у 1896 г., калі ей было крыху больш як 27 гадоў ад роду. Максім Адамавіч, як відаць, насьледваў слабое здароўе мацеры, і гэта абставіна, ня гледзячы на ўсе профіляктычныя захады, зробленыя бацькам, вельмі рана выявілася ў нахіле яго да сухотаў.

II

Абстаноўка раньняга дзяцінства Максіма і першапачатковае навучаньне (1891-1902). Жыцьцё ў Гародні; блізкасьць да роднай прыроды. Выхаваўчы ўплыў бацькі і маткі. Здароўе хлопчыка. Дзіцячыя катастрофы. Сьмерць мацеры. Пераезд у Ніжні-Ноўгарад і жыцьцё там. Першапачатковае навучаньне да паступленьня ў школу пад кіраўніцтвам бацькі; сыстэма навучаньня і яе ўплыў на разьвіцьцё будучага поэты; кола дамашняга чытаньня; першае знаёмства з беларускай народнай поэзіяй.

_____________

Абстаноўка раньняга дзяцінства, на першы погляд, нескладаная і не яскравая, была, аднак, досыць значная па зьместу для таго, каб унесьці ў разьвіцьцё будучага поэты шэраг значных момантаў.

Максім Багдановіч быў другім па ўзросту дзіцём у сям'і. Дата нараджэньня яго―27 лістапада (ст. ст.) 1891 г. Як і старэйшы яго брат Вадзім (першы ў сям'і), Максім нарадзіўся ў Менску на Траецкай Гары (цяпер Пляц Парыскай Камуны) па Аляксандраўскай (цяпер Камунальнай) вуліцы ў доме Коркозовіча (цяпер дом № 25), у дварэ, на другім паверсе; там зьмяшчалася тагды 1-ае прыходзкае вучылішча і настаўніцкая кватэра А. Ю-ча; двое іншых дзяцей А. Ю-ча і Марылі Апанасаўны (усяго было чацьвёра дзяцей), сын Леў і дачка Ніна, нарадзіліся ў Гародні, куды А. Ю. па службе перавёўся з Менску ў чэрвені 1892 году.

Раньняе дзяцінства Максіма, такім чынам, праходзіла ужо ня ў Менску, а ў Гародні (1892-1896); разам з усёю сям'ёю ён перавезен быў туды 6 месяцаў ад роду. У Гародні А. Ю. пасяліўся на краі гораду, дзе ўмовы выхаваньня малых дзяцей былі, як ён сам паказвае, зусім спрыяючымі: "на дварэ садзік, наўкол сады, поле, непадалёку лес, ды і Нёман недалёка". Дзеці, карыстаючыся досыць мяккім кліматам, шмат часу праводзілі на чыстым паветры. "Увесь вольны час―расказвае Ю.―я аддаваў дзецям, каб палегчыць цяжар мацеры, у якой праз два гады пасьля Максіма зноў нарадзілася дзіця-сын Лёва. Я часта браў іх на прагулку―і ў поле, і у лес, і на Нёман, цягаючы Максіма, як меншага, за плячыма". Калі узяць пад увагу, што маленькі Максім пражыў у Гародні першыя пяць гадоў свайго жыцьця, да пераезду бацькі ў Ніжні-Ноўгарад у кастрычніку 1896 году, то нельга не адзначыць гэтых раньніх і, бязумоўна, спрыяючых, уражаньняў ад роднай прыроды, якая адыграла вельмі значную роль у разьвіцьці яго поэтычнай творчасьці,―тым больш, што зноў беларускае жыцьцё і прыроду ён убачыў толькі ў 1911 годзе, калі, па сканчэньні гімні, паехаў у Вільню.

Другою акалічнасьцю, зьвязанаю з раньнім дзяцінствам,―і якая таксама, бязумоўна, мела дачыненьне да яго разьвіцьця,-быў выхаваучы ўплыў мацеры. Педагог па адукацыі, Марыля Апанасаўна пробавала дапасаваць да сваіх дзяцей фрэбелеўскую сыстэму выхаваньня пачуцьцяў, і дзеля гэтага некаторы час яна старалася згуртаваць увагу дзяцей на так званых "разумных цацках". Сыстэма гэта, аднак, у сям'і не прыжылася. Затое―кажа А. Ю.―матка была нявычарпальная ў справе вынаходжаньня розных гульняў і забавак для дзяцей і сама аддавалася ім з шчырым захапленьнем. Варочаючыся са службы, я ўжо чуў у дварэ, у садзе альбо ў пакоі вясёлы дзіцячы сьмех, валтузьню, бегатню. Асабліва сьмяшлівы, з быстрымі, урэшце, пераходамі да плачу, быў Максім. Хутка плаксівасьць прайшла, а сьмяшлівасьць засталася аж да юнацтва“. Такім чынам, у мацярынскім выхаваньні спадчынная жывасьць пачуцьця і выабражэньне знаходзіла здаровую, умацавальную абстаноўку.

У канцы пятага году ад нараджэньня маленькі Максім застаўся бяз маткі (сканала 4-га кастрычніка 1896 г.) і хутка пераехаў з усёю сям'ёю ў Ніжні-Ноўгарад, куды бацьку назначылі на службу. Нябожчыцу матку замяніла спачатку іх цётка па бацьку, сястра А. Ю-ча, Марыля Юраўна, потым другая жонка А. Ю-ча, якая таксама хутка памерла, і, нарэшце, цётка з боку маткі, Аляксандра Апанасаўна. "Але выхаваньне і першапачатковае навучаньне дзяцей у гэты Ніжагародзкі кругабег (1896―1908) заставалася цалкам на абавязку бацькі. Жыцьцё дзяцей у Ніжнім, як расказвае сам А. Ю., было такое-ж, як і ў Гародні. Амаль штодзень бацька браў дзяцей на прагулку у сады, летам на Волгу, на берагі Окі, або за горад, у гай і поле. У час прагулак вяліся даступныя для дзяцей нагляданьні над прыродаю і адпаведныя гутаркі. Калі дзеці сталі падрастаць, А. Ю. стаў іх браць па чарзе з сабою у службовыя паездкі (для агляду і ацэнкі зямель па даручэньню Сялянскага Пазямельнага Банку), раён якіх ахапляў ня толькі Ніжагародзкую, але і Ўладзімерскую губэрні. Падрэшт, незалежна ўжо ад службы, паездкі з дзецьмі наладжваліся ў Маскву, па Волзе і Каме, у Крым, але гэтыя сямейныя экскурсіі адносяцца ужо не да раньняга дзяцінства Максіма, а да гадоў яго вучэньня дома і ў школе.

У агульным выніку ўражаньні раньняга дзяцінства трэба лічыць спрыяючымі як для выхаваньня сфэры дзіцячых пачуцьцяў і выабражэньня, так і для першапачатковага разумовага разьвіцьця. Здароўе хлопчыка ў гэтыя першыя шэсьць гадоў не выклікала, як відаць, ніякай небясьпекі. Ён нарадзіўся здаровым дзіцём і разьвіваўся ў нормальнага па здароўю і жвавага хлопчыка. Але і гэтыя гады не абышліся без няўхільных дзіцячых катастроф. У два месяца ад роду дзіця моцна апяклося аб гарачае лямпавае шкло, якое па няшчаснаму здарэньню ўпала яму на голае цельца; вынікам гэтага была болька і доўгае яе лячэньне. На шостым годзе жыцьця, у скорым часе пасьля прыезду ў Ніжні-Ноўгарад, з Максімам здарылася яшчэ адна дзіцячая катастрофа: бегаючы па гладка нацёртай падлозе, ён паваліўся і, стукнуўшыся аб падлогу падбародкам, адсек сабе зубамі кончык языка; адсечаны кусок языка, які ледзь трымаўся адным краечкам у залітым крывёю роце, прышлося прышываць хірургічным спосабам; дзіця вытрымала гэтую опэрацыю, не застагнаўшы, не аказаўшыся. Абадва гэтыя здарэньні, магчыма, не пакінулі сьледу на агульным стане яго здароўя, але, напэўна, не засталіся бяз уплыву на яго павышаную нэрвовасьць. Куды большае значэньне мела для агульнага складу яго псыхікі трэцяя катастрофа—раньняя сьмерць маткі. Хлопчыку ў гэты час было без чаго пяць год. У тую роспачную раніцу, 4-га кастрычніка 1896 г., Максім, які не чакаў блізкае разьвязкі ў хваробе мацеры, быў неяк асабліва шумлівы і вясёлы. Баючыся занепакоіць пры сьмерці Марылю Апанасаўну, бацька спыніў хлопчыка, які раздурэўся, і пасадзіў у суседнім пакоі на крэсла, казаўшы: "сядзі ціха". І вось дзіця, якое па твары бацькі здагадалася, што насоўваецца гора, ",неяк самотна панікла, як-бы асунулася". Праз увесь час перадсьмертнай мукі мацеры яго ня было чутно. І вось, як цяпер (дадае А.Ю.), бачу схіленую маленькую постаць з роспачлівым выразам дзіцячага твару, з пытлівым поглядам. Маленькае падабенства маткі... Ён увесь час паслухмяна сядзеў на крэсьле. І нават сьмерці маткі ня бачыў". Але ён, бязумоўна, гостра адчуў гэту сьмерць, і яна, напэўна, была для яго адным з абуджальнікаў мэлянхолічнага настрою, што праходзіў па яго творчасьці. Гэта-ж сьмерць была мяжою, якая аддзяліла яго раньнія дзіцячыя гады ад гадоў юнацтва, отрацтва і першапачатковага вучэньня. "Маленькае падабенства мацеры", якое жыло ў раньнім дзяцінстве цеснаю спадчыннаю сувязьзю з псыхікаю тыпу „Малевіч", цяпер, пасьля сьмерці мацеры, пераходзіла выключна пад апеку бацькі, які таксама моцна любіў дзяцей, але меў на іх пераважна інтэлектуальны ўплыў: "Малевіч" павінен быў, у сваю чаргу, стаць "Багдановічам", каб пасьля гармонічна зьліць абадва гэтыя душэўныя склады ў адно цэлае ў сваёй творчасьці.

Гады вучэньня прайшлі пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі. Першапачатковае навучаньне дзяцей А. Ю. пачынаў з шасьцёх гадоў і вёў у пэўнай сыстэме. Спачатку лемантар і "Родное Слово" (ч. ч. І і ІІ), потым "Детский мир" Ушынскага; потым гісторыя, географія, пачаткі фізыкі, хіміі, зоолёгіі і іншых навук па папулярных нарысах, апісаньнях падарожжаў, урыўках з адпаведных чытанак і іншых дапаможніках, даступных для дзіцячага ўзросту. Сутнасьць сыстэмы навучаньня ў А. Ю. зводзілася да таго, каб на матар'яле даступных для дзяцей нагляданьняў і шляхам чытаньня дапасаваных да ўзросту, па магчымасьці, мастацкіх твораў, даць дзецям, яшчэ да паступленьня іх у сярэднюю школу, —як ён кажа,—"поўнае маленькае кола ведаў". Можна, калі хочаце, пярэчыць з пэдагогічнага і методычнага боку супроць такога падбору першапачатковых навучальных кніг, якія ён паказвае ў сваіх "Матар'ялах", але нічога нельга сказаць супроць гэтай концэнтрацыі (коррэляцыі, нават комплекснасьці—скажам тэрмінолёгіяй нашай сучаснасьці) першапачатковых ведаў, якая, бязумоўна, адыграла вядомую ролю ў формаваньні суцэльнага, таксама сконцэнтраванага сьветапогляду будучага поэты. Пасьля паступленьня дзяцей у гімназію, А. Ю. ня ўмешваўся ў іх школьнае навучаньне, але пастаянна, асабліва ў першыя гады вучэньня ў школе, кіраваў іх хатнім па-за клясавым чытаньнем, якое ў яго "ставілася сыстэматычна і цесна зьвязвалася з агульным ходам навучаньня". У падборы кніг для дамашняга чытаньня ня было твораў спэцыяльна так званай дзіцячай літаратуры, як чыста штучных літаратурных "вырабаў": на іх месца ўведзены былі "помнікі народнай творчасьці і мастацкія творы, даступныя для дзіцячага разуменьня". У сьпісе кніг для хатняга чытаньня паказаных А. Ю-чам у "Матар ялах", мы знаходзім для гэтага: 1) клясыкаў як расійскіх, так і заходня-эўрапейскіх (Арыост, Дантэ, Сэрвантэс, Мільтон, Міцкевіч, Пушкін, Гогаль і г. д.) і 2) рознастайныя ўзоры народнага эпасу (быліны, сербскія і баўгарскія песьні, Эдда, Песьня аб Нібялунгах, романсы аб Сідзе, Рустэм і Зораб, урыўкі з Іліяды, Одысеі і Энэіды і г. д.). Першымі кніжкамі з гэтага сьпісу для Максіма, як і для іншых дзяцей, былі, згодна паказаньня А. Ю-ча, "Детские сказки" Афанасьева і беларускія казкі запісу самога А. Ю-ча, а таксама беларускія казкі з зборнікаў Шэйна і Раманава, якія чыталіся дзяцьмі па выбару бацькі. У гэтым пераліку па-за клясавага чытаньня зварочвае на сябе ўвагу: 1) наяўнасьць беларускай народнай поэтычнай стыхіі, якая з самага раньняга дзяцінства ўдзельнічае ў выхаваньні будучага поэты і 2) шырокае выкарыстаньне узораў сусьветнай народна-эпічнай і мастацка-літаратурнай творчасьці. Апошняя акалічнасьць, бязумоўна, выхоўвала ў будучым поэце тую шырыню літаратурных інтарэсаў, якая з часам вызначылася як у рознастайнасьці жанраў у яго ўласных поэтычных досьледах, так і ў яго шматлікіх перакладах і перайманьнях чужых літаратараў (гл. М. Багдановіч, т. 1, разьдз. ІІІ). Неабходна, гаворачы аб хатнім навучаньні дзяцей пад кіраўніцтвам А. Ю-ча, адзначыць пільную ўвагу кіраўніка да абуджэньня і разьвіцьця эстэтычнага густу ў сваіх вучняў. "Разьвіцьцю густу, эстэтычных пачуцьцяў―расказвае А. Ю.―надавалася вялікае значэньне. Дзеці дэклямавалі і завучвалі вершы толькі высокамастацкія. Побач з гэтым высьвятляліся спосабы мастацкай творчасьці: трапныя і маляўнічыя эпітаты, удалыя мэтафары і усе дапаможныя спосабы мастацкае мовы. А галоўнае―я імкнуўся шляхам чытаньня мастацкіх твораў выклікаць пэўны настрой, абудзіць спачуваньне, прымусіць дрыжаць адказныя струны". Такім чынам, пачуцьці мастацкай формы і знаёмства з мастацкай тэхнікай будучы поэта мог вынесьці ўжо з першапачатковых бацькаўскіх лекцый і гутарак. У інтарэсах больш суцэльнага разьвіцьця чытаньне было так наладжана, каб роўналежна з чысталітаратурным матар'ялам даць юнаком-чытачом і матар'ял па іншых галінах ведаў, напрыклад, па прыродных навуках. Апрача таго, бацька заахвочваў і да фізычных практыкаваньняў ад лёгкай гімнастыкі да лазаньня па дрэвах і крутых берагох. Рабіліся спробы таксама, шляхам практыкаваньняў у сталярным і сьлесарным рамястве, выпрацаваць адпаведныя працоўныя навукі. Але гэты бок выхаваньня ня ўдаўся дзеля таго, што к школьным гадом здароўе дзяцей, у тым ліку і Максіма, стала пагражаць небясьпекаю з боку нахілу іх да сухотаў.

Але ўсё-ж такі з 11-гадовага ўзросту для Максіма пачалося правільнае школьнае жыцьцё. Ён паступіў у 1902 г., пад канец свайго адзінаццатага году, у Ніжагародзкую гімназію. Тут ён прабыў шэсьць гадоў, з першай клясы па пятую уключна, прычым у чацьвертай клясе заставаўся на другі год. У 1908-9 навучальным годзе, з пераходам А. Ю-ча (з 1907 г.) на службу ў Яраслаў, ён пераведзен быў у 6-ую клясу Яраслаўскай гімназіі, якую і скончыў у чэрвені 1911 году.

III

Гімназічныя гады (1902-1911). Настаўніцкае асяродзьдзе і гурткі самаадукацыі. А. К. Кабаноў; далейшае разьвіцьце ў Максіма Багдановіча цікавасьці да беларусазнаўства. Выкладчык В. В. Белавусаў; заняткі М. Б. языкамі антычнымі і новымі; паглыбленьне знаёмстваз чужаземнымі літаратурамі. Рэвалюцыйны рух у гімназіі і ціка-васьць да яго М. Б.; зварот да політычных і соцыяльных пытаньняў і адпаведнае кола чытаньня. Паездкі ў канікулярны час (на кумыс, у Крым); уражаньні ад наўкольнай прыроды і новыя знаёмствы. Адносіны М. Б. да школьных заняткаў у гімназіі; яго атэстат зрэласьці. Агульны характар разумовых інтарэсаў у гімназічныя гады; цэнтральнае ў іх палажэньне „беларусікі".

__________________

Навучаньню ў гімназіі, пасьля сыстэматычнай хатняй падрыхтоўкі і пры наяўнасьці далейшага хатняга кіраўніцтва самаадукацыі ў дзяцей, А. Ю. дадаваў выключна фармальнае значэньне, як пэўна працяглай спробе, якой трэба падпасьці, каб папасьці ў вышэйшую школу. Аднак-жа, ён адзначае шэраг момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма, якія маглі мець добры ўплыў на яго разьвіцьцё.

Першы момант―гэта паасобныя настаўнікі, якія складалі лепшую частку педагогічнага пэрсоналу гімназіі. Да іх належыць С. В. Шчарбакоў, дырэктар Ніжагародзкай мужчынскай гімназіі; чалавек высокаадукаваны, буйны грамадзкі дзеяч, старшыня цэлага шэрагу навуковых і асьветных таварыстваў,―ён меў разам з гэтым вялікі педагогічны такт. У сям'і Шчарбакова, якога А. Ю. у сваіх успамінах называесваім сябрам, Максім быў прыняты як свой, і гэта інтэлігентная і, між іншым, "музычная" сям'я мела для Максіма, па думцы А. Ю-ча, "немалаважнае адукацыйнае значэньне". Сярод іншых выдатных маладых настаўнікаў гімназіі А. Ю. адзначае А. К. Кабанова, настаўніка гісторыі. А. К. Кабаноў, беларус па пахаджэньню, быў, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, знаўцам менавіта беларускай гісторыі, і маладога Багдановіча зьвязвала з гэтым выкладчыкам любасьць да Беларусі і цікавасьць да беларусікі". Дзеля гэтага нават пасьля пераезду з Ніжняга-Ноўгараду ў Яраслаў Максім Багдановіч і надалей вëў з Кабановым перапіску па пытаньнях беларусазнаўства або, як кажа А. Ю., па "беларусіцы". Такім чынам, калі гурткі самаадукацыі, аб якіх таксама ўспамінае А. Ю., якія кіраваліся маладымі выкладчыкамі Ніжагародзкай гімназіі, давалі Максіму, удзельніку гэтых гурткоў, матар'ял для агульнага разьвіцьця, то зносіны з Кабановым выхоўвалі ў ім цягу да беларускага руху, якая з гадамі ўсё больш і больш вызначалася. У асяродзьдзі пэдагогічнага персоналю Яраслаўскай гімназіі, у якой Максім Багдановіч вучыўся, пачынаючы з шостай клясы, таксама знашоўся адзін выкладчык, з якім блізка зышоўся на глебе літаратурных інтарэсаў. Гэта быў В. В. Белавусаў, "тыповы гуманісты", — як яго азначае А. Ю., — "дасканалы знаўца грэцкае і латынскае мовы і клясычнай старасьветчыны", які разам з гэтым добра ведаў і новыя эўрапэйскія мовы. "Максім вельмі часта яго наведваў"—расказвае А. Ю. „Гутаркі гэтага высокаадукаванага чалавека па пытаньнях літаратуры і мастацтва, бязумоўна, мелі добры ўплыў на разьвіцьцё Максімавага густу і мастацкага чуцьця. Ён-жа кіраваў заняткамі Максіма пры вывучэньні ім мовы грэцкай, італьлянскай і Францускай, якімі Максім займаўся ня толькі ў гімназічны час, але і ў гады студэнцтва, карыстаючыся кіраўніцтвам і паказаньнямі гэтага свайго настаўніка і сябра". Пад кіраўніцтвам В. В. Белавусава, трэба думаць, канчаткова ўмацавалася тая шырокая цікавасьць да узораў антычнае і заходня-эўрапэйскай літаратуры, якая была заложана яшчэ бацькаўскаю сыстэмай першапачатковага навучаньня і па-заклясавых заняткаў; адгэтуль-жа, мусіць быць, вядзе свой пачатак нахіл Максіма Багдановіча да антычнай мэтрыкі і да перакладаў і перайманьняў з антычных і заходня- эўрапэйскіх поэтаў (гл. т. І, разьдз. ІІ, "Вянок", № № 153, 154, 169, 178 і разьдз. ІІІ―пераклады).

Другі момант у гімназічным кругабезе жыцьця М. Багдановіча, які мае сувязь з ростам яго разумовых і літаратурных інтарэсаў, трэба бачыць у яго ўдзеле ў гімназічным рэвалюцыйным руху. Гэты рух ахапіў Ніжагародзкую гімназію, як і іншыя навучальныя ўстановы ў 1905 і 1906 годзе. Звонку гэта выявілася ў вучнёўскіх мітынгах і ўсялякіх школьных непарадках аж да ўзрыву бляшанкі з порахам, вынікам якіх было часамі часовае зачыненьне некаторых клясаў. Максіма Багдановіча гэты рух застаў у 4-ай клясе, дзе ён прабыў два гады (1905-1906, 1906-1907). У адносінах да школьнага жыцьця ўдзел яго ў рэвалюцыйным руху прывёў: 1) да таго, што ён, адарваўшыся, як і некаторыя іншыя яго таварышы, ад правільнага вучэньня, прымушан быў застацца на другі год у той самай клясе; 2) да таго, што ён, пакрываючы таварыша, умяшаў сябе ў справу аб узрыве ў гімназіі і прымушан быў даваць тлумачэньне гімназічнаму начальству і 3) да таго, нарэшце, што яго ня зразу прынялі ў Яраслаўскую гімназію, як непакойнага вучня, і першы час пасьля прыёму яго (у 6-ую клясу, у сярэдзіне 1908-9 вуч. году) адносіліся да яго падазрона. Але ў дачыненьні да яго агульнага разьвіцьця і падрыхтоўкі да літаратурнай дзейнасьці гэты рух меў больш сур'ёзныя вынікі. Не бяз уплыву большага брата Вадзіма, які прымаў жывы ўдзел у гімназічных непарадках і на мітынгах выступаў, як выдатны прамоўца,—Максім прыкметна захапляўся політыкаю. Не жадаючы, аднак, проста пераймаць брата, ён, як расказвае А. Ю., з арыгінальнасьці "абвясьціў сябе анархістым". Пры гэтым—"ён ня толькі пакінуў вучэбныя заняткі, але часткова закінуў сваю ўлюбёную беларусіку. На стале ў яго зьявіліся Бакунін, Прудон, Эльцбахэр, Малатэста, Чэркэзаў і інш... Ён неўзабаве ўтварыў у сваёй клясе (4-ай!) гурток юных анархістых і нават хацеў, так сказаць, легалізаваць яго (шляхам наданьня клясе права сходаў). Гэты паварот у бок політычных і соцыяльных тэм і пытаньняў належыць, вядома, адзначыць. З маленства прывыкшы жыць у атмасфэры грамадзкасьці, якая абкружала заўсёды яго бацьку і яго бліжэйшае асяродзьдзе, Максім цяпер, пад уплывам гімназічных уражаньняў, значна паглыбляе сваю сувязь з соцыяльнай стыхіяй і, так сказаць, падрыхтоўвае яе ўступленьне побач з "беларусікаю" ў тэматыку яго поэтычнай творчасьці. Гэтым, вядома, тлумачыцца, што, пашыраючы і далей колас сваіх соцыяльных думак і нагляданьняў у студэнцкія гады, ён аб'яднаў у сваіх творах свае эстэтычныя перажываньні з перадрэвалюцыйнымі настроямі і нацыянальныя тэмы Беларусі, якая адраджалася, з яе соцыяльнымі запатрабаваньнямі.

Трэці момант з гімназічнага кругабегу жыцьця Максіма Багдановіча, які мае таксама датычэньне да крыніц яго творчасьці,―гэта яго розныя паездкі ў час канікулаў, якія абагачалі яго ўражаньнямі ад малюнкаў прыроды і побыту, якія прыходзілася яму наглядаць, а часткова і ад некаторых новых сустрэч і знаёмстваў. Шэраг гэтых паездак пачынаецца з 1900 г., г. зн. яшчэ за два гады да паступленьня Максіма ў гімназію, калі А. Ю. упяршыню павёз сваю сям'ю на кумыс,― галоўным чынам, дзеля большага сына Вадзіма, у якога ужо выявіліся адзнакі сухотаў. Дзеля адпачынку і лячэньня А. Ю. пасяліўся з сям'ёю ў аднаго башкіра ў вёсцы Караякупава Уфімскай губэрні. Тут дзеці былі заўсёды блізка да прыроды і добра азнаёміліся як са стэпам у яго летнім убраньні, так і з перадгор'ямі Уралу. Робячы з дзецьмі прагулкі, А. Ю. стараўся зрабіць з гэтых прагулак літаратурныя экскурсіі, менавіта―да малюнкаў стэпавай прыроды падбіраў мастацкія ілюстрацыі з адпаведных твораў Аксакава, якія тут-жа чытаў дзецям. Калі прыняць пад увагу, што ў Уфімскую губэрню сям'я А. Ю-ча ехала скрозь параходам―па Волзе, Каме і Белай―і толькі частку шляху, варочаючыся назад, праехала па чыгунцы, то прыходзіцца лічыць, што гэта паездка была для дзяцей, а асабліва для уражлівага Максіма, вельмі багатаю новымі малюнкамі і нагляданьнямі. Другая паездка, таксама на кумыс, была ў 1904 годзе. Гэты раз А. Ю. адправіў на кумыс толькі двух сваіх сыноў, Вадзіма і Максіма, і пасяліў іх у сям'і свайго сябра доктара і. К. Семакіна, які жыў у горадзе Белебеі Уфімскай губ. У гэту паездку, апрача ўражаньняў ад новых месц Максім атрымаў магчымасьць блізкага дачыненьня да высокаадукаванай сям'і Семакіна, жонка якога, да таго-ж, была дасканалаю сьпявачкаю, і значыцца, Максім другі раз (першы раз сям'я Шчарбаковых) апынуўся ў сфэры ня толькі разумовых, але і музычных уплываў. У гады 1905-8, калі А. Ю. асабліва быў заняты грамадзкаю работаю, ніякія далёкія паездкі не наладжваліся, і дзеці павінны былі здавольвацца ў канікулярны час звычайнаю дачаю. Але вясною 1909 году, калі праз год пасьля сьмерці старэйшага брата Вадзіма, які памёр ад сухот, у Максіма таксама выразна стаў разьвівацца сухотны процэс, зноў паўстала пытаньне аб паездцы для лячэньня. Згодна парады доктара, А. Ю. павёз сына ў Ялту і пасяліў у пансіёне на малочнай фэрме "Шалаш" блізка ад Аўткі, недалёка ад дачы А. П. Чэхава. Абстаноўка адпачынку і лячэньне сярод крымскай прыроды трохі занадта ўскладнілася тут вясёлаю кампаніяю маладых людзей—мужчын і жанчын, сярод якіх прышлося Максіму жыць. Але ўсё такі ён адпачыў, значна паправіўся і перажыў шэраг сьвежых і яскравых уражаньняў, якія ўвайшлі, як матар'ял, у яго творчасьць,—галоўным чынам за раньнія гады. Сярод гэтых уражаньняў асаблівую ўвагу спыняе яго знаёмства з аднэю маладою дзяўчынаю М. А. К-ной, якое пакінула, як мы убачым ніжэй, сваеасаблівы сьлед у яго вершах (т. І, разьдз. І. № № 6 і 18) і ў перапісцы.

Рэшту паездак—на Беларусь у 1911 годзе, на кумыс у 1913 годзе, ў Стары Крым у 1915 і, нарэшце, апошняя паездка ў Ялту ў 1917 г. адносяцца ўжо да гадоў па сканчэньні гімназіі.

Апрача трох адзначаных ужо момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма Багдановіча, г. зн. уплыву настаўніцкага асяродзьдзя, асяродзьдзя сяброўскага—асабліва ў сувязі з рэвалюцыйным браджэньнем у гімназіі і ўплыву вонкавых, па-заклясавых перажываньняў—галоўным чынам, паездак на кумыс і ў Крым,—неабходна ўзяць пад увагу таксама і самыя адносіны яго да вучэньня ў школе. Першыя часы ён вучыўся добра, тым больш, што сыстэматычная хатняя падрыхтоўка палягчала яму школьную работу. Але ў 1905-1906 гадох, калі вучэбныя заняткі наогул вышлі з каляны пад уплывам політычных падзей, Максім, нараўне з іншымі сябрамі, значна астыў у адносінах да школы, і ў апошнія гады свайго вучэньня ў гімназіі, г. зн. у 1908―1911, аддаваў ужо досыць мала энэргіі і часу гімназічнай рабоце. Адгэтуль робіцца зразумелым, што ён скончыў курс з сярэднім атэстатам, у якім адметкаю "отлично" ацэнены толькі расійская мова з славеснасьцю і законазнаўства, адметкаю "чатыры"―філëзофская пропэдэўтыка, фізыка, гісторыя і географія, адметкаю "тры"―усе іншыя прадметы. Самыя адносіны яго да наведваньня гімназіі і да лекцый былі таксама сярэднія: клясныя журналы адзначаюць (па даведках А. Ю-ча) частыя яго спазьненьні, пропускі лекцый, уход з лекцый, заняткі на лекцыях пабочнай справай і г. д.

Жвавы і рухавы, рана―чуць ня з трэцяе і чацьвертае клясы―захоплены па-заклясавымі інтарэсамі школы, Максім Багдановіч натуральна ня мог цалкам аддацца звычайнай школьнай рабоце і дзяліў сваю ўвагу і час паміж школьнымі і па-зашкольнымі заняткамі, асяродзьдзем хатнім і асяродзьдзем сяброўскім, рэвалюцыйным рухам і захапленьнем беларусазнаўствам або беларусікаю", паводле выразу А. Ю-ча. Прыходзіцца аднак констатаваць, як бязумоўны факт, што "беларусіка" ўжо ў гімназічныя гады, асабліва ў сярэдніх і старэйшых клясах, стаяла ў цэнтры ўсіх іншых інтарэсаў і захапленьняў Максіма Багдановіча і у ëй, як у фокусе, сходзіліся і пераламляліся ўсе тыя інтэлектуальныя, эстэтычныя і соцыяльна-політычныя перажываньні, якія прыпадаюць на гады школьнага вучэньня; да яе менавіта, да гэтай „беларусікі“, ён адносіў іх цалкам, як другарадны, дапаможны матар'ял, які павінен быў увайсьці ў склад яго веданьня радзімы і пытаньняў, якія былі зьвязаны з ёю і яго хвалявалі. З гэтым пануючым ухілам у бок беларусазнаўства Максім Багдановіч уступіў у свае студэнцкія гады.

IV

Студэнцкія гады (1911-1916). Выбар факультэту; імкненьне да навуковага беларусазнаўства; прычыны паступленьня ў Яраслаўскі Ліцэй. Адносіны да Ліцэйскіх заняткаў. Характар разумовых інтарэсаў у студэнцкія гады. Нахіл да габінэтных заняткаў і працы над кнігаю; значэньне бібліотэкі бацькі. Кола літаратурнай начытанасьці Максіма Багдановіча і яе концэнтры: антычная і заходняэўропэйская літаратура, славянскія літаратуры, беларуская літаратура; блізкае знаёмства з сучаснай яму поэзіяй, у прыватнасьці, з сымболістамі. Беларусазнаўства, як цэнтральны пункт у разумовых інтарэсах М. Б-ча ў гэтыя гады. Заняткі яго беларускаю моваю, беларускаю гісторыяю, этнографіяю і літаратураю. Формаваньне яго поглядаў на беларускую культуру і яе гістарычнае значэньне.

______________

Студэнцтва зьяўляецца для Максіма Багдановіча апошнім кругабегам, які завяршаў яго кароткі жыцьцёвы шлях. Дзеля гэтага ўсе тыя моманты, якія асабліва важны для выяўленьня крыніц творчасьці дадзенага пісьменьніка і якія знаходзяцца, галоўным чынам, у гады дасьпяваньня яго таленту, у дачыненьні да Максіма Багдановіча прыходзіцца шукаць у яго студэнцкіх гадох, за межамі якіх яго далейшае дасьпяваньне, як чалавека і пісьменьніка, было перарвана раньняю сьмерцю.

Як і трэба было чакаць, пераважны ухіл у бок беларусазнаўства павінен был падказаць Максіму Багдановічу неабходнасьць выбару менавіта філёлёгічнай адукацыі. Па пытаньні аб гэтым выбары А. Ю. робіць наступныя заўвагі ў сваіх "Матар'ялах": "яшчэ перад паездкаю ў Вільню (г. зн. вясною 1911 г.) Максім меў са мной гутарку пра выбар факультэту. Ён сказаў мне, што хоча паступіць у Пецярбурскі Унівэрсытэт на філёлёгічны факультэт. Справа была ясная: да славеснасьці ён меў найбольшы нахіл. Апрача таго ён дадаў, што проф. Шахматаў зьвяртаўся ў Вільню ў рэдакцыю „Нашай Нівы з просьбаю раіць яму маладога чалавека, які б, пад яго кіраўніцтвам, прысьвяціў сябе вывучэньню мовы, этнографіі і гісторыі Беларусі, для падрыхтоўкі да заняцьця спэцыяльнае катэдры па беларусазнаўству; далей ён заявіў, што раілі менавіта яго і што ён гэтага хоча, да гэтага імкнецца". Такім чынам перад Максімам Багдановічам вызначалася простая дарога да навуковага беларусазнаўства, якая найбольш адпавядала ўсім яго нахілам і ўсім найбольш трывалым фактарам яго дзіцячага і юнацкага разьвіцьця. Ён павінен быў, застаючыся беларускім поэтам, стаць разам з тым і высокакваліфікаваным навуковым беларусазнаўцам, і трэба пашкадаваць, што лёс і ў гэтым выпадку быў да яго бязьлітасны і прымусіў яго сайсьці з гэтага шляху. Перашкод на гэтым шляху было дзьве: папершае, яго хвароба, якая ўсё больш і больш абвастралася і не дазваляла яму перасяліцца ў Пецярбург з яго няспрыяючым для сухотнага кліматам, і падругое, матар'яльныя магчымасьці яго бацькі, які ня мог адразу двух сыноў утрымоўваць па-за Яраслаўлем, у якім-небудзь унівэрсытэцкім горадзе (малодшы брат Максіма, матэматык, абавязкова павінен быў вучыцца дзе-небудзь ва ўнівэрсытэце дзеля таго, што ў Яраслаўлі матэматычнага факультэту ня было). Пры гэтых умовах Максіму заставалася толькі паступіць у Яраслаўскі Юрыдычны ліцэй, каб працягваць паранейшаму жыць у хатняй абстаноўцы, але Ліцэй, вядома, не адпавядаў яго навуковым інтарэсам. Адносіны яго да ліцэю, як вышэйшае навучальнае ўстановы, А. Ю. характарызуе ў нямногіх словах так: "Ліцэй ён наведвай досыць акуратна, залікі здаваў на "весьма“, але лекцыі слухаў ня часта: больш займаўся ў вялікай ліцэйскай бібліотэцы і ў чытальні". Ліцэйскі кругабег ахапляе 1911-1916 г.г.; апошнія залікі па Ліцэю М. А. здаў у 1916 годзе,―мусіць, увосень, таму што у скорасьці-ж пасьля гэтага паехаў на службу ў Менск, што здарылася ў верасьні 1916 году.

Студэнцкія гады Максіма Б-ча (1911―1916) цікавы, такім чынам, нястолькі непасрэднай яго сувязьзю з навучальнаю ўстановаю і яе навуковаю програмай, колькі тым ростам яго разумовага, грамадзкага і літаратурнага разьвіцьця, якое прыпадае якраз на гэты час.

Зварочваемся да яго разумовых запатрабаваньняў гэтага кругабегу. Характарызуючы жыцьце свайго сына ў студэнцкія гады, А. Ю. кажа, што Максім Адамавіч "жыцьцё веў сіратлівае, ціхае, адданае навуцы і літаратуры". У цэнтры гэтага ціхага, габінэтнага жыцьця заўсёды знаходзіліся кнігі. Той літаратурны вобраз,―"Максім Кніжнік",― якому ён умоўна прыпісвае, як аўтару, свой „Апокрыф“, вельмі добра сымболізуе захапленьне кнігамі Максіма Багдановіча.

Ён, вядома, сам быў гэтым , Максімаи Кніжнікам". У сябе ў пакоі ён заўсёды сядзеў за сталом, скрозь заваленым кнігамі, якія ляжалі літаральна грудамі; прыводзіць іх у парадак, як відаць, было некалі да і непатрэбна, дзеля таго што імі пастаянна прыходзілася карыстацца. На гэта кніжнае абкружэньне паказвае ня толькі А. Ю., але і інш. асобы ў сваіх успамінах, напр., Н. Г. Агурцоў. Так-жа сама аўтары ўспамінаў некалькі разоў азначаюць, як характэрную рысу Максіма, прывычку хадзіць з кнігамі пад пахай: з кнігамі ён зьяўляўся да сяброў і знаёмых, дзеля таго што звычайна заходзіў да іх ня проста для гутарак, а з прычыны кніг і дзеля кніг; з кнігамі-ж часьцей за ўсё яго можна было сустрэць на вуліцы, калі ён ішоў у баку ад грамады (асабліва калі гэта было ў сьвяточны дзень, на Яраслаўскім бульвары або на наберажнай), дзеля таго што ён хадзіў і на вуліцу не для гульні, а па тых ці іншых кніжных інтарэсах,―часьцей за ўсё ў Ліцэйскую бібліотэку. Аб гэтай яго рысе ўспамінае Н. Г. Агурцоў і Ф. Імшэнік. Галоўнай кніжнай крыніцай, у якой здавальнялася кнігалюбства Максіма Багдановіча, была бібліотэка яго бацькі, Адама Ю-ча. А. Ю. гаворыць у адным месцы "Матар'ялаў" аб сваёй бібліотецы так: "У маёй бібліотэцы было ўсё, што было лепшага ў сьвеце і нічога пошлага, значыць выбар быў вялікі і на ўсе густы". Можа, гэты зварот мовы. ―ўсе што лепшага ў сьвеце" ― належыць некалькі зьмякчыць пры ацэнцы хатняй бібліотэкі, але ўсё-ткі гэта бібліотека была, як відаць, вельмі значнаю і падборам і колькасьцю кніг. Ува ўсякім разе, у ўспамінах А. А. Залатарова аб ёй зроблена таксама заўвага: "У бацькі поэты, Адама Ягоравіча, была тады (апавяданьне адносіцца да 1909―10 году) надзвычайна добрая бібліотэка. Яна сярод вельмі каштоўных Яраслаўскіх прыватных бібліотэк вызначалася сваім выключна каштоўным падборам кніг. Бібліотэкаю бацькі Максім вельмі ганарыўся і, бязумоўна, шмат чым быў ёй абавязаным". У самым складзе гэтай бібліотэкі намечаны былі ўжо тыя асноўныя концэнтры, па якіх разьвіваліся і сьпелі разумовыя інтарэсы Максіма Багдановіча. Гэтыя концэнтры лічачы ад больш шырокіх да больш звужаных ― наступныя: сусьветная літаратура, славянства і літаратура на славянскіх мовах, беларусазнаўства. У ўспамінах Н. Г. Агурцова[2] прыводзіцца водзыў самога поэты аб складзе бацькаўскай бібліотекі, які ён раз выказаў у гутарцы з Н. Г. Агурцовым: "Мяне выхоўваў бацька. Нек я паказваў вам яго бібліотэку; у ёй усё ёсьць важнае, што зьяўлялася калі-б там ні было ў літаратуры ўсяго сьвету. Мы змалку праходзілі гэтую сусьветную школу. Бацька пачынаў, з чаго пачынае кожны народ у сваёй творчасьці, з эпосу. Мы ужо ў дзяцінстве ведалі "Рустэма і Зораба", "Іліаду", "Калевалу", быліны і інш. і інш. Потым мы прыступілі да лірыкі і драмы. Вядома, галоўная ўвага зварочвалася на славянскія літаратуры... Апрача бібліотэкі бацькі, Максім Багдановіч шырока карыстаўся і Ліцэйскаю бібліотэкаю, дзеля якой ён уласна і наведваў Ліцэй, які параўнаўча мала цікавіў яго сваёю лекцыйнай часткай. Ці даставаў кнігі Максім яшчэ і з другіх крыніц, сказаць цяжка, аднак бясспрэчна тое, што кола чытаньня ў яго было вельмі шырокае, і зусім адпавядала ўсім вышэйпаказаным концэнтрам — літаратуры сусьветнай, літаратурам славянскім, і беларускай літаратуры, якая на агульным літаратурным фоне займала асабліва значнае месца. А. Ю. дае прыблізны пералік тых літаратурных імёнаў, якія ўваходзілі ў кола інтарэсаў яго сына як у гімназічныя, так і асабліва ў студэнцкія гады яго жыцьця. „Грэцкіх поэтаў, асабліва Анакрэона і Феокрыта, чытаў у перакладах і ў арыгінале, навучаючыся самастойна грэцкай мове, а латынскую ён вывучаў у школе і ведаў яе добра. Нямецкіх поэтаў больш чытаў у перакладах; любіў асабліва Шылера". "З францускіх поэтаў ён больш за ўсё любіў Бодлера, Мюссэ, Хозэ дэ-Эрэдыя і А. дэ-Віньні. Італьлянскую мову ён вывучаў па самавучыцелю Туссэна, жадаючы чытаць у арыгінале узорных поэтаў, чытаў Дантэ роўналежна з прозаічным перакладам Чуйко і іншых аўтараў, але гэта было толькі практыкаваньне: далёка ў вывучэньні гэтай мовы ён не пайшоў. У галіне славянскіх літаратур інтарэсы Максіма Багдановіча вызначаліся больш дакладна, як кажа А. Ю. "Ён лічыў, што расійцы, і асабліва беларусы, павінны быць знаёмы з усімі славянскімі мовамі", а, значыцца, і адпаведнымі літаратурамі. Сам ён "досыць грунтоўна ведаў польскую літаратуру": чытаў у арыгінале Міцкевіча (асабліва сонэты і наогул яго лірыку), Красінскага, Славацкага, Сыракомлю, Канапніцкую. Але яшчэ лепш ведаў украінскую літаратуру: у гэтай літаратуры ён ведаў ня толькі буйных, але і другарадных поэтаў. Уладаў украінскаю моваю так добра, што мог пісаць і нават, здаецца, пробаваў пісаць вершы. Наогул любіў славянскіх поэтаў, і амаль з усімі выдатнымі поэтамі чэхаў, харватаў, сэрбаў і баўгар быў знаём па "Поэзіі славян" Гэрбеля і вышукваючы пераклады ў Бэрга і ў старых і новых часопісях. Прабаваў вывучаць славянскія мовы, карыстаючыся для гэтага перакладамі эвангельля. Чытаў эвангельле на чэскай і сэрбскай мовах, але як далёка пайшло вывучэньне, заўважвае А. Ю., —я дакладна ня ведаю". "З пісьменьнікаў расійскай літаратуры больш за ўсё яму падабаўся Фет,—ён нават сваю поэзію ўпадабляў яго поэзіі. Вядома, любіў Пушкіна, любіў Лермантава, Майкова, Палонскага. Некрасава далёка ня так высока цаніў, як пакаленьне ранейшае". Да гэтых паказаньняў А. Ю-ча, толькі што працытаваных, далучаюцца і іншыя асобы, якія помняць Максіма Багдановіча, як маладога поэта з шырокім колам чытаньня. Н. Г. Агурцоў сьведчыць, што Максім Адамавіч быў вялікі знаўца расійскай літаратуры. "Здавалася, успамінае ён,—ня было колькі-небудзь значнага вершу, якога ён ня ведаў-бы напамяць". Ф. Імшэнік адзначае цікавы факт, што Максім Адамавіч спэцыяльна вывучаў нямецкую мову, каб мець магчымасьць выдатныя творы нямецкай літаратуры перакласьці на беларускую мову; пры гэтым яго ўвагу прыцягваў, як матар'ял для перакладу, галоўным чынам Гэйнэ (гл. т. І, разьдз. ІІІ, №№ 203-8). A. A. Залатароў таксама паказвае на ўласьцівае Максіму Адамавічу шырокае знаёмства з рознымі ўзорамі вершаванай поэзіі: "Ён любіў чытаць—заўсёды напамяць вершы Блока, Белага, Мараўскай, і чытаў заўсёды вельмі добра, з пачуцьцём і стрымана разам". У сваіх уласных рукапісных на татках і накідах Максім Багдановіч некалькі разоў робіць пералік кніг—мусіць, прызначаных да прачытаньня або ўжо прачытаных, і кожны раз гэтыя пералікі кажуць аб шыраце яго чытальніцкіх інтарэсаў (гл. рукапісы М. Багдановіча, п. №№ 1 і 11). Як з даведак, якія даюцца ў успамінах аб Максіме Адамовічу, так і з яго ўласных нататак можна таксама ўстанавіць, што ў сучаснай яму мастацкай літаратуры сымбалізм францускі і расійскі асабліва прыцягнуў да сябе яго ўвагу.

На гэтым агульным, даволі шырокім фоне сусьветнай і, у прыватнасьці, славянскай літаратуры,—трэці концэнтр кніжных інтарэсаў Максіма Б-ча зьяўляецца больш вузкім, але у той самы час больш паглыбленым. Гэта тое кола чытаньня, якое зьвязана з беларусазнаўствам наогул і асабліва з беларускай літаратурай.

Як асноўны момант у разумовых імкненьнях маладога поэты, цікавасьць яго да беларускай культуры ў студэнцкія гады дасягнула найбольшай паўнаты і напруджанасьці. Але цесная ўвязка поэты з радзімаю і самы характар гэтай увязкі будуць больш зразумелымі, калі мы вернемся некалькі назад і высьветлім яго генэзіс і разьвіцьцё. Сувязь Максіма Багдановіча з радзімаю ўстанавілася здаўна, яшчэ з дзіцячых гадоў. Элемэнт спадчыннасьці, як мы ўжо бачылі, адыграў у гэтай сувязі значную ролю. Сам А. Ю. настойліва гаворыць аб уплыве на свайго сына беларускай традыцыі па лініі яго продкаў і бліжэйшых сваякоў: "Агульны ухіл яго пачуцьця і цягі ў бок усяго роднага, беларускага, ёсьць справа спадчыннасьці—тае цёмнай падсьвядомай сфэры, якую мы, нараджаючыся, выносім на сьвет божы, як бясспрэчны здабытак нашых продкаў, незалежна ад таго, дрэннае яно ці добрае". У абстаноўцы раньняга выхаваньня і навучаньня гэта спадчыннасьць атрымала далейшае жыцьцё. У гэтых адносінах, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, вялікае значэньне меу самы сямейны склад жыцьця Багдановічаў і бліжэйшае іх радні. "Мая сям'я, кажа А. Ю., і цесна з ёю зьвязаныя сем'і маіх дзьвёх сясьцёр Гапановічаў і Галаванаў—таксама чыста беларускія, якія так зрасьліся, што ў сутнасьці зьяўляліся аднэю сям'ёю у трох розных кватэрах,—былі нейкаю беларускай калёніяй у далёкім краі пры зьліцьці Окі і Волгі". Асабліва сястра А. Ю-ча, Магдалена Гапановіч, была "нашэльніцаю традыцый роду" і шанавала звычаі і абрады беларускай старасьветчыны. Максім, дзіцем і хлопчыкам, вольны час праводзіў якраз у сваіх цëтак у дачыненьні з сваімі стрэчнымі братамі і сёстрамі, і тут яму прыходзілася чуць і апавяданьні з роднай краіны, і беларускія казкі, і беларускія песьні, і беларускія пасловіцы, і "крылатыя словы" з народнае гутаркі. А. Ю. прыводзіць свой асаблівы прыклад увязкі творчасьці Максіма Адамавіча з гэтаю сямейнаю атмосфераю жыцьця яго цëтак, як аднэю з раньніх крыніц яго вершаванай поэзіі. "І я, і мая сястра Магдалена любіла напяваць улюбёную песьню нашай мацеры, якую яна пела ў доўгія зімнія вечары пры сьвятле лучыны або куравай газоўкі, седзячы на ляжанцы за шыцьцём ці за прасьніцаю: "А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся"—і бачым, што ён (М. А.) яе выкарыстаў, як мастацкі мотыў, для стварэньня пэўнага настрою ў сваёй п'есцы „Вечар" (т. І, р. ІІ, ,Вянок" № 122). Да ўплыву сямейнай сфэры досыць рана далучыліся і кніжныя ўплывы, якія таксама спрыялі ўмацаваньню сувязі будучага поэты з яго радзімай,—яе мовай і творчасьцю. Кніжныя ўплывы пачынаюцца з чытаньня беларускіх казак па запісах бацькі і па іншых зборніках; ад чытаньня казак Максім перайшоў да песень, загадак, пасловіц і іншых матар'ялаў, якія знайшоў у бібліотецы бацькі; потым ён зьвярнуўся да мастацкіх твораў Дуніна-Марцінкевіча, Бурачка і іншых пісьменьнікаў; нарэшце, з 1906 г., калі адна з сваячак выпісала для яго "Нашу долю", а потым і „Нашу Ніву", ён стаў адчуваць на сябе ўплыў бягучай беларускай журналістыкі. Роўналежна з чытаньнем беларускіх тэкстаў ішлі яго практыкаваньні ў пісьмовай беларускай мове. "Свае пробы пісаньня на беларускай мове" - кажа А. Ю.—ён пачаў вельмі рана, прыблізна з 10-11 год"... „Але гэта былі чыста вучнёўскія ці, праўдзівей, навучальныя практыкаваньні"... На жаль, А. Ю. не дае пэўных паказаньняў на тое, ці былі гэтыя практыкаваньні ў звычайнай пісьмовай мове ці ў вершаванай. Урэшце, канцовая мэта гэтых практыкаваньняў Максіма была—выпрацаваць у сябе мастацкі беларускі стыль. І ён імкнуўся да гэтай мэты з рэдкаю настойлівасьцю і ўпартасьцю. Ён, вядома, без асаблівай цяжкасьці мог-бы выкарыстаць для сваёй творчасьці расійскую мову, якою ён добра карыстаўся як у прозе, так і ў вершах, аб чым сьведчаць яго вершы, напісаныя парасійску. Але, кажа А. Ю., ён гэты лёгкі шлях яшчэ ў дзяцінстве адхіліў і сьмела рашыў перамагчы вялізарныя цяжкасьці, каб аўладаць роднаю мовай сваіх продкаў—і аўладаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і ўзбагаціць гэту мову новымі мастацкімі формамі. Да апошняй мэты ён імкнуўся зусім сьвядома. Яму хацелася паказаць, што ніякі разьмер, ніякая форма ня чужая для беларускай мовы. Якія ён цяжкасьці перамагаў на гэтым шляху, сьведчаць яго рукапісы і сшыткі: там столькі выпісак з слоўнікаў, зборнікаў і старадрукаваных кніг. Які з поэтаў, што ўвассаў беларускаю мову з малаком мацеры, падымаў гэту цяжкую, марудную працу? А ён—слабагруды, хваравіты—падняў. І нёс яе цярпліва, упарта і для мяне і для ўсіх, хто быў наукола, няпрыкметна". Такім чынам, настойлівую работу над разьвіцьцём свае пісьмовай беларускай мовы, асабліва мовы мастацкай, Максім пачаў яшчэ з гімназічных гадоў. Тады-ж, у канцы навучаньня ў сярэдняй школе, у яго зьявілася жаданьне ўбачыць сваю радзіму і стаць непасрэдна блізка да жывой крыніцы свайго натхненьня, — да крыніцы, з якой ён чэрпаў покуль што толькі праз кнігі. Такое пахаджэньне яго паездкі на Беларусь улетку 1911 году, зразу пасьля сканчэньня гімназіі. Аб гэтай паездцы гаворыць і А. Ю. у сваіх "Матар'ялах" і В. Ластоўскі ў "Успамінах" аб М. Багдановічу (рукапіс). В. Ластоўскі памылкова адносіць гэту паездку не да 1911, а да 1912 году, але апісвае яе куды больш падрабязна за А. Ю. Перад тым, як паехаць на радзіму, Максім Багдановіч сьпісаўся аб гэтым з рэдакцыяй "Нашай Нівы: у лісьце сваім ён выказвау жаданьне прабыць на радзіме месяц-другі, каб бліжэй пазнаёміцца з моваю і бытам Беларусі. Ад рэдакцыі яму адказаў А. Луцкевіч, які прапанаваў яму прабыць лета ў свайго дзядзькі, дробнага шляхціча, які меў сядзібу паміж Вілейкаю і Менскам. Максім Багдановіч прыехаў у Вільню ў чэрвені месяцы. Перад ад'ездам у двор дзядзькі А. Луцкевіча ён прабыў дні два ў Вільні; начаваў у рэдакцыі "Нашай Нівы" і абедзьве ночы да відна правёў у гутарцы з В. Ластоўскім, які тады быў у складзе гэтае рэдакцыі; тэмамі гутаркі былі этнографія і гісторыя Беларусі. У час гэтай пабыўкі ў Вільні Ластоўскі паказаў Максіму Адамавічу колекцыі Івана Луцкевіча, якія знаходзіліся тады пры рэдакцыі "Нашай Нівы"; сярод гэтых колекцый асабліва моцнае ўражаньне на Максіма Адамавіча зрабілі старажытныя рукапісныя славянскія кнігі і іншыя помнікі, а таксама слуцкія паясы; адгэтуль, як відаць, вядзе свой пачатак поэтычны замысел вершу "Слуцкія ткачыхі". У сядзібе дзядзькі А. Луцкевіча Максім прабыў з месяц і вярнуўся назад зноў праз Вільню, дзе зноў паўтарыліся гутаркі з Ластоўскім на беларускія тэмы. Жывучы ў вёсцы, Максім, паводле сьведчаньня Ластоўскага, напісаў некалькі вершаў, якія ўвайшлі ў цыкль „Старая Беларусь", цыкль вершаў пад агульным загалоўкам „Место" і, апрача таго, вершы "У вёсцы" і „Вэроніка" (гл. т. І, разьдзел ІІ, №№ 123-138, 183, 184). У гэтых творах адбілася ўвязка яго творчасьці з уражаньнямі ад беларускай вёскі, ад Вільні, ад беларускай старасьветчыны і ад гутарак з В. Ластоўскім.

Такая была падрыхтоўка Максіма Адамавіча па беларускай мове і беларускай літаратуры на парозе студэнцкіх гадоў. У студэнцкія гады заняткі "беларусікаю" былі ім значна паглыблены. У бібліотэцы А. Ю-ча, якой Максім карыстаўся з дзіцячых гадоў, быў вялікі падбор ня толькі твораў беларускіх пісьменьнікаў, але і навуковых прац і матар'ялаў па беларусазнаўству. Тут Максім знайшоў зборнікі і працы Шэйна, Раманава, Насовіча, Радчанкі, Доўнар-Запольскага, Карскага, Сабалеўскага і інш. Яшчэ гімназістам прывыкшы карыстацца гэтымі кнігамі, ён у студэнцкія гады цалкам увайшоў у іх. Н. Г. Агурцоў расказвае, што прышоўшы раз да М. Багдановіча-студэнта і застаўшы яго за сталом, заваленым кнігамі, ён пацікавіўся ўведаць, што гэта за кнігі. Выявілася, што больш за ўсё гэта былі кнігі па славянскіх літаратурах―украінскай, беларускай, чэскай і іншых; тут-жа на стале ляжалі і тоўстыя слоўнікі, між іншым і слоўнік беларускай мовы, а сам Максім працаваў над нейкім артыкулам па адной з паказаных літаратур. Упамянёны слоўнік, мусіць, быў слоўнік Насовіча, таму што гэта кніга ўваходзіла ў склад бібліотэкі А. Ю-ча. Гэта ўпамінаньне аб слоўніку Насовіча, як настольнай кнізе поэты, неабходна ўзяць пад увагу пры аналізе лексыкі М. Багдановіча: яго беларуская мова, якая стваралася больш тэорэтычна, як практычна, з аднаго боку, перасыпана русізмамі, а з другога―часта зьбіваецца менавіта на слоўнікавы матар'ял Магілеўшчыны, бо, як відаць, ён многа карыстаўся слоўнікам Насовіча. Максім Багдановіч сам вельмі гостра адчуваў тэорэтычнасьць свае беларускай лексыкі і фразыолёгіі і, гутарачы ў чэрвені 1911 г. з В. Ластоўскім, часта перапыняў сваю гутарку і чакаў ад сябра папраўкі: "Мову М. Багдановіч―гаворыць Ластоўскі ў сваіх успамінах―знаў яшчэ дрэнна і, гаворачы, зьбіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысонансы, спыняўся і перапытваў: "як трэба сказаць гэта правільна", „прашу, папраўце мяне". У студэнцкія гады ён яшчэ больш строга сачыў за сваёю моваю і яшчэ больш прыкладаў стараньняў да таго, каб уладаць ёю практычна. Пры ўсякай магчымасьці ён стараўся гаварыць пабеларуску, калі знаходзіў для гэтага чалавека, які ўладаў беларускаю моваю. З Ф. Імшэнікам, які ў гады студэнцтва яго быў выкладчыкам у Яраслаўлі, ён таксама гаварыў пабеларуску. у „Успамінах" Імшэніка беларуская мова М. Багдановіча за студэнцкія яго гады характарызуецца наступным рысамі: "М. Б. ведаў яе (беларускую мову) ня зусім добра, ён прасіў мяне растлумачыць тыя ці іншыя выразы, прасіў папраўляць яго мову, якая блішчэла значным лікам русіцызмаў. Мова М. Б. была чудная; відно было, што ён вывучае яе тэорэтычна і іншае слова праізнасіў так, як яно пісалася. Калі француз пачуў-бы, напр., імя "l'aul", так, як яно пішацца, яму гэта-б было-б чудно і мала зразумела, так і я дзівіўся выразам М. Б. і цяпер успамінаю, што яму зусім не даваліся падвойныя літары "дз", дж". Слова "адраджэньне" вельмі чудно праізнасіў М. Б. Але ня гледзячы на гэта М. Б. ня траціў інтарэсу да беларускае мовы і прасіў мяне па некалькі разоў паўтараць трудныя для яго словы і выразы. Ён моцна ўслухіваўся ў самую гучнасьць слова, стараючыся спазнаць яго морфолёгію". Але разам з тым Ф. Імшэнік адзначае ў ім тое "вялікае замілаваньне да Беларусі і беларускай мовы", якое сам М. Б. тлумачыў яму атавізмам. Гэта цяга да роднай мовы і ў той самы час адчужанасьць ад непасрэднай крыніцы роднай мовы прымушалі яго ў студэнцкія гады з асаблівай энэргіяй далей вучыцца гаварыць і пісаць пабеларуску, працаваць над складаньнем граматыкі беларускай мовы (Ф. Імшэнік, „Успаміны"), над падборам матар'ялу для беларускага лемантара, над вывучэньнем беларускай гісторыі, этнографіі і літаратуры. У гэтыя-ж гады у Максіма Адамавіча сфармаваўся канчаткова погляд на беларускую культуру, як на гістарычную зьяву, якая мае свае асаблівыя адзнакі і свае задачы. Н. Г. Агурцоў кажа, што з сваіх гутарак на гэту тэму з М. Б. ён пераканаўся, што М. Б-чу ўласьціва была "некая органічна зложаная вера ў Беларусь, як нашэльніцу пэўнай культуры, якая адрозьніваецца ад культуры велікарускай". Іншы раз, абараняючы гэта сваё перакананьне, М. Б., па думцы тае-ж асобы, упадаў у некаторую "парадоксальнасьць": „ён даводзіў вельмі горача і пераконваюча, што так званая "Велікорусія" створана "ні чым іншым, як Беларусьсю". У гэтым вывадзе Н. Г. Агурцова з гутарак Максіма Аламавіча хаваецца або непаразуменьне, або, ва ўсякім разе, недакладнасьць. Максім Багдановіч, як відаць з яго друкаванай брашуры "Белорусское Возрождение" (Масква, 1916 г., стар. 5), сапраўды прызнаваў прыорытэт беларускай культуры над велікарускай у межах пэўнай гістарычнай эпохі, менавіта XVІ веку, але такога рашучага погляду на пахаджэньне велікарускай культуры з беларускай ён нідзе, як мне здаецца, у сваіх нарысах і артыкулах ня выказвае. Наогул, яго нацыяналізм у гэты час носіць некаторыя адзнакі народніцкай романтыкі, таму што такія менавіта і ўплывы асяродзьдзя і уплывы кніжныя, пад якімі ён разьвіваўся. Але романтычная закаханасьць у радзіму і ў выключна ёй уласьцівыя гістарычныя задачы ўмяраліся ўжо ў яго ў гэтыя гады сьвядомасьцю, што гістарычныя шляхі ўсіх нацый павінны весьці да ўнівэрсальнага людзкага прогрэсу. Гэта апошняя думка вядзе свой пачатак таксама з эпохі романтызму і доўгі час, амаль на працягу ўсяго стагодзьдзя, захоўвае сваю романтычную афарбоўку; але ў гады маладосьці Максіма Багдановіча, г. зн. у перадрэвалюцыйныя гады, яна набывае больш конкрэтны характар, як думка аб соцыяльна-рэволюцыйным руху, які набліжаецца, і для якога дадзены нацыянальны рух зьяўляецца толькі сродкам ці формаю.

V

Грамадзкія інтарэсы Максіма Багдановіча ў студэнцкія гады. Недахоп актыўнасьці ў гэтых адносінах; нахіл да габінэтнай работы. Кола знаёмых М. Б-ча ў студэнцкія гады і агульныя з імі інтарэсы. Сяброўская сувязь з супрацоўнікамі „Голаса" і іх уплыў. Роля беларускіх сяброў Максіма Б-ча й разьвіцьці яго грамадзкасьці. Літаратурныя інтарэсы Максіма Б-ча за гады студэнцтва. Адносіны яго да беларускіх пісьменьнікаў-сучасьнікаў і да навінак беларускай літаратуры. Супрацоўніцтва яго ў "Нашай Ніве“; кароткая гісторыя гэтага супрацоўніцтва. Праца ў іншых часопісях і выдавецтвах―беларускіх, украінскіх і расійскіх. Сямейныя і асабовыя адносіны ў жыцьці Максіма Б-ча за гэтыя гады і іх ўвязка з яго творчасьцю.

_______

З папярэдняга прыходзіцца зрабіць вывад, што разумовыя інтарэсы Максіма Багдановіча павінны былі ў студэнцкую пару ўскладніцца і чыста соцыяльнымі запатрабаваньнямі і тэмамі, узятымі ня толькі ў роўніцы беларускага руху, але і ў агульналюдзкім маштабе. Так і здарылася, наколькі можна меркаваць ня толькі па яго вершах і апавяданьнях гэтых гадоў, але і па публіцыстычных артыкулах і рукапісных накідах, якія маюць соцыялёгічны характар. Гэты бок яго разьвіцьця ў студэнцкія гады меў крыніцамі ня толькі кнігі, але і некаторыя жывыя грамадзкія ўплывы. Гаворачы наогул, "Максім Кніжнік" ня быў актыўным грамадзкім дзеячом і ня быў нават звычайным абавязковым заўсягдальнікам таго ці іншага грамадзкага асяродзьдзя, таму што ён вельмі аддаваўся сваім габінэтным заняткам. А. Ю. гаворыць, што ў студэнцкія гады Максім вёў "жыцьцё ціхае, замкнёнае ў сабе самым". У сваіх „Матар'ялах" ён прыводзіць толькі адзін выпадак публічнага выступленьня свайго сына: „Публічна выступаў (ён), я памятаю, адзін толькі раз на вечары, прысьвечаным славянскім народнасьцям з прычыны вайны, дзе ён выступаў з прамоваю аб галічанах, іх культуры і літаратуры, пратэстуючы супроць русіфікатарскай політыкі, якую вялі ў той час у Галіцыі гр. Бобрынскі і еп. Евлогі". Аб адносінах Максіма Багдановіча да такіх грамадзкіх разьвесяленьняў, як тэатр, А. Ю. дае такую доведку: "Тэатр (ён) наведваў вельмі рэдка, толькі ў выключных выпадках, калі ішлі якія-небудзь выдатныя творы і пры выдатных выканаўцах". Урэшце, грамадзкая актыўнасьць Максіма Б-ча заўсёды значна павышалася, калі справа ішла аб беларускім руху. Так, напр., ён у ліцэйскія гады прымаў чынны ўдзел у організацыі беларускага зямляцтва, у якім наладжваліся вечары з чытаньнем беларускіх твораў і сьпяваньнем беларускіх песень. Чыталіся рэфэраты па розных пытаньнях беларусазнаўства. Але габінэтная праца яго ўсё-ж такі пераважала над грамадзкай.

Ня гледзячы, аднак, на гэтую габінэтную замкнёнасьць і, як здавалася, адчужанасьць ад жывой грамадзкасьці, у Максіма Багдановіча было ўсё-ж такі ў студэнцкія гады пэўнае кола сяброў і знаёмых, у гутарцы з якімі ён з беларускіх настрояў, якія яго хвалявалі, уваходзіў у больш шырокую сфэру агульналюдзкіх культурных проблем,―між іншым і проблем соцыяльнага характару. Гэта кола асоб, якія складаюць для Максіма Б-ча тое, што прынята называць грамадзкімі сувязямі, было даволі невялікае. А. Ю. вызначае яго ў наступным выглядзе. З Яраслаўскіх інтэлігентных сем'яў Максіму найбольш былі блізкімі сем'і Дзебольскіх і Крыцкіх. У сям'і Дзебольскіх быў яго равесьнік і таварыш па гімназіі і ліцэю―Дыядор Дзебольскі; у сям'і Крыцкіх таксама былі равесьнікі, дзеці Крыцкіх, і, апрача таго, Максім Б-ч любіў гутарыць з старэйшым у сям'і П. А. Крыцкім, чалавекам вельмі адукаваным, вядомым пэдагогам і відным супрацоўнікам "Голоса", рэдактарам „Русского Экскурсанта". Сябраваў Максім Адамавіч таксама з братамі А. А. і Д. А. Залатаровымі. Асобнае невялікае кола знаёмых Максіма Адамавіча зьвязана было з яго журнальнаю працаю ў Яраслаўскім "Голосе“; з супрацоўнікаў "Голоса" найбольш блізкімі да яго былі Н. Г. Агурцоў і А. Д. Цітоў. У студэнцкія гады Максім Адамавіч таксама падтрымліваў сяброўскую сувязь з В. В. Белавусавым, з якім у яго быў агульны інтарэс да антычнай і заходня-эўропейскай літаратур, і з А. К. Кабановым, які яшчэ ў гімназіі кіраваў яго заняткамі па беларусазнаўству; гэта відаць з лістоў гэтых асоб да Максіма Багдановіча, якія захаваліся і адносяцца да 1913-1914 г. г.; у лісьце А. К. Кабанова (1913 г.) даецца, між іншым, цэлы шэраг бібліографічных паказаньняў па гісторыі Беларусі. З гэтага сяброўскага кола, бязумоўна, вядуць свой пачатак ня толькі некаторыя настроі і перажываньні поэты агульна-культурнага характару, але часамі і асобныя тэмы і мотывы яго вершаў. Так, у адным лісьце з Масквы ад 12-га кастрычніка 1912 году, які належыць, як відаць, Дыядору Зьм. Дзебольскаму, які тады толькі што паступіў у Маскоўскі Унівэрсытэт, мы знаходзім такія радкі: "Між іншым, вось вам тэма ці, праўдзівей, матэрыял для тэмы навуковага вершу: мэтэор, які, аплаўлены і сьвецячыся, імчыцца ў атмосфэры, пакідаючы за сабою віхор распаленых часьцінак, у сярэдзіне халодны, як зоркавы эфір. Ён прыносіць у сабе холад сусьветнае прасторы". Гэта тэма разьвіта Максімам Багдановічам у сонэце ("Прынадна вочы зьзяюць да мяне"), надрукаваным у „Нашай Ніве" за 1914 г. (гл. т. 1, разьдз. 1, № 61). Трэба наогул адзначыць, што з Д. Д. Дзебольскім Максіма Б-ча зьвязвалі тэмы пераважна філёзофскага характару (гл. верш 1911 г. "Д. Д. Дзябольскаму" -т. 1, разьдз. 1, № 40). З гэтага кола знаёмстваў больш за ўсё маглі зрабіць, мне здаецца, пэўны ўплыў на склад грамадзкіх інтарэсаў, Максіма Адамавіча блізкія яму асобы з супрацоўнікаў „Голоса". Ф. Імшэньнік у сваіх успамінах асабліва настойліва падкрэсьлівае ўплыў, і нават політычны ўплыў, на Максіма Багдановіча рэдактара газэты Голос М. П. Дружыніна. „У пэрыод 1913-1916 г. г. ён (М. Б.) быў асобенна блізкі з Дружыніным, які, бязумоўна, меў уплыў на яго політычны сьветагляд. Дружынін, чалавек за 50 з гакам гадоў, быў рэдактарам Яраслаўскае газэты "Голос". "Голос" быу кадэцкім органам, і сам Дружынін быў выбітны кадэт. Ён быў кіраўнік буйнае, пасаднае лібэральнае інтэлігенцыі, пісаў у "Голосе" перадавіцы, дзе выяўляў імкненьні і пажаданьні свае буржуазнае партыі. Дружынін вельмі борзда распазнаў талент М. Б., прыблізіў яго да сябе і зрабіў яго пастаянным супрацоўнікам свае газэты... Політычныя погляды Дружыніна сталі паступова захапляць і М. Б., які, памаему, і зрабіўся таксама кадэтам". Політычная позыцыя Максіма Багдановіча наогул нявыразная ды наўдачу ці пасьпела злажыцца ў ліцэйскія гады; у прыватнасьці, кадэцкая яго партыйнасьць не сьцьвярджаецца ў належнай меры ні біографічнымі фактамі, ні яго літаратурнымі творамі[3]. Уплыў кола знаёмых, якія ўваходзілі у рэдакцыю "Голоса", бязумоўна быў больш шырокі: тут, мяркуючы па ўспамінах А. Д. Цітова і, асабліва, Н. Г. Агурцова і А. А. Залатарова, падымаліся пытаньні агульна-культурнага характару, пытаньні аб прыродзе, значэньні мастацтва, аб літаратуры і яе адносінах да грамадзкасьці, аб увязцы нацыянальных запатрабаваньняў з агульналюдзкімі і г. д. Трэба думаць, што ў гэтым-жа асяродзьдзі падымаліся пытаньні соцыяльнага характару, якія гостра ўставалі ў гэтыя перадрэволюцыйныя гады, што супадаюць з студэнцтвам Максіма Багдановіча. Гэтым, разумеецца, і можна толькі вытлумачыць цікавасьць поэты да соцыяльных проблем, якія к гэтаму часу ўзмацніліся і якія ён ставіць ня толькі дапасавальна да лёсу Беларусі, але і значна шырэй (гл. т. 1, разьдз. І, верш "Мяжы" -№ 59, "На глухіх вулках-ноч глухая" -№ 134, "Вы, панове, пазіраеце далека" - 164, а таксама артыкулы: "Н. Д. Ножын. К пятидесятилетию со дня смерти" ў "Ежемесячном журнале" 1916, № 6-і "М. К. Міхайлоўскі. К десятилетию со дня кончины" ў "Голосе" 1914 г. № 22).

Невялікія дадаткі да гэтых доведак аб грамадзкім ухіле Максіма Багдановіча дае таксама і тая частка перапіскі яго, якая захавалася[4]. Так, напр., некаторыя лісты, асабліва за перадрэволюцыйныя 1915-1916 гады, зарысоўваюць, — вядома, у адрывачных рысах,—політычныя моманты і настроі гэтых гадоў, а частка лістоў, —ад беларускіх сяброў Максіма Б-ча,—больш-менш конкрэтна ўскрываюць стан беларускага руху за тыя-ж гады; сюды, напрыклад, адносяцца лісты Ал. Бурбіса, часткова Ў. Ластоўскага і В. Лявіцкай. Такім чынам, для таго, хто вывучае творчасьць М. Багдановіча, важна адзначыць, як факт, што ён стаяў у курсе ня толькі настрояў уласьціва беларускіх, але і наогул політычных настрояў у тагочаснай Расіі на пярэдадні рэволюцыі; дзеля гэтага дасьледчык мае права шукаць у тэматыцы яго вершаў і артыкулаў шырокага адбіцьця яго эпохі.

Але калі нават прызнаць, што грамадзкія сувязі і інтарэсы Максіма Багдановіча ў студэнцкія гады былі выяўлены не даволі выразна, то літаратурныя знаёмствы і адносіны яго студэнцкіх гадоў трэба адзначыць, як вельмі жывыя і значныя па зьместу. Вялізарную ролю ў яго літаратурнай сьвядомасьці і разьвіцьці адыгралі, бязумоўна, беларускія пісьменьнікі нашаніўскае пары, якія амаль усе былі на адно пакаленьне старэйшыя за яго па ўзросту. Для высьвятленьня гэтай ролі мы маем пакуль што мала дакумантальнага матар'ялу, дзеля таго, што пакуль што амаль няма ўспамінаў аб М. Багдановічу, якія вышлі з-пад пяра пісьменьнікаў―яго сучасьнікаў.

Праўда, у перапісцы нябожчыка поэты захавалася некаторая колькасьць лістоў да яго Я. Купалы (2), Цёткі (1), С. Палуяна (8), Ул. Ластоўскага (20) і інш., але гэтыя лісты не асьвятляюць у належнай паўнаце цеснай увязкі поэты з блізкім яму літаратурным асяродзьдзем. Аднак, гэта ўвязка бясспрэчна. Перш за ўсё трэба мець на ўвазе, што для Максіма Адамавіча, па словах яго бацькі, "цэнтрам сардэчнай увагі была беларуская літаратура і поэзія, якая нараджалася". "Ён з замілаваньнем сачыў―кажа А. Ю.―за ўсімі яе расткамі і парасткамі. Усякія дасягненьні ў ёй, якія выходзілі за межы звычайных, яго бясконца радавалі ён зараз-жа прыносіў кніжку, часопісь ці зборнік да мяне, адзінага чалавека, які мог яго зразумець і ацаніць новы твор, каб падзяліцца сваёю радасьцю. Толькі праз яго я знаёміўся з узорамі найноўшай беларускай літаратуры і з агульным ходам беларускага адраджэньня". Потым М. А. ня толькі сачыў за навінкамі беларускага літаратурнага слова, але і выпісваў на свае невялікія сродкі ўсё, што можна было. Яшчэ ў жніўні 1908 году, калі ён быў у 6-ай клясе гімназіі, М. А., як гэта відаць з адказнага ліста выдавецкага таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца", просіць беларускае выдавецтва выслаць яму новыя выданьні―усё, апрача тых, якія ужо ў яго ёсьць; пры гэтым у пераліку прапанованых яму кніг назван і зборнік Я. Купалы "Жалейка", які вышаў у гэтым годзе. У 1913 годзе тое-ж выдавецтва паведамляе яго, што высылае яму новыя кнігі, якія вышлі ў гэтым-жа годзе, менавіта зборнік Я. Купалы, Шляхам жыцьця і яго-ж п'есу "Паўлінка"; абадва лісты падпісаны Бр. Ігн. Эпімах-Шыпілам. Апрача таго, некаторыя з прадстаўнікоў беларускага адраджэньня, якія знаходзіліся ў перапісцы з Максімам Багдановічам, самі, у сваіх лістох да яго, стараліся трымаць яго ў курсе бягучых падзей беларускага літаратурнага жыцьця і гэту інфармацыю рабілі ня толькі з вялікай любасьцю да беларускай літаратуры, але і з цёплаю увагаю да свайго адрасата, маладога пачынаючага поэты. Такія весткі мы знаходзім у лістох С. Палуяна, У. Ластоўскага, В. Лявіцкай і інш. Так, напр., у даўгім лісьце ў. Ластоўскага ад 11 жнівеня 1912 году даюцца кароткія весткі з біографіі і літаратурнай дзейнасьці Ядвігін Ш., Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага,- М. Б., такім чынам, як-бы замацоўваў завочна сваё асабовае знаёмства з тымі пісьменьнікамі, за творамі якіх сачыў здалёк, жывучы ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўле. Назапашваючы такім шляхам фактычныя дадзеныя па сучаснай яму літаратуры, М. Б. зводзіў іх часамі ў агульны нарыс (гл. захаваны ў рукапісе артыкул пад загалоўкам „Новый период в истории белорусской литературы", унесены ў ІІІ разьдзел ІІ-га тому[5], а таксама друкаваныя яго артыкулы ў тым-жа разьдзеле "Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1910 г.-Н. Н." 1911, № № 3, 4, 5 і "За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911-13 г."-выд. "Калядная пісанка", 1913) і тым самым яшчэ больш цесна падыходзіў да творчасьці пісьменьнікаў-сучасьнікаў. Але не адны толькі фактычныя дадзеныя атрымоўваў ён з непасрэднага і завочнага дачыненьня да беларускіх пісьменьнікаў і наогул культурных працаўнікоў беларускага адраджэньня. Ён атрымоўваў таксама сяброўскае падтрыманьне і сваім шуканьнем у галіне тэматыкі і мастацкай формы. У гэтых адносінах асабліва цікавыя лісты Ў. Ластоўскага і С. Палуяна, якія, разгадаўшы артыстычную натуру М. Багдановіча, ахоўвалі яго творчасьць ад вузкіх тэндэнцый, ад аднастайных і нудных настрояў і заахвочвалі яго да настойлівай і тонкай работы над мастацкаю тэхнікай, якая другім здавалася дэкадэнцтвам. Умацоўваючы сваё знаёмства з пісьменьніцкім беларускім асяродзьдзем, М. Б. разам з тым увесь час шукаў і сувязяй з рэдакцыямі і выдавецтвамі, дзе можна было-б надаць друкаваны выгляд сваёй уласнай літаратурнай продукцыі. Па вестках А. Ю-ча вершы яго сына ўпяршыню зьявіліся ў "Нашай Ніве" ў 1906 ці 1907 годзе (дакладна ён не памятае). Друкаваных вершаў М. А-ча за гэтыя гады мы ня ведаем. У 1907 г., сапраўды, быў надрукаваны ў „Нашай Ніве" № 24 адзін з яго твораў, але ня вершы, а аповесьць "Музыка". Першы-ж верш, які зьявіўся ў друку―гэта верш "Над магілай"; ён быў надрукаваны ў № 1 "Нашай Нівы" за 1909 г.; нумар памечан 1 (14) студзеня. З "Нашай Ніваю М. Б. моцна зьвязаўся, пачынаючы з 1909 г., і большасьць яго вершаў і аповесьцяй надрукаваны былі менавіта ў гэтым пэрыодычным выданьні. Больш падрабязна аб яго ўдзеле ў "Нашай Ніве" гаворыць У. Ластоўскі ў сваіх „Успамінах“. M. A. пачаў тут сваё супрацоўніцтва ў цяжкі рэакцыйны час. "Год 1909―кажа Ў. Ластоўскі―быў асабліва трудным у разьвіцьці беларускага адраджэньня. Рэвалюцыйны ўздым 1905-1906 г. г. астаўся недзе далёка паза сінімі лясамі. Маладая беларуская сялянская дэмократыя, за годы наступіўшай пасьля ўздыму рэакцыі, была разьбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), а трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцьця, чацьвертыя адкрыта пайшлі ў воражы адраджэньню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакціі"... "Склад рэдакцыі „Наша Ніва" у 1909 годзе быў такі: А. Ўласаў, браты Ііван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і дарыўкамі Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба). А на пачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян". Пры гэтым складзе рэдакцыі "Нашай Нівы" пачаўся ўдзел Максіма Адамавіча ў гэтым выданьні. Спачатку яго супрацоўніцтва тут праходзіла ня зусім гладка. Па вестках У. Ластоўскага М. Б. упяршыню прыслаў у рэдакцыю "Нашай Нівы" некалькі лісточкаў сваіх вершаў за сваім подпісам у пачатку 1909 г. Адносна гэтай першай прысылкі У. Ластоўскі дае наступную доведку: „Вершы для кожнага нумару Нашай Нівы падбіраў Янка Купала, бо, акром Я. Коласа, Купалы і яшчэ двух трох поэтаў, 99 проц. вершаў, надсыланых у рэдакцыю, былі з дэфэктамі. Павіннасьцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі-ж адзін-два вершы кожнага новага "поэта", каб заахвоціць яго да пісаньня. Былі ці ня былі зроблены якія папраўкі ў вершах "Над магілай" і „Прыдзе вясна", я ня памятую, можа памятае гэта сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў, надрукаваных з подпісам праўдзівага прозьвішча і імя аўтара. Мяркуючы па тым, што першы з гэтых двух вершаў надрукаваны быў у тым нумары Нашай Нівы, які вышаў 1 (14) студзеня, прыходзіцца аднесьці першую прысылку вершаў М. Б-чам не к пачатку 1909 году, як паказвае Ул. Ластоўскі, а к самаму канцу 1908 году. У пачатку мая месяца 1909 году М. А. прыслаў у рэдакцыю „Н. Н." яшчэ маленькі сшытак, у якім зьмяшчалася 8-9 вершаў. На гэты раз літаратурная прадукцыя М. Б-ча сустрэла больш суровыя адносіны: Ядвігін Ш. назваў гэты сшытак вершаў дэкадэншчынай". А. Уласаў прапанаваў іх здаць у архіў, і толькі Я. Купала, які ўгадаў у пачынаючым поэце вялікага мастака слова, знашоў магчымым надрукаваць з папраўкамі ў мове і пад псэўдонімам (згодна з устаноўленым у рэдакцыі звычаем) два вершы пад загалоўкамі "Две песьні, пераклад з Ю. Сьвятагора" (гл. т. 1, раздз. ІІІ, № 232). Сапраўды, абадва вершы з папраўкамі Я. Купалы былі надрукаваны ў „Нашай Ніве" 1909 г. № 19; пад імі быў падпісан прыдуманы Ядвігіным Ш. псэўдонім "Максім Крыніца". Праз некалькі тыдняў М. А. прыслаў яшчэ некалькі вершаў разам з лістом, у якім выказваў протэст супроць замены яго прозьвішча псэўдонімам. Вершы яго і ў гэты раз, як дэкадэнскія, папалі ў архіў і праляжалі там да канца жніўня, калі іх адтуль выцягнуў С. Палуян, які адчуў, як і Я. Купала, вялікую здольнасьць у маладым поэце. Апрача Палуяна, М. Б., як поэта, знашоў падтрыманьне ў А. Луцкевічу; потым і іншыя члены рэдакцыі, за выключэньнем толькі Ядвігіна Ш., які ўпарта паказваў на тое, што вершы Максіма Багдановіча "не для народу", прызналі М. Б. за таленавітага поэту, і ў канцы 1909 г. ў "Нашай Ніве“ надрукаваны быў цэлы шэраг яго вершаў („Лясун“, „Край мой радзімы", "З песьняў беларускага мужыка", два вершы з цыклю "Вадзянік“, "На чужыне“, „Пугач", пераклад з Гэйнэ, "Нашай Ніве", "Разрытая магіла", „Цемень"-гл. т. 1. разьдз. 1, № № 3, 7, 11, 13, 16, 18; разьдз. ІІ, V№ 94, 108, 142; разьзд. ІІІ, №№ 203-8); з гэтых вершаў найбольш спадабаліся членам рэдакцыі і, так сказаць, вырашылі лёс поэты вершы "Край мой радзімы" і з цыклю "Вадзянік". Пасьля гэтага М. Б. робіцца ўжо сталым супрацоўнікам "Нашай Нівы" і друкуе там свае творы ў працягу ўсяго існаваньня часопісі, г. зн. да 1914 году ўключна. Яго пасяброўску ахоўваюць за гэтыя гады, як відаць з перапіскі, спачатку С. Палуян, а пасьля яго ад'езду ў Кіеў і трагічнай сьмерці там у 1910 годзе, У. Ластоўскі; у гэтых двух сяброў малады поэта знаходзіў ня толькі крытыку свае мовы, якая звычайна пярэсьцілася русізмамі, але і ацэнку сваіх поэтычных замыслаў і мастацкай тэхнікі. Праўда, нападкі на М. Б-ча былі і пасьля 1909 году, але станавіліся ўсё слабейшымі. З кожнаю новаю прысылкаю вершаў―кажа Ў. Ластоўскі―у разьвіцьці яго таленту адчуваўся значны поступ,―і гэта ўсё больш і больш умацоўвала яго літаратурную рэпутацыю. У 1911 годзе М. Б. гасьцяваў улетку, як мы ужо бачылі, у Вільне і асабіста пазнаёміўся з В. Ластоўскім, А. Луцкевічам і іншымі супрацоўнікамі, "Нашай Нівы"; тут ён узбагаціў сябе новымі тэмамі з галіны беларускай старасьветчыны, якія і апрацаваў у цыклю вершаў "Старая Беларусь"; гарадзкія ўражаньні ад Вільні і лета, праведзенае ў вёсцы, паміж Вілейкаю і Менскам, далі матар'ял і для іншых вершаў. У некалькі месяцаў пасьля ад'езду Вільні ён прыслаў рукапіс з вершамі часткова новымі, часткова ужо раней надрукаванымі ў „Нашай Ніве", і прасіў надрукаваць іх асобным зборнікам. Так пачалася гісторыя Вянка, якая цягнулася да канца 1913 году, калі, нарэшце, здабыты былі сродкі для надрукаваньня гэтага зборніка. Самы зборнік, памечаны 1913 годам, вышаў з друку, як відаць з аднаго ліста Ў. Ластоўскага, толькі ў пачатку 1914 году. Некаторыя падрабязнасьці аб друкаваньні зборніка Ластоўскі дае ў сваіх „Успамінах" (гл. таксама т. 1., увага да 1-га разьдзелу).

Апрача "Нашай Нівы", М. А. стараўся ўстанавіць пэўную сувязь і з іншымі беларускімі пэрыодычнымі выданьнямі. Так, напрыклад, мы бачым з яго перапіскі, што ў яго ў 1912 годзе заснавалася сувязь з "Маладой Беларусьсю", якая тады выдавалася ў Ленінградзе; прынамсі, Е. Хляпцэвіч ня раз паведамляў М. Б-ча ад рэдакцыі "Маладой Беларусі", што прысланыя ім вершы і іншыя матар'ялы будуць надрукаваны. Але чамусьці гэта надрукаваньне не адбылося. І наогул за жыцьцё М. Б-ча ў беларускіх кругабежных выданьнях (апрача "Нашай Нівы" і „Беларускіх Календароў") мы не сустракаем друкаваных яго твораў. Сëе-тое потым надрукавана было ў "Гомане" і ў "Вольнай Беларусі", але ўжо пасьля сьмерці поэты ў 1917-20 гадох. Другая часопісь, у якой, як і ў "Нашай Ніве", М. Б. прыветна прынялі, была "Украінская жизнь", якая выдавалася ў Маскве. У гады студэнцтва, іменна ў 1914-1916 г. г., ён надрукаваў тут шэраг артыкулаў, пераважна крытычных, прысьвечаных украінскай літаратуры. Тут-жа надрукаваны быў і вялікі нарыс пад загалоўкам "Белорусское возрождение", які вышаў асобнаю брашураю ў 1916 годзе. З расійскіх пэрыодычных выданьняў М. А. цясьней за ўсё зышоўся з Яраслаўскім "Голосом", але друкаваўся, апрача таго, у "Нижегородском Листке", у часопісі "Жизнь для всех“, у часопісі "Национальные проблемы" і іншых выданьнях. Спроба яго зьмяшчаць свае творы ў некаторых буйных часопісях таго часу, напрыклад, у „Вестнике Европы", у "Северных Записках", у "Русских Записках", у „Голосе Минувшего", у "Ниве"і інш., не прывялі да спрыяючых вынікаў. Як відаць з лістоў розных рэдакцый за студэнцкія гады, яму або адмаўлялі ў зьмяшчэньні прысланых вершаў і артыкулаў на старонках часопісі ці давалі ня пэўны адказ, які зацягваў пытаньне аб надрукаваньні. Чым вытлумачыць гэта: ці тым, што гэтыя рэдакцыі не хацелі зьмяшчаць вершаваных твораў на беларускія тэмы, ці тым, што проста не разгадалі вялікай здольнасьці ў поэце, які да таго-ж пісаў ня толькі на беларускія тэмы і ня толькі на беларускай мове,―сказаць цяжка. З выдавецтваў ён пасьпеў зыйсьціся толькі з кнігавыдавецтвам К. Ф. Некрасава, дзе былі надрукаваны яго брашуры, прысьвечаныя нарысам славянства; перапіска з кнігавыдавецтвам "Польза" аб надрукаваньні аднае з аповесьцяй Франко, перакладзенай М. Б-чам з украінскай мовы, а таксама з выдавецтвам "Парус" аб іншых перакладах з украінскай (мусіць, вершаў) скончылася, як відаць, нічым.

Нам застаецца сказаць яшчэ некалькі слоў аб адным баку студэнцкіх гадоў М. Б-ча, менавіта аб яго асабовым жыцьці і асабістых захапленьнях, якія таксама ўвайшлі ў выглядзе групы тэм і мотываў у яго лірыку. М Б., чалавек вельмі сьціплы, які да таго-ж мала сачыў за сваім вонкавым выглядам, асабліва за убраньнем, рабіў часамі некалькі нязвычайнае ўражаньне, і, як расказвае А. Д. Цітоў, мог выклікаць ухмылку надзіўленьня пры першым зьяўленьні сваім у грамадзе. Але варта яму было прыняць удзел у агульнай размове, і ўсе пераконваліся, што перад імі "адмысловы і мілы размоўца" чалавек з "чулаю і адзыўнаю душою і з сардэчнымі адносінамі да людзей". Паколькі ён выяўляў сябе ў гутарках і ў больш цесным дачыненьні з іншымі, ён, бязумоўна, павінен быў рабіць ня толькі прыемнае, але часамі і надзвычайнае ўражаньне. На гэтай глебе ствараліся сардэчныя адносіны да яго крэўных і сяброў і проста знаёмых, аб чым сьведчаць лісты да яго асоб яго сваяцкага кола, былых настаўнікаў, таварышоў, нават яго вучняў, з якімі ём займаўся прыватна, і іх бацькоў. Адгэтуль-жа, з яго асабовага абаяньня, бяруць пачатак і некаторыя больш інтымныя яго знаёмствы і сувязі. Конкретна можна адзначыць два-тры выпадкі. Больш раньні выпадак такога знаёмства, якое перайшло ў цеснае сяброўства, адносіцца, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, да 1909 г., да летняга прабываньня М. Б-ча, тады яшчэ гімназіста, у Крыме, на ферме "Шалаш" у ваколіцах Ялты. Тут М. Б. пазнаёміўся з аднаею дзяўчынаю М. А. К-ай, захопленай і містычна настроенай; некаторы час, жывучы ў Яраслаўлі, ён падтрымоўваў з ёю перапіску і часамі з прычыны яе поглядаў, якія выклікалі яго на размышленьні, зварочваўся з пытаньнямі да А. Ю-ча. Лісты яе да М. Б-ча памечаны 1912 годам,―такім чынам гэта сяброўства цягнулася і ў студэнцкія яго гады, калі і сама яго карэспандэнтка была ўжо слухальніцаю на Вышэйшых Жаночых курсах. Ёй прысьвечаны верш 1909 г. "Цемень. Афярую М. А. Киц-ной" (т. І, разьдзел 1, № 18). Па думцы А. Ю-ча, да яе-ж зьвернут трыолет, напісаны на адвароце гімназічнай карткі ("Я бальны, бясскрыдлаты поэт"), які таксама адносіцца да 1909 году (т. І., разьдз. 1, № 6). Першы верш гаворыць аб тым, што М. Б. цікавіўся настроямі М. А. К-ай, але цалкам іх ня мог успрыняць па самым характары свайго сьветаразуменьня. Другі выпадак інтымнага знаёмства, які таксама пакінуў сьлед у лірыцы М. Б-ча, адносіцца да 1915 году, таксама да летняга прабываньня на поўдні, іменна ў Старым Крыме. Тут захапленьне М. Б-ча набыло больш глыбокі характар. А. Ю. называе гэты выпадак адзіным романічным эпізодам жыцьця свайго сына; прадмет яго захапленьня ён называе Клаваю, спасылаючыся на перапіску сына. У іншых успамінах гэты выпадак таксама адзначаны. Н. Г. Агурцоў расказвае аб гэтым так: "Асабіста ад мяне ён не хаваў, што знаходзіцца ў інтымнай перапісцы з аднаею асобаю, з якою ён пазнаёміўся ў Крыме і пакахаў. Я ня ведаў гэтай асобы і лічыў нялоўкім распытваць аб яго адносінах да гэтае асобы. Але, як мне здавалася, яго пачуцьцë было сур'ёзнае і моцна адбівалася на яго здароў'і. Адчувалася, што ён перажывае нейкі цяжкі ўнутраны крызіса. Прыблізна ў такіх-жа рысах робіць заўвагу аб гэтым выпадку і А.Д. Цітоў: „У мінуты адкрытасьці Максім Адамавіч расказваў мне, перадаючы, як тайну, гісторыю свайго захапленьня. Знаходзячыся на поудні, ён закахаўся ў адну жанчыну, але каханьне было няроўным і няўдачным і прымусіла толькі яго нямала хвалявацца". З імем Клавы захаваўся толькі адзін верш на расійскай мове (т. І, разьдзел V, № 282); зьмест яго гаворыць аб складанасьці перажытага М. А-чам пачуцьця. Трэці выпадак з асабовых захапленьняў нябожчыка поэты, які адбіўся ў яго лірыцы, адносіцца да жыцьця яго ў Яраслаўлі: цэлы шэраг вершаў на беларускай і расійскай мове (гл. т. 1, разьдз. ІV і V), вершаў пяшчотных і чулых, згрупаваны каля імя "Аня“, у якім трэба бачыць, па думцы А. Ю-ча, адну з знаёмых М. Б-ча па Яраслаўлі. Усе гэтыя выпадкі з інтымнага жыцьця поэты, што ўвайшлі, як крыніца, у яго і лірыку, сьцьвярджаюць выказаную яго бацькам думку, што суадносіны М. Б-ча да пачуцьця каханьня былі заўсёды надзвычайна чыстымі і нават паважлівымі. Той вобраз "Мадонны", аб якім ён гаворыць у сваіх вершах "На вёсцы" і „Вэроніка" (т. 1, разьдз. ІІ, № № 183, 184) у раньнім апавяданьні "Мадонны" (т. 1, разьдз. VІІ), быў відавочна не выпадковым стварэньнем яго фантазіі, а сапраўдным выяўленьнем уласьцівых яму адносін да жанчыны і да пачуцьця каханьня.

VI

Жыцьцё ў Менску (1916-1917). Другая паездка на радзіму. Служба ў Менску. Грамадзкая дзейнасьць, грамадзкія сувязі і знаёмствы. Літаратурная дзейнасьць. Стан здароўя. Апошняя паездка ў Крым. Апошнія дні жыцьця ў Ялце.

________

У пачатку восені 1916 г. М. А. здаў апошнія залікі па Ліцэі і ў верасьні таго-ж году паехаў у Менск, сказаўшы бацьку, што едзе на пэўнае месца. А. Ю. адпусьціў сына, хвароба якога ўсё больш і больш разьвівалася, з трывожным пачуцьцём, але ён ведаў, што М. Б. едзе працаваць на карысьць радзімы, якая была "цэнтрам яго цягаценьня", і дзеля гэтага ўтрымоўваць яго ня мог. Некаторыя дадзеныя аб гэтым апошнім эпізодзе жыцьця М. Б. мы чэрпаем ужо не з успамінаў бацькі, які, заняты ў гэты час вялікаю работаю па службе, ня мог пільна сачыць за жыцьцём і дзейнасьцю сына, а з успамінаў тых блізкіх М. Б-чу асоб, з якімі ён падтрымоўваў цесную сувязь у Менску. Я разумею А. Смоліча і Зьм. Бядулю, у якіх і атрыманы весткі, якія ніжэй падаюцца.

Прыехаўшы ў Менск у канцы верасьня ці ў пачатку месяца, М. Б. пасяліўся ў кватэры Зьмітрака Бядулі на Ўборках па Мала-Георгіеўскай (цяпер вул. Таўстога) вул., д. № 12, кв. 4. Асобнага пакою ў кватэры ў яго ня было; ён жыў у адным пакоі разам з поэтам Бядулей. У гэтай кватэры ён гражыў бяз выезду да ад'езду ў Ялту. Пасьля прыезду ў Менск ён адразу быў прыняты на службу ў Губэрскі Прадавольственный Камітэт сакратаром Камітэту. На гэта месца яго раіў старшыні камітэту Р. Скірмунту А. Уласаў. Апрача службы, ён быў членам Беларускага Камітэту дапамогі хвярам вайны і разам з іншымі членамі гэтага камітэту організоўваў гурткі моладзі, якім стараўся надаць грамадзка-асьветны і нацыянальна-рэвалюцыйны характар; для гурткоў ён выпрацаваў програму; на сходах аднаго гуртка, якія адбываліся на Залатой Горцы, ён рабіў невялікія даклады і чытаў вершы. Жывучы ў Менску ён падтрымліваў сувязь з беларускімі культурнымі дзеячамі і пісьменьнікамі, якія жылі тады ў Менску: добра ведаў А. Уласава; быў знаёмы з В. Лявіцкаю, з якою яшчэ раней вёў перапіску; бываў у сям'і Сівіцкіх; сябраваў з паэтам Бядуляю, у якога жыў; блізка сышоўся з А. Смолічам, у якога некалькі разоў быў і чытаў свае новыя творы. За гэтыя месяцы М. Б. не прыпыняў свае літаратурнай працы. Ён працаваў урыўкамі на службе і вечарамі дома і ў Пушкінскай бібліотэцы, дзе праседжваў часамі да 2-х-3-х гадзін ночы. Ён працаваў над тэорыяй поэзіі, пісаў артыкулы і вершы. Пераважны ўхіл яго літаратурнай работы за гэты час―мастацка-фольклёрыстычны: артыкулы аб народнай поэзіі і вершы народна-поэтычнага складу; апрача таго, ён перакладаў з чужаземных моў. За гэты час былі, як відаць, напісаны ім такія вершы, як "Страцім-лебедзь", "У Максіма на кашулі", "Пагоня"; але магчыма, што чарнавікі гэтых вершаў ён прывёз з сабою з Яраслаўля. Апрача таго, у гэты час М. Б. разам з А. Смолічам і Л. Сівіцкаю, якая была сакратаром Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны, задумаў скласьці літаратурную хрэстаматыю для старэйшых груп пачатковай школы. М. Б. склаў для хрэстаматыі програму, выпаўненьне якой разьмеркавана было паміж удзельнікамі працы. Хрэстаматыя не склалася з прычыны выезду з Менску М. Б-ча і з прычыны немагчымасьці яе выдаць; але спэцыяльна для гэтай хрэстаматыі М. Б. напісаў нарыс „Городок" (т. І, разьдз. VІІ) і іншыя культурна-гістарычныя нарысы.

Між тым хвароба М. Б-ча разьвівалася. Ён кашляў цэлымі начамі. Зьмітраку Бядулі, разам з якім ён жыў, і яго сёстрам прыходзілася даглядаць хворага, што лажылася на іх вялікім цяжарам. М. Б. гэта бачыў, але супакойваў іх тым, што ў яго ня сухоты і што ён скора ачуняе. Сам ён мала клапаціўся аб сваім здароўі, ― таксама як і наогул аб сваім дабрабыце. Ня гледзячы на хваробу, ён і далей працаваў ня толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпэратуры 38-39°. У такім менавіта стане, паводле сьведчаньня А. Смоліча, быў ім напісаны ў час службы верш "Пагоня". Расказваючы аб гэтым за абедам А. Смолічу, поэта дадаў: "У гарачцы пішацца лёгка".

Аднак, хвароба поэта ўступіла ў такую фазу, пры якой працаваць далей было нельга. Яму далі водпуск і грашовую дапамогу для таго, каб ён ехаў у Крым. У лютым месяцы 1917 г. ён паведаміў бацьку, што зьбіраецца ў Крым на два месяцы. Бацька меў замер з ім зьехацца ў Сымфэропалі, куды ён якраз быў пераведзен па службе. М. Б. Выехаў з Менску ў канцы лютага, але у Сымфэропалі бацькі не знашоў, бо той, захоплены ў Яраслаўлі лютаўскаю рэвалюцыяй, сваечасова ня мог выехаць і прыбыў у Сімфэропаль, калі М. Б. ужо пераехаў у Ялту. У Ялце ён, пасьля доўгіх шуканьняў кватэры, пасяліўся на Мікалаеўскай вуліцы, дом № 8, у даволі нізкім месцы, недалёка ад мора, што для слабагрудага мала падыходзіла; пакой быў з асобнымі ўсходамі, ізаляваны, мала даступны для дагляду хворага; з харчаваньнем М. Б. уладзіўся таксама няўдала. Спачатку ён пісаў бацьку ў Сымфэропаль даволі супакойлівыя лісты, але потым перапіска спынілася: у пачатку мая месяца бацька не атрымаў адказу на два свае лісты і, заняты службаю, не пасьпеў даведацца аб сыне. А сын у гэты час дажываў апошнія дні. Ён увесь час быў на нагах і нават сам хадзіў па харчы. Але за тыдзень да сьмерці, калі моцна пашла праз горла кроў, ён зьлёг у пасьцель.

Ён памёр 25-га (12-га ст. ст.) мая 1917 г. ў адзіноце, і пахаваны на ялцінскім могільніку недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы, дзе жыў перад сьмерцю. Бацька ўведаў аб горы, якое яго агарнула, толькі на чацьверты дзень пасьля сьмерці сына. Уміраючы, сын ня даў кватэрнай гаспадыне адрасу бацькі, ня хочучы яго трывожыць; яна знашла ў паперах нябожчыка яраслаўскі адрас бацькі і тэлеграфавала ў Яраслаў.

Апошнія вершаваныя накіды, напісаныя поэтам слабеючай рукою (гл. Т. І., разьдзел 1, № № 87, 88, 89), гавораць ня толькі аб тым, што ён разумеў набліжэньне сьмерці, але і аб тым, што, уміраючы, таксама любіў жыцьцё ў яго невянуўшым харастве. Апошняя яго прозаічная праца, за якою застала яго сьмерць, была праца над складаньнем беларускага лемантара. Нясупыннае служэньне радзіме ўваходзіла ў яго програму хараства жыцьця.

VII

Крыніцы творчасьці М. Багдановіча. Уражаньні бацькаўшчыны і ўплывы, зьвязаныя з ёю: радня (беларуская колёнія"), паездка на бацькаўшчыну ў 1911 г., уплывы кніжнага характару. Крыніцы тэм шырокага соцыяльна-культурнага зьместу; крыніцы твораў на тэмы агульна-людзкіх псыхолёгічных проблем. Літаратурныя ўплывы ў творчасьці М. Багдановіча і іх значэньне, як крыніц для яго асобных твораў.

________

З кароткага біографічнага нарысу, дадзенага ў папярэдніх разьдзелах (І-VІ), можна устанавіць некалькі момантаў, што мелі значэньне крыніц творчасьці для М. Багдановіча. Першым момантам, што бязумоўна пераважае сярод іншых уплываў і матэрыялаў, якія жывілі яго музу, трэба лічыць яго ўражаньні ад бацькаўшчыны і ўсяго таго, што так ці іначай было з ёю зьвязана. Называючы гэты момант першым і пераважным, я раблю гэта не для штучнае, надуманае схэмы, у якой для беларускага поэты бязумоўна на першым пляне, як крыніца, павінна стаяць Беларусь. Не, я выхожду з пэўных фактаў, якія я толькі што ўстанавіў. У самай рэчы, беларускія ўражаньні і ўплывы праходзяць асноўнай рысай праз усё нядоўгае жыцьце М. Багдановіча і праз усю яго творчасьць. Паміж іншым, увагу яго чытача міжвольна спыняе адна характэрная акалічнасьць: перагартаючы том яго вершаў, толькі зрэдку можна сустрэць вершаваны радок ці невялікую вершаваную п'еску, навеяную абставінамі і ўражаньнямі, якія топографічна і псыхолёгічна знаходзяцца вонках яго бацькаўшчыны і зьвязаных з ёю пытаньняў. Чаму гэта так? Чаму поэта, які пражыў сваё маленства і юнацтва ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі, не адбіў у сваіх вершах уражаньняў Паваложжа, быту расійскіх губэрскіх гарадоў, прыуральскага стэпу, дзе ён некалькі разоў летаваў, Крыму, дзе ён жыў і лячыўся, і г. д? Гэтага аніяк нельга вытлумачыць недахватам яго ўражлівасьці ці недахватам таго матэрыялу з галіны прыроды і быту, якія ён назіраў вонках свае бацькаўшчыны. Гэтае льга вытлумачыць толькі тым, што ён усё сваё нядоўгае жыцьцё, у парадку свае ўнутраное, моральнае дысцыпліны, цалком аддаў бацькаўшчыне, што ён сам пасьвяціў сябе ў рыцары гэтай "прекрасной дамы" свайго юнацкага роману, што ён, зьвязаны сваёю любасьцю да бацькаўшчыны і слугаваньнем ëй, мысьліў сябе нявольным аддаваць сваё натхненьне чаму-небудзь і каму-небудзь іншаму, апрача тэй—скажам словамі яго поэтычнай сымболікі "мадонны", што была для яго „lumen sollі, sancta rosa" і што ёй аднэй ён мог, як поэта, маліцца і слугаваць.

Адкуль ідуць гэтыя выключна трывалыя і, так сказаць, пэрманэнтныя ўражаньні і ўспаміны аб бацькаўшчыне і сувязі з ёй? Вядома, не з абстаноўкі жыцьця поэты ў Менску, адкуль ён выехаў з сям'ёй у Горадню шасьцёх з невялікім месяцаў узросту. І нават ня з раньняга маленства ў Горадні, таму, што, як было яму пяць год, ён ужо выехаў і з Горадні, і, значыцца, ня мог вынесьці з гэтае пары свайго жыцьця больш ці менш трывалых успамінаў аб прыродзе, быце і мове свае бацькаўшчыны. І поэтаў бацька, Адам Юравіч, і сам поэта спасылаюцца ў дадзеным выпадку на атавізм, які даў, на іх погляд, аснову беларускім настроям поэты; але атавізм сам па сабе яшчэ нічога не высьвятляе, таму што з карэньня атавізму, як-бы яно ня было глыбокае, яшчэ не маглі-б узрасьці краскі творчасьці ўласна на беларускія тэмы, калі-б сам атавізм не атрымоўваў бязупыннага жыўленьня і ў маленстве і ў юнацтве поэты. У гэтым жыўленьні і карэніцца прычына ўхілу творчасьці М. Багдановіча ў бок бацькаўшчыны і тэм, зьвязаных з ёю. Сюды, да крыніц, што жывілі гэты пераважна беларускі ўхіл творчасьці М. Багдановіча, належыць перш за ўсё ўплыў на поэту радні, дзе падтрымоўваліся беларускія традыцыі,—гэтае, як выражаецца А. Ю., беларускае колёніі ў далёкім краі пры сутоку "Окі і Волгі". Колёнія гэта складалася з бацькі поэты і яго сваякоў—сем'яў Гапановічаў і Галаванаў; у гэтай "беларускай колёніі" поэта мог ужо ў маленстве часам чуць беларускую мову (з успамінаў А. Ю. ня відаць, аднак, у якой ступені ў гэтым сваяцкім асяродзьдзі карысталіся беларускаю моваю), нярэдка чуў беларускія казкі, песьні, прыказкі і "крылатыя слоўцы" з народнае мовы. Найбольшы ўплыў у гэтым асяродзьдзі мог мець на поэту яго бацька. Уласна ён пры дапамозе сваіх вусных гутарак на народна-поэтычныя тэмы і сваіх запісаў фольклёрнага матэрыялу, атрыманых ім сваім парадкам ад свае бабкі (поэтавае прабабкі) Р. К. Асьмак, перадаў свайму сыну конкрэтную спадчыну ў выглядзе твораў народнае творчасьці, народна-поэтычных тэм і мотываў мітатворчага зьместу, народна-поэтычных вобразаў, сымболяў, параўнаньняў ды іншых спосабаў народна поэтычнага стылю. У гэтым пункце перад дасьледчыкам беларускае літаратуры, у прыватнасьці дасьледчыкам уласна творчасьці М. Багдановіча, паўстае зусім конкрэтнае пытаньне аб генэтычнай сувязі шмат-якіх яго вершаў, — асабліва тых, што пабудованы на вобразах і малюнках з галіны роднае мітатворчасьці,—з матэрыялам кнігі яго бацькі "Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов" (Гродно, 1895). Гэта—тэма для невялікіх, але дакумэнтальных дасьледзін, якія павінны знайсьці свайго аўтара ці сярод пачынаючых гісторыкаў беларускае літаратуры, ці, па меншай меры, у абыйме студэнцкіх навуковых практыкаваньняў падвышанага тыпу (сэмінарскія работы старэйшых курсаў, дыплёмныя работы). З тае прычыны, што апрача матэрыялаў па народнай творчасьці, што меліся ў руках бацькі, М. А. яшчэ ў маленстве, пры першапачатковым сваім навучаньні, карыстаўся зборнікамі Шэйна і Раманава, дык перагляд гэтых зборнікаў пад кутом іхняга ўплыву, як крыніцы, на творчасьць М. А., быў-бы тож ня лішнім і таксама мог-бы ўкласьціся ў конкрэтнае гістарычна-літаратурнае заданьне.

Паміма непасрэднага ўплыву радні ("беларускае колёніі") і хатняга чытаньня зборнікаў беларускай народнай поэзіі, суздром конкрэтнай крыніцай для беларускіх тэм у творчасьці М. Багдановіча трэба лічыць яго пабыўку на бацькаўшчыне ў 1911 годзе. Ён пабыў два разы ў Вільні, прабавіўшыся там увогуле некалькі дзён, і пражыў каля месяцу ў сялібе аднаго з сваякоў А. Луцкевіча, якая знаходзілася недзе паміж Вялейкаю і Менскам. Непасрэдныя ўражаньні ад прыроды і быту бацькаўшчыны, непасрэдныя сустрэчы з землякамі, — пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі, якія стаялі тады ў шэрагах беларускага руху, нават непасрэдны агляд некаторых памятак беларускае старасьвеччыны (рукапісныя славянскія кнігі, слуцкія паясы і да т. п.), — усё гэта ўзбагаціла яго сьвежымі настроямі і думамі на беларускія тэмы, узьняло яго бадзёрасьць і веру ў свае сілы. Нездарма поэта ў 1910 годзе, калі ён толькі яшчэ лятуцеў аб пабыўцы на бацькаўшчыне, у адным вершы параўноўвае сябе з Антэем, які даткнуўся да грудзей роднае зямлі і чэрпае ў яе новую моц для жыцьцёвага змаганьня:

Паломаны жыцьцём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе.
І бодрасьць ты ўліла ў слабеючыя жылы.
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

Гэты верш ("Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя" аддз. ІІ, № 153), з якога я бяру другую строфу, як-бы папераджаў захапленьне ад тых уражаньняў, што пасьля ён вынес з паездкі ў 1911 годзе. Сапраўды, тое, што напісана ім пад простым уплывам гэтае паездкі, г. зн., прыкладам, вершы "У вёсцы", "Вэроніка", шэраг вершаў, прысьвечаных уражаньням ад гарадзкога жыцьця Вільні і згрупованых пад цыклем "Места" (пар. аддз. ІІ, №№ 131 і 132), урэшце, некалькі вершаў, што складалі цыкль "Старая Беларусь" (аддз. ІІ, №№ 123, 124, 125, 126, 127)―усё адзначаецца нязвычайнай сьвежасьцю фарбаў, конкрэтнасьцю і жыцьцёвасьцю зьместу. У той час, як больш раньнія яго вершы на беларускія тэмы даюць замалёўку беларускае прыроды, бытавога жыцьця і псыхікі па ўстаноўленаму яшчэ перад ім у беларускай поэзіі шаблёну смутлівага народніцтва, — вершы, напісаныя пад уплывам уражаньняў лета 1911 г., даюць бадзёрае і радаснае ўспрыйманьне бацькаўшчыны, у якой поэта знаходзіць яскравыя фарбы і сьветлыя блікі. Да гэтай групы вершаў, больш бадзёрых па тону і больш жыцьцёвых па тэме, трэба, мне здаецца, аднесьці таксама некаторыя вершы, што не увайшлі ў свой час у "Вянок" і былі надрукованы на старонках "Нашае Нівы"; гэта, прыкл., вершы "Ізноў пабачыў я сялібы" і „Споўненае абяцаньне" (аддз. 1, №№ 49, 50). Вывучэньне гэтае крыніцы творчасьці М. Багдановіча, г. зн. віленскіх і вясковых яго ўражаньняў, перажытых улетку 1911 г., становіць таксама конкрэтнае заданьне дасьледчыку дадзенага пытаньня; але для выкананьня гэтага заданьня пакуль няма выстарчальнае колькасьці матэрыялу, г. зн., па меншай меры, адпаведных успамінаў аб бытаваньні поэты у Вільні і ў сялібе дзядзькі А. Луцкевіча (успаміны В. Ластоўскага даюць для гэтай мэты мала даведак). Таксама-ж, пакуль ня высьветлены выстарчальна конкрэтна і крыніцы вершаў М. Багдановіча, прысьвечаных гістарычнай Беларусі і таксама навеяныя паездкаю 1911 году. Дасьледчык творчасьці М. Багдановіча, вядома, установіць: пад якімі бліжэйшымі уражаньнямі напісаны такія, прыкл., вершы, як "Кніга" (аддз. ІІ, № 125), што мае на ўвазе пэўную кніжную памятку, з якою поэта мог азнаёміцца ў Вільні, ці верш "Безнадзейнасьць" (аддз. ІІ, № 127), зьвязаны з традыцыяй аб асобе Фр. Скарыны. Крыніца вершу "Слуцкія ткачыхі" (аддз. ІІ, №№ 126a і 126б) больш выразная: гэта―бясспрэчна, самыя орыгіналы паясоў, што ён бачыў у Вільні і тая гістарычная даведка, якую ён там наконт іх атрымаў. Даведка аказалася недакладнай і прымусіла поэту паграшыць супроць гісторыі (гл. т. І, увагу да верш. №№ 126а і 126б), але той мастацкі вобраз, што склаўся на гэтай аснове, атрымаўся закончаным па тэме і павабным па сваёй маляўніча-эмоцыянальнай апрацоўцы. Іншыя крыніцы твораў М. Багдановіча на беларускія тэмы маюць ўжо пераважна кніжны характар: іх трэба шукаць у тых кнігах, галоўным чынам, у навуковых творах і зборніках па беларусазнаўству, — над якімі ён працаваў у старэйшых клясах гімназіі і асабліва ў гады навучаньня ў Яраслаўскім Ліцэі, а таксама ў зносінах яго з некаторымі блізкімі яму асобамі, як А. К. Кабанаў, якія маглі даць яму той ці іншы матэрыял у дадзеным кірунку; перапіска яго з беларускімі пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі таксама дае ў гэтых адносінах некаторы матэрыял дасьледчыку. Гэта—тож адна з конкрэтных тэм па агульнаму пытаньню аб крыніцах творчасьці М. Багдановіча.

Пабач з уплывам з боку бацькаўшчыны, які ішоў шляхам зносін з жывымі людзьмі і шляхам чытаньня кніг, былі, вядома, нейкія іншыя узьдзеяньні на поэту, што пашыралі кругагляд яго назіраньняў і дум да меж усяе навакольнае дзейнасьці—ня толькі беларускае і украінскае, але і вялікарускае і нават заходня-эўропэйскае. І ў самай рэчы, сярод вершаў поэты ёсьць, як мы пабачым ніжэй, невялікая група такіх, якія напісаны на тэмы не спэцыяльна-беларускага, а, так сказаць наагул сучаснага поэце соцыяльна-бытавога зьместу. Адкуль ідуць гэтыя тэмы ў творчасьці М. Багдановіча? Яны тож, бясспрэчна, не выпадковы. На аснове біографічных матэрыялаў у мяне склалася ўражаньне, што і ў гэтым дачыненьні павінен быў аказаць значны ўплыў на поэту яго бацька. Грамадзкі працаўнік па складу розуму і па характару свае дзейнасьці, у свой час актыўны народаволец (1882-1892), А. Ю. ня мог не перадаць свайму сыну пэўнага грамадзка-політычнага ўхілу ў бок актыўнага народніцтва. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што шмат-якія вершы М. Багдановіча на беларускія тэмы ня проста прасякнуты смутлівым народалюбствам, але і падыхаюць гнеўным протэстам супроць прыгнечаньня народных мас і заклікам да змаганьня за вызваленьне іх ад соцыяльна-экономічнага ўціску. Адсюль-жа вядуць сваё паходжаньне і тыя вершы, што бяруць гэтую тэму аб соцыяльным уціску шырэй, у роўніцы сучасных поэце соцыяльных дачыненьняў наагул (пар. "Мяжы"—аддз. І, № 59). Апрача бацькі, вядомае ўзьдзеяньне на поэту ў тым-жа кірунку маглі аказаць і некаторыя яго знаёмствы. Якое ўласна―пакуль мы ня можам на гэта адказаць конкрэтна, таму што для гэтага няма фактычных дадзеных. "Матэрыялы" А. Ю-ча гавораць, галоўным чынам, яб Яраслаўскіх сувязях поэты, ― асабліва з супрацоўнікамі "Голаса". Зусім магчыма, што ў іхным асяродзьдзі поэта знайшоў і абмяркоўваньне набалелых грамадзка-політычных пытаньняў, асабліва тых соцыяльных супярэчнасьцяй перадрэволюцыйнае пары, што шырока трактаваліся ў пачатку ХХ сталецьця ў колах расійскае інтэлігенцыі, як грамадзкіх, гэтак і літаратурных. Вядомае значэньне ў сэнсе крыніцы грамадзка-політычных настрояў М. Багдановіча мелі таксама і кнігі. Кнігі соцыяльна-політычнага характару ўпяршыню ўспамінаюцца ў біографіі поэты ў гады яго гімназічнае навукі, а ўласна ў гады рэволюцыйнага руху ў Яраслаўскай гімназіі (1905-6 і 1906-7 г.г.). У гэты час яго зацікавілі Бакунін, Прудон, Эльцбахер, Малятэста, Чэркезаў і інш. Выходзячы з гэтых кніжных уплываў, рэволюцыйны ўхіл М. Багдановіча за годы вучнёўства, як відаць, трэба азначыць, як індывідуальна-анархіцкі. Анархізм яго, вядома, нельга разумець, як трывалае захапленьне; але да індывідуалізму ён меў бясспрэчны нахіл. Гэта пацьвярджаецца пазьнейшымі сымпатыямі поэты да соцыялёгічнае тэорыі ўласна такога кірунку. У артыкуле, прысьвечаным Н. Д. Ножыну („Ежем. журнал", 1916, № 6) ён з вялікім захапленьнем гаворыць аб гэтым біолёгу- нігілістым 60-х гадоў, уласна, як аб яскравым выражальніку індывідуальна-соцыялёгічнага сьветагляду. Ён выкладае яго тэорыю таго тыпу грамадзтва, які можна назваць грамадзтвам "аднародным" ці "нядробным"; у васнове гэтага грамадзкага ладу ляжаць "інтарэсы асобы"; гэты тып грамадзтва Ножын проціставіць другому тыпу грамадзкага жыцьця, пры якім "асоба блізка зьведзена на ступень простага органу грамадзкага цэлага". Ножын, вывучаўшы на ўзьбярэжжы Міжземнага мора прасьцейшых морскіх жывёлін, прототып першага грамадзкага ўкладу бачыў у "коленіі“ гідраў (гідра—прасьцейшая вадзяная жывёліна), а прототып другога віду грамадзтва—у колёніі сыфонофор (прасьцейшыя морскія жывёліны). Сымпатыі М. Багдановіча, відаць, на баку першага тыпу, дзе грамадзтва не паглынае асобы, і, наадварот, ён адмоўна ставіцца да другога віду грамадзкага жыцьця, што відаць, паміж іншым, з яго вершаванага накіду (аддз. ІV, № 261- "Усплывае грамада сыфонофора"), дзе ў вобразе "грамады" сыфонофор ён у мінорных рэгістрах гаворыць аб такім грамадзтве, якое жыве "бяз шчасьця і бяз гора". Ацэньваючы крыху раней ("Голас", 1914, № 22) Н. К. Міхайлоўскага, уласна як вучня Н. Д. Ножына, ён з асаблівай увагай сунімаецца на індывідуалістычным баку сьветапогляду Міхайлоўскага і нават цытуе яго формулу прогрэсу, дзе, як вядома, адведзена відная мясьціна (ужывём тэрмін П. Л. Лаўрова) "крытычна-мысьлячай асобе“. „Прогрэс ёсьць—цытуе М. Багдановіч Міхайлоўскага—паступовае набліжэньне да суцэльнасьці непадзельных (г. зн. асоб), да магчыма поўнага і ўсебаковага падзелу працы паміж органамі і магчыма меншага падзелу працы між людзьмі ... Гэтую формулу М. Багдановіч называе "вельмі ўдалай", такой, "якая азначае сабою зьмест усяе літаратурнае спадчыны, што засталася ад Міхайлоўскага". Адсюль можна думаць, што самога поэту і ў гады гімназічнае навукі, і ў студэнцкія гады больш цікавіла тая форма грамадзкага жыцьця, якую раскрывалі ў сваіх артыкулах Ножын і Міхайлоўскі. Гэтая форма разумеецца ў Ножына як "такая сыстэма грамадзкага ладу", якая "найбольш забясьпечвае гармонічнае разьвіцьцё асобы" (цытую артыкул М. Багдановіча аб Ножыну). Я ня хочу гэтым сказаць, што мысьлю М. Багдановіча, як такога, які цалком падзяляў пераконаньні Ножына ці, прынамсі, Міхайлоўскага. Але мне здаецца ўсё-ткі, што ў соцыяльнай самасьвядомасьці поэты індывідуалізм быў кіраўнічым факторам. Гэта ў цалку адпавядала таму інтэлігенцкаму асяродзьдзю, якое было блізкім поэце і якое часткаю жыло яшчэ традыцыямі ідэй Лаурова і Міхайлоўскага, часткаю шукала новых аўторытэтаў для ўгрунтаваньня свайго сынтэзу свабоды асобы і канечнасьці грамадзкага слугаваньня. З гэтых даведак больш ці менш азначаецца соцыяльна-культурная позыцыя поэты ў гады яго студэнцтва. Калі выразна паставіць пытаньне, да якой уласна грамадзкай групы ён належаў па складу сваіх пераконаньняў, дык на гэтае пытаньне льга адказаць так. Ён належаў да тае часткі інтэлігенцыі перадрэволюцыйнае пары, якая рашуча адмежавалася ад інтэлігенцкага мяшчанства, што жыло дробна-буржуазнымі ідэаламі, але ня прыстала і да актыўнага рэволюцыйнага руху. Гэтая частка інтэлігенцыі заняла асаблівую позыцыю: ставячыся адмоўна да соцыяльнае неўпарадкаванасьці сучаснага ёй ладу жыцьця, яна ў той-жа час проціставіла яму не якую-небудзь выразную програму новае соцыяльнасьці, а адно агульныя імкненьні, накірованыя да жыцьця больш культурнага, больш чалавечнага і больш дасканальнага ў соцыяльным сэнсе. Гэта тая частка інтэлігенцыі, якую мы адчуваем у некаторых індывідуалістых раньніх твораў М. Горкага, што протэстуюць супроць навакольнага соцыяльнага зла ў імя лепшае будучыны; гэта тая інтэлігенцыя, што зарысована ў асобе чэхаўскае моладзі ў яго драмах,―моладзі, што гаворыць аб жыцьці працоўным, праўдзівым і прыгожым; тая інтэлігенцыя, якую малюе Купрын у васобе сваіх герояў, мысьляць і пярэчаць (але не актыўна, а адно эмоцыянальна) супроць "Молоха" капіталу і яго сьвятароў-хіжакоў жыцьця. У склад гэтае інтэлігенцыі уваходзіла значная частка расійскіх бэлетрыстых і поэтаў канца ХІХ-га і пачатку ХХ-га веку, ― паміж іншым, і поэты-сымболістыя. Я думаю, што да гэтай часткі інтэлігенцыі свайго часу можа быць да вядомае ступені залічаны і М. Багдановіч. Гэтым уласна і тлумачыцца, што ён, будучы далёкім ад інтэлігенцкага мяшчанства, ня выявіў, аднак, больш азначана свае грамадзка-політычнае позыцыі, а жыў агульным адмаўленьнем сучасных яму соцыяльных супярэчнасьцяй і агульнымі думамі ды лятуценьнямі аб абнаўленьні соцыяльнага ладу. Конкрэтнае заданьне гісторыку літаратуры ў дадзеным выпадку зводзіцца таго, каб уважліва выўчыць рукапісны матэрыял, што захаваўся (поэтавы сшыткі, запісы яго паасобных лісткох, сьпіс прачытаных ім ці прызначаных на прачытаньне кніг і г. д.) і ўстанавіць больш дакладна круг грамадзкіх інтарэсаў і ідэй, сярод якіх ён жыў і якія ператварыў у мастацкія вобразы сваіх вершаў, напісаных на сучасныя яму соцыяльна-культурныя тэмы.

З тае прычыны, што апрача вершаў на беларускія тэмы і вершаў на сучасныя поэце соцыяльна-культурныя тэмы, поэзіі М. Багдановіча ўласьцівы і вершаваныя творы, прысьвечаныя агульна-людзкім проблемам, пераважна псыхолёгічнага характару, дык трэба думаць пра наяўнасьць у яго творчасьці яшчэ і трэцяе крыніцы (апрача дзьвёх, ужо паказаных), якая азначала гэтую трэцюю групу яго тэм. Трэба ўзяць пад увагу, што апрацоўка і асьвятленьне тэм гэтае групы адрозьніваецца некаторым налётам пэсымізму. Пэсымізм наогул быў уласьцівы тэй групе інтэлігенцыі, да якой мы толькі-што залічылі М. Багдановіча. Для адных крыніцаю гэтага пэсымізму была рэакцыйная эпоха канца ХІХ сталецьця і той грамадзкі індэфэрэнтызм, які парадзіла гэтая эпоха; у другіх пэсымістычны настрой жывіўся філёзофіяй Гартмана, Шопэнгаўэра і нават Ніцшэ; трэція сваеасаблівую сымфонію пэсымізму падслухалі ў сучаснай ім сымболістычнай поэзіі, асабліва ў францускіх сымболістых. Пры гэтых адменнасьцях агульным у інтэлігентаў пэсымістых канца ХІХ-пачатку ХХ стал. было тое, што яны падыходзілі да хворых пытаньняў, што мучылі іх, не з культурнага, а з філёзофскага і псыхолёгічнага пунктаў гледжаньня, і ў такой уласна роўніцы разьвязвалі пытаньні аб каштоўнасьці чалавечага пачуцьця, чалавечае мысьлі, волі, чалавечае моралі і да т. п. Гэты павеў эпохі бясспрэчна захапіў і М. Багдановіча,—адным, прынамсі, крылом. У поэзіі яго маюць месца і пэсымістычныя мотывы. Крыніцы яго пэсымізму былі падвойнага роду—і соцыяльна-культурнага, і чыста-літаратурнага характару. Першую крыніцу трэба шукаць у умовах соцыяльна-культурнага быту яго бацькаўшчыны, гістарычны лёс якое ён перажываў дужа чутка і нават хваравіта, хоць і браў пасільны яму ўдзел у яе адраджэньні. Другая крыніца крыецца ў сымболізьме, асабліва ў францускім, і ў прыватнасьці ў Вэрленаўскім, таму што якраз у Верлена М. Багдановіч сустрэў тое пэсымістычнае сьветаразуменьне, з якім у яго псыхіцы знайшліся некаторыя агульныя перажываньні. Азначаючы гэты пэсымізм, як адбітак эпохі, як forme d'esprіt таго часу, трэба прызнаць, што М. Багдановіч аддаў яму вядомую даніну, але разам з тым ўдвая яго перамог: смутак аб лёсе бацькаўшчыны ў яго саступаў месца надзеям на яе адраджэньне, а пэсымістычныя настроі сымболізму рашчыняліся ў яго ў сьветлых мотывах красуючага хараства жыцьця, больш дэтальна пытаньне аб крыніцах пэсымізму ў М. Багдановіча і аб самым характары яго пэсымізму можна ў дасьледчым парадку устанавіць на аснове вывучэньня ўспамінаў аб ім, яго перапіскі і адпаведнай дадзенаму пытаньню групы вершаў.

Гэткія крыніцы творчасьці М. Багдановіча, што азначаюць да некаторае ступені тэматыку тых яго твораў, у якіх ён рэагуе на соцыяльна-культурныя зьявы і проблемы яго эпохі: на лёс свае бацькаўшчыны, на соцыяльнае жыцьцё свайго часу наагул і на агульна-людзкія проблемы псыхолёгічнага пераважна характару. Побач з гэтымі крыніцамі конкрэтна-жыцьцёвага зьместу, у яго творчасьці мелі месца і літаратурныя крыніцы ды ўплывы. У схэме гэтае групы крыніц, як і ў першай, ужо разгледжанай групе, ёсьць вядомая градацыя: там у сваіх успрыйманьнях конкрэтнага жыцьця, поэта йшоў ад бацькаўшчыны да сучаснасьці наогул і ад навакольнае сучаснасьці да самых шырокіх агульналюдзкіх пытаньняў; тутака, у галіне літаратурных уплываў, ён ідзе аналёгічным шляхам: ад уплываў беларускай народнай поэзіі і беларускай мастацкай літаратуры да уплыву славянскіх літаратур, а ад іх да літаратур Заходня-Эўропэйскіх, г. зн. да літаратурных крыніц усясьветнага маштабу. Пытаньне аб літаратурных уплывах на М. Багдановіча зьяўляецца ў дасьледаваньні яго творчасьці даволі складаным заданьнем і патрабуе папярэдняга аналізу адпаведных матэрыялаў. Тутака, у кароткім нарысе, я магу адно вызначыць паасобныя моманты гэтага заданьня, але не разьвязваць яго дэтальна. Уплыў беларускае літаратуры патрэбна устанавіць у двох відах: уплыў народнае вуснае творчасьці і ўплыў паасобных пісьменьнікаў, асабліва нашаніўскае пары. Параўнальны аналіз тэматыкі яго вершаў фольклёрысцкага характару і роўналежна з імі тых зборнікаў і прац па беларусазнаўству, якімі ён карыстаўся (Шэйна, Раманава, Радчанкі, Карскага і інш.) павінна даць вядомыя вывады па пытаньні аб адносінах яго мастацкага фольклёрызму да матэрыялаў беларускае народнае творчасьці. З уплываў мастацкае літаратуры нашаніўскае пары, я думаю, трэба было-б высьветліць магчымы ўплыў на яго поэзіі Я. Коласа і Я. Купалы, бо некаторыя з вершаў яго, напісаных на беларускія тэмы, крыху нагадваюць літаратурную манеру (тэматыку, композыцыю, ідэёвую ўстаноўку) названых поэтаў; мяркуючы па дадзеных перапіскі, можна думаць, што пэўны ўплыў на мастацкую форму, у прыватнасьці на тэматыку вершаў М. Багдановіча, маглі зрабіць В. Ластоўскі і С. Палуян; высьвятленьне іхняе ролі ў разьвіцьці творчасьці М. Багдановіча павінна скласьці асобнае невялікае дасьледчае заданьне. З славянскіх літаратур найбольш цесна ўвязаў сябе М. Багдановіч з украінскай літаратурай. Мяркуючы па даволі вялікай колькасьці перакладаў з украінскіх поэтаў, а таксама і па крытычных артыкулах, прысьвечаных Шэўчэнку, Самійленку і Чупрынку, трэба зрабіць вывад, што украінская поэзія ня проста займала яго цікавасьць, але да некаторай ступені і жывіла яго формальна, а, можа быць, і ідэёва, паколькі ў украінскіх поэтаў знаходзіліся агульныя тэмы і мотывы з поэтамі беларускімі. Гэтае пытаньне―г. зн. наконт перакладаў М. Багдановіча з украінскае мовы, наконт адносін яго да украінскае поэзіі (па крытычных артыкулах яго) аб супрацоўніцтве яго ў „Украинской Жизни" і аб сувязях з украінскімі пісьменьнікамі і журналістымі павінна скласьці асобны этуд, які дасьць фактычную аснову і для высвятленьня магчымага ўплыву на М. Багдановіча ўкраінскай поэзіі. Артыкулы М. Багдановіча прысьвечаныя этнографіі быту і гісторыі славян, дадуць матэрыял для вызначэньня яго поглядаў на славянства і яго славянскіх сымпатыяў. Уплыў расійскае літаратуры бясспрэчны, таму што М. Багдановіч выхоўваўся на клясычных узорах расійскае літаратуры; але ўстанавіць яго нялёгка, бо ён выражаецца не у паасобных момантах (прыкл., ува ўплыве якога-небудзь аднаго пісьменьніка), а ў агульнай, органічнай сувязі яго літаратурнай манеры з мастацкімі формамі расійскае поэзіі. Больш за ўсё гэты ўплыў адчуваецца ў тэй групе вершаў y pacійскай мове, якія зьмешчаны ў V-м аддзеле; таму гэтыя вершы падлягаюць дэтальнаму вывучэньню пад кутом дадзенага пункту гледжаньня; часткаю гэтае можна сказаць і пра апавядальныя мініятуры М. Багдановіча, напісаныя мастацкаю прозай (аддз. VІІ). Што да Заходня-Эўропейскае літаратуры, дык тут сунімаюць на сябе ўвагу пераклады М. Багдановіча з Г. Гейнэ і П. Вэрлена. Відавочна, гэтыя два поэты зацікавілі яго больш за іншых як ідэёвым зьместам свае творчасьці, гэтак і формальна-мастацкім яе бокам. Магчымасьць іхняга ўплыву на М. Багдановіча павінна быць спраўджана шляхам дэтальнага дасьледаваньня; загадзя можна пры гэтым сказаць, што калі Г. Гейнэ крыху завойстрыў думы М. Багдановіча, надаўшы ім некаторую крытычную едкасьць і нечаканасьць парадоксу (гл. аддз. ІІ, цыкль "Вольныя думы)", дык Вэрлен зацікавіў яго сваім складаным і тонкім сьветаадчуваньнем,—праўда, атручаным вялікаю дозай пэсымізму, але ў той-жа час поўным глыбокага разуменьня хараства і трагізму жыцьця; апошнія два мотывы маюць месца і ў творчасьці М. Багдановіча.

Перад намі, гэткім чынам, шэраг крыніц творчасьці М. Багдановіча, што выплываюць, як вывад, з агляду асноўных момантаў яго біографіі. Гэтыя крыніцы, сваім парадкам, азначаюць тэматыку яго вершаў, яго мастацкае прозы і часткаю нават яго крытычных публіцыстычных і этнографічных артыкулаў. Да аналізу тэматыкі ў творчасьці М. Багдановіча нам цяпер і трэба зьвярнуцца.

Тэматыка у творчасьці М. Багдановіча; сувязь яе з крыніцамі творчасьці; яе зьмест. Тэматыка беларускай прыроды і быту. Тэматыка соцыяльна-культурных проблем; псыхолёичныя тэмы ў поэзіі М. Багдановіча. Тэматыка, зьвязаная з літаратурнымі крыніцамі ў творчасьці М. Багдановіча, яго мастацкі фольклёрызм, славянскія заходня-эўропейскія тэмы і мотывы ў яго поэзіі. Ідэолёгічны бок у поэзіі М. Багдановіча; пытаньни аб яго пэсымізьме.

Як відаць з папярэдняга нарысу, крыніцы творчасьці М. Багдановіча ўкладваюцца ў нескладаную параўнаўча схэму: бацькаўшчына і ўплывы, з ёю зьвязаныя, сучасныя поэце соцыяльна-культурныя проблемы і настроі і, нарэшце, уласна літаратурныя крыніцы яго твораў. Гэтыя крыніцы абумоўлівалі сабою яго тэматыку, узятую ў асноўных групоўках яго тэм і мотываў.

Тэматыка—гэта тое, аб чым гаворыць поэта; тое, у што ён ператварае крыніцы творчасьці, г. зн. і свае нагляданьні над вакольным жыцьцём і свае інтымныя ўнутраныя перажываньні. Але тэматыка — гэта і тыя формальныя шляхі, г. зн. сюжэты, жанры, композыцыйныя схэмы, па якіх ідзе ператварэньне крыніц творчасьці ў закончаныя мастацкія вобразы, малюнкі, сцэны,—у цэлыя творы. Вось чаму тэматыку можна разглядаць і як суму мастацкіх зарысовак жыцьця, і як суму мастацкіх спосабаў, г. зн. сюжэтаў, мотываў, жанраў, пры дапамозе якіх аформляюцца гэтыя зарысоўкі. У першым выпадку аналіз тэматыкі будзе галоўным чынам соцыялёгічны, які ўвязвае зьмест творчасьці. З соцыяльна-культурнымі абставінамі эпохі; у другім выпадку ён будзе галоўным чынам формальна-мастацкі, г. зн. будзе раскрываць формальную прыроду сюжэтаў, мотываў, жанравых пабудоў у творчасьці.

У гэтым нарысе я маю на ўвазе соцыялёгічную ацэнку тэматыкі М. Багдановіча, пакідаючы формальную ацэнку для спэцыяльнага этуду, які павінен быць прысьвечаны агляду яго поэтыкі.

Тэматыка творчасьці М. Багдановіча, узятая ў роўніцы свайго зьместу, у якім адлюстроўваецца асабовае жыцьцё поэты і яго адносіны да вакольнай рэчаіснасьці, бязумоўна, займе ў гісторыі беларускай літаратуры нашаніўскае пары выдатнае месца, як па рознастайнасьці тэм, так і па іх орыгінальнай апрацоўцы.

Возьмем тэмы, якія зьвязаны з першай крыніцай—бацькаўшчынай поэты і яе ўплывам на яго. Гэтыя тэмы праходзяць праз абодвы разьдзелы яго вершаў—і праз творы 1908-1917 г.г., які ня былі зьмешчаны ў „Вянку", і праз самы зборнік "Вянок". Іх вельмі шмат, іх ня трэба пералічваць: за выключэньнем некаторых вершаў, якія маюць сваім зьместам выключна інтымныя перажываньні поэты або абставіны яго жыцьця на чужыне (галоўным чынам у Яраслаўлі), або, нарэшце, некаторых (таксама далёкіх па тэме ад уражаньняў бацькаўшчыны) твораў, як нерытмованы верш "Над морам" (№ 22), рэшта неразлучна зьвязана з бацькаўшчынай і адлюстроўвае яе поўна і рознастайна. Пры гэтым заслугоўвае ўвагі тая асаблівасьць здольнасьці М. Багдановіча, што ён―больш лірык, чым эпік,―амаль у кожным вершы настолькі перамагае свой прыродны мастацкі індывідуалізм, што часта дае тыповыя зарысоўкі беларускай прыроды і жыцьця, якія вызначаюцца той умоўнай об'ектыўнасьцю, якая даступна ня кожнаму лірыку. Вось чаму ў вершах М. Багдановіча на беларускія тэмы мы знаходзім ня проста агульныя імкненьні поэты да бацькаўшчыны, але і конкрэтныя адлюстраваньні беларускай прыроды, беларускага быту і псыхікі працоўнага беларуса,―адным словам, усе тыя тэмы, якія дазваляюць крытыку-соцыолёгу ўвязаць лірыку поэты з соцыяльна-культурнымі абставінамі жыцьця яго часу.

Зарысоўкі беларускай прыроды мы знаходзім у целым шэрагу вершаў, напр., у №№ 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17 і г. д. у першым разьдзеле і яшчэ больш у разьдзеле "Вянок", дзе першыя тры цыклі вершаў амаль усе скомпанованы на фоне малюнкаў беларускай прыроды. Але, вядома, ня тое толькі важна, што М. Багдановіч малюе ў сваіх вершах прыроду: гэта робяць і другія поэты яго пары. Важна тое―з пункту погляду крытыка-соцыолëга, у якой меры удаецца М. Багдановічу падвесьці ў гэтым выпадку сваіх чытачоў да таго пазнаньня жыцьця, якога соцыолёгічная крытыка з поўным правам шукае ў творах мастацтва. У гэтым пункце якраз і ёсьць уласьцівая М. Багдановічу асаблівасьць яго тэматыкі беларускай прыроды: ён удачна схоплівае якраз яе абагульняючыя рысы і дае звычайна сьціслыя, але у той-жа час, бязумоўна, тыповыя, зарысоўкі беларускіх краявідаў і пэйзажаў. Гэта тым больш зварочвае на сябе ўвагу, што поэта да 1911 году ня бачыў беспасрэдна беларускай прыроды, а пазнаваў яе апасрэднымі шляхамі (цераз апавяданьні другіх асоб, апісаньні, ілюстрацыі і г. д.). І тым ня менш даволі прачытаць некалькі юнацкіх яго вершаў, якія напісаны яшчэ да 1911 году, напр. "Лясун" (№ 11), "Старасьць" (№ 12), "Асеньняй ноччу" (№ 14), "Падвей" (№ 15) і г. д., каб схапіць агульны колёрыт і нават агульныя вобразныя адзнакі пэйзажу беларускага лесу і поля. Поэта не дэталізуе сваіх малюнкаў, таму што ён піша не на аснове асабовага вопыту, а больш па дагадцы, інтуіцыўна; ён опэруе тут нязначным лікам мазкоў і контураў для сваіх зарысовак (цёмная пушча, мох, сьпелая брусьніца, галіны вальхі і г. д.), але дзякуючы ўдачлівай композыцыйнай растаноўцы і адпаведнай рытміцы і рыфмоўцы ад гэтых нязначных лікам і простых элемэнтаў малярства атрымоўваецца закончанае тыповае цэлае, якое робіць уражаньне конкрэтнасьці і колëрытнасьці. У наступныя гады, калі ў яго, дзякуючы паездцы на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, набраліся ўласныя ўражаньні ад беларускае прыроды, яго малюнкі сталі прыкметна дэталёвей, але захавалі гэты пераважны ўхіл у бок абагульненьня і тыпізацыі. У гэтых адносінах, як прыклады, асабліва цікавы вершы „Ізноў пабачыў я сялібы" (№ 49, 1913 г.), "Споўненае абяцаньне" (№ 50, 1913г.), "У вёсцы" і "Вэроніка" (№№ 183-184, 1911-12 г.); у гэтых вершах заросшая травой сяліба, прарэзаны чыгуначным насыпам і заліты сонцам бор, убогі вясковы краявід, з крывой ігрушай і разнаколёрным макам, адзічэлы сад пры старасьвецкім доме―усё ўзьведзена ў шэраг няштучна-простых і ў той-жа час мастацка-закончаных тыповых малюнкаў, якія бязумоўна даюць чытачу пазнаньне беларускай прыроды, ўзятай у мастацкіх абагульненьнях.

Ухіл да тыпізацыі―гэта адна з асаблівасьцяй тэматыкі М. Багдановіча, у тым ліку і яго тэматыка прыроды. Другая асаблівасьць: ― увязка з малюнкамі прыроды вобразаў і малюнкаў мітатворчага зьместу. Ізноў-жа гэта не вынаходка М. Багдановіча. Карыстаньне мітатворчымі мотывамі ўласьціва і другім беларускім поэтам. Ды і наогул у эпоху М. Багдановіча, калі ажывіўся ў літаратуры мастацкі фольклёрызм, зварот да міту, легенды, народна-поэтычнага вобразу зрабіўся адным з мастацкіх спосабаў ў поэзіі, асабліва ў школе сымболістых, паасобку, напр., у Бальмонта, Блока, А. Белага і інш. Але адносіны М. Багдановіча да мітатворчасьці―свае, асаблівыя. Ён не навязвае народным міталёгічным вобразам тых ці іншых сымболісцкіх настрояў і перажываньняў, але ўспрыймае гэтыя вобразы беспасрэдна, проста, з якойсьці дзіцячай наіўнасьцю і даверчывасьцю, г. зн амаль зусім так, як ён, мабыць, спрымаў іх у маленстве з апавяданьняў бацькі і з першых кніг для чытаньня. Гэта зусім ня значыць, што поэта не падняўся вышэй народнага сьветаразуменьня, ― гэта значыць усяго, што ён здолеў успрыняць гэта сьветаразуменьне і памастацку яго выказаць; вось чаму яго малюнкі прыроды ня толькі тыповы па свайму конкрэтнаму зьместу, але яны псыхічна блізкія да народнага ўспрыяцьця прыроды. Адсюль зразумела, што малюнкі прыроды, зарысованыя М. Багдановічам у мітатворчых тонах, ня робяць уражаньня вузкай тэндэнцыйнасьці, а ўспрымаюцца лёгка і жыва. Такім чынам, і тое прозьвішча "Лесавік", якое было дадзена поэту адным з яго крытыкаў у першыя гады яго супрацоўніцтва у "Нашай Ніве", не павінна ў сучасны момант гучаць, як дакор яго літаратурнаму дзівацтву, а хутчэй як прызнаньне за ім мастацкага чуцьця да народнай мітатворчасьці. У кожным выпадку ўсе вершы на тэмы з беларускай прыроды, напісаныя ў мітатворчых тонах, чытаюцца і зараз з вялікай цікавасьцю і робяць вялікае ўражаньне сваёй беспасрэднай блізкасьцю да народнапоэтычных вобразаў і мотываў (напр. "Хрэзьбіны лясуна"-№ 9, „Лясун“-№ 11, "Старасьць" № 12, "Падвей" -№ 15, "Зьмяіны цар" № 23, "Срэбныя зьмеі" -№ 33, цыкль "У зачарованым царстве" - No No 91-98).

Трэцяя асаблівасьць М. Багдановіча, якая датычыць зьместу яго тэматыкі наогул і тэматыкі прыроды ў паасобку, гэта няўхільнае для яго малюнкаў прыроды ідзёвае або псыхолёгічнае іх аформаваньне, якое надае яго малюнку пэўнае ўнутраное адзінства і асвятленьне. Прысутнасьць у мастацкім творы адзінай асновы, якая яго аб'ядноўвае, думкі, або, прынамсі, адзінага настрою, які яго прасякае,―гэта, можна сказаць, элементарная ўмова мастацкасьці, без якой праца мастака слова ня можа лічыцца закончанай. У гэтым выпадку М. Багдановіч робіць тое, што павінен рабіць кожны поэта, які мае сваё мастацкае чуцьцё. Але ўсё пытаньне якраз у тым, як ён гэта робіць. Ён не надае сваім малюнкам якіх-небудзь пэўных філёзофскіх формул або мотываў (напр., з галіны пантэізму або з галіны містыкі, якою карысталіся ў яго час сымболістыя), не надае ім таго ці іншага тэндэнцыйнага асьвятленьня―публіцыстычнага або моральнага; ён проста ўвязвае з імі свае асабовыя перажываньні або мотывы свайго асаблівага светаадчуваньня, але ўвязвае шчыльна, да ступені пранізваньня гэтымі мотывамі ўсіх частак яго поэмы; пры гэтым яго асаблівыя перажываньні ў гэтым выпадку не выпадковыя і не разлучныя, таму што ўсеяны групуюцца вакол аднаго стрыжня―і якраз не навокал прыроды, узятай сама па сабе, але прыроды, узятай у сэнсе яе ўплыву на чалавечую псыхіку, на склад нашага сьветаадчуваньня, значыць у сэнсе, так сказаць, яе чалавечай значымасьці.

Такім чынам, малюнкі беларускай прыроды, нарысованыя М. Багдановічам, могуць быць названы складанымі, паколькі яны складаюцца з трох частак: асноўнага фону―рэальнага малюнку прыроды, верхняга напластаваньня―мітатворчых контураў і вобразаў і адзінага ідзёва-псыхолёгічнага аформаваньня, якім прасякнута ўся зарысоўка ў цэлым. Але пры гэтай складанасьці яго малюнкі просты і суцельны, бо ніводная частка іх ня выходзіць з агульных рамак, і, наадварот, усе часткі зьліваюцца для чытача ў адно агульнае ўражаньне. У вадным з ранейшых сваіх артыкулаў („Літаратурная спадчына М. Багдановіча"―„Полымя" 1927, No 3) я прыводзіў некаторыя прыклады сваяасаблівай апрацоўкі ў М. Багдановіча тэматыкі прыроды. Малюнак прыроды, ўзяты як nature morte, спачатку ажыўляецца ў яго мітатворчым зьместам, а затым і nature morte і народны міт яднаюцца ў адным ідзёва-псыхолёгічным аформаваньні, якое падказана сьветаадчуваньнем поэты і яго адчуваньнем прыроды. Я напомню гэтыя прыклады, верш „Возера" і "Над возерам" (т. І, №№ 90 і 93). У першым з іх малюнак прыроды ажыўляецца мітам аб загінутым лясуне, пры чым і малюнак прыроды і міт зьвязаны ў адно мастацкае цэлае думкай аб мінулым даўнейшым, у якое сіліцца заглянуць сучаснае. У другім―таксама малюнак прыроды, якая ўся ажыўлена і стылізавана ў духу жывой мітычнай сцэны (русалкі, якія забаўляюцца ў праменьнях месяца), а абодвы малюнкі, зьлітыя адно цэлае, прасякнуты адным настроем усёперамагаючай цішыні і спакою надышоўшай ночы. Такіх прыкладаў можна прывесьці даволі шмат. Уважлівы чытач знайдзе падобную-ж апрацоўку тэмы ў вершах "Лясун"-№ 11, "Старасьць"-№ 12, "Вадзянік" -№ 94, "Дзесь у хмарах" -№ 107, "Падымі у гару сваё вока"-№ 113 і інш.

Гэта трохскладаная або, так сказаць, трыадзіная пабудова малюнкаў прыроды ўжываецца М. Багдановічам ня толькі тады, калі ў яго тэму ўваходзяць элементы народнай мітатворчасьці, але і ў іншых выпадках, г. зн. калі няма наяўна мітычных вобразаў і ўяўленьняў, з тэю толькі розьніцай, што тады на месца народнай міталёгіі поэта ўводзіць сваё анімізаваньне прыроды, і такім чынам композыцыя яго малюнкаў няўхільна захоўвае сваю сваяасаблівую складанасьць. Прыкладамі можна прывесьці наступныя вершы: "Вось і ноч"―№ 27, "У небе ля хмары грымотнай" - № 97, "Цёплы вечар, ціхі вецер“-№ 101, "Добрай ночы, зара-зараніца"-№ 102, "Плакала лета" N 106 і інш. Тут усюды мы бачым, як поэта сам, уласнымі мастацкімі сродкамі, ажыўляе прыроду, дапаўняючы гэтым адсутны ў даным выпадку ў яго пад рукой матар'ял народнай мітатворчасьці: наогул-жа малюнак прыроды і тут застаецца трох складаны, г. зн. складаецца з конкрэтнага рысунку nature morte, з анімізаваньня некаторых зьяў прыроды, якія ўваходзяць у склад гэтага малюнку, і з ідэёва-псыхолёгічнага настрою, які яднае ўвесь малюнак.

У залежнасьці ад першай крыніцы творчасьці (бацькаўшчына і яе ўплыў) знаходзяцца ў М. Багдановіча таксама і тэмы бытавога зьместу. Насычаць тэму бытавым зьместам па дагадцы, ня маючы беспасрэдных крыніц і нагляданьняў, было ужо куды цяжэй, чым праробліваць тую-ж работу ў адносінах да тэм прырода-апісальнага характару. Таму ў першых вершах М. Багдановіча, якія былі напісаны яшчэ да паездкі яго на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, бытавыя зарысоўкі нявыразныя, малаконкрэтныя і нагадваюць некаторыя агульныя шаблёны як папярэдняй, так і сучаснай яму беларускай поэзіі. Возьмем для прыкладу верш "Мае песьні" -№ 2, „На чужыне" № 3, „Над магілай"-№ 17, "Скрылась кветамі" № 20, "Над магілай мужыка"-№ 25, "Дождж у полі і холад" № 26 і г. д. У гэтых вершах бытавыя зарысоўкі зводзяца да паасобных рысаў і выразаў: "доля горкая мужыцкая", "бедная, далёкая старана", "адзінокая магіла... каля шляху", "старая магіла сьцяпная", "труна..халодная магіла... здабытак бедака", "радзімая старонка глухая... няшчасная доля яе" і інш. Пасьля паездкі ў 1911 годзе бытавыя зарысоўкі прымаюць больш конкрэтны выгляд і месцамі вырастаюць да высокага майстэрства. Гэты паварот у яго бытавым малюнку адчуваецца ў зазначаным ужо вышэй вершы "Ізноў пабачыў я сялібы" -№ 49, асабліва-ж гэта прыкметна ў цыклі "Мадонны" („У вёсцы" і „Вэроніка" № 183-4), дзе бытавы фон ("вëска... летняю рабочаю парой", старасьвецкі дом паноў Забелаў з цяністым адзічэлым садам" і дзіцячыя гульні ў абставінах ціхага мястэчка або хутара) зарысованы ўжо паіншаму, конкрэтна і колёрытна; па гэтых зарысоўках можна констатаваць ня толькі беспасрэднае знаёмства поэты з бытам Беларусі (у паездку 1911 года), але і першыя удачныя спробы мастацкага абагульненьня бачаных ім бытавых малюнкаў. Такія малюнкі пасьля 1911 года наогул усё больш і больш удаюцца поэце. Аб гэтым сьведчаць, напрыклад, такія вершы, якія ўваходзяць у "Вянок“, як „Ціхі вечар, зьнікнула сьпякота" і "Па ляду, у глухім бары" (№№ 128-129), у якіх бытавыя малюнкі (стары млын і млынар, які замаўляе дзявочую прысуху; глухі пасёлак з трох хат і гаспадар, які робіць абыход свайго поля), хоць і вельмі сьціслыя, але аднак у той-жа час увязаны з якімісьці беспасрэднымі асабовымі ўражаньнямі поэты ад беларускага быту. Між іншым, для першага з гэтых вершаў захавалася ў аўтографах поэты дата 1912 году: такім чынам, ён склаўся пасьля паездкі 1911 года; можна дапушчаць такую-ж прыблізна датыроўку і для другога вершу, час напісаньня якога дакладна не ўстаноўлены. Такую-ж конкрэтную і ў той жа час мастацка-закончаную зарысоўку быту мы знаходзім у тых вершах, якія прысьвечаны гарадзкому жыцьцю ("Вянок", цыкль "Места"-№№ 131-134, 137); у прыватнасьці вершы, тэмаю якіх зьяўляецца гарадзкое жыцьцë Вільні (№№ 131-132), зьвязаны з беспасрэднымі ўражаньнямі ад той-жа паездкі поэты на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, і таму ў іх бытавыя малюнкі распрацованы асабліва колёрытна і дэталёва. Трэба адзначыць, што гэта мастацкае ўдасканаленьне бытавога малюнку не абмінула пасьля 1911 году і такіх твораў поэты, якія напісаны на гісторычныя тэмы. Я маю на ўвазе некаторыя вершы, якія ўвайшлі ў цыкль "Старая Беларусь" („Вянок" -№№ 123-127) і датаваны 1912-1913 гадамі; у іх поэта, кіруючыся сваімі ўражаньнямі ад гісторычнай Беларусі, якія ён набыў у Вільні, надае і гісторычным малюнкам быту конкрэтны і колёрытны выгляд. Тое-ж самае можна сказаць і пра некаторыя творы, якія былі напісаны ў гэтую пару на народна-поэтычныя тэмы; напр., бытавы бок поэмкі "Мушка-зелянушка" таксама выпаўнены ў тонах мастацка-рэальнага малярства.

З першай крыніцай тэматыкі М. Багдановіча ўвязваюцца, нарэшце, і тэмы з галіны народнай псыхікі, у апрацоўцы якіх у поэты таксама заўважваецца некаторая эволюцыя. Першы момант у гэтай эволюцыі―зарысоўка прыгнечанай псыхікі працоўнага беларуса, які пакутуе і ў той-жа час няўхільна пакорны сваёй цяжкай долі; гэтыя зарысоўкі зроблены ў мінорных тонах старой літаратурнай народніцкай романтыкі, якой М. Багдановіч сваячасова аддаў некаторую дань. Для прыкладу зазначым на вершы: "Мае песьні" (№ 1), "З песень беларускага мужыка" (№ 16-1), "Над магілай мужыка" (№ 25). Тут перажываньні працоўнага беларуса адбіваюцца, як цяжкае жыцьцё ў роднай краіне, як бязупынная, цяжкая праца, як непрасьветнае гора і, нарэшце, як сьмерць і халодная магіла―адзіны выхад з беднасьці і няволі. Чарговы момант у эволюцыі тэм з галіны народнай псыхікі―зарысоўкі яе больш бадзёрыя і актуальныя, пабудованыя ўжо ў іншым, чым раней, рэгістры. Тут адбітак народнай нядолі і зьвязаных з ёю настрояў працоўнага чалавека пераходзіць часта ў протэст супроць соцыяльнай несправядлівасьці старога ладу жыцьця і нават у прадчуваньне блізкага соцыяльнага зруху. Другі з двух вершаў, якія маюць агульны загаловак "З песьняў беларускага мужыка", у якім соцыяльнае адцураньне багатых ад людзкой беднаты адбіваецца вобразна ў выглядзе вялізнай каменнай сьцяны, канчаецца пытаньнем аб тым, каго пахавае пад сабою гэта сьцяна, калі яна абваліцца: "Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна, каго пад сабой пахавае?" Гэтае пытаньне, укладзенае ў вусны працоўнага, соцыяльна пакрыўджанага чалавека, гучыць, як яго намёк на страшнае будучае, і гаворыць аб яго абуджанай сьвядомасьці. Таксама першая з чатырох эпіграм (з цыклю"Усьмешкі"-№ 43) зьмяшчае ў сабе зусім ня двухсэнсавае пярэчаньне мужыка, які зразумеў сваю няволю, па адрасу таго заняволеньня, якое ўтворана для мужыкоў панамі: мужык ужо ведае, што зямля стаіць не на трох кітах, але на мужычай сьпіне, і гэта веданьне хутка ў яго вырасьце у протэст супроць панскага прыгнечаньня. Бязумоўна, вершаў на тэмы з галіны народнай беларускай псыхікі наогул у Багдановіча мала: для апрацоўкі такіх тэм у яго ня было даволі матар'ялу, таму што, жывучы, галоўным чынам, ў інтэлігенцкім асяродку, ён мала сутыкаўся з бытам працоўнага чалавека. Але і тыя не шматлікія апрацоўкі тэм гэтай катэгорыі, якія мы только што прывялі, гавораць аб тым, што ў гэтых адносінах поэта стаяў на ўзроўні перадавых настрояў і перажываньняў сваёй эпохі.

Другую групу крыніц творчасьці М. Багдановіча мы азначылі, як соцыяльна-культурныя і псыхолёгічныя проблемы сучаснай поэту эпохі. У папярэднім нарысе было ўжо сказана, пад якімі ўплывамі маглі скласьціся соцыяльна-політычныя погляды М. Багдановіча. Як яго бацька, так і тое грамадзкае і кніжнае атачэньне, у асяродку якога ëн разьвіваўся ў юнацкія гады, стварылі ў ім адмоўныя адносіны да соцыяльных супярэчнасьцяй яго часу, але разам з тым не далі яму выразнай грамадзка-політычнай програмы. Адсюль усе соцыяльныя тэмы яго вершаў варочаюцца каля аднаго центру—каля пярэчаньняў супроць соцыяльнага зла, і каля набалеўшых пытаньняў соцыяльнага неўпарадкаваньня; часамі гэтыя пярэчаньні вырастаюць у гарачы протэст супроць соцыяльна-політычнага прыгнечаньня, што бывае, галоўным чынам, у тых выпадках, калі поэта прысьвячае соцыяльную тэму цяжкаму становішчу беларускага народу наогул і, у прыватнасьці, соцыяльнаму прыгнечаньню працоўнага беларуса. Такіх вершаў на соцыяльна-політычныя тэмы параўнаўча мала, але яны напісаны з вялікім уздымам пачуцьця і па ідэёваму аформаваньню належаць да найбольш вытрыманых і выразных. Сюды належаць наступныя вершы: "З песьняў беларускага мужыка" (№ 16, 1-ll), "Над магілай мужыка" (№ 25), "Дождж у полі і холад" (№ 26), „Пан і мужык" (№ 43,1), "Народ, беларускі народ" (№ 47), "Эміграцкая песьня" (№ 58), "Мяжы" (№ 59), "Пагоня" (№ 84), "Краю мой родны" (№ 142), "Зразаюць галіны таполі" (№ 145), "Рушымся, брацьця, хутчэй" (№ 146), "Нашых дзедаў душылі абшары лясоў" (№ 147), "Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164) і інш. У большасьці з іх поэта ставіць пытаньне аб соцыяльным стане працоўнай Беларусі (№№ 16, 25, 26, 43, 47) і вырашае яго, як ужо вышэй было заўважана, нявыключна ў тонах народніцкай романтыкі, але і больш конкрэтна―шляхам закліку да протесту і барацьбы супроць соцыяльнага і нацыянальнага прыгнечаньня бацькаўшчыны; гэты протэстуюча-заклікаючы настрой асабліва адчуваецца ў вершах №№ 47, 84, 145-147; першыя два з іх— "Народ, беларускі народ" і "Пагоня"—і ў ідэёвай і ў мастацкай апрацоўцы прыкметна вылучаюцца з шэрагу іншых; асобнае месца паміж соцыяльна-нацыянальных тэм, апрацованых М. Багдановічам займае верш "Эміграцкая песьня" (№ 58), дзе поэта так конкрэтна і ў той-жа час эмоцыянальна разьвінае перад чытачом пытаньне аб эміграцыі на яго бацькаўшчыне ў дарэволюцыйную эпоху. У некаторых вершах гэтай групы поэта выходзіць з сфэры соцыяльна-нацыянальнай тэматыкі і ставіць пытаньне аб соцыяльных супярэчнасьцях сваёй эпохі наогул, у шырокім ахопе, і трэба падкрэсьліць, што ў гэтым выпадку соцыяльная тэма бярэцца ім глыбока і апрацоўваецца закончана ня толькі ў мастацкіх, але і ў грамадзкіх адносінах; зазначым, напрыклад, на верш "Мяжы" (№ 59) і „Вы, панове, пазіраеце далёка" (№ 164).

Да гэтай-жа другой групы вершаў поэты, якія ўвязаны з соцыяльнымі і псыхолёгічнымі проблемамі, далучаюцца ўсе вершы, напісаныя ім на псыхолёгічныя тэмы, якія маюць ня толькі асабовую, аўтобіографічную, але і агульначалавечую цікавасьць. Гэтых вершаў шмат; можна нават сказаць, што большасьць вершаў Багдановіча, — нават такіх, якія на першы погляд шчыльна зьвязаны з прыродай або бытам, — абавязкова распрацоўваюць тую ці іншую псыхолёгічную тэму, якая надае ўсяму вершу канчатковае аформаваньне, што падказана адным з мотываў аўтарскага сьветаразуменьня. Але, бязумоўна, ёсьць група вершаў гэтага парадку, якія, так сказаць, а exellenc псыхолёгічны. Зазначым некаторыя з іх. Перагартваючы першыя два разьдзелы вершаў, мы спатыкаем паміж іх цэлы шэраг тэм, якія апрацаваны ў роўніцы псыхолёгічных проблем і настрояў; такія, напр. наступныя тэмы: пачуцьцë бадзёрасьці і душэўнага ўздыму („Мая душа" -№ 28), каханьне мацней сьмерці („На могілках" - № 53), страта блізкага чалавека, як бязвыходнае гора ("За газэтай"-№ 60), проблема ўзаемнага каханьня("Сонэт" № 61), шчасьце і радасьць маладосьці ("Маладыя гады"-№ 76), ("Вышаў з хаты" - № 77), маладосьць, як крыніца жыцьцярадасьці („Мы гаворым удвох"-№ 81), пачуцьцё адзіноты ("Ужо пара мне да дому зьбірацца"-№ 82), балючасьць успамінаў ("Разрытая магіла" -№ 108) і г. д.

Цэлы шэраг вершаў Багдановіча перадаюць рознастайныя адценьні пачуцьця прыроды, якое ў поэты было пачалавечаму вялікасна і артыстычна-густоўна; гэтыя вершы расьсеяны па абодвых першых разьдзелах першага тому, асабліва-ж іх шмат паміж вершаў "Вянка"; такія, напр., вершы: „Прывет табе, жыцьцë на волі", „Блішчыць у небе зор пасеў", „Добрай ночы, зара-зараніца“, „Ціха па мяккай траве", "Вечар на захадзе ў попеле тушыць", "Падымі ў гару сваё вока", "Панад белым пухам вішняў" (№№ 99, 100, 102, 103, 104, 113, 114 і г. д.). У гэтай групе вершаў прырода ўспрымаецца, вядома, так, як яна адбіваецца на чуткім апараце псыхікі поэты; але разам з тым паміж рознастайных выпадкаў выяўленьня ў поэты пачуцьця прыроды спатыкаюцца і выпадкі тыповыя, г. зн. уласьцівыя наогул чалавечай псыхолёгіі. Паміж тэм псыхолёгічнага зьместу нельга не адзначыць яшчэ дзьвëх, якія маюць вялікае значэньне для зразуменьня асобы поэты і прыроды яго творчасьці; гэта тэмы, пасьвечаныя пачуцьцю каханьня і пачуцьцю самасьвядомасьці мастака. Першая з гэтых тэм распрацавана М. Багдановічам з вялікім піэтэтам і глыбінёй; пачуцьце каханьня ў яго вельмі рэдка мяжуе і з пачуцьцёвасьцю і звычайна трактуецца як зацікаўленасьць у другой псыхічнай організацыі, або, нават, як імкненьне да другой псыхікі, душэўна роднай і блізкай; і хоць большасьць яго вершаў на тэмы аб каханьні навеяны яго асабовымі юнацкімі знаёмствамі і захапленьнямі, — захапленьнямі ў большай частцы романтычнага і нават плятонічнага характару, — тым ня менш у яго лірыцы каханьня можна стрэць шмат мотываў, тыповых наогул для пачуцьця каханьня, якое заснована на моральным сваяцтве і адпаведным захапленьні (напр., "Пад ценьню цёмных ліп"-№ 38, "Учора шчасьце толькі глянула нясьмела" ― № 42, "Зорка Вэнэра", романс - № 115, "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы" -№№ 69, 268, "Я вспоминаю Вас" -№ 283 і інш.). Таксама і ў вершах, якія напісаны на тэмы аб мастацкай самасьвядомасьці поэты і наогул аб прыродзе яго творчасьці (напр., "Скрылась кветамі"―№ 20, "Ціхія мае ўсе песьні"-№ 29, "Пэўна любіце вы" -№ 31, "Замерзла ноччу шпаркая крыніца"-№ 41, "Ліст да Ластоўскага" № 44, "Просьценькі вершык"-№ 46, "Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы" № 158, "Вы кажаце мне, што душа ў поэты" -№ 163, "Бывае, вада перапоўніць"-№ 243, „Двайняткі“-№ 244, „Ёсьць гэткая японская забаўка" -№ 246 і інш.) мы знаходзім поплеч з чыста асабовымі прызнаньнямі поэты, якія ўскрываюць інтымныя бакі яго творчай працы, таксама апісаньне і аналіз некаторых агульных тыповых мотываў псыхолёгіі творчасьці. Нельга прайсьці маўчаньнем і тую невялікую паранаўча групу вершаў, дзе поэта гаворыць аб сваім самаадчуваньні хворага чалавека, на якога цёмная здань блізкай сьмерці кідае ўжо свае цені, якія творчую радасьць робяць больш змрочнай. Такія, напр., вершы: "Я бальны, бяскрыдлаты поэт"-№ 6, „Ня кувай ты, шэрая зязюля"№ 119, "Ой, чаму я стаў поэтам"-№ 151, "Даўно ўжо целам хварэю" - № 152. У іх, вядома, поэта гаворыць аб сабе, аб сваёй хваробе, аб сваім блізкім канцы; але і тут між асабовых яго настрояў можна знайсьці тыповыя рысы звычайнай чалавечай псыхікі цяжкага прадчуваньня, — няздарма ў вершы „Ня кувай ты, шэрая зязюля" поэта дае свайму прадчуваньню народна-поэтычнае аформаваньне, атуляючы яго ў "згукі бацькаўшчыны", і тым самым як-бы ня хоча абасабляць сваёй суб'ектыўнай жыцьцягорнасьці ад тыповых мотываў народнага гора і цярпеньня.

Трэцяя крыніца тэматыкі М. Багдановіча—гэта літаратурныя ўплывы і—скажам шырэй—яго літаратурныя сымпатыі і імкненьні. У гэтай крыніцы тры плыні: беларуская народна-поэтычная творчасьць, блізкія поэту славянскія літаратуры і літаратура заходня-эўропейская, галоўным чынам, нямецкая і француская.

Сувязь М. Багдановіча з беларускай народна-поэтычнай творчасьцю, выхаваная ў ім з маленства яго бацькам і сваяцкім асяродзьдзем, якое яго атачала, а пасьля замацованая адпаведнымі кніжнымі ўплывамі, праходзіць цераз шмат якія яго творы, і можна нават сказаць, што яго тэматыка і стыль наогул носяць сьляды ўплыву народнай поэзіі. Сабраць паасобныя рысы гэтага ўплыву і прыкласьці да іх гісторыка-літаратурны аналіз—чарговая тэма ў дасьследваньні творчасьці Багдановіча. Але калі гаварыць аб больш выразных яго тэмах, якія беспасрэдна і поўнасьцю зьвязаны з народнай творчасьцю, дык гэта значыць гаварыць аб яго мастацкім фольклёрызьме. У гэтай галіне Багдановіч зьяўляецца вялікім майстрам: ён ня толькі ўвёў у абыход беларуска-мастацкай літаратуры цэлы шэраг тэм з галіны народнай творчасьці (тэм міталёгічных, легендарных, бытавых, гісторычных), але і апрацаваў іх з максымальным набліжэньнем да народна-поэтычнага стылю. Сюды належаць яго невялікія поэмы "Мушка-зелянушка" і "Максім і Магдалена" і шэраг вершаў, якія напісаны ў мастацка -фольклёрысцкай манеры: "Песьня пра князя Ізяслава Полацкага" з "Слова о палку Ігараве" ( 35), "Скірпуся" (№ 73), "Страцім-Лебедзь" (№ 85), "Цёмнай ноччу лучына дагарала" (№ 67), „Як Базыль у паходзе канаў" (№ 68), "Вершы беларускага складу" (№ 86), „Уся ў сьлязах дзяўчына" (№ 117), "Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае" (№ 118), „Ой, грымі, грымі, труба, ўранку рана" (№ 253) і інш. Як мастак фольклёрысты Багдановіч займае выдатнае месца паміж поэтаў сваёй пары, і яго творы гэтага парадку заслугоўваюць дэталёвага вывучэньня.

Другая група тэм, якія зьвязаны з літаратурнымі крыніцамі, ― гэта тыя тэмы, якія поэта набыў з галіны літаратур славянскіх―паасобку украінскай, расійскай, сербскай. Конкрэтна пакуль што можна гаварыць толькі аб перакладах і насьледваньнях, тэмы для якіх узяты з паказаных літаратур. Больш усяго мы знаходзім перакладаў з украінскіх поэтаў (Шэўчэнкі, Крымскага, Чарняўскага, Олэся, Самойленкі, Франко), куды менш з расійскіх поэтаў (Пушкіна, А. Майкова, Розэнгейма) і адно насьледаваньне сербскаму эпосу ў выглядзе быліны "Сьмерць шэршня" (№ 238), напісанай у жартаўлівым тоне. Пры больш дэталёвым дасьледаваньні гэтай групы вершаў Багдановіча, мабыць, удасца ўстанавіць і некаторыя ўплывы на яго з боку, напр., украінскай і расійскай поэзіі яго часу (напр., поэзіі сымболістых).

Куды больш прыкметна захапленьне поэты заходня-эўропейскімі літаратурнымі крыніцамі. Тут мы знаходзім вялікую групу вершаў, перакладзеных з Вэрлена (№№ 210-230), пераклад аднаго ўрыўку з Вэрхарна (№ 231), шэраг перакладаў з Шыльлера і Гэйнэ (No№ 202-208), адзін пераклад з фінскага поэты Рунэбэрга (№ 201), два пераклады з антычных поэтаў (№№ 199-200-верш Горацыя „Памятнік" і ўрывак з „Мэтарморфоз" Овідыя). Апроч таго, у Багдановіча ёсьць некалькі выдатных па тэматыцы і стылёвай апрацоўцы насьледаваньняў эўропейскім і па-заэўропейскім літаратурным жанрам; гэта вершаваныя творы на скандынаўскія, гішпанскія, пэрсыцкія і японскія мотывы. Цікава адзначыць, што ў выбары чужаземных аўтараў і іх твораў для перакладаў і насьледаваньняў поэта ішоў па лініі сваёй звычайнай тэматыкі: ён выбіраў тое, што адпавядала яго настроям і зьвязаным з імі тэмам і мотывам псыхолёгічнага зьместу (пар. пераклады з Вэрлена), і таксама тое, што ідэёва зьвязвалася з хваляваўшымі яго пытаньнямі беларускага адраджэньня (такія, напр., некаторыя пераклады з украінскіх поэтаў).

Тое, што М. Багдановіч увёў у беларускую мастацкую літаратуру тэмы і мотывы заходня-эўропейскай і нават больш―часткова сусьветнай мастацка-літаратурнай творчасьці і разам з тым знайшоў у беларускай літаратурнай мове сродкі для перадачы, і перадачы высокамастацкай, гэтых чужаземных тэм і жанраў,―гэта складае бязумоўную заслугу Багдановіча, як мастака слова, і яго пераклады і насьледаваньні таксама чакаюць свайго дасьледчыка.

Кароткі агляд тэматыкі М. Багдановіча з боку яе зьместу гаворыць аб тым, што паставленыя поэтай тэмы былі вельмі рознастайны і зусім адпавядалі яго шырокаму рознастайнаму ўспрыйманьню жыцьця. Ня гледзячы, аднак, на гэту рознастайнасьць, усе тэмы поэзіі Багдановіча сходзяцца каля аднаго цэнтру—яго сьветаадчуваньня і сьветапазнаньня. Як-жа ён, выходзячы з сваіх поглядаў на вакольнае жыцьцё і на чалавечыя адносіны, ўвязвае сваю тэматыку ў адно цэлае. Ставячы такое запытаньне, мы вяртаемся, такім чынам, да ідэолёгічнага боку яго творчасьці, аб якім ужо гаварылася ў разьдзеле VІІ гэтых нарысаў. Калі браць яго ідэолёгічную позыцыю па лініі соцыяльна-політычнай, дык яна ў агульных рысах можа быць ахарактарызована так: выхаваны бацькам-народавольцам, ён прайшоў у сваім ідэолёгічным росьце цераз фазу настрояў актыўнага народніцтва, потым, калі быў гімназыстым, аддаў некаторую дань захапленьню політычнымі тэорыямі Прудона, Бакуніна і інш., уважліва і прыхільна супыніўся на соцыялёгічных падставах Міхайлоўскага і яго папярэднікаў, накшталт Ножына, і ўсё гэта ўвязаў з сваімі гарачымі сымпатыямі да беларускага адраджэньня, узятага ў яго соцыяльна-нацыяльных імкненьнях. Усё перадуманае і перажытае М. Багдановічам у гэтай галіне, праўда, не дало яму выразнай грамадзка-політычнай праграмы, але ў кожным выпадку адмежавала яго ад інтэлігэнцкага мяшчанства і паставіла ў шэрагі тэй перадавой інтэлігэнцыі, якая, востра разумеючы адмоўныя бакі старога політычнага і соцыяльнага укладу жыцьця, горача супроць іх протэставала і шукала выхаду ў шырокім абнаўленьні жыцьця ў політычных і соцыяльных адносінах. Для Беларусі, інтарэсамі якой Багдановіч жыў з вучнёўскіх гадоў, гэта абнаўленьне павінна было стаць нацыянальна-соцыяльным, паколькі краіна разам з агульным соцыяльным прыгнечаньнем перажывала і прыгнечаньне нацыянальнае. Так склаўся Багдановіч―ідэолёг: гарачы ўдзельнік беларускага адраджэньня, ён разам з тым жыў у пастаянным прадчуваньні і чаканьні тых політычных і соцыяльных зрухаў, якія павінны былі вырашыць набалеўшыя пытаньні ў адносінах ня толькі Беларусі, але і сучаснага яму соцыяльнага ўкладу жыцьця наогул. Гэта шырокае асьвятленьне тэматыкі,―больш выразнае ў тэмах, якія зьвязаны з яго бацькаўшчынай, і больш расплыўчатае ў тэмах, якія ахапляюць наогул яго эпоху,―мы, сапраўды, і павінны констатаваць у большасьці яго вершаў. Застаецца яшчэ пытаньне аб яго пэсымізьме, які паасобнымі мотывамі часамі ўваходзіць у яго творчасьць. Вырашаючы гэтае пытаньне, перш за ўсё нельга паняцьце пэсымізму ўжываць у якімсьці няпэўна-шырокім і таму ня маючым ніякіх акрэсьленьняў сэнсе. Пэсымізм, прыстасоўючы яго да мастака слова, можа быць пэсымізмам філëзофскага зьместу, калі ў сьветапоглядзе поэты ёсьць пэсымістычная аснова, якая складзаецца часамі пад пэўнымі філёзофскімі ўплывамі або пад уплывамі наогул соцыяльна-культурнага ўкладу жыцьця яго эпохі. Пэсымізм, прыстасоўваючы да пісьменьніка-мастака, як і да ўсякага чалавека, можа быць пэсымізмам псыхофізіолёгічнага характару, калі пісьменьнік па самому складу свайго здароўя і сваёй псыхікі мае нахіл да вялага, маркотнага, часамі іпохондрычнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. Нарэшце, пэсымізм можа быць формай абыватальскага сьветаадчуваньня, калі чалавек, у грамадзкім жыцьці індыфэрэнтны і індывідуальна-нявыяўлены, жыве вяла, абыяк і, замыкаючыся ў вузкае кола мяшчанства бытавога і моральнага, даходзіць да апатыі і да утраты ўсякай жыцьцярадасьці. Апошні від пэсымізму ня мае ніякіх адносін да М. Багдановіча. Першыя два віды часткова маглі яго захапіць. Я ўжо меў выпадак сказаць вышэй (раз. VІІ), што эпоха магла накласьці на яго ў гэтым сэнсе некаторы адбітак, паколькі і соцыяльна-культурныя яе абставіны і некаторыя літаратурныя плыні гэтага часу выклікалі пэсымістычныя настроі у некаторых колах інтэлігэнцыі. Акрамя таго, стан здароўя М. Багдановіча таксама ўносіў часамі ў яго творчасьць сумныя ноты, якія гармонічна зьліваліся з пэсымістычным сьветаадчуваньнем. Але, дапушчаючы гэты некаторы ўхіл поэты ў пэсымізм першага і другога віду, трэба зрабіць дзьве сур'ёзныя агаворкі: па-першае, т. з. "пэсымізм" Багдановіча ня быў філëзофска абаснованы, таму што мы ня бачым у яго ніякага захапленьня філёзофіяй пэсымізму (напр. Шопэнгауэрам, Гартманам), як гэта было ў некаторай часцы інтэлігенцыі к XІX―п. ХХ стаг., і таму ён зводзіўся толькі да паасобных настрояў і мотываў, якія ня мелі стойкага і пастаяннага характару; па-другое, упадак яго псыхікі, які набліжаецца да пэсымістычнага сьветаадчуваньня і зьвязаны з яго хваробай, таксама ня быў пастаянным і, судзячы па яго вершах, выяўляўся ўсяго часамі, як нейкі пароксызм хваробы, і пасьля ізноў праходзіў, калі часова ўзмацнялася здароўе, а з ім разам вярталася бадзёрасьць і некаторая жыцьцярадаснасьць. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што вершаў, у якіх адчуваецца некаторы ўпадак жыцьцярадаснасьці і часовая утрата веры ў значнасьць жыцьця, у Багдановіча параўнаўча мала (пар. "Цемень"-№ 18, "Над морам"-№ 22, "Прыдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку" -№ 79, „Усё у жыцьці мне даўно ўжо абрыдла" -№ 247). Апроч таго, я павінен паўтарыць тут, што ўжо сказаў і вышэй, што Багдановіч заўсёды перамагае тыя пэсымістычныя настроі, якія часамі ў яго бывалі: ён перамагае іх бадзёрымі адносінамі да лепшага будучага як сваёй бацькаўшчыны, так і чалавечага жыцьця наогул; ён перамагае іх сваёй бязупыннай і таксама бадзёрай працай на літаратурнай ніве, сваім служэньнем хараству жыцьця, як аднаму з фактараў культурнага росту чалавецтва. Гэта перамога сумных настрояў асабліва прыкметна ў прозаічных творах поэты (крытычнага, публіцыстычнага, этнографічнага і іншага зьместу,—гл. ІІ том збору твораў), дзе пэсымізму няма ў яго месца.

У гэтым нарысе застаўся ня высьветленым яшчэ адзін бок творчасьці М. Багдановіча―гэта яго поэтыка, у прыватнасьці яго стыль. Пытаньне аб формальна-мастацкім баку яго поэзіі вымагае спэцыяльнага нарысу, які павінен быць пабудаваны ня толькі на яго вершах, але і на яго крытычных і гісторыка-літаратурных артыкулах, якія ўваходзяць у другі том яго твораў. Мастацкая тэхніка Багдановіча наогул ўяўляе сабою вельмі значную зьяву у гісторыі беларускай літаратуры: цікавасьць да яе павялічваецца яшчэ і тым, што сам поэта як у мастацкіх, так і ў прозаічных сваіх творах даў накіды сваіх поглядаў на мастацтва і ў прыватнасьці на поэзію. Перагляд усяго матар'ялу―як тэорэтычных палажэньняў поэты, так і яго мастацкіх спосабаў, якія выявіліся ў яго творах, вялікае і цікавае дасьледчае заданьне.


  1. "Накануне Рождества (святочный рассказ)" - "Гродненские Губернские Ведомости" 1893, 29 сьнеж., №102.
  2. Усе "ўспаміны" ў дадзеным нарысе цытуюцца паводле рукапісаў, якія ёсьць у Літаратурнай камісіі Інбелкульту.
  3. Бацька поэты ў лісьце ад 18.-V-1927 г. рашуча супярэчыць гэтай думцы Імшэніка
  4. Лісты розных асоб да М. А. Багдановіча, перададзеныя А. Ю-чам сярод іншых матар'ялаў для біографіі і выданьня твораў яго сына, цяпер захоўваюцца у рукапісах і надрукаваньню ў поўным выглядзе бяз згоды на тое іх адпраўнікаў-корэспандэнтаў Максіма Багдановіча не падлягаюць. Для дадзенага нарысу яны выкарыстаны толькі часткова, паколькі ў іх знаходзяцца некаторыя фактычныя дадзеныя для біографіі поэты.
  5. Другі том твораў М. Багдановіча, які падрыхтован да друку і зьмяшчае ў сабе яго артыкулы гістарычнага. грамадзкага. крытычнага характару і інш., пакуль што яшчэ знаходзіцца ў рукапісе.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.