Перайсці да зместу

Узбіліся на свой шлях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узбіліся на свой шлях
Артыкул
Аўтар: Юрка Лістапад
1921
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адраджэнне Беларусі, як вядома ўсім, стала расці з кожным часам шырэй з 1905 года. Саўсім зразумела, што працаваць пад уладаю расейскага імперыялізму магчыма было, і то з надта вялікімі перашкодамі, толькі на культурна-прасветнай дарозе. такая праца вялася аж да рэвалюцыі 1917 года. Трэба заўважыць, што, нягледзячы на царскі рэжым, беларускія адраджэнцы досыць часта, бывала, з культурна-прасветнай працы пераскаквалі і на палітычную, за што і адседжвалі ў каталажках. З часоў рэвалюцыі 1917 года справа беларуская стала шырыцца ўжо не за гадамі, а нават з кожным тыднем. То былі толькі арганізацыі ў месцах вялікіх: Вільні, Менску, а гэта ўжо сталі з’яўляцца розныя беларускія гурткі па павятовых месцах і мястэчках. Дзеля таго, што пасля гэтай рэвалюцыі стала крыху вальней, праца беларуская пайшла не па адным ужо шляху, а распаўзлася ў розныя кірункі і распаўсюдзілася амаль не па ўсёй Беларусі.

Мне вельмі хочацца пазнаёміць паважаных чытачоў з тым, як узбіліся беларусы Случчыны на свой шлях і да чаго яны дайшлі.

Беларуская арганізацыя на Случчыне стала падымацца на ногі з пачатку Расейска-Нямецкай вайны. Праўда, былі людзі, каторыя працавалі і да гэтага часу, але іх было вельмі мала. Вось у вайну нехта Астроўскі1 адчыніў беларускую гімназію, але гэтая гімназія тады звалася не беларускаю, а проста земскаю гімназіяй. Сам дырэктар гімназіі пан Астроўскі ў той час быў надта шчыры працаўнік на ніве беларушчыны, дзякуючы гэтаму, ён і паставіў справу беларускую ў гімназіі на свае ногі. Кіраваў ён гэтаю гімназіяй, здаецца, да бальшавіцкай ужо рэвалюцыі. Потым пан Астроўскі якім-то парадкам, пунктуальна не скажу, папаў у Дэнікінскую армію. Там ён сапсаваўся дарэшты, саўсім стаў другім чалавекам. Пра Беларусь і ўспамінаць не хоча, нават родным сёстрам-гімназісткам забараніў пры ім гаварыць па-беларуску. Але, нягледзячы на гэта, пан Астроўскі мае свае заслугі ў тым, што з яго вучняў-гімназістаў шмат выйшла свядомых беларусаў, дзякуючы якім усё сялянства Слуцкага павета зразумела, хто яны такія, і цяпер кожны селянін-случанін, стары і малы, вам смела скажа, што ён і не маскаль, і не паляк, а кроўны беларус.

Вось улетку 1917 года адчыняецца беларускі культурнапрасветны гурток «Зарніца» ў вёсцы Старыцы. З дзеячаў гэтага гуртка сцемлю Аляксея і Янку Каўпакоў, Пётру і Янку Зенюкоў, Л. Стагавічанку, Зенькавічанку і Пётру Бабарэку. Статут, апрацаваны гуртком «Зарніца», быў потым прыняты Беларускім Нацыянальным Камітэтам Меншчыны.

Увосень 1917 года адзін з вучняў гімназіі Астроўскага С. Бусел задумаў арганізаваць культурна-прасветны гурток «Папарацькветку». Шукаў ён сабе сябрукоў сярод інтэлігенцыі, але да каго ні звяртаўся, усюды чуў адно: выкінуць з галавы гэтую дурную думку. Нарэшце ён спаткаў аднаго вучня, не ведаю якой школы, гр. Ракуцьку, які далучыўся да яго, — і пачалі супольную працу. Гэты Ракуцька хацеў, каб гурток «Папараць-кветка» быў на камуністычнай падкладцы, але Бусел не згадзіўся. Дзеля таго, што яны не знайшлі сабе балей сталых сяброў, дык С. Бусел прымусіў вучняў ніжэйшых класаў прыйсці на першы сход, каб выбраць праўленне гуртка. Бальшавікі дазволу на сход не далі, тады гэта куча дзяцей-вучняў рэвалюцыйным парадкам адчыніла сход і выбрала праўленне, толькі ўжо гэты гурток назвалі не грамадзянскім, як раней думалі, а вучнёўскім культурна-прасветным гуртком, бо, як я казаў, саўсім не было спачуваючых беларускаму руху сталых людзей. Потым, калі вучні-сябры гуртка задумалі зрабіць першае ігрышча, дык усе слуцкія музыканты адмовіліся пайсці пайграць на гулянні беларускай моладзі. К гэтаму прыехаў звольнены з войска вядомы беларускі дзеяч на Случчыне В. Русак. Ён быў у беларускіх арганізацыях на Віцебшчыне. Вось гэты В. Русак памог вучням паставіць як след гэтае першае ігрышча слуцкай моладзі.

Потым у склад сяброў гуртка сталі запісвацца некаторыя зацікаўленыя грамадзяне, як, напрыклад, вядомы беларус, які працуе з 1905 года, п. Асвяцімскі, Жаўрыд і іншыя. Такім чынам, «Папараць-кветка» існавала ўвесь час нямецкай і бальшавіцкай акупацыі на Беларусі. Далей у кастрычніку 1919 года, калі гурток перапоўніўся сталымі людзьмі, дык зрабілі перарэгістрацыю гуртка, значыцца, адкінулі ўсіх дзяцей і назвалі ўжо гурток грамадзянскім. З працаўнікоў гэтага ўжо новага гуртка шчырымі беларусамі з’явіліся: А. Бараноўскі, У. Дубіна, Фёдараў і іншыя. Неўзабаўні за гэтым Беларуская Школьная Рада Меншчыны прыслала на Слуцкі павет інструктарам беларускіх школ нейкага п. Абрамовіча, каторы заняў сабе пасаду пісара ў польскага інспектара і заўсім забыўся на даручаныя яму Беларускай Школьнай Радай Меншчыны абавязкі. Тады Рада прыслала другога інструктара Ю. Лістапада, які да працы аднёсся прыхільна і адчыніў восем (8) пачатковых беларускіх школ на павеце. У палавіне лістапада (наябра) таго ж года сябры гуртка «Папараць-кветка», атрымаўшы інструкцыю з Менску, назвалі сябе ініцыятыўнай групай і сазвалі сход прыхільнікаў беларускага руху, каб выбраць Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны. На сход з’явіліся толькі шаснаццаць (16) асоб, якія і выбралі Б. Н. Кам. Случчыны, у склад якога ўвайшлі гэткія асобы: Пракулевіч, Петрашкевіч, Асвяцімскі, Бараноўскі і Русак.

Камітэт распачаў сваю працу, але працаваць было вельмі цяжка, бо не было ніякай дапамогі ніадкуль. Камітэт выпрасіў пазвалення ў Старасты павета адчыніць пры Камітэце «Бюро безработных» і аднадзённага збору ахвяр на ўсім павеце. Якраз гэтымі безработнымі і былі сябры «Папараць-кветкі» і Камітэта.

Гурток, трэба заўважыць, кожны святочны вечар ставіў прадстаўленні. Зборы заўсёды былі вельмі вялікія. Нават ставілі такія вечары, за каторыя вясковае грамадзянства мела права прыходзіць дарэмна без платы за ўваход. Усёй гэтай секцыяй кіраваў В. Русак, які паставіў ужо болей за тысячу вечароў. Тым часам гурток «Папараць-кветка» выдаў два нумары часопіса «Наша каляіна», якія вельмі добра разышліся сярод сялянства. Вось такім парадкам Н. Камітэт і гурток разжыліся на грошы. Яшчэ арганізацыі Случчыны гэтым не засталіся здаволены, папрасілі «Хор Тэраўскага» з Менску прыехаць у Слуцак і паставіць штокольвек. Тэраўскі з хорам не адмовіўся пяяць на абедні ў Слуцкім саборы. Людзей было паўнютка царква, усіх гэта перш-наперш надта здзівіла, а потым і вельмі зацікавіла. Многія кабеты, стоячы ў царкве, плакалі, а выйшаўшы, гаварылі, што яны думалі пра беларусаў абмылкова, аж выявілася, што і яны тыя самыя беларусы, бо яны чулі, што сябры хору таксама гамоняць паміж сабою па-просту. Потым п. Тэраўскі з хорам даў адзін вечар-канцэрт, а другі спектакль. Прысутных было гэтулькі, што не толькі нельга было сядзець, а нават павярнуцца немагчыма было.

Праз некалькі часу ў Слуцк прыехаў вядомы драматург-акцёр Галубок, які таксама паставіў два вечары і яшчэ балей зацікавіў публіку. З гэтага часу справа беларуская на Случчыне пайшла шмат уперад. Сяброў у гуртку было ўжо да трох соцень, амаль што не ўся інтэлігенцыя слуцкая аб’ядналася вокала гуртка. тым часам гурткі на мястэчках і вёсках таксама сталі расці. Дзе ні паехаць, дзе ні пайсці, толькі і чуеш гутарку пра Беларусь. тады Камітэт разаслаў яшчэ агітатараў, якія пабывалі ў кожнай вёсцы і растлумачылі сялянству, як належыць, пра справу беларускую, так што з таго часу Камітэт быў перапоўнены народам, які прыходзіў па розныя спраўкі і рады, не зважаючы на пагрозы мясцовай польскай улады. Тады палякі ні з сяго ні з таго зачынілі гурток «Папараць-кветка», павесілі да шахваў замкі, прыляпілі пячаткі, і баста, але, трэба прызнацца, адарвалі ззаду шахваў сябры гуртка дошкі і дачыста выбралі ўсё тое, што там знаходзілася, пакінулі толькі ім пад замкамі трохі старых газет. Літаратуру ўсю разаслалі па вёсках, школах і другіх гуртках. Праўда, літаратуры з Менску прывозілі штомесяц дзесяткі пудоў, але яе ніколі не хапала, бо надта скора распрадавалася. так гурток «Папараць-кветка» і застаўся зачынены аж да другой паловы лістапада 1920 года.

Нягледзячы на гэта, Камітэт дастаў аднекуль дазвол клапаціцца або, як кажуць, браць на парукі зарыштаваных беларусаў. Як хваля, людзі ішлі, і шмат-шмат хто, дзякуючы Камітэту, быў вызвалены з-пад арышту. Былі выпадкі, што нават угалоўнікаў Камітэт браў на парукі, і палякі згаджаліся. Працаваць толькі ў Камітэце і ставіць вечары — гэтага мала. Сябры Камітэта задумалі адчыніць беларускі кааператыў «Зара». Вось гэты кааператыў так шчыра ўзяўся за працу, што нават шмат адабраў пайшчыкаў ад польскіх кааператываў і стаў самым найбольшым кааператывам на ўсёй Случчыне. З працаўнікоў гэтага кааператыву вядомы: К. Бараноўскі, Асвяцімскі, Дубіна, Фёдараў і Кяцка. Нацыянальны Камітэт увесь час вёў арганізацыйную працу і такім парадкам дажыў да прыходу бальшавікоў улетку 1920 года. Як толькі прыйшлі бальшавікі, Камітэт зачыніўся, а разам з ім і кааператыў «Зара» таксама перастаў існаваць. Здавалася б, што справа беларуская на Случчыне ўжо памерла, але ж не. Партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў адчыніла свой Камітэт ды якраз у тым самым памяшканні, дзе быў спачатку Нацыянал. Камітэт. Грамадзянства, як згаварыўшыся, ізноў тоўпіцца ў гэтым сац.-рэвал. Камітэце. Прыйшла восень, сталі адчыняцца школы. Вядомая рэч, дзе толькі адчыняецца школа, дык абавязкова беларуская, а калі расейская, дык каб выкладалася і беларуская мова, але гэта цягнулася нядоўга, бо скора зноў прыйшлі палякі. Мушу заўважыць, што вельмі многа сяброў з беларускіх арганізацый стараліся, калі бальшавікі мабілізавалі, заставацца ў якой-небудзь установе ў Слуцку альбо блізка да яго. Вельмі перапрашаю, што не ў пару ўспамяну, але лічу патрэбным адзначыць у кароткіх словах беларускія курсы для вучыцялёў, якія адбыліся з 25 красавіка па 3 чэрвеня 1920 года ў Слуцку.

Якім жа парадкам Школьная Рада Меншчыны дастала ад польскай улады шмат грошай на гэтыя курсы? Прытым загадчыкам гэтых курсаў назначыла паважанага пана Я. Станкевіча? На курсы, нягледзячы на працоўны час на полі, з’ехалася з усяго павета сотні чатыры вучыцялёў з вольнымі слухачамі. З Менску ў той час прывезлі шмат літаратуры, і вось вучыцялі заклалі кніжны кааператыў. Значыцца, усе гэтыя слухачы курсаў цэлы дзень ля гэтых кніжак, а лекцыі на курсах пачыналіся а трэцяй гадзіне папоўдні. Як толькі падыходзіць гэты час, дык уся грамада ідзе да Камерцыйнай школы, дзе чыталіся лекцыі, і так расцягнецца, што здаецца — полк ідзе. Вось гэта ўстрывожыла палякаў, і зараз жа Польскі Школьны інспектар зачыняе курсы. Доўга не чакаючы, паслалі да Менску тэлеграму і праз дзён колькі атрымалі дазвол адчыніць курсы. Мясцовыя польскія ўлады гэтым былі надта не задаволены, але хоцькі-не-хоцькі мусілі згадзіцца. У зале на лекцыях часта можна было бачыць духавенства і падчас польскіх афіцэраў, якія выслухоўвалі ўсе чатыры лекцыі. Беларускія курсы скончыліся, а зараз жа за імі вучыцельства прымушана было ісці на польскія курсы, якія трывалі толькі адзін дзень. Сталася гэта таму, што палякі ўжо ўцякалі ад бальшавікоў.

Такім чынам, справа беларуская на Случчыне ўсё пры новых акупантах ішла наперад і дачакала апошніх дзён кастрычніка 1920 года, калі палякі з’явіліся да Слуцка другі раз.

З прыходам палякаў другі раз на Случчыну Беларускі Нацыянальны Камітэт зараз жа распачаў сваю працу. Дзякуючы таму, што Слуцк у гэты час быў адрэзаны ад другіх беларускіх цэнтраў, Камітэт паслаў ад сябе прадстаўніка ў Варшаву дзеля зносін з Цэнтральным Беларускім Нацыянальным Камітэтам — п. Жаўрыда. Сяброў з гэтага Камітэта засталося толькі два, а два, баючыся палякаў, выехалі з бальшавікамі. Склалася новая ініцыятыўная група беларусаў, якая склікала грамадскі сход, каб папоўніць Камітэт новымі сябрамі. На гэтым сходзе было 450 прысутных асоб, і яны да старога Камітэта давыбралі яшчэ 7 сяброў. Такім чынам, у склад камітэта ўвайшло 12 асоб, але стары Камітэт не прызнаў некаторых новых сяброў, лічачы іх русіфікатарамі. Значыцца, пайшлі спрэчкі, стары Камітэт адмовіўся працаваць да прыезду пасланага прадстаўніка. Старшынёй новага Камітэта застаўся доктар Паўлюкевіч, надта энергічны працаўнік, але на ніве бацькаўшчыны чалавек новы.

Давыбары Камітэта адбыліся 2 лістапада 1920 года. З гэтага часу і пачаліся спрэчкі паміж сябрамі новага і старога Камітэтаў. Час не чакаў: трэба было як найхутчэй арганізаваць грамадскую ўладу. Камітэт адразу арганізаваў міліцыю і разаслаў яе па ўчастках павета. Начальнікам павятовай міліцыі быў назначаны п. Мацэльлі. Ён неафіцыйным парадкам адчыніў запіс у рэзерв народнай міліцыі. У кожнай воласці былі арганізаваны, замест польскіх войтаў, беларускія Камітэты, а ўжо воласці арганізавалі Камітэты ў кожнай вёсцы. Так што ўвесь павет стаўся чыстым беларускім з сваім праўленнем і г. д. Нацыянальны Камітэт Случчыны ўжо не мог трываць далей, а трэба было што-небудзь шырэйшае. Вось Камітэт пастанавіў склікаць павятовы з’езд па пяць прадстаўнікоў ад кожнай воласці і па адным ад кожнай культурна-прасветнай арганізацыі. З’езд назначаны быў на 14 лістапада. Калі выбары прадстаўнікоў па валасцях прайшлі як належыць, дык Камітэт разаслаў па валасцях інструктараў, якія і зрабілі выбары. На з’езд з’ехалася 107 прадстаўнікоў з правам пастанаўляючага голасу і 10 прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу.

З’езд адчыніўся а 12 гадзіне дня 14 лістапада, перад пачаткам якога была прапета беларуская марсельеза і гімн. Старшынёй з’езда быў выбраны грам. В. Русак. Пасля розных дакладаў беларускіх дзеячаў і дакладаў з месцаў была вынесена рэзалюцыя выбраць Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі.

З даклада прадстаўніка Жаўрыда, якога паслаў Нацыянальны Камітэт у Варшаву, выявілася, што ён мае нейкія паўнамоцтвы ад Цэнтральнага Камітэта і што ў Раду трэба выбраць 17 асоб.

Прытым з’езд вынес рэзалюцыю падняць сцяг узброенай барацьбы проціў маскоўскай акупацыі за незалежнасць Беларусі.

Якім та чынам на гэты з’езд папалі два афіцэры ад Булак-Балаховіча, каб з’езд прызнаў Балаховіча, але жаднай увагі на іх звернута не было.

З’езд выбраў Раду, у склад якой увайшлі гэткія асобы: Пракулевіч, Жаўрыд, Паўлюкевіч, Мацэльлі, Біруковіч, Сасноўскі, Русак, Лістапад, Каўпак, Бабарэка, Раковіч, Радзюк, Барысавец, Рабы, Анцыповіч, Дубіна і Няронскі.

Радзе прадстаўніцтвам народным і была даручана грамадская ўлада і арганізацыя войска.

З’езд цягнуўся ад 12 гадзін дня 14 да 10 гадзін вечара 15 лістапада 1920 года.

Я першы раз на сваім жыцці быў на такім з’ездзе: ніводзін прадстаўнік за ўвесь час нікуды не адлучыўся, і ўсе пытанні абгаворваліся і зацвярджаліся так удачна, як быццам гэта рабіў адзін чалавек. Цікава, вельмі цікава з’езд прайшоў і зачыніўся пад спевы марсельезы і гімна.

Такім чынам Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны перастаў жыць, а на месца яго арганізавалася Рада Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі. Значыцца, з 16 лістапада Рада адчыніла свае функцыі. Раней за ўсё трэба было фарміраваць войска. Тады з Рады вызначылі трох сяброў: Жаўрыда, Анцыповіча і Мацэльлі, яны і склалі вайсковую тройку, а рэшта сяброў Рады павінна была ўзяцца за арганізацыю розных грамадскіх установаў. Вайсковая тройка апрацавала адозву, ці, вярней, кліч, да моладзі з тым, калі каму дорага бацькаўшчына, каб ішоў у беларускае войска.

Такім чынам, вайсковая тройка залажыла за тры дні першую Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі.

Трыста карабінаў дасталі збоку і соцень пяць стрэльбаў жаўнеры прынеслі з дому. У гэты час, 24 лістапада, польскае войска на аснове дагавору ў Рызе пакінула места Слуцк. Беларуская брыгада, дзякуючы таму, што яшчэ не ўпарадкавалася, як належыць, прымушана была адысці з м. Слуцка ў мястэчка Семежава. Разам з брыгадаю выехала і Рада Случчыны.

У мястэчку Семежаве брыгада арганізавала два палкі: 1-ы Слуцкі і 2-і Грозаўскі. Цяжка апісаць гэты адход беларускіх войск з Слуцка. Уся шаша на працягу трыццаці пяці вёрст была пакрыта кучамі маладых людзей з мяшкамі за плячамі, уцякаючых ад маскоўцаў да беларускага войска. Так праз тыдзень у 1-й Слуцкай брыгадзе стала сем тысяч жаўнераў, а стрэльбаў толькі восем соцень. Аднак, нягледзячы на брак аружжа, брыгада заняла пазіцыю па працягу шасцідзесяці вёрст. Але калі трымаць войска, то трэба яго і карміць. Рада Случчыны разаслала агентаў па ўсёй мясцовасці, падуладнай ёй, збіраць ежу для войска. Рэквізіцый не рабілі, а збіралі толькі ахвяры. І вось кожны дзень ахвяр на склад прывозілася да семдзесят пудоў хлеба і да дваццаці пудоў мяса, не гаворачы ўжо пра іншыя харчы. Справа ішла надта добра. Першая спатычка з маскоўцамі была ў м. Капылі, дзе беларусы захапілі ў палон маскоўскі Рэўкам і цэлую роту маскоўскіх чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Тут аднаго беларускага жаўнера цяжка ранілі, так што пажыў толькі адны суткі і памёр. Родам ён з м. Старобіна — Валодзька Піліп. Гэта была першая ахвяра за незалежнасць Бацькаўшчыны. У гэты час ужо былі ў брыгадзе прысланыя беларускія афіцэры, паміж іншымі маёр А. Якубецкі, які крыху пазней заняў пасаду Камандуючага беларускімі войскамі, і капітан Борык, які быў шэфам штаба брыгады. Вось 30 лістапада ў Семежаўскай царкве адбылася паніхіда па забітым жаўнеры. Царква была паўнютка людзей, ва ўсіх у руках гарэлі свечкі, і многія сяляне горка плакалі. Выносілі цела з царквы пад гукі музыкі хаўтурнага маршу. Прад спусканнем нябожчыка ў магілу былі сказаны чатыры прамовы. Потым далі тры залпы і насыпалі курган. Па нябожчыку паставілі крыж, на якім павесілі тры вянкі і сцяг з надпісам: «ты памёр, а памяць аб табе ў сэрцах беларускіх жыць будзе векі» — «Першая Слуцкая брыгада войск Беларускае Народнае Рэспублікі». Яшчэ заўважу, што пахавалі гэтую першую ахвяру ля Семежаўскай царквы ўпоравень з магіламі пахаваных там духоўнікаў.

Потым пачаліся вялікія баі з маскоўцамі ў розных месцах, але заўсёды былі ўдачны для беларусаў. Палонныя казалі, што маскоўцы спачатку не ведалі, хто мы такія, а лічылі нас балахоўцамі. Здавалася б, справа ішла добра, але ж не, прыйшлося атрымаць вялікую няўдачу.

Камандзір 1-га Слуцкага палка аказаўся здраднікам Бацькаўшчыне. Гэта быў капітан Чайка, быўшы «Ваенрук». Ён знайшоў аднаго дзядка гадоў семдзесят, даў яму ліст да маскоўцаў, каб той занёс у іхны штаб. Але гэтаму дзядку не ўдалося прайсці, яго на фронце затрымалі патрулі і знайшлі гэты ліст. У гэтым лісце капітан Чайка апісаў усе недахваты беларускага войска. Значыцца, каб гэта яму ўдалося, дык у адзін бы нядобры час уся беларуская арганізацыя папала б чорту ў зубы. Гэтага камандзіра арыштавалі і аддалі ў контрразведку. Начальнікам контрразведкі быў паручнік Мірановіч, добры прыяцель капітана Чайкі. Паручнік Мірановіч, бачачы, што жаўнеры вымагаюць смерці прадаўцы Чайкі, паставіў справу так, што Чайка ўцёк. Рада Случчыны зараз жа зрабіла «Надзвычайны патаемны сход» і вынесла пастанову арыштаваць камандзіра брыгады капітана Анцыповіча за халодныя адносіны да вайсковых тайнаў і паручніка Мірановіча за ўцёкі Чайкі, а на іх месца назначыла другіх афіцэраў. Камандзірам брыгады — капітана Сокала-Кутылоўскага, чалавека вельмі праўдзівага, якому і дала часова права дыктатарскае ўлады, начальнікам контрразведкі — паручніка Янушэнка, а камандзірам 1-га палка — падпалкоўніка Гаўрыловіча. Прытым арыштаваных аддалі пад Ваенна-палявы суд, старшынёю якога быў сябра рады Б. Вядома, па суду арыштаваныя афіцэры атрымалі толькі судовы выгавар.

Назаўтра, пасля таго, як уцёк Чайка, маскоўцы павялі наступленне на ўсім нашым фронце. Беларускае войска прымушана было адступіць з м. Семежава на захад восем вёрст. трэба яшчэ заўважыць, што да таго часу, пакуль быў Чайка, усіх палонных адпускалі на волю, але мала іх назад ішло да маскоўцаў, а заставаліся ў беларускім войску. Потым, калі там ужо ў маскоўцаў быў капітан Чайка, да беларускага штаба даляцела вестка аб пяці беларускіх разведчыках, папаўшыхся да маскоўцаў у палон, якім там адрэзалі нос і вушы і вазілі па вёсках на паказ. Пасля гэтага беларусы палонных на волю не пускалі. Бывалі выпадкі такія, што палонны маскоўскі чырвонаармеец, якога пусцілі на волю, ішоў назад у свой полк, падгаварваў балей таварышаў, абкрадвалі амуніцыю і аружжа ў сваіх ротах і пераносілі да беларускага войска. Такіх выпадкаў было нямала. Гэта рабілася датуль, пакуль на бальшавіцкім фронце былі і чырвонаармейцы-беларусы, а не толькі адны маскоўцы, — мешаніна. Але бальшавікі заўважылі гэта і прыслалі на наш фронт татараў, кіргізаў. Тут ужо справы пагоршалі. У гэты час беларускае войска атрымала трыста стрэльбаў, адзін кулямёт Максіма і два Кольтаўскіх у Лунінцы, — ды сваё аружжа, — так што ўжо ўсяго разам сабралася да двух тысяч стрэльбаў і да дзесяці кулямётаў. Беларускае войска пасля гэтага не вытрывала і павяло наступленне на мястэчкі Семежава і Вызну. Наступаць на мястэчка Семежава згадзіўся ісці паручнік Мірановіч з кавалерыйскім аддзелам, а капітан Самусевіч з пешым аддзелам. Зайшлі яны да вёскі Новыя Макраны і застанавіліся начаваць, бо яны рыхтаваліся напасці на маскоўцаў раніцай. Вось ноччу ў гэтых Новых Макранах здарыўся такі выпадак. У конным аддзеле тады служылі два вядомыя на Случчыне бандыты: Мірончык з вёскі Ячава Слуцкай воласці і павета, і другі, прозвішча не помню, з Шацкай воласці Ігуменскага павета. У гэту ноч яны задумалі крыху нажыцца. Падгаварылі яны больш сабе кумпаньёнаў і ўкралі дзесяць коней у сялян той вёскі, шмат палацён, бялізны, сала і наагул забралі ўсё, што папалася ім у рукі. Забраўшы ўсё гэта, яны звярнуліся назад, не пайшлі, значыцца, з другімі ў наступленне, і думалі, што будзе ўсё крыта. Раніцаю дайшла вестка аб гэтым да штаба, і ўсіх гэтых грабежнікаў арыштавалі, а разам з імі і паручніка Мірановіча за тое, што ён не звярнуў увагі на сваіх падданых у час грабяжу. Камандзір брыгады дыктатарскай уладаю разжалаваў паручніка Мірановіча ў шарагоўцы, а двух бандытаў загадаў расстраляць. Расстрэльвалі іх публічна а другой гадзіне папаўдні 14 снежня ў глінішчах ля вёскі Грыцэвічы, у якой стаяў штаб Беларускіх войск. Праз суткі пасля гэтага аддзел пад камандаю капітана Самусевіча, падмацаваны ротамі, якія стаялі па пазіцыі, выгнаў маскоўцаў з мястэчка Семежава, адабраўшы ў іх кухню, трое каней, кулямёт, дваццаць стрэльбаў і семдзесят пудоў збожжа. Штат брыгады тады павінен быў пераехаць з вёскі Грыцэвіч бліжэй да фронту, але глыбей на Палессе, у вялізную вёску Морач. Адсюль ужо былі пасланы лепшыя сілы на мястэчка Вызну. Вызна была занята беларусамі, дзе маскоўцы страцілі шмат забітымі і раненымі і сто сорак папалася да беларусаў у палон. Гэта быў адзін з найбольшых баёў беларускіх паўстанцаў з маскоўцамі. Значыцца, абодва мястэчкі засталіся ў руках слуцкіх паўстанцаў, толькі не прыйшлося ў іх доўга пастаяць, бо, як вядома, Іофе ў Рызе на канферэнцыі дастаў дазвол увесці чырвоныя войскі ў нейтральны пас на 72 гадзіны дзеля таго, каб выгнаць адтуль паўстанцаў. Тады маскоўцы прыслалі на фронт тры дывізіі войск, якія складаліся з людзей жаўтаскурых. Павялі яны наступленне па ўсім фронце, так што паўстанцы адначасна аддалі ім м. Семежава і Вызну. У м. Вызне быўшы паручнік Мірановіч апраўдаў сябе. Яго маскоўцы абкружылі, але ён адзін сярод іх пусціўся на хітрыкі. Наляцеўшы на камандзіра маскоўскае роты, ён адразу ложаю разбіў яму голаў, маскоўцы рассыпаліся ва ўсе бакі, а ён тым часам уцёк да сваіх. За гэта Мірановічу было вернута яго афіцэрства. Пры адступленні ад м. Семежава быў такі выпадак: адзін жаўнер-паўстанец утаміўся ўцякаючы; тады паварочваецца ён да маскоўцаў і пяе: «Ад-ве-ку мы спа-лі...» і ў гэты час страляе, адыходзячы задам. Такім чынам штаб беларускіх войск пераехаў з вёскі Морач у в. Заастравечча, а жаўнеры не трымалі ўжо фронту, а без усякага парадку ішлі ўслед за штабам. Такім чынам, слуцкія паўстанцы папалі ў польскі нейтральны пас, у якім палякі забаранілі збіраць ахвяру. Значыцца, становішча саўсім дрэннае: біцца з маскоўцамі ўжо немагчыма, бо пасля такіх няўдач упаў дух у жаўнераў, карміцца няма чым, шмат другіх непрыемнасцяў. Рада Случчыны, параіўшыся з вайсковымі, рашыла перайсці на польскую тэрыторыю. У гэты час першы Слуцкі полк атрымаў палкавы сцяг (знамя), які каштаваў 156 000 польскіх марак. Вось 23 снежня паўстанцы Случчыны перайшлі польскую мяжу. Палякі на мосце раззброілі ўсё войска. Выходзіць так, што ўсё беларускае войска інтэрнавана. Але ж слова «войска» шырокае: у войску можа быць пяцьсот жаўнераў, а можа быць і некалькі мільёнаў. Брыгада выдзеліла з свайго складу да дзесяці партыяў, узброіла іх і адаслала ў глыбокі тыл маскоўцаў, а рэшта войска засталася інтэрнаванаю пад ведаю 41-га польскага палка. Рада Случчыны пераехала ў м. Баранавічы, дзе і сядзела праз цэлы месяц без жаданай працы. Працаваць яна не магла, бо не было ніадкуль падмогі з боку матэрыяльнага. За гэты месяц шмат прыйшлося чаго непрыемнага перажыць ад агентаў генерала Булак-Балаховіча, якія стараліся, каб перацягнуць да «Бацькі», але ім не ўдалося гэтага зрабіць. На абяцанкі Балаховіча ні адзін паўстанец не згадзіўся, і войска як было беларускім, так і засталося. Вось 20 студзеня 1921 г. на пасяджэнні частка сяброў Рады Случчыны прызнала сваім важаком Балаховіча і паехала да яго. Другая частка Рады прымушана была распаўзціся хто куды: некаторыя засталіся ў Баранавічах, трохі паехала да Вільні, каб часова знайсці прытулак, і такім чынам Рада Случчыны фактычна не існуе. Інтэрнаваную частку брыгады з штабамі палкоў палякі 23 снежня завезлі ў м. Беласток у канцэнтрацыйны лагер. Там небаракі паўстанцы-слуцакі, першыя на ўсёй Беларусі падняўшыя сцяг ўзброенай барацьбы за незалежнасць бацькаўшчыны, сядзяць цяпер паўгалодныя, босыя, голыя, у адных трамцях. Нягледзячы на свой марны лёс, яны цешацца, што зрабілі вялікую працу, якая будзе залічана ў будучыне. Жывуць яны адною надзеяй на тое, што Беларусь не згіне, што Беларусь уваскрэсне.