Перайсці да зместу

Узброеныя песні (1936)/Мужнасць пераможцаў/Дзе ўчора…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ты будзеш жыць, эпоха!.. Дзе ўчора…
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Шмідт на граніцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе ўчора…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕ ЎЧОРА…

Дзе ўчора закінуты стыў пустыр,
Дзе пылам пакрытая дзіч векавала,
Выростае горда каменная шыр —
Веліч рабочых кварталаў.

Калісьці тут вецер байдосваў кусты,
І выў, як паранены воўк перад сконам.
І смерць тут свае насцілала масты —
І стогнам стаялі праклёны.

Дыміўся малінавы золак зары,
А ў горадзе сполахам чад непагоды…
На дзікім, забытым людзьмі, пустыры
Было яно ўлетку дваццатага года —

Паўстаўшая сіла пайшла на дыбы,
Гарачай крывёй захлыналася бойка.
І тут нарадзіўся ў агні барацьбы
Дзень славы Чырвонага войска!

Мы ворага гналі. А горад, што корч,
Ён тлеў на гарбатых плячах сутарэння.
І дзень і ў змаганні ліпнёвая ноч
Ззялі зарывам вызвалення.

Ружовай расой быў заліты пустыр:
Акопныя слёзы… А ў памяці нашай
Хвілінаю плавіцца роспачы стынь
Акордам жалобнага марша.

І ўчора яшчэ быў разложны пустыр,
А сёння — людскім будаўнічым запалам
Выростае горда каменная шыр —
Веліч рабочых кварталаў.

А сёння — праменныя вусны вясны
Ўрачыста пяюць у квяцістым прасторы.
Растуць камяніцы, нашчадкам — яны
Як помнік баёў непаўторных!

Ліпень, 1933 г.