Перайсці да зместу

Увосень (Маракоў)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Увосень
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Прафесіянальны рух Беларусі. — 1925. — №16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Непрыветнае неба увосень,
Хмары шэрыя нізка бягуць.
Не пяе болей ніва калоссем…
Хто ж разгоніць у сэрцы тугу?

Хто аб радасці скажа сягоння?
Аб ёй скажа нам сонца й вясна…
А цяпер пачарнеўшыя гоні
Не распаляць у сэрцы агня.

Рэчка люстраю б’ецца ў каменні,
Ад зімы белагрывай бяжыць.
Ў срэбралітых бярозка праменнях —
Слёзы капаюць ў глыбу мяжы.

Не пяе болей ніва калоссем…
Хто ж разгоніць у сэрцы тугу?
Непрыветнае неба увосень,
Хмары шэрыя нізка бягуць.