Перайсці да зместу

Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
Крыніца: Маладняк, 1926. - №1-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яшчэ ў 1914 годзе ў сваім артыкуле „Аб праве нацый на самавызначэньне" У. І. Ленін пісаў: „Ува ўсім сьвеце эпоха канчатковай перамогі капіталізму над фэўдалізмам была зьвя­зана з нацыянальнымі рухамі". Экономічным грунтам для іх быў той факт, што „для поўнай перамогі таварнай вытвор­часьці патрэбна заваяваньне буржуазіяй дамовага рынку, па­трэбна дзяржаўнае аб'яднаньне тэрыторый з насельніцтвам, якое гаворыць на адной мове, пры выдаленьні ўсялякіх пера­шкод для разьвіцьця гэтай мовы і замацаваньні яго ў літара­туры".

Зусім зразумела, што і француская рэволюцыя 1789 году, якая змагалася з рэштаю старога фэўдальнага рэжыму ў Эўропе і высоўвала на арэну замест фэўдальнай арыстократыі буржуа­зію , не магла не падлягаць гэтаму гістарычнаму закону. Яна высунула для разьвязаньня ня толькі соцыяльныя і політычныя пытаньні, але і нацыянальныя. Цэлы шэраг нацыянальных ру­хаў ува ўсёй Эўропе быў зьвязаны з францускай рэволюцыяй.

Найперш ад усяго рэволюцыя для самых французаў зра­білася нацыянальнай справай. Адразу пачалі організоўвацца супроць рэволюцыі і супроць Францыі, як рэволюцыйнага ася­родку, блізкія й далёкія эўропэйскія дзяржавы, пабудаваныя на фэўдальным грунце. Пачынаючы з канца XVIII стагодзьдзя, адна за другою адбываюцца кааліцыі супроць Францыі ўсіх эўропэйскіх дзяржаў, каторыя прагнуцца павярнуць кола гісторыі назад да фэўдалізму. Буржуазная Францыя напружыла ўсе сілы і хутка наладзіла абарону краю і рэволюцыі. Яна ня толькі адбіла напады, але, наадварот, кінула свае сілы на палу­дзень і ўсход пад камандаваньнем Наполеона. Куды-б ня пры­ходзіла буржуазная Францыя, яна прыносіла з сабою пляны ідэі буржуазнай рэволюцыі. Змаганьнямі за новыя ідэі былі маладыя буржуазныя колы, а дзе іх было мала, на дапамогу ім падымаліся больш прогрэсыйныя, закранутыя разьвіцьцём капіталізму, дваранскія колы. Гэтыя соцыяльныя элемэнты размаітых нацый пачалі высоўваць думку аб утварэньні сваіх нацыянальных дзяржаўных організмаў, дзе іх ня было. А дзе яны былі, там высоўваліся думкі аб рэформах у дзяржавах у бок перамогі і захопу ўлады ў рукі новых соцыяльных элемэн­таў. Пачаўся адраджэнцкі рух сярод народаў. Адны з іх рукамі сваёй буржуазіі ўтваралі дзяржавы, другія рэформаваліся, прагнуліся перабудавацца на новы лад. Рух захапіў Аўстрыю, Прусію, Гішпанію, Португалію, балканскія народы, Польшчу і г. д. Нават і ў далёкую фэўдальна-царскую Расію прасякнуў гэты рух. Царская Расія, абараняючы свой фэўдальны лад і быт, ня раз хадзіла на Францыю і адтуль праз свае прогрэ­сыйныя дваранскія і буржуазныя колы заразілася такім рухам, як рух дэкабрыстых, каторыя былі ня толькі буржуазнымі рэформатарамі, але і патрыотамі новай Расіі.

На тэрыторыі Польшчы, якая ўжо ня мела свайго дзяр­жаўнага організму і была падзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, адраджэнцкі рух павінен быў разьвінуцца вельмі моцна. Яго выявіцелямі былі рэформіцка-шляхецкія і часткаю мяшчанскія колы. Яны загаварылі аб адраджэньні і адбудавань­ні Рэчы Посполітай Польскай. Паколькі Беларусь у XVIII ста­годзьдзі была часьцінаю польскага дзяржаўнага організму і паколькі польскія патрыоты прагнуліся „адрадзіць" Польшчу ўва ўсім яе гістарычным складзе, адраджэньне павінна было захапіць і Беларусь.

У канцы XVIII стагодзьдзя ўся Беларусь, пасьля падзе­лу Польшчы, увашла ў склад Расійскай імпэрыі. Аснаўным этнографічным элемэнтам яе былі беларусы, каторыя складалі з сябе шматмільённую масу сялян і чорнарабочых. Што датычыць беларускай шляхты, то яшчэ з XVII стагодзьдзя яна полёнізуецца, бо і экономічна, і політычна яна зьвязана з шляхецкім ладам Польшчы. Беларускі шляхціч у масе за гэтыя часы пасьпеў ужо зрабіцца каталіком і палякам; толькі частка дробнай шляхты лічаць сябе беларусамі.

Становішча беларускай масы вельмі цяжкое. Інкорпорацыя Беларусі ў Расійскую імпэрыю ня толькі не палепшыла жыцьця беларускага селяніна, але яшчэ пагоршыла. Вольнае сялянства старажытных часоў XV і XVI стагодзьдзя зьнікла к канцу XVIII сталецьця. Сяляне на Беларусі цяпер дзяліліся на дзьве няроўныя групы: падаўляючую большасьць складалі прыватнаўласьніцкія сяляне, нязначную меншасьць скарбовыя (казённыя) сяляне. Палажэньне другой групы было крыху леп­шае, чым палажэньне групы прыватнаўласьніцкіх сялян. У скар­бовых сялян надзелы зямлі былі большыя, а павіннасьці і аба­вязкі - меншыя. Апрача таго, над іх асобаю ня было таго бязупыннага польскага зьдзеку і гвалту, каторы з дня ў дзень цярпелі сяляне прыватнаўласьніцкія. Што датычыць да паншчыны, то яна адбывалася абедзьвюма групамі, але яна была не аднолькавая. У скарбовых дварох паншчына займала 3-4 дні на тыдзень, у панскіх маёнтках яна з 3-4 дзён даходзіла да поўных 7 дзён у тыдзень. У некаторых панскіх дварох, такім чынам, сяляне ўлетку зусім ня мелі сьвяточнага адпачынку. Ня мелі яны адпачынку і ў начы, бо ноччу працавалі на сваёй гаспадарцы. Бізуны даглядчыкаў на полі, лозы на стайні, цэлы шэраг другіх панскіх караў так і сыпаліся на запрыгоне­нага беларуса-селяніна. Павіннасьці прыватнаўласьніцкіх сялян былі шматлікія і распадаліся на дзьве часьці: павіннасьці пра­цаю і павіннасьці натураю. Да павіннасьцяй працаю належалі: фурманачная, вартаўнічая, маставая, падарожная, аблаўная, невадная, вымалотная і г. д. Павіннасьці натураю складаліся з падаткаў пану хлебам, дамоваю жывёлаю, птаствам, маслам, салам, яйкамі, грыбамі і г. д. Кожны крок селяніна, кожная самая нязначная падзея з яго гаротнага жыцьця злучаліся з якім-небудзь абавязкам на пана.

Юрыдычна беларускі селянін таксама зусім залежаў ад пана, кім-бы апошні ні быў—ці польскім шляхцічам, ці рускім вяльможам. А рускія вяльможы ўсё больш і больш абсаджваліся на Беларусі, дзякуючы шчодрым раздачам маёнткаў ра­сійскімі царамі — Катарынаю ІІ і Паўлам І.

Пан быў для свайго селяніна ўсім—і судзьдзёю, і адміністратарам. Пан меў права караць селяніна ўва ўсіх здарэньнях паводле свайго погляду. На гэтай глебе вырасталі такія пыш­ныя кветкі панскага ўціску і самадурства, як добра ўсім вядомая Салтычыха ў Расіі і мала пакуль што вядомая Стоцкая Беларусі. Апошняя ў пакоі мела два жалезных прабоі ўгары і ўнізе для прывязваньня сваіх ахвяр. Сваіх сялян яна кусала, душыла, трымала ў ланцугах, за каўнер ліла кіпяток, паліла цела раскалёным жалезам, прынуджала есьці дохлых п'явак і г.д. Шмат народу загінула ад яе кар. Польская пані на Бела­русі нічым ня была лепшаю ад рускай Салтычыхі, а нават можа і горшаю, бо на Беларусі, апроч соцыяльнай прорвы паміж панам і мужыком, была яшчэ прорва нацыянальная і рэ­лігійная.

Беларускі селянін, апроч таго, сыстэматычна галадаваў. На аснове закону паны павінны былі ў галодныя гады карміць сваіх прыгонных, але гэты закон ніколі ня выконваўся. Вя­домы поэта, служка Катарыны ІІ, Дзяржавін, каторы за сваю смачную, як ліманад, для царыцы поэзію атрымаў на Беларусі ў Нэвельшчыне некалькі маёнткаў, дае нам весткі аб тагачас­ным экономічным палажэньні беларускага селяніна. З вестак відна, што нават у хлебародныя гады селянін павінен быў есьці хлеб, які складаўся з чатырох частак мякіны і аднэй часткі жыта, што часам і горш было, бо сяляне елі „вараны шчавель або з вотрубей і выжымах вараную кісьліцу". З другіх вестак мы даведваемся, што беларускі селянін карміўся вельмі часта карою, дравясінаю і травамі.

У канцы свайго данясеньня Дзяржавін, хочучы пацешыць урад, піша, што, ня гледзячы на пастаянны голад, беларускі селянін так звык да нужды, што зусім не абураецца, а „обретается в довольном равнодушии" падобна антычнаму філёзофу стоіцкай школы. Факты таго часу і далейшых часоў нам ясна гавораць, што ў заўсёды галоднага беларускага сялянства як­ раз ня было філёзофскага стоіцкага „равнодушия".

Селянін на Беларусі, як і ўва ўсёй Расіі, не здавальняўся сваім палажэньнем і шукаў лепшай долі ўсімі сродкамі, якія яму былі даступны. У канцы 1796 і пачатку 1797 году ў размаітых куткох Беларусі йдуць сялянскія паўстаньні супроць паноў. Сяляне адмаўляюцца слухацца паноў, вельмі часта вы­ганяюць іх з маёнткаў, захопліваюць панскую рухомасьць, збожжа, быдла, серабро, пасуду, вопратку і г. д. Асабліва абвострываюцца і ўзмацняюцца паўстаньні ў Полацкай провінцы. Ня гледзячы на поўную неорганізованасьць паўстаньняў, мы бачым, што сялянства ўжо добра ведае, што яно знаходзіцца ў дрэнным становішчы, дзякуючы самай наглай эксплёатацыі і ўціску з боку паноў. Паўстаньні адбываюцца ў дварох, як рускіх, так і польскіх паноў, бяз розьніцы нацыянальнасьці. Большасьць паўстаньняў адбываюцца ў польскіх маёнтках толькі таму, што паноў-палякаў на Беларусі было куды болей, чым паноў-рускіх. Ня гледзячы на раздачу ўрадам зямель рус­кім вяльможам і дваранам, рускае зямляўласьніцтва яшчэ ня­значна пашырылася на Беларусі. Вельмі часта ўрад ня мог уцішыць паўстаўшых аднэй поліцэйскай сілай, прыходзілася вынікаць вайсковыя часткі. Толькі к сярэдзіне 1797 году ўраду ўдалося з вялікаю жорсткасьцю зьліквідаваць сялянскі рух.

Яшчэ больш сялянскае пытаньне завастрылася на Бела­русі ў часы кампаніі 1812 году. Думкі аб вызваленьні ад пан­скага прыгону пачынаюць яшчэ глыбей прасякаць у сялянскія гушчы. Вайна разбурыла і зруйнавала край, а разам з тым раз­бурыла звычайныя штодзённыя экономічныя і політычныя адносіны паміж панамі і прыгонным селянінам. На Беларусі ад­бівалася частая зьмена ўлад, каторая ўтварыла для селяніна магчымасьць застацца вока-на-вока з тым панам, каторы ў звы­чайныя часы ўкрываўся за моцным каркам сваёй панскай дзяр­жаўнай улады. Гэты факт даваў магчымасьць рабіць тое, што ён сам хацеў.

Найперш ад усяго беларускі селянін выяўляў сваю волю тым, што ён проста-на-проста пакідаў пана і ўцякаў ад яго апекі ў лясы і балоты. Там ён рабіўся вольным чалавекам, асабліва, калі ў яго рукі пападала зброя. Весткі таго часу гавораць нам, што па лясох і балотах Беларусі ўтварыліся даволі значныя ўзброеныя сялянскія атрады, якія не давалі паном спакойна жыць, нападаючы на маёнткі. Калі жыцьцё на нейкі час уцішылася і на чале Літвы і Беларусі стаў так званы Часовы Ўрад, то беглыя сяляне і тады ня думалі вяр­тацца з атрадаў дамоў для выкананьня сваіх „хлопскіх" аба­вязкаў. Гэтыя атрады рабілі шмат клопату Часоваму Літоўска-Беларускаму Ўраду, учыняючы непарадкі і наводзячы страх на паноў. Проці сялянскіх атрадаў, для падтрыманьня старога соцыяльнага парадку, урад павінен быў організаваць 6 батальёнаў егераў з лясных камандаў.

Адначасна з організацыяй лясных егераў, у ліпні 1812 г. Часовы Ўрад выдае адозву да ўсіх жыхароў Беларусі, якая ў сутнасьці сваёй мае адносіны выключна да зьбеглага сялянства. Адозва прапануе сялянам, каторыя пакінулі двары і паноў, каб яны зараз-жа вярнуліся на месца сваёй ранейшай аселасьці і прыступілі да выкананьня сваёй звычайнай земляробскай працы і паншчынных абавязкаў і павіннасьцяй. Далей у вадозве прапануецца сялянам слухацца паноў, уласьнікаў, арандатараў ма­ёнткаў ці асоб, што іх заступаюць; нічым не парушаць права ўласнасьці, каторае, відаць, у гэтыя часы сялянамі парушалася, бо іначай аб гэтым ня трэба было-б і пісаць у вадозьве. Панства запэўнена, што яно зноў возьме сялян у свае рукі, ня робячы ім ніякай палёгкі, бо разьмеры павіннасьцяй на паноў вызначаюцца „па ранейшых загадах і прадпісаньнях". У канцы адозвы пералічаны тыя „меры воздействия", каторыя ўрадам будуць накіраваны супроць непаслухмянства. „Тыя, што не выпаўняюць ці дрэнна выпаўняюць свае абавязкі, па дакладзе вясковых улад, павінны ўгаворвацца, карацца і прымушацца да выкананьня сваіх абавязкаў пры дапамозе павятовай адміністрацыі і нават вайсковай сілы, калі гэтага будуць вымагаць абставіны".

Тым ня менш сяляне не супакойваліся. Ішлі адно за дру­гім забойствы паноў, падпалы і рабункі маёнткаў. Асабліва пашырыўся сялянскі рух у Віцебшчыне. Польскія паны, зьлякаўшыся руху, зьвярнуліся да Наполеона з просьбаю аб абароне. Наполеону ўнушалі думку, што мужыкоў падбухторвае супроць паноў руская адміністрацыя. Былі організаваны ляту­чыя атрады, каб зьліквідаваць сялянскія беспарадкі. Рух прыпыніўся толькі пасьля таго, як французы пакінулі Беларусь, і царскі ўрад зноў абсеўся ў краі.

Пачынаючы з гэтых часоў, сялянскі рух ня спыняўся на працягу ўсяго стагодзьдзя. Акты гавораць нам аб забойстве сялянамі паноў, аб асобных паўстаньнях, падпалах маёнткаў і г. д. Найбольш організаваным было паўстаньне сялян у Міхайлаў­скай, Янавольскай і Нерзінскай валасьцёх Акрынскага ста­роства, якое з перарывамі цягнулася ў 1836, у 1840 і 1841 гадох. Паўстаньні ліквідуюцца вайсковаю сілаю. Расстрэламі, лозамі, шпіцрутэнамі, турмою і ланцугамі сяляне за­ганяюцца ў паншчыну, каб быць рабочым быдлам фэўдала-пана і царска-фэўдальнай дзяржавы.

Такім спосабам, беларусы з канца XVIII стагодзьдзя былі адным з народаў Расійскай імпэрыі, яны ўвашлі ў лік яе народаў, як запрыгоненая, цёмная маса сялян і чорнарабочых. Гэтая вялікая, шматмільённая беларуская грамада зьяўлялася соцыяльна і політычна прыгнечанаю масаю, тым рабочым хлопскім „быдлам", каторае сваім мазалём і крывавым потам кар­міла і багаціла польскага ці полёнізаванага беларускага пана. У кампанію да каторага паступова пачаў уступаць пан рускага пахаджэньня, пасаджаны сюды царызмам. За цяжкаю пры­гоннаю працаю ня было „хлопу"-беларусу ні часу, ні магчы­масьці думаць думку аб тым, хто ён такі па свайму роду і пле­мені. Яму было не да культурна-нацыянальнага пытаньня, калі над ім штодзень вісеў панскі бізун. Беларускія прыгнеча­ныя масы ведалі толькі, што яны „тутэйшыя", што скла­даюцца яны з мужыкоў і чорнарабочых, што іх быт, іх звычаі і мова не такія, як у іхняга пана, паляка ці вялікаруса,—быт, звычаі і мова ня панскія, а мужыцкія. Толькі сярод некаторай часткі дробнай беларускай шляхты, каторая яшчэ не пасьпела полёнізавацца, дзе-ні дзе яшчэ засталося пачуцьцё сваёй нацыянальнасьці.

Ня гледзячы на тое, што Беларусь увашла ў склад Расіі, у пачатку XIX стагодзьдзя тут праводзіцца полёнізацыя. Русіфікацыя пачынаецца толькі з 30-х гадоў. Але трэба вызначыць, што і полёнізацыя і русіфікацыя датычаць толькі да со­цыяльна вышэйшых груп беларускага жыхарства. Беларус-селянін, дзякуючы сваёй няпісьменнасьці, ня можа карыстацца пладамі ні польскай, ні рускай культуры. Ён застаецца тым, кім быў і раней—несьвядомым беларусам.

Ня чуючы сваёй мовы сярод паноў, чыноўнікаў і інтэлі­гентаў, цёмны беларускі селянін пачаў думаць, а потым стаў пераконаны ў тым, што мова яго ёсьць толькі мужыцкая мова, мова някультурнага і запрыгоненага, бяспраўнага люду. Ён быў доўга, аж да нашага часу, запэўнены ў тым, што на гэтай яго мове зусім немагчыма ані гаварыць нешта разумнае і вучо­нае, ані пісаць, ані чытаць, ані друкаваць кніжак. У гэтай думцы падтрымлівалі яго і кіруючыя станы, выстаўляючы на зьдзек яго беларускую мову, як мову мужыцкую, хамскую, мову някультурных працоўных мас. І беларус-селянін, заха­ваўшы па вясковых куткох у курнай хаце беларускую мову, меў пакуль што пачуцьцё сваёй асобнасьці соцыяльна-экономічнай, а з нацыянальнага боку ён ня быў сьвядомы. Ён добра ведаў, што ён мужык, што яго інтарэсы варожыя да інтарэсаў пана; ведаў ён, што ён „тутэйшы" мясцовы чалавек, не па­добны на паляка і вялікаруса, але ён ня ведаў у масе, што ён беларус.

Тым ня менш, спачатку XIX стагодзьдзя на Беларусі і па-за яе межамі пачынаецца разьвіцьцё нацыянальнага беларускага руху. Карані гэтага руху вырастаюць з экономічнага і разам з тым політычнага стану Польшчы, Расіі і самой Беларусі.

На Беларусі з канца XVIII стагодзьдзя прачнуўся мужык. Яго цяжкая доля фэўдальнага сэрва-раба штурхала яго на паўстаньні супроць паноў. Ня ўмеючы гаварыць культурнаю моваю, ён загаварыў языком паўстаньняў, забойствамі паноў, падпаламі панскіх маёнткаў і г. д. Гэты сялянскі рух на Беларусі, у сваёй сутнасьці, разам з тым, быў і нацыянальным рухам, бо селянін, „тутэйшы" па сваёй нацыянальнасьці змагаўся з панам, каторы быў ці паляком, ці вялікарусам. Селянін-беларус амаль што зусім ня меў сваёй нацыянальнай інтэ­лігенцыі, але яго язык паўстаньняў прымусіў польскую і рус­кую. інтэлігенцыю, сядзеўшую ў панскіх маёнтках, загаварыць аб ім і зацікавіцца ім. „Быдла" ня толькі не хацела працаваць на пана, але рабіла на яго напады. Зразумела, што паны павінны былі ня толькі выклікаць супроць сялян збройную вайсковую сілу, але і пачаць вывучэньне гэтага „начыньня вытворчасьці". Аб беларусе-селяніне загаварылі „культурныя" паны. Апроч таго, часам і сам беларускі селянін прагнуўся гаварыць аб сабе ня толькі моваю паўстаньняў, але і моваю, якую магчыма было занясьці на паперу.

Што датыча да Польшчы, то яна, падзеленая ў канцы XVIII стагодзьдзя суседзямі, прагнецца ў гэтыя часы зноў стаць на ногі і адрадзіцца, як політычны організм. Тагочасныя абста­віны спрыяюць ёй. Але само сабою зразумела, што без тэры­торыі Беларусі, як сваіх „усходніх крэсаў", Польшча ня можа адбудавацца, як дужае гаспадарства. Ня хоча яна абыйсьціся і бяз прыгоннай працы беларускага селяніна, каторы праца­ваў на польскага пана не адну сотню год. Сюды трэба далучыць і гістарычна зложаную тэндэнцыю Польшчы—праглынуць Беларусь, — тэндэнцыю, асабліва яскрава падкрэсьленую ў апошняй польскай констытуцыі 1791 году. Было ясна, што ў далейшыя часы, калі палякам прыдзецца рабіць паўстаньне за незалежнасьць як у Польшчы, так і на Беларусі яны ня здужаюць яго зрабіць без беларускага селяніна. Такім споса­бам, беларуская тэрыторыя і беларускія працоўныя масы аказаліся вельмі патрэбнымі экономічна і політычна для Рэчы Посполітай Польскай, якая хацела ўваскроснуць.

Расійская імпэрыя, атрымаўшы на аснове падзелаў Поль­шчы Беларусь, таксама была экономічна і політычна зацікаў­ лена захаваць за сабою тэрыторыю Беларусі, як свой „северо-западный" край і насельнікаў краю. Яна лічыла, што актамі падзелаў яна набыла тыя тэрыторыі, якія „искони“ належалі да Расіі. Не дарма ўрад Катарыны ІІ у памяць прылучэньня Беларусі да Расіі адбіў мэдаль з славянскім напісам: „отторженная возвратих" (адабранае вярнуў).

Дзякуючы ўсяму гэтаму, і з боку Польшчы, і з боку Расіі вынікае цікавасьць да мужыцкай Беларусі, пабудаваная на экономічных і політычных інтарэсах гэтых дзьвюх адзінак. Каб шчыльней падыйсьці да Беларусі і беларускага селяніна, а таксама, каб прыцягнуць яго ў свой бок, некаторыя колы былой Польшчы і Расіі, будуць старацца загаварыць часам з беларусам і аб беларусе на яго мужыцкай мове, пачаць дасьледзіны яго быту, тэрыторыі, дзе ён жыве, яе гісторыі і г. д. Адны пачнуць даводзіць, што беларускі селянін імкнецца да Польшчы, другія—што ён спакон веку быў і цяпер ёсьць рускі чалавек па сваім быце і жаданьнях. Кожны будзе старацца перацягнуць яго ў свой бок. Такім спосабам, зусім незалежна ад культурнай актыўнасьці беларускага селяніна пачнецца беларускі культурна-нацыянальны рух.

Першымі пачалі падыходзіць да беларускага пытаньня польскія і полёнізаваныя беларускія шляхецкія колы. І зразумела, чаму яны раней зацікавіліся Беларусьсю. Беларусь была згублена Польшчай, трэба было вярнуць яе назад. Што датычыць да рускіх колаў, то яны пакуль што мала ажытуюцца, бо штыхі Расійскай імпэрыі забясьпечваюць Беларусь за Расіяй.

Цікавасьць да Беларусі раней за ўсё пачала выяўляцца ў Віленскім унівэрсытэце, заснованым у 1803 годзе. Унівэрсытэт адразу зрабіўся культурным і організацыйным цэнтрам тагачаснай польскай і беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, якая найчасьцей складалася з сярэдняй і дробнай шляхты і часамі з мяшчанскіх элемэнтаў.

Пры унівэрсытэце і ў самым унівэрсытэце організуюцца дробныя гурткі як студэнтаў, так і наогул інтэлігенцыі. Дробныя гурткі пачынаюць абформляцца ў даволі вялікія грамады. У 1817 годзе абформляецца організацыя „Шубраўцаў". Як відаць з статуту, „Шубраўцы " ставяць сваёй мэтай пашырэньне сярод грамадзянства культуры, працаздольнасьці, цьвярозага жыцьця і г. д. Да выкананьня сваёй мэты яны йдуць шляхам сатыры. З 1817 году яны маюць свой орган друку „Бруковыя Ведамасьці", каторыя выходзяць штотыдзень па суботах аж да 1822 году.

Раней за „Шубраўцаў" існуюць гурткі „Філёматаў" (аматараў навук). У ліку заснавацеляў організацыі былі Адам Міцкевіч, Т. Зан, беларускі культурнік Ян Чачот і інш. Мэта „Філёматаў"— „шляхам добрай адукацыі палепшыць стан бацькаўшчыны". Пад бацькаўшчынай яны разумелі і Беларусь, провінцыю Польшчы.

Пасьля таго, як організацыя „Філёматаў" распалася (1810), вырасла легальная студэнцкая організацыя „Прамяністых", якая па статуту ставіла сваёй мэтай інтэлектуальнае і моральнае разьвіцьцё студэнтаў. Тайнаю мэтаю кіраўнікоў організацыі было выхаваньне моладзі ў польскім патрыотычным кірунку. Адну з галоўных роляй і тут мае Ян Чачот.

Пасьля таго, як рэктар унівэрсытэту распусьціў „Прамяністых", кіраўнічае ядро іх утварыла ў 1820-м годзе новую організацыю „Філёрэтаў" (аматараў добрадзейнасьці). Апроч мэт культурна-асьветных, організацыя ставіла перад сабой і політычную мэту: падгатаўляць адраджэньне Рэчы Паспалітай, куды павінна ўвайсьці і Беларусь. Намесьнікам старшыні орга­ нізацыі быў зноў Ян Чачот. Організацыя разраслася і на­лічвала ў сваім складзе больш 300 дзейных сяброў. Руская поліцыя разграміла „Філёрэтаў" у 1822 годзе, і шмат сяброў, у тым ліку Чачот, панесьлі суровыя кары. Мясцовы колёрыт гурткоў пры Віленскім унівэрсытэце ясна кідаецца ў вочы нават сучасьнікам іх. Польскія колы ў Варшаве не здаволены мясцовым ухілам віленскіх гурткоў. У Варшаве непакояцца, як-бы такая дзейнасьць гурткоў ня выклікала сэпаратызму на Беларусі і не перашкаджала агульнапольскай справе.

У гэтых адносінах вельмі цікава зрабіць вынятак з арты­кулу, зьмешчанага ў № 147 „Бруковых Ведамасьцяў" пад назваю „Ліст з Варшавы", падпісанага псэўдонімам „Варшаўскі прыяцель". Там мы чытаем ніжэйпаданае: „Ня гледзячы на жартоўнасьць і вульгарнасьць вашай назвы („Бруковыя Ведамасьці “), вы ўсё-ж такі тут маеце шмат прыхільнікаў, каторыя цэняць вашую орыгінальнасьць, а асабліва ваш шляхетны намер выкараняць краёвыя хібы. Праўда, іншы раз нават вашы прыхільнікі скардзяцца, што для Палякоў вы пішаце пакітайску, што яны ня могуць зразумець вас. Вы пішаце для Літвы, а не для кароны. Вы менш клапоціцеся аб тым, ці зразумее вас Варшава, абы толькі зразумела вас Вільня і Літва. Іншы раз вы паніжаеце ваш стыль, каб толькі зрабіцца даступнымі для ўсіх".

Сябры унівэрсытэцкіх гурткоў вельмі цікавіліся краязнаў­ствам. У мясцовы колёрыт былі ахварбованы гурткі „Прамяністых". У „філёрэтаў" была друкаваная інструкцыя наконт таго, як зьбіраць матэрыялы па народнай творчасьці, гісторыі, этнографіі і географа Беларусі. Інструкцыя была вельмі дэтальна апрацована і вызначала цэлы шэраг пытаньняў, на каторыя зьбірацель павінен даць адказы. Матэрыялы звычайна зьбіра­ліся тады, калі студэнты, карыстаючыся зімовымі і летнімі ва­кацыямі, разьяжджаліся па самых глухіх куткох Беларусі.

Поруч з студэнцкімі гурткамі цікавасьць да Беларусі зьявілася ў навуковых профэсарскіх колах. Унівэрсытэцкія профэсары ня толькі навукова дасьледуюць, але і знаёмяць грама­дзянства ў польскай мове з археолёгіяй, гісторыяй, памяткамі старога пісьменства, народнай творчасьцю, звычаямі і наогул бытам Беларусі. З Віленскім унівэрсытэтам зьвязаны працы аб Беларусі такіх выдатных дасьледчыкаў, як Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбеўскі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і г. д. Для нас асабліва цікавы гістарычныя працы Нарбута, у якіх ён выявіў жыцьцё Літоўска-Беларускага гаспадарства. Працы яго прасякнуты вялікім замілаваньнем да Літвы і Беларусі, якія ён тым ня менш лічыць провінцыямі Польшчы. Цікавы і юрыдычныя працы Даніловіча. Нааснове вывучэньня нормаў Літоўска-Беларускага права ён прыгатаваў для друку „Западный Свод Законов“. У свае часы, калі Сьпяранскі рабіў сваю працу па кодыфікацыі законаў Расійскай імпэрыі, урад Мікалая І-га забракаваў працу Данілевіча, як працу „польскага" напрамку. Беларусь ніколі так і не пабачыла „Западного Свода Законов", ня гледзячы на тое, што ён быў лепш апрацованы, чым „Свод Законов" Сьпяранскага, і больш адпавядаў умовам беларускага жыцьця. Калі мы ўглядаемся ў дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту, то бачым, што ён у першую галаву быў цэнтрам полёнізаванай беларускай інтэлігенцыі. Ён рабіў іх польскімі патры­ётамі і канчаткова полёнізаваў дробную і сярэднюю беларускую шляхту. Але разам з тым унівэрсытэт абуджаў сярод гэтай самай спольшчанай інтэлігенцыі вялікую цікавасьць да Беларусі і беларускай культуры. Ён выпускаў у сьвет польскіх патры­ётаў, якія разам з тым былі і піонэрамі беларускага руху і культурна-нацыянальнага адраджэньня. Беларускі рух стаў ў сьціслую і неабходную сувязь з польскім адраджэнцкім рухам, бо Беларусь, на думку польскіх патрыётаў, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай ці проста, як звычайная провінцыя, ці як ў тэй ні іншай меры аўтономная краіна.

У першыя дзесяцілецьці ХІХ-га сталецьця падгатаўляецца паўстаньне 1831 году. Уся дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту і яго гурткоў ці проста, ці сукосна была зьвязана з падгатоўкай паўстаньня. Студэнцкія гурткі стыкаліся з агульна-грамадзкімі гурткамі, каторыя ў сваю чаргу прынцыпова былі зьвязаны з заходня-эўропэйскімі корбонарамі і організацыйна з дзекабрыстамі. З такіх гурткоў на Беларусі нам вядомы— "Патрыотычны саюз", „Чорныя браты", „Вайсковыя пры­яцелі" і г. д.

У час паўстаньня прадстаўнікі гэтых гурткоў склалі чыр­воную частку паўстанцаў. Белыя і чырвоныя мелі свае програмы і рэзка падзяляліся на дзьве партыі.

Партыя белых складалася з арыстакратаў, буйных зямель­ных уласьнікаў. На чале партыі стаяў добра вядомы польскі патрыот, быўшы прыяцель Аляксандра І і быўшы куратар Віленскае учэбнае акругі, Адам Чартарыйскі. Магнацкая партыя лічыла, што паўстаньне ня трэба даводзіць да крайняга пункту, што ня трэба канчаткова парываць сувязь з Расійскай імпэ­рыяй і весьці з ёю перагаворы, націскаючы адначасова на расійскі ўрад праз дыплёматыю чужаземных двароў. Польшча, на іх погляд, павінна застацца, як і дагэтуль, абмяжованай монархіяй. Ніякіх соцыяльных рэформаў ні ў якім разе рабіць ня трэба. Сяляне, як і раней, павінны застацца ў прыгонным стане.

Другою групоўкаю паўстанцаў была партыя чырвоных, партыя дэмократаў. На чале яе стаяў вядомы дэмократ свайго часу профэсар Віленскага Унівэрсытэту Лелевэль, староньніх політычнага фэдэралізму. Ён лічыў, што ўваскросшая Польшча павінна будавацца на братэрстве вольных народаў — палякаў, літвінаў і беларусаў і быць фэдэрацыяй Польшчы, Літвы і Беларусі. Складалася партыя з дробнай шляхты і інтэлігенцыі лібэральнага напрамку. Партыя лічыла, што трэба канчаткова парваць сувязь з фэўдальнай расійскай уладай і ня весьці ніякіх перагавораў з Мікалаем І, бо яны не дадуць ніякіх вынікаў для ходу паўстаньня. Ні перагаворы з Мікалаем, ні дып­ляматычныя інтрыгі пры чужаземных дварох, а толькі рашучая збройная барацьба можа і павінна вырашыць долю Рэчы Паспалітай. На думку чырвоных, Польшча ў будучыне павінна быць дэмократычнай рэспублікай. Прыгон павінен быць скасованы. Вызваленае сялянства трэба надзяліць зямлёй, для якой мэты трэба ў кожнага з буйных паноў выкупіць частку зямлі за кошт дзяржавы. Апошні пункт уносіў вялікую ня­згоду паміж дзьвюма партыямі польскіх паўстанцаў.

Лепшыя з паўстанцаў добра разумелі, што бяз удзелу селяніна паўстаньне на Беларусі ня будзе мець ніякай моцы. І перад намі ёсьць факты, каторыя гавораць аб гэтым. Дроб­ная шляхта і інтэлігенцыя стараліся бліжэй падыйсьці да му­жыка, гаварылі з ім на яго „мужыцкай" беларускай мове і абяцалі яму за ўдзел у паўстаньні вызваленьне ад паншчыны.

Каля Слоніму жыў популярны сярод сялянства дробны зямляўласьнік вёскі Чундры Міхал Валовіч, яшчэ зусім малады чалавек. Калі пачалося паўстаньне, сяляне ўзялі зброю, каб выступіць у паўстаньні. Уласны стрый Валовіча данёс ураду, што Валовіч гатовіць паўстаньне. Сяляне, даведаўшыся аб гэтым, памаглі яму схавацца ў суседнім балоце. Праўда, гэта ня выратавала Валовіча. У балоце ён захварэў, хворы папаў у рукі рускай поліцыі і загінуў на шыбеніцы ў Горадні.

Некаторыя з паўстанцаў пускалі ў сялянскія гушчы агі­тацыйную літаратуру ў беларускай мове. З такіх паўстанцаў-агітатараў мы можам адзначыць студэнта з Вільні Франэка Савіча. Па сваім пахаджэньні гэта быў сын вясковага вуніяцкага ксяндза. Ён ведаў добра становішча, быт і мову бела­рускага селяніна і пісаў пабеларуску. Бязумоўна, Савіч меў сувязь з адным з гурткоў, на чале якіх стаяў вядомы рэволюцыянэр Канарскі, загінуўшы на шыбеніцы ў Вільні на Лукіс­кім пляцы ў 1839 годзе. Сябры гуртка лічылі, што паўстаньне як у Польшчы, так і на Беларусі будзе мець посьпех толькі тады, калі ў ім прыме ўдзел сялянства. Трэба дабіцца, каб шляхта зразумела гэта і вызваліла сялян ад прыгону. Трэба весьці сярод шляхты і сярод сялянства як вусную, так і пісьмовую агітацыю і пропаганду. Былі зроблены спробы ўтварыць патаемную друкарню для выданьня адпаведнай літаратуры, каторыя скончыліся няўдачаю. Гурткі мелі вялікі ўплыў на дробную шляхту і інтэлігенцыю таго часу. Да нашага часу дашоў вельмі цікавы агітацыйны верш Ф. Савіча аб паўстаньні 1831 году. У гэтым вершы паляшук з Піншчыны зьвяртаецца да літвіна (як тады звалі і літвінаў і беларусаў) і валыняка з такімі словамі: „Літвін, Валынец падайце-ж мі рукі. Так прысягаем да госпада бога царам на згубу, панам для на­вукі, што на той зямлі не паўстане нага а ні гэта паганска, а ні гэта тыранска, хоць ся укарэніць, як сіла шатанска. І ты па небе, усёмагутны божа, няхай нас бедных твая ласка ўспаможа! А хто ня шчыры, хто не справядлівы, няхай прападне з родам і насеньнем, няхай чорт зрэжа з чадам і насеньнем! Сказаў. Усе тры пацалавалісь і па чарцы выпілі гарэлкі і па калачу узялі з тарэлкі. І доўга сабе мілавалісь. А сонца сьвеціць і вецер ня гудзе, бо ся зьдзівілі, што то вольны людзі".

Ф . Савіч і яго аднамысьнікі стараліся падыйсьці бліжэй да беларускага селяніна і зьвярталіся да яго ў яго роднай мове. На гэтым грунце вынікала спэцыфічная паўстанцкая літаратура. Што датычна да самога Савіча, то ён быў зволены рускім урадам з 4 курсу віленскай мэдычнай акадэміі і высланы на Каўказ у вадзін з тамтэйшых палкоў у якасьці звычайнага салдата. Праз нейкі час яму ўдалося ўцячы з Каўказу. Пад фальшывым прозьвішчам Гэлігі ён абсеўся неяк на паграніччы Валыні і Падолі і лячыў народ. Да самай сьмерці ён карыс­таўся вялікай популярнасьцю сярод сялянства.

Наогул паўстаньне 1831-га году не ўдалося. Соцыяльны дэвіз чырвоных паўстанцаў— вызваленьне сялян— зацямняўся тым, што самі яны ўсё-ж такі былі панамі. Апроч таго, яны дапусьцілі да ўлады такія элемэнты (белых паўстанцаў), каторыя воража адносіліся да рэволюцыі і да пастаўленых ёю соцыяльных і політычных пытаньняў. Што гэта было так, ясна відна з ліста польскага дыктатара Хлапіцкага да Мікалая І-га. Ён піша так: „Найміласьцівейшы кароль! Будучы запэўненым у тым, што сойм ня здолее сярод буры ўстанавіць спакой, і маючы перад вачыма мінулыя страшныя дні (у пачатку рэволюцыі), я пастанавіў узяць выканаўчую ўладу ў свае рукі, каб яна не папала ў рукі агітатараў і бурыцеляў, каторыя хоць і ня маюць адвагі ў мінуты небясьпекі, але ўсё-ж такі ўмеюць падбураць і злучаць натоўп".

З ліста ясна, што тыя паўстанцы, каторыя ўмелі „злу­чаць натоўп" і агітаваць сярод сялянства, не змаглі захапіць улады ў свае рукі і падыйсьці да сялянства з рэальнаю рэ­формаю вызваленьня. Селянін спачуваў чырвоным, але чакаў ад іх ня слоў, а справы.

Перад намі ёсьць вельмі цікавы дакумэнту каторы яскрава сьведчыць аб адносінах беларускага селяніна да польскага паўстаньня 1831 г. Афіцэр польскай разьбітай арміі Багданскі разам з трыма таварышамі прабіраецца з Беларусі ў Галіцыю, каб выратавацца ад прасьледваньня рускай улады. Ім трэба прабрацца праз балоты. Стары селянін паляшук, наогул спачу­ваючы чырвоным паўстанцам, узяўся быць іх правадыром. Па дарозе стары разгаварыўся і так вытлумачыў асноўную пры­ чыну няўдачы польскіх паўстаньняў наогул. „Як да Касьцюшкі, так і цяпер ёсьць адна прычына няўдачы паўстаньня— гэта адносіны паноў да сялянства. Паны думалі самі зрабіць паў­станьне, але забыліся, што іх мала, а мужыкоў столькі, як мурашак. Паны не хацелі вызваліць сялянства, бо, згубіўшы паншчыну і падданства мужыкоў, яны згубілі-б свае даходы ад мужыкоў і сваю вагу ў гаспадарстве, дзе яны—усё, а му­жык— нішто. Вы ніколі ня будзеце мець Польшчы, пакуль мужыкі яе не адваююць, а яны не адваююць яе, ня маючы перакананьня, што адбіваюць яе для сябе. Паншчына ёсьць прычына ўпадку паўстаньня". (Zbіог раmietnikow z 1831 г., стар. 219-20).

Як адбітак тагачасных польскіх настрояў, у польскай літаратуры зьяўляецца так званая беларуская школа.

Пісьменьнікі гэтай школы паставілі сваёю мэтаю зрабіць з беларускага селяніна такога чалавека, які стаў-бы сьвядомым грамадзянінам, патрыётам Польшчы, і пашоў-бы, калі гэта будзе патрэбна, у паўстаньне разам з паўстанцамі панамі і інтэлігентамі.

Найчасьцей яны пішуць папольску, але тэмы і сужэты для сваіх твораў бяруць з беларускага жыцьця. Часам яны пераходзяць на беларускую мову. І трэба вызначыць, што гэта ім даволі лёгка зрабіць, бо яны паходзяць з беларускай апалячанай шляхты. З пісьменьнікаў школы мы можам назваць- Яна Баршчэўскага з Віцебшчыны, Алеся Рыпінскага з Дзісьненшчыны і Яна Чачота з Навагрудчыны. Усе яны ня толькі пісьменьнікі, але і польскія патрыоты і вельмі часта ўдзельнікі паўстаньня 1831 году. Па іх поглядах Беларусь ёсьць хоць і асобная краіна, але яна зьяўляецца непадзельнай часьцінаю Рэчы Паспалітай Польскай. Што датычыць да беларусаў, то яны ёсьць частка польскай нацыі, ці, як тады казалі, беларусы ёсьць gепte rutheni, natione poloni. Ускосна да гэтай школы магчыма аднесьці і Адама Міцкевіча. У яго творах мы зна­ходзім шмат беларускіх малюнкаў і тэм. Сваёю бацькаўшчынаю ён называе Літву, пад якой разумее Беларусь, як непадзель­ную частку Польшчы.

Асабліва тыповым прадстаўніком пісьменьнікаў беларус­кай школы ў польскай літаратуры зьяўляецца Алесь Рыпінскі. У 1831 годзе ён прымаў чынны ўдзел у паўстаньні, дзеля чаго павінен быў потым кінуць бацькаўшчыну і змураваць у Парыж. Седзячы ў Парыжы, ён ня кідаў сувязі з Польшчай і Беларусьсю. У 1839 годзе ён у гуртку эмігрантаў чытаў лекцыі аб Беларусі, з якіх і ўтварыўся першы як-бы падручнік па беларусазнаўству. Яго кніжачка была выдадзена ў Парыжы Ў 1840 г. пад назваю: „Bialorus. Kilka slow o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji". Як відаць з самой назвы кніжкі, шляхціц Рыпінскі цікавіцца „простым людам", сялян­ствам Беларусі. Беларусь, на яго погляд, ёсьць толькі провінцыя Польшчы. Аўтар кніжкі лічыць, што Беларускае сялянства павінна ня толькі політычна, але і культурна зьліцца з паля­камі. Не дарма кнігу сваю ён прысьвячае „першаму з беларускіх мужыкоў, каторы навучыцца ўперад чытаць, а потым і думаць папольску“. У сувязі з гэтым, Рыпінскі першы скарыс­таў для беларускай мовы польскія літары, дадаўшы да некаторых з іх асобныя адзнакі. Гэтаю азбукаю, крыху пера­робленаю, беларуская мова часта карыстаецца і ў нашыя часы, асабліва пры пашырэньні беларускай культуры і друку сярод тых беларусоў, якія вучацца ў польскіх школах. Свой агульны погляд на Беларусь Рыпінскі выказаў у прадмове да сваёй кніжкі: „Гэта Русь складае непадзельную часьціну нашай дара­гой бацькаўшчыны (Польшчы). Гэты народ (беларусы) захаваўся дзеля таго, каб давесьці, што ён сам можа выбраць сабе пана, а чужых гаспадароў ня хоча знаць". За пана Рыпінскі лічыў Польшчу, а пад чужымі гаспадарамі разумеў Расію. Ён быў пераконаны ў тым, што беларусу патрэбен пан. Яму і ў галаву ня прыходзілі думкі аб тым, што працоўная беларуская маса павінна быць сама сабе панам.

Пісьменьнікі беларускай школы пісалі і пабеларуску для таго, каб знайсьці чытача сярод беларускіх мас. Рыпінскі на­пісаў баляду „Нячысьцік", вершы, псальмы— „Стары Восіп барадаты", „Ой, мой божа, веру табе", верш „Ты-ж сам, суседзька, хацеў" і г. д. Баршчэўскі напісаў вершы— „Рабункі мужыкоў", „Гарэліца", „ А чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята" і шмат беларускіх уставак у сваім польскім творы

„Sclachcic Sawalnia - czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach". Я. Чачот пісаў лірычныя вершы, вельмі падобныя да народных песень.

Апрача таго, пісьменьнікі беларускай школы сабралі шмат матэрыялаў як бытавых, так і па народнай творчасьці на Беларусі. Я. Баршчэўскі выдаў зборнік у расійскай мове пад назваю: „Очерки северной Белоруссии". Ян Чачот выдаў дзьве кніжкі сабраных ім народных твораў пад назваю: „Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny". Тут ён даў месца 120 народным беларускім песьням, 150 народным прыказкам і прыметам. Да сваіх зборнікаў Чачот дадаў невялічкі слоўнічак бела­рускіх слоў. У тыя самыя 30-я і 40-я гады зьбіраецца і дру­куецца ў польскай мове зборнік Е. Тышкевіча пад назваю „Апісаньне Барысаўскага павету ў статыстычных, прамыслова-гандлёвых і мэдыцынскіх адносінах". У зборніку ёсьць шмат і гістарычных матэрыялаў. Тут таксама можна знайсьці нарысы штодзённага вясковага жыцьця, народныя песьні, замовы й забабоны; шмат ёсьць і прыказак. Пазьнейшыя зьбірацелі этнографічнага матэрыялу часта карысталіся з зборніка.

Аўтары беларускай школы польскай літаратуры па сваім соцыяльным стане зьяўляюцца шляхціцамі. Зразумела, што іх творы наскрозь прасякнуты шляхецкімі поглядамі на бела­рускае сялянства. Часам яны нават і спачуваюць цяжкай, бяз­выхаднай волі селяніна, але наогул усе яны лічаць, што пры­гоннае права і прыгонная гаспадарка зьяўляюцца тэю асноваю жыцьця, якой ні ў якім разе няможна парушаць у імя грамадзянскай і дзяржаўнай карысьці. Такі іх соцыяльны погляд яскрава выяўляецца ў іх творах, асабліва ў творы Баршчэўскага „Рабункі мужыкоў". Сяляне паўсталі ў часы кампаніі 1812 году супроць свайго пана. Яны прагналі яго з маёнтку і захапілі ў свае рукі пры дапамозе францускіх салдат пан­скі двор. Баршчэўскі вельмі не спачувае такому зьявішчу. Ён стараецца абсьмяяць сялян і намаляваць іх паўстаньне ў комічных хварбах.

Найбліжэй падыходзіць да прыгнечанага няволяй і пан­шчынай сялянства Ян Чачот. Ён яскрава апісвае навычэрпнае сялянскае гора: у хаце зімна і дымна, ад холаду калеюць і ад голаду хварэюць дзеткі селяніна; разам са скацінаю ў сму­родзе, брудзе і цемры жыве тут сялянская сям'я. („Нашто нам дым выядае вочкі"). Але і ў Чачота адносіны да селяніна шляхецка-клерыкальныя. Бяда селяніна залежыць не ад скананьня прыгону, а ад таго, што селянін часта гультаіць і шмат п‘е гарэлкі. Селянін і пры існуючым ладзе можа добра жыць, калі будзе паслухмяным у вадносінах да пана чалавекам, працавітым і цьвярозым гаспадаром. („Каб у карчме не ся­дзеў"). Агульная асьвета, па думцы Чачота, не патрэбна для селяніна. Ён лічыць, што даволі будзе для селяніна, калі ён будзе аддаваць сваіх дзяцей у практычную навуку: да шаўца, каваля, бондара і іншых рамесьнікаў („О й ты, суседзе"). Ідэальны селянін, на думку Чачота, бесьперастанку працуе ўва ўсе чатыры поры году, прытым працуе бяз усякага незадаваленьня і протэсту, у радасьці і вясельлі. Вясною ён гаро­дзіць, возіць на поле гной, арэ і сее, летам косіць лугі, жне жыта, зімою возіць дровы, чэша калкі, рыхтуе лучыну, восень­ню арэ папар, зноў сее, малоціць і г. д. Калі селянін захоча пагуляць,— „у дом просіць госьці, тады сабе чарку гарэлкі вып‘е да вашмосьці" („Як то добра, калі мужык"). Калі прыходзіць сьвята, селянін ідзе маліцца богу ў царкву ці ў кась­цёл. Ён знае толькі бога, пана, сваю хату і свой мужыцкі клопат. Зразумела, што такі селянін будзе слухацца бога ў асобах ксяндза, папа і пана і ня будзе рабіць няпрыемных усім ім „рабункаў".

Цікавасьць да новапрылучанай, спрэчнай „Северо-Западной окраины“ Расійскай імпэрыі вынікае і на ўсходзе. Перад намі падарожныя запіскі акадэміка Расійскай Акадэміі Навук В. М. Севергіна, каторы ў 1803 годзе зрабіў навуковую падарожу па Беларусі, цікавячыся толькі што прылучаным краем. Запіскі акадэміка зьявіліся, ў друку ў дзьвёх кніжках, пад наз­вамі: 1) „Записки путешествия по западным провинциям Российского государства" (1803 г.) і 2) „Продолжение записок пу­тешествия" (1804 г.). Севергін—выдатны вучоны свайго часу ў галіне мінэралёгіі і хіміі; сваім заданьнем ён ставіць, апроч таго, наогул вывучэньне Расіі і пашырэньне ведаў аб Расіі сярод грамадзянства. Зразумела, што ў сваёй падарожы ён мог блізка разабрацца ў пытаньнях, блізкіх да сваёй спэцыяльнасьці. Што датычыць другіх галін жыцьця Беларусі, то тут, ня гле­дзячы на сваю вучонасьць, ён зусім ня можа ў іх разабрацца. Ён даволі наіўна вызначае, што на Беларусі ёсьць нават праваслаўныя царквы. Яго, незнаёмага з гісторыяй Беларусі, гэты факт вельмі дзівіць; таксама дзівіць і тое, што набажэнства ў цэрквах, нават вуніяцкіх падобна на набажэнства, якое адпраўляецца ў цэнтральнай Расіі. Тым ня менш акадэмік зусім не­спадзявана для нас называе ўсіх насельнікаў Беларусі схізматыкамі. Відаць, што аўтару вельмі трудна зразумець беларускі быт, каторы вырас на рэальных умовах мінулага жыцьця.

У далейшыя часы рускія вучоныя таксама цікавяцца Бе­ларусьсю. Вядомы архівісты—гісторык К. Калайдовіч пачаў вывучаць дакумэнты стара-беларускага пісьменства. На аснове вывучэньня ў 1822 годзе зьявілася ў друку яго невялічкая праца „О белорусском наречии". Тут аўтар вызначае некаторыя асаблівасьці як стара-беларускай, так і сучасна-беларускай мовы, называючы яе „наречием" расійскай мовы. Калайдовіч вельмі мала ведаў сучасную яму беларускую мову, і гэта часта перашкаджала яму ў яго працы. Дзякуючы гэтаму, ён прыходзіць да вываду, што беларускаю моваю павінны зацікавіцца самі беларусы, якія лепш могуць разабрацца ў законах і асаблівасьцях сваёй мовы. У канцы сваёй працы ён піша так: „Намерение, руководствовавшее меня в написании статьи сей, состояло в том, дабы обратить на столь важный предмет внимание самих белорусцев, которые вернее и лучше могут наследовать своё наречие и помощью оного об'яснить древний язык наших памятников". Такім спосабам, па мысьлі Калайдовіча, сам беларус павінен быць дасьледчыкам сваёй мовы ня столькі дзеля самой беларускай культуры, колькі дзеля таго, каб лепш вытлумачыць старажытную мову расійскіх друкаваных помнікаў. Выходзіла так, што цікавячыся Беларусьсю з боку мовы яе старажытных помнікаў, Калайдовіч меў на увазе не беларускія, а агульна-рускія культурныя інтарэсы. Тым ня менш, так ці іначай, а вывучэньне Беларусі ішло і ў інтарэсах самой Беларусі.

І пасьля Калайдовіча вялікарасійскія вучоныя цікавяцца Беларусьсю, але і іх цікавасьць носіць зусім прыпадковы характар, і наогул яна ў Расіі выяўляецца менш, чым у Польшчы. І гэта зразумела. Беларусь уваходзіць ў склад Расіі, як яе паўночна-заходняя краіна, каторая абараняецца моцнае штыхамі расійскай арміі. Дзякуючы гэтаму прадстаўніком расійскай дзяржаўнасьці і культуры ня прыходзіцца ажытавацца і клапаціцца аб захаваньні Беларусі за Расіяй, тым больш, што ра­сійскі ўрад у часы аракчэеўшчыны, а потым Мікалаеўшчыны ня любіць, калі прадстаўнікі расійскага грамадзянства ўмешваюцца ў політыку. Зусім другая справа на захадзе, у Польшчы. Польшча згубіла Беларусь. Трэба адабраць яе ад Расіі. Над гэтым думаюць галовы польскага грамадзянства і ажытуюцца. Штыхоў у Польшчы мала, а з 30-х гадоў зусім няма. Трэба гатовіць паўстаньне, а для гэтага трэба знаць Беларусь і беларуса, трэба з увагаю адносіцца да беларускага пытаньня.

Праца расійскіх пісьменьнікаў і вучоных крыху ажывае з канца 40-х гадоў. Над досьледам Беларусі працуюць Кушын, Эгілеўскі, З . З . Шпілеўскі (Драўлянскі), Кіркор і інш. Часта яны родам беларусы, але русыфікацыя зрабіла іх прадстаўні­камі расійскіх поглядаў на Беларусь.

Характар твораў Шпілеўскага напалавіну навукова-этнографічны, напалавіну бэлетрыстычны. Ён апісвае быт беларускага селяніна: жніва, вясельле, хаўтуры, кірмашы, усялякія забабоны і г. д; ён зьбірае і запісвае беларускія байкі, песьні, прыказкі, легенды. Найцікавейшы твор яго—„Путешествие по Полесью и Белорусскому краю", каторы зьявіўся ў друку толькі ў 1853-4 г. г. Тут апісана падарожа аўтара ад Вар­шавы да Ігумна (цяпер Чэрвеня). Вельмі доўга аўтар спыня­ецца на апісаньні сучаснай сталіцы Беларусі—Менску. М. Га­рэцкі так характарызуе гэты твор Шпілеўскага: „Падарожа на­ пісана ў лёгкай бэлетрыстычнай форме, жывою літаратурнаю маскоўскаю моваю з беларускімі ўстаўкамі: орыгінальнымі словамі, зваротамі мовы, а то і цэлымі размовамі". (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. І, 1920 г., стар. 74). Шпілеўскі, паміж іншым, сьведчыць, што беларуская мова, апроч сялянскай вёскі, зьбераглася сярод дробнай засьцянковай шляхты, каторая пабеларуску гаварыла, пісала лісты, вяла гаспа­дарчыя запісы; у засьценках магчыма было знайсьці запісаныя легенды, казкі і г. д.

З канца 40-х гадоў пачынае сваю працу і вядомы этно­граф Кіркор. Яго творы аб Беларусі пачынаюць друкавацца з 50-х гадоў. Найлепшым з іх зьяўляецца зборнік, амаль што цалком напісаны ім пад назваю „Литовское и Белорусское Полесье", каторы займае ўвесь IIІ том выданьня Сямёнава „Живописная Россия". Гэтую працу і цяпер карысна знаць усякаму, хто цікавіцца беларускім пытаньнем. Тут ёсьць надта цікавыя артыкулы археолёгічнага і гістарычнага зьместу. Апрача таго, тут ёсьць шмат этнографічна-бытавых матар‘ялаў. Жыцьцё беларуса і нацменшасьцяй Беларусі ахоплена з усіх бакоў.

У процівавагу пісьменьнікам польскага напрамку аўтары рускага напрамку прагнуцца даказаць, што Беларусь ёсьць „искони русский край", што яна зьяўляецца толькі паўночназаходняй краінай Расійскай імпэрыі: што беларусы ёсьць зусім тое самае, што і вялікарусы, што беларуская мова ёсьць толькі „наречие русской мовы".

Цікавасьць да Беларусі існавала і сярод тых дробна­-шляхецкіх засьцянковых колаў, каторыя лічылі сябе белару­самі і карысталіся беларускаю моваю. Гэтая зусім зьбяднелая шляхта жыла сярод сялянства і па свайму быту мала розьнілася ад яе. Яна ня была настолькі інтэлігентнай, каб пісаць творы. Але яна была настолькі граматнай, каб перапісваць і захоўваць ўжо гатовыя творы. Гэтая „абмужычыўшаяся" шляхта вельмі любіла творы, напісаныя ў „мужыцкай" мове. Яна ахвотна перапісвала як народныя, так і літаратурныя беларускія творы. Пры частых перапісках мянялася рэдакцыя твораў, вынікалі новыя варыянты, губілася імя аўтара. З такіх твораў, каторыя выходзілі ў сьвет з рук гэтай беларускай шляхты, асабліва былі пашыраны пераліцованая „Энэіда" і „Тарас на Парнасе".

Аўторам „Энэіды" быў, здаецца, Віцэнты Равінскі, уражэнец Смаленшчыны (Духаўшчынскі павет). Ён прыстасаваў да беларускага быту „Энэіду" украінскага пісьменьніка Катлярэўскага, напісаўшы яе пабеларуску. Зьявілася яна каля ча­соў кампаніі 12-га году і да нашага часу дашоў толькі пачатак поэмы. Па свайму сюжэту яна зьяўляецца пераробкаю вядомай клясычнай „Энэіды", напісанай рымскім поэтай Вергіліем. Ад поэмы Вергілія застаўся толькі сюжэт, іменьні бага­чоў і герояў. Усё астатняе зьяўляецца адбіткам беларускага жыцьця. Энэй намалёван, як дробны беларускі шляхціц, даволі вясёлы, зусім бясьпечны, мастак добра выпіць і пагуляць. Вэнэра—дзяўчына дачка заможных сялян, любіць пяяць песьні, хадзіць на кірмаш і заводзіць толавы хлапцоў. Дыдона—мала­дая пані, удава, каторая сама павінна вясьці ўсю гаспадарку, добра частуе гасьцей. Эоль—панскі наглядчык, каторы гоніць панскіх падданых на паншчыну. Даецца і малюнак паншчыны, калі прыезжыя траянцы просяцца ў прыгон да Дыдоны. Гуляюць у поэме так, як гуляюць заможныя сяляне на Беларусі. Ліецца гарэлка. На сталох поўна беларускіх страў: варыва з малаком, крупеня з мясам, яешня, кісель, бульбяныя камы, нават вяземскія пернікі. У час гульні раве вярлюем дуда, сіпіць сапелка, скры­піць скрыпка, дзявухны гукаюць—заклікаюць вясну: ёсьць на­ват і вядомая сьвяточная каза. Вопраткі на багох, героях і ба­гінях такія, як і ў Беларусі. Аб Вэнэры аўтар піша, што яна „андарак з насоўкай апранула, з падплётам узьдзела кавярзьні, анучкі рабыя абула, як быццам войта селязьні; твар сырават­аю абмыла, кужэльны ўзьдзела балахон, папранік у хустачку ўлажыла, пайшла да Зэўса на паклон". Наогул у поэме вельмі добра намалёван быт дробнай шляхты і заможных сялян. Што датыча быту запрыгоненай сялянскай беднаты, то ён закранут толькі мімаходам. Аўтар на ім спыняецца вельмі рэдка і не дае яскравых вычэрпваючых малюнкаў. Гэтыя малюнкі не падыходзілі да агульна-жартаўлівага духу поэмы. Відна, што поэма напісана шляхцічам, катораму малюнкі быцьця запрыгоненага селяніна ня былі ў галаве.

Аўтара поэмы „Тарас на Парнасе" мы ня ведаем. Зьяві­лася поэма ў сьвет крыху пазьней „Энэіды". Сюжэт поэмы просты. Палясоўшчык Тарас, спаткаўшы ў лесе мядзьведзя, зьлякаўся і, уцякаючы ад яго, праваліўся ў яму. Ляцеў ён доўга і апынуўся ў вельмі пекным месцы. Ён устаў і пашоў далей. Бачыць гару, на якую лезе шмат народу: адны шпарка (напр., Міцкевіч, Пушкін і г. д.), другія паціху (напр., Булгарын і Грэч). Тарас папёрся разам з імі і ўлез на гару Парнас. Тут ён па­паў на абед. Багіня Гэба пачаставала Тараса гарэлкай, хлебам і крупнікам. Зэфіры потым аднясьлі Тараса да хаты.

У гэты просты сюжэт аўтар улажыў шмат малюнкаў бе­ларускага быту. Багі па Парнасе жывуць у панскім дварэ. Па падворку ходзяць сьвіньні, быдла, козы, бараны, бо і багі займаюцца гаспадаркай. Багі шыюць хадакі, плятуць лапці. Багіні ў карытах мыюць для багоў кашулі і порты. Адны па­ляць пілкі, другія сьмяюцца. Зэвэс ляжыць на печцы, падклаў­ шы пад галаву і шукае нешта ў барадзе. Каля палудня селі есьці абед. Гэба падала на стол тры булкі хлеба, капусту, кулеш са скваркамі, крупеню на малацэ, кашу з маслам, каў­басу і аўсяныя бліны. За абедам багі пілі шмат гарэлкі і, падпіўшы, пачалі сьпяваць песьні і танцаваць. Найлепш ска­кала Вэнэра. „Узяўшы хустачку, Вэнэра пашла мяцеліцу ска­каць; прыгожа, стройна цераз меру, што аж няможна і ска­ заць. Чырвона-тоўста, круглаліца, а вочы як па калясе, як жар, гарыць яе спадніца, і йстужка ўплецена ў касе". Пашоў у прысадку і Нэптун у пары з прыгожанькай наядай; Юпітэр скакаў у пары з Вэстай. Заткнуўшы рукі за паяс, у новых ботах скакаў Марс. Тых багоў, каторыя дужа насьцябаліся гарэлкі, багіні клалі пад лаўкамі спаць. Пусьціўся ў скок і Та­рас: „Як стаў прыстукваць атопкам, аж рот разявілі багі".

Поэма „Тарас на Парнасе" па свайму характару вельмі падобна да „Энэіды". Бязумоўна, яна была ўтворана пад „Энэіду". Яна яшчэ больш была пашырана сярод беларускай дробнай шляхты і вучнёўскай моладзі, чым „Энэіда“, яна да­шла да нашага часу ў тысячах рукапісаў і дабіралася да самых глухіх куткоў Беларусі. Вершы ў абедзьвюх поэмах у некато­рых мясцох папсаваны дзякуючы доўгаму рукапіснаму існа­ваньню твораў, тым ня менш трэба прызнаць, што стыль вер­шаў вельмі лёгкі і ўва многіх мясцох вельмі вобразны. Жанаты над беларускім селянінам, якія мы бачым ў поэмах, гавораць нам аб тым, што настрой аўтараў поэм быў шляхецкі. Як ві­даць са зьместу абодвух твораў, яны напісаны людзьмі даволі адукаванымі, каторыя поруч з беларускім бытам і мовай ведалі польскую і рускую літаратуру свайго часу.

Паралельна з вышэйпаказанай літаратурай мы спатыкаемся і з творамі зусім другога роду. Гаворыць часам за сябе сам запрыгонены селянін. У масе сваёй ён няпісьменны і гаворыць моваю паўстаньняў і протэстаў, але ў выпадку пісьменнасьці ён сам апісвае сваю мужыцкую долю. Зразумела, што ён га­ворыць ня толькі мужыцкаю беларускаю моваю, але і мужыц­кім нутром. Такім песьняром-селянінам зьяўляецца Паўлюк Бахрым. На жаль, гісторыя зьберагла зусім мала матэрыялаў аб творчасьці і асобе гэтага запрыгоненага песьняра. Мы ведаем, што родам ён быў з мястэчка Крошына Наваградзкага павету. У мястэчку была парафіяльная школка пад загадам народніка ксяндза Магнушэўскага, дзе і вучыўся Паўлюк. Магнушэўскі атрымліваў з Вільні „Брукавыя Ведамасьці" і меў невялічкую бібліотэку, катораю часта карысталіся вучні школы. Хлопчык Паўлюк вельмі любіў чытаць вершы, каторыя ёй вывучваў на­ памяць і шмат з якіх перапісваў. Зразумела, што гэтыя вершы былі ў польскай мове. Ад перапіскі вершаў П. Бахрым хутка перашоў і да ўласнай творчасьці, але яна выяўлялася ўжо ў яго роднай мужыцкай беларускай мове. Пяру яго прыпісваюцца некалькі вершаў — „Размова пана з мужыком", „Гутарка Данілы са Сьцяпанам" і „Заграй, заграй, хлопча малы". Зьместам твораў зьяўляецца апісаньне цяжкай долі запрыгоненага селяніна, каторы „церпіць няволю, праклінае жыцьцё, сваю горкую долю". У зіму, лета і восень працуе селянін на пана, а яго за гэта „б‘юць“, таўкуць, гоняць, у карак папіхаюць, „завуць хамам": „няма калі зьесьці і кавалка хлеба". Апроч пана, над мужыком стаіць ураднік, „як чорт сярдзіты і злосны, пагляд быстры, строгі, і голас даносны; як стане пасвойму лаяць і крычаці, то душа і з целам мусіць раставаці; а на час як трапіш, дык пачысьціць зубы, схопіш аплявуху, аж кроў пойдзе з губы; чупрына няпэўна, бо падскубе куса, падправіць бораду, і падкруціць вуса". Ненавісьць да пана ў аўтара злучаецца з наіў­ным монархізмам, што вельмі тыпова для сьветапогляду селя­ніна, которы пры сваім соцыяльным бунтарстве быў зусім несьвядомым політычна. Аўтар вызначае, што цар дасьць вольнасьць бедным сялянам. Дагэтуль цар ня даў вольнасьці сяля­нам таму, што паны яго абшукваюць і хітруюць. Яны так кажуць цару: «Пане найясьнейшы, што з гэтага будзе, дасі хамам вольнасьць, дык што з таго будзе? Бо мужык бяз пана быць ніяк ня можа; пабіцца, пакалоціцца, сьцеражы ты, божа. Над ім штодзень трэба з кнутом стаяць над каркам, розгі каб ляжалі возам за фальваркам. Гразы як ня будзе ад двара над хамам, зап'ецца гарэлкай навек вякоў амэн“. Але прыдзе час, калі цар вызваліць сялян з няволі. Тады „будзе тое, браце, прыжджом, мой Сьцяпане, што пан на нас скажа: „Мой каханы пане!". Мы на іх ня глянем і шапкі ня здымем, хоць блізка нас будуць, ня кланяўшысь мінем".

Асаблівую цікавасьць мае для нас верш Паўлюка Бахрыма „Заграй, заграй, хлопча малы", каторы мае, здаецца, і аўтабіографічнае значэньне. Верш напісан народным стылем, ён повен жывых вобразаў, узятых з вясковага прыгоннага жыцьця. Зьмест яго такі. Сярдзіты, неміласэрны пан сядзіць у Крошыне. Ён кіямі забіў бацьку селяніна. Маці тужыць, сястра плача. Лепш быць бяспрытульным ваўкалакам, лепш быць вольнаю птушкаю, бо тады селянін ня знаў-бы прыгону. „У паншчыну-б не пагналі і ў маскалі-б не аддалі". Аўтар ненавідзіць паноў і запэўнен у тым, што на галаву іх калісь прый­дзе расплата за іх злачынствы. Але пакуль-што настрой песь­няра бязвыхадна цяжкі. Куды пайсьці, як абярнуцца? „Ой, кажане, кажане! Што ня сеў ты на мяне, каб я больш не падрос ды ад бацькавых калёс!" Па народныму ўяўленьні, той чалавек, на якога сеў кажан, ня будзе расьці. Калі-б селянін перастаў расьці і астаўся малым, яго не пагналі-б у паншчыну і не аддалі-б у маскалі.

У Крошыне здарыўся сялянскі бунт. П. Бахрым, як мы даведваемся з некаторых вестак, быў прызнан уладаю ўдзельнікам гэтага бунту. Шмат сялян за ўдзел у бунце выпаралі бізуном і выслалі ў Сібір. Што датыча да Паўлюка, у като­рага знашлі вольныя вершы, то яго паставілі пад Мікалаеўскую „чырвоную шапку" (здалі ў маскалі), дзе і прыпынілася яго творчасьць. Такім чынам загінуў пясьняр, каторы меў усе задаткі, каб зрабіцца Шаўчэнкам у беларускай поэзіі. Сярод сялянства было шмат твораў невядомых аўтараў. Творы перадаваліся па спосабу народнай творчасьці вусна ад аднаго да другога. Да такіх твораў трэба аднесьці—„Стары Зьміцер і певень", „Казаньне", „Гутарка Паўлюка", „У паноў ніхто бяз просу" і г. д. Усе гэтыя творы апісваюць прыгоннае жыцьцё селяніна ва ўсёй яго жорсткай нагаце. Яны любяць спыняцца на соцыяльных мотывах. Беднасьць і багацтва падзялілі людзей на два варожых станы. Багатаму жывецца добра: яго падтрымуе пан, ён заўжды выйдзе сухім з вады, і ўсе аддаюць яму чэсьць. Зусім ня так адчувае сябе бедны. Усе яго крыўдзяць, на судзе яго заўжды вінавацяць, ня гледзячы на яго правату, усюды яго б‘юць і ганяюць. Няма ў яго двара, няма хаткі. Прыгонны строй уносіць разлажэньне ў сялянскія гушчы. „Многа ёсьць такіх на сьвеце, што па злосьці ліха плеце язычком сваім па­ ганым: сваіх брацьцяў перад панам уядаець за нішто, каб ды самому зато ласку заслужыць улана". Гарэлка прыносіць вялікую шкоду селяніну, але за панства вінаваціцца не селянін, а пан, каторы спойвае мужыкоў, прадаючы гарэлку са сваіх бравароў у сваіх корчмах. „Хоць і пан цьвярозых любіць, а ўсё-ж воднай людзей губіць. Хоць ксяндзы нам піць бароняць, паны водку, аднак, гоняць. Трудна-ж гэтак нам зрабіці: быць цьвярозым—водку піці“. Ува ўсіх сялянскіх творах адразу адчуваецца іх сялянскі настрой і ненавісьць да паднявольнага прыгоннага жыцьця.

К 40-м гадом 19-га стагодьдзя на Беларусі ўжо зьяўляецца пісьменьнік, каторы уводзіць нас у далейшую беларускую літаратуру. Гэта — Вінцук Дунін-Марцінкевіч, большасьць твораў каторага падае на 50-я гады. Па сваім пахаджэньні ён зьяўляецца дробным шляхцічам-разначынцам. Па сваёй творчасьці ён зьвязан з беларускай школай польскай літаратуры. Па сваіх поглядах—гэта лібэрал-народнік, і ў якога народніцтва ахварбована ў сантымэнтальны романтызм.

Об'ектам творчасьці Марцінкевіча зьяўляецца проста бе­ларускі люд і наогул вёска. Аўтар сам кажа, што лічыць сябе дударом простага народу, што будзе пісаць папросту, пабеларуску, каб селянін зразумеў яго. Як лібэрал-шляхціц, ён лічыць, што паміж прыгоньнікам панам і запрыгоненым селянінам соцыяльнай прорвы няма. Ёсьць толькі яма, каторую магчыма запоўніць аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шанаваў і любіў селяніна і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен „хваліць толь­кі бога, шчыра працаваць, любіць добрых паноў, маўляў, род­ных брацьцяў". А калі пан нядобры, то трэба цярпець, бо праўда сама сябе скажа. Прыгонная залежнасьць ёсьць нормальны соцыяльны ўклад жыцьця, у рамках каторага будуецца ўся экономічная і грамадзянская структура Беларусі. Селянін ня толькі можа, але і павінен жыць у рамках гэтага ўкладу, не ламаючы іх. Аўтар пераконан у тым, што злых паноў-прыгоншчыкаў магчыма перарабіць на добрых апякуноў над сялянамі шляхам моральных сэнтэнцый. Дзеля гэтага ў сваіх творах ён прагнецца зрабіць, каб усе яны былі добрымі ідэальнымі панамі.

Ідэальны пан, на погляд Марцінкевіча, заўжды кіруе сваім маёнткам сам, седзячы ў ім, як гаспадар. Ён апякуецца над падуладнымі яму сялянамі, не абцяжае іх лішняю працаю, час-ад-часу робіць для іх пачастункі, без пагарды сам ходзіць да іх на вячоркі. Адным словам, гэта патрыархальны пан-народнік, якім быў і сам Дунін-Марцінкевіч. Такі пан ніколі не павінен прымаць у свой маёнтак арандатара ці аканома, адным словам падпанка. Найчасьцей ў творах Марцінкевіча перад намі выступаюць такія падсалоджаныя паны. Яны зьяўляюцца сапраўднымі бацькамі, ласкавымі дабрадзеямі сваіх сялян. Усё зло лічыць аўтар у падпанках. Яны, карыстаючы з таго, што пана няма ў маёнтку, ці пан занадта даверыўся ім, зьяўляюцца штодзённымі злыднямі для селяніна. Калі-б ня гэтыя злыдні-падпанкі, каторыя зьдзекуюцца і дзяруць з селяніна апошнюю шкуру, то на Беларусі быў-бы рай.

Часам Марцінкевіч набіраецца сьмеласьці і патрабуе ад паноў, каб яны ня ў імя інтарэсаў сялянства, і ў імя сваёй карысьці зьвярнулі ўвагу на цяжкую долю селяніна, бо ён ёсьць экономічная апора існуючага ладу, бо ён сваёю працаю кор­міць пана і культурныя станы гаспадарства. А ў адным з вер­шаў („Вясна, голад, перапала") аўтар дашоў нават да такой сьмеласьці, што загаварыў аб „вольнасьці" для запрыгнечана­га селяніна. Вольнасьць Марцінкевіч разумее вельмі прымітыўпрымітыўна. У яго вершы селянін кажа так: „Будзем роўныя з панамі, самі будзем як паны, — і гарэлку піць збанамі, і гуляць так, як яны“. Праўда, што далей аўтар глыбей падходзіць да справы і кажа: „Перастануць нашым братам, як скацінай, таргаваць, напускацца ліхім матам, скуру з ног да караў драць“. Палажэньне пана пры волі, па вершу, будзе дрэнна. „Вось паном ня дужа лоўка: самым трэба працаваць! Пабаліць ня раз галоўка, калі прыдзецца араць! Не адзін-то папацеець і заскача драпака,—бо сам толькі есьць умеець ды драць скуру з мужыка“. Без селяніна і ў далейшыя часы пан не абойдзецца, але ён павінен будзе падходзіць да селяніна не старымі сродкамі, пугай ды дубінай, а зусім пановаму: „Мужык будзець не скацінай, ня раз скажа пан з паноў: пане Грышка, пане Міна! Як-жа, васпан, ці здароў!“.

Цікава тое, што нават рахманае і далікатнае народалюб’е Марцінкевіча спатыкае опозыцыю ў шляхецкіх колах. Нават такі прогрэсыўны пясьняр, як У. Сыракомля папаў у лік опозыцыянэраў. Яму, напрыклад, не спадабалася, што адзін з герояў Марцінкевіча—Гапон, катораму ўдалося выбіцца з сялян у афіцэры, робіць помсту мучыцелю сялян і свайму ворагу, аканому. „Сыракомля заўважыў яму (Марцінкевічу), што ў апавяданьні няма эстэтычнага погляду артысты, ёсьць няхват заслоны, якая прыкрыла-б надта жорсткую нагату самае праў­ды. Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон памшчаец­ца ворагу аканому“. (М. Гарэцкі. Гісторыя беларуск. літарату­ры, Вільня, 1920, стар. 81).

Спаткаў опозыцыю і той факт, што Марцінкевіч піша свае творы ў беларускай мове, каторая зьяўляецца мужыцкай мовай. Аб гэтай опозыцыі гаворыць сам Марцінкевіч ў прад­мове да свайго перакладу „Пан Тадэуш“ Міцкевіча. „Чаму-ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі панамі так блізка жыў, чаму-ж дробная акалічная шляхта, што, жывучы ў лясным заціску, у хаце між сабою сваёй роднай ужывае мовы,—чаму-ж яна ня мае пазнаць абычаяў сваіх бацькоў. Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць «Пана Тадэуша» на беларускую мову. Праца мая ў гэтай мове, што мела захваціць нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі, ня сустрэла пры­яцеляў сярод багатых людзей нашае старонкі“. Выходзіць так, што абшарнікі і наогул багатыя групы жыхарства няпрыхільна спаткалі творы Марцінкевіча, каторыя ён напісаў у простай "мужыцкай" беларускай мове. Можа ім не спадабаліся моральныя сэнтэнцыі аўтара аб шанаваньні селяніна, можа не спада­балася простая мова твораў, а можа тое і другое разам.

Спаткаўшы з гэтага боку няпрыхільнасьць, Марцінкевіч зьвярнуўся да другіх колаў беларускага грамадзянства. Ён пачаў шукаць падтрыманьня з боку простага люду, прычым дроб­ную шляхту ён таксама прылучае да гэтага простага люду: „І вось я сягоньня ахвярую „пана Тадэуша", прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-пад Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Віліі і Нёмна. Можа народ той прос­ты, што з маткай прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыць­ця на карысьць народу аддаець". Трэба зазначыць, што селя­нін ня прыняў гасьцінца ад свайго дудара, бо быў няпісьменны і цёмны; апроч таго, сэнтымэнтальныя творы Марцінкевіча не сагласаваліся з сапраўднымі настроямі, думкамі і запатрабаваньнямі беларускага селяніна. Гасьцінец Марцінкевіча прыняла група тагачаснай беларускай інтэлігенцыі, вышаўшая з дробнашляхэцкіх колаў.