Т. Кляшторны. Сьветацені (Бабарэка)
Т. Кляшторны. Сьветацені Рэцэнзія Аўтар: Адам Бабарэка 1928 год Крыніца: "Узвышша", 1928, № 6 |
Вершы. Беларускае Дзяр. Выд–ва. Менск, 1928. стар. 42, цана 45 кап.
„Сьветацені“ па агульным ад іх уражаньні — гэта задуменнае дзіваваньне зьменлівасьцю, якая пазнана поэтам у быцьці як свайго роду абсолютны закон жыцьця. Як ілюстрацыі гэтай зьменлівасьці, адчутай і перажытай поэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы гэтага зборніку. Паводле іх — гэтых слоўна– рытмічных малюнкаў зьменлівасьці — усё ў быцьці вызначаецца часам, ад яго ўсё залежыць і яму падпарадкавана. Час — гэта адзіны ўсемагутны чыньнік, які становіць шматвобразнасьць быцьця і рознакаляровасьць людзкога жыцьця. Ён увображаны поэтам у нейкай даволі туманнай існасьці, праходзіць праз быцьцё зьявамі асобных момантаў. Выходзячы з невядомых абсягаў — сініх даляй, ён робіць у быцьці перамены і зьмены — ён творыць жыцьцё. Ад характару яго паасобных момантаў — рознастайных у сваіх зьявах — залежыць характар ахварбоўкі самога быцьця і яго адчувальных праяваў. Галоўная ўласьцівасьць часу — гэта яго зьменлівасьць. Ён адбіў яе на ўсіх конкрэтных формах выяўленьня жыцьця як об’ектыўнага, так і суб’ектыўнага. Усё гэта адчута поэтам і выяўлена вершамі — гэтымі эквівалентамі перажытага. Услаўляючы песьнямі час як пачатак новага жыцьця, поэта і адкрывае сваё дасьведчаньне наконт таго, што існасьць усяго быцьця ў часе. Як чалавек, ён пазнаў у рэальным жыцьці асобныя моманты гэтага зьменлівага часу, адчуў яго ход, яго адзінства ў рознастайнасьці ягоных праяваў у быцьці, і цяпер ён дзівіцца на перажытае ды цешыцца яго жыцьцёваю красою як суглядальнік. Вершамі ён ускрывае, што гэтыя моманты вызначаны тым, што яны, прайшоўшы ў быцьці, выклікалі задуму. Вось паасобныя моманты пераходнага часу: пабыўка ў вёсцы, пераезд па чыгунцы, пераходы ў горадзе ды інш. Яны прайшлі, палажыўшы свой адбітак на зьявах жыцьця. Іх ужо няма, і „я“ поэты стаіць перад тварам перажываньня новых, невядомых дасюль момантаў, новых зьмен і зьяў, што нясе з сабою пераходны час. І поэта ў задуменным задзіўленьні захоплен такім станам рэчаў. Яму прыемна перажываць асобныя моманты часу пераходаў, дыхаць імі на ўсе грудзі, упівацца імі ўволю, жыць імі і адчуваць іх такімі, якімі яны ёсьць у рэальнасьці. Гэта–ж ёсьць само жыцьце, поўнае трымценьня сьвятла і ценяў. Чаму–ж ня прыняць яго такім, якім яно зьявілася ў асобных момантах пераходнага, зьменлівага часу як няўхільнае і канечне патрэбнае для паўнаты гарэньня і красаваньня чалавека ў быцьці. І ён прыняў яго. Вось яно, рэалізаванае творамі, праз іх–жа, як праз свае органы, гаворыць: ад часу бяры для жыцьця ўсё, што прыносіць ён з сабою ў быцьцё, і ты будзеш „кветкаю жыцьця“ гэтага часу. Адпаведна гэтаму дасьведчаньню і самі вершы, што яго рэалізуюць, не заўсёды нават дасканала з боку поэтычнае тэхнікі, зьяўляюцца слоўнымі эквівалентамі таго, што даў поэту зьменлівы час. Гэта — эквіваленты перажываньня натуральнага станаўленьня новых яснот там, дзе цені таго, што адыходзіць з быцьця, і сьвятло таго, што надыходзіць у яго, сынтэзаваліся ў адзінства пераходнага часу. Але „сьветацені“ ўсё–ж не па–беларуску.