Тыя дні (Маракоў)
Выгляд
Тыя дні Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Беларус. вёска. — 1925. — 10 лістап. — С. 1. |
Песняй звонкай
Ў вачах неба снежнага
Усміхнуўся кастрычнік-юнак…
Аб тых днях,
Днях паўстання мяцежнага,
Не забыцца ніколі нам!
Помню,
Помню ў палях цёмна-зраненых
Не адзін праклінаў
Горкі лёс,
Калі ў сініх палях,
Над курганамі
Завывалі гарматы да слёз.
І пайшла
Завіруха нястрымная, —
Рэкі буйнай крыві,
Мора слёз…
Віхрамётных пажараў уздымы,
Але ўсё наш народ гэта знёс.
І цяпер
Над сівымі абшарамі
Паланее крывёю наш сцяг.
Гэта кроў
Узнялася пажарамі,
Гэта сённяшні сімвал жыцця.
Нездарма ж на грудзях
Неба снежнага
Нашых песень агні
Запаліла вясна.
Аб тых днях,
Днях паўстання мяцежнага,
Не забыцца ніколі нам.