Перайсці да зместу

Тхор на выбарах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тхор на выбарах
Байка
Аўтар: Адам Міцкевіч
1832-1834
Арыгінальная назва: Tchórz na wyborach
Пераклад: Уладзімір Корбан
Крыніца: Міцкевіч, А. Гражына [Текст] : вершы і паэмы : з польскай / Адам Міцкевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 254 с — с. 159—161

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пасля разгрому на вайне звяроў
У арміі лясной разлад пайшоў.
Тут склікалі вайсковую нараду,
Але й яна не прывяла да ладу:
Кожны сябе перад іншымі хваліць,
Кожны віну на другога валіць,
Кожны ў справы ў чужыя ўліпае.
Толькі тхара ніхто не чапае.

Ва ўрадзе ён удзелу не прымаў,
У войску не служыў ніколі,
На палітычнай працы лап не намазоліў.
Спакойны за сябе, ён слова атрымаў
І так сказаў прыблізна: «Грамадзяне!
Давайце ў корань паражэння глянем.
Хіба не мелі мы правадыра?
Ды не! З тыраніяй пакончыць нам пара!
Паводле даўніх звычаяў і моды,
Мы булаву, як правіла, заўсёды
Не тым даём, каго заслугі, талент узвышаюць.
У нас цану заўсёды маюць
Або драпежнікі заўзятыя,
Або рагатыя,
Або брухатых дзеячоў сыны.
Вось камандзіры нашы. Хто ж яны?
Леў-старшыня благія звычкі мае;
Зубр пастарэў, ледзь рогі падымае;
Мядзведзь-гугніла, многа любіць спаць;
А ў барса і мазгі, як сам ён, стракацяць;
Палкоўнік-воўк нішто, ды схільны да рабунку,
Прывык ягнят без жалю рваць;
А кватармайстар-ліс хоць і выцягваецца ў струнку,
Ды лепш аб ім маўчаць,
Чым правяраць ягоныя рахункі:
І сам не тоіцца, што хабар любіць браць;
І дзіка прамінем, бо толькі ён і прагне
Пад’есці жалудоў ды паляжаць у багне, -
З гразі не вылезе ніколі для вайны;
Альбо узяць асла — ён быў і ёсць дурны».

За красамоўства ўся нарада
Была тхару аддаць камандаванне рада,
Пакуль ён гаварыў, узняўшы пысу ўгару,
Як заравуць усе: «Ура тхару!»
Ды тут з тхаром няшчасце адбылося:
Спужаўся ён і даў адчуць усім,
Што быў у велізарнейшым перапалосе.
Узняўся гвалт: «Цьфу! Прэч! Не цацкайцеся з ім!»
І тхор зусім ад крыку разгубіўся,
Аж стала моташна тхару.
Ён чмыхнуў як мага ў нару
І гроб зямлю, пакуль стаміўся, -
Пакуль у глыбіню на сажань не зашыўся.
«Абралі б, — думаў ён, — мяне правадыром,
Каб я быў шляхціцам, а не тхаром».